«ЛЕ́ТАПІС ГАЗЕ́ТНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,

дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1937 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з міжрэгіянальных газет, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх, а таксама газет т-ваў, асацыяцый, аб’яднанняў, партый, рухаў, незалежных, рэлігійных, газет прыватных заснавальнікаў, дадаткаў да газет і спец. выпускаў, прысвечаных міжнар. падзеям і інш. Бібліягр. апісанне артыкулаў даецца на мове выданняў, у якіх выкарыстана кірылічная ці лац. графіка. Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якія ўключаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі, прысвечаныя падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і г.д. Мае паказальнікі: імянны, геагр., газет, артыкулы якіх зарэгістраваны ў летапісе, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,

апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.​Кмітам і канюшым трокскім М.​Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.​Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.​І.​Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»

(БелСЭ),

12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел. нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».

Літ.:

Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.

І.​П.​Хаўратовіч.

Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЫСЛІ́ЦЕЛІ І АСВЕ́ТНІКІ БЕЛАРУСІ»,

аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1995. Змяшчае матэрыялы пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць прадстаўнікоў філас. і грамадскай думкі, асветнікаў краіны ад 10 да пач. 20 ст. Уключае больш за 650 біяграфій дзярж., грамадска-паліт. і рэліг. дзеячаў, філосафаў, педагогаў, вучоных розных галін навукі, вынаходнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, музыкантаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, прыродазнаўцаў, падарожнікаў, краязнаўцаў, удзельнікаў нац.-вызв. і рэв. руху (незалежна ад нац. прыналежнасці, веравызнання, грамадскай пазіцыі і светапогляду), якія зрабілі важкі ўклад у скарбонку айч. і сусв. культуры. Матэрыялы размеркаваны на 4 раздзелы: эпоха Полацкага і Тураўскага княстваў (10—12 ст.); эпоха Вялікага княства Літоўскага (13—16 ст.); эпоха Рэчы Паспалітай (17—18 ст.); Беларусь у складзе Рас. імперыі (19 ст.). Артыкулы ў раздзелах размешчаны ў алфавітным парадку. Асобна змешчаны ўрыўкі і фрагменты з некаторых твораў; у якасці пасляслоўя змешчаны арт. д-ра філас. н. А.​С.​Майхровіча «Ля вытокаў нацыянальнага адраджэння».

Даведнік мае імянны паказальнік і тлумачальны слоўнік тэрмінаў і філас. паняццяў, якія трапляюцца ў тэксце. Ілюстраваны партрэтамі дзеячаў, выявамі мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, фамільнымі гербамі, тытульнымі лістамі з кніг і інш.

Г.​А.​Маслыка.

«Мысліцелі і асветнікі Беларусі». Мінск, 1995. Вокладка.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ШЧАНКА (Гаўрыла Харытонавіч) (н. 20.6.1928, в. Чыкалавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Нар. мастак Беларусі (1988). Праф. (1980). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1955). Працуе ў галіне станковага жывапісу, акварэлі, манум. размалёўкі і вітража. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. У творах «Маё Палессе», «Нафтавікі Палесся», «Дума пра хлеб» (усе 1973), «Мацярынскія крылы» (1975), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш. — роздум пра мінуўшчыну роднай зямлі, актуальныя праблемы часу, патрыятызм. Важным падзеям бел. гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К.​Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974; сярэбраны медаль імя М.​Грэкава), «Прарыў», «Мір зямлі маёй» і «Ліпеньскі мёд» (1982; за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1987). Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзярж.-паліт. дзеячаў Беларусі: Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.​Астрожскага, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Вітаўта, Льва Сапегі і інш. Зрабіў манум. размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974), у кінатэатры «Масква» (1980, з М.​П.​Вашчанкам; усе ў Мінску). Міжнар. біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Англія) прысудзіў Вашчанку ганаровыя званні «Чалавек года 1992—96», «Чалавек XX стагоддзя» (1992), імянны сярэбраны медаль, «Залаты дыск» (1993—94).

Г.​А.​Фатыхава.

Г.Вашчанка. Дума пра хлеб. 1972.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,

найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.​М.​Сазонаў (вып. 1—16), М.​М.​Мяшчэрскі і М.​Л.​Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.​І.​Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал. ч. сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.

Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.​М.​Пржавальскага і інш.

С.​М.​Ходзін.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗБОР ПАСТАНО́Ў УРА́ДА РЭСПУБЛІ́КІ БЕЛАРУ́СЬ»,

гл. ў арт. «Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў урада Рэспублікі Беларусь».

