Электрамагнітная індукцыя 4/371; 5/89, 90; 6/332, 518; 9/340; 10/284, 538; 11/430, 443

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАСТАТЫ́ЧНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

з’яўленне (навядзенне) эл. зарадаў розных знакаў на процілеглых канцах паверхні правадніка ці дыэлектрыка пад уздзеяннем знешняга электрастатычнага поля. Выкарыстоўваецца для эл. экранавання прылад і іх элементаў ад уплыву знешніх эл. палёў.

т. 18, кн. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ, электрычнае зрушэнне, вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе эл. поле ў рэчыве. Абазначаецца D→. Для ізатропнага асяроддзя D→ = ε ε0 E→ , дзе ε — дыэлектрычная пранікальнасць рэчыва, ε0 — электрычная пастаянная, E→ — напружанасць электрычнага поля. Паток вектара Э.і. праз адвольную замкнёную паверхню (гл. Гаўса тэарэма) вызначаецца толькі свабоднымі эл. зарадамі, што знаходзяцца ўнутры гэтай паверхні, г.зн. не залежыць ад звязаных зарадаў, якія ўваходзяць у склад нейтральных атамаў і малекул. Адзінка Э.і. ў СІ — кулон на квадратны метр.

т. 18, кн. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

вектарная велічыня, роўная напружанасці магнітнага поля, створанага макраскапічнымі (знешнімі ў адносінах да асяроддзя) і мікраскапічнымі (абумоўленымі часцінкамі асяроддзя) эл. токамі. Абазначаецца B→. З’яўляецца асн. сілавой характарыстыкай магн. поля і вызначае сілу, што дзейнічае ў дадзеным пункце поля на эл. ток (гл. Ампера сіла) і рухомы эл. зарад (гл. Лорэнца сіла). Звязана з намагнічанасцю J→ і напружанасцю знешняга магн. поля H→ формуламі: B→ = μ0H→ + μ0J→ і B→ = μ0μH→ , дзе μ0 — магнітная пастаянная, μ — магнітная пранікальнасць рэчыва. Адзінка М.і. у СІ — тэсла.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы (эрс індукцыі) у праводным контуры, які знаходзіцца ў пераменным магн. полі або рухаецца ў пастаянным магн. полі. Эл. ток, выкліканы эрс індукцыі, наз. індукцыйным. Адкрыта ў 1831 М.Фарадэем.

Паводле закону Фарадэя эрс Э.і. εi = −dΦ/dt, дзе dΦ — змена поўнага магнітнага патоку праз плошчу контуру за час dt (dΦ/dt — скорасць змены магнітнага патоку). Знак мінус вызначае напрамак індукцыйнага току ў адпаведнасці з Ленца правілам. У больш агульным сэнсе Э.і. вызначаецца як узнікненне пераменнага ў прасторы (т.зв. віхравога) эл. поля пры змене магн. поля ў часе, што адлюстравана ў 1-м Максвела ўраўненні. Э.і. шырока выкарыстоўваецца ў электра- і радыётэхн. прыладах і прыстасаваннях (генератарах, дроселях, трансфарматарах і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

агульны спосаб доказаў і вызначэнняў у матэматыцы і матэм. логіцы, які дае магчымасць рабіць агульныя вывады на аснове асобных сцвярджэнняў.

Грунтуецца на прынцыпе матэматычнай індукцыі: сцвярджэнне A(n), залежнае ад натуральнага параметра n, лічыцца праўдзівым, калі праўдзіва A(1) і з меркавання праўдзівасці A(N) для любога натуральнага N вынікае праўдзівасць A(N + 1). Напр., для любога натуральнага n патрабуецца даказаць формулу 1 + 3 + 5 + ... + (2n − 1) = n​2. Пры n = 1 гэтая формула праўдзівая (1 = 1​2), затым мяркуем. што формула даказана для пэўнага ліку N: 1 + 3 + 5 + ... + (2N − 1) = N​2. Далучаем да левай і правай часткі дадзенай формулы яшчэ адно складаемае 2N + 1: 1 + 3 + 5 + (2N − 1) + (2N + 1) = N​2 + (2N + 1) = (N + 1)​2. Такім чынам, з праўдзівасці формулы пры n = N вынікае яе праўдзівасць і пры n = N + 1. Адсюль вынікае праўдзівасць формулы для любога натуральнага n.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНЫ МЕ́ТАД,

гл. ў арт. Індукцыя, Індукцыйная логіка.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАДЭ́Я ЗАКО́Н электрамагнітнай індукцыі,

гл. ў арт. Электрамагнітная індукцыя.

т. 16, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе эл. поле ў рэчыве; тое, што электрычная індукцыя.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУЛА́Т (ад лац. postulatum патрабаванне),

палажэнне, якое пры пабудаванні навук. тэорыі прымаецца без доказаў як зыходнае. У логіцы і метадалогіі навукі атаясамліваецца з аксіёмай.

Паміж П. і аксіёмай часам захоўваюцца адрозненні: аксіёма — зыходны лагічны прынцып; П. — зыходны прынцып навук. тэорыі, напр., Н.​Бора (гл. Бора тэорыя), П. аб паралельных прамых у Эўклідавай геаметрыі і неэўклідавых геаметрыях. Эўклід адрозніваў П., што сцвярджаюць выканальнасць некаторых геам. пабудаванняў, ад аксіём, якія сцвярджаюць наяўнасць пэўных уласцівасцей такіх пабудаванняў, а таксама сцвярджэнні лагічнага (не геам.) характару, якія ён прымаў без доказаў, напр., «частка меншая за цэлае». У дэдуктыўных і паўдэдуктыўных тэорыях (гл. Аксіяматычны метад) П. наз. сцвярджэнні, якія нельга даказаць з-за таго, што яны грунтуюцца на выніках і фактах доследнага ці індуктыўнага характару (гл. Індукцыя ў логіцы, Матэматычная індукцыя), напр., асн. прынцыпы тэрмадынамікі, прынцып пастаянства скорасці святла і яе лімітавага характару.

П.​С.​Габец.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)