«МІНСК»,

1) лідэр эскадраных мінаносцаў Балт. флоту, экіпаж якога вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—39 на Балт. з-дзе ў Ленінградзе; спушчаны на ваду ў 1935 у прысутнасці дэлегацыі з Мінска, якая ўзяла шэфства над караблём. Меў на ўзбраенні гарматы розных калібраў, зеніткі, кулямёты, тарпедныя апараты, бомбакідальнікі, міны; экіпаж 343 чал. Удзельнічаў у баях у сав.-фінл. вайну 1939—40, у абароне Таліна ў пач. Вял. Айч. вайны. 28—29.8.1941 пры прарыве караблёў Балт. флоту з Таліна ў Кранштат быў флагманскім караблём атрада прыкрыцця, адбіў некалькі атак герм. тарпедных катэраў, падарваўся на міне, але экіпаж ліквідаваў пашкоджанні і дайшоў да Кранштата. 23.9.1941 патоплены ням. авіяцыяй. У 1942 падняты і зноў уведзены ў строй. З 1959 быў вучэбным караблём.

2) Былы авіянясучы процілодачны крэйсер Ціхаакіянскага флоту, адзін з найбуйнейшых сав. баявых караблёў. Пабудаваны на верфі ў г. Мікалаеў (Украіна), уступіў у строй у 1978.

Меў на ўзбраенні 21 карабельны верталёт, 12 самалётаў-штурмавікоў з верт. узлётам і пасадкай, процікарабельныя і зенітныя ракеты, водазмяшчэнне каля 40 тыс. т, экіпаж каля 1 тыс. чал. (разам з лётным персаналам; значную ч. экіпажа складалі ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Мінска). З сак. 1989 у рамонце.

У 1993 карабель выключаны са складу флоту, потым з яго знята баявое і навігацыйнае абсталяванне, у 1999 ён прададзены Расіяй Кітаю. Былі аднатыпныя з «М.» крэйсеры «Кіеў» (на Паўн. флоце) і «Новарасійск» (на Чарнаморскім флоце). Іл. гл. пры арт. Крэйсер.

Літ.:

Розанов М. Лидер «Минск»: (Материалы к истории лидера «Минск» эскадры КБФ). Таллин, 1946;

Тыцких В. На крейсере «Минск»: Заметки из дальнего похода // Звезда. 1985. №5;

Полюхов А. Авианосный металлолом // Новое время. 1993. № 7.

Р.​К.​Паўловіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́РНЫ»,

рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая вызначылася ў пач. Вял. Айч. вайны. Пабудавана ў 1897—98. З 1919 у складзе Дняпроўскай, з 1940 — Пінскай ваен. флатыліі. Мела 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж 51 чал. 11.8.1941 на Дняпры каля с. Тарасаўка Чаркаскай вобл. (Украіна) прыкрыла пашкоджаную кананерскую лодку «Перадавы», пры прарыве да Чаркасаў знішчыла 15 ням. танкаў і некалькі артыл. батарэй. 17—19.8.1941 прарвалася ў Кіеў, 25.8.1941 адбіла налёт 9 ням. бамбардзіроўшчыкаў, але ў час наступнага бою з 18 самалётамі ворага ўзарвана і патанула на Дняпры; экіпаж загінуў.

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958. С. 50—52, 67—69.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БАРАЎ Аляксей Аляксандравіч (н. 29.3.1931, с. Гвардзейцы Самарскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1975, 1978), лётчык-касманаўт СССР (1975). Герой ЧССР (1978). Ген.-маёр авіяцыі (1983). Д-р тэхн. навук. Скончыў ваенна-марское авіяц. вучылішча (1952), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1961). У 1963—81 у атрадзе касманаўтаў. 11.1—9.2.1975 з Г.М.Грэчкам здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-17» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-4»; 2—10.3.1978 з У.Рэмекам — палёт на касм. караблі «Саюз-28» (як камандзір; першы ў свеце міжнар. экіпаж па праграме «Інтэркосмас») і на арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж: Ю.В.Раманенка, Грэчка) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз-27». Правёў у космасе 37,5 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАЛЕЗНЯКО́Ў»,

