БУЛАНЖЭ́ (Boulanger) Жорж Эрнест
(29.4.1837, г. Рэн, Францыя — 30.9.1891),
палітычны дзеяч Францыі, генерал. Удзельнік аўстра-італа-франц. (1859), франц. каланіяльнай (Індакітай, 1852—62) і франка-прускай (1870—71) войнаў, задушэння Парыжскай камуны 1871. У 1886—87 ваен. міністр. У 1887—89 узначальваў шавіністычны рух (буланжызм), які меў на мэце ўсталяванне ваен. дыктатуры, перагляд дэмакр. свабод і роспуск парламента, імкнуўся развязаць рэваншысцкую вайну з немцамі. У 1889 Б. абраны ў палату дэпутатаў, але абвінавачаны ў сувязі з манархістамі, уцёк у Бельгію, дзе скончыў самагубствам.
т. 3, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РЛАЎГ (Borlaug) Норман Эрнест
(н. 25.3.1914, Крэска, штат Аява, ЗША),
амерыканскі генетык і раслінавод. Скончыў ун-т у Мінесоце (1937). Чл. Нац. АН ЗША, замежны чл. УАСГНІЛ (1972). Праф. земляробства Тэхаскага ун-та з 1984. У сярэдзіне 1960-х г. — 1979 дырэктар Праграмы па даследаваннях і вытв-сці пшаніцы пры Міжнар. цэнтры па паляпшэнні сартоў кукурузы і пшаніцы (Мексіка). Вывеў сорт «карлікавай» пшаніцы, устойлівай у розных кліматычных умовах да захворванняў і з вял. ураджайнасцю, што дало магчымасць паменшыць харч. праблемы ў краінах Азіі, Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Нобелеўская прэмія міру 1970.
т. 3, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ВІН (Bevin) Эрнест
(9.3.1881, Уінсфард, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 14.4.1951),
палітычны і прафс. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1910—21 у складзе кіраўніцтва заснаванага ім прафсаюза докераў. У 1922—40 ген. сакратар аб’яднанага прафсаюза транспартных і некваліфікаваных рабочых. У 1925—40 член і ў 1937 старшыня Генсавета Брыт. кангрэса трэд-юніёнаў. У 1940—45 міністр працы і нац. павіннасці ў кааліцыйным урадзе У.Чэрчыля. У 1945—51 міністр замежных спраў у лейбарысцкім урадзе К.Этлі. Садзейнічаў ажыццяўленню Маршала плана, заключэнню Брусельскага (1948) і Паўночнаатлантычнага (1949) дагавораў. У 1951 ініцыятар плана эканам. дапамогі Азіі (план Каломба).
т. 2, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́С (Lavisse) Эрнест
(17.12.1842, Ле-Нув’ён-ан-Цьераш, Францыя — 18.8.1922),
французскі гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1892), праф. Сарбоны (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1865), у 1904—19 яе дырэктар. Пасля паражэння Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71 вывучаў гісторыю Германіі, пераважна Прусіі, спрабуючы знайсці тлумачэнне яе ваен. і паліт. поспехам. Адзін з рэдактараў (з А.Рамбо) і аўтараў калект. прац «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901), «Гісторыя Францыі са старажытнасці да рэвалюцыі» (т. 1—9, 1903—11) і «Гісторыя сучаснай Францыі ад рэвалюцыі да міру 1919» (т. 1—10, 1920—22).
т. 9, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́НЖУРА (Wanžura, Vančura) Эрнест (1750?, Вамберк, Чэхія — студз. 1802), кампазітар і клавесініст. Па паходжанні чэх. Барон. Служыў у войсках аўстр. імператара Іосіфа II. У 1780 запрошаны графам С.Г.Зорычам у прыдворны т-р у Шклове. Аўтар лібрэта, музыкі і дэкарацый «Пантамімы з алегорыямі», паст. у Шклове 30.5.1780 у прысутнасці Кацярыны II і Іосіфа II. З 1783 муз. кіраўнік у выхаваўчым доме, інспектар муз. класаў Пятроўскага т-ра ў Маскве, у 1786—97 у дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу, капельмайстар і прыдворны клавесініст. Сярод твораў: камічныя оперы «Храбры і смелы віцязь Архідэіч» (паст. 1787), «Апякун падмануты»; З сімфоніі на слав. тэмы (на ўкр., рус. і польск.). У 1785—94 выдаваў муз. часопіс.
Г.І.Барышаў.
т. 3, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭТРЫ́ (Grétry) Андрэ Эрнест Мадэст
(8 ці 11.2.1741, г. Льеж, Бельгія — 24.9.1813),
французскі кампазітар, муз. пісьменнік. Па паходжанні бельгіец. Чл. Ін-та Францыі (1795), Балонскай філарманічнай акадэміі (1765). Вучыўся ў царкоўна-пеўчай школе ў Льежы (з 1750), удасканальваў майстэрства ў Рыме. З 1767 у Парыжы. Вядомасць яму прынеслі камічныя оперы «Гурон» (1768) і «Люсіль» (1769), у якіх выявіўся талент кампазітара-лірыка, майстра сентыментальнага і камедыйнага муз.-сцэн. дзеяння. Буйнейшы прадстаўнік франц. камічнай оперы 18 ст. Стварыў новыя жанравыя разнавіднасці: гераічную оперу на гіст. сюжэт («Рычард Львінае сэрца», 1784), нар.-гераічную драму («Вільгельм Тэль», 1791). Пісаў таксама лірычныя трагедыі, духоўную музыку, сімфоніі, камерна-інстр. ансамблі, гімны, рэв. песні і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1796—97).
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЗНІ́ЕК-У́ПІТ (Birznieke-Upitis) Эрнест Тэадоравіч
(6.4.1871, воласць Дзірцыемс, Латвія — 30.12.1960),
латышскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Скончыў Тукумскую гар. школу. Настаўнічаў. У 1908 заснаваў кніжнае выд-ва «Дзірцыемніекі». Друкавацца пачаў у 1891. Пісаў рэаліст. апавяданні пра жыццё лат. вёскі (зб-кі «Апавяданні Упіта», 1900; «Зранку», 1912; «Пад вечар», 1913; «Апавяданні шэрага каменя», 1914). У 1893—1921 жыў у Закаўказзі, стварыў каўказскі цыкл (зб-кі «У каўказскіх гарах», 1924; «Апавяданні Каўказа», т. 1—2, 1927). Аўтар аўтабіягр. трылогіі «Дзённік Пастарыня» (1922), «Пастарынь у школе» і «Пастарынь у жыцці» (абодва 1924), кніг для дзяцей. На бел. мову яго творы перакладалі У.Пігулеўскі, Я.Скрыган, Л.Філімонава.
Тв.:
Kopoti rakšti. Sēj. 1—7. Riga, 1960—63;
Бел. пер. — у кн.: Латышскія апавяданні. Мн., 1956;
Сучасныя латышскія апавяданні. Мн., 1978;
Песня Даўгавы. Мн., 1986.
І.Трэймане.
т. 3, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)