HbO2, злучаны з кіслародам гемаглабін. Пераносіць кісларод ад органаў дыхання да тканак і вызначае ярка-чырвоны колер артэрыяльнай крыві. На ўтварэнне і дысацыяцыю HbO2 у арганізме ўплывае канцэнтрацыя вуглякіслага газу (CO2), pH і інш. фактары. Чым больш даступны кісларод для жывёліны, тым меншая роднасць гемаглабіну яе крыві да кіслароду (напр., у наземных жывёл яна меншая, чым у водных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗАНІ́Т (ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),
мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш. Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́РАС ((Carreras) Хасэ) (н. 5.12.1946, г. Барселона, Іспанія),
іспанскі спявак (лірычны тэнар). Выступае ў «Метраполітэн-опера», «Ла Скала», «Ковент-Гардэн» і інш. т-рах свету. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вылучаецца ярка індывідуальным стылем выканання. Вядомы як выканаўца лірычных партый у операх (у т. л. малавядомых) Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні. Выступае ў ансамблях з М.Кабалье, П.Дамінга, Л.Павароці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭ́Т,
летні сорт яблыні канадскай селекцыі. Атрыманы ад свабоднага апылення Грушаўкі маскоўскай. На Беларусі пашыраны ў аматарскім садаводстве.
Дрэва сярэднярослае, з авальнай рэдкай кронай і моцнымі шкілетнымі галінамі, накіраванымі ўверх. Пладаносіць на 5-ы год, ураджайнасць высокая, але нерэгулярная. Сорт сярэднезімаўстойлівы, пашкоджваецца паршой. Плады сярэдняй велічыні, круглавата-канічныя, зеленавата-жоўтыя з ярка-чырв. румянцам. Мякаць белая, сакаўная, пахучая, кіславата-салодкая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫЖА́ЛКА (Tremella),
род гетэрабазідыяльных грыбоў сям. дрыжалкавых. Вядома каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. Сапратрофы. На Беларусі 3 віды.
Найчасцей трапляецца на сухіх галінках лісцевых дрэў на працягу ўсяго года Д. звілістая (T. mesenterica).
Пладовыя целы акруглыя, пукатыя, з глыбокімі звілістымі складкамі, ярка жоўтыя ці аранжавыя, дыям. да 4 см, шчыльнастудзяністыя, пры высыханні рогападобныя. Споры яйцападобныя, гладкія, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulus (Cu)],
шчыльныя, днём ярка-белыя воблакі са значным верт. развіццём (выш. да 5 км і больш). Верхнія часткі падобны да купалаў або вежаў з круглаватымі абрысамі. Узнікаюць найчасцей як воблакі канвекцыі ў халодных паветр. масах, а ў цёплы час года таксама ў мясц.паветр. масах над паверхняй сушы, якая праграецца ўдзень. Могуць ператварацца ў кучава-дажджавыя воблакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РАВЫЯ, ліры-рыбы, марскія мышы,
пячкуркі (Callionymidae), сямейства рыб атр. акунепадобных. 10 родаў, каля 130 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне мораў умеранага і трапічнага паясоў (у Чорным м. 4 віды). Актыўныя ўначы, удзень напаўзакопваюцца ў грунт.
Даўж. да 35 см. Цела без лускі, страката і ярка афарбаванае. Брушныя плаўнікі знаходзяцца спераду грудных. Выражаны полавы дымарфізм. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі.
Да арт.Ліравыя. Ліра-рыба: самец (уверсе) і самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКО́, шэры папугай (Psittacus erithacus),
птушка атр. папугаепадобных. 3 падвіды. Пашыраны ў лясах экватарыяльнай Афрыкі ад Сьера-Леоне да 3 Кеніі, на а-вах Сан-Таме і Прынсіпі. Трымаюцца вял. чародамі, зрэдку асобнымі парамі.
Даўж. 35—40 см. Апярэнне шэрае, хвост — ярка-чырвоны, кароткі. Дзюба чорная, вузкая. Гняздуецца ў дуплах высокіх дрэў, нясе 2 яйцы. Корміцца пладамі і насеннем. Здольны да гукапераймання. Утрымліваецца ў няволі, дзе размнажаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЕНАВО́ЧКАхлебная
(Chlorops pumilionis),
насякомае сям. злакавых мушак. Пашырана ў Еўразіі, у т. л. на Беларусі. Шкодзіць пшаніцы, ячменю, аўсу і інш. хлебным злакам.
Даўж. 3—5 мм, цела светла-жоўтае, на спіне чорныя палосы, вочы ярка-зялёныя (адсюль назва). За год 1—2 пакаленні. Самка адкладвае яйцы на лісце злакаў. Зімуюць лічынкі ў сцёблах азімых, акукліваюцца вясной. Лёт З. ў канцы мая.
Зеленавочка: а — дарослая муха; б — лічынка ў сцябле.