Напярэдадні вайны. З канца 1940 пагроза нападу фаш. Германіі на СССР усё больш нарастала. Міжнар. адносіны, а таксама сітуацыя на сав.-герм. мяжы былі напружанымі і нават пагражальнымі. Вясной 1941 Ген. штабам Чырв. Арміі сумесна са штабамі ваен. акруг і флатоў быў распрацаваны план абароны дзярж. граніцы. Асаблівая ўвага аддавалася ўмацаванню новай граніцы ў Зах. Беларусі і Зах. Украіне. Вырашана пабудаваць там новыя ўмацаваныя раёны; на працягу 470 км пагранічнай паласы Беларусі прадугледжвалася буд-ва 550 дотаў і 990 умацаванняў палявога тыпу, новых і мадэрнізацыя старых аэрадромаў. На Брэсцкім напрамку пачалося буд-ва 15, на Беластоцкім — 12 аэрадромаў. Пашыраліся і мадэрнізаваліся стратэг. важныя чыг. вузлы і лініі. Дапамогу ваен. будаўнікам аказвалі дзярж. органы БССР, мясц. ўлады. Для буд-ва Брэсцкага ўмацаванага раёна ў сак.—крас. 1941 было накіравана 10 тыс.чал. цывільнага насельніцтва і 4 тыс. падвод, на буд-ве ваен. аэрадромаў, якое вялося сіламі Беларусі пад кіраўніцтвам ваен. інжынераў, працавалі 160 тыс. рабочых. Насельніцтва прыгранічных раёнаў рэспублікі сабрала і даставіла на буд. пляцоўкі ваен. аб’ектаў 707 тыс.м³ камянёў. 14.5.1941 ЦККП(б)Б заслухаў і абмеркаваў даклад каманд. войскамі Зах. асобай (Беларускай) ваен. акругі ген. арміі Дз.Р.Паўлава «Аб абставінах на граніцы і стане войск акругі» і прыняў рашэнне аб найхутчэйшым завяршэнні буд-ва 100 аэрадромаў, умацаваных раёнаў, устараненні недахопаў у справе прывядзення ў стан мабілізацыйнай гатоўнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, калгасаў, МТС і насельніцтва, павышэнні ўвагі да патрэб войск.
Пачатак вайны. Вайна, якую развязала фаш. Германія супраць Сав. Саюза, працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. У адпаведнасці з планам «Барбароса» Германія выставіла супраць СССР 153 дывізіі, яе саюзнікі Італія, Румынія, Фінляндыя і Венгрыя — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 ням. паветраныя флаты, авіяцыя Фінляндыі і Румыніі. Усё гэта разам складала 5,5 млн.чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4300 танкаў і штурмавых гармат, 4980 баявых самалётаў і інш.СССР у 5 зах.ваен. акругах меў 170 дывізій і 2 брыгады (каля 2,6 млн.чал.), 37,5 тыс. гармат і мінамётаў, 1457 новых танкаў КВ і Т-34, 1570 баявых самалётаў новых тыпаў.
Вял. шкоду абараназдольнасці краіны нанеслі рэпрэсіі 1937—38, калі загінула ці была зняволена значная колькасць вопытных камандзіраў Чырв. Арміі, выдатныя канструктары ваен. тэхнікі, кіраўнікі ваен. прам-сці, інж.-тэхн. работнікі. Замест рэпрэсіраваных на высокія ваен. пасады прызначаліся маладыя камандзіры, у якіх не было неабходных ведаў і вопыту. Былі дапушчаны і стратэг. пралікі: найб. небяспечным напрамкам лічыўся паўд.-зах. — Украіна, а не зах. — Беларусь, на якім гітлераўскае камандаванне ў чэрв. 1941 увяло ў дзеянне самыя магутныя сухапутныя і ваен.-паветр. сілы. Напярэдадні і ў пачатку вайны на тэр. Беларусі былі размешчаны 44 сав. дывізіі (з іх 18 танк. і матарызаваных), а на Украіне 80 дывізій (з іх 30 танк. і матарызаваных). Пры гэтым у кожнай ням. дывізіі налічвалася па 14—16 тыс.чал., а ў сав. дывізіях — па 8 і менш тыс. чалавек.
На досвітку 22.6.1941 фаш. Германія без абвяшчэння вайны напала на Сав. Саюз. Камандаванне яе ўзбр. сіл (вермахта) разлічвала магутнымі рассякальнымі ўдарамі буйных танкавых і матарызаваных злучэнняў акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі і выйсці на лінію Архангельск—Волга, каб такім чынам за 1,5—2 мес закончыць вайну.
На тэр. Беларусі наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск — група армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф. фон Бок) у складзе 4-й і 9-й палявых (ген.-фельдмаршал Г.Клюге, ген.-палк. А.Штраус), 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.Гудэрыян, ген.-палк. Г.Гот) і 2 матарызаваных брыгад. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот — 1600 самалётаў. Разам з пагранічнікамі ўдар гэтых сіл прынялі на сябе размешчаныя каля граніцы сав. арміі: 3-я (каманд.ген.-лейт. В.І.Кузняцоў) каля г. Гродна, 10-я (ген.-маёр К.Дз.Голубеў) у Беластоцкім выступе, 4-я (ген.-маёр А.А.Карабкоў) каля Брэста. На напрамках гал. удараў (Гродна і Брэст) праціўнік меў перавагу ў сілах і сродках у 3—5 разоў. Авіяцыя Германіі 22.6.1941 нанесла раптоўныя масіраваныя ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах, гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш., гэтым прычыніла цяжкія страты сав. войскам. ВПСЗах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не здолелі даць належны адпор ворагу, адбіць яго паветраныя налёты. У выніку масіраваных удараў па 26 аэрадромах на тэр. Беларусі ням. авіяцыі ўдалося знішчыць у першыя гадзіны вайны на зямлі 528 самалётаў. Яшчэ 210 сав. самалётаў былі за той жа дзень збіты ў паветр. баях над Беларуссю. Т.ч. 22.6.1941 сав.ВПС, размешчаныя на тэр. Беларусі, страцілі 41% сваіх самалётаў, у т. л. 408 з 500 самалётаў навейшых канструкцый, якія не саступалі нямецкім. Войскі Зах. фронту (утвораны 22.6.1941 на базе Зах. асобай ваен. акругі) з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту на чале з ген. арміі Дз.Р.Паўлавым страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе, ліквідаваць яго глыбокія прарывы.
Танкавыя злучэнні ворага 22—23 чэрв. прарвалі абарону сав. войск на абодвух флангах Зах. фронту (каля Гродна і Брэста) і да канца дня 25 чэрв. прасунуліся ў напрамку Вільнюс—Мінск на 180 км, у напрамку Баранавічы—Мінск — да 250 км. У выніку больш як 60 акруговых (франтавых) складоў і баз забеспячэння і ўзбраення былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час гаручага, боепрыпасаў, аўтабранятанкавай маёмасці, харчавання.
З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар прынялі дывізіі, якія размяшчаліся паблізу граніцы, і пагранічнікі. Бессмяротны подзвіг здзейснілі абаронцы Брэсцкай крэпасці (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Мужна змагаліся з ворагам сав. лётчыкі. У першыя гадзіны вайны лейтэнант Рабцаў тараніў варожы самалёт над Брэстам, малодшы лейтэнант Дз.В.Кокараў — у раёне г. Замбраў Беластоцкай вобл., старшы палітрук А.С.Данілаў — каля Гродна. 22 чэрв. маёр Б.М.Сурын збіў 4 самалёты праціўніка, старшы палітрук Сіроцін — 5, капітан М.Ф.Саўчанка — 9 самалётаў. За першы дзень вайны 235-ы артыл. полк 75-й стралк. дывізіі 4-й арміі каля г.п. Дамачава Брэсцкай вобл. знішчыў 21 танк і бронетранспарцёр ворага, каля 600 гітлераўцаў. У выключна цяжкіх умовах вялі баі ў раёнах Гродна і Беластока войскі 10-й і 3-й армій. Каля г. Ліда артылерысты 8-й асобнай артыл. процітанк. брыгады пад камандаваннем палк. І.С.Стральбіцкага на некалькі дзён затрымалі рух 12-й ням.танк. дывізіі і знішчылі каля 60 танкаў. З 25 чэрв. цяжкія баі разгарнуліся ў раёне Мінска, дзе трымалі абарону 2-і і 44-ы стралк. карпусы 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў). Сілы былі няроўныя, і 28 чэрв.танк. групы ням.-фаш. генералаў Гота і Гудэрыяна захапілі Мінск (гл.Мінска абарона 1941). У выніку ў раёнах на З ад сталіцы Беларусі трапілі ў варожае акружэнне войскі 3-й, 10-й і часткова 13-й сав. армій (гл.Навагрудскі «кацёл»).
Мабілізацыя сіл на адпор ворагу. У складаных умовах, калі Чырв. Армія вымушана была адступаць, на Беларусі разгарнулася вял. работа па мабілізацыі сіл на адпор агрэсару. Усё жыццё ў рэспубліцы перабудоўвалася ў адпаведнасці з задачамі ваен. часу. У чэрв.—ліп. 1941 у Чырв. Армію з Беларусі мабілізавана больш за 500 тыс.чал.Чырв. Арміі было перададзена каля 30 тыс. аўтамашын і трактароў, 18 тыс.т мяса, шмат жывёлы, 10 350 т збожжапрадуктаў, 10 тыс.т сена. На працягу першага тыдня вайны для арміі на Беларусі былі разгорнуты эвакашпіталі на 12 800 ложкаў, тысячы месцаў у бальніцах, арганізоўваліся медсанатрады. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі з непадлеглых прызыву добраахвотнікаў да 15 ліп. сфарміравана 78 (больш за 13 тыс.чал.) знішчальных батальёнаў. Ва ўсх. абласцях рэспублікі ў ліп.—жн. 1941 створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш як 33 тыс.чал.). На патрэбы фронту пачалі працаваць прамысл. прадпрыемствы. Гомельскія з-ды «Рухавік рэвалюцыі» і с.-г. машынабудавання наладзілі рамонт баявой тэхнікі і вытв-сць мінамётаў, з-д імя Кірава, Гомельскі і Навабеліцкі лесакамбінаты асвоілі вытв-сць процітанк. мін, Гомельская запалкавая фабрыка «Везувій» — выраб гранат. Чыгуначнікі Гомеля стварылі 30 перасовачных майстэрань для рамонту танкаў і трактароў, бабруйская прамысл. арцель «Чырвоны металіст», мазырская арцель «Молат», віцебскія арцелі «Молат» і «Металіст» асвоілі вытв-сць карпусоў ручных гранат. Неабходную фронту прадукцыю выпускалі таксама мех. майстэрня ў Магілёве, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Шклоўскі льнозавод, многія абутковыя і швейныя прадпрыемствы. Вял. дапамогу Чырв. Арміі аказвалі бел. сяляне.
