узброенае антыфашысцкае нац.-вызв. паўстанне ў маі 1945 пад кіраўніцтвам Чэш.нац. савета (ЧНС, створаны ў крас. 1945 з прадстаўнікоў усіх груп руху Супраціўлення). Планавалася на 7 мая, але ўжо 1 мая ў шэрагу нас. пунктаў пачалося стыхійнае выступленне жыхароў. 5 мая цэнтрам барацьбы стала Прага: гараджане раззброілі і блакіравалі часці герм. арміі, захапілі склады з ваен. тэхнікай і ўзбраеннем, занялі цэнтр.тэлеф. станцыю, пошту, пачалі ўзводзіць барыкады. У гэты дзень было абвешчана, што ў чэш. землях улада перайшла да ЧНС як прадстаўніка ўрада Нац. фронту (створаны ў крас. 1945 у г. Кошыцы). 6 мая ням.-фаш. камандаванне пачало наступленне на Прагу, у шэрагу раёнаў горада завязаліся баі. 6—7 мая на бок паўстанцаў перайшлі «ўласаўцы» (гл. ў арт.Руская вызваленчая народная армія). Ваен.тэхн. перавага дазволіла акупантам пацясніць паўстанцаў, якія папрасілі дапамогі ў сав. войск. Каб зменшыць колькасць ахвяр і выратаваць Прагу ад разбурэння, сав. камандаванне раней прызначанага тэрміну пачало Пражскую аперацыю 1945. 9—10 мая Прага была вызвалена. У П.п. актыўны ўдзел прымалі эмігранты з Беларусі, у т. л. М.І.Забэйда-Суміцкі.
Літ.:
Движение Сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы, 1939—1945. М., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»
(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),
экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст. — пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл.Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).
Літ.:
Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;
«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г. Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),
бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В.В.Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).
Літ.:
Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;
Левшун Л.В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЫСТА́Н (перс., літар. краіна курдаў),
тэрыторыя ў Зах. Азіі ў межах Турцыі (большая частка), Ірака, Ірана, Сірыі, пераважна ў Курдыстанскіх гарах, населеная ў асноўным курдамі. Паверхня — спалучэнне рачных далін, пласкагор’яў і плато выш. 1500—2500 м, хрыбтоў з вяршынямі да 3500—4168 м. Есць патухлыя вулканы. На Пд — перадгорныя ўскраіны Месапатамскай нізіны. Клімат на З да выш. 1500—2500 м міжземнаморскі, на У — субтрапічны кантынентальны. Ападкаў 200—400 мм, у гарах — да 2000 мм. Рэкі басейнаў Тыгра, Еўфрата, Куры, Аракса. Расліннасць стэпавая і паўпустынная, у гарах — хмызнякі, лясы з хвоі і дуба, рэдкалессі, альпійскія лугі. Насельніцтва займаецца качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла), у далінах вырошчваюць пшаніцу, ячмень, тытунь, бавоўнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Здабыча нафты (Ірак), рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 12 ст. У пач. 16 ст. падзелены паміж Асманскай імперыяй і Іранам, улада якіх над К. заставалася намінальнай. Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Асманскай імперыі раёны К., якія ёй належалі, увайшлі ў склад Турцыі, Сірыі і Ірака. Сеўрскі мірны дагавор 1920 прадугледжваў стварэнне курдскай дзяржавы, але гэта не было здзейснена. Буйныя паўстанні курдаў адбыліся ў 1931—32 і 1944—45 у Іраку. У 1945—46 на ПнЗ Ірана існавала курдская т. зв. Мехабадская рэспубліка. У 1961 на Пн Ірака пачалося паўстанне курдаў пад кіраўніцтвам Дэмакр. партыі К. (ДПК) на чале з М.Барзані. У сак. 1970 урад Ірака стварыў курдскую аўтаномію, але яе абмежаванасць падштурхнула ДПК працягваць барацьбу да 1975, калі іранскі ўрад спыніў сваю дапамогу паўстанцам. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 абодва бакі імкнуліся выкарыстаць курдаў у сваіх мэтах, падтрымліваючы курдскіх паўстанцаў на тэрыторыі праціўніка. Пасля Кувейцкага крызісу 1990—91 курда пачалі новае паўстанне супраць іракскага рэжыму. Пад націскам ЗША і іх саюзнікаў на Пн Ірака была створана «зона бяспекі для курдаў». У Турцыі з 1983 Курдская рабочая партыя на чале з А.Аджаланам (у 1999 арыштаваны турэцкімі уладамі) вядзе ўзбр. барацьбу за незалежнасць турэцкага К.; у выніку ваен. дзеянняў загінула больш за 30 тыс чал., сотні тыс. засталіся без прытулку.
Літ.:
Ментешашвили А.М. Курды: Очерки обществ.-экон. отношений, культуры и быта. М., 1984;
Курдское движение в новое и новейшее время. М., 1987;
Васильева Е.И. Юго-Восточный Курдистан в XVII — начале XIX вв.: Очерки истории эмиратов Арделан и Бабан. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭ́СНЫЯ СПЕ́ВЫ (ад позналац. partes галасы, мн. лік ад лац. pars частка, удзел),
від харавых шматгалосых прафес. царкоўных і свецкіх спеваў, заснаваны на акордава-гарманічным прынцыпе, гамафоннай мелодыі і падзеле хору на партыі (дыскант, альт, тэнар, бас). Усх.-слав. праваслаўныя П.с. ў адрозненне ад каталіцкіх і уніяцкіх (з удзелам аргана і інш.муз. інструментаў) не мелі інстр. суправаджэння. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 16 ст., у канцы 16—17 ст. пашырыліся на ўсёй тэрыторыі. У б-ках Аршанскага, Віцебскага, Крычаўскага, Магілёўскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Слуцкага брацтваў знойдзены рукапісы літургічных песнапенняў 1-й пал. 17 ст. на 4, 5, 6, 8, 12 галасоў. Узоры 4-галосых твораў змешчаны ў бел. Ірмалагіёне 1638. Стыль першых прафес. гарманізацый быў цесна звязаны з нар.-песенным шматгалоссем. Мелодыі часам пераймаліся са знаменнага спеву, кантаў, псальмаў. Запазычаны напеў змяшчаўся ў тэнары, бас выконваў функцыю гарманічнага фундаменту, адзін з верхніх галасоў рухаўся паралельна тэнару ў сексту ці тэрцыю, другі запаўняў гарманічную вертыкаль. Запісвалі творы 5-лінейнай кіеўскай (квадратнай) натацыяй (гл.Нотнае пісьмо). Тэксты браліся з літургіі, усяночнай і інш.царк. службаў; выкарыстоўваліся і свецкія тэксты. Першыя ўзоры П.с. — 2- і 3-галосыя канты. Іх зборнікі — канцыяналы, багагласнікі — вядомы з канца 15 ст. Першыя рас. канты пайшлі ад помніка бел.-рус. культуры «Псалтыр рыфматворны» Сімяона Полацкага і В.Цітова. Мелодыі «Псалтыра...» гарманізаваны адпаведна бел. традыцыі, у муз. адносінах цесна звязаны з бел. знаменным спевам. Адным з цэнтраў пашырэння П.с. на Беларусі быў Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пад Оршай, які на пэўны час стаў цэнтрам развіцця новых плыней у музыцы, паэзіі, жывапісе. Шмат бел. тэкставых і муз. (пеўчых) рукапісаў было вывезена ў Маскву (захоўваюцца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве, архівах). Навучаліся П.с. у брацкіх школах. Кожнае бел. брацтва мела хор, які ўдзельнічаў і ў паказах школьнага тэатра. Рас. разнавіднасць П.с. — радковыя спевы (на 2, 3, 4 галасы), што падрыхтавалі глебу для новага шматгалосага стылю.
У Расію П.с. прынесены ў сярэдзіне 17 ст. выхадцамі з Беларусі і Украіны (бел. музыканты З.Гламазінскі, І.Дзякоўскі, І.Календа, І.Канюхоўскі, І.Кокля, Д.Рагачэўскі, дзяк Тызенгаўз). Бел. спявак А.Беражанскі працаваў у Маскве ў 1652. У 1655 у маскоўскім Андрэеўскім манастыры 28 бел. («літоўскіх») пеўчых выконвалі партэсныя творы. У аснове рус. П.с. пач. 18 ст. — пералажэнні як асн. від кампазітарскай дзейнасці. Партытура пералажэнняў складалася з 4 галасоў (сапрана, 1-ы альт, тэнар і лёгкі бас, або дыскант, 1-ы і 2-і альты і тэнар). Гал. жанр П.с. — духоўны канцэрт. Вядомы канцэрты апошняй трэці 17—1-й пал. 18 ст. Яны выконваліся на 3—12, зрэдку на 16, 24 і 48 галасоў. Ім уласціва развітая шматгалосая фактура, муз. тэматызм узыходзіць да кантаў, знаменнага роспеву, слав. народна-песеннай (у вял. ступені да лірычнай зацягучай песні) і прафес.зах.-еўрап.інстр. музыкі. Вядома больш за 50 аўтараў партэсных твораў, у т. л. В.Цітоў, М.Дылецкі, М.Бавыкін, С.Пекаліцкі, М.Калашнікаў, С.Бяляеў, Вінаградскі, Дз.Папоў, пратадыякан Растоўскі, Ф.Светлы, Давідовіч, Г.Падольскі. Творы П.с. 2-й чвэрці 18 ст. зазналі ўплыў зах.-еўрап., асабліва італьян., музыкі, напісаны пераважна ў жанры духоўнага хар. канцэрта (на 6, 8, 12, 24 галасы). Найб. росквіту дасягнуў у творчасці Дз.Бартнянскага. П.с. адыгралі вял. ролю ў развіцці прафес. мастацтва, у фарміраванні жанраў кантаты, гімна, панегірычнага і віктарыяльнага канта.
Літ.:
Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;
Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983;
Вознесенский И. Церковное пение православной юго-западной Руси по нотнолинейным ирмологам XVII и XVIII вв. Киев, 1890;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1, 3. М.;
Пг., 1916, 1922;
Feicht H. «Krakow» Musik in Geschichte und Gegenwart. Basel, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫ ВЕК,
апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс. да н.э. У 15 ст. да н.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст. да н.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст. да н.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст. да н.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 да н.э.), латэнскі (500—100 да н.э.) і рымскі (да 3 50 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст. да н.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст. да н.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст. да н.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст.н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёны чарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб.стараж.жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямён днепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс. да н.э. З 3—2 ст. да н.э. да 1—2 ст.н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёны зарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр.бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёны кіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст.н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл.Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі да феадалізму.
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;
Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.
Да арт.Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст. да н.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст. да н.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),
самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн.км²) частка свету. Размешчана ў паўн.ч.Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На Зунутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн.км², астравы — 2,5 млн.км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м.в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс.км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).
Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн.ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр.ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял.тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн.ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.
Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл.Мусоны). Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пнт-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн.ч.Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.
Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз.Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс.км². Значную тэр.Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс.км²) займае шматгадовая мерзлата.
Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.
Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.
Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд.чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.
Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр.Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).
Літ.:
Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;
Физическая география материков и океанов. М., 1988;
Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;
Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;
Юго-Западная Азия. М., 1979;
Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;
Российская Федерация. М., 1983.
Да арт.Азія. Каменная пустыня.Да арт.Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.Да арт.Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.Да арт.Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.Да арт.Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.Да арт.Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́Й, Кітайская Народная Рэспубліка,
КНР (кіт. Чжунхуа жэньмінь гунхэго), дзяржава ў Цэнтр. і Усх. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй і Манголіяй, на З з Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, на Пд з Індыяй, Непалам, Бутанам, М’янмай, Лаосам, В’етнамам, на У з Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікай; абмываецца Жоўтым, Усходне-Кітайскім, Паўднёва-Кітайскім морамі. Пл. 9,6 млн.км² (3-е месца ў свеце пасля Расіі і Канады). Нас. 1210 млн.чал. (1997, 1-е месца ў свеце). Дзярж. мова — кітайская (7 асн. дыялектных груп). Сталіца — г.Пекін. Краіна падзяляецца на 23 правінцыі (у т.л. Тайвань), 5аўт. раёнаў, 3 гарады цэнтр. падпарадкавання; Сянган (Ганконг) і Аамынь (Макао) — асобныя адм. раёны (гл.табл.).
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Кітая
Адміністрацыйна- тэрытарыяльныя адзінкі
Плошча, тыс.км²
Насельніцтва (1993), млн.чал.
