ГА́РСТАНГ ((Garstang) Джон) (5.5.1876, г. Блэкберн, Вялікабрытанія — 12.9.1956),
англійскі археолаг. Праф. (1907). З 1902 кіраваў даследаваннямі рымскіх старажытнасцей у Англіі, у 1907—11 археал. экспедыцыямі ў Егіпце, Сірыі і М. Азіі. У 1904—14 праводзіў раскопкі стараж.г. Мероэ (Паўн. Судан), у 1920—21 — г. Аскалон (Ашкелон, Ізраіль), у 1930—36 — г. Эрыха (Іерыхон, Зах. бераг р.Іардан), у 1936—39 — г. Мерсін (Турцыя). У 1919—26 кіраўнік упраўлення старажытнасцямі Палесціны і дырэктар Брыт.археал. школы ў Іерусаліме. У 1947 дырэктар Брыт. ін-та археалогіі ў Турцыі. Аўтар прац «Зямля хіцітаў» (1910), «Асновы біблейскай гісторыі: Ісус Навін, Суддзі» (1931) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭМП-ДЭ́ВІДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1978,
комплекс пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам пры пасрэдніцтве ЗША аб мірным урэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту. Падпісаны 17 вер. ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дж.Картэра ў Кэмп-Дэвідзе (адсюль назва) прэзідэнтам Егіпта А.Садатам, прэм’ер-міністрам Ізраіля М.Бегінам і Картэрам (сведка). Прадугледжвалі наданне абмежаванага самакіравання арабам-палесцінцам з Зах. берага р.Іардан і сектара Газа, заключэнне егіпецка-ізраільскага сепаратнага мірнага дагавора (падпісаны ў Вашынгтоне 26.3.1979 на ўмовах вываду ізраільскіх войск з Сінайскага п-ва, куды часова ўводзіліся войскі ЗША і краін НАТО). За гэтыя пагадненні Садату і Бегіну прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978. К.-д.п., падпісаныя без удзелу Арганізацыі Вызвалення Палесціны, не былі прызнаны ААН, большасцю араб. краін, тагачасным кіраўніцтвам СССР і ў Палесціне фактычна не выконваліся, аднак палепшылі егіпецка-ізраільскія адносіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),
біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р.Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.Гіберці, Анджэліка, Д.Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.Караваджа, Рэмбрант, Б.Э.Мурыльё, Н.Пусэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́І, Хасманеі,
дынастыя першасвятароў іерусалімскага храма і цароў Іудзеі ў 2—1 ст. да н.э. Заснавальнік — свяшчэннаслужыцель з в. Модзін Матафія Хасманей (п. у 166 да н.э.). У 167 да н.э. ён узначаліў паўстанне супраць правіцеля дзяржавы Селеўкідаў — Антыёха IV, які намагаўся забараніць іудаізм. Матафія разбіў войскі Антыёха і вызваліў Іерусалім. Яго сыны: Іуда Макавей (адсюль назва дынастыі); Іанатан (з 153/152 першасвятар іерусалімскага храма, у 143 да н.э. паланёны і забіты сірыйцамі); Сімон (143—134 да н.э.), які дамогся поўнай незалежнасці Іудзеі. Сын апошняга Іаан Гіркан I (134—104 да н.э.) заваяваў Самарыю і прымусіў ідуміцян прыняць іудаізм, яго сын Арыстобул I быў абвешчаны царом Іудзеі [104—103 да н.э.]. Пры яго браце Александру Янаю [103—79 да н.э.] Іудзейскае царства дасягнула найб. росквіту і ўключала тэр. Палесціны і раёны за р.Іардан. У 63 рымскі палкаводзец Пампей умяшаўся ў дынастыйныя спрэчкі М., заняў Іерусалім і прымусіў іх прызнаць уладу Рыма. Б.ч. М. была ў 37 знішчана Ірадам I. М. прысвечаны «Кнігі Макавейскія» са Старога запавету, яны лічацца нац. героямі яўр. народа.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война: Пер. с нем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-ІЗРА́ІЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1948—49,
Палесцінская вайна, вайна паміж араб. краінамі (Іарданія, Егіпет, Ірак, Сірыя, Ліван) і Ізраілем у маі — студз. 1949. Звязана з вырашэннем палесцінскага пытання. Рэзалюцыя Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 прадугледжвала стварэнне на тэр. Палесціны араб. (11,1 тыс.км²) і яўр. (14 тыс.км²) дзяржаў. Вялікабрытанія 14.5.1948 адмовілася ад мандата на Палесціну, а Ізраіль абвясціў сваю незалежнасць. 15.5.1948 сем араб. краін (у т. л. Саудаўская Аравія і Йемен, хоць яны не ваявалі) абвясцілі Ізраілю вайну. У ходзе баявых дзеянняў араб. часці (30 тыс.чал.) заваявалі шэраг населеных пунктаў Ізраіля і наблізіліся да Іерусаліма і Тэль-Авіва. Па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН 11 чэрв. падпісана перамір’е. Ізраіль пасля закупак зброі і баявой тэхнікі за мяжой, прыбыцця новых імігрантаў павялічыў армію з 67 да 120 тыс.чал. 15.10.1948 ён аднавіў ваен. дзеянні і на працягу 2 месяцаў перанёс баі на тэр. Егіпта і Лівана. Пад націскам Вялікабрытаніі кароль Егіпта Фарук пагадзіўся на перамір’е. 7.1.1949 баявыя дзеянні спынены, у лют.—ліп. 1949 заключана перамір’е. У выніку вайны Ізраіль заняў дадаткова 6,7 тыс.км²араб. зямель і зах.ч. Іерусаліма. Гэтыя землі вымушаны былі пакінуць 900 тыс. арабаў. Зах. бераг р.Іардан і ўсх.ч. Іерусаліма засталіся пад уладай Іарданіі, а сектар Газа — Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р.Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км2. Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На 3 цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р.Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т.л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км2, на З, асабліва ў даліне р.Іардан, больш за 100 чал. на 1 км2. На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв. Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р.Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р.Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т.л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т.л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р.Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС i BMC. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРЫХО́Н (стараж.-яўр.Ерыхо, грэч. lerichō, араб.Эрыха),
горад у Палесціне, на тэр.Заходняга берага ракі Іардан, на ПнУ ад Іерусаліма. Каля 7 тыс.ж. (1990). І. самы нізка размешчаны горад у свеце (250—260 м ніжэй узр. м.). Харч.прам-сць. Гандл. і рамесны цэнтр с.-г. раёна (плантацыі бананаў, апельсінаў). Турызм.
