А́ДАМС (Addams) Джэйн (6.9.1860, Седэрвіл, штат Ілінойс, ЗША — 21.5.1935),
грамадскі дзеяч ЗША. Дзеяч амер.сац. рэфармізму і міжнар. жаночага руху, пацыфістка. У 1889 заснавала ў Чыкага Хал-хаўс — комплекс сац., культ.-асв. і інш. устаноў для беднякоў-імігрантаў. Віцэ-прэзідэнт Амер. асацыяцыі за выбарчае права жанчын (1911 — 14), старшыня Жаночай партыі міру (з 1915), прэзідэнт Міжнар. жаночай лігі за мір і свабоду (1919—29). Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Н.Батлерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТЧЭЛ (Mitchell) Уэслі Клэр (5.8.1874, г. Рашвіл, штат Ілінойс, ЗША — 29.10.1948),
амерыканскі эканаміст і статыстык, прадстаўнік гарвардскай школы. Скончыў Чыкагскі ун-т. Праф. Каліфарнійскага (1909—12) і Калумбійскага (1914—19, 1922—44) ун-таў. У 1920—45 узначальваў Нац. бюро эканам. даследаванняў. Навук. працы і даследаванні ў галіне аналізу эканам. цыклаў і кан’юнктуры, па стат. даследаваннях, гісторыі грашовага абарачэння і інш. Спрабаваў выкарыстоўваць статыстыку для доказу палажэнняў інстытуцыяналізму. Пасля эканам. крызісу 1929—33 адзін з тэарэтыкаў «рэгулюемага капіталізму». Асн. праца «Эканамічныя цыклы» (1913).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛО́РЫ (Flory) Пол Джон (19.6.1910, г. Стэрлінг, штат Ілінойс, ЗША — 8.9.1985),
амерыканскі фізіка-хімік, адзін з заснавальнікаў тэорыі полікандэнсацыі Чл.Нац.АН ЗША (з 1953). Скончыў Манчэстэрскі каледж (1931). З 1948 праф. Корнелскага ун-та, у 1956—61 навук. кіраўнік Меланаўскага ін-та, з 1962 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы палімераў, стат. механіцы макрамалекул. На аснове яго работ створаны метады вызначэння будовы і ўласцівасцей макрамалекул з вымярэнняў вязкасці, седыментацыі і дыфузіі. Нобелеўская прэмія 1974.
Тв.:
Рус.пер. — Статистическая механика цепных молекул. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЙЗІ (Doisy) Эдуард Адэлберт (13.11.1893, г. Хума, штат Ілінойс, ЗША — 23.10.1986),
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1938). Скончыў Ілінойскі ун-т (1914). Д-р філасофіі (1920), праф. (1923). У 1914—17 працаваў у Гарвардскай мед. школе, з 1919 у Вашынгтонскім ун-це, у 1923—65 — у мед. школе пры Ун-це ў Сент-Луісе. Навук. працы па вывучэнні структуры вітамінаў і гармонаў. Вылучыў у крышталічнай форме жан. палавыя гармоны эстрон (1929) і эстрадыёл (1936). Адкрыў хім. структуру вітаміну K, ідэнтыфікаваў K1 і K2, сінтэзаваў вітамін K1 (1939). Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Г.Дамам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВІСАН (Davisson) Клінтан Джозеф (22.10.1881, г. Блумінгтан, штат Ілінойс, ЗША — 1.2.1958),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Чыкагскі (1908) і Прынстанскі (1911) ун-ты. З 1911 у Тэхнал. ін-це Карнегі, з 1917 у Лабараторыях Бэл-Тэлефон, у 1946—54 візіт-праф. Віргінскага ун-та. Навук. працы па электроніцы, цеплавым выпрамяненні, фізіцы крышталёў і квантавай фізіцы. Незалежна ад Дж.П.Томсана адкрыў разам з амер. фізікам Л.Джэрмерам (1927) дыфракцыю электронаў на крышталях нікелю, што стала эксперыментальным пацвярджэннем хвалевых уласцівасцей мікрааб’ектаў. Нобелеўская прэмія 1937.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 403—404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ЛУ́ІС (Saint Louis),
