спартыўная гульня з мячом і бітай. Узнікла ў ЗША на пач. 19 ст. Гуляюць 2 каманды па 9 чал. на пляцоўцы ў выглядзе ромба з бакамі ў 90 футаў (27,4 м). Вуглы пляцоўкі лічацца «базай» («домам»). Спартсмены атакуючай каманды па чарзе стаяць каля «базы», адбіваюць бітай мяч, які кідаюць ім, і пакуль ён ляціць, перабягаюць да другой «базы». Сапернікі імкнуцца злавіць мяч і пацэліць ім у таго, хто перабягае да «базы». Калі гэта ўдаецца зрабіць тройчы, каманды мяняюцца месцамі. Каманда, якае мае найб. колькасць перабежак праз усе «базы» ў свой «дом» пасля 9 такіх змен, лічыцца пераможцай. Спрошчаны варыянт бейсболу — софтбол (можна гуляць на невял. пляцоўках, у т. л. ў зале). Падобныя на бейсбол гульні ёсць і ў інш. народаў: бел.апука, англ. крыкет, рус. лапта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),
гульня спарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст. пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ШЧАў геаметрыі,
адна з асн. колькасных характарыстык геаметрычных фігур. У найпрасцейшых выпадках вымяраецца колькасцю адзінкавых квадратаў (квадратаў са стараной, роўнай адзінцы даўжыні), якія запаўняюць плоскую фігуру.
П. прамавугольніка роўная здабытку даўжынь дзвюх сумежных старон, П. трохвугольніка — палове здабытку асновы на вышыню. П. многавугольніка вымяраюць шляхам дзялення яго на прамавугольныя фігуры. П. плоскай крывалінейнай фігуры, абмежаванай простым контурам (контур, які не перасякае сябе), наз. агульны ліміт П. многавугольнікаў, да якога імкнуцца плошчы ўмежаванага і акрэсленага многавугольнікаў пры неабмежаваным змяншэнні даўжынь іх старон. Аналітычна П. такой фігуры вылічваецца пры дапамозе вызначанага інтэграла. Каб вызначыць П. фігуры на крывой паверхні, яе разбіваюць на часткі, праектуюць іх на датычную плоскасць і вылічваюць суму П. праекцый. Ліміт гэтай сумы пры неабмежаваным дзяленні фігуры роўны П. фігуры. Аналітычна П. такой фігуры можна вылічыць пры дапамозе паверхневага інтэграла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),
рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.
Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуццада бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш.Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы), неабруталізм,
кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.Лін, А.Сміт і інш.), лабараторыі А.Н.Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.Кан).
Літ.:
Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ.М., 1973.
Даарт.Бруталізм. Медыцынскія даследчыя лабараторыі Пенсільванскага універсітэта ў Філадэльфіі. Арх. Л.Кан. 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАВУЧА́ННЕ УЛАДЗІ́МІРА МАНАМА́ХА»,
помнік стараж.-рускай пісьменнасці 12 ст.; першы свецкі літ. твор. Напісана вял.кн. кіеўскім Уладзімірам Манамахам як запавет-настаўленне сваім дзецям. Створаны ў форме аўтабіяграфіі, твор прасякнуты дыдактычнымі павучаннямі і думкамі дзярж., паліт. і этнічнага характару. Аўтар наказвае сваім дзецям строга прытрымлівацца феад. правапарадку і дагавораў, кіравацца інтарэсамі дзяржавы, а не эгаістычнымі памкненнямі. Сцвярджаючы ідэал князя-патрыёта, цвёрдага ў рашэннях, адважнага ў паходах, Уладзімір Манамах навучаў іх быць працавітымі, імкнуццада ведаў, маральнай дасканаласці. Асэнсоўваючы сваё жыццё, якое прайшло ў шматлікіх ваен. паходах, ён завяшчае нашчадкам прынцыпы гуманнасці і справядлівасці. У помнік уключана таксама пісьмо Уладзіміра Манамаха чарнігаўскаму кн. Алегу Святаславічу, якое вызначаецца веліччу бацькоўскага пачуцця, лірызмам і паэтычнасцю. Захавалася ў Лаўрэнцьеўскім летапісе.
