аб’яднанне архітэктараў, майстроў дэкар. мастацтва і прамыславікоў у шэрагу краін. Ням. веркбунд засн. ў 1907 у Мюнхене з мэтай рэарганізацыі буд-ва і маст. рамёстваў на сучаснай прамысл. аснове. Яго заснавальнікі — Г.Мутэзіус, Х.К. ван дэ Велдэ; у рабоце бралі ўдзел П.Берэнс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ, Ле Карбюзье і інш. На ўзор ням. веркбунда створаны веркбунды ў Аўстрыі (1910), Швейцарыі (1913) і інш. Ствараючы ўзоры для прамысл. вытв-сці (хатняе начынне, мэбля, тканіны, афармленне аўтамабіляў і г.д.), чл. веркбунда імкнуліся надаць ім зручныя, функцыянальна апраўданыя формы. Буйныя міжнар. выстаўкі спрыялі станаўленню дызайну, паказвалі перавагу архітэктуры еўрап.функцыяналізму. У 1933 веркбунд у Германіі скасаваны фашыстамі, у 1947 адноўлены ў Дзюсельдорфе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА І МУЗЕ́Й ІМЯ́ ФРАНЦІ́ШКА СКАРЫ́НЫ ў Лондане, грамадска-культ. асяродак беларусаў і беларусістаў у Англіі. Афіц. адкрыты ў асобным будынку ў 1971, з 1979 мае статус незалежнай навук. установы як «уласнасці ўсіх беларусаў». Аб’ядноўвае бел. эмігрантаў і англ. навукоўцаў-беларусістаў. Існуе пераважна на добраахвотныя ахвяраванні. Аснову б-кі склалі прыватныя зборы бел. святароў Ч.Сіповіча і Л.Гарошкі. Займае 8 пакояў, захоўвае каля 45 тыс. тамоў кніг, камплектаў газет і часопісаў. Экспануюцца ўзорыбел.нар. ткацтва і вышыўкі, с.-г. і хатнія прылады. Б-ка вядзе выдавецкую дзейнасць, штогод арганізуе курсы лекцый па беларусазнаўстве, сустрэчы з гасцямі з Беларусі. Узначальвае б-ку рада з дзеячаў бел. эміграцыі і англ. вучоных. Старшыня рады (з 1971) А.Надсон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,
від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).
Літ.:
Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПЕ́ЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
умоўная назва аўтамабіля, канструкцыйныя асаблівасці якога найбольш спрыяюць прадухіленню, аварый, траўматызму вадзіцеля, пасажыраў і пешаходаў у выпадку дарожна-трансп. здарэння. Аснашчаны элементамі «актыўнай» і «пасіўнай» бяспекі. Першыя ўзоры створаны ў ЗША (1957) і ў Італіі (1963). Бяспечны аўтамабіль з поўным камплектам элементаў бяспекі выпускаюцца аўтамаб. фірмамі на заказ.
Да элементаў «актыўнай» бяспекі адносяць павышэнне ўстойлівасці і кіроўнасці аўтамабіля, эфектыўнасці тармазоў, паляпшэнне агляднасці і інш. Элементы «пасіўнай» бяспекі змяншаюць траўматызм кожнага пасажыра (у выпадку аварыі забеспячэнне зручнага выхаду з аўтамабіля, абмежаванне перамяшчэння адносна сядзення, змяншэнне імавернасці траўмаў ад унутр. паверхняў кузава і інш.). Рулявая калонка бяспечнага аўтамабіля лётка дэфармуецца (пры аварыі) або яе няма зусім (кіраванне ажыццяўляецца рычагамі), рухавік перамяшчаецца пры аварыі пад пасажырскі салон і інш. Сучасныя канструкцыі бяспечных аўтамабіляў абсалютную бяспеку гарантаваць не здольныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,
адзін з трох асноўных грэч.арх.ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане пліты — абака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.
Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж. Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.
Да арт.Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУБНО́ЎСКІ Вацлаў Аляксандравіч
(15.8.1865, в. Дубянец каля Полацка — 26.5.1945),
бел. скульптар і кераміст. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся ў Кракаўскай АМ (1888—97) у І.Яблонскага і А.Даўна, у Парыжы ў Алжэбера. Працаваў у жанры партрэта («Жаночы партрэт», «Жаночая галава» і інш.). Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—91), адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкар. кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон» і інш.), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы, навеяныя сімвалічнымі, фантаст. і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту. Дробная пластыка Бубноўскага — першыя ўзоры керамічных вырабаў, прызначаных для аздаблення сядзіб і палацаў; карысталася попытам за межамі Беларусі: у Варшаве, Берліне, Лондане.
Літ.:
Елатомцева И.М. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ
(італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст.італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ БАРО́КА,
арх.-маст. сістэма, якая склалася ў манум. культавай архітэктуры ВКЛ у сярэдзіне 18 ст. Як самастойны стыль вылучаны і распрацаваны ў 1930-я г. ў мастацтвазнаўстве Зах. Беларусі. Арх. помнікі віленскага барока вызначаюцца вытанчанасцю прапорцый, скульпт. пластычнасцю фасадаў і інтэр’ераў, маляўнічасцю сілуэта, утворанага шмат’яруснымі ажурнымі вежамі і фігурнымі атыкавымі франтонамі. Выкарыстанне прынцыпаў віленскага барока ў архітэктуры уніяцкіх храмаў вызначыла не толькі іх пластычныя, але кампазіцыйныя асаблівасці ў выніку спалучэння раманскіх і візант.маст. уплываў, сімволікі каталіцкай і правасл. царквы, літургічных патрабаванняў. Лепшыя ўзоры віленскага барока на Беларусі: уніяцкія храмы — Полацкі Сафійскі сабор, Барунскі манастыр базыльян, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл базыльян у в. Вольна Баранавіцкага р-на, Спаса-Праабражэнскі сабор у Магілёве, касцёлы ў Гродне, Оршы, Слоніме і інш. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць І.К.Глаўбіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
гатычны мінускул, почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв.кітабаў. З 7—8 ст.н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.