горад у цэнтр.ч. ЗША, у штаце Місуры. Засн. ў 1764. 339,3 тыс.ж., з прыгарадамі каля 2,5 млн.ж. (2000, частка прыгарадаў у штаце Ілінойс). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Місісіпі, ніжэй за ўпадзенне ў яе р. Місуры. Буйны прамысл., гандл.-фін. цэнтр і трансп. вузел Сярэдняга Захаду ЗША. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: авіяц., ракетна-касм., радыёэлектронная, эл.-тэхн., металаапр., аўтазборачная, нафтаперапр., хім., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, паліграф., ваенная. Чорная і каляровая металургія, вытв-сцьчыг. вагонаў. 7 ун-таў. Маст. музей. У С.-Л. адбыліся III летнія Алімп. гульні (1904).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТЫНГЛІ (Mattingly) Томас (н. 17.3.1936, г. Чыкага, штат Ілінойс, ЗША),
касманаўт ЗША. Бакалаўр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў вышэйшую школу ў г. Маямі (штат Фларыда), ун-т у г. Оберн (1958, штат Алабама), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Ч.Дзюкам здзейсніў палёт да Месяца з выхадам у адкрыты космас як пілот асн. блока касм. карабля (КК) «Апалон-16» (у час пасадкі месяцавай кабіны знаходзіўся на калямесяцавай арбіце); 27.6—4.7.1982 з Г.Хартсфілдам — палёт на КК «Калумбія» (як камандзір); 24—27.1.1985 — палёт на КК «Дыскаверы» (як камандзір). У космасе правёў 20,8 сут. Залаты медаль НАСА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЭ́НДБЕРГ (Sandburg) Карл (6.1.1878, г. Гейлсберг, штат Ілінойс, ЗША — 22.7.1967),
амерыканскі паэт. Дэбютаваў у 1916 «Вершамі пра Чыкага». Свабодны верш С. максімальна набліжаны да прозы, яго паэт. своеасаблівасць — у праўдзівым лірычным бачанні свету (зб-кі «Зборшчыкі кукурузы», 1918; «Дым і сталь», 1920; «Камяні спаленага сонцам Захаду», 1922; «Добрай раніцы, Амерыка!», 1928). У традыцыях У.Уітмена напісана эпічная паэма «Народ — так!» (1936). Аўтар біяграфіі «Аўраам Лінкальн» (т. 1—6, 1926—39), гіст. рамана «Скала ўспамінаў» (1948), зб.філас. лірыкі «І мёд, і соль» (1963). Аптымізм паэзіі С. звязаны з верай у духоўнасць народа, сац. справядлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НКАЛЬН (Lincoln) Аўраам (12.2. 1809, каля г. Ходжэнвіл, ЗША — 15.4.1865),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. З 1836 адвакат. У 1834—41 дэп. ад партыі вігаў у парламенце штата Ілінойс, у 1847—49 дэп. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША; выступаў за спыненне амер.-мекс. вайны 1846—48. З 1856 чл.Рэспубліканскай партыі ЗША. У 1861—65 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі (адзін з найб. папулярных прэзідэнтаў краіны, пра яго паліт. курс гл. ў арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65). 14.4.1865 смяротна паранены ў т-ры Форда ў Вашынгтоне паліт. праціўнікам акцёрам Дж.Бутсам.
Літ.:
Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США М., 1988;
Борисовский Б. Что утаил военный трибунал после убийства Авраама Линкольна // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС (Davis) Майлс Дзьюі (25.5.1926, г. Олтан, штат Ілінойс, ЗША — 28.9.1991),
амерыканскі джазіст, трубач, кампазітар; адзін з вядучых прадстаўнікоў і наватараў сучаснага джаза. Выступаў з 1941 у Сент-Луісе, з 1945 у Нью-Йорку. Кіраваў многімі ансамблямі. Першы (разам з Ч.Паркерам) эксперыментаваў у стылях бібоп (1945), кул-джаз (1950-я г.), джаз-рок (з канца 1960-х г.). Звяртаўся да стылю дыска, поп-музыкі, запрашаў у ансамбль рок-музыкантаў. У 1968 пачаў іграць на электраінструментах, дадаў электроннае прыстасаванне да сваёй трубы, павялічыў колькасць ударных інструментаў у ансамблі. Сярод альбомаў Д.: «Нараджэнне кула» (1957), «Іспанскія замалёўкі» (1959), «Заваруха» (1970), «Балетная пачка» (1985). Аўтар музыкі да кінафільма «Ліфт на эшафот» (1958).
Літ.:
Симоненко В.С. Лексикон джаза. Киев, 1981;
Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977.