БЕРЛА́НГА ((Berlanga) Луіс Гарсія) (н. 12.6.1921, г. Валенсія, Іспанія),

іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Вучыўся ва ун-це ў Валенсіі, у кінаінстытуце ў Мадрыдзе (1947). З 1948 працуе як рэжысёр. Паставіў сатыр. фільмы «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), камедыі «Нацыянальная стрэльба» (1978), «Нацыянальны набытак» (1981), «Нацыянальнае III» (1982). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў (у т. л. разам з рэж. Х.А.Бардэмам).

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРО́С ((Quiros) Педра Фернандэс [1560) (?),

г. Эвара, Партугалія — 1614 (?)], іспанскі мараплавец. У 1595—96 гал. кормчы 2-й экспедыцыі А.Менданья дэ Нейры, у 1605—06 начальнік над 3 суднамі ісп. экспедыцыі, пасланай на пошукі «Паўд. зямлі» — Аўстраліі. Адкрыў шэраг астравоў з архіпелага Туамоту, а-вы Даф, Банкс і в-аў Эспірыту-Санта з групы Новых Гебрыд, які прыняў за частку «Паўд. зямлі».

т. 8, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭЛЬЯ́НА ((Orellana) Франсіска дэ) (1505 або 1511, горад Трухільё, Іспанія — 1546 або 1550),

іспанскі канкістадор; першы еўрапеец, які перасек Паўднёвую Амерыку ў самай шырокай частцы мацерыка і прасачыў сярэдняе і ніжняе цячэнне Амазонкі. Прымаў удзел у заваяванні Перу (1532—34) пад кіраўніцтвам Ф.Пісара. 26.12.1541 выйшаў з форта Гуаякіль, перабраўся цераз Анды, спусціўся да вусця ракі Напа і выплыў у Амазонку. 26.8.1542 дасягнуў Атлантычнага акіяна.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ ((Victoria) Томас Луіс дэ) (каля 1548, г. Авіла, Іспанія — 27.8.1611),

іспанскі кампазітар, арганіст; буйнейшы прадстаўнік ісп. культавай вак. поліфаніі. Вучань К.Маралеса. У 1565—89 жыў у Рыме, з 1594 у Мадрыдзе, арганіст і віцэ-капельмайстар каралеўскага манастыра францысканцаў. Аўтар мес, матэтаў, гімнаў, магніфікатаў, псалмаў і інш. Найб. вядомыя «Службы на страсны тыдзень», «Страсці па Матфею» (абодва 1585), «Меса на смерць каралевы Марыі» (1605).

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГРЫ́Н, Негрын Лопес (Negrín Lopez) Хуан (3.2.1894, г. Лас-Пальмас, Іспанія — 14.11.1956), іспанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. фізіялогіі і анатоміі. З 1929 чл. Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 дэп. картэсаў (з 1933). міністр фінансаў (з 1936), прэм’ер-міністр (з мая 1937) урада Нар. фронту, пазней і міністр абароны. У сак. 1939 эмігрыраваў, да 1945 лічыўся кіраўніком рэсп. ўрада Іспаніі ў эміграцыі.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́НЬЯ ((Azana) Мануэль) (10.1.1880, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 4.11.1940),

іспанскі дзярж. і паліт. дзеяч, пісьменнік. Заснаваў партыю Рэсп. дзеяння (1930). Ваенны міністр (1931), кіраўнік урада (1931—33). Лідэр Леварэсп. партыі (з 1934), адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1935). Пасля перамогі Нар. фронту (1936) лідэр яго правага крыла, кіраўнік урада, з мая 1936 да 1.3.1939 — прэзідэнт рэспублікі. Пасля перамогі франкістаў у 1939 эмігрыраваў у Францыю. Аўтар літ. эсэ, аповесцяў.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НІНГТАН ((Bonington) Рычард Паркс) (25.10.1801 ці 1802, каля г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 23.9.1828),

англійскі жывапісец і графік; майстар пейзажнай акварэлі і літаграфіі. Вучыўся ў АМ у Парыжы (1819). Тонкія лірычныя пейзажы («Лодкі каля берага», «Венецыя»), адзначаныя непасрэднасцю назіранняў, пракладвалі шляхі пленэрным пошукам еўрап. жывапісу 19 ст., у т. л. барбізонскай школе жывапісу. Яго невял. жанрава-гіст. карціны («Генрых IV і іспанскі пасол» і інш.) адметныя рысамі рамантызму, свабодай жывапіснай манеры.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭ́ЛА ((Candela) Фелікс) (н. 27.1.1910, Мадрыд),

іспанскі і мексіканскі інжынер і архітэктар. Скончыў Вышэйшую школу архітэктуры Мадрыдскага ун-та (1935). У 1939 эмігрыраваў у Мексіку. Стваральнік жалезабетонных скляпенняў-абалонак розных форм; распрацаваў танкасценныя пакрыцці ў форме гіпербалічных парабалоідаў. Спраектаваў і пабудаваў у Мехіка навук. лабараторыі ун-та (1950—52) і Ледэрле (1955), будынак фірмы Бакардзі (1959; усе ў сааўт.), царкву Ла Вірхен Мілагроса (1954), Алімп. палац спорту (1966—68) і інш.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А ((Núñez de Balboa) Васка) (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),

іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.

т. 11, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у т. л. Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)