Адной з найважнейшых задач з’яўлялася эвакуацыя людзей і матэрыяльна-вытв. каштоўнасцей ва ўсх. раёны СССР. Да канца жн. 1941 з Беларусі было вывезена больш за 1,5 млн.чал., звыш 190 дзіцячых устаноў (каля 16,5 тыс. дзяцей), 124 буйныя прадпрыемствы саюзна-рэсп. падпарадкавання, больш як 17 тыс. адзінак каштоўнага тэхнал. абсталявання, а таксама шмат с.-г. тэхнікі, жывёлы, збожжа. Былі эвакуіраваны ўстановы навукі і культуры, у т. л.АН Беларусі, БДУ, тэатры і інш. (гл.Эвакуацыя).
Насельніцтва прыфрантавых раёнаў паўсюдна ўдзельнічала ў буд-ве абарончых умацаванняў. Толькі на рубяжы р. Дняпро на гэтых работах было занята больш як 500 тыс.чал., а ўсяго на абарончых збудаваннях на тэр. Беларусі — каля 2 млн. чал.
Абарончыя баі Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі ў ліпені—жніўні 1941. У пач.ліп. 1941 сав. камандаванне прыняло меры па стварэнні лініі абароны па рэках Зах. Дзвіна і Дняпро. Каб спыніць ворага і не даць магчымасці яго арміям прарвацца на Маскоўскім напрамку, сюды былі кінуты з рэзерву 19-я, 20-я, 21-я і 22-я арміі. На р. Бярэзіна ў раёне г. Барысаў цяжкія баі з гітлераўцамі вялі часці 1-й Маскоўскай мотастралк. дывізіі (палк. Я.Р.Крэйзер), курсанты Барысаўскага танк. вучылішча і зводная дывізія з воінаў, якія адышлі з-пад Мінска. У трохдзённых баях за Барысаў (захоплены ворагам 2 ліп.) і наваколле з абодвух бакоў удзельнічала да 300 танкаў. Абаронцы Барысава знішчылі каля 70 варожых танкаў, больш за 2000 гітлераўцаў. Адыходзячы ўздоўж Маскоўскай шашы, 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія ўпарта змагалася з ворагам на рубяжах рэк Нача, Бобр, Адроў і ў інш. месцах. Раённы цэнтр Талачын 8—9 ліп. двойчы пераходзіў з рук у рукі. Воіны Маскоўскай дывізіі захапілі тут каля 800 палонных і сцяг 47-га Берлінскага танк. корпуса. 14.7.1941 пад Оршай свой першы ўдар па ворагу нанёс дывізіён рэактыўных мінамётаў пад камандаваннем капітана І.А.Флёрава. Так упершыню ў баі былі выкарыстаны легендарныя «Кацюшы». Упартыя баі адбываліся за пераправу цераз Бярэзіну ў раёне г. Бабруйск (канец чэрв. — пач.ліп. 1941).
У пач. ліпеня 1941 баі разгарнуліся на Віцебскім напрамку. 20-я армія сіламі 2 механізаваных карпусоў 6—10 ліп. нанесла контрудар па 3-й танк. групе праціўніка і адкінула яго на 30—40 км у напрамку г. Лепель (гл.Лепельскі контрудар 1941). Прыкрываючы Віцебск, 153-я стралк. дывізія палк. М.А.Гагена падбіла каля 50 варожых танкаў і знішчыла каля 500 гітлераўцаў (гл.Віцебска абарона 1941). Разам з Чырв. Арміяй Віцебск да 11 ліп. мужна абаранялі батальёны нар. апалчэння (гл.Віцебскае народнае апалчэнне 1941).
Выключна напружаныя баі адбываліся на р. Дняпро, асабліва ў раёне г. Магілёў, дзе абарону трымалі злучэнні і часці 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.А.Бакунін) 13-й арміі. Непасрэдна Магілёў да 26 ліп. (апошнія 10 дзён у акружэнні) абаранялі 172-я стралк. дывізія (ген.-маёр М.Ц.Раманаў) і атрады нар. апалчэння (гл.Магілёва абарона 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, Буйніцкае поле).
Гомельскі напрамак прыкрывала 21-я армія (каманд. ў чэрв.—жн. 1941: ген.-лейт. В.П.Герасіменка, ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-маёр В.М.Гардоў). У ліпені ў яе размяшчэнне выйшлі з акружэння часці 3-й арміі, якая потым да канца жніўня абараняла Палессе. 24.7.1941 для прыкрыцця Гомельскага напрамку ўтвораны асобны Цэнтральны фронт (каманд.ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, потым ген.-лейт. Яфрэмаў), у склад якога ўвайшлі 21-я і 13-я, а з 1 жніўня і 3-я арміі. 13 ліп. 63-і стралк. корпус (камкор, потым ген.-лейт. Л.Р.Пятроўскі) нанёс контрудар на Бабруйскім напрамку, у ходзе якога фарсіраваў Дняпро, вызваліў гарады Жлобін і Рагачоў (гл.Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). Цяжкія баі адбываліся 12—19.8.1941 пад Гомелем, праз які 2-я ням.-фаш.танк. група прарывалася на Украіну (гл.Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 5 разоў пераходзіў з рук у рукі ў ліп.—жн. 1941 палескі раённы цэнтр Тураў.
Баявыя дзеянні на Беларусі з 10.7.1941 з’яўляліся часткай Смаленскай бітвы 1941, у ходзе якой сав. войскі на 3 мес затрымалі прасоўванне ням.-фаш. армій на Маскоўскім напрамку, але да пач.вер. 1941 былі вымушаны пакінуць усю тэр. Беларусі. 19 жніўня гітлераўскія войскі захапілі Гомель, 22 жн. — апошні абл. цэнтр рэспублікі г. Мазыр, 4 вер. (канчаткова 23 вер.) — апошні раённы цэнтр г.п. Лельчыцы. Беларусь на 3 гады апынулася пад ярмом ням.-фаш. акупацыі.
Падзеі на франтах вайны. Летам і восенню 1941 войскі ням. фашыстаў акупіравалі значную частку тэр.СССР, блакіравалі г. Ленінград, выйшлі на подступы да Масквы, захапілі Растоўна-Доне. Але ім не ўдалося ажыццявіць асн.стратэг. план — разбіць Чырв. Армію і захапіць Маскву. У цяжкіх баях сав.ўзбр. сілы нанеслі ням. арміі і ВПСвял. страты і захавалі сваю баяздольнасць. 5—6.12.1941 пад Масквой яны перайшлі ў контрнаступленне (гл.Маскоўская бітва 1941—42), якое перарасло ў агульнае наступленне Чырв. Арміі на фронце ад Ленінграда да Чорнага мора. У выніку вораг быў адкінуты на 150—400 км. У пач.лют. 1942 у ходзе наступлення 4-й ударнай арміі на Віцебскім напрамку 249-я стралк. дывізія ген.-маёра Г.Ф.Тарасава здзейсніла баявы рэйд па тэр. Суражскага і Віцебскага р-наў Беларусі, вызваліла шэраг населеных пунктаў. У выніку гэтых дзеянняў паміж ням.-фаш. групамі армій «Цэнтр» і «Поўнач» утварыўся разрыў (Чырв. Армія замацавалася непадалёк ад паўн.-ўсх. граніцы Беларусі), праз які было наладжана ўзаемадзеянне паміж бел. партызанамі і сав. камандаваннем (гл.Віцебскія «вароты»).
У бітве пад Масквой сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі (разграмілі 38 яе дывізій) і развеялі міф аб непераможнасці вермахта. Фаш. план «Барбароса», у аснову якога была пакладзена ідэя «бліцкрыгу» («маланкавай вайны»), праваліўся. Але і сав. Стаўка Вярх. галоўнакамандавання пераацаніла свае сілы і магчымасці, паставіўшы перад сав. войскамі задачу за зіму—вясну 1942 акружыць і знішчыць асн. сілы ням.-фаш. груп армій «Поўнач» і «Цэнтр», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942». Спробы здзейсніць гэты план (пад Вязьмай і на р. Волхаў) скончыліся няўдачай і суправаджаліся вял. стратамі. Былі заўчасна выкарыстаны сабраныя Стаўкай з вял. цяжкасцямі стратэг. рэзервы. У той жа час не спраўдзілася надзея сав. камандавання і парт.-дзярж. кіраўніцтва, што Германія вычарпае свае рэзервы да вясны 1942.
У маі 1942 становішча на сав.-герм. фронце зноў пачало змяняцца на карысць Германіі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у канцы чэрв.—пач.ліп. — Севастопаль. Катастрофай скончылася наступленне сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. У канцы чэрв.—пач.ліп. 1942 разгарнулася агульнае наступленне вермахта на Варонежскім, Сталінградскім і Каўказскім напрамках, якое ўдалося спыніць толькі позняй восенню. Гітлераўскія войскі выйшлі да Волгі і Дона, перавалаў Гал.Каўк. хрыбта, уварваліся ў Варонеж і Сталінград, але з-за ўпартага супраціўлення сав. войск не здолелі іх захапіць цалкам. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада наркома абароны СССР №227 ад 28.7.1942, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіі да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі без загаду. Пасля шматтыднёвай гераічнай абароны 19.11.1942 сав. войскі пад Сталінградам перайшлі ў магутнае контрнаступленне, акружылі і да 2.2.1943 цалкам разграмілі 330-тысячную групоўку ням.-фаш. войск (гл.Сталінградская бітва 1942—43). Гэта перамога стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе вайны. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць страчаную стратэг. ініцыятыву, выратаваць ад развалу фаш. блок, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл.Курская бітва 1943). Але і тут вораг быў разгромлены, страціў 30 дывізій, каля 500 тыс. чалавек.
Пачатак вызвалення Беларусі. Перамога ў Курскай бітве дазволіла Чырв. Арміі перайсці ў агульнае летне-асенняе наступленне 1943 на фронце шырынёй у 2 тыс.км, у ходзе якога пачалося вызваленне Беларусі. 23.9.1943 войскі 13-й арміі (ген.-лейт. М.П.Пухаў) Цэнтр фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) у час Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі г.п. Камарын. У жн.—вер. 1943 Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю, у выніку якой вызвалілі Смаленскую вобл., некаторыя раёны Віцебскай і Магілёўскай абл., выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту пасля вызвалення Бранска (17 вер.) таксама ўступілі на бел. зямлю і выйшлі да р. Сож. У ходзе наступнай асенне-зімовай кампаніі 1943—44 Чырв. Армія вызваліла яшчэ шэраг мясцовасцей і буйных населеных пунктаў Беларусі, у т. л.абл. цэнтры Гомель і Мазыр, гарады Гарадок, Рагачоў, Калінкавічы і інш. (гл.Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943, Кіеўская наступальная аперацыя 1943, Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). Са снеж. 1943 у вызваленым Гомелі працавалі ЦККП(б)Б і СНКБССР. Усяго да вясны 1944 Чырв. Армія поўнасцю ці часткова вызваліла ад ням.-фаш. захопнікаў 36 раёнаў Беларусі са 188.
