ВАРЭ́З ((Varèse) Эдгар) (22.12.1883, Парыж — 7.11.1965),

амерыканскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1906—07). З 1908 дырыжыраваў харамі і аркестрамі ў Берліне, Празе; з 1915 у Нью-Йорку. Лічыў музыку «арганізаваным шумам», імкнуўся павялічыць акустычныя магчымасці інструментаў. Эксперыментаваў у сферы канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі. Сярод твораў: п’есы «Гіперырызма» для духавых і ўдарных (1923), «Інтэгралы» для камернага арк. і ўдарных (1925), «Іанізацыя» для 13 ударнікаў (1931), «Экватарыял» для аргана, ударных, труб, трамбонаў, 2 хваляў Мартэно і баса (1934), «Пустыня» для электронных духавых і ўдарных (1954). Аўтар прац па электроннай музыцы, муз.-крытычных артыкулаў.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,

паталагічны стан арганізма, які ўзнікае ад агульнага дзеяння іанізавальнага выпрамянення.

Пры П.х. адбываецца іанізацыя атамаў і малекул цела радыеактыўным выпрамяненнем з глыбокімі незваротнымі зменамі ў клетках і органах, парушаюцца функцыі генет. апарата, нерв., крывятворнай, страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Адрозніваюць вострую і хранічную форму П.х. Вострая форма падзяляецца на лёгкую, сярэднюю, цяжкую і вельмі цяжкую. Ступень цяжкасці абумоўлена дозай выпрамянення, плошчай апрамянення і рэактыўнасцю арганізма. У залежнасці ад доз агульнага апрамянення выдзяляюцца 4 формы П.Х.: косцемазгавая, кішэчная, цэрэбральная, таксемічная. У цячэнні косцемазгавой формы вылучаюць першасную рэакцыю, латэнтны перыяд, разгар хваробы і ўзнаўленчы перыяд. Лячэнне комплекснае.

А.​С.​Маўрычаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭ́КТАРЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.

Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл. Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,

газаразрадныя прылады, у якіх электрычная энергія пераўтвараецца ў аптычнае выпрамяненне пры праходжанні току праз рэчыва ў газападобным стане. Маюць шкляную, кварцавую або метал. (з празрыстым акном) абалонку з герметычна ўпаянымі электродамі, запоўненую газам (звычайна інертным) або парай металаў (напр., ртуці) пад ціскам. Бываюць газаразрадныя крыніцы святла з адкрытымі электродамі, якія працуюць у паветры або струмені газу (напр., вугальная дуга).

У газаразрадных крыніцах святла адбываецца тлеючы або дугавы разрад (гл. Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя). Імпульсныя лямпы з ксенонавым запаўненнем (трубчастыя, прамыя, спіральныя і U-падобныя) выкарыстоўваюцца для напампоўкі лазераў, імпульснага асвятлення пры фатаграфаванні, у страбаскапіі, аптычнай лакацыі і інш. Дугавыя ксенонавыя лямпы трубчастай або сферычнай формы маюць высокую светлавую аддачу і спектр выпрамянення, блізкі да спектра сонечнага святла ў бачнай вобласці. Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. плошчаў, стадыёнаў і інш., а таксама ў святлокапіравальных і фоталітаграфічных апаратах, праекцыйнай апаратуры. Дугавыя натрыевыя лямпы ў спалучэнні з ртутнымі выкарыстоўваюцца для асвятлення дарог, тунэляў, аэрадромаў і інш. У якасці эталонных крыніц святла ў атамна-абсарбцыйных і атамна-флюарэсцэнтных спектрафатометрах, інтэрферометрах, рэфрактометрах і інш. прыладах выкарыстоўваюць спектральныя лямпы.

Ф.​А.​Ткачэнка.

Газаразрадныя крыніцы святла: а — імпульсная ксенонавая лямпа ІНП 13/250; б — дугавая ртутная лямпа ДРШ 500 (1 — электроды, 2 — абалонка, 3 — токападводы, 4 — дапаможны электрод); в — дэйтэрыевая спектральная лямпа ДДС-30 (1 — шкляны балон, 2 — кварцавае акенца); г — натрыевая лямпа высокага ціску (1 — разрадная трубка, 2 — барыевы газапаглынальнік); д — лінейная лямпа імгненнага перазапальвання для каляровага тэлебачання (1 — разрадная трубка, 2 — траверсы, 3 — электроды).

