ЗЛУ́ЧНІК,

службовае слова ці спалучэнне слоў, якое злучае члены сказа, часткі складанага сказа ці цэлыя сказы; не мае самаст. лексічнага значэння.

У сучаснай бел. мове паводле марфалаг. складу З. падзяляюцца на простыя (невытворныя «а», «і», «ды», «бо», «ці», вытворныя «што», «толькі», «бо», «аж», «дый») і састаўныя («таму што», «як быццам», «для таго каб»); паводле сінтакс. функцыі — на злучальныя (звязваюць раўнапраўныя сінтакс. адзінкі) і падпарадкавальныя (звязваюць сінтакс. адзінкі, з якіх адна паясняе другую). Сярод злучальных вылучаюцца спалучальныя («і», «ды», «дый», «таксама»), супастаўляльныя («а», «але», «ды», «аднак») і пералічальна-размеркавальныя («ці-ці», «ні-ні», «то-то»); сярод падпарадкавальных — часавыя («калі», «пакуль», «як толькі»), умоўныя («калі 6», «каб», «раз»), прычынныя («бо», «таму што»), мэтавыя («каб», «абы», «для таго каб»), уступальныя («хоць», «няхай»), выніковыя («так што») і параўнальныя («як», «бы», «нібыта»), У ролі З. бываюць і злучальныя словы — займеннікі і прыслоўі («які», «дзе», «што»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 7, с. 93

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛЕ́МА (ад грэч. xylon ссечанае дрэва),

водаправодзячая тканка сасудзістых раслін. Разам з флаэмай (лубам) утварае праводзячую сістэму, што аб’ядноўвае ўсе органы расліны. Бывае першасная (вытворная пракамбію) і другасная (вытворная камбію). Другасная К. (драўніна) уключае праводзячыя (сасуды, трахеіды — мёртвыя полыя клеткі, што ажыццяўляюць восевы транспарт раствораў), парэнхімныя і мех. элементы. Назапашваецца на працягу жыцця расліны і складаецца з гадавых кольцаў прыросту. Суадносіны паміж К., што функцыянуе (абалонная) і не функцыянуе (ядравая), залежаць ад віду раслін і кліматычных умоў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́ДАВАЕ СПАЛУЧЭ́ННЕ аперацыя замены ўсіх элементарных часціц, што ўдзельнічаюць у якім-н. узаемадзеянні, на адпаведныя ім антычасціцы. Доследным шляхам устаноўлена, што гравітацыйныя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні пры З.с. не мяняюцца. Для кожнага працэсу, які адбываецца з пэўнымі часціцамі, існуе такі ж працэс для іх антычасціц. Наяўнасць сіметрыі адносна З.с. ў гэтых узаемадзеяннях прывяло да ўвядзення зарадавай цотнасці. Пры слабых узаемадзеяннях сіметрыя адносна З.с. адсутнічае, што вынікае з незахавання пры гэтым прасторавай цотнасці. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАНСО́Н (франц. poinęon),

1) у металаапрацоўцы — адна з асн. дэталей інструменту, што выкарыстоўваецца пры штампоўцы і прасаванні. Пры штампоўцы П. аказвае непасрэдны ціск на метал, што апрацоўваецца, і ў залежнасці ад прызначэння можа быць прашыўным, прабіўным, прасечным ці вырубным. Пры прасаванні П. перадае ціск праз прэс-шайбу на загатоўку, што выціскаецца праз матрыцу.

2) У паліграфіі — стальны брусок прамавугольнага сячэння з рэльефным відарысам літары, знака і інш., які служыць для атрымання паглыбленага відарыса пры вырабе матрыц.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕВЯРЫ́ЦА, векша,

старажытнаруская плацежная адзінка. Назва ад вавёрчынай шкуркі, што з’яўлялася таварам-грашамі. У 10—11 ст. гэта манетны фрагмент (0,33—0,50 г) куфіцкага дырхема або зах.-еўрап. дэнарыя. У 12—13 ст. устарэлы тэрмін, што азначаў зусім нязначную, мізэрную суму.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІФ (ад англ. cliff стромкі абрыў, скала, уцёс),

берагавы ўступ, стромы абразійны абрыў, што ўтварыўся ў выніку разбурэння высокага карэннага берага пад уздзеяннем прыбою. Паступова адступае ў бок сушы і павялічвае шырыню абразійнай берагавой тэрасы, што ляжыць каля яго падножжа.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМАВУГО́ЛЬНЫ ТРОХВУГО́ЛЬНІК,

від трохвугольніка, у якога адзін вугал прамы. Стораны, што ўтвараюць гэты вугал, наз. катэтамі, а старана, што знаходзіцца супраць прамога вугла, — гіпатэнузай. Для П т. выконваецца Піфагора тэарэма.

Прамавугольны трохвугольнік: OB і AB — катэты; OA — гіпатэнуза; ∠OBA = 90°.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К (ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),

спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНА ВЯЛІ́КАЯ ў матэматыцы, пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні большай за любы папярэдне зададзены лік; адваротная да бесканечна малой. Калі x — бесканечна вялікая, то скарочана запісваюць lim x = ∞, або x → ∞. Функцыя 𝑓(x) будзе бесканечна вялікай у наваколлі пункта x0, калі для любога ліку N>0 знойдзецца такі лік δ>0, што для ўсіх x ≠ x0 і такіх, што |x-x0|<δ, выконваецца няроўнасць |𝑓(x)|>0. Скарочана гэта запісваюць limx→x0 𝑓(x) = ∞.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯПЛА́ЗМА (ад карыя... + плазма),

карыялімфа, нуклеаплазма, ядзерны сок, асноўная частка змесціва клетачнага ядра, якая ўтварае ўнутрыклетачнае рэчыва (матрыкс). Складаецца з бялковых фібрыл (таўшчыня 2—3 нм), што ўтвараюць сеткападобны каркас, у якім лакалізаваны храмацін, ядзеркі, унутрыядзерныя гранулы, поравыя комплексы ядз. абалонкі і інш. структуры. У жывых клетках К. гамагенная, аднародная, пры фіксацыі мае сеткападобную структуру. Мяркуецца, што К. ствараецца пры кожнай целафазнай рэканструкцыі ядра (у пач. мітозу пры растварэнні ядз. абалонкі К. пераходзіць у цытаплазму, што акружае ядро, і паніжае яе вязкасць).

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)