АНСЕРМЭ́ (Ansermet) Эрнест

(11.11.1883, г. Веве, Швейцарыя — 20.2.1969),

швейцарскі дырыжор, кампазітар. У 1915—23 муз. кіраўнік трупы «Рускі балет С.Дзягілева». Арганізатар і кіраўнік (з 1918) аркестра Раманскай Швейцарыі. Адзін з лепшых інтэрпрэтатараў музыкі франц. імпрэсіяністаў, а таксама І.Стравінскага (кіраваў першай паст. «Гісторыі салдата», 1918, Лазана, і інш.). Аўтар муз. твораў, кніг «Гутаркі аб музыцы» (1963, рус. пер. 1976); «Артыкулы аб музыцы і ўспаміны» (1971, рус. пер. 1986).

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДЭРГА́ЛЬДЭН (Abderhalden) Эміль

(9.3.1877 — 5.8.1950),

швейцарскі біяхімік. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). У 1904—45 працаваў у Германіі; з 1946 у Цюрыхскім ун-це. Сінтэзаваў (разам з Э.Г.Фішэрам) поліпептыд з 19 амінакіслот (1916). Даследаваў структуру і функцыі бялкоў, ролю тлушчаў, вітамінаў, гармонаў пры харчаванні; адкрыў т.зв. ахоўныя ферменты, якія ўтвараюцца ў арганізме пры цяжарнасці, пухлінах і інш. Аўтар «Падручніка фізіялагічнай хіміі» (рус. пер. 1934).

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕНА́РЫУС (Avenarius) Рыхард

(19.11.1843, Парыж — 18.8.1896),

швейцарскі філосаф-ідэаліст, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму. Праф. Цюрыхскага ун-та. У цэнтры філасофіі паняцце вопыту, ачышчанага ад аб’ектыўнай рэальнасці, у выніку чаго здымаецца процілегласць свядомасці і матэрыі, псіхічнага і фізічнага. Выступаў з суб’ектыўна-ідэаліст. тэорыяй «прынцыповай каардынацыі» (без суб’екта няма аб’екта, без свядомасці — матэрыі). Прынцып «найменшай траты сіл» на чалавечае пазнанне прывёў Авенарыуса да біялагізму, суб’ектывізму, агнастыцызму.

Г.У.Грушавы.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬЁМ, Гіём (Guillaume) Шарль Эдуар (15.2.1861, г. Флёр’е, Швейцарыя — 13.6.1938), швейцарскі фізік і метролаг. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1833). Працаваў у Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр (з 1905 дырэктар). Навук. працы па метралогіі. Даў новае вызначэнне літра, даследаваў прычыны памылак ртутных тэрмометраў і прапанаваў папраўкі да іх (1889). Стварыў новыя сплавы інвар, элінвар і інш., якія выкарыстоўваюцца ў высокадакладных інструментах і метралагічных стандартах (1899). Нобелеўская прэмія 1920.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁКЛІН (Böcklin) Арнольд

(16.10.1827, г. Базель, Швейцарыя — 16.1.1901),

швейцарскі жывапісец, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Дзюсельдорфе, Бруселі, Жэневе, Парыжы (1845—48). У 1850—57 жыў у Італіі. Аўтар карцін на міфал. і гіст. сюжэты, пейзажаў, партрэтаў. Сярод твораў: «Трытон і Нерэіда» (1873—74), «Востраў мёртвых» (1880), «Паляванне Дыяны» (1863), «Віла каля мора» (1864), «Кентаўр і Німфа» (1865), «Гульня хваляў» (1883), «Вайна» (1896) і інш. Зрабіў уплыў на фарміраванне ням. сімвалізму і «югендстылю».