«ЗБОР ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,

шматтомнае даведачнае выданне. Выдадзены ў 1984—88 у Мінску на бел. мове ў 7 т. (8 кнігах) як частка ўсесаюзнага шматтомнага выдання «Свод памятников истории и культуры народов СССР». Падрыхтаваны сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Аддзелам археалогіі Ін-та гісторыі АН Беларусі і выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Уключае артыкулы (больш за 14 тыс.) пра нерухомыя помнікі (гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манум. і манум.-дэкар. мастацтва), якія ўцалелі з часоў старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., найб. характэрныя для 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., даваеннага сав. перыяду (1917—41), найлепшыя арх. збудаванні пасляваен. часу (1950—80-я г.) і знаходзяцца ці павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Кожны з тамоў прысвечаны пэўнай вобласці, том, прысвечаны Мінскай вобласці, у дзвюх кнігах, асобны том складаюць помнікі горада Мінска. Матэрыялы ў тамах размешчаны па раёнах (у алфавітным парадку іх назваў); кожны том мае імянны, геагр. і храналагічны паказальнікі. Як самаст. тэрытарыяльная адзінка вылучаецца абл. цэнтр, звесткі пра які змешчаны ў пачатку тома. Унутры раёна першымі размяшчаюцца матэрыялы пра адм. цэнтр, а потым пра помнікі інш. населеных пунктаў (у алфавітным парадку). Артыкулы пра помнікі аднаго населенага пункта падаюцца ў алфавітным парадку іх назваў. Усяго ў выданні 457,6 улікова-выдавецкіх аркушаў, 131 карта, 6817 ілюстрацый, з іх 1420 каляровых. Дзярж. прэмія БССР 1990. У 1990 на рус. мове выдадзены дапоўнены і дапрацаваны том «Збору...» па Брэсцкай вобл.

С.​П.​Самуэль.

«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў: ВІ́ЛЬНІ, КО́ЎНА, ТРОК»

(«Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок...»),

зборнік дакументаў 14—18 ст., выдадзены ў Вільні ў 1843. Складаецца з 2 частак, у 1-й змешчаны прывілеі Вільні, у 2-й — акты, што тычацца манастыроў, цэркваў і брацтваў. Матэрыялы адабраны з архіваў Гал. літоўскага трыбунала, цэркваў і манастыроў Вільні і Трок, скарыстаны архівы Віленскай і Ковенскай дум, Трокскай ратушы, павятовых судоў Браслаўскага і Расіенскага пав. У прадмове да зборніка сфармуляваны погляды на развіццё дачыненняў усх.слав. народаў з літоўцамі.

«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ»

(«Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии...»),

зборнік дакументаў пач. 16 ст. — 1748, выдадзены ў 1848 у Мінску. Змяшчае дакументы пераважна з архіваў мінскіх манастыроў, а таксама з Бабруйска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы і Слуцка. Матэрыялы асвятляюць у асн. гісторыю правасл. царквы, некаторыя з іх і сац.-эканам. пытанні. Дакументы надрукаваны па арыгіналах.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫНАЗНА́ЎСТВА,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае жыццё і дзейнасць Ф.​Скарыны, яго творчую і духоўную спадчыну, асяроддзе, эпоху, публікацыю крыніц і крыніцазнаўчыя даследаванні. У шырокім сэнсе ў С. ўключаюцца таксама навук. і папулярныя публікацыі, маст. творы (літ. і выяўл. мастацтва, кінафільмы, тэатр. пастаноўкі, паштовыя маркі і г.д.), канферэнцыі, юбілейныя форумы, прысвечаныя Скарыне і яго пераемнікам, асэнсаванне яго ролі ў развіцці айч., еўрап. і сусв. культуры ад сярэдневякоўя да сучаснасці.