Адміністрацыйны цэнтр
1
2
3
4
Правінцыі
Аньхой
139,0
59,0
Хэфэй
Ганьсу
450,0
23,4
Ланьчжоў
Гірын
187,0
25,6
Чанчунь
Гуандун
186,0
66,1
Гуанчжоў
Гуйчжоў
170,0
34,1
Гуян
Ляанін
145,7
40,4
Шэньян
Сычуань
570,0
111,0
Чэнду
Фуцзянь
120,0
31,5
Фучжоў
Хубэй
187,4
56,5
Ухань
Хунань
210,0
63,1
Чанша
Хэбэй
190,0
63,3
Шыцзячжуан
Хэйлунцзян
469,0
36,4
Харбін
Хайнань
34,0
7,0
Хайкоў
Хэнань
167,0
89,5
Чжэнчжоў
Цзянсі
166,6
39,7
Наньчан
Цзянсу
102,6
69,7
Нанкін
Цынхай
720,0
4,7
Сінін
Чжэцзян
101,8
42,7
Ханчжоў
Шаньдун
153,0
86,4
Цзінань
Шаньсі
156,0
30,1
Таюань
Шэньсі
205,0
34,4
Сіянь
Юньнань
394,0
38,8
Куньмін
Тайвань
36,0
20,8
Тайбэй
Асобныя адміністрацыйныя раёны
Аамынь
0,02
0,5
Аамынь
Сянган
1,1
6,0
Сянган
Аўтаномныя раёны
Гуансі-Чжуанскі
236,3
44,4
Наньнін
Нінся-Хуэйскі
66,4
5,0
Іньчуань
Сіньцзян-Уйгурскі
1600,0
16,0
Урумчы
Тыбецкі
1220,0
2,3
Лхаса
Унутраная Манголія
1183,0
22,3
Хух-Хота
Гарады цэнтральнага падпарадкавання
Пекін
16,8
11,1
Шанхай
6,2
13,5
Цяньцзінь
11,3
9,3
Нац. свята — Дзень абвяшчэння КНР (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы — старшыня КНР. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Усекітайскі сход нар. прадстаўнікоў (УСНП) — аднапалатны парламент (2970 дэпутатаў), які выбіраецца ад правінцый, аўт. раёнаў, гарадоў цэнтр. падпарадкавання і арміі тэрмінам на 5 гадоў. Старшыню КНР выбіраюць на сесіі УСНП на 5 гадоў. У перыяд паміж сесіямі парламента кіраўніцтва дзяржавай ажыццяўляе Пастаянны к-т, які надзелены правам выдаваць дэкрэты і інш. нарматыўныя акты, ратыфікаваць міжнар. дагаворы і пагадненні, зацвярджаць прэм’ер-міністра і членаў урада. Выканаўчая ўлада належыць Савету міністраў, у склад якога, акрамя прэм’ер-міністра ўваходзяць 12 віцэ-прэм’ераў і 50 міністраў. Правасуддзе ажыццяўляюць Вышэйшы нар. суд, нар., ваен. і спец. суды. Старшыню Вышэйшага нар. суда выбірае УСНП. Вышэйшы нагляд за законнасцю належыць Ген. пракуратуры, кіраўніка якой таксама выбірае УСНП.
Прырода. Рэльеф на большай частцы тэр. К. горны. Нізкагор’і і сярэднягор’і (Наньлін, Уішань, Дабешань, Малы Хінган і інш.) выш. 1000—2000 м акаймоўваюць Вял. Кітайскую раўніну, раўніны Паўн. і Паўд. Усходу. На З ад раўнін хрыбты Вял. Хінган, Цыньлін (г. Тайбайшань, 4107 м), Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е, Лёсавае плато. На ПдЗ нагор’е Тыбет (выш. 4000—5000 м). На ўскраінах нагор’я распасціраюцца вял. горныя сістэмы з выш. 7000—8000 м і больш: Гімалаі (г. Джамалунгма, 8848 м, на мяжы з Непалам), Каракарум, Куньлунь, Наньшань і інш. На ПнЗ паміж Куньлунем і Цянь-Шанем Кашгарская ўпадзіна з пустыняй Такла-Макан, паміж Цянь-Шанем і Мангольскім Алтаем Джунгарская ўпадзіна. Паміж хрыбтамі Цянь-Шаня Турфанская ўпадзіна з адзнакай дна -154 м (самае нізкае месца Цэнтр. Азіі). Асн.геал. структурныя адзінкі тэр. К. — Кітайска-Карэйская і Паўднёва-Кітайская платформы, абмежаваныя на ПнЗ і ПнУ палеазойскімі структурамі, на ПдЗ, Пд і У мезазойскімі складкавымі структурамі. Нетры К. багатыя мінер. рэсурсамі. Разведаныя запасы кам. вугалю (3-е месца ў свеце) у асноўным знаходзяцца на Пн, нафты — на У і ПнУ, у т.л. ў шэльфавых радовішчах. Буйныя запасы жал. руды на ПнУ (Аньшаньскі бас.). К. уваходзіць у групу краін, якія займаюць вядучыя месцы ў свеце па запасах вальфраму, волава, сурмы, цынку, малібдэну, свінцу, рэдказямельных металаў. Буйныя запасы нафтаносных сланцаў, серы, баксітаў, солі, ртуці, тытану, золата, гіпсу, магнезіту, азбесту, графіту, плавікавага шпату і інш. Вялікая працягласць тэрыторыі, горны рэльеф, уплыў Ціхага ак. абумоўліваюць разнастайнасць кліматычных умоў. Клімат кантынентальна-мусонны з выражанай сезоннасцю. На б.ч. тэрыторыі зіма сухая і халодная пад уплывам Азіяцкага антыцыклону. Сярэдняя т-растудз. на ПнУ (Вял. Хінган) -30 °C, на Пд (в-аў Хайнань) 18 °C, ліп. ад 20—24 °C (раўніна Сунляо) да 26—28 °C (узбярэжжа Паўд.-Кітайскага м.). У зах. К. клімат рэзка кантынентальны, на б.ч. Тыбета суровы, высакагорны. Ападкаў на У выпадае месцамі 2000 мм і больш, на З да 100—50 мм за год. Частыя засухі і навадненні. На У і ПнУ рачная сетка густая. Найб. значныя рэкі: Янцзы, Хуанхэ, Хуайхэ, Сіцзян, Ляахэ, Сунгары, пагранічныя Амур і Усуры. На тэр. К. вытокі рэк Меконг, Салуін, Брахмапутра, Інд. На У рэкі мнагаводныя, суднаходныя. Найб. высокі ўзровень вады летам. На Пн ад хр. Цыньлін зімой замярзаюць. На З рэк мала, яны малаводныя, найб. — р. Тарым. Рэкі выкарыстоўваюцца для суднаходства, буд-ваГЭС, на арашэнне. У К. шмат каналаў, найважнейшы Вялікі канал. Шмат азёр, з іх найбуйнейшыя прэснаводнае Паянху (2,7 тыс.км²), салёнае Кукунор (4,2 тыс.км²). Глебавае покрыва разнастайнае: на ПнУ у гарах глебы бурыя лясныя і дзярнова-падзолістыя, на раўніне Сунляо чарназёмы і чарназёмападобныя, на Вял. Кітайскай раўніне алювіяльныя і карычневыя, на Пд жаўтазёмы і чырваназёмы, ва ўнутр. раёнах каштанавыя, бурыя, шэра-бурыя, глебы высакагорных стэпаў і пустыняў (Тыбет). Расліннасць багатая. Шмат рэліктаў стараж. флоры. Каштоўныя пароды дрэў: ціс, тунг, гевея, лакавае, камфорнае. Шырока выкарыстоўваецца бамбук. Лясістасць каля 8%. Лясныя масівы захаваліся на ПнУ (тайга, кедрава-шыракалістыя і шыракалістыя лясы), Пд і ПдУ (субтрапічныя і трапічныя лясы). На ПнЗ пераважна пустынная і паўпустынная расліннасць (пустыні Такла-Макан, Алашань, Гобі). У Тыбеце нізкая травяністая расліннасць з тыбецкай асакі. Жывёльны свет багаты. Фауна пазваночных налічвае каля 3,5 тыс. відаў, у т.л. каля 400 відаў млекакормячых і больш за 1 тыс. відаў птушак. Ёсць прадстаўнікі трапічнай фауны (малпы, лемур, лоры), умеранай (маньчжурскі заяц, янотападобны сабака), сібірскай таежнай фауны (ізюбр, кабарга, вавёрка, рысь, собаль). Шматлікія рэзерваты (больш за 450, пераважна на У).
Насельніцтва. У К. жыве больш за 50 нацый і народнасцей. 91% складаюць кітайцы (хань, або ханьцы). Жывуць таксама хуэй, чжуаны, уйгуры, манголы, маньчжуры, тыбетцы, казахі, кіргізы, карэйцы, мяо і інш. Кітайцы пераважаюць ва ўсіх раёнах, асабліва на раўнінах на У і ПнУ. Нацыянальныя меншасці жывуць пераважна ў пагранічных раёнах на Пн, З, Пд. Вернікі вызнаюць будызм, даасізм, канфуцыянства, культ продкаў. Ёсць хрысціяне і мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 128 чал. на 1 км². У раўнінных і прыбярэжных раёнах на У і Пдшчыльн. да 1000 чал. на 1 км². 94% насельніцтва пражывае на 46% тэрыторыі. Вял. тэрыторыі не прыдатныя для пражывання і вядзення сельскай гаспадаркі па прыродна-кліматычных умовах. Гар. насельніцтва 26%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1996): Шанхай — 13,6, Пекін — 11,3, Цяньцзінь — 9,4, Шэньян — 5,1, Гуанчжоў — 4,5. Яшчэ ў 39 гарадах насельніцтва перавышае 1 млн.ж. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 60% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 25%. Ажыццяўляюцца праграмы планавання сям’і.
Гісторыя. Кіт. цывілізацыя — адна з найб.стараж. у свеце. Чалавек з’явіўся тут у эпоху ранняга палеаліту (больш за 1.7 млн. гадоў назад; найб. вядомы сінантрап, які жыў больш за 500 тыс. гадоў назад). Выяўлены неалітычныя культуры Яншао і Луншань. У эпоху бронзы ўзнікла кіт. протадзяржава Інь, або Шан (16—11 ст. да н.э.), у якой існавала прымітыўнае рабства, з’явілася папярэдніца іерагліфічнага пісьменства. У перыяд праўлення дынастыі Чжоў (11—3 ст. да н.э.) паскорылася развіццё ірыгацыйнага земляробства, аформіліся асн.філас. школы (канфуцыянства, даасізм і інш.), вылучылася некалькі самаст. царстваў. Царства Цынь паступова заваявала астатнія царствы і стварыла адзіную Цыньскую імперыю (існавала ў 221—207 да н.э.). Пры першым яе імператару Цынь Шыхуандзі уніфікавана пісьменства, якое з невял. мадыфікацыямі захавалася да цяперашняга часу, разгарнулася буд-ваВялікай кітайскай сцяны. У 206 да н.э. да ўлады прыйшла дынастыя Хань (заснавальнік Лю Бан, значныя дзеячы Ван Ман, Бань Чао, Бань Гу), у час праўлення якой актывізаваліся гандл. сувязі К. з Захадам па Вялікім шаўковым шляху, вынайдзена папера, адбылося «жоўтых павязак» паўстанне. Аслабленая міжусобіцамі, Ханьская імперыя ў 220 н.э. распалася на 3 царствы. З іх у 220—265 узвысілася царства Вэй, якое аб’яднала К. пад уладай дынастыі Цзінь (265—420). У 316 Паўн. К. заваявалі суседнія качавыя плямёны гунаў і сяньбі. У выніку тут склалася дынастыя Паўночная Вэй (правіла ў 386—534) са сталіцай у г.Нанкін. Перыяд 420—589 вядомы як «перыяд паўн. і паўд. дынастый». Першую спробу аб’яднаць К. зрабіла дынастыя Суй (581—618). Яе заснавальнік Ян Цзян (Вэньдзі) у 589 падпарадкаваў увесь Паўн. і Паўд. К., а яго пераемнікі намагаліся падпарадкаваць і Карэю. У 618 уладу захапіў Лі Юань і заснаваў дынастыю Тан (618—907). У пач. 10 ст. на Пн К. ўтварылася дзяржава кіданей, якія захапілі Маньчжурыю, ч. Манголіі, ч. Паўночнага К. і стварылі дзяржаву Ляо са сталіцай у г. Яньцзін (сучасны Пекін). Перыяд Пяці дынастый (907—960) змянілі дынастыі Паўн. і Паўд.Сун (960—1279), Ляо (916—1125), Зах. Ся (1034—1227), Цзінь (чжурчжэньская, 1115—1234). У 1279 імперыю Сун заваяваў унук Чынгісхана Хубілай, які заснаваў Мангольскую дынастыю (па-кіт.Юань). У 1272 яна аб’яднала К. і правіла ім да 1368. У гэты перыяд у К. пачалі вырошчваць бавоўну, вынайшлі наборны шрыфт. У часы дынастыі Мін (правіла з 1368 да 1644) яе ўлада паступова пашырылася на Тыбет, В’етнам, пачалося перасяленне кітайцаў у Інданезію і Індакітай; значнага росквіту дасягнулі вырабы шаўковых і баваўняных тканін, пісчай паперы, шкла і інш. У 16 ст. ў К. марскім шляхам пачалі пранікаць еўрапейцы — партугальцы (каланізавалі Аамынь), іспанцы і галандцы, з’явіліся езуіты (прапагандавалі хрысціянства, вывучалі краіну). У 1644—1912 у К. панавала маньчжурская дынастыя Цын, якая стварыла дэспатычную манархію і праводзіла палітыку знешняй ізаляцыі краіны. У 17 ст. пачаліся гандл. і дыпламат. адносіны К. з Расіяй (гл.Нерчынскі дагавор 1689, Кяхцінскі дагавор 1727).
