ІРЛА́НДЦЫ (саманазва эрынах),

народ, асн. насельніцтва Ірландыі (3,4 млн. чал.). Агульная колькасць 7,8 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Вялікабрытаніі (2,5 млн. чал.), ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі. Гавораць на ірландскай мове. Вернікі пераважна католікі.

т. 7, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ДСТАН ((Gladstone) Уільям Юарт) (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),

брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1641—52,

нац.-вызв. паўстанне супраць ператварэння Ірландыі ў англ. калонію. Адбылося ў пач. Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Выклікана зямельнымі канфіскацыямі ў Ірландыі, каланізацыяй англічанамі Ольстэра, каланізатарскімі намерамі англ. Доўгага парламента, нац. і рэліг. дыскрымінацыяй ірландцаў і англа-ірландцаў. Пачалося 23.10.1641. За некалькі дзён 15—17 тыс. узбр. паўстанцаў (да 6 ліст. 100—300 тыс. паўстанцаў; галоўнакаманд. Ф.О’Ніл) пры адсутнасці ў Ірландыі значных англ. войск (па асобных невял. гарнізонах былі раскіданы 2—3 тыс. англ. вайскоўцаў) авалодалі важнейшымі стратэг. пунктамі і крэпасцямі Ольстэра, разграмілі шмат маёнткаў каланістаў. Праходзіла пад лозунгамі вяртання экспрапрыіраваных зямель, ліквідацыі самавольства англ. чыноўнікаў; частка паўстанцаў (пераважна знаць) падтрымлівала англ. караля Карла I у яго процістаянні з парламентам. Паўстанцаў падтрымлівалі грашамі, зброяй, амуніцыяй і добраахвотнікамі (пераважна ірландцы-эмігранты) рым. папа і каталіцкія краіны Еўропы, што садзейнічала пашырэнню паўстання на ірл. правінцыі Конат, Ленстэр, Манстэр. 24.10.1642 тут утворана дзяржава паўстанцаў — Ірл. канфедэрацыя католікаў (сталіца — г. Кілкені). Ва ўмовах грамадз. войнаў у Англіі 1642—46 і 1647—49 кіраўніцтва Канфедэрацыі спадзявалася на кампраміс з Карлам I і заключыла з ім перамір’е (1643), потым мір (1646, адноўлены ў 1649). Пасля паражэння караля ў барацьбе з парламентам у Дубліне 15.8.1649 высадзілася 12-тысячная англ. парламенцкая армія на чале з О.Кромвелем, якая паступова задушыла паўстанне (загінула ​1/3 ірл. насельніцтва). 26.9.1652 англ. парламент абвясціў пра ліквідацыю «мяцяжу» ў Ірландыі.

Літ.:

Сапрыкин Ю.М. Ирландское восстание XVII в. М., 1967.

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРМІЯ (англ. Irish Republican Army; ІРА),

падпольнае ваенізаванае фарміраванне ў ірландскім нац.-вызв. руху, якое існуе з 1919. Засн. членамі партыі Шын фейн пад кіраўніцтвам М.Колінза на базе арг-цыі ірл. валанцёраў. У 1919—21 вяла ўзбр. барацьбу (тэрор, дыверсіі) супраць англ. войск і паліцыі. Пасля заключэння англа-ірландскага дагавора 1921 частка ІРА склала аснову рэгулярнай арміі Ірл. Свабоднай дзяржавы, незадаволенасць другой ч. ІРА кампрамісным характарам дагавора прывяла да грамадз. вайны 1922—23. Пасля 1923 невял. група (у 1936 афіцыйна забаронена), якая праводзіла акцыі тэрору і сабатажу, асабліва ў пач. 2-й сусв. вайны (падтрымлівалася Германіяй) і ў 1956—62. Пасля ўспышкі рэліг.-сац. хваляванняў у Паўн. Ірландыі (1968—69) кола прыхільнікаў ІРА павялічылася, але яна раскалолася на 2 крылы — афіцыйнае (сацыяліст. кірунку), якое ў 1972 абвясціла пра адмову ад гвалтоўных метадаў у барацьбе за аб’яднанне Ірландыі, і часовае (крайне радыкальнае), што робіць стаўку на тэрор супраць англічан і ірландцаў-пратэстантаў (да 1993 загінула 3030 чал.). Падтрымліваецца (грашамі і зброяй) прыхільнікамі ў Ірландыі і ЗША (эмігранты-ірландцы), урадам Лівіі (выкрыта падтрымка ў 1985—87). Ядро ІРА складаюць 500 чал. У 1994 часовая ІРА абвясціла аб прыпыненні ўзбр. барацьбы. Вядомыя кіраўнікі — Дж.Адамс, М.Макгінес. У паўн.-ірл. гарадах Белфаст і Лондандэры дзейнічае і Армія нац. вызвалення Ірландыі (каля 20 чал.) — баявая арг-цыя Ірл. сацыяліст. партыі, створаная б. членамі афіцыйнай ІРА.