Першыя звесткі пра кнігі Скарыны занатаваны яшчэ пры яго жыцці (віленскі святар Мацвей, 1522; пратэстанцкі біскуп Прусіі П.​Сператус, каля 1530; італьян. мовазнавец Т.​А.​Альбанезі, 1539, і інш.). Дзейнасць Скарыны прыцягвала ўвагу пісьменнікаў, палемістаў, гісторыкаў 16—17 ст. найперш з-за біблейскай тэматыкі, моўных, рэд., перакладчыцкіх і друкарскіх своеасаблівасцей яго выданняў. Ў часы Адраджэння, Рэфармацыі і пазней выданні Скарыны неадназначна ўспрымаліся паліт. і культ. дзеячамі (С.​Будны, І.​Фёдараў, А.​Курбскі, Ш.​Старавольскі), іерархамі розных канфесій, прадстаўнікамі поліэтнічнай інтэлігенцыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Звесткі італьян. публіцыста П.​П.​Вергерыя (Верджэрыо) пра «рус. Біблію», якую ён бачыў у Вільні ў 1550-я г., паўтораны Ж.​Ле Лонгам (1709), І.-П. Колем (1729), Я.-Д.​Гофманам (1740). У сярэдзіне 18 ст. ням. даследчык С.​В.​Рынгельтаўб адзначаў кнігі Скарыны толькі як адну з крыніц больш позніх пратэстанцкіх перакладаў Бібліі Буднага. Станаўленне рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў Расіі ў канцы 18—пач. 19 ст. (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) паставіла пытанне пра пашырэнне гіст. і культуралагічных славяназнаўчых даследаванняў у новых этнатэрытарыяльных межах, што дало пазітыўныя вынікі і ў вывучэнні спадчыны Скарыны. У працах І.​Р.​Бакмейсцера, І.​Г.​Штрытэра, П.​А.​Аляксеева апісаны асобныя кнігі Скарыны, прыведзены фрагментарныя звесткі з яго біяграфіі, высвятляліся аспекты яго рэдакцыйна-перакладчыцкай дзейнасці ў параўнанні з маскоўскімі выданнямі і зах.-еўрап. традыцыямі. Чэшскі славіст і асветнік І.​Добраўскі першы адзначыў, што кнігі Скарыны прызначаліся «простым русінам», а «літоўская мова яго выданняў значна адрознівалася ад традыцыйных царкоўнаславянскіх рукапісаў». Ён даказаў, што Скарына пры перакладзе Бібліі карыстаўся чэшскім перакладам Вульгаты, а яго Біблія друкавалася ў чэшскай, а не варшаўскай Празе. У сярэдзіне 19 ст. рас. мастацтвазнавец Дз.​А.​Равінскі адзначаў арыгінальнасць, высокі ўзровень і якаснае тэхн. выкананне фігурных гравюр у пражскай Бібліі, апісаў іх тэматыку. На яго думку, гравюры Скарыны не маюць аналагаў у еўрап. кнігадрукаванні. Ён высока ацаніў партрэт Скарыны, «падпісаны невядомым майстрам». Лічыў, што віленскае кнігадрукаванне не дасягнула ўзроўню пражскіх выданняў. У.​В.​Стасаў звярнуў увагу на маст. вартасць, дасканаласць і «тонкасць» віленскіх ініцыялаў і заставак. Гэтыя асаблівасці малых кніжак Скарыны (разам з вельмі добрым шрыфтам) робяць іх падобнымі да слав. «эльзевіраў». Стасаў выказаў меркаванне, што ў пражскай друкарні Скарыны працавала некалькі гравёраў, у т. л. «славянскага племені», што ў гравюрах «адчуваецца славянскі тып твару і адзення». На думку археографа А.​Я.​Віктарава, пражскі Псалтыр 1517 найб. адпавядаў рэліг. і кніжна-асветніцкім патрэбам «рускага» насельніцтва. Ён крытыкаваў сцвярджэнні некат. даследчыкаў (Я.​Ф.​Галавацкага, В.​Копітара) адносна каталіцкіх або рэфармацыйных поглядаў Скарыны. Найб. грунтоўна наяўныя на той час выданні Скарыны апісаў В.​С.​Сопікаў. Поўнае і разгорнутае апісанне ўсіх вядомых пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны зрабіў І.​П.​Каратаеў у бібліягр. працах 1878 і 1883. Больш плённы перыяд у С. пачаўся з выхадам у свет доктарскай дысертацыі славіста П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына: Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888), якая адкрывалася гістарыяграфічным даследаваннем. Дзейнасць Скарыны ён разгледзеў на фоне «маральна-рэлігійнага і духоўнага» жыцця ВКЛ і падкрэсліў важную яго ролю ў стварэнні духоўных перадумоў для культ. і грамадска-паліт. актыўнасці мяшчанства, для пашырэння кантактаў з краінамі Цэнтр. і Зах. Еўропы, для эвалюцыі кніжнага пісьменства, пранікнення нар. мовы ў л-ру. Па дакумент. крыніцах ён узнавіў жыццёвы шлях Скарыны, адзначыў яго «заходнярускае» паходжанне, сувязі з родным Полацкам, спрабаваў звязаць дзейнасць Скарыны з культ. развіццём «заходнярускіх» зямель канца 15 — пач. 16 ст., прааналізаваў амаль усе вядомыя на той час спісы выданняў Скарыны, асабліва рэдкія рукапісы, якія, магчыма, данеслі да нас тэксты нявыдадзеных або страчаных кніг Скарыны. Значная частка Гэтай працы прысвечана характарыстыцы мовы скарынаўскіх перакладаў, друкарскіх і маст. асаблівасцей выданняў. На яго думку, «руская» (беларуская) мова Скарыны найб. выразна адчуваецца ў пражскіх кнігах. Праблему мовы Скарыны «ўзору беларускай гутаркі пачатку 16 ст». першы навукова паставіў Ф.​Буслаеў. Падобнай думкі прытрымліваліся А.​Аганоўскі, Уладзіміраў, М.​Мурко, М.​Драгаманаў, чэшскі філолаг І.​Первольф, польскія вучоныя С.​Ліндэ, М.​Вішнеўскі, А.​Брукнер, Л.​Васілеўскі. За разнавіднасць польскай выдавалі мову Скарыны П.​Кепен, В.​Бадзянскі, Галавацкі. З поглядамі пра «рускі» (беларускі) характар скарынавых твораў не пагаджаўся А.​Сабалеўскі, які лічыў яе царкоўнаславянскай. Значны ўклад у С. зрабіў Я.​Ф.​Карскі, які разгледзеў дзейнасць Скарыны на агульным фоне развіцця бел. культуры, мовы, асветніцтва. На мяжы 19—20 ст. і пазней у т.зв. нашаніўскі перыяд пачынаецца ўласна бел. С.: публікацыі А.​Кіркора, М.​Доўнар-Запольскага, А.​Ельскага, А.​Сапунова, І.​Луцкевіча, А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага, Л.​Гмырака, Р.​Зямкевіча, пасля М.​Гарэцкага, У.​Ігнатоўскага, М.​Янчука, М.​Шчакаціхіна і інш. У 1921 выйшла філасофска-публіцыст. эсэ І.​Абдзіраловіча (І.​Канчэўскага) «Адвечным шляхам», у якім нац.-асветніцкі ідэал Скарыны прадстаўлены ўзорнай дамінантай на гіст.-цывілізацыйным шляху самабытна-творчага самасцвярджэння бел. супольнасці пры яе неадназначным геапаліт. становішчы паміж візант. Усходам і рыма-каталіцкім Захадам. У 1925 у Вільні выйшаў навук.-папулярны нарыс А.​Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі», у 1926 у Коўне — манаграфія Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». На думку Ластоўскага, выдавецкую дзейнасць Скарыны падтрымлівалі віленскае і полацкае купецтва, кнігі друкаваліся «па магчымасці на зразумелай народу мове», усталёўвалі «жыццёвую мудрасць» — ідэі патрыятызму, маральнага ўдасканалення, спрыялі развіццю свецкіх навук. На яго думку, процідзеянне Скарыне аказвала правасл. і каталіцкае духавенства, што ў значнай меры паслужыла і прычынай спынення яго друкарскай дзейнасці.