У 1-й пал. 19 ст. ўзмацнілася калан. экспансія ў К. еўрап. дзяржаў, пераважна Вялікабрытаніі. Паражэнне К. ў англа-кітайскай вайне 1840—42 (т.зв. 1-я «опіумная» вайна) вымусіла яго паводле Нанкінскага дагавора 1842 перадаць пад уладу Вялікабрытаніі в-аўСянган (Ганконг), адкрыць для англ. гандлю 5 партоў і інш. У 1844 ЗША і Францыя навязалі К. дагаворы аб гандл. і інш. прывілеях; ён стаў ператварацца ў паўкалонію. Рост падаткаў і спад рамеснай вытв-сці з-за наплыву замежных тавараў выклікалі ў сярэдзіне 19 ст. больш за 100 хваляванняў і паўстанняў, у т. л.Тайпінскае паўстанне сялян у 1850—64. Пасля англа-франка-кітайскай вайны 1856—60 (т.зв. 2-я «опіумная» вайна) у К. яшчэ больш узмацніліся калан. пазіцыі замежных дзяржаў, у т. л. Расіі (гл.Цяньцзіньскі трактат 1858, Пекінскія дагаворы 1860), паводле Айгунскага дагавора 1858 і Пекінскага трактата 1860 вызначана кіт.-рас. мяжа. У 2-й пал. 19 ст. ў К. пачалі ўзнікаць нац. прадпрыемствы ў ваен., горназдабыўной і лёгкай прам-сці, адзначаны спробы рэформаў па капіталіст. мадэрнізацыі кіт. грамадства (гл.Кан Ювэй, Лян Цічао, Тань Сытун). У выніку франка-кітайскай вайны 1884—85 К. страціў уплыў у В’етнаме. Экспансія Японіі (у 1874 спрабавала захапіць в-аў Тайвань, у 1879 — а-вы Рукю) прывяла да абвастрэння кіт.-яп. адносін і япона-кітайскай вайны 1894—95. Паводле Сіманасекскага дагавора 1895 К. страціў намінальны суверэнітэт над Карэяй, перадаў пад уладу Японіі Ляадунскі п-аў, Тайвань, а-вы Пэнхуледао. У канцы 19 ст. павялічылася эканам. пранікненне ў К. ЗША, якія абвясцілі «адчыненых дзвярэй» палітыку. Ва ўмовах падзелу краіны на сферы ўплыву паміж вядучымі дзяржавамі свету і абвастрэння сац.-эканам. праблем, сярод кітайцаў узмацніліся антыіншаземныя настроі, што стала адной з прычын Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901, у Еўропе больш вядома як Баксёрскае паўстанне). Пасля яго задушэння К. канчаткова ператвораны ў паўкалонію (паводле «Заключнага дагавора» 1901 іншаземцы
маглі трымаць у К. свае войскі, флот і г.д.). З гэтай прычыны з пач. 20 ст. ў К. актывізаваўся нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам Сунь Ятсена і інш. лідэраў, які перарос у Сіньхайскую рэвалюцыю (1911—13). У ходзе яе ў К. скінута манархія, абвешчана рэспубліка з цэнтрам у Нанкіне (у снеж. 1911 — лют. 1912 яе часовым прэзідэнтам быў Сунь Ятсен, які потым перадаў уладу ген.Юань Шыкаю, што сфарміраваў урад у Пекіне), засн.нац. партыя — Гаміньдан (у ліст. 1913 забаронена), фактычна самаст. сталі Тыбет і Знешняя Манголія.
У пач. 1-й сусв. вайны К. захоўваў нейтралітэт. Але ў студз. 1915 Японія выступіла з 21 патрабаваннем — разгорнутай праграмай ператварэння К. ў залежную ад яе краіну, пагражаючы ў выпадку адхілення патрабаванняў выкарыстаць ваен. сілу. Урад Юань Шыкая ў маі 1915 мусіў прыняць б.ч. гэтага ультыматуму. Спроба Юань Шыкая абвясціць сябе імператарам (канец 1915) выклікала ў К. антыманархічны рух і адасабленне ад пекінскага ўрада паўд. правінцый (Юньнань, Гуйчжоў, Гуансі), дзе быў створаны ўрад на чале з Сунь Ятсенам (1917—19). Пасля 1-й сусв. вайны (у ёй К. сімвалічна ўдзельнічаў на баку Антанты) узнікла Камуністычная партыя Кітая (КПК), склаўся саюз Гаміньдана і КПК. Пад націскам рэв. руху (цэнтр — прав. Гуандун) пекінскі ўрад 31.5.1924 падпісаў пагадненне аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і К., паводле якога паміж імі ўстаноўлены дыпламат. адносіны і сумеснае кіраванне Кітайскай Чанчуньскай чыгункай (пазней вакол яе адбыўся савецка-кітайскі канфлікт 1929). Пасля смерці Сунь Ятсена (1925) і рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі ў г. Нанкін створаны гаміньданаўскі ўрад на чале з Чан Кайшы, распаўся саюз Гаміньдана і КПК. Камуністы стварылі ў паўд. і інш. раёнах (т.зв. вызваленыя раёны) атрады Чырв. Арміі К. (ЧАК) і мясц. органы ўлады — Саветы. Гаміньданаўскія войскі ў 1930—36 зрабілі 5 карных паходаў супраць ЧАК. У канцы 1931 Паўн.-Усх. К. акупіравалі яп. войскі, у 1932 тут утворана марыянетачная дзяржава Маньчжоў-Го на чале з імператарам Пу I (апошні з дынастыі Цын). Пасля Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 (выгнанню японцаў з краіны спрыялі поспехі войск СССР у ходзе савецка-японскай вайны 1945) у К. аднавілася грамадз. вайна (1946—49), якая скончылася паражэннем Чан Кайшы і яго прыхільнікаў (эмігрыравалі на Тайвань, дзе ў 1950 заснавалі Рэспубліку К., якая да 1971 была чл.ААН). Да ўлады прыйшла КПК. 1.10.1949 у Пекіне абвешчана Кіт.Нар. Рэспубліка (КНР). У краіне разгарнулася буд-ва сацыялізму на ўзор СССР, які аказваў ёй значную эканам. дапамогу. К. удзельнічаў (пасылка «добраахвотнікаў») у Карэйскай вайне 1950—53 на баку Паўн. Карэі, заняў Тыбет (1950, у 1959 ліквідавана паўстанне тыбетцаў, што вымусіла Далай-ламу 14-га эмігрыраваць у Індыю). Паліт. кіраўніцтва КНР на чале з Мао Цзэдунам у 1958—60 намагалася фарсіраваць эканам. развіццё краіны («вял. скачок»), у 1966 разгарнула «культурную рэвалюцыю» (гл. таксама Хунвэйбіны). Адначасова пагоршыліся кіт.-сав. адносіны (гл.Савецка-кітайскі канфлікт 1969). Пасля смерці Мао Цзэдуна (вер. 1976) да ўлады ў К. прыйшло прагматычнае і рэфарматарскае крыло КПК на чале з Дэн Сяапінам, якое ў 1978 пачало курс на рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы (у т. л. шляхам стварэння сумесных прадпрыемстваў і спец.эканам. зон), што дазволіла вырашыць або змякчыць харч. і інш.сац. праблемы. 2.8.1984 заключаны кіт.-брыт. дагавор аб вяртанні К. Ганконга (з 1.7.1997). 4.6.1989 на пл. Цяньаньмэнь у Пекіне адбылося значнае сац. выступленне пад лозунгам дэмакратызацыі кіт. грамадства (у сутыкненнях з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс.чал., пераважна студэнтаў). З 1993 кіраўнік дзяржавы (старшыня КНР) — Цзян Цзэмінь. К. пачаў перагаворны працэс па ўрэгуляванні спрэчных пытанняў з Тайванем (вакол яго статуса, крас. 1993), Індыяй (аб пагран. канфлікце ў Гімалаях, вер. 1993), В’етнамам (пагадненне аб мірным урэгуляванні пагран. канфлікту, кастр. 1993). У 1980-я г. нармалізаваны кіт.-сав. адносіны, у 1997—98 дэмаркіравана граніца К. з Рас. Федэрацыяй (правапераемніца СССР). К. — чл.ААН (з 1971), Азіяцка-Ціхаакіянскай эканам. кааперацыі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1992.
У 1920—40-я г. ў г. Харбін (ПнУ К.) сярод рас. дыяспары быў значны бел. асяродак. Гал. ролю ў яго культ. дзейнасці адыгрывалі манахі ордэна марыянаў на чале з біскупам Ф.Абрантовічам і генералам ордэна А.Цікотам. Пры місіі марыянаў меліся мужчынская гімназія з інтэрнатам, 2 жаночыя школы, выдаваўся час. «Католический вестник». У працы місіі актыўна ўдзельнічалі В.Адважны, Т.Падзява, К.Кайловіч і інш. манахі — дзеячы бел. культуры.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Правячая Камуністычная партыя Кітая. Яе падтрымліваюць ідэйна блізкія Рэв.к-т Гаміньдана, Дэмакр. Ліга, Асацыяцыя дэмакр.нац.буд-ва, Асацыяцыя садзейнічання развіццю дэмакратыі, Рабоча-сял.дэмакр. партыя, Партыя Чжыгундан, Т-ва «Цзюсань», Ліга дэмакр. аўтаноміі Тайваня. Найб. масавыя грамадскія арг-цыі: Усекіт. федэрацыя прафсаюзаў, Усекіт. федэрацыя моладзі і Усекіт. федэрацыя жанчын. Усе партыі і грамадскія арг-цыі аб’ядноўвае Нар.паліт. кансультатыўны савет К.
Гаспадарка. К. — індустрыяльна-агр. краіна з буйной шматгаліновай прам-сцю і развітой сельскай гаспадаркай. Значных поспехаў у эканам. і сац. развіцці яна дасягнула ў сувязі з правядзеннем з 1978 рэформ і палітыкі адкрытасці знешняму свету. За 1978—97 валавы нац. прадукт вырас у 5,7 раза (у сярэднім па 9,6% за год) і дасягнуў 2610 млрд. долараў, каля 2150 дол. на душу насельніцтва. Эканоміка шматукладная: дзейнічаюць дзярж., дзярж.-капіталіст., калектыўны, прыватны і індывідуальны сектары (пры кіруючым становішчы дзярж. эканомікі). Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі каля 50%, сферы паслуг, у т. л. транспарт, гандаль, фін. сфера, урадавыя расходы — каля 30%; доля сельскай гаспадаркі знізілася да 20%. Па вытворчасці многіх відаў прамысл. і с.-г. прадукцыі (збожжа, мяса, морапрадукты, вугаль, цэмент, бавоўна, тканіны, адзенне, веласіпеды, пральныя машыны, тэлевізары) К. займае вядучыя пазіцыі ў свеце; знаходзіцца сярод сусв. лідэраў па выпуску сталі, хім. валокнаў, электраэнергіі. Удасканальваецца тэр. структура гаспадаркі, паглыбляецца міжнар. падзел працы. У прыбярэжных раёнах створаны спецыяльныя эканам. зоны, у якія прыцягваецца замежны капітал, навука і індустрыя інтэгруюцца з гандлем, развіваецца экспартнаарыентаваная эканоміка. Прамысловасць. Побач з традыцыйна развітымі галінамі, якія шматразова павялічылі выпуск прадукцыі (тэкстыльная, вугальная, чорная металургія), паспяхова развіваюцца новыя, укараняюцца новыя і найноўшыя тэхналогіі. Каля палавіны ўсёй прамысл. прадукцыі выпускаюць дробныя прадпрыемствы. Энергетыка базіруецца пераважна на каменным вугалі (здабыча 1298 млн.т, 1995); асн. раёны яго здабычы на Пн і ПнУ (Кайлуань, Датун, Фушунь, Фусінь).