Беларусы на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У складзе ўзбр. сіл СССР супраць гітлераўцаў разам з прадстаўнікамі інш.сав. народаў змагалася больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. У баях пад Масквой вызначыліся Л.М.Даватар, А.І.Лізюкоў, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка і інш.; у Сталінградскай бітве — А.Я.Вашчанка, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, Ф.Я.Макавецкі, А.І.Пастрэвіч, М.П.Сыдзько, І.Я.Сяржантаў і інш. Пад Ленінградам снайпер Ф.А.Смалячкоў знішчыў 125 фашыстаў. У час Курскай бітвы 1943 лётчык-знішчальнік А.К.Гаравец у адным баі збіў 9 варожых самалётаў (дагэтуль не перасягнуты вынік). Беларусь дала шмат праслаўленых палкаводцаў і флатаводцаў, сярод якіх контр.-адм. В.Е.Ананьіч, ген. арміі А.З.Антонаў, ген.-лейт. Е.У.Дабравольскі, віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-палк. І.П.Камера, маршал авіяцыі С.А.Красоўскі, Маршал Сав. Саюза В.Д.Сакалоўскі, ген.-лейт. А.Дз.Церашкоў і інш. Усяго больш за 400 генералаў і адміралаў — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў час вайны камандавалі вайск. злучэннямі сухап. войск, авіяцыі і флоту. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў Вял.Айч. вайну, 300 тыс. воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 441 чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 66 чал. сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Лётчыку П.Я.Галавачову, камандзірам танк. злучэнняў І.І.Гусакоўскаму, С.Ф.Шутаву, І.І.Якубоўскаму званне Героя Сав. Саюза прысвоена двойчы.
Гітлераўскі акупацыйны рэжым. З першых дзён фаш. акупацыі на тэр. Беларусі быў устаноўлены крывавы акупац. рэжым, які ажыццяўляўся войскамі вермахта, ням.-фаш.акупац. адміністрацыяй, службамі СД і СС, ваен.-палявымі і мясц. камендатурамі, паліцыяй і жандармерыяй. Маючы на мэце ліквідацыю нац. дзяржаўнасці Беларусі і ператварэнне яе ў калонію Германіі, фашысты расчлянілі тэр. Беларускай ССР: паўн.-зах. раёны Брэсцкай вобл. і Беластоцкую вобл. з гарадамі Гродна і Ваўкавыск далучылі да Усх. Прусіі (бецырк Беласток); паўд. раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абл. — да рэйхскамісарыята «Украіна»; паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл. ўключылі ў генеральную акругу Літвы, Віцебскую, Магілёўскую, б.ч. Гомельскай і ўсх. раёны Мінскай абласцей — у зону армейскага тылу. У склад генеральнай акругі Беларусі («Генеральбецырк Беларутэнія») увайшлі Баранавіцкая, Вілейская, Мінская (без усх. раёнаў), паўн. раёны Брэсцкай, Пінскай і Палескай абласцей, што складала 1/3тэр. Беларускай ССР. Гэтая тэр. была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» (цэнтр — г. Рыга) і падзелена на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую. Каб узмацніць уплыў на насельніцтва, акупанты стварылі з асобных яго прадстаўнікоў і эмігрантаў дапаможныя адм. ўстановы — раённыя, гар., валасныя ўправы, а пазней — шэраг беларускіх па назве, але калабарацыянісцкіх па сутнасці ваен.-паліцэйскіх фарміраванняў (гл.Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона), «грамадскіх арг-цый» (гл.Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі), «дзярж. устаноў» (гл.Беларуская рада даверу, Беларуская цэнтральная рада).
Мэтай акупац. палітыкі гітлераўцаў было планамернае знішчэнне бел. народа. Паводле плана «Ост» на Беларусі планавалася знішчыць ці выселіць у Сібір 75% насельніцтва, 25% беларусаў падлягалі анямечванню і выкарыстанню ў якасці с.-г. рабоў. Каб скараціць 30-гадовы тэрмін выканання гэтага плана, фашысты імкнуліся знішчыць як мага болей людзей яшчэ ў час вайны. На тэр. Беларусі гітлераўцы стварылі 260 лагераў смерці, правялі больш як 140 буйных карных экспедыцый, у ходзе якіх знішчалі вёскі і пасёлкі разам з жыхарамі, ператвараючы цэлыя раёны ў «зоны пустыні» (гл.Карныя аперацыі). За час акупацыі захопнікі знішчылі на тэр. Беларусі каля 3 млн.чал., 380 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію, спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак.
Народная барацьба ў тыле ворага. Злачынны акупац. рэжым не зламаў волі бел. народа. Ён узняўся на сапраўдную вайну супраць захопнікаў. У ліку першых супраць акупантаў разгарнула барацьбу Мінскае падполле (гл.Мінскае патрыятычнае падполле). Актыўна дзейнічала патрыят. падполле ў Віцебску, Оршы, Гомелі, Магілёве, Барысаве, Бабруйску і інш. гарадах і пасёлках. Вял. ролю ў барацьбе супраць акупантаў адыгрывалі антыфаш. арг-цыі ў зах. абласцях Беларусі (гл.Антыфашысцкія арганізацыі): у Брэсцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Докшыцкім, Міёрскім, Мядзельскім, Астравецкім, Смаргонскім і інш. раёнах. Шырокая сетка падп. арг-цый і груп ахапіла практычна ўсю Беларусь. Падп.парт., камсамольскія, антыфаш. органы і арг-цыі адыгралі гал. ролю ў разгортванні масавага партыз. руху. У ліку першых на Беларусі пачалі дзейнічаць партыз. атрады пад камандаваннем В.З.Каржа, Ц.П.Бумажкова і Ф.Л.Паўлоўскага, М.П.Шмырова, А.І.Далідовіча, В.Ц.Меркуля, А.Дз.Сяргеева і інш. Бумажкову і Паўлоўскаму 6.8.1941 першым з сав. партызан прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Вял. ўплыў на развіццё партыз. руху зрабіла гіст. перамога Чырв. Арміі пад Масквой. Адразу пасля яе была наладжана пастаянная сувязь паміж бел. партызанамі і сав. тылам праз Віцебскія «вароты» і з дапамогай авіяцыі. З вясны 1942 партыз. рух станавіўся ўсё больш масавым. У маі 1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з 1-м сакратаром ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнкам, у вер. 1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) на чале з 2-м сакратаром ЦККП(б)Б П.З.Калініным. Цэнтралізацыя кіраўніцтва партыз. рухам дала магчымасць накіроўваць барацьбу партызан на максімальнае аказанне дапамогі Чырв. Арміі (гл.Дрысенская аперацыя 1942, Пціцкая аперацыя 1942, Слаўненская аперацыя 1942). Вял. размах набыла барацьба партызан Беларусі ў 1943. Яна вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела наступальны характар. Асн. ўдары партызаны наносілі па варожых камунікацыях, пераважна па чыгунках. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у «рэйкавай вайне» — адначасовым масавым разбурэнні чыг. камунікацый ворага ў час наступлення Чырв. Арміі 1943—44 (гл.«Рэйкавая вайна»), У іх выніку ў час Курскай бітвы (ліп.—жн. 1943) перавозкі праціўніка па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі. Яны сарвалі спробы акупантаў выкарыстаць для ваен. перавозак суднаходныя рэкі, паралізавалі рух параходаў і баржаў па Зах. Дзвіне, Сажы, Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Дняпроўска-Бугскім канале. Найважнейшым відам барацьбы з акупантамі было знішчэнне варожых гарнізонаў. Да канца 1943 партызаны ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. Беларусі. Тут існавала больш за 20 партыз. зон — апорных плацдармаў, з якіх нар. мсціўцы наносілі ўдары па ворагу, дзе яны рыхтавалі свае рэзервы, прымалі самалёты з сав. тылу (гл.Партызанская зона, Партызанскі гарнізон). Вял. значэнне мелі партыз. рэйды, якія праводзіліся для дэзарганізацыі тылу ворага, актывізацыі і ўзмацнення антыфаш. барацьбы ва ўсіх раёнах рэспублікі.
Партыз. рух на Беларусі падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, трымаў акупантаў у страху і напружанні. Гітлераўцы рабілі ўсё, каб знішчыць партызан. Толькі ў 1943 яны правялі дзесяткі буйных карных аперацый. Пад выглядам барацьбы з партызанамі карнікі знішчалі цывільнае насельніцтва — старых, жанчын і дзяцей, рабавалі і палілі вёскі.
Партыз. барацьба з новай сілай разгарнулася восенню 1943, калі Чырв. Армія ўступіла на тэр. Беларусі. Многія партыз. брыгады і атрады непасрэдна ўзаемадзейнічалі з часцямі сав. войск пры вызваленні гарадоў і вёсак рэспублікі. Каб ліквідаваць пагрозу для сваіх войск з тылу, гітлераўцы зімой і вясной 1944 правялі супраць бел. партызан буйныя карныя экспедыцыі (гл.Полацка-Лепельская бітва 1944, Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 і інш.). Загінула шмат партызан і мірнага насельніцтва, але вораг не дасягнуў сваёй стратэг. мэты: партызаны захавалі баяздольнасць і працягвалі актыўна дзейнічаць.
Партызаны і падпольшчыкі карысталіся шырокай падтрымкай і дапамогай бел. народа. Мясц. жыхары складалі пераважную большасць партызан (амаль 90%). Насельніцтва давала партызанам прытулак і ежу, перадавала ім зброю, якую знаходзіла на месцах баёў 1941, інфармавала пра кожны крок ворага, удзельнічала разам з партызанамі ў баявых аперацыях. Барацьба насельніцтва супраць паліт., эканам. і ваен. мерапрыемстваў акупантаў насіла масавы характар. Разам з беларусамі (71,1%) у радах бел. партызан і падпольшчыкаў змагаліся рускія (19,29%), украінцы (3,89%), літоўцы, латышы, грузіны, армяне, казахі, узбекі, азербайджанцы, малдаване, прадстаўнікі інш. народаў СССР, а таксама каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў, у т. л. 3 тыс. палякаў, 400 славакаў і чэхаў, 235 югаславаў, 70 венграў, 60 французаў, каля 100 немцаў, прадстаўнікі многіх інш.еўрап. народаў. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі змагаліся ў радах партызан Расіі, Украіны, Малдавіі, Літвы, Латвіі, актыўна ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення народаў Францыі, Італіі, Бельгіі, Грэцыі і інш.еўрап. краін.
За 3 гады барацьбы ў тыле ворага з чэрв. 1941 да ліп. 1944 нар. мсціўцы Беларусі (больш за 374 тыс.чал., аб’яднаных у 213 партыз. брыгад і 258 асобных атрадаў; больш за 400 тыс.чал. скрытага партыз. рэзерву) знішчылі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых, падарвалі і пусцілі пад адхон 11 128 вайск. эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі больш за 18 700 аўтамашын, узарвалі і разбурылі 819 чыг. і 4710 інш. мастоў, перабілі больш за 300 тыс.чыг. рэек, разбурылі больш за 7300 км тэлефонна-тэлегр. ліній, збілі ў паветры і знішчылі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 варожых складоў. Захапілі вял. трафеі: 363 гарматы і мінамёты, 1874 кулямёты, каля 21 тыс. вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал. За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў больш за 140 тыс.бел. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 88 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза.
Працоўныя Беларусі ў савецкім тыле. Значны ўклад у перамогу над ворагам зрабілі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя ва ўсх. раёны СССР. Эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы размясціліся гал. чынам у Паволжы (40 з-даў і фабрык), на Урале (24), у сярэдняй паласе Расіі (18), Зах. Сібіры (8). Яны ў сваёй масе зліваліся з мясц. прадпрыемствамі, аднароднымі па спецыялізацыі. Каля 20 бел. прадпрыемстваў захавалі ў эвакуацыі поўную самастойнасць. Сярод іх «Гомсельмаш», гомельская ф-ка «8 Сакавіка», віцебская аптычная фабрыка і інш. Рабочыя, інж.-тэхн. работнікі манціравалі абсталяванне прадпрыемстваў на новых месцах у самыя сціслыя тэрміны. У жн.—вер. 1941 уведзены ў дзеянне 15 бел. з-даў і фабрык, у кастр.—ліст. — яшчэ 20. Да лета 1942 абаронную прадукцыю ўжо давалі калектывы больш як 60 эвакуіраваных бел. прадпрыемстваў. Іх аднаўленне і ўвод у дзеянне станоўча паўплывалі на стан эканомікі СССР.
Вял. ролю ў гады вайны адыграў транспарт, у першую чаргу чыгуначны. Эвакуіраваныя чыгуначнікі Беларусі працавалі больш як на 40 Магістралях СССР. Званне Героя Сац. Працы ў ваен. гады прысвоена бел. чыгуначнікам А.В.Глебаву, М.А.Макараву, І.П.Петрушкевічу, А.М.Чухнюк, А.А.Янкоўскаму; многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У гады вайны ў сав. тыле працавалі тысячы дзеячаў бел. навукі і культуры. На ўсход СССР эвакуіраваны калектывы 60 н.-д. ін-таў і лабараторый, больш як 20 бел.ВНУ і сярэдніх навуч. устаноў, 6 буйнейшых тэатраў Беларусі. У розных раёнах сав. тылу працавала каля 100 акадэмікаў і чл.-карэспандэнтаў АН Беларусі, дактароў і кандыдатаў навук, больш як 400 артыстаў, каля 50 мастакоў, 22 кампазітары з Беларусі. Вучоныя АНБССР удасканальвалі тэхналогію вытв. працэсаў, вялі пошукі рэсурсаў сыравіны, распрацоўвалі эфектыўныя метады лячэння параненых, важнейшыя праблемы, звязаныя і з патрэбамі фронту, і з далейшым развіццём нар. гаспадаркі.
Супраць фашызму з першых дзён вайны сваім словам змагаліся бел. паэты, празаікі, драматургі. Баявым гімнам прагучаў верш нар. паэта Беларусі Я.Купалы «Беларускім партызанам». У газетах і часопісах «Савецкая Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Чырвоная звязда», «Звязда», «За Савецкую Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка» актыўна супрацоўнічалі К.Крапіва, М.Лынькоў, К.Чорны, І.Гурскі, М.Танк, П.Панчанка і інш. Кампазітары Я.Цікоцкі, А.Багатыроў, М.Аладаў, Р.Пукст і інш. стварылі шэраг муз. твораў. Творы бел. майстроў выяўл. мастацтва, створаныя ў ваен. час, экспанаваліся на выстаўках. «Мастакі Куйбышава ў дні Вялікай Айчыннай вайны» (1941), «Мастакі Сібіры» (1942), «Мастакі Свярдлоўска» (1942), «Тыл і фронт» (1942—44, у залах Траццякоўскай галерэі ў Маскве). Перад воінамі Чырв. Арміі на франтах і параненымі ў шпіталях выступалі брыгады бел. артыстаў. Працоўныя Беларусі збіралі грошы і каштоўнасці на патрэбы абароны.
Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да лета 1944 большая частка Беларусі была яшчэ акупіравана гітлераўцамі, якія надавалі вял. значэнне ўтрыманню гэтай тэр., бо праз яе пралягаў прамы шлях да Усх. Прусіі і Берліна. Разумеючы гэта, сав. камандаванне рыхтавала тут магутнае наступленне. Менавіта гэтай задачы было ў значнай ступені падначалена аднаўленне гаспадаркі, якое пачалося ў вызваленых раёнах рэспублікі ў канцы 1943 — пач. 1944. Найперш аднаўляліся пры ўдзеле мясц. насельніцтва неабходныя для Чырв. Арміі шляхі зносін. Да 1.6.1944 былі адноўлены 1247 кмчыг. пуцей, 239 чыг. мастоў, 87 станцый і раз’ездаў, на шашэйных і грунтавых дарогах пабудаваны 554 масты, у т. л. цераз р. Сож у Гомелі і р. Дняпро ў Рэчыцы.
Стварыўшы вял. колькасную і тэхн. перавагу над ворагам, Чырв. Армія 23—24.6.1944 пачала ў Беларусі найбуйнейшую наступальную аперацыю пад кодавай назвай «Баграціён» (гл.Беларуская аперацыя 1944). Для яе правядзення Вярх. Галоўнакамандаванне выдзеліла больш за 2 млн.чал., больш за 31 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных гармат, каля 5 тыс. самалётаў. Гэтыя сілы былі аб’яднаны ў 4 франты: 1-ы Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян), 3-і, 2-і і 1-ы Беларускія (ген.-палк. І.Д.Чарняхоўскі, ген.-палк. Г.Ф.Захараў, ген. арміі К.К.Ракасоўскі) франты. У складзе 1-га Бел. фронту дзейнічала Дняпроўская ваен. флатылія (каманд. контр-адм. В.В.Грыгор’еў). Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі і Г.К.Жукаў.
У першыя дні аперацыі войскі 1-га Прыбалт. і 3-га Бел. франтоў акружылі і знішчылі варожую групоўку ў раёне Віцебска, 26 чэрв. вызвалілі Віцебск, 27 — Оршу (гл.Віцебска-Аршанская аперацыя 1944). Войскі 2-га Бел. фронту 28 чэрв. штурмам авалодалі Магілёвам. Адначасова правае крыло 1-га Бел. фронту акружыла і разграміла бабруйскую групоўку ворага, 29 чэрв. вызваліла Бабруйск (гл.Бабруйская аперацыя 1944). Развіваючы наступленне ў сустрэчных напрамках, войскі 1-га і 3-га Бел. франтоў пры ўдзеле 2-га Бел. фронту 3 ліп. вызвалілі сталіцу Беларусі г. Мінск (3 ліп. святкуецца ў Рэспубліцы Беларусь як Дзень Незалежнасці), 4—11 ліп. на ўсход ад Мінска акружылі і знішчылі 105-тысячную групоўку праціўніка (гл.Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»). Войскі 1-га Прыбалт. фронту разграмілі полацкую групоўку гітлераўцаў і 4 ліп. вызвалілі Полацк (гл.Полацкая аперацыя 1944), надзейна забяспечылі з Пн наступленне гал.стратэг. групоўкі сав. войск на Беларусі. 5 ліп. вызвалены гарады Маладзечна і Смаргонь, 8 ліп. — Баранавічы, 9 — Навагрудак, 10 — Слонім, 14 — Пінск і Ваўкавыск, 16 — Гродна. 28 ліп.сав. войскі штурмам авалодалі Брэстам і на гэтым закончылі выгнанне ням.-фаш. захопнікаў з тэр. Беларусі.
Пры правядзенні Бел. аперацыі Чырв. Арміі вял. дапамогу аказвалі партызаны і насельніцтва Беларусі. Да лета 1944 на акупіраванай тэр. рэспублікі дзейнічала 149 партыз. брыгад і больш за 80 асобных атрадаў. Іх удзел у аперацыі быў прадугледжаны Стаўкай і ўзгоднены з дзеяннямі франтоў. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 партызаны метадам «рэйкавай вайны» нанеслі масіраваны ўдар па чыг. камунікацыях ворага, узарвалі 40 тыс. рэек, усяго да поўнага вызвалення рэспублікі — 61 тыс. рэек, 8 чыг. мастоў. У выніку гітлераўцы не змаглі выкарыстаць чыгунку для падвозу рэзерваў, эвакуацыі тылоў і вывазу нарабаванай маёмасці. Партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніка, не давалі яму рабаваць і паліць вёскі, ратавалі насельніцтва, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы і плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, пасёлкаў, вёсак, у ліквідацыі акружаных груповак ворага. Партызанамі былі захоплены і ўтрыманы да падыходу часцей Чырв. Арміі дзеючыя пераправы і пабудаваны новыя цераз рэкі Пціч, Случ, Друць, Ольса, Бярэзіна, Эса, Вілія, Шчара, Нёман, Котра. Ва ўмовах адступлення гітлераўцаў партызаны вызвалілі і ўтрымалі да падыходу Чырв. Арміі многія раённыя цэнтры — Узду, Старобін, Куранец, Астравец і інш. Разам з часцямі Чырв. Арміі яны ўдзельнічалі ў вызваленні гарадоў і гар. пасёлкаў Мінск, Вілейка, Барысаў, Докшыцы, Дунілавічы, Івацэвічы, Клічаў, Слуцк, Ліда, Лагойск, Любань, Маладзечна, Нясвіж, Навагрудак, Смалявічы, Асіповічы, Пінск, Плешчаніцы, Стоўбцы і інш. Усяго ў ходзе баявога ўзаемадзеяння з Чырв. Арміяй партызаны Беларусі знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон больш за 17 тыс. гітлераўцаў. Падпольшчыкі і інш.мясц. жыхары перадавалі сав. воінам звесткі пра варожую абарону, паказвалі замініраваныя будынкі, масты, мінныя палі, папярэджвалі пра варожыя засады, праводзілі праз водныя перашкоды і балоты, вылоўлівалі варожых салдат і дыверсантаў. Насельніцтва вызваленых раёнаў клапацілася аб параненых сав. воінах, збірала сродкі ў фонд Чырв. Арміі, у фонд дапамогі шпіталям інвалідаў вайны, сем’ям франтавікоў і партызан. З вызваленай тэр. Беларусі ў Чырв. Армію мабілізавана больш за 600 тыс.чал., у т. л. каля 180 тыс.б. партызан. Паўсюдна ў гарадах і вёсках Беларусі адбываліся мітынгі, прысвечаныя вызваленню, гал. з іх адбыўся 16.7.1944 у Мінску з удзелам вышэйшага кіраўніцтва БССР і завяршыўся вял.партыз. парадам (гл.Партызанскі парад 1944).
У выніку Бел. аперацыі была поўнасцю вызвалена Беларусь, б.ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёны Польшчы. Чырв. Армія падышла да граніц Усх. Прусіі. У ходзе аперацыі сав. войскі разграмілі ням.-фаш. групу армій «Цэнтр»: 17 дывізій і 3 брыгады знішчаны поўнасцю, 50 дывізій страцілі больш за палову асабістага складу. За вызваленне Беларусі больш як 1600 сав. генералаў, афіцэраў і салдат удастоены звання Героя Сав. Саюза, больш за 402 тыс. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 747 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні вызваленых імі бел. гарадоў.