Усе манаграмы і крыптанімы ў пражскіх і віленскіх выданнях Скарыны даследчык прыпісваў мясц. майстрам«русінам». З нагоды 400-гадовага юбілею віленскіх выданняў Скарыны ў 1926 у Мінску выдадзены навук. зб. артыкулаў бел. даследчыкаў «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (аўтары І.​Воўк-Левановіч, В.​Дружчыц, М.​Любаўскі, У.​Перцаў, У.​Пічэта, М.​Піятуховіч, Шчакаціхін, Дз.​Ягораў, А.​Ясінскі). Гал. яго тэмы: умовы развіцця ВКЛ, Чэхіі, Італіі і гісторыя бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 16—17 ст., Адраджэнне на Беларусі, літ. дзейнасць і мова выданняў Скарыны. Навук. узроўнем вылучаліся артыкулы Пічэты «Скарыніяна» і Шчакаціхіна «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны», дзе ўпершыню сістэматызаваны мастацка-стылявыя рысы 45 гравюр з выданняў Скарыны. Шчакаціхін паставіў таксама пытанне пра дату выхаду «Малой падарожнай кніжкі». На яго погляд, яна надрукавана ў Вільні каля 1530. М.​В.​Доўнар-Запольскі працэс станаўлення бел. кнігадрукавання разглядаў у непарыўнай сувязі з «вял. гаспадарчай перабудовай» як у Зах. свеце, так і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. Пічэта, разглядаючы творчасць Скарыны як з’яву рэнесансавай культуры, упершыню ў навук. плане паставіў пытанне пра бел. Адраджэнне. У канцы 1920-х — 1930-я г. навук. даследаванне творчасці Скарыны амаль поўнасцю спынілася.