Расце здабыча нафты (149 млн.т у 1995) і прыроднага газу (17,6 млрд.м³ у 1995). Нафту здабываюць у паўн. раёнах (цэнтры Дацын, Шэнлі, Даган), газ — у прав. Сычуань. Выпрацавана электраэнергіі 1000 млрд.кВт∙гадз (1995), у т. л. на ЦЭС 75% (у асн. на вугалі). ГЭС працуюць у горных раёнах, найб. Гэчжоўба (магутнасць 2715 МВт). Ёсць АЭС, прыліўныя электрастанцыі. Ствараецца агульна-нац. энергасістэма. Выплаўка сталі 94 млн.т (1995). Буйнейшае прадпрыемства — Аньшаньскі камбінат (7 млн.т сталі за год) у правінцыі Ляанін (выкарыстоўвае жал. руду Аньшаньскіх руднікоў і каксавальныя вугалі Фушуня і Фусіня). Хутка расце вытв-сць каляровых металаў. Попыт на алюміній, медзь, свінец, цынк перавышае вытв-сць, і яны імпартуюцца. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў правінцыях Ляанін, Юньнань, Хунань, Ганьсу. Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць розныя станкі (каля 1 млн. штогод) і прылады, у т. л. з лічбавым праграмным кіраваннем, трактары, аўтамабілі, судны, цеплавозы, абсталяванне для цяжкай і лёгкай прам-сці. Вырабляюцца таксама быт. тэхніка, с.-г. машыны і інш. Выпускаецца больш за 30 млн. веласіпедаў за год (1-е месца ў свеце). Значная вага цяжкага (Шэньян, Таюань, Лаян, Ухань, Цяньцзінь) і энергет. (Шэньян, Харбін, Пекін, Таюань, Шанхай) машынабудавання. Развіта аўтамабілебудаванне (штогод каля 1,5 млн. аўтамашын, палавіна з іх — грузавыя); асн. цэнтр — Чанчунь. С.-г. машынабудаванне арыентавана на стварэнне тэхнікі для апрацоўкі невял. зямельных участкаў. Вытв-сць трактароў (40—60 тыс. штогод) пераважна ў Лаяне. Марское і рачное суднабудаванне. Значная вытв-сцьбыт. тэхнікі: відэамагнітафоны, тэлевізары (больш за 30 млн. штогод, каля 22% сусв. вытв-сці), радыёпрыёмнікі, халадзільнікі і маразільнікі (каля 6 млн. штогод), электронныя гадзіннікі, пральныя машыны і інш. Развіваецца вытв-сцькасм. тэхнікі. Цэнтры асн. вытворчасцей канцэнтруюцца ў прыморскіх раёнах. У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сцьхім. угнаенняў (24,5 млн.т, у пераліку на пажыўныя элементы, 1997), хім. валокнаў (каля 3 млн.т за год), аўтамаб. шын (больш за 70 млн.шт. за год), пластмас, сінт. смол; асн. цэнтры — Шанхай, Лаян, Баадзін. Тэкст.прам-сць займае 1-е месца ў свеце па выпуску тканін. Найб. вырабляюць баваўняных тканін — больш за 23 тыс.км² штогод. Выпускаюць таксама шарсцяныя (каля 350 км²), сінт., ільняныя, шаўковыя тканіны. Гал. цэнтры баваўнянай прам-сці — Шанхай, Цяньцзінь, Пекін, шаўковай — у ніжнім цячэнні р. Янцзы, у правінцыях Сычуань і Гуандун. Усюды развіты выраб разнастайных буд. матэрыялаў. Вытв-сць цэменту 401 млн.т (1995, каля 30% сусв. вытв-сці). У харч. і харчасмакавай прам-сці вядучыя вытворчасці — перапрацоўка збожжавых і алейных культур. Развіта перапрацоўка чаю (каля 25% сусв. вытв-сці) і тытуню (больш за 35% сусв. вытв-сці). Вядомы кіт. вырабы з лаку, фарфора-фаянсавыя і керамічныя, а таксама дываны, цыноўкі, вышыўкі і малюнкі на шоўку, разьбярства па косці, дрэве, камені і інш. Сельская гаспадарка. У арганізацыі вытв-сці выкарыстоўваецца дробнагрупавы, пераважна сямейны, падрад. Дзярж. ўласнасць прадстаўлена ў асноўным дзяржгасамі. Ворных зямель каля 100 млн.га (10% тэр. К.), з іх палавіна арашаецца. Раслінаводства дае каля 60% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўля каля 15%, дапаможныя промыслы — каля 25%. Асн. масівы апрацаваных зямель на раўнінах, у дэльтах і далінах рэк на У краіны. На ПнУ збіраюць адзін ураджай за год, у басейне р. Хуанхэ — 3 ураджаі за 2 гады, на Пд ад Янцзы — 2, а ў прав. Гуандун і на в-ве Хайнань — 3 ураджаі за год. Вялікая разнастайнасць культур: 50 відаў палявых, 80 — агароднінных і 60 — садовых. Склаліся арэалы вырошчвання пэўных культур. Паўн.-ўсх. раўніны (бас. рэк Сунгары і Ляахэ) заняты пшаніцай, кукурузай, сорга, сояй, цукр. буракамі і лёнам. Раўніны на У басейна р. Хуанхэ і навакольныя раёны пад пшаніцай, кукурузай, просам, сорга, бавоўнікам, яблыневымі і грушавымі садамі, вінаграднікамі. На Пд у пасевах пераважае рыс; вырошчваюць таксама бавоўнік, тытунь, арахіс, рапс, чай і інш. На Пд вырошчваюць трапічныя і субтрапічныя культуры, цукр. трыснёг, рамі. Шаўкаводства ў раёне Ханчжоў і ў дэльце р. Сіцзян. У структуры пасяўных плошчаў 75% займаюць збожжавыя. Іх валавы збор (1995) 416,8 млн.т (22% сусв. вытв-сці), у т. л. рысу 187,2 млн.т, кукурузы 112,3 млн.т, пшаніцы 102,2 млн.т. Меншае значэнне маюць ячмень, сорга (у т. л. гаалян), авёс, проса. Асн. раёны вырошчвання рысу: даліна р. Янцзы, Паўд. Кітай, Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е. Пшаніцу (пераважна яравую) вырошчваюць у бас.р. Хуанхэ і прав. Сычуань. Кукурузу сеюць на ПнУ, Пн, ПдЗ. З бабовых вырошчваюць сою (пераважна на ПнУ), кармавы боб, гарох, з клубневых культур — батат, бульбу (40—45 млн.т штогод), ямс, тара, маніёк. Бавоўнік (4,8 млн.т, 1996) вырошчваюць на раўнінах басейнаў рэк Хуанхэ і Янцзы. Збор алейных культур 22,4 млн.т (1996). Гал. з іх арахіс, рапс, кунжут. Цукр. трыснёг вырошчваюць на Пд, цукр. буракі — на Пн. Традыцыйная вытв-сць чаю (правінцыі Чжэцзян, Хунань, Аньхой, Фуцзянь), шаўковых коканаў (правінцыі Сычуань, Чжэцзян, Цзянсу), шматлікіх відаў і гатункаў агародніны і садавіны. У жывёлагадоўлі гал. галіна — свінагадоўля; меншае значэнне маюць развядзенне буйн. раг. жывёлы, авечак і інш. Пагалоўе (млн. галоў, 1995): свіней — 424,7 (47,2% сусв. пагалоўя), буйн. раг. жывёлы — 100,8 (7,7%), авечак — 110 (11%), коней — 10 (16,5%). Буйн. раг. жывёла пераважна мяснога кірунку, значная частка яе выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Агульная вытв-сць мяса 53 млн.т (25,6% сусв. вытв-сці, 1995), воўны — 260 тыс.т, малочнай прадукцыі — каля 5 млн.т штогод. Гадуюць таксама аслоў, мулаў, вярблюдаў (у пустынях і паўпустынях), якаў (у Тыбеце). Ва Унутранай Манголіі, Тыбеце і Сіньцзян-Уйгурскім аўт. раёне развіта пашавая жывёлагадоўля. Птушкагадоўля (куры, індыкі, качкі, гусі) пераважна ў прыгарадных раёнах. Штогадовая вытв-сць курыных яец каля 12 млн.т (30% сусв. вытв-сці). Улоў рыбы 20,7 млн.т (1996, каля 20% сусв. ўлову). Рыбу ловяць у навакольных морах, унутр. рэках і азёрах, вырошчваюць у садках на марскіх водмелях, у сажалках і на рысавых палях. Здабываюць таксама каракаціц, крэветак, крабаў, галатурый (пераважна трэпангаў), малюскаў. Збор больш за 200 відаў водарасцей. Пчалярства. К. дае каля /з сусв. экспарту мёду. Развіты лесанарыхтоўка, лесаразвядзенне, зверагадоўля, паляўніцтва (на ПнУ і З).
У эканам. адносінах К. падзяляюць на 3 зоны. Усх. зона (прыморскія правінцыі) — вядучая ў стварэнні і развіцці новых галін прам-сці, асабліва навукаёмістых, у прыцягненні замежных капіталаў і вытв-сці экспартных тавараў; цэнтральная — у вытв-сці электраэнергіі, хім. прадукцыі, сыравіны, паўфабрыкатаў, фарміраванні новых галін; у адносна слабаразвітой заходняй зоне развіваюцца сельская гаспадарка, горназдабыўная прам-сць і пач. апрацоўка сыравіны. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 54 тыс.км, у т. л. 9 тыс.км электрыфікаваных (1994). Найб. аб’ём грузаперавозак на магістралях Пекін—Шэньян, Цяньцзінь—Шанхай, Пекін—Гуанчжоў. Аўтадарог 1,1 млн.км. Аўтамаб. транспарт адыгрывае значную ролю ў горных і пустынных раёнах на З, у многіх аддаленых ад чыгунак раёнах на У. Унутр. водных шляхоў 110 тыс.км. Гал.ўнутр. водная трансп. сістэма — р. Янцзы з асн. прытокамі. Вызначаецца Вял. канал паміж Пекінам і Ханчжоў. Развіты марскія кабатажныя перавозкі. Буйнейшыя знешнегандл. парты Далянь, Цяньцзінь, Цындао, Шанхай, Гуанчжоў, Чжаньцзян, Сянган. Авіяцыйны транспарт абслугоўвае ўнутр. (600 паветр. ліній) і знешнія (60 міжнар.паветр. ліній) перавозкі пасажыраў і грузаў. У краіне 113 аэрапортаў і аэрадромаў. Трубаправоды злучаюць месцы здабычы нафты і прыроднага газу з цэнтрамі перапрацоўкі і трансп. вузламі. Гал. з іх: Дацын—Далянь, Дацын—Пекін, Жэньцю—Нанкін, Юймынь—Ланьчжоў. У 1994 экспарт склаў 121 млрд.дол., імпарт — 115,7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць гатовыя вырабы: тэкстыль, адзенне, электратэхніка, электроніка, каляровыя і легіруючыя металы, а таксама рыба, агародніна і садавіна, бавоўна, чай і інш. Імпартуюцца складаная тэхніка і камплектнае абсталяванне, самалёты, трактары, аўтамашыны, сталь, угнаенні, нафта і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Тайвань, Германія, Рэспубліка Карэя. У 1995 Беларусь экспартавала ў К. тавараў на 16 млн.дол., у 1996 — на 21,3 млн.дол., імпартавала адпаведна на 16,7 і 25,2 млн. долараў. К. наведваюць штогод каля 25 млн. замежных турыстаў, прыбытак ад турызму складае 7—10 млрд. долараў. Сярод турыстаў пераважаюць замежныя кітайцы, японцы, амерыканцы. Грашовая адзінка — юань.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (ракетна-ядз. сілы, сухап. войскі, ВПС, ВМС) і нар.узбр. паліцыі. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл каля 4 млн.чал., у т. л. Нар.-вызв. арміі Кітая 3 млн., нар.узбр. паліцыі 0,8 млн.чал. Непасрэдны кіраўнік — міністр абароны. Камплектаванне па прызыве. Ракетна-ядз. сілы ўключаюць часці, узброеныя балістычнымі ракетамі, і падраздзяленні самалётаў-носьбітаў. У сухап. войсках 2,09 млн.чал. асабовага складу, 24 агульнавайск. арміі (71 пях., 2 механізаваныя, 11 танк., 5 артыл. дывізій, 13 танк. і 20 артыл. брыгад, 7 верталётных палкоў), 3 паветр.-дэсантныя дывізіі (зведзены ў паветр.-дэсантны корпус), 50 інж. і 50 палкоў сувязі; на ўзбраенні каля 10,5 тыс. танкаў, каля 5,5 тыс. баявых браніраваных машын, 14,5 тыс.артыл. гармат і пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, каля 2,3 тыс. сістэм рэактыўнага залпавага агню, больш за 120 верталётаў і інш. У ВПС 470 тыс.чал., у т. л. 220 тыс. у ППА, 3740 баявых самалётаў і каля 200 баявых верталётаў. У ВМС 280 тыс.чал., у т. л. 25 тыс. у марской авіяцыі, 5 тыс. у марской пяхоце і 29 тыс. у сілах берагавой абароны; 61 падводная лодка, 246 баявых караблёў, 165 дапаможных суднаў, 973 катэры, 535 баявых самалётаў і 25 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 68, жанчын — 71 год. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 378 чал., урачамі — 1 на 630 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1%. Дзіцячая смяротнасць — 40 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы (дзярж. і прыватныя) для дзяцей з 3-гадовага ўзросту, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі падпарадкавана Дзярж. к-ту адукацыі пры Дзяржсавеце КНР. Дзейнічае закон аб абавязковай 9-гадовай адукацыі дзяцей з 6-, а пры адсутнасці ўмоў з 7-гадовага ўзросту. На ўроках у школе павінна выкарыстоўвацца путунхуа (агульнакіт. мова, у аснове якой пекінскі дыялект). Абавязковая 9-гадовая адукацыя мае 2 ступені: пач. школа (тэрмін навучання 5—6 гадоў) і няпоўная сярэдняя (3 гады навучання; 7—9-ы кл.). Пасля атрымання абавязковай адукацыі можна працягваць вучобу ў поўнай сярэдняй школе вышэйшай ступені (10—12-ы кл.) або ў прафес.-тэхн. вучылішчы. Праграма навучання ў поўнай сярэдняй школе дадаткова ўключае класічную і сучасную кіт. л-ру, электра-тэхніку, ЭВМ, чарчэнне, другую замежную мову, тэорыю л-ры і мастацтва і інш.; штогод на працягу 4 тыдняў (6 гадз у дзень) праводзяцца прац. і практычныя заняткі; 240 гадз адведзена на факультатывы. Навучанне ў ВНУ, за выключэннем пед. ін-таў, платнае. Тэрмін навучання 4—5 гадоў, у мед. ін-тах 6 гадоў. У К. 1075 ВНУ (1990), у т. л. 611 універсітэцкага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Пекінскі (з 1898), Нанкінскі (з 1902), Фудань (з 1905) у Шанхаі, Цынхуа (з 1911) у Пекіне, Нанькай (з 1919) у Цяньцзіне, Сямыньскі (з 1921), Чжуншань (з 1924) у Гуанчжоў; Пекінскі мед.ін-т (з 1912). У К. існуюць розныя формы адукацыі дарослых (агульнаадук.пач. і сярэднія вячэрнія школы, завочныя і вячэрнія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы). Буйнейшыя б-кі: Нац., Цэнтральная АН у Пекіне, Нанкінская. Буйнейшыя музеі: Шанхайскі, Музей гісторыі і б. Імператарскі палац (Гугун) у Пекіне. Н.-д. работу вядуць НДІ галіновых акадэмій, аддзяленняў АН (з 1949), галіновых мін-ваў і ВНУ. Вышэйшая навук. ўстанова К. — Акадэмія навук. якая каардынуе даследаванні па ўсіх галінах навук і кіруе многімі н.-д. арг-цыямі. Н.-д. ўстановы вядуць даследаванні ў галіне медыцыны, біял. і с.-г. навук, машынабудавання і металаапрацоўкі, ракетна-касм. тэхнікі і інш. Адзін з найважнейшых кірункаў даследаванняў — распрацоўкі ў галіне ядзернай фізікі і энергетыкі (пры Кіт.АН створаны Камітэт і Ін-т атамнай энергіі). У Пекінскай абсерваторыі вядуцца даследаванні ў галіне фізікі высокіх энергій. Вял. значэнне надаецца навук. працам, звязаным з вышукам і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў (выяўлены вял. паклады жал. руды, каляровых і рэдкіх металаў, вугалю, радовішчы нафты), са стварэннем сінт. цвёрдых матэрыялаў — заменнікаў алмазаў. К. дасягнуў сусв. ўзроўню ў галіне электронікі, біяхіміі і вытв-сці лекавых сродкаў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 5 тыс. газет і часопісаў. Найб. тыраж сярод штодзённых газет маюць «Жэньмінь жыбао» («Народная газета», з 1948), «Чжунго цынянь бао» («Газета кітайскай моладзі», з 1951), «Гуанмін жыбао» («Святло», з 1949), «Гунжэнь жыбао» («Рабочая газета») і літ. газета «Вэнхуі бао» («Літаратурныя кірункі», з 1937). Інфарм. агенцтвы: Сіньхуа (засн. ў 1931, сучасная назва з 1937, афіц. агенцтва з 1949), Чжунго Сіньвеншы (з 1952, пераважна для кіт. эмігрантаў). Радыё з 1928. У 1940 створана радыёстанцыя Сіньхуа, якая дала пачатак сучаснай сістэме радыёвяшчання і тэлебачання (кіруецца і фінансуецца дзяржавай). Радыё трансліруе 2 агульнанац. праграмы, праграму для Тайваня, 25-мінутную праграму для нац. меншасцей на каз., кар., манг., тыбецкай і уйгурскай мовах, а таксама праграму на англ. мове ў 3 буйнейшых гарадах КНР. Радыёстанцыі: Цэнтральная нар., Кіт.міжнар., франтавая Фуянь, Голас Іньлінь, камерцыйная ў г. Гуанчжоў і каля 300 мясцовых. Тэлебачанне з 1958. Цэнтр. тэлебачанне трансліруе 2 агульнанац. праграмы і праграму для Пекіна, дзейнічаюць каля 300 тэлестанцый рознага ўзроўню. К. належыць да сістэмы Інтэлсат, з 1984 мае і ўласныя спадарожнікавыя сістэмы СТВ-1, СТВ-2; развіваецца кабельнае тэлебачанне.
