КАЛІ́ЗІЯ ў геалогіі,

сутыкненне вялізных літасферных пліт або кантынентаў. У месцы К. ствараліся магутныя горныя сістэмы, пароды зямной кары зміналіся ў складкі, разломаўтварэнне дасягала глыбінь мантыі, актывізаваліся тэктанічныя і вулканічныя працэсы. Прыкладам К. служыць сутыкненне п-ва Індастан (Інд. платформа якога лічыцца ч. даюрскага кантынента Гандвана) з кантынентам Еўразія, што, магчыма, з’явілася адной з прычын утварэння Гімалаяў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛВА,

плато на ПнЗ п-ва Індастан, у Індыі. Абмежавана на ПнЗ хр. Аравалі, паўд. ч. ўваходзіць у склад гор Віндх’я. Выш. 200—600 м. Складзена пераважна з пясчанікаў, перакрытых на Пд базальтавымі лавамі. Характэрны згладжаныя масівы і моцна расчлянёныя ступеньчатыя раўніны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкі (каля 1000 мм за год) выпадаюць пераважна летам. Рэдкастойныя мусонныя лясы і ксерафітныя хмызнякі. Вырошчваюць бавоўнік, пшаніцу.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МАЎ МОСТ,

ланцуг скал, водмеляў, невял. каралавых астравоў у Полкскім праліве, паміж п-вам Індастан і в-вам Шры-Ланка. Даўж. каля 30 км. Належыць Індыі і Шры-Ланцы. След былой сухапутнай сувязі в-ва Шры-Ланка з мацерыком Еўропы — Азіі.

Назва звязана з паданнем пра шлях Адама, выгнанага з раю на зямлю (на в-аў Шры-Ланка), які перайшоў на Ам. на мацярык.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУ́НГЛІ (англ. jungle ад джангал, на мове хіндзі — лес, зараснікі),

дрэвава-хмызняковыя зараснікі ў спалучэнні з высокімі грубасцяблістымі дрэвападобнымі злакамі (гіганцкім бамбукам, цукр. трыснягом, эрпантусам і інш.). Звычайна густыя, месцамі абвітыя ліянамі. Характэрны для вільготных мусонных абласцей тропікаў, пераважна ў Паўд. (Індастан) і Паўд.-Усх. Азіі (Індакітай. Зондскія а-вы); трапляюцца ў пераўвільготненых субтрапічных абласцях (Д. Усход і інш.). Часам Дж. памылкова называюць цяжкапраходныя ўчасткі забалочаных трапічных лясоў.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ШНА, Кістна,

рака на п-ве Індастан, на Пд Індыі. Даўж. 1280 км, пл. бас. 330 тыс. км². Вытокі ў Зах. Гатах, перасякае з З на У Дэканскае пласкагор’е, упадае ў Бенгальскі зал., утварае дэльту. Асн. прыток — р. Тунгабхадра. Жыўленне дажджавое, мусонны рэжым з летняй паводкай. Сярэдні гадавы расход вады 1730 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння; гідравузел Нагарджунсагар. У нізоўі суднаходная, злучана каналам з дэльтай р. Гадавары. На К. — г. Віджаявада.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,

лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГА́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Індыйскага ак., паміж п-вам Індастан на З і п-вам Індакітай і а-вамі Андаманскімі і Нікабарскімі на У. Пл. 2191 тыс. км². Найб. глыб. 5258 м. Т-ра вады на паверхні ў лют. 25—27 °C, у жніўні 28 °C (у маі 29 °C). Салёнасць да 34‰. Прылівы паўсутачныя (да 10,7 м). Частыя трапічныя ўраганы. У Бенгальскі заліў упадаюць рэкі Ганг і Брахмапутра. Рыбалоўства. Асн. парты — Калькута, Мадрас (Індыя), Чытагонг (Бангладэш).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ А́ЗІЯ,

прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індастан з суседнімі астравамі, Інда-Гангскую раўніну і яе горнае абрамленне (паўд. схілы Гімалаяў, Гіндукуша, паўд.-ўсх. ўскраіну Іранскага нагор’я). Пл. 4,5 млн. км². Нас. каля 1300 млн. чал. (1999), Прыродная расліннасць: трапічныя лясы, саванны, на З участкі пустынь і паўпустынь. На раўнінах пераважае арашальнае земляробства. На тэр. П.А. знаходзяцца дзяржавы: Індыя, Пакістан, Бангладэш, Непал, Бутан, Шры-Ланка і Мальдывы; зрэдку ў склад П.А. ўключаюць Паўднёва-Усходнюю Азію.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЖАРА́Т,

штат Індыі на ПнЗ п-ва Індастан, каля Аравійскага м. Пл. 1996 тыс. км². Нас. 41,2 млн. чал. (1991), пераважна гуджаратцы, паводле веравызнання індуісты (каля 90%). Адм. ц. — Гандынагар, буйныя гарады Ахмадабад, Вадодара, Раджкот, Сурат. Большая ч. паверхні — плоская раўніна. Клімат субэкватарыяльны, з няўстойлівым увільгатненнем. Ападкаў за год 250—1000 мм. Расліннасць блізкая да саваннаў. Асн. баваўнаводчы штат Індыі. Вырошчваюць таксама арахіс, рыс, кукурузу, пшаніцу, бабовыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз. Рыбалоўства. Здабыча нафты, солі, марганцавай руды, баксітаў. Прам-сць: тэкст., маш.-буд. (асабліва эл.-тэхн.), хім., радыёэлектронная, фармацэўтычная, алейная, цэм. і інш. Транспарт марскі, аўтамаб., чыгуначны.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Індастанская платформа,

дакембрыйская платформа, займае п-аў Індастан, Інда-Гангскую раўніну да падножжа Гімалаяў і в-аў Шры-Ланка. Фундамент складзены з архейскіх крышт. парод (граніта-гнейсы, грануліты, сланцы) і асадкава-вулканагенных тоўшчаў. Асн. ч. платформавага чахла складзена з рыфейскіх карбанатна-тэрыгенных адкладаў. Фанеразойскія адклады (кантынентальныя покрыўна-ледавіковыя, вугляносныя, чырванаколерныя пясчаныя, вулканагенныя) запоўнілі грабенападобныя перыкратонныя прагіны і Дэканскую сінеклізу. Паўн. частка І.п. — пліта з глыбока апушчаным фундаментам і слаба дыслацыраванымі кайназойскімі тоўшчамі (магутнасць да 10—12 км), што запаўняюць Перадгімалайскі і Бенгальскі ўскраінныя прагіны. Буйныя радовішчы руд жалеза, марганцу, медзі, золата, рэдкіх металаў, таксама мускавіту, вугалю; баксітаў і каалінавых глін; тытану, цырконію, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Выяўлены алмазаносныя кімберліты.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)