У 1958 М.​А.​Алексютовіч у манаграфіі «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» разгледзеў асн. праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця Беларусі ў 1-й пал. 16 ст., жыццё і дзейнасць Скарыны, яго сац. і культ.-асветныя, гуманістычныя погляды, уплыў яго творчай спадчыны на развіццё ўсх.-слав. пісьменства. У пач. 1960-х г. у сувязі з 400-годдзем рус. кнігадрукавання да вывучэння «пражскага ўрока» звярнуўся рас. мастацтвазнавец А.​А.​Сідараў. Літоўскі гісторык Л.​І.​Уладзіміраў лічыў, што фарміраванне бел. кнігадрукавання абумоўлена развіццём духоўнай культуры ВКЛ, патрэбамі мяшчан, шляхты, дзярж. органаў, каталіцкай і правасл. царквы. Ён выказаў гіпатэтычнае меркаванне, што папярэднікам Скарыны быў малавядомы лонданскі кнігавыдавец канца 15 ст. Дж.​Літвін. Бел. літ.-знавец А.​Ф.​Коршунаў у 1969 выдаў прадмовы і пасляслоўі Скарыны (перавыдадзена з дапаўненнямі ў 1990), мастацтвазнавец Л.​Баразна падрыхтаваў альбом гравюр Скарыны з гіст.-мастацтвазнаўчым экскурсам (1972, 2-е выд. 1990). Праблемы маст. афармлення кніг Скарыны ў рэчышчы еўрап. і ўласна бел. традыцый узняты ў манаграфіях бел. мастацтвазнаўца В.​Ф.​Шматава «Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст.» (1984) і «Мастацтва кнігі Францыска Скарыны» (1990). Ён прапанаваў новую маст.-стылістычную класіфікацыю пражскіх гравюр і інш. кампанентаў афармлення выданняў Скарыны (ініцыялы, застаўкі, канцоўкі, наборны арнамент, паліграф. арганізацыя тэксту); абгрунтаваў іх маст. асаблівасці ў параўнанні з зах.-еўрап. і ўласна бел. выяўл. традыцыямі. У шматлікіх публікацыях прааналізаваны тыпалагічныя асаблівасці выданняў Скарыны, іх тыпаграфіка, гіст. лёс, этапы развіцця С. Кнігазнаўчае апісанне большасці кніг Скарыны з асвятленнем іх паходжання, уладальнікаў, маргінальных запісаў і інш. далі Я.​Л.​Неміроўскі, В.​І.​Лук’яненка, Ю.​А.​Лабынцаў, І.​В.​Паздзеева, Г.​Я.​Галенчанка. Апісанне ўсіх пражскіх экзэмпляраў (без пазней знойдзенага канвалюта, набытага Лонданскай б-кай імя Скарыны) з поўным падборам факсімільных рэпрадукцый гравюр і арнаментыкі змешчана ў 8-томным апісанні кірылічных выданняў, падрыхтаванага Неміроўскім у рамках агульнаеўрап. праекта даследавання слав. кірылічнай кнігі («Зводны каталог старадрукаў кірылаўскага шрыфту». Бадэн-Бадэн, 1998. Т.З). Выданні Скарыны ў рэтраспектыве ўсяго бел. кірылічнага кнігадрукавання 16—18 ст. апісаў Галенчанка ў зводным каталогу «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986). У 1990—91 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» апубл. выданне факсімільнага тыпу, куды ўвайшла пражская Біблія Скарыны 1517—19 (складанне і навук. падрыхтоўка Галенчанкі, прадмова А.​Л.​Петрашкевіча). «Слоўнік мовы Скарыны (т. 1—3, 1977—94) выдаў У.​В.​Анічэнка. У 1991 фрагменты «Малой падарожнай кніжкі» апубл. Лабынцаў у выданні «Зерцало жития...»: З літаратурнай спадчыны Францыска Скарыны», У.​Г.​Кароткі — «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Скарыны». Вынікі шматгадовых даследаванняў падсумаваны ў працы Неміроўскага «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка» (1990). У манаграфіі Галенчанкі «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (1993) асн. ўвага звернута на асвятленне грамадска-паліт. і культ. фактараў узнікнення бел. кнігадрукавання, выяўленне этнасац. і дзярж.-геагр. арэала пашырэння яго кніг, уздзеянне творчай спадчыны Скарыны на выдавецкую дзейнасць яго пераемнікаў (Буднага, В.​Цяпінскага, брацкіх кнігавыдаўцоў і інш). Паглыблены прафесіяналізм, дыферэнцыяцыя і рознабаковасць прац па С. 1960—90-х г. сведчылі пра фарміраванне адпаведных гіст.-культ., лінгвістычна-філас., літ.-знаўчай, кнігазнаўчай, гіст.-маст. школ ці тэматычных кірункаў. Агульны гіст. фон, філас., грамадска-паліт., этычныя, эстэтычныя погляды Скарыны, рэнесансава-гуманістычныя, дэмакр. тэндэнцыі ў яго творчасці разгледжаны ў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968). Дзейнасць Скарыны на фоне паліт., сац.-эканам. і культ. развіцця ВКЛ, яе міжнар. аспекты даследаваны ў зб. «Скарына і яго эпоха» (1990), у публікацыях В.​К.​Зайцава, В.​У.​Чапко, А.​П.​Грыцкевіча, У.​М.​Конана, С.​А.​Падокшына. Падокшын у манаграфіі «Францыск Скарына» (1981) даследаваў гнасеалагічныя, анталагічныя, сац.-паліт., эстэтычныя погляды Скарыны, падкрэсліў некананічнасць яго біблейскіх перакладаў. Філасофскія, этычныя, грамадска-паліт. погляды Скарыны і яго паслядоўнікаў разгледжаны ў манаграфіях Падокшына «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў» (1974) і «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990). Літ., перакладчыцкай і пісьменніцкай дзейнасці Скарыны з выкарыстаннем новых матэрыялаў прысвечаны даследаванні Лабынцава «Пачатае Скарынам» (1990) і «Зерцало жития...», працы В.​А.​Чамярыцкага, А.​В.​Мальдзіса, М.​М.​Грынчыка, А.​А.​Лойкі. Значэнне скарынаўскіх ідэй і яго творчасці ў новай бел. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. раскрыта ў кн. А.​К.​Каўкі «Тут мой народ» (1989). Своеасабліва інтэрпрэтуе спадчыну Скарыны ў рэчышчы ўсх.слав. Адраджэння А.​А.​Яскевіч у кн. «Творы Ф.​Скарыны: Жанравая структура. Філасофскія погляды. Мастацтва слова» (1995). Моўнае наватарства, бел. і кніжнаслав. рысы тэкстаў і перакладаў Скарыны і яго паслядоўнікаў характарызуюцца ў працы А.​І.​Жураўскага «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1. 1967), калектыўнай працы А.​М.​Булыкі. Жураўскага. У.​М.​Свяжынскага «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), у даследаваннях Анічэнкі, А.​Я.​Баханькова, А.​А.​Парукава, Л.​М.​Шакуна і інш. Творчасць Скарыны як пачынальніка арыгінальнага бел. вершаскладання, яго гімнаграфічныя творы даследуюцца ў працах В.​Тумаша, А.​А.​Турылава, Грынчыка, Яскевіч, у манаграфіі І.​В.​Саверчанкі «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.» (1992), кн. Лойкі «Старабеларуская літаратура» (2001). Свае падыходы да біяграфіі і творчасці Скарыны выклаў У.​У.​Агіевіч у працы «Сімволіка гравюры Скарыны» (1999). Новы ўзровень С. ў канцы 1980—90-х г. звязаны з дзейнасцю АН Беларусі, дзе распрацоўвалася юбілейная праграма скарыназнаўчых даследаванняў, а таксама выд-ваў «Навука і тэхніка» (з 1996 «Беларуская навука») і «Беларуская Энцыклапедыя». У 1991 створаны Навукова-асветны цэнтр імя Скарыны, які таксама распачаў даследаванні па С. Распрацоўкай праблем С., выяўленнем новых крыніц займаліся бел., рас., укр. даследчыкі: В.​І.​Дарашкевіч, В.​Н.​Дышыневіч, Я.​Дз.​Ісаевіч, Г.​П.​Лебедзеў, А.​С.​Мыльнікаў, М.​В.​Нікалаеў, В.​Р.​Пуцко, Шакун, С.​Шупа і інш. Вял. матэрыял абагульнены і сістэматызаваны ў фундаментальным юбілейным энцыклапедычным даведніку «Францыск Скарына і яго час» (1988).

Да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны выдадзены навук.-тэматычныя зб-кі і навук.-папулярныя і літ. творы У.​А.​Калесніка, Каўкі, Лойкі, А.​К.​Клышкі, Петрашкевіча і інш. Для замежных чытачоў па заказе ЮНЕСКА Галенчанка, Чамярыцкі і Шматаў апубл. ў Парыжы навук.-папулярную кн. «Францыск Скарына» (у 1979 на франц., у 1980 на англ. мовах). Паводле пастановы ЮНЕСКА 1990 год быў аб’яўлены годам Скарыны. Скарынаўскія чытанні і навук. канферэнцыі прайшлі ў Мінску, Гомелі, Варшаве, Празе, Вільнюсе, Маскве, Лондане, Падуі (1986—92). Важкі ўклад у С. (пераважна ў даследаванне крыніцазнаўчых аспектаў выдавецкай дзейнасці і творчасці Скарыны і яго біяграфіі) замежных гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, філолагаў (Ю.​Віцьбіч, Л.​Гарошка, Р.​Жук-Грышкевіч, Я.​Запруднік, А.​Калубовіч, В.​Пануцэвіч, Я.​Пятроўскі, В.​Кіпель, С.​Станкевіч, Я.​Станкевіч, П.​Татарыновіч, П.​Урбан і інш.). Адным з цэнтраў славяназнаўчых даследаванняў у 1920—30-я г. была Прага. У 1926 у Пражскім ун-це абараніў дысертацыю «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве» І.​С.​Дварчанін. Гэта было 1-е ў бел. літ.-знаўстве даследаванне пра Скарыну, яго светапогляд, культ.-гуманіст. і патрыят. дзейнасць (у пер. на бел. мову апубл. ў 1991). Этапнымі ў С. былі публікацыі рус. гісторыка-славіста, выкладчыка Карлава ун-та ў Празе, А.​Ф.​Флароўскага, які даследаваў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Скарыны ў Чэхіі. У артыкулах і ў яго манаграфіі «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці: Францыск Скарына і прадаўжальнікі яго справы» (1940—46) прыведзены невядомыя раней факты з біяграфіі Скарыны. На думку даследчыка, Скарына заснаваў сваю друкарню ў Празе, дзе быў высокі ўзровень кнігадрукавання і меліся сувязі з ням. і італьян. выд-вамі. Ён прааналізаваў суадносіны чэшскай Бібліі 1506 і Бібліі Скарыны, высвятляў уздзеянне творчасці Скарыны на бел., рус. і ўкр. рукапісную кніжнасць 16—17 ст. Традыцыі чэшскага С. працягваюць П.​Р.​Покарні, Ф.​Сокалава і інш. Цікавасць у гіст.-параўнальным і бібліягр. аспектах мае шматтомнае выданне «Друкары старажытнай Польшчы XV—XVIII ст.», 5-ы выпуск якога прысвечаны ВКЛ (1959). Дзейнасць Скарыны асвятляецца ў абагульняльных працах польскай даследчыцы М.​Б.​Тапольскай па гісторыі кніжнай культуры ВКЛ. Супрацоўнік Нац. музея ў Варшаве В.​Дэлюга выявіў сувязі некат. пражскіх гравюр Скарыны з папярэднімі чэшскімі, ням., пражскімі друкаванымі яўр. выданнямі 15 — пач. 16 ст. Асобныя пытанні С. з акад. пазіцый рэгулярна асвятляліся ў лонданскім час. «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у час. «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў ЗША. Большую ч. 5-й юбілейнай кн. «Запісаў» (1970), якую падрыхтаваў Тумаш (Сымон Брага) складае храналагічна-бібліягр. агляд прац пра Скарыну. Ён аўтар артыкулаў «Геаграфічная лакалізацыя жыццяпісу доктара Скарыны», «Пытанне імя доктара Скарыны», «Канфіската ў Вроцлаве кнігаў Бібліі Скарыны», «Кнігі Скарыны на захадзе Еўропы ў пару ягонную й сёння». У артыкуле, прысвечаным «Малой падарожнай кніжцы» («Запісы». 1978. Кн. 16), ён даказаў, што 2 дрэварыты нюрнбергскай друкарні канца 15 ст. выкарыстоўваліся Скарынаю ў Вільні. Унікальны дацкі экзэмпляр «Малой падарожнай кніжкі» з захаванай пасхаліяй у 1971 апісаў А.​Надсон, што дазволіла датаваць яе 1522 ці 1523. У манаграфіі бел. віленскага даследчыка Х.​Ільяшэвіча «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)» (1938) зроблена спроба высветліць выключную ролю сталіцы ВКЛ у пашырэнні друкарскай справы на «ўсходзе», уплыў дзейнасці Скарыны на станаўленне бел., рус. і ўкр. кнігадрукавання ў 16—18 ст. Змястоўныя зб-кі прац вільнюскіх навук. канферэнцый, прысвечаных Скарыне, апубл. ў 1979, 1987, 1991.