Літаратура К. мае вял. пісьмовыя традыцыі (каля 3 тыс. гадоў). Іерагліфічныя помнікі (надпісы на касцях жывёл, панцырах чарапах) вядомы з 18 ст. да н.э. Сярод помнікаў кіт. пісьменства архаічнага перыяду «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н.э.; прамовы гіст. асоб, клятвы, заклінанні, цырыманіяльныя апісанні), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н.э.; афарыстычныя трыграмы і гексаграмы), «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н.э.; тэксты рытуальных і абрадавых песнапенняў, любоўнай, быт. і грамадз. лірыкі). На развіццё л-ры К. паўплывалі канфуцыянства і даасізм. Творы пісьменнікаў-канфуцыянцаў «Лунь юй» («Выказванні і гутаркі», 5 ст. да н.э.; першы помнік класічнай кіт. л-ры) і «Мэнцзы» (4 ст. да н.э.; палемічныя дыялогі); даасістаў — «Дао дэ цзін» («Кніга пра шлях і дабрачыннасць», 6 ст. да н.э.; вызначаецца рытмізаванай сімвалічнай мовай, магчымы яе аўтар Лао-цзы), «Паданне пра сына неба Му» (5 ст. да н.э.; нап. ў жанры «фантастычнага падарожжа»), трактаты «Сюнь-цзы», «Хань Фэй-цзы» (3 ст. да н.э.; байкі, заснаваныя на нар. легендах і міфах). У 4—3 ст. да н.э. на Пд Кітая ў царстве Чу зарадзіўся паэт. жанр «чускія строфы», прадстаўнік якога Цюй Юань — першы вядомы ў гісторыі кіт. л-ры паэт (аўтар «Дзевяці элегій», паэм «Журбота самотніка» і «Пытанні да неба»). У перыяд панавання дынастыі Цынь (канец 3 ст. да н.э.) вял.ч. канфуцыянскай л-ры была знішчана. У эпоху Хань адбылося станаўленне жанраў фу — квяцістай пышнай оды (Цзя I, Сыма Сянжу, Мэй Шэн, Дунфан Шо), юэфу — нар. песень, якія з 2 ст. да н.э. збіраліся спец. «Музычнай палатай». У прозе гал. дасягненні звязаны з гіст.-маст. л-рай («Гістарычныя нататкі» Сыма Цяня, 2 — пач. 1 ст. да н.э.; «Гісторыя Ханьскай дынастыі» Бань Гу, 1 ст. да н.э.). Пасля распаду Ханьскай імперыі пастаянныя міжусобныя войны стваралі атмасферу трывогі і няўпэўненасці людзей у заўтрашнім дні. На далейшае развіццё л-ры паўплывала пашырэнне будызму. У 2—3 ст. развівалася творчасць паэтаў-лірыкаў сям’і Цао (Цао Цао, Цао Пі, Цао Чжы — аўтар першага літ. трактата «Аб прыгожым пісьменстве»), паэтаў сац.-крытычнай тэматыкі Кун Юна, Цзі Кана, Жуань Цзі, празаікаў Чжан Хуа (зб. навелет-фацэцый «Нататкі пра розныя рэчы», 3 ст.), Гань Бао («Нататкі пра з’яўленне духаў», пач. 4 ст.). Найбуйнейшы паэт канца 4 — пач. 5 ст. Тао Юаньмін, аўтар утопіі «Персікавая крыніца», цыклаў вершаў «Вяртаюся да садоў і палёў» і «Пры віне», які першы апяваў чалавека працы. У 5—6 ст. фарміруюцца асновы класічнага вершаскладання з рэгулярным чаргаваннем 4 тонаў, уласцівых кіт. мове (Се Яо). З’явіліся зб.апавяд. прозы Лю Іцына «Аповесці майго часу», трактат Лю Се «Вычварны дракон літаратурнай думкі» пра погляды на літ. творчасць, заснаваныя на канфуцыянстве і будызме. У канцы эпохі Хань у прозе ўзнік «паралельны стыль» (пяньвэнь), у аснове якога правільнае чаргаванне сэнсавых і рытмічных фігур, шырокае выкарыстанне літ. і гіст. асацыяцый (Юй Сінь, Сюй Лін, Бао Чжао і інш.). У эпоху Тан (7 — пач. 8 ст.) дасканаласці дасягнулі формы 5- і 7-слоўных вершаў з двухрадковай страфой і пэўным чаргаваннем тонаў (Ван Вэй, Лі Бо, Ду Фу, Бо Цзюі, Ду Му). У прозе развіліся жанры навелы — чуаньці («Старажытная кніга гор і рэк» Лі Гунцзо, «Старажытнае люстэрка» Ван Ду, «Аповесць пра вечную тугу» Чэнь Хуна), будыйскага казання — бяньвэнь, блізкага да фальклору. На мяжы эпох Тан і Сун з’явіўся новы від песеннай паэзіі — цы (раманс; Аўян Сю, Су Шы, Лю Юн, Лі Цынчжао і інш.). У класічным жанры шы створаны вершы паэтамі Лу Ю і Сінь Цыцзі (12 — пач. 13 ст.). У прозе Сунскай эпохі (сярэдзіна 10—13 ст.) з’явіліся жанры гар.нар. аповесці хуабэнь, філас. прозы біцзі (фактаграфічных нататкаў). Драматургія 13 ст. адлюстроўвала жыццё эпохі, цяжкія войны з заваёўнікамі-манголамі (п’есы Гуань Ханьцына — аднаго са стваральнікаў драмы цзацзюй, Ма Чжыюаня, У Ханьчэна, Ван Шыфу, Бо Пу і інш.). У паэзіі 13—14 ст. значнае месца займала блізкая да фальклору песенная лірыка саньцюй (Чжан Кэцзю, Гуань Юньшы, Цяо Цзі), у прозе — жанры гіст. і авантурна-гіст. эпапеі («Гісторыя трох царстваў» Ло Гуаньчжуна, «Рачныя затокі» Шы Наяня). Пры дынастыі Мін (сярэдзіна 14—1-я пал. 17 ст.) літ. працэс запаволіўся, яго сярэдневяковы характар захоўваўся да канца 19 ст. Ананімны раман «Цзінь, П ш, Мэй» (16 ст.) стаў пачаткам быт. лініі ў кіт. прозе. У драматургіі таго часу ўзнікла «паўднёвая драма» («Меч» Лі Кайсяня, «Альтанка з півоняў» Тан Сяньцзу» і інш.). Прыход да ўлады маньчжурскай дынастыі Цын (сярэдзіна 17 ст.) абумовіў з’яўленне апазіцыйна настроеных паэтаў (Гу Яньу, Ван Фучжы, Гуй Чжуан і інш.). З’явіліся раманы, якія ўслаўлялі герояў мінулага («Сказанне Юэ Фэя» Цянь Цая), з’едлівая іронія на заганы грамадства выявілася ў навелах Пу Сунліна. У сатыр. рамане «Неафіцыйная гісторыя канфуцыянцаў» У Цзінцзы клеймаваў пошласць, кар’ерызм, кансерватызм інтэлігенцыі. Найвышэйшае дасягненне класічнага рамана — «Сон у чырвоным цераме» Цао Сюэцыня. Канец 18 — пач. 19 ст. — перыяд крызісу ўсіх жанраў кіт. л-ры. Прадстаўнікі «тунчэнскай школы» адстойвалі «высокія» жанры і артадаксальна-схаластычныя прынцыпы. Ім супрацьстаялі творы Дай Чжэня, Гун Цзычжэня, сатыр.-фантаст. раман з элементамі утопіі «Кветкі ў люстэрку» Лі Жучжэня, нар. п’есы, сказы, песні і інш. творы «нізкіх» жанраў позняга сярэдневякоўя. У апошнія гады маньчжурскай дынастыі выявіліся наватарскія тэндэнцыі, характэрныя для прозы, асн. тэмамі якой сталі выкрыццё сац. несправядлівасці («Дурнота, убачаная за 20 гадоў» У Вояо, «Наша чыноўніцтва» і «Кароткая гісторыя цывілізацыі» Лі Баюаня, п’есы У Мэя, «Будучыня новага Кітая» Лян Цічао); у паэзіі адчувальным стаў уплыў еўрап. паэтыкі (Тань Сытун, Цю Цзінь, Цзоў Жун, Гао Сюй). Падзенне манархіі ў К., уплыў рэвалюцый у Расіі і інш. суседніх краінах спрыялі хуткай эвалюцыі кіт. л-ры ў бок яе дэмакратызацыі і пэўнай еўрапеізацыі, узніклі літ. аб’яднанні. Рэаліст. тэндэнцыямі вылучалася проза Лу Сіня, рамант. і дэкадэнцкімі ўплывамі — творы празаіка Е Шэнтао, паэтаў Лю Дабая, Чжу Цзыцына, драматургаў Цянь Ханя, Хун Шэна і інш. Новыя літ. формы, жывая гутарковая мова да пач. 1920-х г. выцеснілі састарэлую лексіку, класічныя формы. У 1930-я г.кіт. проза адметная творамі Мао Дуня (трылогія «Зацьменне», раманы «Крама Ліня», «Перад світаннем»), Ба Цзіня (раман «Пагібель», трылогія «Каханне»), Лао Шэ (раманы «Развод», «Рыкша»), навеламі і апавяданнямі Юй Дафу, Шэнь Цунвэня, Цзінь І. З’явіўся жанр апавяданняў і сатыр. казак на міфалагічныя і гіст. тэмы (Лу Сінь, Чжэн Чжэньдо), набыла папулярнасць сац. драма (Хун Шэнь, Ся Янь, Цянь Хань). У антыяп. вайну 1930—40-х г. пашырылася патрыят. тэма (паэт.зб-кіАй Цына «Поўнач» і «Палі», яго паэма «Паходня», аповесць Сяо Хун «Поле жыцця і смерці», «Аповесць пра першы этап» Мао Дуня, раман «Спаленне» Лао Шэ, апавяданні і нарысы Цю Дунпіна, Лю Баюя, п’есы Цянь Ханя, Хун Шэна і інш.). З 1949 л-ра К. павінна была развівацца ў рэчышчы сацыяліст. рэалізму. У 1953 створаны Саюз кіт. пісьменнікаў. У 1958 адзіным творчым метадам л-ры афіцыйна абвешчана «спалучэнне рэв. рамантызму з рэв. рэалізмам». У канцы 1940 — пач. 1960-х г. улады К. віталі творы, прысвечаныя новым парадкам на вёсцы (раманы Чжоў Лібо «Бура», «Вялікія змены ў горным сяле» і інш.), «рабочай» тэматыцы (раманы Чжоў Лібо «Сталёвы паток», Ай У «У агні нараджаецца сталь» і інш.), барацьбе супраць гаміньданаўцаў (раманы Лю Цына «Несакрушальны мур», У Цяна «Чырвонае сонца» і інш.). У выніку т.зв.культ. рэвалюцыі большасць літаратараў К. падверглася рэпрэсіям, перасталі выходзіць асн.літ. часопісы. Да сярэдзіны 1970-х г.літ. працэс у КНР быў спынены. У 1979 пачалася масавая рэабілітацыя рэпрэсіраваных дзеячаў культуры, у т. л. л-ры. Трагічныя падзеі «культурнай рэвалюцыі» адлюстраваны ў аповесцях Лэ Сіня, Чэнь Мяо, Чжан Сяньляна, зб. «Вершы з плошчы Цяньаньмэнь». У л-ры 1980—90-х г. па-ранейшаму панавала індустр. і вясковая тэматыка, тэорыя бесканфліктнасці, абстрактнае філасофстваванне замяніла маст. аналіз. Гуманіст. пафасам вылучалася паэзія Ай Цына, Цзоў Хафаня, Лі Іна, Лі Гана, проза Ба Цзіня, Дзін Ліна, Гу Хуа, драматургія У Ханя, Ян Ханьшэня, Чжэн Баці і інш. У 1980 створана Т-ва даследчыкаў сучаснай кіт. л-ры, выйшлі крытычныя манаграфіі Янь Цзяня, Ян I, Чжан Чжычжу і інш. Паза межамі К. набылі вядомасць творы паэтаў Ян Му, Ю Куанчуна, празаікаў Чэнь Чжаўсі, Бай Сяньюна, літ. крытыкаў Ху Шы, Лі Юйтана і інш. На кіт. мове друкаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, М.Танка і інш.бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшлі кіт. казак, апавяданняў, твораў Лу Сіня, Мао Дуня, Чжао Шулі, Хуа Шаня, Чжоў Лібо; у зб-ках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся творы Лі Бо, Ду Фу, Ван Вэя, Ду Му, Го Мажо, Мао Дуня, Сяо Піна, Юань Шуйпо і інш. Сярод перакладчыкаў на бел. мову — У.Дубоўка, Р.Барадулін, Я.Сіпакоў, І.Бабкоў, Р.Кашуба, М.Котаў, І.Дабрыян, М.Пазнякоў і інш.