Я.Ф.Шунейка.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАТО́Н (Vallotton) Фелікс

(28.12.1865, г. Лазана, Швейцарыя — 29.12.1925),

швейцарскі графік і жывапісец. Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (з 1882). Працаваў у Францыі. Зазнаў уплыў М.Дэні, П.Банара. Аўтар графічных партрэтаў («Дастаеўскі», 1895) і серыі з жыцця Парыжа («Гісторыя аднаго злачынства», «Інтымнасць»), выкананых пераважна ў тэхніцы ксілаграфіі, выразнасць якіх будуецца на спалучэнні лаканічных белых і чорных плям. Яго жывапісу ўласцівы дэкаратыўнасць кампазіцыі, лінейнасць малюнка, мяккасць колеравага тону («Купанне летнім вечарам», 1892; «Пейзаж з дрэвамі», 1911).

т. 3, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РБЕР (Arber) Вернер

(н. 3.6.1929, г. Грэнхен, Швейцарыя),

швейцарскі генетык. Скончыў політэхн. школу ў Цюрыху. З 1953 у Жэнеўскім ун-це. Праф. Базельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні структуры і функцыянавання віруснага геному. Сфармуляваў прынцып штамаспецыфічнай рэстрыкцыі і мадыфікацыі ДНК. Адкрыў (1962) новы клас ферментаў, якія спецыфічна ўзаемадзейнічаюць з ДНК і дзеянне якіх накіравана супраць чужароднай ДНК. Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1978 (разам з Д.Натансам і Г.Смітам).

Літ.:

Лауреаты Нобелевской премии 1978 г. // Природа. 1979. № 1.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР (Werner) Альфрэд

(12.12.1866, г. Мюлуз, Францыя — 15.11.1919),

швейцарскі хімік, заснавальнік хіміі комплексных злучэнняў. Скончыў Політэхн. ін-т у г. Цюрых (1889). З 1893 праф. Цюрыхскага ун-та. Навук. працы па даследаванні будовы неарган. злучэнняў. Прапанаваў каардынацыйную тэорыю будовы комплексных злучэнняў, якая абвяргала ўяўленні аб пастаянстве лікаў валентнасці. Сінтэзаваў мноства комплексных злучэнняў, распрацаваў іх сістэматыку і эксперым. метады ўстанаўлення саставу і будовы. Нобелеўская прэмія 1913.

Літ.:

Старосельский П.И., Соловьев Ю.И. Альфред Вернер и развитие координационной химии. М., 1974.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁЛЬФЛІН (Wölfflin) Генрых

(21.6.1864, г. Вінтэртур, Швейцарыя — 19.7.1945),

швейцарскі мастацтвазнавец. Праф. ун-таў у Базелі (1893), Берліне (1901), Мюнхене (1912), Цюрыху (1924). Распрацаваў методыку аналізу маст. стылю, якая ў ранніх працах Вёльфліна служыла для даследавання «псіхалогіі эпохі» («Рэнесанс і барока», 1888; «Класічнае мастацтва», 1899). Пазней усё больш звужаў задачы аналізу твораў маст. азначэннем «метадаў бачання», набліжаючы да іх характарыстыку мастацтва розных эпох і народаў («Асноўныя паняцці гісторыі мастацтва», 1915; «Італія і нямецкае адчуванне формы», 1931).

В.Я.Буйвал.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТ (Barth) Карл

(10.5.1886, г. Базель, Швейцарыя — 10.12.1968),

швейцарскі пратэстанцкі тэолаг, адзін з заснавальнікаў дыялектычнай тэалогіі. Ставіў задачу адраджэння евангелічнай традыцыі на аснове рэфарматарскіх ідэй М.Лютэра і Ж.Кальвіна. У працы «Пасланне апостала Паўла да рымлян» (1918; выкарыстаны ідэі С.К’еркегора) боскае і чалавечае трактуе як несувымерныя велічыні: прадмет боскага адкрыцця і чалавечых ведаў розны, вера ёсць адважны скачок у няведанне. Сфарміраваныя ім прынцыпы пратэстанцкай неартадоксіі падтрымалі тэолагі Э.Брунер, Р.Бультман, Р.Нібур, П.Тыліх і інш. Прыхільнік хрысц. сацыялізму, натхніцель хрысц. супраціўлення фаш. рэжыму.

В.П.Оргіш.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)