МОРФАТРАПІ́Я (ад морфа... + грэч. tropos паварот),

змена крышт. структуры, якая адбываецца ў шэрагу аднатыпных хім. злучэнняў пры замене ў малекуле аднаго з атамаў на суседні па групе ў перыяд. сістэме элементаў; з’ява процілеглая ізамарфізму (гл. Ізамарфізм у геалогіі). Назіраецца ў шэрагу карбанатаў металу II групы: MgCO3, CaCO3, SrCO3, BaCO3, у якім крышт. структура мяняецца ад структуры араганіту, уласцівай карбанату магнію MgCO3, да структуры кальцыту, характэрнай для карбанатаў стронцыю SrCO3 і барыю BaCO3. Для карбанатаў кальцыю вядомы 2 паліморфныя мадыфікацыі — араганіт і кальцыт.

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ СІСТЭ́М,

навуковая канцэпцыя даследавання аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой сістэмы. Цесна звязана з сістэмным падыходам, з’яўляецца канкрэтызацыяй і логіка-метадалагічным выражэннем яго прынцыпаў і метадаў. Агульную тэорыю сістэм, адну з першых версій якой распрацаваў Л.​Берталанфі, абагульняе прынцыпы цэласнасці, арг-цыі, эквіфінальнасці (дасягнення сістэмай аднолькавага канчатковага стану пры розных зыходных умовах) і ўзаемаадназначнай адпаведнасці — ізамарфізму (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). У межах гэтай канцэпцыі было арганізавана даследаванне адкрытых сістэм, якія пастаянна абменьваюцца рэчывам і энергіяй са знешнім асяроддзем. У 1950—70-я г. існавалі і інш. падыходы да пабудовы агульнай тэорыі сістэм (М.​Месаровіч, Л.​Задэ, Р.​Акоф, Дж.​Клір, У.​Н.​Садоўскі, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў, Р.​Калман, Э.​Ласла і інш); асн. ўвага звярталася на распрацоўку логіка-канцэптуальнага і матэм. апарата сістэмных даследаванняў.

Літ.:

Садовский В.Н. Основания общей теории систем: Логико-методол. анализ. М., 1974;

Уёмов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;

Bertalanffy Z. v. General system theory: Foundations, development, applications. New York, 1969.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭНТЫФІКА́ЦЫЯ (ад позналац. identifico атаясамліваю),

апазнаванне, устанаўленне тоеснасці аб’ектаў. У навук. ўжытак тэрмін ўведзены З.Фрэйдам, які разглядаў яе як неўсвядомлены працэс пераймання, як самую раннюю праяву эмацыянальнай прыхільнасці дзіцяці да маці, эмацыянальнае зліццё з ёю. У неартадаксальным псіхааналізе І. трактуецца як цэнтр. механізм фарміравання здольнасці “Я”-суб’екта да самаразвіцця, псіхал. абароны яго ад знешніх пагражальных аб’ектаў. У сучаснай псіхалогіі пад І. разумеецца атаясамліванне суб’ектам сябе з інш. аўтарытэтнай асобай, рэальнай або намінальнай групай; засваенне (інтэрыярызацыя) іх каштоўных арыентацый, норм і ўзораў паводзін; механізм псіхал. абароны, які выяўляецца ў імітацыі, пераймальных паводзінах і прыпадабненні да аб’екта, які выклікае страх або трывогу; успрыманне інш. чалавека як прадаўжэння сябе, міжвольнае прыпісванне яму сваіх думак, пачуццяў, перажыванняў; пастаноўка сябе на месца другога, суперажыванне, перанясенне ў стан, абставіны другога. У сацыялогіі і сацыяльнай псіхалогіі І. — важны механізм сацыялізацыі асобы, пры дапамозе якога засвойваюцца сац. ролі, устаноўкі, нормы, ідэалы. У тэхніцы і матэматыцы І. — выяўленне адпаведнасці распазнавальнага прадмета свайму вобразу (знаку, мадэлі і інш.); стварэнне аналогій, абагульненняў і іх класіфікацыя, распазнаванне вобразаў, аналіз знакавых сістэм (гл. Ізамарфізм, Мадэліраванне). У хіміі І. — вызначэнне будовы і саставу невядомага злучэння шляхам параўнання вынікаў аналізу, а таксама хім. і фіз. уласцівасцей гэтага злучэння з аналагічнымі характарыстыкамі вядомага злучэння. Прыёмы І. выкарыстоўваюць у літаратуразнаўчых, гіст. і археал. даследаваннях, а таксама ў крымінальным праве (гл. Ідэнтыфікацыя ў крыміналістыцы).

Літ.:

Столин В.В. Самосознание личности. М., 1983;

Андреева Г.М. Психология социального познания. М., 1997;

Хьелл Л., Зиглер Д. Теории личности: Пер. с англ. СПб., 1997.

Л.​І.​Навуменка.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)