МІ́ЛЮЦЬ (Алесь) (Аляксандр Макаравіч; 6.10.1908, в. Скорычы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 26.10.1944),
бел.паэт. Удзельнік Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Друкаваўся з 1928 у зах.-бел. прэсе. Асн. матывы творчасці — пратэст супраць сац. і нац. несправядлівасці, заклік да грамадзян. актыўнасці і салідарнасці прыгнечаных, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення чалавека, апяванне хараства роднага краю. Пасля 1939 у вершах і артыкулах услаўляў новае жыццё.
Тв.:
У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949;
У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965;
У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.
Літ.:
Багдановіч І. Лёс, апалены вайной: Бел. паэт Алесь Мілюць, ураджэнец вёскі Скорычы // Першыя і Другія карэліцкія краязнаўчыя чытанні: Да 600-годдзя Карэліч і Міра. Карэлічы;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1984 у Браславе на базе школьнага музея. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 147,6 м²), больш за 12 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (неаліт. прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 11 ст., энкалпіёны, кафля і зброя з замка ў Іказні, посуд і манеты з сярэдневяковай Друі і інш.), матэрыялы з гісторыі Браслаўшчыны часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пра падзеі вайны 1812, паўстання 1863—64, перыяду ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, Вял.Айч. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены вырабамі ткацтва, ганчарства, кавальства, разьбярства, пляцення, нар.муз. інструментамі. Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўству Браслаўшчыны, мастаку П.Сергіевічу, медыку С.Нарбуту (сын гісторыка Т.Нарбута). З 1989 праводзяцца навук.-краязнаўчыя канфер. «Браслаўскія чытанні».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ.
Існавала ў Гродне ў 1900—15. Мела на мэце садзейнічаць развіццю і ўдасканаленню сельскай гаспадаркі і с.-г. прам-сці ў Гродзенскай губ. У 1909 аб’ядноўвала 68, у 1912 — 73 чл. (пераважна дваран). Пры т-ве існавалі к-ты (агранамічны, па вінакурэнні, жывёлагадоўлі, крухмальнай вытв-сці і інш.); аддзяленні ў мяст. Лунна (Гродзенскі пав.) і Заблудава (Беластоцкі пав.). Т-ва забяспечвала сваіх сяброў насеннем, племянной жывёлай, угнаеннямі, тэхнікай і інш., займалася арг-цыяй кааператываў і дробнага крэдыту, прапагандавала ідэю рассялення шматдваровых вёсак і ўвядзення хутарскога землеўладання, арганізоўвала курсы, выстаўкі, чытанні. Пры т-ве дзейнічала сярэдняе с.-г. вучылішча, з 1910 існавала доследнае поле, з 1914 — хім. і бат. лабараторыі, метэаралагічная станцыя, бат. сад і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНКЕ́ВІЧ (Сцяпан Рыгоравіч) (23.1.1867—1919?),
бел. гісторык правасл. царквы, прапаведнік, грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя (1899). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1891), потым выкладаў у ёй. У 1901—08 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та. У 1901—17 займаў і адм. пасады ў Св. Сінодзе. Вёў дабрачынную дзейнасць, рэліг.-павучальныя чытанні. Гіст. погляды Р. склаліся пад уплывам М.В.Каяловіча. Навук. дзейнасць пачаў з выдання «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі» (1892—94). Падрыхтаваў і выдаў фундаментальнае «Апісанне дакументаў архіва заходнярускіх уніяцкіх мітрапалітаў» (т. 1—2, 1897—1907). Аўтар прац па гісторыі Мінскай епархіі, артыкулаў у гродзенскіх, літоўскіх, мінскіх «Епархиальных ведомостях» і інш.
Тв.:
Краткий исторический очерк столетия Минской епархии... Мн., 1893;
История Минской архиепископии (1793—1832 гг.). СПб., 1893;
Жизнеописания западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. СПб., 1897.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎДА (Віктар Уладзіміравіч) (н. 10.11.1921, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1978). Нар.арт.СССР (1990). Канд. мастацтвазнаўства (1956), праф. (1975). Скончыў Віленскую дзярж. духоўную семінарыю (1939), Літ. кансерваторыю (1951). Вучань А.Свешнікава. З 1951 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Дзярж.акад.рус.нар. хору імя Свешнікава. З 1956 хормайстар і дырыжор Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі, адначасова выкладае у Бел. акадэміі музыкі (з 1964 заг. кафедры). З 1965 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё. Творчасці Р.-хормайстра ўласцівы ўдумлівыя адносіны да муз. твораў, імкненне да чысціні строю, высокай якасці гучання харавога шматгалосся, глыбокая інтэрпрэтацыя муз. твораў. Склаў «Хрэстаматыю па чытанні харавых партытур» (т. 1—2, 1971—74), «Хрэстаматыю па беларускай харавой опернай літаратуры» (1975), зб-кі «Харавыя канцэрты» (1980, 1982, 1984), «Хоры беларускіх кампазітараў на вершы Я.Купалы і Я.Коласа» (1982), «Харавы вянок» (1985). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНЫЯ СКЛАДЫ́,
апорныя ў сэнсава-інтанацыйных адносінах адзінкі вершаванай мовы. З’явіліся на этапе інтанацыйна-сказавага вершаскладання, заснаванага на чаргаванні пэўных моўных перыядаў. Больш самаст. ролю набылі ў рэчытатыўным, пазней у танічным вершы, дзе вызначалі аб’ём рытмарада. Ў сілабічным вершы роля М.с. паслаблена (вызначальнай у ім была не якасць, а колькасць складоў). Большую структурную ролю М.с. адыгрывае ў сілаба-танічным вершы, заснаваным на чаргаванні націскных і ненаціскных метрычных адзінак, дзе служыць дзейсным сродкам рытмічнага вылучэння найб. значных апорных слоў і выразаў. Гэта звязана з узмацненнем ролі інтанацыі ў слав. сілаба-тоніцы і ўплывам на яе нар.-песенных традыцый. Плённае выкарыстанне прынцыпаў рытмічнага ўзмацнення стала характэрнай рысай творчасці многіх усх.-слав. паэтаў (Т.Шаўчэнка, М.Някрасаў, У.Маякоўскі, С.Ясенін і інш.). Класічны ўзор такога выкарыстання — паэзія Я.Купалы. Пры лагічна-інтанацыйным, а не скандзіраваным чытанні яго твораў у кожным рытмарадзе вылучаюцца толькі тыя націскныя стопы, што падкрэсліваюць апорныя словы:
Што я мужы́к усе́ тут зна́юць
І, як ёсць гэ́ты свет вялі́к,
З мяне́ смяю́цца, пагарджа́юць,
— Бо я мужы́к, дурны мужы́к.