У Бел. аперацыі (23.6—29.8.1944) вял. страты панеслі і сав. войскі. 3 Беларускія і 1 Прыбалт. франты страцілі 765 815 салдат і афіцэраў, з іх незваротныя страты склалі 178 507 чал. Непасрэдна пры вызваленні бел. зямлі з 23 чэрв. і да канца ліп. 1944 усе 4 франты страцілі 440 879 чал., з іх 97 232 чал. забітымі.
Завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны. Разгром ням.-фаш. войск на тэр. Беларусі стварыў спрыяльныя ўмовы для інш. наступальных аперацый, у выніку якіх Чырв. Армія ў 2-й пал. 1944 выгнала ворага з тэр.СССР (акрамя ч. Латвіі, вызваленай у маі 1945) і пачала вызваленне народаў Еўропы ад фаш. няволі. У студз. 1945 сав. войскі перайшлі ў наступленне на фронце ад Балтыйскага мора да Карпат, каб канчаткова разграміць ням.-фаш. армію і разам з саюзнікамі прымусіць фаш. Германію да капітуляцыі. 16.4.1945 яны пачалі Берлінскую аперацыю — адну з найбуйнейшых у Вял.Айч. вайне, якая мела вырашальнае значэнне для перамогі над Германіяй і вызвалення самога ням. народа ад гітлераўскай тыраніі. 26.4.1945 сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна, 30 крас. авалодалі будынкам рэйхстага, над якім быў узняты чырв. Сцяг Перамогі (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у берлінскім прадмесці Карлсхорст прадстаўнікі вышэйшага ням.-фаш. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.
Ва ўсіх бітвах завяршальнага перыяду Вял.Айч. вайны актыўны ўдзел прымалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да падзей жн. 1945 на Д. Усходзе. Чырв. Армія з удзелам войск Манголіі разграміла тут яп. Квантунскую армію ў паўн.-ўсх. Кітаі і Паўн. Карэі (гл.Савецка-японская вайна 1945).
Вынікі вайны. Вял. Айч. вайна была для сав. народа і яго ўзбр. сіл самым цяжкім і разам з тым гераічным перыядам. Яна сфарміравала аблічча цэлай эпохі. Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі была атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але сав. народ і яго ўзбр. сілы на сваіх плячах вынеслі асн. цяжар вайны, адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе з агрэсарам. Яны не толькі адстаялі сваю Айчыну, але выратавалі народы свету ад пагрозы фашызму. Дарагой цаной — 27 млн. чалавечых жыццяў — заплацілі народы СССР за перамогу. Больш за палову з гэтых ахвяр складалі мірныя жыхары. З былых саюзных рэспублік найбольшыя страты (адносна агульнай колькасці насельніцтва) панесла Беларусь: загінуў амаль кожны трэці яе жыхар. Сума матэрыяльных страт Беларусі склала 75 млрд.руб. (у цэнах 1941). Перамога над фашызмам — гэта нац. і ваен. гордасць бел. народа, як і ўсіх народаў былога СССР.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—45: Энцыкл.Мн., 1990;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) Мн., 1987;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;
История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—44). Мн., 1995;
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;
Памяти павших: Великая Отечественная война, 1941—1945. М., 1995;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 г.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2]. Мн., 1980—90.
У.І.Лемяшонак.
Вызначэнне савецка-польскай мяжы ў 1944—45. З пачаткам вайны пытанне «вольных ад Сталіна рэспублік» было знята з парадку дня берлінскай палітыкі. Дэкрэт Гітлера ад 17.7.1941 прадугледжваў стварэнне рэйсхкамісарыятаў, што азначала адмову фюрэра ад ідэі пераўтварэння гэтых абшараў у васальныя тэрыторыі і пераход на пазіцыі поўнай іх каланізацыі. 27.6.1944 Бел.цэнтр. рада з дазволу фаш. улад склікала ў Мінску 2-і Усебел. з’езд. Дэлегаты заявілі аб непрызнанні бел. дзяржаўнасці ў форме БССР, абвясцілі аб канчатковым разрыве з Расіяй, падкрэсліўшы, што «голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы». З’езд аб’явіў несапраўднымі дагаворы і аднабаковыя рашэнні СССР і Польшчы адносна тэр. Беларусі.
Польскі эміграцыйны ўрад, створаны ў кастр. 1939 у Францыі, не прызнаваў законнасць дагавораў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, у т. л. ўключэння тэр.Зах. Украіны і Зах. Беларусі (разам з Віленшчынай) у склад СССР. Вялікабрытанія і ЗША, хоць і не прызнавалі законнасць уключэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны ў склад СССР і новай граніцы паміж СССР і Польшчай, але схіляліся да прызнання «лініі Керзана» ў якасці сав.-польскай граніцы. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прызналі «лінію Керзана» ў якасці будучай сав.-польскай граніцы. У заяве сав. ўрада ад 11.1.1944 выказвалася гатоўнасць унесці змены ў граніцы 1939 на карысць Польшчы ў раёнах з перавагай польскага насельніцтва. У сак. 1944 на 6-й сесіі Вярх. Савета БССР Старшыня яго Прэзідыума Н.Я.Наталевіч папрасіў сав. ўрад пры вызначэнні граніцы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае і справядлівае жаданне бел. народа аб’яднаць усе спрадвечныя бел. землі ў адзіную Бел.сав. дзяржаву. Але гэтыя просьбы не былі ўлічаны сав. кіраўніцтвам. 27.7.1944 у Маскве падпісана сакрэтнае пагадненне паміж СССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) аб сав.-польскай граніцы. У яго аснову была пакладзена «лінія Керзана» з адступленнямі на карысць Польшчы на бел. участку граніцы Беластоцкай вобл. і часткі Белавежскай пушчы. Польскі эмігранцкі ўрад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць «лінію Керзана» і заключанае ПКНВ з СССР пагадненне аб граніцы. Аб гэтым сведчылі перагаворы ў Маскве прадстаўнікоў СССР з дэлегацыяй польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане на чале з прэм’ер-міністрам С.Мікалайчыкам, якія адбыліся ў жн. і кастр. 1944. У мемарандуме польскага ўрада ад 29.8.1944 гаварылася, што канчатковае ўрэгуляванне польска-сав. граніцы павінен зацвердзіць канстытуцыйны сейм, што неабходна таксама правесці добраахвотны абмен насельніцтвам (польскім, беларускім і ўкраінскім). Лонданскі польскі ўрад не прызнаваў пагадненняў аб абмене насельніцтвам, заключаных Украінай, Беларуссю і Літвой з ПКНВ, падкрэсліваючы, што ўрады сав. рэспублік робяць спробы змяніць на сваю карысць этнічны склад тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Канчаткова пытанне аб сав.-польскай граніцы было вырашана ў 1945.
Літ.:
Ленхард Х. «Жизненное прострачство на Востоке»: Немцы в Беларуси, 1941—1944 // Нёман. 1993. №5;
Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй Мн., 1993;
Яго ж. Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—1944) // Спадчына. 1997. №3;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;
Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Яго ж. Беларусь у геапалітыцы і дыпламатыі перыяду Другой сусветнай вайны // Бел. журн. междунар. права і междунар. отношений. 2000. №1;
Праблемы уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000;
Знешняя палітыка Беларусі. Зб. дакументаў і матэрыялаў Т. 3—4. Мн., 2000—01.
У.Е.Снапкоўскі.
Гараць фашысцкія танкі, падбітыя савецкімі воінамі каля в. Паперня Мінскага раёна Чэрвень 1941.Савецкія артылерысты адбіваюць атаку фашысцкіх танкаў. Наваколле Мінска. Чэрвень 1941Аб’явы нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад.Вёска Хорастаў Ленінскага раёна Пінскай вобл., спаленая гітлераўцамі.Нямецка-фашысцкія карнікі паляць вёску ў партызанскай зоне.Разбураны гітлераўскімі захопнікамі раён Мінска. 1944.Партызаны брыгады імя С.М.Кірава Пінскай вобл. на баявой аперацыі. 1943.Партызаны брыгады імя С.М.Будзённага Пінскай вобл. ідуць на баявое заданне. 1943.Прарыў. Карціна П.С.Крахалёва. 1975.Наступленне савецкіх танкаў і пяхоты на Мінск. 1944.Партызанская сям’я: селянін Чашніцкага раёна Віцебскай вобл. Н.Ц.Рыдлеўскі з дочкамі.Фарсіраванне войскамі 3-га Беларускага фронту р. Лучоса каля Віцебска. Чэрвень 1944.Салют савецкіх воінаў—вызваліцеляў Віцебска. 26.6.1944.Узняцце чырвонага сцяга над Домам урада ў вызваленым Мінску. 3.7.1944.Мінск. 3 ліпеня 1944 года. Карціна В.Волкава. 1954—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́КСІКА (México, Méjico), Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos),
дзяржава на ПдПаўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 1958,2 тыс.км². Нас. 98,6 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.
Прырода. М. размешчана ў паўд.ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч.тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн.кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.
Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс.ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн.ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс.г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс.н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс.н.э. на тэр.паўд.М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст.н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г.Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс.км² з нас. 5—6 млн.чал., але была нетрывалай.
У 1517 ісп.канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн. груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв.армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч.тэр.М., у т. л.г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.
У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл.Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.
Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.Абрэгона (1920—24) і П.Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.Алемана (1946—52), А.Руіса Картынеса (1952—58), А.Лопеса Матэаса (1958—64), Г.Дыяса Ордаса (1964—70), Л.Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш.міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст.нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасцігал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн.т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн., спадарожнага) газу (каля 30 млрд.м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн.т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн.тжал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс.т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн.т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн.т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн.т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс.тхім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн.т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст.прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн.т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн.га, арашаецца 6 млн.га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн.га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс.т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс.т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс.т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн.га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс.т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс.км, чыгунак — 26,5 тыс.км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс.км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд.дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс.чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс.чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс.чал., у т. л. 8,6 тыс.чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.
Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес.пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац.аўт.ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал.ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац.б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс.нац.аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш.Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.
Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.Ландывара, Ф.Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.Х.Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.Акуньі, Г.Прыета, раманы В.Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.Пайна, «Астусія...» Л.Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв.кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.М.Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап.мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.Х.Атон, С.Дыяс Мірон, М.Гуцьерэс Нахера, А.Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.Фрыяса, «Надзел» Х.Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.Л.Гусман, Г.Лопес-і-Фуэнтэс, Х.Р.Рамера, Р.Ф.Муньёс, Н.Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.Мансісідора, п’ес Р.Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.Лопеса Велардэ, Э.Гансалеса Мартынеса, К.Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.Васканселаса і А.Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.Яньес, Х.Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.Кастэльянас), літ. крытыка (Х.Л.Мартынес, А.Кастра Леаль, Э.Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.Шэрман.
Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст.н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп.арх. матывы з нар.дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац.арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.Арай, К.Ласа, М.Пані, А.Прыета, П.Рамірэс Васкес, Э.Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.Гёрыц, Х.О’Горман, Л.Бараган і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.Тальса, Ф.Э.Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.Г.Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.М.Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.Бустас, Х.М.Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.Кардэра, у скульптуры — М.Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г.найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.Бельтран, А.Гарсія Бустас, А.Кінтэрас, Мендэс, П.О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.Арэнас Бетанкур, К.Брача, Г.Руіс, у станковым жывапісе — Р.Тамаё. Нар.дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.
Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц.муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.Кастра, А.Артэга і інш.Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.Аяла Перэс, Б.Галінда Дымас, Х.П.Манкаё, С.Кантрэрас і інш.Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.Сандзі, М.Берналь Хіменес, К.Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац.сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.
Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс.т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.Гансалес дэ Эслава і Х.Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс.т-ра паўплывалі драматургі Х.Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.Э.Гарастысы, Ф.Гамбоа, Х.Х.Гамбоа, М.Даваласа, Х.Х.Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.М.Дыеса Бараса, Х.Вільяўрутыі, С.Гарастысы, Р.Усіглі, М.Магдалена, С.Нова. У 1946 у Мехіка засн.Нац.ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс.т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.Соле, Г.Брача, І.Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.Т.Мантоя, А.Гомес дэ ла Вэга, К.Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар.т-р на адкрытым паветры.
Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.Эйзенштэйна і аператара Э.Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.Брача, К.Вела, Р.Гавальдон, А.Галінда, Э.Гомес Мурыэль, М.Кантрэрас Торэс, К.Навара, І.Радрыгес, М.Сакарыяс; акцёраў — П.Армендарыс, Кантынфлас, Х.Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп.рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.Касальс) і інш.Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.Лопес Тарса, М.Фелікс, аператар Г.Фігероа і інш. У 1983 засн.Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».
Літ.:
Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;
Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;
Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;
Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ.М., 1949;
Культура Мексики. М., 1980;
Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Герб і сцяг Мексікі.Да арт.Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.Да арт.Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.Да арт.Мексіка. Пляж у г. Акапулька.Да арт.Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.Да арт.Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.Да арт.Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.Манэ. 1867.Да арт.Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.Да арт.Мексіка. Д.Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.Да арт.Мексіка. Д.Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.Да арт.Мексіка. А.Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНО
Першыя сеансы кінематографа на Беларусі адбыліся ў Віцебску ў 1898. Да 1925 уласнай кінавытворчасці не было. У 1910—12 адкрыты кінатэатры ў Віцебску, Мінску, Гомелі, Гродне, Баранавічах, Бабруйску. У 1914 на Беларусі мелася 56 стацыянарных кінаўстановак. Кіназдымкі на тэр. Беларусі праводзілі пераважна кінааператары-хранікёры Масквы і Петраграда. У ліку першых створаны хранікальныя стужкі ў Брэсце (перагаворы ў лістападзе—снежні 1917 паміж сав. дэлегацыяй і германскім камандаваннем), Оршы (вяртанне бежанцаў у горад, вітанне ням. салдат у сувязі з рэв. падзеямі ў Германіі), Мінску (сав.-польскія перагаворы), Віцебску (аднаўленчыя работы на чыгунцы). Кінакадры, знятыя на Беларусі, увайшлі ў агітфільм Л.Куляшова «На чырвоным фронце» (1920). У 1922 заснавана Упраўленне па справах кінематаграфіі Кінорэсбел (Кіно рэспублікі Беларусі), у 1924 — арганізацыя «Беларускае пралеткіно», якія займаліся кінапракатам. Паводле пастановы Саўнаркома БССР ад 17.12.1924 створана Дзярж. ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно), якое ажыццяўляла камерцыйна-гандлёвую і паліт.-асветную дзейнасць і атрымала правы на манаполію кінапракату на Беларусі. Уласная кінавытворчасць пачалася ў 1925 з кінахронікі: зняты першамайскія святочныя ўрачыстасці. З гэтага часу ствараліся хранікальныя кінавыпускі, якія адлюстроўвалі грамадска-паліт. жыццё рэспублікі (аператары М.Лявонцьеў, Я.Глас). Першыя фільмы Белдзяржкіно (кінанарысы «Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва 1925) — т. зв. культурфільмы. Сярод першых дакумент. стужак — «Такая наша Беларусь» (1927), «Беларуская вёска», «Гомельшчына» (абодва 1929), «Уздымайся, Беларусь!» (1930) і інш. У мультыплікацыйнай майстэрні пры Белдзяржкіно пастаўлены фільмы «Кастрычнік і буржуазны свет» (1927), «Жывыя дамы» (1928, рэж. абодвух А.Найдзіч), «Бунт зубоў» (1928, рэж. В.Астроўскі). Анімацыя выкарыстана ў маст. фільме «Прастытутка» (1926, рэж. А.Фрэліх) і рэкламнай стужцы «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930). У 1926 рэж. Ю.Тарыч зняў першы маст. фільм «Лясная быль» паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». Значнае месца ў бел. кінамастацтве занялі фільмы гіст.-рэвалюцыйнай тэматыкі, заснаваныя на рэальных фактах: «Кастусь Каліноўскі» (рэж. У.Гардзін), «Яго яснавяльможнасць» (рэж. Р.Рашаль; абодва 1927), «Хвоі гамоняць» (рэж. Л.Малчанаў), «Атэль «Савой» (рэж. А.Файнцымер), «У агні народжаная» (рэж. У.Корш-Саблін; усе 1929). У 1920—30-я г. створаны фільмы «Прастытутка», «У вялікім горадзе» (рэж. М.Авербах і М.Данской), «Песня вясны» паводле аповесці Я.Коласа «На прасторах жыцця» (рэж. У.Гардзін), «Саша» (рэж. А.Хахлова), «Сапраўднае жыццё» (рэж. А.Гаўронскі і В.Уліцкая), «Суд павінен працягвацца» (рэж. Я.Дзіган), дзіцячы фільм «Кульгаўка» (рэж. Ю.Вінакураў) і інш., у якіх узнімаліся праблемы маралі, сцвярджаўся сацыяліст.быт. Надзённая тэма падзелу Беларусі знайшла адлюстраванне ў сатыр. камедыі «Джэнтльмен і певень» (1928, рэж. У.Балюзек), фільме «Да заўтра» (1929, рэж. Ю.Тарыч). Фільм-памфлет «Нянавісць» (1930, рэж. Ю.Тарыч) паклаў пачатак звароту бел. кінематаграфіі да замежнай тэматыкі. На замежным матэрыяле створаны фільмы «Чатырыста мільёнаў» (1928, рэж. У.Гардзін), «Рубікон» (1930, рэж. У.Вайншток), «Слава свету» (1932, рэж. У.Вайншток), «Першае каханне» (1933, рэж. Б.Шрэйбер). У 1928 у Ленінградзе створана кінастудыя маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1939 у Мінску). З 1931 дзейнічаў сектар кінахронікі (у 1935 ён пераўтвораны ў Мінскую студыю кінахронікі).
Сярод найб. значных дакумент. фільмаў 1-й пал. 1930-х г. «Знойдзеная зямля» (рэж. У.Вайншток), «На ўздыме» (рэж. Л.Эпельбаўм). У 1930 выйшла першая гукавая кінапраграма «Пераварот» (рэж. Ю.Тарыч), паказаная ў дзень адкрыцця ў Мінску першага ў БССР гукавога кінатэатра «Чырвоная зорка». Значнае месца ў пач. 1930-х г. занялі т. зв. агітпрапфільмы — ігравыя кінаілюстрацыі агітацыйна-прапагандысцкага характару «Хто лепш?», «Гонар», «Ураган». Карціна пра калектывізацыю на вёсцы — «Сонечны паход» (1931, рэж. У.Корш-Саблін). Цікавай спробай разгледзець жаночы лёс ва ўмовах сацыяліст. пераўтварэнняў на вёсцы быў фільм «Жанчына» (1932, рэж. Я.Дзіган). На «агітпрапаўскім» фоне вылучаліся гіст.-рэвалюцыйны фільм «Першы ўзвод» (1932, рэж. У.Корш-Саблін) і кінатвор пра сучаснасць «Двойчы народжаны» (1933, рэж. Э.Аршанскі, муз. да абодвух напісаў І.Дунаеўскі), стваральнікі якіх імкнуліся адысці ад вобразаў-тэзісаў і лозунгавага мыслення. У гэтых фільмах упершыню гук выкарыстоўваўся як паўнацэнны сродак маст. вырашэння. У значнай ступені эксперым. была сатыр. камедыя «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.Файнцымер, сцэн. Ю.Тынянава, муз. С.Пракоф’ева). Сярод лепшых фільмаў для дзяцей — экранізацыя аповесці Я.Маўра «Палескія рабінзоны» (1934, рэж. І.Бахар і Л.Малчанаў). Фільмы «Шлях карабля» (1935, рэж. Ю.Тарыч), «Шукальнікі шчасця» (1936, рэж. У.Корш-Саблін) прысвечаны фарміраванню чалавека ва ўмовах сацыяліст. рэчаіснасці (муз. І.Дунаеўскага дадавала ім папулярнасці). На гіст.-рэвалюцыйныя тэмы пастаўлены фільмы: «Балтыйцы» (1937, рэж. А.Файнцымер), «Адзінаццатага ліпеня» (1938, рэж. Ю.Тарыч), «Вогненныя гады» (1939, рэж. У.Корш-Саблін). Сярод фільмаў 1930-х г. значнае месца належала экранізацыям літаратурных твораў: «Салавей» паводле аднайм. аповесці З.Бядулі (рэж. Э.Аршанскі), «Маска», «Мянтуз» (рэж. абодвух С.Сплашноў), «Мядзведзь», «Чалавек у футарале» (рэж. абодвух І.Анненскі) паводле твораў А.Чэхава. Самы папулярны кінатвор таго часу — кінакамедыя «Маё каханне» (1940, рэж. У.Корш-Саблін, муз. І.Дунаеўскага).
У Вял.Айч. вайну бел. дакументалісты М.Бераў, І.Вейняровіч, У.Цяслюк здымалі хроніку на фронце і ў партыз. атрадах. З 1942 у Маскве на Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў выпускаліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь», у якія ўваходзілі сюжэты пра беларусаў-франтавікоў, працу эвакуіраваных прадпрыемстваў, творчасць майстроў нац. мастацтва. У 1942 на Цэнтр. аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін стварылі кіназборнік «Беларускія навелы», прысвечаны барацьбе з ням.-фаш. акупантамі на бел. зямлі. У 1944 выйшлі фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (аўтары — У.Корш-Саблін і М.Садковіч), поўнаметражны дакумент. фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (рэж. У.Корш-Саблін, М.Садковіч, аператары 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў).