Публ.:
Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978. С. 392-413, 459-463.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
кірунак у філасофіі 20 ст., гал. чынам у англамоўных краінах. Развівалася ў рэчышчы неапазітывізму. Асн. задачу філас. даследавання зводзіла пераважна да аналізу моўных сродкаў пазнання, а філасофска-гнасеалагічную праблематыку — да прыватна-навук. праблем, якія вырашаюцца сродкамі і метадамі логікі, лінгвістыкі, семіётыкі і інш. Класічную філасофію абвяшчае «метафізікай», пазбаўленай навук.-пазнавальнага сэнсу. Метад аналізу, што ўкараніўся ў аналітычнай філасофіі, бярэ пачатак ад даследаванняў Дж.Мура і Б.Расела. У распрацоўку аналітычнай філасофіі зрабілі ўклад Л.Вітгенштэйн і прадстаўнікі «Венскага гуртка». Асн. плыні: філасофія лагічнага аналізу, якая сродкі аналізу бярэ ў сучаснай матэм. логіцы і арыентуецца пераважна на «мову навук» (Р.Карнап, Г.Фейгль і інш.), і лінгвістычная філасофія, што даследуе тыпы ўжывання выразаў у натуральнай паўсядзённай мове, замяняючы фармальна-лагічныя сродкі аналізу лінгвістычнымі і адмаўляючыся ад культу навук. ведаў (Г.Райл, Дж.Осцін і інш.). Абедзве плыні імкнуцца культываваць аналіз як чыстую тэхніку, якая лёгка ўключаецца ў кантэкст розных філас. вучэнняў (экзістэнцыялізм, неатамізм і інш.).
Літ.:
Бегиашвили А.Ф. Метод анализа современной буржуазной философии. Тбилиси, 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НСТВА І БАРАЦЬБА́ ПРОЦІЛЕ́ГЛАСЦЯЎ,
адзін з асн. законаў дыялектыкі, што раскрывае ўнутраную крыніцу і рухаючыя сілы развіцця. Выяўляе пэўныя дачыненні паміж бакамі, момантамі, тэндэнцыямі ўнутры любой з’явы, якія знаходзяцца ў адносінах узаемасувязі, узаемадапаўнення, узаемадапускання, узаемаразумення, узаемаадмаўлення. Такія адносіны паміж процілегласцямі, што адначасова характарызуюцца ўзаемадапаўненнем і ўзаемаадмаўленнем, наз. супярэчнасцю. Калі б процілегласці толькі ўзаемавыключалі адна адну, але не знаходзіліся ў арганічным адзінстве, такія адносіны маглі б служыць толькі кароткачасовым імпульсам, штуршком да змены. Калі паміж імі існавала б толькі адзінства, гармонія і не было ўзаемавыключэння, не было б і стымулу, імкнення да развіцця. Але паколькі процілегласці адначасова ўзаемавыключаюць і ўзаемадапускаюць адна адну, ствараецца ўнутранае напружанне, стан неспакою, пры якім узаемавыключальныя бакі не могуць разысціся і вымушаны ўзаемадзейнічаць, што стварае пастаянны імпульс развіцця. Адносіны процілегласцяў у супярэчанні не статычныя, а дынамічныя і імкнуцца рэалізавацца, выйсці за свае межы, перайсці ў новую якасць, што і з’яўляецца пастаянна дзеючай крыніцай развіцця. Узаемадапусканне і ўзаемавыключэнне процілегласцяў з’яўляюцца неабходнай умовай супярэчнасці, але формы ўзаемадапускання і ўзаемавыключэння могуць быць розныя на розных этапах развіцця супярэчнасці.