(«Мужык»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,
апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.Кмітам і канюшым трокскім М.Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.І.Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́ЖСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел. мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЕ́І-ЧЭ́ЦЦІ»
(ад грэч. mēnaios месячны + стараж.-рус. чытанне),
«Штомесячныя чытанні», царкоўна-рэлігійныя зборнікі твораў павучальнага зместу. Уключалі жыціі святых, павучанні, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквою памяці кожнага святога. Прызначаліся для штодзённага чытання.
Узніклі ў Візантыі ў 9 ст. На Русі вядомы з 11 ст., найб. пашыраны ў 16 ст. ў сувязі з умацаваннем ідэалаг. асноў самадзяржаўя і стварэння культу агульнарасійскіх святых. У 1530—40-я г. складзены «Вялікія Чэцці-Мінеі» ў 12 т., у якіх сабраны творы царкоўна-апавядальнай і духоўна-павучальнай л-ры Русі ад пачатку хрысціянства, уключаны шэраг помнікаў стараж.-рус. л-ры. Амаль пасля кожнага жыція або казання змешчана «слова» айцоў царквы ці твор свецкага зместу. У складзе «М.-Ч.» дайшлі спісы каштоўнейшых помнікаў стараж.-рус. л-ры.
На Беларусі вядомы «М.-Ч.» камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльская рукапісная і друкаваная «Мінея агульная», віленская рукапісная (усе 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР БЕЛАРУ́СКАЙ ДРАМАТУРГІ́І Створаны ў снеж. 1990 у Мінску як падраздзяленне Бел.т-ра імя Я.Купалы па рабоце з.драматургамі. З 1993 атрымаў статус рэсп.т-ра і сучасную назву. Заснавальнік і першы маст. кіраўнік т-ра В.Мазынскі. З вер. 2000 т-р узначальвае В.Анісенка.
Гал. мастак В.Цімафееў (да 2000). З вер. 1994 працуе з пастаяннай трупай, сфарміраванай з выпускнікоў акцёрскага аддзялення Бел.АМ (маст. кіраўнік Мазынскі). Спектаклі ідуць на бел. мове. Першы спектакль — «Ку-ку» М.Арахоўскага. Т-р аддае перавагу творам пачынаючых драматургаў, у рабоце з якімі выкарыстоўваюцца індывідуальныя формы, праводзяцца семінары, сцэн.чытанні п’ес па ролях і інш.Найб. ўвагу надае фарміраванню бел. рэпертуару: «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай, «Галава» І.Сідарука, «Нагавіцы святога Георгія» і «Чорны квадрат» М.Клімковіча і М.Адамчыка, «Паваліўся нехта» У.Галубка і Л.Родзевіча, «Містэр Розыгрыш» С.Кандрашова, «Пеўчыя» Г.Марчука, «Заложніца кахання» і «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва, «Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна, «Апошняя пастараль» А.Адамовіча, «Развітанне з Радзімай» А.Паповай і інш. Сярод твораў рус. і замежнай класікі: «Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Лекар паняволі» Мальера, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» Б.Брэхта, «Шампань-скага!» паводле А.Чэхава («Прапанова», «Юбілей») і інш. Рэпертуар вызначаецца жанравай разнастайнасцю: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэт. драма, прытча, сцэны з рыцарскіх часоў, фарс-рэпетыцыя; асветніцкі спектакль для старэйшых школьнікаў («Бог Дыяніс — тэатра Бог» — І.Чаркаса). Спектаклі ставілі і ставяць рэжысёры А.Гарцуеў, А.Гузій, М.Дзінаў (Гавядзінаў), У.Осіпаў, Пінігін, В.Растрыжэнкаў, Т.Сулімава, Р.Таліпаў. Значны ўклад у дзейнасць т-ра Т.Мархель.
І.І.Чаркас.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Апошняя пастараль» А.Адамовіча.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Галава» І.Сідарука.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва.