НЕКРО́З (грэч. nekrōsis амярцвенне ад nekros мёртвы),

амярцвенне, прыжыццёвая гібель клетак, частак тканкі ці органа. Прычыны: мех. і тэрмічныя фактары, іанізавальнае выпрамяненне, хім. рэчывы, таксіны мікраарганізмаў, парушэнні кровазвароту тканак. Настае звычайна за паранекрозам (абарачальныя дыстрафічныя змены) і некрабіёзам (неабарачальныя дыстрафічныя змены). Марфалагічна Н. характарызуецца гібеллю ядра клеткі і цытаплазмы; у выніку ўтвараюцца бесструктурныя гамагенныя некратычныя масы. Адрозніваюць прамы Н. (пры непасрэдным уздзеянні прычыннага фактару на тканкі, напр., пры мех. або тэрмічным) і непрамы (у выніку сасудзістых ці нервова-эндакрынных парушэнняў). Формы Н.: сухі, вільготны, гангрэна і асобныя разнавіднасці (інфаркт міякарда, пролежань і інш.). Пры сухім Н. амярцвелыя масы ўшчыльняюцца (каагуляцыя бялку) і абязводжваюцца (напр., тварожысты Н. пры туберкулёзе). Вільготны Н. бывае ў органах, багатых вадкасцю, напр., у галаўным мозгу.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬМАНАЛО́ГІЯ [ад лац. pulmo (pulmonis) лёгкае + ...логія],

раздзел медыцыны, які вывучае прычыны і механізмы развіцця хвароб органаў дыхання, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. П. вывучае неспецыфічныя запаленчыя захворванні (трахеіты, бранхіты, пнеўманіі, плеўрыты і інш.), спецыфічныя (туберкулёз, сіфіліс, грыбковыя пашкоджанні і інш.), алергічныя захворванні (астма бранхіяльная і інш.), пухліны, заганы развіцця, парушэнні кровазвароту ў лёгкіх (застойныя з’явы, інфаркт лёгкага), прафес. хваробы (напр., пнеўмаканіёзы). На Беларусі праблемамі П. займаецца пульманалогіі і фтызіятрыі НДІ. Уклад у развіццё П. зрабілі В.С.Кароўкін, М.М.Ламака, С.М.Мялкіх, В.​В.​Баршчэўскі, А.​М.​Калечыц і інш.

Літ.:

Борщевский В.В., Калечиц О.М., Богомазова А.В. Эпидемиология неспецифических болезней органов дыхания, организация пульмонологической помощи населению;

общие вопросы // Современные проблемы пульмонологии: Сб. науч. работ. Мн., 1995;

Лаптева И.М., Борщевский В.В., Богомазова А.В. Состояние и пути совершенствования пульмонологической помощи населению Республики Беларусь // Мед. новости. 1998. №8.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́ПС (лац. collapsus аслабелы, знясілены) у медыцыне, вострая сасудзістая недастатковасць. Характарызуецца зніжэннем сасудзістага тонусу і аб’ёму цыркулюючай крыві. Пры гэтым памяншаецца прыток вянознай крыві да сэрца, зніжаецца сардэчны выкід, паніжаецца артэрыяльны і вянозны ціск, парушаецца перфузія тканак і абмен рэчываў, узнікае гіпаксія галаўнога мозга, прыгнечваюцца жыццёва важныя функцыі. Прычыны ўзнікнення К.: уздзеянне інфекц., таксічных, фіз., алергічных і інш. фактараў на сасудзістую сценку, сасударухальны цэнтр, сасудзістыя рэцэптары, памяншэнне масы цыркулюючай крыві (напр., пры вял. страце крыві і плазмы), глыбокі наркоз, недастатковасць наднырачнікаў, хваробы сэрца (інфаркт міякарда, парушэнне сардэчнага рытму і інш.), тромбаэмбалія лёгачных артэрый, хуткі пераход з гарыз. становішча ў верт., доўгі пасцельны рэжым, калі чалавек доўга стаіць і інш. Прыкметы: раптоўная слабасць, бледнасць скуры і слізістых абалонак, халодны пот, прыгнечаны, затарможаны стан, часты пульс, галавакружэнне; прытомнасць звычайна не траціцца (гэтым К. адрозніваецца ад непрытомнасці). Лячэнне: аксігенатэрапія, лякарствы для стымулявання кровазвароту і дыхання.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)