Архітэктура. Захаваліся рэшткі неалітычных паселішчаў з глінабітнымі жытламі ямна-каркаснага тыпу і абарончымі равамі. У перыяд дзяржавы Шань-Інь (2-е тыс. да н.э.) з’явіліся гарады, абнесеныя сценамі, з прамавугольнай планіроўкай, храмамі і палацамі ўладароў (ванаў) на цэнтр. магістралі. Зарадзілася каркасная сістэма пабудоў (на глінабітным фундаменце ставілі слупы, перакрытыя гарыз. бэлькамі; рэшткі палаца каля г. Аньян). Узніклі падземныя пахаванні, якія складаліся з 2 размешчаных адно над адным памяшканняў (пл. да 500 м²), са сценамі, аздобленымі інкрустацыяй і размалёўкамі. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачынаюць складвацца прынцыпы архітэктуры і горадабудаўніцтва, якія леглі ў аснову сярэдневяковага кіт. дойлідства. Яны зафіксаваны ў пісьмовых трактатах («Чжоў-лі», 3 ст. да н.э.) з пазначэннем размяшчэння будынкаў, вышыні сцен і г.д. У 6 ст. да н.э. пачалося буд-ваВялікага канала. Частыя міжусобныя войны выклікалі інтэнсіўнае буд-ва абарончых збудаванняў: сцены (захаваліся рэшткі ад стараж. сталіц Ліньцзы і Ханьданя), крэпасці, шмат’ярусныя дазорныя вежы («лоў») з некалькімі дахамі і абходнымі галерэямі. У перыяд дзяржавы Цынь (221—207 да н.э.) пачалі будаваць асн. частку Вялікай кітайскай сцяны. Пра разнастайнасць буд. прыёмаў перыядаў Цынь і Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) сведчаць гліняныя мадэлі дамоў у пахаваннях знаці (моцна выцягнутыя ўверх 2—3-павярховыя дамы з выгнутымі дахамі, вежы «лоў», сядзібы з пабудовамі ў глыбіні прамавугольных замкнёных двароў). У сярэдневякоўі развіліся спецыфічныя канстр. і дэкар. прыёмы дойлідства (сістэма кранштэйнаў — доў-гунаў, арнаментацыя чарапічных навершаў дахаў). З пашырэннем будызму ў К. ўзніклі мемар. вежы-пагады (Сун’юэсы на гары Суншань, 520), драўляныя храмы і пячорныя манастыры, якія высякалі ў тоўшчы скал на ўзор індыйскіх (дасягалі некалькіх кіламетраў; Юньган, Дунмынь, Майцзішань). Квадратныя, прамавугольныя ці паўкруглыя ў плане манастырскія пячоры аздаблялі скульпт. выявамі Буды, яго вучняў, святых. Манументальнасцю і гармоніяй форм вылучалася архітэктура дзяржавы Тан (618—907). Пры вял. памерах гарады (Лаян, Чан’ань, цяпер Сіянь) захоўвалі выразнасць планіроўкі з падзелам на замкнёныя сценамі кварталы, сіметрычна размешчаныя па баках цэнтр. магістралі. У аснове кожнага палацавага ці храмавага будынка была простая ячэйка каркаса, утвораная 4 слупамі і сістэмай бэлечных перакрыццяў. Спалучэнне сістэмы бэлек стварала канстр. і прасторавую аснову розных будынкаў («дзянь» — 1-павярховы прамавугольны ў плане павільён; «лоў», ці «гэ» — шматпавярховыя будынкі з галерэямі; «тай» — невял. альтанка на высокім падмурку; «пін» — альтанка ў парку; «лян» — галерэя). Сцены не былі нясучым элементам; чарапічныя дахі, прыўзнятыя па краях, падтрымліваліся слупамі, бэлькамі і сістэмай «доў-гунаў» (храм Фагуан у гарах Утайшань, 857). Манум. выразнасць і рацыянальнасць уласцівы цагляным пагадам Даяньта («Вялікая пагада дзікіх гусей», 652, перабудавана 704), Сяаяньта («Малая пагада дзікіх гусей», 707—709, абедзве каля г. Сіянь). Горадабудаўніцтва перыяду Сун (10—13 ст.) звязана з пашырэннем гандлю, павелічэннем насельніцтва. Кварталы паўн. сталіцы Бяньлян (цяпер Кайфын) не мелі сцен, абапал гал. магістралей ставілі гандл. крамы, майстэрні рамеснікаў. Архітэктура гэтага часу адметная лёгкасцю, вытанчанасцю форм, зграбнасцю прапорцый; пагады сталі больш выцягнутыя, складаных планаў: Баочу (968) і Люхэта (970—1156) у Ханчжоў, Цета («Жалезная пагада», 1041—48) у Кайфыне, Бэйсыта (1031—62) у Сучжоў. Іх выкарыстоўвалі таксама як маякі, дазорныя вежы. У новай (з 1127) сталіцы — Ханчжоў і інш. раёнах на Пд ад р. Янцзы ствараліся імператарскія паркавыя рэзідэнцыі з натуральнымі ці штучнымі вадаёмамі. У іх дамінаваў гал. палацавы комплекс, астатнія пабудовы (павільёны, альтанкі, галерэі) размяшчаліся свабодна. У перыяд манг. дынастыі Юань (13—14 ст.) развіваліся традыцыі танскага і сунскага мастацтва, архітэктура набывала пераважна свецкі характар. У гэты час перабудаваны гар. ансамблі і пашырана тэр. сталіцы Даду (пазней Пекін); палацавыя комплексы, гал. будынкі якіх злучаліся галерэямі, утваралі шырокія квадратныя ў плане двары; чарапічныя дахі пакрывалі глазурамі багатых адценняў, вытв-сць якіх была запазычана ў Сярэдняй Азіі.
У перыяды дынастый Мін (1368—1644) і Цын (1641—1911) канчаткова сцвердзіўся прынцып рэгулярнай, строга сім. планіроўкі гарадоў з вял. комплексамі палацавых і храмавых будынкаў (Пекін, Нанкін). Амаль нанава быў адбудаваны Пекін, у цэнтры яго — «забаронены горад» з імператарскім палацам. Грандыёзныя маштабы ўласцівы пахавальным збудаванням: комплекс Шысаньлін каля Пекіна (15—17 ст.) са скульпт. «алеяй духаў» працягласцю 1 км. Тыпы пабудоў з удасканаленым стоечна-бэлечным каркасам заставаліся амаль нязменныя да канца 19 ст. Але шырэй выкарыстоўваліся камень і цэгла (цагляны бязбэлечны храм «уляндзянь» у Нанкіне, 1398; будынак абсерваторыі ў Пекіне, 15 ст.), збудаванні набывалі большую дынамічнасць і дэкаратыўнасць, сістэмы «доў-гунаў» займалі ўсю паддахавую прастору, размалёўваліся стракатымі фарбамі з пазалотай. Асаблівай пышнасцю вылучаліся пабудовы 18—19 ст., павялічылася роля іх дэкар. ўбрання: летняя рэзідэнцыя і пейзажны парк Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку», пл. 270 га) з галерэяй Чанлан (даўж. 1,5 км) у Пекіне. У 2-й пал. 19 ст. буйныя гарады (Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін) забудоўваліся ў духу эклектыкі на еўрап. ўзор, але стылізаваныя ў нац. традыцыях. Эклектычным было і т.зв.кіт. Адраджэнне, калі механічна спалучаліся рысы кіт. і еўрап. архітэктуры (палацавы павільён Цын’яньфан у форме мармуровага карабля ў парку Іхэюань, будынкі Дзярж. б-кі ў Пекіне і ун-та ва Ухані). У 1-й пал. 20 ст. дойліды К. сінтэзавалі традыц.дэкар. элементы і новыя буд. канструкцыі (будынак Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, гасцініцы «Пекін» і «Дружба» ў Пекіне). Пабудовы 1950—80-х г. вызначаліся духам нац. рамантызму: шматпавярховыя атэлі (гасцініца «Міжнародная» ў Пекіне, 1988), масты, шматузроўневыя лініі руху, шматпавярховыя жылыя і грамадскія будынкі. Разнастайнасць кліматычных умоў адбілася на нар. дойлідстве К.: на Пд будуюць лёгкія драўляныя будынкі з высока паднятымі вугламі дахаў, на Пн — масіўныя пабудовы з глінабітнымі сценамі, у цэнтр. раёнах — прамавугольныя ў плане каркасныя хаціны, у гарах — дамы пячорнага тыпу, у стэпах — лямцавыя юрты. У 1958 засн. Саюз кіт. архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва К. вядомы з эпохі неаліту: кераміка Яншао (4—3-е тыс. да н.э.; вырабленыя на ганчарным крузе танкасценныя пасудзіны з паліхромным геам. арнаментам), кераміка Луншань (3—2-е тыс. да н.э.; чорныя гладкія пасудзіны без малюнка, трохножкавыя катлы «цінг», трохамфарныя спарышы «лі» і інш.). У 2-м тыс. да н.э. выраблялі бронз. рытуальны посуд разнастайных форм, аздоблены ўзорамі, мудрагелістымі гарэльефнымі выявамі звяроў, птушак, пачвар; вял. званы «нао» і інш. У пахаваннях выяўлены посуд з матавай белай гліны, бронз. зброя, інкруставаная золатам, малахітам і бірузой, разьбяныя вырабы з нефрыту, скульпт. выявы фантаст. жывёл. З пашырэннем канфуцыянства і даасізму (1-е тыс. да н.э.) формы бронз. пасудзін сталі больш мяккія і вытанчаныя, узоры больш графічныя і плоскія. Рэльефныя матывы змяніліся інкрустацыяй, у арнамент уключаліся жанравыя матывы, звязаныя з рытуаламі. Пачалі складвацца характэрныя для К. віды мастацтва: жывапіс тушшу на скрутках, лакавыя вырабы. У 3 ст. да н.э. — 3 ст.н.э.кіт.маст. традыцыі спалучаліся з рысамі культур суседніх народаў і былі звязаны пераважна з аздабленнем пахаванняў: рэльефы і размалёўкі на міфал., гіст., быт. тэмы, тэракотавыя скульпт. выявы воінаў (пахаванне імператара Цынь Шыхуана, 3 ст. да н.э.), пахавальнае адзенне з нефрытавымі пласцінкамі, злучанымі залатым дротам (магільнік кн. Лю Шэна і яго жонкі ў Маньчэне). Пашырэнне будызму ў 4—6 ст. абумовіла імкненне да больш манум. форм мастацтва (аздабленне храмаў, у т. л. алтарная скульптура), узніклі новыя тэмы і вобразы (выявы будыйскіх божастваў, святых і інш.). У станковым жывапісе на шоўку і паперы пашырыўся быт. жанр, створаны першыя пейзажныя фоны (Гу Кайчжы і інш.). З’явіліся тэарэт. работы (т.зв. 6 законаў жывапісу Се Хэ, 5 ст.). У стылістычным адзінстве з жывапісам развівалася каліграфія (Ван Січжы, Ван Сіньчжы, 4 ст.). 7—10 ст. — росквіт кіт. свецкага жывапісу, у якім выявіліся гуманіст. ідэалы эпохі і вызначыліся класічныя жанры: пейзаж, партрэт (Янь Лібэнь, Хань Хуан, У Даоцзы), быт. сцэны, «кветкі-птушкі» (Бянь Луань), анімалістычны жанр (Хань Гань). Самаст. значэнне набыў пейзаж «шань-шуй» («горы-воды»). Лінеарны характар жывапісу ўласцівы творчасці Лі Сысюня, Лі Чжаодао, Лі Чэна, Ван Вэя, імкненне да перадачы непасрэднасці ўражанняў — Чжоў Фана і Чжан Сюаня. Свецкі станковы жывапіс паўплываў на манум. культавыя размалёўкі ў храмах, у якія пачалі ўключаць быт. сцэны, партрэты чыноўнікаў, пейзажы. Манум. скульптура і пахавальная пластыка вызначаліся пластычнай прыгажосцю і жыццясцвярджальным ладам. Твары будыйскіх божастваў пры захаванні агульных іканаграфічных канонаў набылі кіт. этнічны тып, формы цела і адзення — мяккасць і аб’ёмнасць (25-метровая статуя Буды Вайрачана ў храме Лунмынь, 7 ст.). Рэльефы і дробная пластыка вызначыліся сюжэтнай разнастайнасцю, пластычнай выразнасцю (рэльефы з выявамі коней з пахавання Лі Шыміня каля г. Сіянь, 7 ст.). У 2-й пал. 10—13 ст. гармонія фіз. і духоўнага пачаткаў паступова страцілася, падоўжыліся прапорцыі фігур, з’явілася манернасць. У 10—11 ст. існавалі маст. акадэміі ў Нанкіне, Кайфыне, Ханчжоў і інш.