нямецкая паэтэса. У 1940 эмігрыравала ў Швецыю. Аўтар зб-каў «У жыллі смерці» (1947), «Зорнае зацьменне» (1949), «І ніхто не ведае далей» (1957), «Уцёкі і ператварэнне» (1949), «Смерць яшчэ святкуе жыццё» (1961), 14 п’ес (зб. «Знакі на пяску», 1962). Нобелеўская прэмія 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЧНІ́,
у беларусаў тоўстыя мучныя бліны з начынкай. Наз. таксама хапуны. Скаромныя С. начыняюць мясам, тварагом або яйкамі, посныя — яблыкамі, вішнямі, макам і інш. Часта С. пяклі ў дарогу, бралі з сабой у поле. Такія С. вядомы на Пн Віцебшчыны. На Ушаччыне, у некаторых раёнах Магілёўшчыны С. пякуць з хлебнага цеста, якое яшчэ не падышло, без начынкі (гл.Скавароднік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАВАРО́ДНІК,
у беларусаў печыва з хлебнага цеста, якое ўжо замешана, але яшчэ не падышло. Цеста абгладжваюць вадой, пальцам робяць дзірачкі, каб не расколвалася. Часам у цеста дадаюць драную бульбу. Пякуць на патэльні пры агні або на гарачым вуголлі. Калі пякуць прама на чарэні, называюць таксама праснак, выхапень, хапун, перапечка, сачэнь і інш. Вядомы па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ПАЛЬСКІ КУРГА́Н, Лугавая Магіла,
адзін з найбуйнейшых (выш. 21 м) скіфскіх «царскіх» курганоў каля в. Александропаль (Нікапальскі р-н, Украіна). Быў абнесены ровам і земляным валам. Выяўлены 3 разрабаваныя яшчэ ў старажытнасці катакомбы, у якіх знаходзіліся шкілеты багатых скіфаў, іх абслугі, коней (15), рэшткі калясніц, бронзавыя навершы, залатыя і сярэбраныя вырабы — узоры скіфскага і скіфска-грэч. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГУСТА́ЦЫЯ (ад лац. degustatio каштаванне),
ацэнка якасці харч. прадуктаў арганалептычным спосабам (органамі зроку, нюху, смаку).
Пры Д. віна вызначаюцца смак, букет, празрыстасць і колер, для пеністых яшчэ і пеністасць. Пры Д. чаю ацэньваецца пах, смак і колер настою, выгляд сухога чаю і разваранага ліста. У тытуні вызначаюць пах, смак, моцнасць, наяўнасць у дыме алеістых рэчываў. Дэгустуюць таксама стравы, кансервы і інш. прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЧА́ (перс.),
дэкаратыўная тканіна са складаным узорам, утвораным метал. ніткамі ўтку. У Кітаі П. выраблялі яшчэ ў пач.н.э. У старажытнасці ўзор фарміравалі з залатых і сярэбраных нітак на шаўковай аснове, у наш час — з нітак матэрыялаў (сплаваў), што імітуюць гэтыя каштоўныя металы, ці з мішуры на палатне з шаўковых ці баваўняных нітак. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву і аздаблення тэатр. касцюмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. prostitutio апаганенне, ганьбаванне),
продаж свайго цела з мэтай атрымання ўзнагароджання, матэрыяльных выгод. Узнікла як сац. з’ява яшчэ ў ант. грамадстве. У некат. сучасных краінах забаронена, у шэрагу краін — легалізавана. Бел. заканадаўствам за П. ўстаноўлена адм. адказнасць за ўцягненне ў П. непаўналетніх, за арганізацыю і ўтрыманне прытонаў для заняцця П. або зводніцтва і сутэнёрства з карыслівымі мэтамі — крымін. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,
анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-я г. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.К.Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА (лац. norma правіла, узор),
межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. amplificatio пашырэнне),
стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).