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.

Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.​Ліберман і К.​Грэбе (1869); О.​Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.

Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш. Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: М = ν/a (ν — скорасць газу, а — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (М<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (М>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.​А.​Чаплыгін, савецкія С.​А.​Хрысціяновіч, А.​А.​Дарадніцын, Л.​І.​Сядоў, ням. Л.​Прандтль, Т.​Маер, англ. Дж.​І.​Тэйлар і інш.

На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.

Літ.:

Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;

Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.

Л.​Я.​Мінько.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ ІАНІЗАВА́ЛЬНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

біяхімічныя, фізіял., генет. і інш. змяненні, што ўзнікаюць у жывых клетках і арганізмах пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. Дзеянне на арганізм залежыць ад віду і дозы выпрамянення, умоў апрамянення і размеркавання паглынутай дозы ў арганізме, фактару часу апрамянення, выбіральнага пашкоджання крытычных органаў, а таксама ад функцыян. стану арганізма перад апрамяненнем. Асн. вынікам узаемадзеяння іанізавальных выпрамяненняў са структурнымі элементамі клетак жывых арганізмаў з’яўляецца іанізацыя, якая прыводзіць да індуцыравання розных хім. і біял. рэакцый ва ўсіх тканкавых сістэмах арганізма. Радыебіял. працэсы, што ідуць на ўзроўні клеткі, ідэнтычныя для чалавека, жывёл і раслін. Адрозненне паміж імі выяўляецца на ўзроўні арганізма. Вылучаюць 2 асн. класы радыебіял. эфектаў: саматычныя (да іх належаць рэакцыі элементаў біясістэмы, што ідуць на працягу ўсяго антагенезу) і генет. (змены, якія рэалізуюцца ў наступных пакаленнях). Да саматычных належаць: радыяцыйная стымуляцыя, радыяцыйныя парушэнні, прамянёвая хвароба, паскарэнне тэмпаў старэння, скарачэнне працягласці жыцця, гібель арганізма. Генетычныя (ці мутагенныя) эфекты іанізавальных выпрамяненняў найбольш небяспечныя. Уздзейнічаючы на ДНК саматычных і генератыўных клетак, іанізавальныя выпрамяненні могуць выклікаць мутацыі, злаякасныя перараджэнні клетак. Ступень біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў залежыць і ад радыеадчувальнасці: маладыя арганізмы больш адчувальныя да выпрамяненняў, паўлятальная доза (D50) для большасці млекакормячых не перавышае 4—5, для некаторых раслін дасягае 30—40 і больш за сотню грэй. У арганізмах вылучаюцца крытычныя органы, якія першыя рэагуюць на іанізавальныя выпрамяненні: у чалавека і жывёл гэта касцявы мозг, эпітэлій страўнікава-кішачнага тракту, эндатэлій сасудаў, хрусталік вока, палавыя залозы; у вышэйшых раслін — утваральныя тканкі (мерыстэмы). Асобнае месца пры ўздзеянні на біясістэмы належыць малым дозам іанізавальных выпрамяненняў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ператварыліся ў паўсядзённы фактар асяроддзя на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях Беларусі, Украіны, Расіі. Рэгулёўнае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў шырока выкарыстоўваецца ў медыцыне (рэнтгенадыягностыка, радыетэрапія, выкарыстанне ізатопных індыкатараў і інш.), сельскай гаспадарцы (радыяцыйны мутагенез і інш.).

Літ.:

Кудряшов Ю.Б., Беренфильд Б.С. Основы радиационной биофизики. М., 1982;

Кузин А.М. Структурнометаболическая теория в радиобиологии. М., 1986;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;

Гродзинский Д.М. Радиобиология растений. Киев, 1989;

Гудков И.Н. Основы общей и сельскохозяйственной радиобиологии. Киев, 1991.

А.​П.​Амвросьеў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×10​15 т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл. Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс. км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.

Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферайтрапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 мазанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.

Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.

У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс. км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.

Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.

Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.

Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Атмосфера: Справ. Л., 1991;

Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;

Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ. М., 1988.

Г.​В.​Валабуева.

Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)