У першыя пасляваен. гады кінематограф асвойваў 3 асноўныя тэматычныя пласты: падзеі мінулай вайны, адраджэнне жыцця ў разбураных вайной вёсках і гарадах, культ. спадчына. З 1945 здымаліся кінанарысы, выйшла 12 нумароў кіначасопісаў. У кастр. 1946 кінастудыя «Савецкая Беларусь» перайменавана ў кінастудыю маст. і дакумент. фільмаў «Беларусьфільм». Аднавіўся выпуск маст. («Новы дом», 1947, рэж. У.Корш-Саблін) і дакумент. («Наваселле», 1947, рэж. І.Вейняровіч; «Савецкая Беларусь», 1948, рэж. Л.Голуб; 1951, рэж. У.Корш-Саблін, М.Краўчуноўскі і інш.) фільмаў. Найбольш значны фільм пасляваенных гадоў — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. У.Корш-Саблін і А.Файнцымер). Тэма Вял.Айч. вайны атрымала працяг у фільме пра Мінскае падполле «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958, рэж. М.Фігуроўскі). Экранізаваны п’есы бел. драматургаў: «Паўлінка» Я.Купалы (1952, рэж. А.Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953) і «Хто смяецца апошнім» (1954, рэж. абодвух У.Корш-Саблін) К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага (1955, рэж. А.Зархі). У 1950-я г. выйшлі фільмы пра сучаснасць: «Зялёныя агні» (1955, рэж. С.Сплашноў і І.Шульман), «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956, рэж. У.Корш-Саблін), «Нашы суседзі» (1957), «Каханнем трэба даражыць» (1959, рэж. абодвух С.Сплашноў), «Шчасце трэба берагчы» (1958, рэж. І.Шульман). Л.Голуб зняў дзіцячыя фільмы «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1956), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959). Рэв. падзеям у Зах. Беларусі прысвечаны фільм «Чырвонае лісце» (1958, рэж. У.Корш-Саблін). З пабудовай у 1960 новага памяшкання студыі значна выраслі яе вытворчыя магчымасці. Створаны 3 творчыя аб’яднанні: маст., дакумент. і тэлевізійных (з 1968) фільмаў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Беларусі. Творчы калектыў кінастудыі папоўніўся маладымі кінематаграфістамі: рэжысёры У.Бычкоў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, аператары А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, мастакі У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў. Дзейнічала маладзёжнае творчае аб’яднанне пад кіраўніцтвам С.Скварцова. У пач. 1960-х г. пачалі стварацца кінаальманахі «Апавяданні пра юнацтва», «Маленькія летуценнікі». Пастаўлены фільмы: «Дзень, калі мінае 30 год» (1961, рэж. В.Вінаградаў), «Апошні хлеб» (1963, рэж. Б.Сцяпанаў), «Увага! У горадзе чараўнік!» (1963, рэж. У.Бычкоў). Вырашаныя ў. героіка-рамант. плане эпапея «Першыя выпрабаванні» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1960—61), фільмы пра падзеі Кастр. рэвалюцыі «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970, рэж. усіх У.Корш-Саблін) не пазбаўлены стандартных рашэнняў. На рэальных гіст. фактах першых крокаў сав. дыпламатыі на міжнар. арэне заснавана карціна «Масква — Генуя» (1964, рэж. А.Спешнеў пры ўдзеле У.Корш-Сабліна і П.Арманда). Найб. значныя творы бел. кінамастацтва 1960-х г. прысвечаны Вял.Айч. вайне: экранізацыі аповесцей В.Быкава «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Р.Віктараў), «Альпійская балада» (1965, рэж. Б.Сцяпанаў); фільмы рэжысёраў В.Турава «Праз могілкі» (1964), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1969); В.Вінаградава «Лісты да жывых» (1964), «Усходні калідор» (1966), «Чакай мяне, Ганна!» (1969); І.Шульмана «Чалавек не здаецца» (1960); І.Дабралюбава «Іван Макаравіч» (1968); Л.Голуба «Вуліца малодшага сына» (1962). З’явай у кінематографе стаў фільм-казка У.Бычкова «Горад майстроў» (1965).
У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, пераўтвораная ў 1968 у аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» «Беларусьфільма», дзе больш выразна пачалі выяўляцца новыя прынцыпы аўтарскага падыходу да жыццёвага матэрыялу. Сярод маладых яе рэжысёраў і аператараў П.Аліфярэнка, В.Дашук, С.Прошын, У.Скітовіч, В.Сукманаў, М.Хубаў, В.Шаталаў і інш. Значны ўклад у творчыя пошукі зрабіў паэт і сцэнарыст А.Вялюгін. Рэгулярна пачалі выходзіць на экраны кіначасопісы «Мастацтва», «Спартыўныя навіны». Створаны фільмы пра людзей яркіх біяграфій — «Дарога без прывалу» (1965, рэж. І.Вейняровіч), «Арліная крыніца» (1966, рэж. В.Сукманаў), пра падлетка-падпольшчыка Валодзю Шчарбацэвіча — «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967, рэж. В.Чацверыкоў), аб асноўных этапах партыз. руху на Беларусі — «Генерал Пушча» (1967, рэж. І.Вейняровіч), галоўных этапах гісторыі рэспублікі — «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. І.Пікман, У.Цяслюк і Р.Ясінскі). Пры звароце да сучаснасці выкарыстоўваўся метад працяглага назірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963, рэж. С.Фрыд і Р.Ясінскі), «Першыя ноты» (1967, рэж. В.Шаталаў). Зняты стужкі праблемнага характару — «Шчырая размова» (1966), «Гродзенскі кашалёк» (1967, рэж. абодвух М.Хубаў). У 1965 пачаўся выпуск тэлевізійных фільмаў у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Бел. тэлебачання («Матухны благаславенне», 1958, рэж. У.Кухта; «Снежны конь», 1962, рэж. Ю.Дубровін; «Зімовы дуб», 1963, рэж. М.Кожын; «Камлючок», 1968, рэж. М.Калінін). У 1960—70-я г. ў тэлекіно працавалі рэжысёры А.Гутковіч, Ю.Дубровін, І.Калоўскі, В.Карпілаў, У.Станкевіч, Ю.Сцяпанаў, Я.Шабан. Пазней ставілі фільмы С.Агеенка, У.Арлоў, В.Басаў, У.Бокун, А.Войніч, Н.Гаркунова, Л.Гедравічус, В.Жыгалка, А.Кашэўнікаў, У.Траццякоў, В.Шавялевіч, А.Шклярэўскі. З 1966 здымаліся тэлефільмы ў тэлевізійным аб’яднанні «Беларусьфільм». Ствараліся тэленавелы, экранныя мініяцюры: «Крокі па зямлі» (1968, рэж. І.Дабралюбаў), «Страказіныя крылы» (1968, рэж. К.Красніцкі), «Бераг прынцэсы Люські» (1969, рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (1969, рэж. В.Жарыкаў і В.Рыбараў), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969, рэж. В.Рубінчык), «Сачыненне» (1970, рэж. І.Калоўскі). Сярод першых тэлесерыялаў: «Белая зямля» (1970, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Вашынгтонскі карэспандэнт» (1972, рэж. Ю.Дубровін), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972, рэж. М.Калінін), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Шульман); у т. л. для дзяцей — «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974, рэж. абодвух М.Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974, рэж. В.Рубінчык). Найб. значны тэлефільм — «Руіны страляюць...» (1971—72, рэж. В.Чацверыкоў) — пра Мінскае антыфаш. падполле.
У 1970—80-я г. пастаўлены кінафільмы пра сучаснасць: «Неспадзяванае каханне» (1970, рэж. І.Шульман), «Міравы хлопец» (1971, рэж. Ю.Дубровін), «Залаты ганак» (1972, рэж. І.Шышоў), «Вуліца без канца» (1972), «Расклад на паслязаўтра» (1978), «Белыя Росы» (1983, рэж. усіх І.Дабралюбаў), «Час яе сыноў» (1974), «Нядзельная ноч» (1976, рэж. абодвух В.Тураў), «Сын старшыні» (1976), «Узбочына» (1978, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Паводка» (1980, рэж. В.Чацверыкоў). Маладыя кінематаграфісты М.Лук’янаў, С.Сычоў і А.Яфрэмаў у 1977 зрабілі кінаальманах паводле апавяданняў В.Шукшына «У профіль і анфас». Рэж. Л.Нячаеў паставіў дзіцячыя тэлефільмы-казкі ў жанры мюзікла «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977), «Прададзены смех» (1981), «Казка пра Зорнага Хлопчыка» (1983), «Рыжы, сумленны, закаханы...» (1984), «Пітэр Пэн» (1987). Кінематаграфісты звярталіся і да гіст. мінулага. Пра жыццё і дзейнасць бел. асветніка зняты фільм «Я, Францыск Скарына...» (1969, рэж. Б.Сцяпанаў); В.Рубінчык стварыў карціны «Магіла льва» (1971), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979). Рэв. падзеям на Беларусі прысвечаны фільмы «Рудабельская рэспубліка» (1971, рэж. М.Калінін), «Хлеб пахне порахам» (1973, рэж. В.Нікіфараў). Эпізоды гісторыі пагранічнай службы адлюстраваны ў шматсерыйным тэлефільме «Дзяржаўная граніца» (1980—88, рэж. В.Нікіфараў і Б.Сцяпанаў). Тэма Вял.Айч. вайны мела працяг у фільмах пра бел. партызан М.Шмырова — «Бацька» (1971, рэж. Б.Сцяпанаў), пра В.Каржа «Трэцяга не дадзена» (1980, рэж. І.Дабралюбаў), славака Яна Налепку «Заўтра будзе позна...» (1972, рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Біяграфія легендарнага К.Арлоўскага адлюстравана ў дакумент. фільме «У агні жыцця» (1970, рэж. І.Вейняровіч). Падзеі партыз. руху на Беларусі абагульнены В.Чацверыковым у фільме-эпапеі «Полымя» (1974), яго фільм «Чорная бяроза» (1977) пра ваенныя лёсы будучых будаўнікоў Мінскага аўтазавода. Вял.Айч. вайне прысвечаны фільмы для дзяцей «Пяцёрка адважных» (1970, рэж. Л.Мартынюк), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975, рэж. абодвух Л.Голуб), «Зімародак» (1972, рэж. В.Нікіфараў). У жанры кінапаэмы вырашаны фільм «Вянок санетаў» (1976, рэж. В.Рубінчык). У дакумент. кіно падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваны ў фільмах «Бронзавы салдат» (1970, рэж. Б.Сарахатунаў), «Балада пра мужнасць і любоў» (1972, рэж. І.Вейняровіч), «Абпаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Навальнічная далеч памяці» (1983, рэж. В.Сукманаў, Р.Ясінскі). З’явай ва ўсёй сав. кінадакументалістыцы сталі 2 цыклы фільмаў В.Дашука: пра зверствы гітлераўцаў на бел. зямлі — «Жанчына з забітай вёскі», «Жменя пяску», «Немы крык» (усе 1975), «Суд памяці» (1976); пра дзяўчат, удзельніц вайны — «Гэта была не я» (1981), «Страляць хацела», «Раніца туманная, раніца сівая...», «Я вас сустрэў...» (усе 1982), «Калі народзіцца дзяўчынка» (1983), «Тады я не плакала», «Міласэрнасць» (абодва 1984). Экранізаваліся творы бел. і рускай літаратуры. Да твораў Я.Купалы звярнуліся ў маст. кіно Б.Луцэнка («Раскіданае гняздо», 1981), у тэлекіно — В.Раеўскі («Па шчасце, па сонца», 1971, з В.Акімушкіным), Б.Бахціяраў («Гусляр», 1982, паводле паэмы «Курган»), Н.Арцімовіч («На Куццю», 1982), у кінадакументалістыцы — В.Дашук («А зязюля кукавала...», 1972). Вобразы твораў Я.Коласа ўвасоблены ў маст. тэлефільмах «І смех, і бяда» (1973, рэж. Я.Шабан), «Сымон-музыка» (1977) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух У.Траццякоў). Паводле трылогіі І.Мележа «Палеская хроніка» рэж. А.Гутковіч зняў тэлефільм «Людзі на балоце» (1965), рэж. В.Тураў стварыў кінаэпапею з 2 стужак «Людзі на балоце» (1981), «Подых навальніцы» (1982) і 8-серыйны тэлефільм «Людзі на балоце» (1984). Аповесць І.Шамякіна «Вазьму твой боль» (1980) і раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» (1983) экранізаваў М.Пташук. Паводле твораў В.Быкава пастаўлены маст. фільм «Воўчая зграя» (1975, рэж. Б.Сцяпанаў), тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975, А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. В.Нікіфараў). Фільмы рэж. В.Рыбарава «Чужая Бацькаўшчына» (1982) паводле рамана В.Адамчыка, «Сведка» (1985) паводле аповесці В.Казько «Суд у Слабадзе», Э.Клімава «Ідзі і глядзі» (з «Масфільмам», 1985) паводле «Хатынскай аповесці» і «Карнікаў» А.Адамовіча сведчылі аб новым этапе асэнсавання гіст. мінулага. Пастаўлены тэлефільмы паводле твораў І.Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971, рэж. В.Тураў), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975, рэж. В.Рубінчык), «Зацішша» (1981, рэж. В.Чацверыкоў), «Бацькі і дзеці» (1984, рэж. В.Нікіфараў).
