БЯЛІ́ЛЫ,

неарганічныя пігменты белага колеру. Найб. пашыраны бялілы цынкавыя (цынку аксід, ZnO) і тытанавыя (тытану дыаксід, TiO2).

Цынкавыя бялілы не ядавітыя, устойлівыя да ўздзеяння святла, надаюць пакрыццю бляск, які доўга захоўваецца. Тытанавыя бялілы не ядавітыя, маюць высокую покрыўную здольнасць і інтэнсіўнасць, але пад дзеяннем святла страчваюць бляск, найб. святлоўстойлівая рутылавая форма (гл. Тытану аксіды). Атрымліваюць бялілы сінтэтычна. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ўсіх відаў фарбаў і эмаляў, разведзеныя на пакосце для фарбавання паверхняў з розных матэрыялаў (дрэва, металаў, гумы, пластмасаў, паперы).

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКАТЫ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

група раслін, якія маюць рэчывы, здольныя ўзбуджаць ці прыгнечваць цэнтр. нерв. сістэму. Да Н.р. належаць пераважна вышэйшыя расліны, з ніжэйшых — некат. грыбы (напр., мухаморы). Найб. пашыраны ў тропіках Паўд. і Паўн. Амерыкі, Цэнтр. Азіі. Асн. Н.р.: мак снатворны, каноплі індыйскія, какаінавы куст, гармала звычайная, эхінакактус, блёкат чорны, тытунь і інш. Звычайна ядавітыя, маюць у сабе дзеючыя рэчывы (пераважна алкалоіды), якія валодаюць лек. ўласцівасцямі і выкарыстоўваюцца ў медыцыне, часцей як абязбольвальныя. Пры сістэм. ужыванні прэпаратаў з Н.р. развіваецца залежнасць ад іх — наркаманія. Гл. таксама Лекавыя расліны і Ядавітыя расліны.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІША́ЙНІКАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

фенольныя арганічныя злучэнні, якія маюць у сабе лішайнікі. Валодаюць актыўнасцю антыбіётыкаў. Л.к. атрымліваюць біясінтэзам з рэшткаў воцатнай к-ты. У нар. медыцыне выкарыстоўваюць пры хваробах скуры, слупняку. Некат. ядавітыя.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТАКСІ́НЫ (ад ана... + таксіны),

бактэрыяльныя таксіны, якія ў выніку спец. апрацоўкі (напр., фармалінам, цяплом) страцілі ядавітыя ўласцівасці, але захавалі здольнасць стымуляваць імунітэт. Выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку і інш. інфекцый.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРВІЦЫ́ДЫ, ларвацы́ды(ад лац. larva лічынка + caedo забіваю), хімічныя рэчывы групы пестыцыдаў. Выкарыстоўваюцца ў выглядзе аэразоляў, дустаў, раствораў, эмульсій (напр., карбафос, хларафос, хлорная вапна, гексахлорцыклагексан, крэалін) для знішчэння лічынак і вусеняў насякомых. Некат. Л. ядавітыя для цеплакроўных жывёл і чалавека.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЧА́Р (Antiaris),

род кветкавых раслін сям. тутавых. 6 відаў. Растуць у тропіках Азіі, Афрыкі і на трапічных а-вах. Найб. вядомы анчар ядавіты (A. toxicaria), або упас-дрэва з в-ва Ява.

Аднадомныя шматгадовазялёныя дрэвы або кусты. Лісце чаргаванае простае. Кветкі непрыкметныя, аднаполыя, мужчынскія ў невялікіх плоскіх галоўчатых суквеццях, жаночыя — адзіночныя беспялёсткавыя, з маленькай чашачкай. Плод складаны або зборны (суплоддзе) з мноствам дробных плодзікаў, якія шчыльна сядзяць і абгорнуты сакавітым калякветнікам. Усе віды анчара ядавітыя. У млечным соку анчара ядавітага, які абарыгены выкарыстоўваюць для атручвання наканечнікаў стрэл, знаходзяцца ядавітыя гліказіды — антыярын і антыязідзін. Анчар Бенета (A. bennettii) з в-ва Віты-Леву мае ў пладах кармінавую фарбу, у кары — лубяныя валокны; з валокнаў анчара мяшочнага (A. saccodora) і анчара цэйлонскага (A. ceylonica) вырабляюць мешкавіну. Сок і насенне розных відаў анчара ўжываюць як ірвотны і слабіцельны сродак.

Анчар ядавіты.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКУ́РТ (Latrodectus tredecimguttatus),

ядавіты павук сям. тэрыдыід. Пашыраны ў Зах. Азіі, Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, паўпустынях, пустынях, перадгор’ях.

Даўж. самцоў 4—7 мм, самак 10—20 мм. Самкі чорныя, у самцоў і маладых самак чырв. плямы на брушку. Ядавітыя залозы — у галавагрудзях. Яд — бялковы таксін, які мае нейратропнае дзеянне.

Каракурт.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),

род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.

Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.

Пралеснік шматгадовы.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТАЎКА (Melampyrum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.

Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Братаўка: 1 — лугавая; 2 — дуброўная.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ТАЦЬ (Caltha),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі — Л. балотная (C. palustris, нар. назвы лота, латацень, жоўты кураслеп, мядзведжая лапка). Трапляецца на забалочаных лугах, у алешніках, вадзе.

Шматгадовыя травы з тоўстым, уверсе галінастым сцяблом. Лісце цэласнае, сэрца або ныркападобнае. Кветкі жоўтыя ці белыя з простым калякветнікам. Плод — шматлістоўка. Некат. віды ядавітыя. Лек., фітанцыдныя і дэкар. расліны.

Лотаць балотная.

т. 9, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)