КІМА́КІ,

цюркскае племя, асн. ядро якога жыло ў 8—10 ст. у Зах. Сібіры, па сярэднім цячэнні р. Іртыш. Качэўі К. на ПдЗ дасягалі нізоўяў Сырдар’і. На чале К. стаяў каган (ямал-пейгу), у якога было 11 спадчынных зборшчыкаў падаткаў. Асн. занятак — качавая жывёлагадоўля, паляванне. З 11 ст. назва К. знікае. Зах. галіна К. вядома як кіпчакі (полаўцы).

Літ.:

Кумеков Б.Е. Государство кимаков IX—XI вв. по арабским источникам. Алма-Ата, 1972.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НДА,

рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШТ-І-КІПЧА́К, Кіпчакскі стэп,

назва ў арабскіх і перс. крыніцах 11—15 ст. тэр. ад р. Іртыш да р. Дунай, ад Крыма да г. Балгар Вялікі (гл.

Балгарыя Волжска-Камская), дзе качавалі кіпчакі (полаўцы). У 13 ст. заваяваны манголамі. Падзяляўся мяжой па Урале і р. Яік (цяпер Урал) на Усх. і Заходні Кіпчак (вядомы ў рус. летапісах пад назвай Палавецкая зямля). У 16—18 ст. Д.-і-К. называлася толькі ўсх. частка (тэр. сучаснага Казахстана).

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧУ́М (?, Цэнтр. Азія — не раней 1598),

апошні хан Сібірскага ханства. У 1563 скінуў сібірскіх ханаў Едыгера і Бекбулата — даннікаў рас. цара Івана IV і абвясціў сябе ханам. Ён спыніў выплату даніны і ўзначаліў барацьбу супраць казацкай дружыны Ермака. У 1582 пацярпеў паражэнне ў бітве на Чувашаўскім мысе на р. Іртыш, пакінуў сваю сталіцу Кашлык. У 1585 знішчыў атрад казакаў на чале з Ермаком. Працягваў барацьбу да жн. 1598, калі быў канчаткова разбіты ваяводам А.​Ваейкавым на р. Бердзь, уцёк у Нагайскую Арду, дзе і загінуў.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦЬ-КАМЕНАГО́РСК,

горад, цэнтр Усх.-Казахстанскай вобл. Казахстана, на правым беразе р. Іртыш, у перадгор’ях Руднага Алтая. Засн. ў 1720 як крэпасць Усць-Каменная, з 1868 горад. 335 тыс. ж. (2000). Рачны порт. Чыг. вузел. Аэрапорт. Гал. галіны прам-сці: каляровая металургія (свінцова-цынкавы і тытана-магніевы камбінаты, медзеплавільны і медзеэлектралітны з-д), машынабудаванне і металаапрацоўка (горнашахтавае абсталяванне, кандэнсатары, прылады і эл.-тэхн. вырабы), прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 2 ін-ты. Тэатр. Краязнаўчы і этнагр. музеі. Каля У.-К. — Усць-Каменагорская ГЭС.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОМСК,

горад у Расіі, цэнтр Омскай вобл., размешчаны пры ўпадзенні р. Ом у р. Іртыш. Засн. ў 1716. 1159 тыс. ж. (1998). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (выпуск ракет, рухавікоў, збожжаўборачных камбайнаў), прыладабудаўнічая і электратэхнічная (тэлевізары, магнітафоны), газавая апаратура, нафтаперапр. і нафтахім. (вытв-сць тэхн. вугляроду, шын, гумава-тэхн. вырабаў, пластмас і інш.), лёгкая (аўчынна-футравая, дывановая, тэкст., гарбарная і абутковая), харч., дрэваапрацоўчая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ЦЭЦ. 10 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры. Музеі: краязн., гіст. і літ., маст. вырабаў.

Грузавы порт у г. Омск.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫ АЛТА́Й,

паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБО́Л,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш (бас. р. Об). Даўж. 1591 км, пл. бас. 426 тыс. км². Верхняе цячэнне па Тургайскім плато, сярэдняе і ніжняе па Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Ісець, Тура, Таўда (злева), Убаган (справа). У нізоўях ледастаў з кастр.—ліст., у вярхоўях — з ліст. да сярэдзіны мая. Разводдзе ў вярхоўях з 1-й пал. крас. да сярэдзіны чэрв., у нізоўях — да пач. жніўня. Сярэдні расход вады каля с. Ліпаўскае 838 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ў вярхоўях (105 км) і ад вусця р. Тура (255 км). Сплаўная. На Т. — гарады Лісакоўск, Рудны, Кустанай (Казахстан), Курган, Ялутараўск (Расія).