Філас. скіраванасць пейзажнага жывапісу паўплывала на інш. яго жанры, у т. л. «кветкі-птушкі» (Сюй Сі, Хуан Цюань). Вял. значэнне меў жывапіс «навукоўцаў» (Су Шы, Вэнь Тун, Мі Фэй) — паэтаў, літаратараў, якія лічылі сябе незалежнымі ад акад. кірунку і пісалі ў свабоднай манеры, імкнуліся адлюстраваць у сваёй творчасці «дао» — схаваны сэнс з’явы, рух і душу Сусвету. Пейзажы 2-й пал. 10—1-й пал. 12 ст. перадавалі свет суровым і велічным, аддаленым ад чалавека (Го Сі, Фань Куань, Лі Чэн, Гуань Тун). У 2-й пал. 12—13 ст. характар пейзажа больш наблізіўся да чалавека, грандыёзныя ландшафты змяніліся на больш лірычныя матывы (Лі Тан, Лі Дзі, Ма Юань, Ся Гуй і інш.). У 10—13 ст. росквіту дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва: беласнежны фарфор з г. Сінчжоў; фарфор, размаляваны яркімі каляровымі палівамі; разнастайныя па форме і дэкоры керамічныя пасудзіны; тканіны «кэ-сы» з узорамі, якія пераймалі з жывапісных твораў, і інш. У 13—1-й пал. 14 ст. пад уплывам прыдворных густаў мангольскай дынастыі ў жывапісе пашырыліся сцэны ўрачыстасцей, палявання на конях і інш. (Чжао Мэнфу); традыцыі лірычнага пейзажа развівалі Ван Мэн, У Чжэнь і інш. У 2-й пал. 14—17 ст. ў акадэміях і прыдворнымі мастакамі маст. прыёмы кананізаваны. Больш свабоднай была творчасць мастакоў, што жылі далёка ад сталіцы і стварылі самаст.маст. школы: чжэ цзянскую (Дай Цзінь), сучжоўскую (Шэнь Чжоў, Вэнь Чжэнмін) і інш. Развіваліся быт. жанр (Чоў Ін, Тан Інь, Чэнь Хуншоў), «кветкі-птушкі» (Сюй Вэй), дрэварыт, нар. лубок, кніжная ілюстрацыя, скульптура (кампазіцыі з ваяроў і жывёл на «Дарозе духаў» пахавальнага комплексу Шысаньлін). У 17—19 ст. скульптура набыла другасны дэкар. характар, жывапіс вызначаўся эклектычнасцю (пейзажысты Ван Хой, Ван Шымінь, Ван Цзянь, Ван Юньцы, майстар жанру «кветкі-птушкі» Юнь Шоўпін і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве 14—19 ст. пашырыўся выраб шматколернага фарфору з пейзажнымі, жанравымі і расл. матывамі, выкананымі падпаліўнай размалёўкай кобальтам, надпаліўнымі яркімі фарбамі («доўцзай» — барацьба колераў), белага фарфору; з’явілася перагародчатая эмаль. У традыц. манеры стваралі вырабы з чырв. разнога лаку (посуд, мэбля), вышыўкі, тканіны «кэсы», разьбу па камені, бамбуку і косці.
З канца 19 ст. пачалося адраджэнне традыц. стылю жывапісу, узнікла імкненне наблізіць мастацтва да жыцця, сцвердзіць прыгажосць прыроды (Жэнь Банянь, У Чаншы, Чэнь Шыцзэн, Гао Цзяньфу; гл. таксама Гохуа). З’явіўся алейны жывапіс еўрап. тыпу. Барацьба за незалежнасць у 1-й пал. 20 ст. паўплывала на развіццё мастацтва плаката, паліт. карыкатуры. Пашырылася гравюра на актуальныя тэмы (Гу Юань, Янь Хань, Ван Шыко і інш.). У 1938 створана АМ імя Лу Сіня, вакол якой сфарміравалася кола сучасных майстроў. У жывапісе 1950-х г.вял. ролю адыгрывала творчасць Цы Байшы, Пань Цяньшоў, Хуан Біньхуна, Сюй Бэйхуна, у якой прыёмы традыц. жывапісу гохуа спалучаліся з элементамі еўрап. жывапісу. У час «культурнай рэвалюцыі» мастацтва заняпала, найб. пашыраным стаў прапагандысцкі паліт. плакат. З пач. 1970-х г. адбываецца ажыўленне маст. жыцця. У канцы 1970—80-я г. ў рэчышчы традыц.кіт. жывапісу працавалі У Юнлян, Сун Чжун’юань (жанр «людзі»), Хо Чуньян, Юй Цзігао (жанр «кветкі-птушкі»), пейзажысты Сюй Сі, Цзя Юфу, Гуанжун і інш.
Музыка Муз. культура К. — адна з самых стараж. у свеце. Яна мае шырокі спектр мясц.муз. традыцый, форм і стыляў. Фарміравалася ў рэчышчы рэліг.-філас. плыняў (канфуцыянства, будызм, даасізм), якія абумовілі яе складаную і глыбокую духоўную сутнасць, сімвалічную і этыка-эстэт. абгрунтаванасць. Ужо ў 11—3 ст. да н.э. склаліся міфалагічныя ўяўленні аб паходжанні музыкі і муз. інструментаў. Адна з першых анталогій кіт.муз.-паэт. творчасці — «Шыцзін» («Кніга песень», 6 ст. да н.э.; верагодна, складзена Канфуцыем). У трактатах «Юэцзі» («Нататкі аб музыцы», каля 3—2 ст. да н.э.), «Шыцзі» («Гістарычныя нататкі», каля 1 ст. да н.э.) і інш. вяліся дыскусіі па праблемах эстэтыкі, тэорыі (ладагукарадныя сістэмы, рытм) і практыкі кіт. класічнай музыкі. Дынастычная абумоўленасць характару развіцця кіт.муз. культуры, якая дасягнула высокага ўзроўню ўжо ў перыяд дынастый Хань, Суй і Тан (206 да н.э. — 907 н.э.), спрыяла фарміраванню распрацаванай сістэмы прыдворна-цырыманіяльнай музыкі, абагульненай у катэгорыі я-юэ («элегантная музыка») і су-юэ (музыка свецкіх забаў). Першая ўключала музыку канфуцыянскіх рытуалаў, тэатр. і ваен. аркестраў, банкетную і вытанчаныя формы муз.-паэт. творчасці, другая — «простанародную музыку», што існавала ў шматлікіх лакальных відах. У К. шырока развіта інстр. музіцыраванне. Сярод найб.стараж. інструментаў: наборы бронз. званоў бяньчжун, літафоны бяньцынь, акарыны. Шырокі рэпертуар, зафіксаваны спец. натацыямі ў зборніках, маюць інструменты менавіта кіт. паходжання: цытры цынь і чжэн, гуслі сэ, лютня піпа, падоўжная флейта сяо, губны арган шэн, барабаны (вял. цзяньгу, гліняны ху, аднабаковы малы баньгу, тамбурын яагу), струнныя смычковыя эрху, баньху і інш. У 13—14 ст. у кіт. музыцы вылучыліся 2 традыцыі — паўночная (характэрны гераічная тэматыка, прастата муз. мовы, выкарыстанне 7-ступенных ладоў) і паўднёвая (перавага лірычных вобразаў, больш вытанчаныя тэхн. сродкі, пентатоніка, перавага драўляных муз. інструментаў). Сярод шматлікіх мясц.вак., інстр. і танц. стыляў — янгэ (нар. танцы са спевамі), лянжэньчжуань і лянжэньтай (п’есы-дыялогі), хуагу, хуадэн (традыц. песні і сцэнкі пад музыку), тыбецкая нанма (танец з рэчытатывам). Сярод пашыраных рэгіянальных форм муз. і муз.танц. т-ранайб. вядомы као-цзянь і куньцзю (прав. Куньшань, з 16 ст.), пекінская муз. драма цзінцзюй (т.зв. «пекінская опера», 18 ст.), якая атрымала статус агульнанац. жанру. Развіваюцца таксама розныя формы вак. музыкі ў суправаджэнні муз. інструментаў, спецыфіка інтанавання якой цесна звязана з танальным характарам кіт. мовы. У 16—17 ст. пачалася дэмакратызацыя кіт. музыкі. Яна зазнала ўплыў зах.-еўрап.муз. мастацтва, што ўзмацніўся з пач. 20 ст. Цэнтрам муз. культуры К. стаў г. Шанхай. Кіт. музыканты набываюць спец.муз. адукацыю ў Еўропе. У К. створаны муз.навуч. ўстановы і аркестры зах.-еўрап. тыпу. Муз. жыццё К. найб. актывізавалася ў 1950-я г. і з 1980-х г. Развіваецца самадз. творчасць, ствараюцца новыя прафес.муз. калектывы, удасканальваецца муз. адукацыя. Найб. вядомыя кампазітары — Лі Хуаньчжы, Лю Чжы, Цюй Сісянь, Цюй Вэй, Чжу Цзяньэр, Чжэн Цюфэн, Ван Мін, Шы Гуаньнань, У Цзучан, Ду Мінсінь і інш., выканаўцы — дырыжоры Лі Дэлунь, Ян Лянкун, Хуан Сяотунь, Цао Пэн, Чжэн Сяоінь, спевакі Чжоў Сяоянь, Вэй Чысянь, Ху Сунхуа, Чжан Юэнань, Лі Гуансі, Мян Нінь, Ван Кунь, піяністы Лю Шыкунь, Вэй Данвэн, Лі Чжэн, скрыпачы Шэн Чжунго, Ху Хуэн, Сюэ Вэй, выканаўцы на нар. інструментах Лю Дэхай (піпа), Чжан Чжэхуа (эрху), У Дзіньлюэ, У Вэнгуан (цынь). У К. дзейнічаюць Цэнтр.дзярж.т-р оперы і Кіт. оперны т-р (Пекін), т-ры балета (Пекін, Шанхай), сімф. аркестры (Пекін, Шанхай, Сіянь і інш.), т-ры пекінскай муз. драмы, Т-ркіт. песні і танца, Цэнтр. аркестр кіт.нар. інструментаў, Ансамбль песні і танца народаў Усходу, Цэнтр.нац. ансамбль песні і танца. Працуюць кансерваторыі (Пекін, Шанхай, Цяньцзінь), муз. ін-ты (Ухань, Шэньян, Сіянь, Чэнду), Ін-ткіт.нар. музыкі (Пекін), муз. вучылішчы і інш. У 1953 створаны Саюз кіт. музыкантаў.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва К. ў рытуальных абрадах і нар. святах, вядомых з 1-га тыс. да н.э. Адна з найб.стараж. тэатралізаваных форм — янгэ (песня маладых парасткаў), у якой сродкамі выразнасці былі музыка, спевы, танец, пантаміма. У 7 ст.н.э. на аснове прадстаўленняў танцораў, фокуснікаў, акрабатаў узнікла найб. простая тэатр. форма — фарс цаньцзюньсі, які не меў фіксаванай драматургіі і разыгрываўся 2 акцёрамі. У 10—13 ст. пашырыліся больш складаныя камічныя змешаныя прадстаўленні — цзацзюй (удзельнічалі 5 акцёраў, танцоры і музыканты, ствараліся лібрэта). Набылі папулярнасць песенна-танц. сцэнкі гэусі, песенна-сказавыя жанры гуцзыцы і чжугундзяо, шматлікія віды т-ра лялек (т-р на «каромысле», ценявы, марыянетак і інш.). У 11—12 ст. зарадзіўся сталы від тэатр. прадстаўлення, які ўключаў празаічныя дыялогі, паэтычныя арыі, пантаміму, абавязковае муз. суправаджэнне і дакладны рытмічны каркас. На Пд К. склаўся т-р наньсі — «паўднёвы т-р» («Чжан Се, пераможца на экзамене», «Сунь-мяснік», «Памылка знатнага юнака»). На Пн К. ў 1-й пал. 13 ст. ўзнікла новая тэатр. форма са старой назвай цзацзюй, т.