Этапы паслядоўнага развіцця С. ў сінт. форме адлюстраваны ў спец. абагульняльных працах — «Скарыніянах». Аўтарам 1-й «Скарыніяны», прызначанай для выдання «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926) быў Пічэта. У яго аглядзе ўлічаны асн. выданні актаў (акрамя М.​Круповіча), бібліягр. апісанні Бакмейсцера, Штрытэра, Аляксеева, Сопікава, Каратаева, П.​М.​Строева, прааналізаваны біягр. звесткі, выдавецкая, літ., перакладчыцкая дзейнасць, маст. асаблівасці выданняў, грамадскія погляды, уплыў спадчыны Скарыны на яго паслядоўнікаў, развіццё бел. і ўсх.-слав. культуры. З 1926 і да сярэдзіны 1960-х г. С. даследаваў А.​В.​Флароўскі, у т. л. ў яго фундаментальнай працы «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці» і новых матэрыялах пра Скарыну (дакументы 2-га пражскага перыяду і інш.). Гістарыяграфічныя працы Пічэты і Флароўскага значна дапоўнены даследаваннямі М.​Б.​Батвінніка, Дышыневіч, Каўкі, У.​М.​Казберука. Замежнае С. канца 1940—70-х г. разгледжана ў публікацыі Я.​Садоўскага «Скарыназнаўства на Захадзе пасля другой сусветнай вайны» (1983). Пазнейшыя агляды С. рабілі Неміроўскі, Галенчанка, аўтары артыкулаў у пражскім зб. «Францыск Скарына ў працах чэшскіх славістаў» (1992). Нямала каштоўных гістарыяграфічных аглядаў, рэцэнзій апубл. ў перыяд. выданнях, матэрыялах Скарынаўскіх чытанняў, зб-ках «Беларусіка», «Скарыніч», «Шляхам гадоў» і інш.

Сістэматызацыі даследаванняў па С. спрыялі рэтраспектыўныя бібліягр. паказальнікі галіновай і бягучай бібліяграфіі. 2 рэтраспектыўныя паказальнікі склаў Тумаш (1970, 1989), па аналагічнай схеме — Неміроўскі (1978); найб. поўны паказальнік да юбілею Скарыны склалі Неміроўскі і Л.​А.​Осіпчык (1990). Гісторыя біягр. і кнігазнаўчага вывучэння выданняў Скарыны адлюстравана ў тэматычна-храналагічным паказальніку Галенчанкі (1993).