т. 15, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШЫ́М,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 2450 км. пл. бас. 177 тыс. км². Пачатак у гарах Ніяз на паўн. ускраіне Казахскага драбнасопачніка, у вярхоўях цячэ ў вузкай даліне са скалістымі берагамі, якая расшыраецца ніжэй г. Астана. Па Ішымскім стэпе цячэ ў шырокай пойме са шматлікімі старыцамі, у нізоўі — сярод балот. Гал. прытокі: Калутон, Жабай, Аканбурлук (справа). Жыўленне снегавое Ледастаў з пачатку ліст. да крас.—мая. Высокае веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля с. Вікулава (215 км ад вусця) 59,4 м³/с. Суднаходства ўверх ад г. Петрапаўлаўск на 270 км і ад Вікулава да вусця. Вячаслаўскае і Сяргееўскае вадасховішчы (для водазабеспячэння і арашэння). На І. гарады: Астана, Дзяржавінск, Есіль, Петрапаўлаўск, Ішым.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́НТЫ-МАНСІ́ЙСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Асцяка-Вагульская нац. акруга, з 1940 Ханты-Мансійская нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Пл. 523,1 тыс. км². Нас. 1401,9 тыс. чал. (2001), гарадскога 91%. Цэнтр — г. Ханты-Мансійск. Найб. гарады: Сургут, Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Нягань, Кагалым (гл. карту да арт. Цюменская вобласць).

Займае цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, у межах якой вылучаюцца Сярэдняобская і Кондзінская нізіны, Сосьвінскае ўзв. і Сібірскія Увалы. На З — усх. схілы Паўн. і Прыпалярнага Урала (выш. да 1646 м). Радовішчы нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя). Клімат кантынентальны з працяглай зімой (каля 9 месяцаў). Сярэдняя т-ра студз. ад -18 да -23 °C, ліп. 16—19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рака — Об з прытокамі Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах, Пім, Лямін, Назым, Казым. Шмат азёр (больш за 1500) і балот. Глебы тарфяна-балотныя і падзолістыя. Больш за 30% тэр. пад хвойнымі лясамі (елка, хвоя, кедр), на Пн — тундра. З жывёл пашыраны вавёрка, собаль, каланок, ліс, гарнастай; каля 200 відаў птушак. Рэкі і азёры багатыя рыбай (ласасёвыя, сігавыя, асятровыя). Запаведнікі Малая Сосьва і Юганскі.

Буйны раён здабычы нафты (181 млн. т разам з газавым кандэнсатам, 2000) і прыроднага газу (20,1 млрд. м³). Асн. радовішчы: нафты — Саматлорскае, Мамантаўскае, Фёдараўскае; газу — Ігрымскае, Пунгімскае і інш. Першасная апрацоўка нафты і газу ў гарадах Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Сургут, Нягань, Лянтор, Лангепас. Вытв-сць электраэнергіі 53,5 млрд. кВт∙гадз (2000) на ДРЭС (2 Сургуцкія і Ніжнявартаўская). Прам-сць: лясная, дрэваапр., харч. (рыбакансервавая, малочная і інш.), маш.-буд., вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасяўныя пл. займаюць 10,8 тыс. га (2000). Бульбаводства. Прыгараднае агародніцтва. Малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, аленегадоўля. Пушны промысел. Зверагадоўля (серабрыстыя і чорныя лісы, пясец, норка). Улоў рыбы 6,6 тыс. т (2000). Даўж. чыгункі 1073 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1698 км. Гал. чыгунка Екацярынбург—Цюмень—Сургут—Новы Урэнгой. Суднаходства па рэках Об, Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах. Рачныя парты: Сургут, Ніжнявартаўск. 8 аэрапортаў. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды Усць-Балык—Омск, Саматлор—Альмецьеўск, Саматлор—Самара, Саматлор—Аляксандраўскае і інш.; газаправод Надым—Пунга і інш.

т. 16, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)