БЫЦЦЁ,

філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.​Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.

Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.​Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.​Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.

Літ.:

Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;

Zaslawski D. Analyse de l’être. Paris, 1982.

А.​М.​Елсукоў.

т. 3, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДАЛЬ,

галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.

Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст. Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.

Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл. Гандлёвы цэнтр).

На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст. гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр. ўсерас. рынку. У 2-й пал 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.

Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.

Літ.:

Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​А.​Плашчынскі.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,

шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.

Літ.:

Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;

Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;

Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат. М., 1997;

Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;

Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)