КРЫНІ́ЦЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,
крыніцы радыеактыўных часціц і гама-квантаў. Імі могуць быць радыеактыўныя ізатопы, паскаральнікі зараджаных часціц, ядзерныя рэактары, ядзерны выбух, тэрмаядзерныя рэакцыі і інш. Гл. таксама Радыеактыўныя прэпараты.
т. 8, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1963 аб цывільнай адказнасці за шкоду,
міжнародны акт, прыняты на міжнар. дыпламатычнай канферэнцыі па цывільнай адказнасці за ядзерную шкоду 29.4—19.5.1963. У сувязі з тым, што ядзерныя аб’екты з’яўляюцца крыніцамі павышанай небяспекі, канвенцыя прадугледжвае абсалютную адказнасць за ядзерную шкоду незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці віны. Заключаны акт канферэнцыі падпісаў СССР.
т. 4, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНА-Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкам паражэння з’яўляюцца ядзерныя боепрыпасы, а сродкам дастаўкі іх да цэлі — ракета. Гал. састаўная ч. ядзернай зброі, разнавіднасць зброі масавага знішчэння. З’явілася ў сярэдзіне 1950-х г. Знаходзіцца на ўзбраенні армій ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая. Асн. баявыя ўласцівасці: практычна неабмежаваная далёкасць дзеяння, вялікая паражальная магутнасць, магчымасць нечаканага прымянення, высокая дакладнасць паражэння цэлей, вялікая скорасць, незалежнасць прымянення ад умоў надвор’я і інш.
т. 13, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЫСТАЛО́ГІЯ (ад пратысты + ...логія),
галіна біялогіі, якая вывучае аднаклетачныя ядзерныя арганізмы — пратысты. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваецца як сінонім тэрміна «протазаалогія». На Беларусі даследаванні ў галіне П. пачаты ў 1930-я г. В.Л.Якімавым. Пераважнае развіццё атрымалі вет. і мед. П. Праводзяцца ў Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, віцебскіх Акадэміі вет. медыцыны і ун-це, у БДУ і інш. Значны ўклад зрабілі вучоныя Г.Г.Вінберг, У.Р.Гобзем, В.Ф.Гусеў, М.І.Дылько, П.С.Іванова, С.П.Сузько і інш.
А.С.Шалапёнак.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРО́НЫ (ад грэч. adros вялікі, значны),
элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.
І.С.Сацункевіч.
т. 1, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЛЁНЫЯ»,
грамадска-палітычны рух, які выступае супраць забруджання навакольнага асяроддзя, шкодных наступстваў атамнай энергетыкі, за скарачэнне ваен. бюджэтаў, дэцэнтралізацыю і дэмакратызацыю грамадскага жыцця. Узнік у пач. 1970-х г. у Зах. Еўропе. У ФРГ у 1980 «З.» аформіліся ў партыю. З 1984 існуе Еўрап. партыя «З.», у якую ўвайшлі аб’яднанні з Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Нідэрландаў, ФРГ і Францыі. З канца 1980-х г. рух узнік і ў краінах Усх. Еўропы. «З.» патрабуюць забараніць і знішчыць хім. і бактэрыялагічную зброю, ліквідаваць ядзерныя арсеналы ў Еўропе. Рух падтрымлівае каля 8—12% насельніцтва ў краінах Еўропы. З 1992 на Беларусі дзейнічае Беларуская партыя зялёных.
т. 7, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЫ́СТЫ (ад грэч. prōtistos самы першы),
сукупнасць аднаклетачных ядзерных арганізмаў. Вывучае пратысталогія. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць П. ў асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый. Некат. вучоныя лічаць, што да П. неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напр., некат. расл. жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арган. рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе інш. вучоным аб’яднаць у групу П. ўсе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы.
А.С.Шалапёнак.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖЭ́НЕРАЛ ЭЛЕ́КТРЫК КО́МПАНІ»
(General Electric Company),
буйнейшая ў ЗША прамысл. карпарацыя па электроніцы. Засн. ў 1892 шляхам аб’яднання «Эдысан джэнерал электрык компані» і «Томсан-Хаўстан электрык компані». Штаб-кватэра ў г. Скенектады (штат Нью-Йорк). Кантралюецца фін. групай Моргана. Мае філіялы больш як у 50 краінах свету. Звязана з герм. (удзел у канцэрнах «Осрам» і АЭГ) і брыт. (удзел у канцэрне «Асашыэйтэд электрыкал індастрыс») прам-сцю. Прадукцыя карпарацыі ахоплівае амаль усе галіны машынабудавання, электронікі і электратэхн. прам-сці і інш.: турбіны, лакаматывы, станкі, інструменты, тэлекамунікацыйнае, электратэхн. і электрасілавое абсталяванне, ядзерныя рэактары, ракеты, мед. тэхніка, сінт. алмазы, пластмасы, фарбы, электралямпы і інш. У час 2-й сусв. вайны на з-дах «Дж.э.к.» была зроблена атамная бомба.
т. 6, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГІРАСКО́П,
прылада квантавай электронікі для выяўлення і вызначэння велічыні і знака вуглавой скорасці вярчэння або вугла павароту адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Дзеянне заснавана на гіраскапічных уласцівасцях часціц або хваль (атамных ядраў, электронаў, фатонаў і інш.).
Гэтыя ўласцівасці абумоўлены спінавымі (гл. Спін) і арбітальнымі момантамі мікрачасціц і інш. Карысны сігнал (ён прапарцыянальны скорасці вярчэння) узнікае за кошт прэцэсіі мех. і магн. момантаў мікрачасціц або за кошт узнікнення рознасці фаз ці частот паміж сустрэчнымі хвалямі ў вярчальным контуры. У навігацыі выкарыстоўваюць К.г. лазерныя (адчувальным элементам у іх з’яўляецца кальцавы лазер, які генерыруе 2 сустрэчныя хвалі), валаконна-аптычныя (заснаваны на выкарыстанні эфекту Саньяка — зрушэння інтэрферэнцыйных палос у вярчальным кальцавым інтэрферометры); распрацоўваюцца гіраскопы ядзерныя, электронныя, іонныя, радыеізатопныя, джозефсанаўскія і інш.
Г.С.Круглік.
т. 8, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭ́КТАРЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,
прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.
Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл. Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.
А.В.Берастаў.
т. 6, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)