Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,
паверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
эразі́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эрозіі; суправаджаецца эрозіяй. Эразійныя працэсы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРЫ́ДНЫ РЭЛЬЕ́Ф,
тып рэльефу пустыняў, паўпустыняў, сухіх стэпаў. Фарміруецца пад уплывам арыднага клімату, дзейнасці ветру (дэфляцыя, эолавая акумуляцыя), пустыннага выветрывання, эрозіі часовых вадацёкаў. Для ўзвышаных плато, перадгор’яў характэрны формы арыднай дэнудацыі і эрозіі (педыменты, бедленды і інш.), для нізін і раўнін — розныя тыпы камяністых і пясчаных пустыняў з эолавымі формамі рэльефу (барханы, градавыя пяскі і інш.), засоленымі азёрнымі ўпадзінамі, такырамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́САЯ ГАРА́,
другі па вышыні пункт Беларусі ў Мінскім р-не, за 21 км на Пн ад Мінска; выш. 342 м. Займае цэнтр. буйнаўзгорыстую ч.Лагойскага ўзвышша. Складзена з марэнных суглінкаў. Глебы змытыя ў выніку эрозіі. На гары сухадольныя лугі і ўчасткі дрэвава-хмызняковай расліннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЛІО́ВІЙ (ад лац. perluo прамываю),
рэшткавы грубаабломкавы валунны ці галечны матэрыял, які пасля размыву розных парод і вынасу драбназёму застаўся на дне рачных далін і яроў. Перлювіяльныя адклады характарызуюцца сартаванасцю, адсутнасцю слаістасці, прадухіляюць далейшы размыў рачных далін, на асобных участках рэк ствараюць мясц. базісы эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕК (англ. neck літар. шыя),
слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХВА́Т РАКІ́,
захоп ракой сцёку суседняй ракі. У большасці выпадкаў — вынік рэгрэсіўнай (адступальнай) эрозіі, калі рака ўразаецца вярхоўямі ў водападзельную прастору і дасягае суседняй рачной даліны. Вада з перахопленай ракі цячэ па новым рэчышчы. Біфуркацыя рэк — адзін з этапаў П.р. На Беларусі П.р. адбываліся ў пасляледавіковы час, сведкі гэтага — скразныя даліны.