КАВАЛЕ́РАВА (Вера Ільінічна) (н. 13.7.1951, Мінск),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1991). Займалася ў дзіцячай тэатр. студыі пры Рэсп. студыі тэлебачання (1959—69). З 1970 працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі (у 1978—84 у Львоўскім драм. т-ры). Актрыса на ролі травесці. Яе спецыфічная тэхніка выканання роляў казачных персанажаў выразна падкрэслівае іх характарнасць: Чыпаліна («Чыпаліна і яго сябры» паводле Дж.Радары), Ліс («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага) і інш. Выканаўца, здольная і на глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет вобразаў: Элен і Гітэль Моска («Стваральніца цуду» і «Двое на арэлях» У.Гіпсана). Лепшыя ролі вылучаюцца раскрыццём душэўнага стану персанажаў, тэмпераментнасцю, узрушанасцю пачуццяў: Міколка («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Кацярынка, Зоська («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Ларыса («Чатыры кроплі» В.Розава) і інш.
А.А.Савіцкая.
т. 7, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ,
муж і жонка, рэвалюцыянеры.
Сяргей Аляксеевіч (19.5.1874, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — ?). У 1894—98 вучыўся ў Маскоўскім ун-це. За рэв. дзейнасць выключаны і жыў у Курску пад наглядам паліцыі. Разам з жонкай арганізаваў гурток, наладзіў выпуск лістовак. З 1903 у Мінску, пам. юрысконсульта на Лібава-Роменскай чыгунцы. Далучыўся да Мінскай групы РСДРП і вёў агітацыю сярод чыгуначнікаў. З 1905 у складзе Мінскага кааліцыйнага савета. У 1905 арыштаваны, вызвалены ў 1906, ад рэв. дзейнасці адышоў. У 1917—20 уваходзіў у Маскоўскую арг-цыю меншавікоў. Да 1933 працаваў юрысконсультам у Маскоўскім саюзе металістаў.
Вера Ільінічна (13.2.1878, в. Гусарка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — ?). Скончыла Харкаўскую гімназію (1897). У рэв. дзейнасць уключылася ў Курску. У Мінскай групе РСДРП выконвала абавязкі сакратара і касіра, падтрымлівала сувязі з друкарняй. Пасля Курлоўскага расстрэлу арганізавала к-т дапамогі параненым. Наладзіла выпуск лістовак і іншых матэрыялаў, якія перадаваў ёй з турмы муж.
Н.В.Назарава.
т. 3, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)