відазменены парастак, сцябло якога з адным або некалькімі міжвузеллямі, моцна разрастаецца і назапашвае пажыўныя рэчывы (крухмал, алей); орган узнаўлення двух- і шматгадовых раслін. Бывае надземны, звычайна зялёны, мае лісце (кальрабі, некат. архідэі), і падземны — бясколерны, у пазухах рэдукаванага лісця знаходзяцца пупышкі, т.зв. «вочкі» (бульба, стрэлкаліст, тапінамбур). У некат. жывародных раслін (напр., зубніца клубняносная) надземныя К. развіваюцца ў суквеццях і пазухах лісця, пасля ападання ўкараняюцца і ўтвараюць новыя расліны. Ад К. адрозніваюць каранёвыя шышкі (запасальныя прыдаткавыя карані ў батату, вяргіні) і караняплоды (у іх утварэнні разам з парасткам прымае ўдзел гал. корань, напр., бурак, рэдзька).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАМЯНЕ́ЛАСЦІ, фасіліі,
рэшткі і сляды жыццядзейнасці арганізмаў мінулых геал. эпох, якія захаваліся ў асадкавых пародах. Падзяляюцца на рэшткі арганізмаў, адбіткі і злепкі, сляды і прадукты жыццядзейнасці (гл.Капраліты). Утвараюцца пасля пахавання арганізмаў у выніку фасілізацыі. Ад раслін у горных пародах захавалася разрозненае лісце, абрыўкі галін, абломкі ствалоў, шышкі, плады, насенне, споры, пылок, зрэдку — кветкі. Добра захаваліся жывёлы або іх рэшткі ў вечнай мерзлаце (маманты, рыбы і інш.), азакерыце. Захаванасць рэшткаў залежыць ад будовы арганізма і ўмоў яго пахавання. Даследаванне акамянеласцей дае магчымасць вызначаць адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў зямной кары, уявіць звенні ланцуга эвалюцыі жывых арганізмаў у геал. мінулым Зямлі. Утварэнне акамянеласцей вывучае тафаномія. Узоры акамянеласцей зберагаюцца ў палеанталагічных музеях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГЛА́СІЯ, дугласавая піхта,
дугласія Мензіса (Pseudotsuga menziesii),
від голанасенных дрэвавых раслін роду лжэтсуга, або псеўдатсуга, сям. хваёвых. Названа па імю шатл. батаніка Д.Дугласа, які апісаў і інтрадукаваў Д. ў Еўропе. Пашырана на ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША і Канады. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца з пач. 20 ст. (1904; Парэцкі парк Пінскага р-на).
Шматгадовазялёнае дрэва з прамым ствалом, выш. да 25 (на радзіме да 100) м і канічнай кронай. Кара тоўстая, буравата-шэрая. Ігліца пляскатая, зялёная або шыза-зялёная. Жаночыя шышкі падоўжаныя, звіслыя, з крыючай луской. Насенне з крыльцамі. Дэкар. расліна, прыдатная для групавых і алейных пасадак, мае шэраг садовых разнавіднасцей і формаў. Расце павольна. Жыве да 500 гадоў. Выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕДР (Cedrus),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. 3 віды пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, 1 — у Гімалаях. Маюць назву сапраўдных, або паўд. К. Найб. вядомы К. ліванскі (C. libani). На Беларусі пад назвай К. вырошчваецца кедравая хвоя, або паўн. К.; найб. вядомыя К. еўрапейскі (Pinus cembra) і сібірскі (P. sibirica).
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з магутным ствалом выш. да 60 м, шырокай разгалінаванай ці парасонападобнай кронай. Жывуць да 1000 і болей гадоў. Ігліца 3—4-гранная, калючая, ад цёмна- і сіне-зялёнай да серабрыста-шэрай, у пучках па 30—40 ці адзіночная. Шышкідаўж. 5—10 см, шыр. 4—6 см, выспяваюць і рассыпаюцца на 2—3-і год. Насенне даўж. да 1,8 см з вял. крыльцам, неядомае. Драўніна ўстойлівая да шкоднікаў, мае прыемны колер і пах. Тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).
Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкідаўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
А.Д.Антанюк.
Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ (Pinophyta, або Gymnospermae),
найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.
Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан.шышкі).
Літ.:
Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.