пласкадонны рачны манітор, экіпаж якога вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Уваходзіў у склад Дняпроўскай (ліст. 1936 — жн. 1940), Дунайскай (жн. 1940—ліст. 1941, крас. 1944—45) і Азоўскай (ліст. 1941—кастр. 1942, люты 1943—крас. 1944) ваен. флатылій, Чарнаморскага флоту (кастр. 1942 — люты 1943). Меў 6—7 гармат (у гады вайны і некалькі зенітных гармат), 3—4 кулямёты, экіпаж 70—72 чал. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Нікалаева, Ачакава, Херсона, Севастопаля (1941), Бярдзянска, Цемрука (1942) і інш., у Будапешцкай аперацыі 1944—45; прайшоў 40 тыс. км, знішчыў 13 артыл. батарэй, 4 батальёны ням.-фаш. пяхоты і інш., адбіў 127 паветр. атак. У 1967 устаноўлены як карабель-помнік на набярэжнай у Кіеве.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНЧО́НКАЎ Аляксандр Сяргеевіч (н. 28.9.1940, г. Іванцееўка Маскоўскай вобл.),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1982). Герой ГДР (1978), лётчык-касманаўт СССР (1978). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1964). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. 15.6—2.11.1978 з У.В.Кавалёнкам здзейсніў палёт (як бортінжынер) на касм. караблі (КК) «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6», да якой у час палёту прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», КК «Саюз-30» (экіпаж П.А.Клімук, М.Гермашэўскі), «Саюз-31» (В.Ф.Быкоўскі, З.Ен). Вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31». 24.6—2.7.1982 з У.А.Джанібекавым і Ж.Л.Крэцьенам здзейсніў палёт (як бортінжынер) на КК «Саюз Т-6» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (асн. экіпаж А.М.Беразавой, В.В.Лебедзеў), з прыстыкаваным да яе КК «Саюз Т-5». У космасе правёў 147,53 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНКЕ́ТКА,

баявая гусенічная браніраваная машына, узброеная 1—2 кулямётамі. Браніраванне супрацькулявое (да 10 мм), скорасць да 45 км/гадз, экіпаж 1—2 чал. У Сав. Арміі была на ўзбраенні ў пач. 1930-х г. Прызначалася пераважна для разведкі і сувязі.

Танкетка Т-27 (СССР).

т. 15, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СМАЛЕ́НСК»,

рачны манітор Пінскай ваеннай флатыліі, які вызначыўся ў абарончых баях на тэр. Беларусі і Украіны ў пач. Вял. Айч. вайны. Пабудаваны ў 1925—26 у г. Кракаў (Польшча). Да 24.10.1939 наз. «Кракаў» і ўваходзіў у склад Пінскай флатыліі ВМС Польшчы. У вер. 1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь затоплены польскім экіпажам у Каралеўскім (Дняпроўска-Бугскім) канале. Падняты, адрамантаваны, пераўзброены і ўключаны ў Дняпроўскую ваенную флатылію пад назвай «С.»; з чэрв. 1940 у Пінскай ваен. флатыліі. Меў на ўзбраенні 4 гарматы і 3 кулямёты, экіпаж — 36 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (найб. вызначыўся экіпаж у ноч на 26.7.1941 каля г.п. Парычы Гомельскай вобл., дзе амаль на суткі затрымаў пераправу ням.-фаш. войск), з вер. вёў баі на Дняпры (Кіеўскі напрамак) і Дзясне (раён Чарнігава). У сувязі з немагчымасцю прарвацца ў Кіеў узарваны экіпажам 15.9.1941.

Літ.:

Павлович Р.К. Речные военные флотилии в Беларуси (1940—1951 гг.). Мн., 2001.

Р.​К.​Паўловіч.

Рачны манітор «Смаленск».

т. 15, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРА́Д Самуіл Нахманавіч (н. 17.8.1907, г. Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскі марскі тэхнікум (1935). Вызначыўся зімой 1944—45 у баях за Прыбалтыку: падводная лодка на чале з ім за 2 паходы затапіла 7 варожых караблёў. Усяго экіпаж затапіў 10 суднаў праціўніка і транспарт. Да 1961 у ВМФ, капітан 1-га рангу.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫМА́ГА,

у Старажытнай Русі закрыты баярскі або царскі экіпаж без сядзення для фурмана, з высокім кузавам, з суконнымі або шаўковымі фіранкамі па баках. Пазней К. сталі называць усе старадаўнія грувасткія экіпажы і цяжкія нязграбныя павозкі. На Беларусі К. іранічна называлі калёсы, платформы для перавозкі цяжкіх грузаў, на якіх ездзілі ў гарадах балаголы.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЧКА, тарантас,

выязны чатырохколавы экіпаж для коннай запрэжкі, прыстасаваны для камфортнай пасажырскай язды. Кузаў быў звычайна адкрыты, больш нізкі ў сярэдняй частцы, з падножкамі для пасадкі, козламі для вазніцы, сядзеннем для пасажыраў. З’явілася ў Зах. Еўропе ў 17 ст., на Беларусі пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. (ёю карысталася пераважна шляхта і заможныя сяляне). З шырокага ўжытку выйшла ў 1930—40-я г.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)