Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́НАЯ ІНВЕ́РСІЯ, CP-пераўтварэнне,
аперацыя пераходу ад часціц сістэмы да антычасціц (зарадавае спалучэнне, C) з адначасовай зменай знакаў прасторавых каардынат часціц (прасторавая інверсія, P). З К.і. звязана існаванне адпаведнай сіметрыі (CP-сіметрыі), якая характарызуецца камбінаванай цотнасцю (КЦ) — цотнасцю абсалютна нейтральных часціц (γ-квант, π0-мезон і інш.). КЦ захоўваецца ва ўсіх узаемадзеяннях элементарных часціц, за выключэннем распадаў доўгаіснуючых KL°-мезонаў, выкліканых слабымі ўзаемадзеяннямі, што сведчыць аб прыблізным характары CP-сіметрыі. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.
І.С.Сацункевіч.
т. 7, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ЛАНДША́ФТАЎ,
размеркаванне ландшафтаў па вышыні, якое не адпавядае закону вышыннай пояснасці. Найб. характэрна для раёнаў з перасечаным рэльефам тыпу нізка- і сярэднягор’яў. Можа быць выклікана інверсіяй тэмпературы, ападкаў, мясц. зменамі воднага рэжыму. У выпадку І.л. уверх па схіле фарміруюцца больш цеплалюбівыя ландшафты. Напр., у Прыамур’і ахоцкая тайга з падзолістымі глебамі змяняецца з вышынёй хвойна-шыракалістымі лясамі маньчжурскага тыпу на бурых лясных глебах.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАВАЯ ІНВЕ́РСІЯ,
змена знакаў прасторавых каардынат часціц на процілеглыя: x→−x, y→−y, z→−z. Фіз. сэнс пераўтварэння П.і. звязаны з тым, што працэсы прыроды, абумоўленыя моцнымі і эл.-магн. ўзаемадзеяннямі, не змяняюцца пры П.і. — для ўсякага такога працэсу ў прыродзе ажыццяўляецца і працякае з той жа імавернасцю «люстрана адбіты» працэс і квантавамех. апісанне яго вядзе да існавання прасторавай цотнасці, якая захоўваецца пры моцных і эл.-магн. узаемадзеяннях. У слабых узаемадзеяннях такая сіметрыя адсутнічае (прасторавая цотнасць не захоўваецца).
т. 13, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ ў атмасферы, павышэнне тэмпературы паветра з вышынёй замест звычайнага для трапасферы яе памяншэння. Бываюць каля зямной паверхні і ў свабоднай атмасферы. Прыземныя І.т. найчасцей фарміруюцца ў бязветраныя ночы ў выніку інтэнсіўнага выпраменьвання цяпла зямной паверхняй, ахаладжэння яе самой і прылеглага слоя паветра. Таўшчыня ахопленага інверсіяй слоя паветра ад некалькіх дзесяткаў да соцень метраў. Утварэнню І.т. садзейнічае катлавінны рэльеф, дзе застойваецца ахалоджанае паветра. У свабоднай атмасферы І.т. звязаны з асяданнем паветра ў антыцыклонах, нацяканнем цёплага паветра на халоднае ў зонах франтоў атмасферных і інш. працэсамі; ахопліваюць слой паветра магутнасцю ў сотні, часам 2—3 тыс. м. І.т. спрыяюць утварэнню воблакаў, туману, імглы, смогу, міражу.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ГЕАМАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,
змена напрамку (палярнасці) магнітнага поля Зямлі на адваротны пры адным і тым жа напрамку геамагнітнай восі. Назіраецца праз інтэрвалы часу ад 500 тыс. гадоў да 50 млн. гадоў. У эпоху нармальнай палярнасці (нашу эпоху) паўд. магнітны полюс знаходзіцца каля паўн. геагр. полюса, а ў эпоху адваротнай палярнасці — каля паўд. геагр. полюса. На падставе палеамагнітных даных зроблены вывад, што ў тоўшчах асадкавых і эфузіўных парод назіраецца паслойная змена знака вектара прыроднай астаткавай намагнічанасці. Прычыны І.г.п. пакуль не высветлены.
т. 7, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,
прылада, у якой адбываецца ўзмацненне эл.-магн. хваль за кошт вымушанага выпрамянення актыўнага рэчыва. Гэтае выпрамяненне па частаце, фазе і палярызацыі супадае з зыходным сігналам (кагерэнтнае ўзмацненне; гл. Кагерэнтнасць). Актыўным рэчывам з’яўляюцца дыэл. крышталі з невял. ізаморфнымі дамешкамі парамагн. іонаў, якія маюць сістэму трох (ці больш) энергет. узроўняў, дзе ажыццяўляецца інверсія заселенасці (гл. Інверсія ў фізіцы). Асн. характарыстыкі К.у.: каэфіцыент узмацнення, паласа прапускання і адчувальнасць.
т. 8, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧЭ́ННЕ, інверсія ў музыцы,
спосаб мадыфікацыі акордаў, інтэрвалаў, гукавышыннай лініі (мелодыі, матыву, серыі) перамяшчэннем гукаў у адваротным напрамку з захаваннем першапачатковай часавай паслядоўнасці. Сродак вар’іравання, у выніку якога ўзнікаюць новыя элементы, ствараецца роднасная, аднак фактычна новая мелодыя. Гук, які пры абарачэнне застаецца на месцы, наз. воссю абарачэння. Выкарыстоўвалася ў канонах, жыгах, рычэркарах і фугах, пазней ў неполіфанічных творах.
Т.Г.Мдывані.
т. 1, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РСІЯ ў біялогіі,
працэс, які вядзе да ўтварэння ў арганізмаў з рознымі спадчыннымі кампанентамі (хімер, гібрыдаў) участкаў са змененым парадкам гэтых кампанентаў (гл. Інверсія). Змена прыкмет бактэрыі (утварэння таксінаў, актыўнасці некат. ферментаў і інш.) пры пашкоджанні бактэрыяфагам наз. фагавай К. Характэрна для сальманел, стафілакокаў, стрэптакокаў, мікабактэрый і інш. Гал. адрозненні фагавай К. ад знешне падобнай да яе трансдукцыі: высокая частата (да 100% клетак, пашкоджаных фагам, могуць набыць новую адзнаку) і аднаўленне зыходнага знешняга віду бактэрыі пры страце канверсаванага фага.
т. 7, с. 575
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
K-МЕЗО́НЫ,
група нестабільных элементарных часціц з нулявым спінам і адрознай ад нуля дзіўнасцю. Выяўлены ў. касм. прамянях ў 1947—51, атрыманы з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц у 1954.
Належаць да адронаў; удзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях; складаюцца з K (маса спакою 493,68 МэВ, сярэдні час жыцця 1,238∙10−8 с, дзіўнасць +1), K° (497,6 МэВ, дзіўнасць +1) і адпаведных ім антычасціц K− і K° (дзіўнасць -1); утвараюць 2 ізатапічныя дублеты з ізатапічным спінам 1/2. Пры распадах К-м., абумоўленых слабымі ўзаемадзеяннямі, у 1964 выяўлена парушэнне СР-сіметрыі (гл. Камбінаваная інверсія).
І.С.Сацункевіч.
т. 8, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)