БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ НАСАДЖЭ́ННІ,
палосы дрэвавай, кустовай або травяністай расліннасці, якія ствараюцца або захоўваюцца па берагах вадаёмаў з мэтай прадухілення ці спынення працэсаў берагавой эрозіі і абразіі. Шыр. 50—300 м. Берагаўмацавальныя насаджэнні замацоўваюць грунт, затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівай глебы і ўгнаенняў, паляпшаюць умовы пражывання жывёл, павышаюць сан.-аздараўленчыя і рэкрэацыйныя якасці водных аб’ектаў і сумежных тэрыторый. Найлепшыя берагаўмацавальныя насаджэнні: густыя кустовыя зараснікі розных відаў раслін, камбінаваныя складаныя насаджэнні з вярбы (ломкая, руская, шэрая, белая і інш.) і густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чарот, асака, інш. Злакі).
т. 3, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,
прыёмы мех. ўздзеяння на глебу, якія павышаюць яе ўрадлівасць і ствараюць лепшыя ўмовы для росту і развіцця раслін. Сукупнасць паслядоўных прыёмаў уздзеяння складаюць сістэму апрацоўкі глебы. Адрозніваюць сістэмы асн. і перадпасяўной апрацоўкі, а таксама зямель, схільных да эрозіі. Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца дыскаванне, ворыва, культывацыя, баранаванне, выраўноўванне, прыкочванне, міжрадковая апрацоўка. Пры апрацоўцы глебы ствараецца рыхлы дробнакамякаваты ворны слой, паляпшаюцца водны, паветраны і цеплавы рэжымы глебы, знішчаюцца пустазелле, шкоднікі, узбуджальнікі хвароб раслін, загортваюцца ў глебу ўгнаенні, дзярніна, іржышча і інш. раслінныя рэшткі, ствараюцца найлепшыя ўмовы для сяўбы і прарастання насення. Гл. таксама Агратэхніка.
т. 1, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН
(Grand Canyon),
Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.
т. 4, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРСК,
горад у Расіі, цэнтр Курскай вобл., на р. Сейм і яе прытоку Тускар. Вядомы з 1032 як крэпасць Кіеўскай Русі. 442,3 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (лічыльныя машыны, акумулятары, эл.-апаратура і інш.), хім. (хім. валакно, гумава-тэхн. і пластмасавыя вырабы), хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. НДІ аховы глеб ад эрозіі. 4 ВНУ (пед., мед., с.-г., політэхн.). 3 т-ры (драм., юнага гледача, лялек). Філармонія. Цырк. Краязнаўчы музей, Ваенна-гіст. музей Курскай бітвы 1943. Карцінная галерэя. Арх. помнікі 17—19 ст., у т.л. палаты баяр Рамаданаўскіх, Троіцкая царква.
т. 9, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУ́РВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
павышэнне ўрадлівасці глебы з дапамогай агратэхн., аграхім. і меліярац. мерапрыемстваў. Акультурваюць паглыбленнем ворнага гарызонту, сістэм. апрацоўкай, угнойваннем, вапнаваннем або гіпсаваннем, рэгуляваннем воднага рэжыму. Праводзяць на глебах з нізкай прыроднай урадлівасцю. Ва ўмовах Беларусі водны рэжым рэгулююць асушэннем і арашэннем, адвядзеннем паверхневых водаў, баразнаваннем, рыхленнем падворнага гарызонту, унясеннем мікраўгнаенняў, увядзеннем севазваротаў з шматгадовымі травамі. Глебы, схільныя да воднай і ветравой эрозіі, аруць упоперак схілаў, на іх робяць перарывістае баразнаванне, залужэнне, садзяць лясныя палосы і інш. На землях, парушаных у выніку с.-г. работ, праводзіцца рэкультывацыя, ствараецца новы ворны гарызонт.
Літ.:
Кулаковская Т.Н. Почвенно-агрохимические основы получения высоких урожаев. Мн., 1978.
т. 1, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РПЕС
(ад грэч. herpēs лішай),
вірусная хвароба з характэрнай высыпкай згрупаваных пухіркоў на скуры і слізістых абалонках. Узбуджальнік — вірус простага герпесу, вірусаносьбіты. Узнікненню хваробы спрыяюць: пераахаладжэнне, пераграванне, хранічныя ачагі гнойнай інфекцыі, паталогія страўнікава-кішачнага тракту, печані, органаў дыхання, залоз унутр. сакрэцыі і інш. Інкубацыйны перыяд 3—7 дзён. Хвароба пачынаецца са свербу, паколванняў; на ацёчнай скуры з’яўляюцца празрыстыя пухіркі (2—3 мм), якія праз 1—2 дні мутнеюць і засыхаюць. Часта пухіркі лопаюцца і на іх месцы з’яўляюцца ружова-чырвоныя эрозіі. У хворых на СНІД герпес мае рэцыдыўны характар з гемарагічным змесцівам пухіркоў з некратычна-язвавым пашкоджаннем. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу; тэрапеўтычнае.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА І АГРАХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т (Навукова-даследчае дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі») Акадэміі аграрных навук.Засн. ў 1958 у Мінску на базе аддзела глебазнаўства і лабараторыі фізікахіміі глеб і радыеактыўных ізатопаў Бел. НДІ земляробства
(з 1927),
лабараторыі тарфяна-балотных глеб Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (з 1930) як Бел. НДІ глебазнаўства. У 1969—96 Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне глебавага покрыва Беларусі і распрацоўка навук. асноў павышэння ўрадлівасці глеб, аховы іх ад воднай і ветравой эрозіі, забруджвання; распрацоўка сістэм выкарыстання мінер. макра- і мікраўгнаенняў пад с.-г. культуры; займаецца пытаннямі аграхім. абслугоўвання сельскай гаспадаркі і інш.
т. 5, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
забалочванне, прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.
На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.
т. 2, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯ́ЦЫЯ
(ад лац. ablatio адніманне),
у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.
2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.
т. 1, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛА́ЧСКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
зона палеазойскай складкавасці ўздоўж паўд.-ўсх. ускраіны Паўночна-Амерыканскай платформы. Сфарміравалася ў выніку праяўлення таконскай (сярэдні ардовік — сілур), акадскай (ранні — сярэдні дэвон) і алеганскай (карбон — ранняя перм) фазаў складкавасці. З канца палеазою і ў мезазоі падвяргалася моцнай эрозіі, у позняй юры перакрывалася морам, на працягу мелавога перыяду і кайназойскай эры паўторна спадзіста прыўзнята. Складзена з магутных тоўшчаў вапнякоў, кварцавых пяскоў, гліністых сланцаў, граўвакаў, з вулканічных і вывергнутых парод. Большая частка Апалачскай складкавай вобласці прымеркавана да Апалачаў, другая апушчана пад прыбярэжныя раўніны і шэльф Атлантычнага ак., трэцяя выходзіць на паверхню ў гарах Уошыта на тэр. Арканзаса і Аклахомы і на невял. участках у Тэхасе (Маратон) і ў Мексіцы. З ПнУ на ПдЗ падзяляецца на 3 сегменты з рознай арагенічнай гісторыяй: Ньюфаўндленд-Квебекскі, Пенсільванска-Тэнесійскі і Уошыта-Маратонскі. У межах сегментаў вылучаны правінцыі: Апалачскае плато, правінцыя Далін і Хрыбтоў, правінцыя Блакітнага хрыбта, Підмант і інш. Амаль усе структурныя элементы Апалачскай складкавай вобласці паралельна выцягнуты па дузе, павернутай выпукласцю да цэнтра мацерыка.
Г.У.Зінавенка.
т. 1, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)