Тэрцыя (друкарскі шрыфт) 10/403

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙЛЯ ПІСЬМО́,

пісьмо для сляпых, заснаванае на рэльефна-кропкавым шрыфце. Распрацаваў франц. тыфлапедагог Л.Брайль. У аснове Брайля пісьма ляжыць шрыфт Лана, складзены яшчэ ў сярэднія вякі на падставе 12 кропак. Брайль спрасціў гэтую сістэму, заснаваў свой шрыфт на камбінацыі 6 выпуклых кропак (для лічбаў — да 8). Брайля пісьмо дае магчымасць не толькі абазначаць літары, лічбы, знакі прыпынку, але і матэм., хім. і нават нотныя знакі. Першая кніга, надрукаваная Брайля пісьмом, — «Гісторыя Францыі» (1837). Брайля пісьмы прыняты ва ўсіх краінах свету.

А.А.Кожынава.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЙЛЬ, Брай (Braille) Луі (4.1.1809, Куўрэ, каля Парыжа — 6.1.1852), французскі тыфлапедагог. Аслеп у 3-гадовым узросце. Выхоўваўся ў Парыжскім ін-це для сляпых, дзе і быў з 1828 настаўнікам. У 1829 распрацаваў рэльефнакропкавы шрыфт для пісьма і чытання сляпых (Брайля пісьмо). У 1838 выдаў падручнік арыфметыкі для сляпых. Быў таксама таленавітым музыкантам, выкладаў музыку сляпым.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ВІЧ Грынь, беларускі друкар і гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў мяст. Заблудаў Гродзенскага пав. Быў вучнем кнігадрукара І.Фёдарава ў Заблудаўскай друкарні. Пазней вучыўся ў майстра Лаўрэнція Філіповіча (1577—79). Пасля навучання рабіў шрыфты і аздобы для выданняў Фёдарава ў Львове і Астрогу. У 1582 зрабіў шрыфт для друкарні Мамонічаў у Вільні. У 1583 вярнуўся ў Львоў, дзе заключыў дагавор з Фёдаравым на выраб новых шрыфтоў. Пасля смерці Фёдарава (1583) звесткі пра І. адсутнічаюць.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РПУС (ад лац. corpus цела, адзінае цэлае),

1) тулава чалавека, жывёліны.

2) Каркас судна.

3) Асн. частка машыны, механізма, прылады, апарата, у якую манціруюцца інш. дэталі.

4) Адно з некалькіх збудаванняў, размешчаных на агульнай дзялянцы; ізаляваная частка вял. збудавання.

5) Паліграф. шрыфт, кегль (памер) якога роўны 10 пунктам (каля 3,76 мм).

6) К. дыпламат.гл. Дыпламатычны корпус.

7) У дарэв. Расіі некаторыя ваен. сярэднія навуч. ўстановы закрытага тыпу, напр., кадэцкі К., марскі К. 8) К. жандараў — гл. Жандармерыя.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са снеж. 1941 да ліп. 1944 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Арганізатары і кіраўнікі М.М.Ігнатаў і А.А.Клімко. Мела 4 групы (35 чал.): на чыг. вузле, электрастанцыі чыг. вузла, у авіярамонтных майстэрнях, ням. ваен. шпіталі; 16 чал. дзейнічалі самастойна. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, звесткі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі. Наладзіўшы сувязь з партыз. атрадамі «Іскра», «Балтыец» і імя Варашылава, перапраўлялі ім зброю, медыкаменты, друкарскі шрыфт, перадавалі звесткі разведкі. За час акупацыі загінуў 21 падпольшчык. У Лідзе на ўшанаванне памяці падпольшчыкаў устаноўлены помнікі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДА́ЎСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (балканараманская падгрупа); дзярж. мова Малдовы. Мае 4 групы гаворак: паўн.-зах., паўн.-ўсх., паўд.-зах., цэнтральную. Блізкая да румынскай мовы і характарызуецца тымі ж асаблівасцямі граматычнага ладу. Нязначныя адрозненні ад рум. мовы на ўзроўні літ. нормы, часткова ў фанетыцы (крыху бліжэйшая да размоўнай мовы) і ў лексіцы (большая колькасць запазычанняў з рус. мовы). Пісьменства з 15—16 ст. на аснове кірыліцы (да 19 ст.), потым — рус. грамадз. шрыфт (у 1932—39 лацініца); з 1989 лац. графіка.

Літ.:

Очерк современного молдавского литературного языка. Кишинев, 1967;

Социально-историческая обусловленность развития молдавского национального языка. Кишинев, 1983.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),

сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл. Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.

Літ.:

Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;

Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЕВА́НГЕЛЛЕ НАПРАСТО́ЛЬНАЕ»,

помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П.Мсціслаўцам у 1575 у Вільні на царк.-слав. мове.

Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рус. і бел. рукапісаў. «Е.н.» — асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраванымі франтыспісамі (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з арх. дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і інш., спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць т.зв. старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў бел., рус., укр. друкарняў.

В.Ф.Шматаў.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял. Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)