Літ.:

Бабусенко С. Армия, которая воюет со всем Соединенным королевством // Новое время. 1992. № 13.

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОХ-НЕЙ (Lough Neagh),

возера ў Паўн. Ірландыі, на плато Антрым. Пл. 396 км² (самае вял. на Брытанскіх а-вах), глыб. да 31 м. Берагі нізкія, часткова забалочаныя, на Пн — узвышаныя. Сцёк праз р. Бан у Атлантычны ак. Суднаходства. Рыбалоўства.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

палітычная арг-цыя ў Ірландыі ў канцы 1846—48. Створана радыкальна настроенай групоўкай т-ва «Маладая Ірландыя» пасля яе разрыву з Асацыяцыяй рыпілераў. Да канца 1847 налічвала каля 11 тыс. чл., да лета 1848 павялічылася (толькі ў Дубліне 40 клубаў аб’ядноўвалі больш за 12 тыс. чал.). Выступала за вызваленне Ірландыі ад англ. панавання, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, знішчэнне сістэмы лендлардызму, перадачу зямлі сялянам. У 1848 пад уплывам рэвалюцый у Еўропе і чартызму ў Англіі адкрыта рыхтавала ўзбр. нац.вызв. паўстанне. Спыніла дзейнасць пасля арышту брыт. ўладамі кіраўніцтва арг-цыі (Дж.Мітчэла, Дж.Ф.Лалара і інш.) і разгрому разрозненых паўстанцаў у гарадах Карык, Уэксфілд, Лімерык.

Літ.:

История Ирландии. М., 1980.

У.Я.Калаткоў.

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУР ((Moore) Томас) (28.5.1779, Дублін — 25.2.1852),

ірландскі паэт. Вучыўся ў Дублінскім ун-це. Дэбютаваў зб-камі вершаў «Оды Анакрэонта» (1800) і «Паэтычныя творы» (1801). Узор рамант. лірыкі — «Ірландскія мелодыі» (1807—34), у якіх апяваецца трагічны лёс Ірландыі і барацьба ірл. народа. Аўтар рамана «Эпікурэец» (1827), рамант. паэм «Лала Рук» (1817) і «Любоў анёлаў» (1823), сатыр. твораў («Казкі пра Свяшчэнны Саюз», 1823; «Мемуары капітана Рока», 1824, і інш.), біяграфіі Р.Шэрыдана (1825). Апублікаваў «Пісьмы і дзённікі лорда Байрана з заўвагамі пра яго жыццё» (1830), «Гісторыю Ірландыі» (1835—46). На бел. мову яго верш «Вечаровыя званы» з паэт. цыкла «Песні народаў» (1818—27) пераклаў Л.Баршчэўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное = Selected verse. M., 1986.

С.Мур.

С.Дз.Малюковіч.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУН,

умацаванне або ўмацаванае жыллё ў Ірландыі і Шатландыі ў выглядзе каменнай вежы. Першапачаткова так называлі ў паўн. Шатландыі высокія вежы, пабудаваныя піктамі на ўзбярэжжы мора. Найб. стараж. помнікі, верагодна, належаць да жал. веку, але шмат Д. пабудавана ў раннехрысціянскі перыяд і сярэднія вякі.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРД (англ. bard),

спявак-казачнік у стараж. кельцкіх плямёнаў; у сярэднявеччы (гал. чынам у Ірландыі, Уэльсе, Шатландыі) — прафес. паэт-спявак, вандроўны ці прыдворны. Пад уласны акампанемент на кроце (струнны шчыпковы інструмент) выконвалі гераічныя песні-балады, баявыя, рэліг. і сатыр. песні, элегіі і інш. У наш час бардам наз. аўтара і выканаўцу аўтарскай песні.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЫГАН ((Corrigan) Мейрыд) (н. 27.1.1944, г. Белфаст, Вялікабрытанія),

паўночнаірландскі грамадскі дзеяч, удзельніца пацыфісцкага руху. У 1976 разам з Э.Уільямс засн. жаночы Рух міру (пазней наз. Згуртаванне мірных людзей), мэтай якога было аб’яднанне католікаў і пратэстантаў у сумесным змаганні супраць насілля, за спыненне грамадз. вайны ў Паўн. Ірландыі. Нобелеўская прэмія міру 1976 (разам з Уільямс).

т. 8, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)