Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГА́ЗАВАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой электрагенератары прыводзяцца ў рух парагазатурбіннымі ўстаноўкамі. Можа забяспечваць цеплавой энергіяй знешніх спажыўцоў, г.зн. працаваць як цеплаэлектрацэнтраль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСО́ЎНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
пераважна цеплавая электрастанцыя, размешчаная на шасі аўтамабіля, прычэпе, чыг. платформе, судне і інш. Выкарыстоўваецца ў раёнах, аддаленых ад энергасістэм.
Бываюць малой (да 10 кВт), сярэдняй (10—150 кВт) і вял. (больш за 150 кВт) магутнасці; даюць пастаянны, адно- або трохфазны пераменны ток частатой 50, 400 Гц і больш. Найб. пашыраны дызельныя электрастанцыі (магутнасць да 150 кВт) і энергапаязды з дызель-электрычнымі агрэгатамі (5—10 МВт і больш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой электрычны генератар прыводзіцца ў дзеянне дызелем. Бываюць перасоўныя і стацыянарныя.
Перасоўныя Д.э. манціруюць на аўтамаб. прычэпах, чыг. платформах, абсталёўваюць быстраходнымі дызельнымі рухавікамі. Выкарыстоўваюць на буд-ве чыгунак, у лясной прам-сці, геолагаразведачных экспедыцыях і інш. На стацыянарных Д.э. устанаўліваюць 4- або (радзей) 2-тактавыя дызелі. Такія электрастанцыі будуюць у месцах, аддаленых ад ліній электраперадач, у раёнах з абмежаванымі крыніцамі водазабеспячэння. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, на прамысл., буд. і трансп. прадпрыемствах у якасці асноўнай, рэзервовай і аварыйнай крыніцы электраэнергіі. Дызельэлектрычныя агрэгаты шырока ўжываюцца таксама для энергазабеспячэння войск, вайск. аб’ектаў і комплексаў ваен. тэхнікі. Д.э. высокаэканамічныя, надзейныя ў эксплуатацыі, аднак маюць адносна невял. мотарэсурс (працягласць эксплуатацыі да капітальнага рамонту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
устаноўка (электрастанцыя), якая пераўтварае сонечную радыяцыю ў цеплавую або электрычную энергію. Адрозніваюць тэрмадынамічныя С.э., у якіх сонечная энергія паслядоўна пераўтвараецца ў цеплавую, а затым — у электрычную (напр., па цыкле: геліяканцэнтратары — паравы кацёл—турбіна—генератар) і фотаэлектрычныя станцыі, якія непасрэдна, з дапамогай сонечных батарэй. пераўтвараюць энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную. С.э. выкарыстоўваюцца для электразабеспячэння розных аб’ектаў, у т. л.касм. апаратаў, апраснення вады і інш. Магутнасць тэрмадынамічных С.э. больш за 30 МВт, фотаэл. — больш за 10 МВт.
Варыянт касмічнай сонечнай электрастанцыі: 1 — люстэркі; 2 — монакрышталічныя (крэмніевыя) сонечныя элементы, якія пераўтвараюць энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную; 3 — перадавальная лінія; 4 — звышвысокачастотнае выпрамяненне, якое пераносіць пераўтвораную электраэнергію на зямлю; 5 — станцыя кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КАВАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
электрычная станцыя, усе агрэгаты якой або частка іх кароткі час працуюць толькі ў перыяд найб. (пікавай) нагрузкі ў энергасістэме. Пікавымі могуць служыць гідраэлектрычныя станцыі з вадасховішчамі, кандэнсацыйныя і газатурбінныя электрастанцыі, гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. П.э. выраўноўваюць рэжым работы асн. электрастанцый, паляпшаюць энергазабеспячэнне спажыўцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой прыводам эл. генератара з’яўляецца газавая турбіна. З 1950—60-х г. пашырыліся газатурбінныя электрастанцыі з газатурбіннымі рухавікамі (устаноўкамі). Адзінкавая магутнасць да 100 МВт, ккдз 0,3—0,34. Выкарыстоўваюцца для пакрыцця пікавых нагрузак на магутных ЦЭС, а таксама як рэзервовыя і перасоўныя крыніцы энергіі (пашыраны менш за дызельныя электрастанцыі з-за горшых эксплуатац. характарыстык).
У аднавальных газатурбінных устаноўках рух генератару і кампрэсару надае газавая турбіна, зманціраваная з імі на адным вале, у двухвальных (з т.зв. «разразным валам») генератар круціць незалежная турбіна. Паліва для газатурбіннай электрастанцыі — пераважна прыродны газ, радзей газатурбіннае паліва (атрымліваецца з нафты) і прадукты падземнай газіфікацыі вугалю. Есць газатурбінныя электрастанцыі з 2—4 турбаагрэгатамі на базе авіяц. турбін (магутнасцю па 10—20 МВт). Аўтаматызаваныя, з дыстанцыйным кіраваннем газатурбінныя электрастанцыі з’яўляюцца асн. крыніцай энергіі на новых радовішчах карысных выкапняў (асабліва нафтавых). Перспектыўныя газатурбінныя электрастанцыі з камбінаванымі парагазатурбіннымі ўстаноўкамі, у якіх цеплыня адпрацаваных газаў можа выкарыстоўвацца для падагравання вады або атрымання пары нізкага ціску ў паравым катле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.
Дзейнічала з 1897 у Віцебску. Створана разам з Віцебскім трамваем. Мела 4 паравыя рухавікі, выпрацоўвала 618,1 тыс.кВт∙гадз электраэнергіі (1913). Дзейнічалі 2 секцыі паравых водатурбінных катлоў, кандэнсатары, градзірня, паравыя машыны і дынамамашыны. Было 5 ліній электрасеткі: Вакзала, Задунаўская, Магілёўская, Смаленская і Цэнтральная. Працавала 86 рабочых (1910). Да пуску Беларускай ДРЭС у 1930 была адзінай крыніцай энергазабеспячэння горада.