зв. «юаньская драма», што дамінавала да 1368. Яна мела строга рэгламентаваную форму з абавязковымі правіламі: наяўнасць 4—5 актаў, цыклы арый на пэўны набор мелодый у адной танальнасці, якія звязаны адзінай рыфмай і выконваліся адным персанажам, строгі падзел на амплуа і інш. Вядомы каля 750 п’ес «юаньскай драмы» (захаваліся каля 160), у т. л. «Крыўда Доў Э», «Восень у Ханьскім палацы», «Шалёны Жэнь» Ма Чжыюаня, «Заходні флігель» Ван Шыфу. У канцы 14—17 ст. пашырыўся жанр чуаньці (апавяданне пра дзіўнае) — працяг наньсі ў больш познім «алітаратураным» варыянце. Гэта былі творы вял. аб’ёму з вял. колькасцю дзеючых асоб, складанай фабулай і некалькімі дзесяткамі карцін: «Апавяданне пра Нанькэ» Тан Сяньцзу, «Палац вечнага жыцця» Хун Шэна (1688), «Веер з персікавымі кветкамі» Кун Шанжэня (1698) і інш. Чуаньці ствараліся пераважна для чытання, для пастановак на сцэне з іх адбіраліся найб. яркія эпізоды. У гэты час узніклі 2 буйнейшыя кірункі кіт.т-ра: іянскі — іянцян (спектаклі-цыклы на аснове нар. мелодый і тэматыкі, блізкія да прадстаўленняў на плошчах, з перавагай рытму над мелодыяй), і куньшанскі — куньцюй (прыдворны т-р арыстакратыі, які вызначаўся высокім узроўнем акцёрскага майстэрства і вак. мастацтва, разнастайнасцю меладычных тэм). 18—19 ст. — росквіт кіт.т-ра. Удасканальвалася тэхніка выканання, узніклі новыя мясц. разнавіднасці т-ра. У рэпертуарах пераважалі п’есы на аснове стараж. легенд, міфаў, сюжэтаў класічных літ. твораў («Падарожжа на Захад» У Чэнэня, «Траяцарства» Ло Гуаньчжуна, «Рачныя затокі» Шы Наяня). У канцы 18 — пач. 19 ст. ў Пекіне сфарміраваўся т-р цзінсі, т.зв. Пекінская муз. драма. Спектаклі традыц. форм кіт.т-ра ішлі пераважна без дэкарацый (і цяпер таксама), месца дзеяння пазначалася ў тэксце персанажаў. Мужчынскія і жаночыя ролі выконвалі і акцёры і актрысы. Існаваў строгі падзел на амплуа. Выкарыстоўваліся кананізаваныя ўмоўныя прыёмы выразнасці, стылізаваныя рухі і жэсты, гульня з уяўнымі прадметамі, сімволіка грыму, касцюма, колеру. У пач. 20 ст. адбыліся спробы засваення еўрап.тэатр. сістэмы. У 1907 створана першая прафес.драм. трупа новага тыпу «Чуньяншэ» (узначальваў Ван Чжуншэн). У 1920-я г. ўзнікла вял. колькасць аматарскіх труп, шмат якія з іх спрабавалі засвоіць новую для кіт.т-ра «размоўную» драму. Цэнтр тэатр. мастацтва — Шанхай. У 1940-я г. на аснове стараж.нац. прадстаўленняў янгэ склалася новая форма муз. спектакля сінь гэцзю (новая опера) — муз.-драм. спектакль з адзінай кампазітарскай задумай і закончаным сюжэтам («Сівая дзяўчына» Хэ Цзінчжы і Дзін I і інш.). У 1958 асн. творчым метадам абвешчана «спалучэнне рэвалюцыйнага рамантызму з рэв. рэалізмам», гал. акцэнт рабіўся на калектыўную самадз. творчасць. У пач. 1960-х г. з’яўляліся і аўтарскія творы: п’есы Го Мажо («Цай Вэньцзі», «У Цзецянь») і Цао Юя («Меч мужнасці», «Яснае неба»), Крытычныя адносіны да кіт. рэчаіснасці ў іншасказальнай форме выяўляліся ў драматургіі Цянь Ханя («Гуань Ханьцын» і інш.) і У Ханя. Пасля 1976 тэатр. жыццё К. ажывілася. Рэабілітаваны многія дзеячы культуры. якія пацярпелі ў гады «культурнай рэвалюцыі». У сучасным К. большасць тэатр. труп працуе ў традыц.нац. жанрах. Асн. цэнтры тэатр. мастацтва — Пекін і Шанхай. Сцэн. калектывы розных жанраў ёсць у г. Гуанчжоў, Чунцын, Яньань і інш. Існуе шмат невял. перасоўных труп.
Кіно. Першая дэманстрацыя фільмаў адбылася ў 1896. Кінавытворчасць пачалася ў 1908 замежнымі кінематаграфістамі. Першы ўласна кіт. фільм зняты ў 1917. Уздым нац. кінематографа пачаўся ў 1920-я г. і звязаны з дзейнасцю шанхайскіх кінакампаній «Мінсін», «Наньго», «Ляньхуа». У 1934 зняты першы гукавы фільм «Гібель персікаў і сліў». Фільмы 1930 х г. ствараліся пераважна ў рэчышчы наследавання галівудскай кінапрадукцыі. У 1930-я — пач. 1940-х г. пашырыліся патрыят. фільмы «супраціўлення». У 1938 створана Усекіт. асацыяцыя кінематаграфістаў па адпоры ворагу. Пасля 1945 дэманстраваліся пераважна амер. стужкі. У 1949 створана Усекіт. асацыяцыя работнікаў кінамастацтва (з 1960 Саюз работнікаў кіно, з 1979 Саюз кіт. кінематаграфістаў). Асн. цэнтры кінавытворчасці — Пекін, Шанхай, Чанчунь. Гал. тэматычнымі кірункамі былі барацьба за вызваленне і сацыяліст.буд-ва: «Сівая дзяўчына» (рэж. Шуй Хуа і Ван Бінь), «Стальны салдат» (рэж. Чэн Інь; абодва 1950), «Зямля» (1954, рэж. Шуй Хуа), «Дачка партыі» (1958, рэж. Лінь Нун) і інш. Экранізавалася літ. класіка, у т. л. «Маленне аб шчасці» паводле Лу Сіня (1956, рэж. Сан Ху). На развіццё кіно К. паўплывалі ідэі «агульнадаступнасці», прымітывізму, скажонае разуменне прынцыпаў ідэалаг. перавыхавання творцаў. У 1958 уведзены жанр дакумент.-маст. фільма, які культываваў варожасць да мастацкасці. «Культурная рэвалюцыя» прывяла да скарачэння колькасці кінастудый, адмаўлення ад ранейшых дасягненняў кінамастацтва, забароны фільмаў, рэпрэсій супраць кінематаграфістаў, роспуску Саюза работнікаў кіно. Выпускаліся толькі дакумент. фільмы, што мелі адкрыта апалагетычны характар. З 1973 адноўлены выпуск ігравых фільмаў, якія ствараліся ў рэчышчы «рэв. рэалізму і рамантызму», у пракаце з’явіліся фільмы, забароненыя ў перыяд «культурнай рэвалюцыі», да работы вярнуліся рэпрэсіраваныя кінематаграфісты Се Цянь, Се Цзінь, Бай Ян, Чжао Дан і інш. У 1988 кіт. кінематограф дасягнуў свайго піка, але ў пач. 1990-х г. змяніўся спадам, скарацілася кінавытворчасць. У рэпертуары пераважаюць дэтэктывы, трылеры, камедыі, баевікі «кунг-фу». Сярод рэжысёраў: Чжан Імоў («Падымі чырвоны ліхтар», «Цзюцзю ідзе ў суд», абодва адзначаны «Залатым ільвом» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, 1991 і 1992), Чэнь Кайге («Развітанне з наложніцай», «Залатая пальмавая галіна» Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1993; «Жыць», прэмія за рэжысуру Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1994) і інш.Асн. стужкі 2-й пал. 1990-х г.: «Чырвоныя пацерачкі» (рэж. Хэ Цзяньцзюнь), «Дні» (Ван Сяошуай), «Імператарская наложніца Ян Юйхуань» (Чэнь Цзямінь), «Чырвоны феерверк, зялёны феерверк» (Хэ Пін), «Фантазія» (Лю Сяовэй), «Гісторыя Сінхуа» (Інь Лі), «Гімн імператару Цыньшыхуану» і інш. Праводзяцца Міжнар. кінафестывалі мультыплікацыйнага і навук.-папулярнага кіно (абодва ў Шанхаі), турыстычнага фільма ў г. Усі, дзіцячых фільмаў у Пекіне, Нац. конкурс сімпатыі гледачоў «Сто кветак» і конкурс Саюза кінематаграфістаў «Залаты певень».
Літ.:
Кучера С. Древнейшая и древняя история Китая: Древнекаменный век. М., 1986;
Васильев Л.С. Древний Китай. Т. 1. Предыстория, Шан-Инь, Западное Чжоу (до VIII в. до н.э). М., 1995;
Лубо-Лесниченко Е.И. Китай на Шелковом пути: Шелк и внешние связи древнего и раннесредневекового Китая. М., 1994;
Гумилев Л.Н. Хунны в Китае: Три века войны Китая со степными народами, III—VI вв. М., 1974;
Стужина Э.П. Китайский город XI—XIII вв.: экон. и соц. жизнь. М., 1979;
Бокщанин АА. Императорский Китай в начале XV в.: (Внутренняя политика). М., 1976;
Яго ж. Удельная система в позднесредневековом Китае: Период Мин, 1368—1644. М., 1986;
Малявин В.В. Китай в XVI—XVII вв.: Традиция и культура. М., 1995;
Ларин В.Л. Юго-Западный Китай во второй половине XVII — 70-х гг. XIX в.: Пробл. региональной истории. М., 1994;
Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985;
Забровская Л.В. Политика цинской империи в Корее, 1876—1910 гг.М., 1987;
Тихвинский С.Л. Движение за реформы в Китае в конце XIX в. 2 изд. М., 1980;
Непомнин О.Е. Социально-экономическая история Китая, 1894—1914. М., 1980;
Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;
Майстрова З.Е. Становление революционной власти в советских районах Китая, 1927—1937 гг. Новосибирск, 1988;
Мамаева Н.Л. Гоминьдан в национально-революционном движении Китая (1923—1927). М., 1991;
Сапожников Б.Г. Китай в огне войны (1931—1950). М., 1977;
Яго ж. Китайский фронт во второй мировой войне. М., 1971;
Mеликсетов АВ. Победа китайской революции, 1945—1949. М., 1989;
Социально-экономический строй и экономическая политика КНР 1949—1975. М., 1978;
КНР: Краткий ист. очерк (1949—1979 гг.). М., 1980;
Китай после «культурной революции»: (Полит. система, внутриполит. положение). М., 1979;
Идеологическая борьба в Китае (1976—1979 гг.). М., 1980;
Борисов О.Б. Внутренняя и внешняя политика Китая в 70-е гг: Полит. очерк. М., 1982;
Егоров К.А. Китайская Народная Республика: Полит. система и полит. динамика (80-е гг.). М., 1993;
Надеев И.М. «Культурная революция» и судьба китайской литературы. М., 1969;
Сорокин В.Ф., Эйдлин Л.З. Китайская литература. М., 1962;
Герб і сцяг Кітая.Да арт.Кітай. Лёсавае плато ў сярэднім цячэнні р. Хуанхэ.
Да арт.Кітай. Горны ландшафт на захадзе Цэнтральнага Кітая.
Да арт.Кітай. Афіцэры аб’яднанай еўрапейскай арміі ўваходзяць у Пекін. 1900. Тагачасны малюнак.Да арт.Кітай. Мост цераз р. Янцзы ў г. Нанкін.Да арт.Кітай. Рысавыя палі ў правінцыі Хунань.Да арт.Кітай. Ляаянскі завод хімічнага валакна.Да арт.Кітай. Краявід на Пн Тыбета.Да арт.Кітай. Рака Хуанхэ каля г. Баатоў.Да арт.Кітай. Будынак абсерваторыі ў Пекіне. 15 ст.Да арт.Кітай. Галерэя Чанлан (фрагмент) у парку Іхэюань у Пекіне.Да арт.Кітай. Будыйскі манастыр у г. Ухань.Да арт.Кітай. Палацавы павільён Цын’яньфан у форме мармуровага карабля ў парку Іхэюань у Пекіне.Да арт.Кітай. У цэнтры г. Шэньчжэнь.Да арт.Кітай. Вуліца Люлічан (ганчарных майстэрняў) у Пекіне.Да арт.Кітай. Гасцініца «Міжнародная» ў Пекіне. 1988.Да арт.Кітай. Ваджрабхайрава (Ямантака). 17 — пач. 18 ст.Да арт.Кітай. Бронзавыя астранамічныя прылады. 15 ст.Да арт.Кітай. Размаляваная тэракотавая скульптура. 7 ст.Да арт.Кітай. Вырабы з фарфору. 18 ст.Да арт.Кітай. Гуанжун. Пейзаж.Да арт.Кітай. Сюй Бэйхун. Конь.Да арт.Кітай. Кадр з кінафільма «Гімн імператару Цыньшыхуану». 1990-я г.Да арт.Кітай. Выступленне ўдзельнікаў Сіяньскага ансамбля «Чананьскай музыкі і танцаў».