ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1935—36,

каланіяльная вайна фаш. Італіі супраць Абісініі (Эфіопіі). Ініцыіравана італьян. дыктатарам Б.​Мусаліні, які заявіў тэр. прэтэнзіі да Эфіопіі. 3.10.1935 італьян. войскі (усяго 377 тыс. чал., асн. сілы 250 тыс.) уварваліся ў Эфіопію з тэр. Эрытрэі (ч. эфіопскіх зямель, захопленых Італіяй у 1890) і Італьян. Самалі. Ім процістаяла слаба ўзбр. эфіопская армія (10 тыс. гвардзейцаў імператара Хайле Селасіе I і 350—450 тыс. чал. з фарміраванняў мясц. князёў). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне эфіопскай арміі і народа, італьян. войскі (каманд. маршал П.Бадольё) 5.5.1936 занялі сталіцу Адыс-Абебу, да лют. 1937 акупіравалі ўсю краіну. Каб задушыць супраціўленне народа Эфіопіі, італьян. камандаванне шырока выкарыстоўвала атрутныя рэчывы, праводзіла масавы тэрор. За час вайны і акупацыі Эфіопіі загінула 760 тыс. воінаў і жыхароў краіны. Эфіопія вызвалена ад акупантаў у студз.—ліст. 1941 у выніку сумесных дзеянняў эфіопскіх партызан і англ. войск.

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТА́ЛА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1911—12, Трыпалітанская вайна, Лівійская вайна,

каланіяльная вайна Італіі супраць тур. Асманскай імперыі з мэтай захопу яе паўн.-афр правінцый Трыпалітаніі і Кірэнаікі (сучасная Лівія). Баявыя дзеянні пачаліся 29.9.1911 пасля адхілення Турцыяй італьян. ультыматуму. Да канца кастр. італьян. экспедыцыйны корпус (35 тыс. чал., 72 гарматы) і ВМФ разграмілі невял. тур. гарнізоны і мясц. атрады, захапілі ўзбярэжныя гарады Трыпалі, Хомс, Табрук, Бенгазі і інш. Акупацыя выклікала ўзбр. супраціўленне мясц. араб. насельніцтва, падтрыманае атрадамі добраахвотнікаў з Туніса, Алжыра, Егіпта і інш. краін, што зацягнула вайну. У маі 1912 колькасць італьян. сухап. войск у Паўн. Афрыцы дасягнула 100 тыс. чал., ім былі прыдадзены 35 самалётаў, некалькі дырыжабляў і інш. У крас. і ліп. 1912 італьян. ВМФ бамбардзіраваў тур. гарнізоны каля праліва Дарданелы, у маі захапіў а-вы Дадэканес. Паводле Лазанскага мірнага дагавора (падпісаны 18.10.1912) Турцыя вывела свае войскі з Трыпалітаніі і Кірэнаікі, якія перайшлі пад уладу Італіі. У І.-т.в ўпершыню ў ваен. мэтах выкарыстана авіяцыя.

Літ.:

Яхимович З.П. Итало-турецкая война 1911—1912 гт. М., 1967.

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Давыд Львовіч) (1857, г. Гродна — пасля 1916),

ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл. Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.​Я.​Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус. сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.

Тв.:

Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;

Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,

баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.​Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;

Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РНІ́КА (Guernica),

Герніка-і-Луна, горад на Пн Іспаніі ў Баскаў краіне (правінцыя Біская). Знаходзіцца ў Кантабрыйскіх гарах у даліне Мундака. Стараж. цэнтр баскскай культуры. У час грамадз. вайны і італа-герм. інтэрвенцыі 1936—39 26.4.1937 падверглася бамбардзіроўцы герм. авіяцыяй. Пад уражаннем гэтай падзеі створана карціна П.​Пікаса «Герніка» (1937).

Да арт. Герніка. П.​Пікаса. Герніка. 1937.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮНА́Н ((Dunant) Анры Жан) (8.5.1828, г. Жэнева, Швейцарыя — 30.10.1910),

швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст, заснавальнік Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Аўтар кн. «Успамін пра Сальферына» (1862, пра падзеі аўстра-італа-франц. вайны 1859), у якой абгрунтаваў ідэю стварэння міжнар. арг-цыі па дапамозе ахвярам вайны, чым значна паўплываў на заключэнне Жэнеўскай канвенцыі 1864. Нобелеўская прэмія міру 1901 (разам з Ф.Пасі).

А.Дзюнан.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДО́ЛЬЁ ((Badoglio) П’етра) (28.9.1871, Грацана-Манферата, правінцыя П’емонт, Італія — 31.10.1956),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Італіі, маршал (1926). Галоўнакамандуючы італьян. войскамі ў італа-эфіопскай вайне 1935—36, пасля захопу Эфіопіі віцэ-кароль (1936—37). Удзельнік дзярж. перавароту 25.7.1943, які прывёў да падзення фаш. дыктатуры Б.Мусаліні. У 1943—44 прэм’ер-міністр. Урад Бадольё 3.9.1943 у Касібілі падпісаў з антыфаш. кааліцыяй дагавор аб ваенным перамір’і і 13.10.1943 абвясціў вайну Германіі.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЕ́Н ((Bazaine) Ашыль Франсуа) (13.2.1811, Версаль — 23.9.1888),

ваенны дзеяч Францыі, маршал (1864). Удзельнік войнаў у Алжыры (1835), Іспаніі (1837), Крымскай вайны (1853—56), аўстра-італа-франц. вайны 1859 і Мексіканскай экспедыцыі 1862—67. У час франц.-прускай вайны 1870—71 камандаваў корпусам, Рэйнскай арміяй; у 1870 здаў крэпасць Мец, за што ў 1873 прыгавораны ваен. судом да 20 гадоў зняволення. У 1874 уцёк з турмы і астатнія гады пражыў у Іспаніі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАНЖЭ́ ((Boulanger) Жорж Эрнест) (29.4.1837, г. Рэн, Францыя — 30.9.1891),

палітычны дзеяч Францыі, генерал. Удзельнік аўстра-італа-франц. (1859), франц. каланіяльнай (Індакітай, 1852—62) і франка-прускай (1870—71) войнаў, задушэння Парыжскай камуны 1871. У 1886—87 ваен. міністр. У 1887—89 узначальваў шавіністычны рух (буланжызм), які меў на мэце ўсталяванне ваен. дыктатуры, перагляд дэмакр. свабод і роспуск парламента, імкнуўся развязаць рэваншысцкую вайну з немцамі. У 1889 Б. абраны ў палату дэпутатаў, але абвінавачаны ў сувязі з манархістамі, уцёк у Бельгію, дзе скончыў самагубствам.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁВІ-МАНТАЛЬЧЫ́НІ ((Levi-Montalcini) Рыта) (н. 22.4.1909, г. Турын, Італія),

італа-амерыканскі біёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Італьян. Нац. АН. Скончыла Турынскі ун-т (1936). З 1947 у Вашынгтонскім ун-це (у 1969—77 праф.), адначасова з 1969 у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нац. даследчым савеце ў Рыме (да 1979 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нерв. тканкі. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з С.Коэнам).

Р.Леві-Мантальчыні.

т. 9, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)