Самае стараж. ў свеце паселішча, пазней умацаваны мурамі горад першабытных земляробаў. У 7—2-м тыс. да н.э. горад у Палесціне. У 3-м тыс. да н.э. дасягнуў росквіту (развіваліся вінаробства, гандаль серай, бітумам, соллю і інш.). У 13 ст. да н.э. захоплены яўр. плямёнамі. У 7—6 ст. да н.э. адбудаваны, у 587 да н.э. разбураны вавілонцамі. У час Іудзейскай вайны 66—73 разбураны Веспасіянам. У 7 ст. захоплены арабамі, у 1099 — крыжакамі, у 1187 без бою ўзяты войскамі Салах-ад-дзіна. У заняпадзе да 19 ст. З 1948 у межах Іарданіі. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 далучаны да тэр. Ізраіля. Паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў аўтаномію.
У выніку раскопак 1907—56 (з перапынкамі) адкрыты рэшткі ўмацаваных паселішчаў эпохі неаліту і бронзы, руіны горада 18—16 ст. да н.э. з магутнымі сценамі, вял. шахтавыя грабніцы; знойдзены скульпт. галовы з гліны, налепленай на чалавечыя чарапы. Паводле біблейскага падання, сцены І. абваліліся ад гукаў труб заваёўнікаў (адсюль выраз «іерыхонскія трубы).
Я.Ф.Шунейка (гісторыя, архітэктура).
Да арт.Іерыхон. Ж.Фуке. Узяцце Іерыхона. Мініяцюра. 1470-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,
ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл.Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р.Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.Рабіна ў ліст. 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАЕ МО́РА,
бяссцёкавае салёнае возера на мяжы Ізраіля і Іарданіі. Займае самую нізкую ч. самай глыбокай на сушы тэктанічнай катлавіны Гхор, узровень вады на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Складаецца з 2 катлавін — больш глыбокай паўн. і мелкай паўд., якая падзелена дамбамі на басейны для выпарэння вады і наступнай здабычы мінеральных солей. Пл. 940 км2, даўж. 80 км, найб.шыр. 15 км. Найб. глыбіня 394 м. Становішча урэзу вады непастаяннае і вагаецца ў межах некалькіх метраў у залежнасці ад колькасці атм. ападкаў і адбору вады на арашэнне і водазабеспячэнне ў бас.р.Іардан — адзінай ракі, якая ўпадае ў М.м. Больш значныя ваганні ўзроўню назіраліся ў геал. мінулым: 23 тыс. гадоў назад узровень быў на 200 м вышэй, пазней апускаўся на 300 м ніжэй сучаснай адзнакі. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання, утварылася 1,5—2 млн. гадоў назад. Т-ра вады да глыб. 40 м зменьваецца па сезонах і складае 16 °C зімой і 36 °C летам, ніжэй пастаянная — 21 °C. Кліматычныя ўмовы (сухі пустынны клімат, т-ры паветра ад 14 °C у студз. да 30 °C і больш у ліп.) спрыяюць вял. выпарэнню і выклікаюць высокую салёнасць вады — 322 %°(у кожным літры вады М.м. 322 г солей). Элементны склад солей у 1 л вады: хлору — 212 г, магнію — 41 г, натрыю — 39 г, кальцыю — 17 г, калію — 7 г, брому — 5 г, інш. элементаў — 1 г. У водах М.м. растворана 44 млрд.т солей. Высокая мінералізацыя вады М.м. з’явілася прычынай адсутнасці ў возеры арган. жыцця (за выключэннем некаторых відаў анаэробных бактэрый). Берагі М.м. пустынныя, з рэдкімі аазісамі. На ўзбярэжжы бальнеалагічныя курорты. У паўд.ч. — здабыча мінер. солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСЦІ́НА,
гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.
Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т.л. Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч.тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.
У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале з Макавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст.н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р.Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р.Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі з б.ч.араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю 3/4тэр.Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.
Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст.н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). З арх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст.яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв.яўр. стыль (сюжэты з яўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.Мансур, Н.Сумі, У.Тамары, І.Шамут, М.Хаграс і інш.). У традыц.нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт.Іарданія, Ізраіль.
Літ.:
Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.
У.С.Кошалеў (гісторыя).
Да арт.Палесціна. У.Тамары. Жывыя карані. 1974.Да арт.Палесціна Н.Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.Да арт.Палесціна. С.Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.