Літ.:
Материалистическая диалектика как общая теория развития. М., 1987;
Горбач В.И. Проблемы диалектических противоречий. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАМЕТАДАЛО́ГІЯ (ад этнас + метадалогія),
кірунак у сучаснай зах. сацыялогіі, прадстаўнікі якога імкнуцца зрабіць метады даследавання першабытных народаў і іх культур метадалогіяй вывучэння ўсіх сац. і культ. з’яў. Фарміраванне Э. пачалося з кнігі амер. сацыёлага Г.Гарфінкеля «Даследаванне па этнаметадалогіі» (1967). Ідэйныя вытокі Э. — філасофія экзістэнцыялізму, фенаменалагічная сацыялогія, культ. і сац. антрапалогія. Прадстаўнікі Э. (А.Сікурэл, Г.Сакс, Дж.Джэферсан і інш.) сцвярджаюць, што члены прымітыўных грамадстваў не ў стане былі апісаць і тым больш растлумачыць функцыянаванне існуючых у гэтых грамадствах сац. парадкаў, а ў сучасных індустр. грамадствах і постіндустр. грамадствах большасць грамадзян бярэ ўдзел у стварэнні, рэарганізацыі і функцыянаванні сац. ін-таў. Паводле Э., сацыёлаг у даследаванні сац. рэальнасці не павінен абмяжоўваць шырокаўжывальную лексіку, якая з’яўляецца механізмам сац. камунікацыі паміж людзьмі. Прыхільнікі Э. лічаць, што навук. тэрміны, канцэпцыі, тэорыі з’яўляюцца другаснымі, вытворнымі ад штодзённых зносін і вопыту людзей, у працэсе якога ствараецца аб’ектыўная рэальнасць. Таму, каб пранікнуць у сутнасць сац. працэсаў, неабходна звесці тэарэт. канструкты да цвярозага сэнсу, які заключаецца ў глыбінях этн. свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАЦЭНТРЫ́ЗМ,
сукупнасць поглядаў, ідэй, дзеянняў, якія прыводзяць да абсалютызацыі каштоўнасна-нарматыўнай сістэмы (культуры, звычаяў, традыцый і да т.п.) дадзенага этнасу і адпаведна да недаацэнкі, пагарджання культурай, звычаямі інш.этнічнай групы. Тэрмін «Э.» увёў у навук. ўжытак амер. сацыёлаг У.Самнер у 1906 для абазначэння недаверу і перавагі над інш. народамі, негатыўных адносін ці варожасці даінш.этн. груп. Э. процілеглы талерантнасці. Прыхільнікі Э. імкнуцца навязаць звычаі, традыцыі, нормы сваёй этн. групы ў якасці эталона. Сац.-псіхал. механізмы фарміравання Э. на асобасна-сямейным узроўні і ў быт. сферы складваюцца ў працэсе самаідэнтыфікацыі і звязаны з натуральным для яе проціпастаўленнем «мы—яны», «свае—чужыя», з негатыўным рэагаваннем на ўсё незнаёмае, непрыхільнае. Гэта абумоўлена асаблівасцямі сацыялізацыі асобы ў пэўным іншакультурным асяроддзі, рэалізацыяй існуючых у ёй стэрэатыпаў адносін да прадстаўнікоў інш. этнасаў — плюралістычных, гетэрагенных або гамагенных, этнаэгаістычных. Вынікі сацыялагічных даследаванняў, праведзеных апошнім часам на Беларусі, сведчаць, што адносіны паміж рознымі этн. супольнасцямі могуць быць свабоднымі ад Э., узаемна талерантнымі і добразычлівымі. Больш за палову апытаных рэспандэнтаў сцвярджаюць, што ў штодзённым жыцці яны паводзяць сябе так, як быццам міжнац. адрозненняў у сучасным бел. грамадстве не існуе; менш як 10% з іх баяцца ўзнікнення міжнац. канфліктаў; 12% лічаць, што пры вырашэнні сац.-паліт. праблем неабходна ўлічваць, ці адносяцца асобныя індывіды і іх супольнасці да тытульнай нацыі (беларусаў) або даінш.этн. супольнасцей. Важную ролю ў памяншэнні праяўлення Э. ў розных сферах (эканам., паліт., сацыякульт., сямейна-быт.) адыгрывае паслядоўная і канструктыўная палітыка дзяржавы, якая забяспечвае рэальнае раўнапраўе ўсіх этнасаў, што жывуць на яе тэрыторыі, рэалізуе ва ўсіх сферах жыццядзейнасці абарону прававога статусу нац. меншасцей, арыентаванага на раўнапраўе іх з тытульнай нацыяй.