Асобны раздзел С. стварае публікацыя і вывучэнне дакументальных крыніц, гіст. дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Скарыны. Звесткі пра дакументальныя матэрыялы сустракаюцца ва ўсіх аглядах С. (працы Уладзімірава, Пічэты, Флароўскага, Алексютовіча і інш.). Большасць актаў апубл. ў даследаваннях або розных зб-ках і перыяд. выданнях. Агульны іх спіс з тлумачэннямі змешчаны ў 5-й кнізе «Запісаў» (1970). Дарашкевіч падрыхтаваў 1-е зводнае выданне дакументаў і матэрыялаў «Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (1988, уключана 55 актаў і вытрымак з дакументаў).

Матрыкуляцыйны спіс Кракаўскага ун-та 1504 выявіў С.​Пташыцкі, прамацыйны акт 1506 (пра экзамены на вучоную ступень бакалаўра філасофіі) — А.​С.​Петрушэвіч, экзаменацыйныя запісы Падуанскага ун-та 1512 (пра наданне ступені ў «лекарскіх науках» доктара) — С.​Віндакевіч, пратакол падуанскай курыі 9.11.1512 — Садоўскі. Некалькі дакументаў, звязаных са знаходжаннем Скарыны ў 1530 у Кёнігсбергу абнародаваны А.​І.​Мілавідавым. Шэраг дакументаў пражскага перыяду дзейнасці Скарыны выявіў Флароўскі.

Матэрыялы судовых працэсаў па маёмасных справах 1520 — сярэдзіны 1530-х г., у т. л., віленскія і полацкія акты 1529 і 1535, увёў ва ўжытак Уладзіміраў, пазнанскія — М.​Вайцяхоўская і Дарашкевіч; 2 каралеўскія прывілеі Скарыну — Круповіч. Значную колькасць дакументаў, што, на думку даследчыкаў, датычацца Скарыны, але не ўпамінаюць яго імя, у іх ліку імянны склад віленскай рады, каралеўскі прывілей 1532, прадстаўлены ў пазнанскі магістрат Скарынай, адшукаў Галенчанка. Найб. значныя поспехі С. ў біяграфічных, кнігазнаўчых, літ.-знаўчых і мовазнаўчых даследаваннях, у вывучэнні светапогляду Скарыны.

Літ.:

Ботвинник М.Б. Изучение жизни и деятельности Франциска Скорины в БССР // Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. М., 1979;

Яго ж. Историография изучения «Малой подорожной книжки» и «Апостола» Ф.​Скорины // Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн., 1989;

Яго ж. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны ў ЗША // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1990. № 4—5;

Яго ж. Навука і невуцтва: Скарыназнаўства ў Акадэміі навук БССР і ў Польшчы (1928—1941) // Полымя. 2000. №12;

Дышиневич В.Н. Скориноведение: некоторые вопросы историогр. и библиогр. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1983. Вып. 2;

Чамярыцкі В.А. Скарыназнаўства на сучасным этапе // Славяне: адзінства і мнагастайнасць. Вып. 3. Гуманізм і асветніцтва ў славянскіх культурах. Мн., 1990;

Франциск Скорина в белорусском советском обществоведении. Мн., 1987;

Неміроўскі Я.Л. Скарыназнаўства // Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед Мн., 1988;

Каўка А.К. Беларускае скарыназнаўства ў 20-я гг. XX ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991;

Судавичене Л.В. Литовская скориниана // Франциск Скорина и Вильнюс. Вильнюс, 1991;

Шматаў В. Нататкі мастацтвазнаўчай Скарыніяны // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;

Сокалава Ф. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Ф.​Скарыны чэшскімі даследчыкамі: Пер. з чэш. // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 1;

Галенчанка Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі // Там жа. Мн., 1998. Кн. 9;

Шалькевич В.Ф. Скорина и скориниана. Мн., 2001;

Тумаш В. Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI — XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;

Открытие Скорины: Библиогр. указ. книговедческих и библиогр. описаний изд. Ф.​Скорины, его книг, представленных в собраниях XVI — XX вв., обзоров Скоринианы / Сост. Г.​Я.​Голенченко. Мн., 1989;

Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ. [1539—1989] / Склад. Я.​Л.​Неміроўскі, Л.​А.​Осіпчык. Мн., 1990;

Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ.: Дад за 1530—1988 гг., 1989—1993 гг. / Склад. В.​Грышкевіч. Л.​Юрэвіч. Мн., 1995;

Sadoŭski J. Sludies on doktor Francis Skaryna in the West since World War II // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. 1983. Кн. 17;

Francisco Skoryna v díle českych slavistu. Praha, 1992;

Nemirowskij E. Die Prager Druckerei von Francisk Skorina (1517—1519) // Gesamtkatalog der Frühdruck in kyrilisclier Sclirift. Baden-Baden, 1998. Bd. 3. Гл. таксама да арт. Скарына Ф.

Г.​Я.​Галенчанка, А.​К.​Каўка.

т. 14, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)