Перыяд на мяжы 20—21 ст. у бел.маст. кіно — час змяншэння выпуску фільмаў, зніжэння крытэрыяў і арыенціраў. Дамінуе развіццё дакументалістыкі і анімацыі. З 1989 працуе «Белвідэацэнтр», у якім ствараюцца відэафільмы, прысвечаныя культурна-гіст. падзеям. Пастаўлены маст. фільмы пра сучасныя праблемы: у жанры меладрамы — «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.Пташук), «Батанічны сад» (1997, рэж. У.Гасцюхін), «Павадыр» (2001, рэж. А.Яфрэмаў); у жанры дэтэктыва — «Гладыятар па найме» (1993), «Паміж жыццём і смерцю» (2002, рэж. абодвух Дз.Зайцаў), «Сын за бацьку» (1995, рэж. М.Яроменка-малодшы), «Уцёкі ад смерці» (1996, рэж. В.Дзяругін), «Забіць прытворшчыка» (1997, рэж. В.Марчанкова); у жанры фантастыкі — «Анамалія» (1993, рэж. Ю.Ялхоў), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994, рэж. В.Тураў); у жанры камедыі — «Тры жанчыны і мужчына» (1998, рэж. В.Дудзін), «Армія Выратавання» (1999, рэж. Я.Краўцоў), «Свежына з салютам» (2001, рэж. І.Паўлаў). Спробы больш паглыблена акрэсліць персанажы стужак адчуваюцца ў псіхалагічных драмах «Мяне завуць Арлекіна» (1988), «Прыкаваны» (2002, рэж. абодвух В.Рыбараў), «Восеньскія сны» (1987, рэж. І.Дабралюбаў), «Кветкі правінцыі» (1994, рэж. Дз.Зайцаў). Экранізаваліся творы А.Пушкіна (2-серыйны кінафільм і 4-серыйны тэлефільм «Высакародны разбойнік Дуброўскі», 1988, рэж. В.Нікіфараў), М.Гогаля (дакумент.-маст. тэлефільм «Несыграная роля», 1999, рэж. Н.Гаркунова), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1991, рэж. Я.Маркоўскі), М.Булгакава («Нататкі маладога доктара», 1991, рэж. М.Якжэн), Э.Ажэшкі (тэлефільм «Хам», 1990, рэж. Дз.Зайцаў і С.Шульга). Тэма рэпрэсій і падзеі вайны адлюстраваны ў фільмах М.Пташука «Знак бяды» (1986) — экранізацыя аповесці В.Быкава, «Наш бронецягнік» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (1992). Пасля пэўнага перапынку бел. кінематаграфісты зноў звярнуліся да тэмы Вял.Айч. вайны. Экранізавана ваенная проза В.Быкава: «Яго батальён» (1988, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.Мароз). Зняты эпічныя тэлесерыялы: маст. фільм «Плач перапёлкі» паводле твораў І.Чыгрынава (1991, рэж. І.Дабралюбаў), дакумент. фільм «Пасля Перамогі» (1994—95, рэж. В.Жыгалка і С.Шчаглоў). Дакументалісты расказваюць пра духоўна-маральны вопыт ваеннага пакалення праз успаміны, дзённікі, дакументы ўдзельнікаў вайны («Мы марылі пра мір», 1995, рэж. С.Жыткевіч; «Зямля, зямлянкі, землякі», 1996, рэж. В.Жыгалка, С.Шчаглоў; «Адзін з многіх», 2000, рэж. Т.Вашчанка; «Ад зор чэрвеньскіх...», 2000, рэж. У.Цяслюк; «Апошнія сведкі», 2001, рэж. Ф.Кучар; «Салдаты Італіі», 2002, рэж. А.Алай). Вострадраматычныя падзеі канца вайны адлюстраваны ў фільме пра вызваленне Польшчы («З пекла ў пекла», 1996, рэж. Дз.Астрахан). Пра дзейнасць разведчыкаў у час вайны дакумент. фільмы «Эцьен. Вяртанне» (1998), «Кент, ці Вялікая гульня «маленькага шэфа» (2000, рэж. абодвух С.Агеенка), «Апошні з групы «Джэк» (2000, рэж. В.Жыгалка). У дынамічна-экспрэсіўным маст. фільме «У жніўні 44-га...» (2000, рэж. М.Пташук) у эпічна-манум. плане паказана карціна вызвалення Зах. Беларусі ад ням.-фашысцкіх захопнікаў. Абагульнены вобраз ваеннага пакалення створаны ў дакумент. тэлефільмах «Курган» (1995, рэж. В.Басаў), «Святыні беларускай зямлі. Брэст» і «Святыні беларускай зямлі. Хатынь» (2000, рэж. абодвух В.Купрыянаў). Узрасла цікавасць да шматвяковай гісторыі Беларусі, па-новаму асэнсоўваюцца падзеі мінулых дзесяцігоддзяў. Створаны дакумент.-маст. тэлецыкл В.Шавялевіча: «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90), «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994), «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000—2002) пра гісторыю Беларусі 9—16 ст. У маст. тэлекіно пастаўлены гіст. меладрамы «Раман імператара» (1994, рэж. Дз.Ніжнікоўская), тэлесерыял «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). У жанры легенды вырашаны гіст.-прыгодніцкі фільм «Анастасія Слуцкая» (2003, рэж. Ю.Ялхоў) пра абарону Слуцка ад татарскага набегу ў пач. 16 ст.
Зняты дакумент. фільмы пра гіст.-культ. помнікі: «Чорная дама» (1992), «Брэст» (1993), «Куток Радзімы — Іўе» (1994) і «Нясвіжскі фарны» (1997, рэж. усіх Л.Гедравічус), «Мсціслаў. Жнівеньскія нататкі» (1994), «Гальшаны на мове вады» (1995) і «Заслаўе. Фрагменты стагоддзяў і жыццяў» (1997, рэж. усіх Т.Кіракозава), «Крэва» (рэж. М.Жданоўскі), «Каложская царква» (рэж.
Ю.Ківалаў-Станкевіч, абодва 1996), «Бярэсце» (1997, рэж. В.Сюмакоў), «Замкі Беларусі» (1998, рэж. В.Шышоў), «Крэва» (1997), «Навагрудак» (1998), «Сцены старажытнага Гродна» (1999) і «Гродна. Фарны касцёл» (1999, рэж. усіх С.Пятроўскі). Тэма хрысц. каштоўнасцей увасоблена ў дакумент. тэлефільмах В.Шавялевіча «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Уладыка» (1993), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997), «Крыжу твайму» (1998), «Пісьмы пра добрае і прыгожае» (1998—99), В.Моракавай «Ефрасіння Полацкая» (1989), С.Гайдука «Запавет Ефрасінні» (1997). Рэліг. дзеячам, асветнікам прысвечаны дакумент. фільмы «Сімяон Полацкі» (1995, рэж. С.Гайдук), «Зорка Афанасія» (1997, рэж. М.Князеў) пра А.Філіповіча, «Слова да вас, Георгій Каніскі» (1998, рэж. Б.Калякін, В.Купрыянаў), «...3 забыцця і праху...» Іаан Грыгаровіч» (2000, рэж. М.Якжэн). Дзеячам гісторыі і культуры прысвечаны фільмы «Паланэз для касінераў» (1994) пра Т.Касцюшку, «І засталася музыка» (1998) пра М.К.Агінскага (рэж. абодвух Р.Ясінскі), «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купале» (1993, рэж. абодвух У.Бокун) пра Я.Купалу, «Максім Багдановіч» (1992, рэж. В.Каралёў), «Максім Гарэцкі» (1993, рэж. Ю.Цвяткоў і В.Купрыянаў), «Што ў Пімене табе маім?» (1997, рэж. Г.Адамовіч) пра П.Панчанку, «За Кушлянамі снег» (1996, рэж. М.Жданоўскі) пра Ф.Багушэвіча, «Навагрудак. Чытаючы А.Міцкевіча» (1980, рэж. А.Рудэрман), «Балада пра Свіцязь» (1997, рэж. С.Шчаглоў) і «Два стагоддзі Адама Міцкевіча» (1998, рэж. М.Жданоўскі) пра А.Міцкевіча. Абуджэнне цікавасці да стараж. гісторыі праявілася ў экранізацыі п’есы У.Караткевіча «Маці ўрагану» (1990, рэж. Ю.Марухін). Факты біяграфіі пісьменніцы Л.Геніюш пакладзены ў аснову маст. фільма «Птушкі без гнёздаў» (1996, рэж. В.Дудзін). Дакумент. фільмы «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Беларусь Напалеона Орды» (1994, рэж. М.Жданоўскі), «Летуценні Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка) пра славутых мастакоў Беларусі. Вобразы бел. пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі ў маст. тэлефільме «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1992, рэж. В.Басаў), у дакумент. карцінах «Пасля пленэру. Час цішыні» (1996, рэж. Б.Берзнер), «Вяртанне ў вырай» (1999, рэж. В.Шышоў). Пра маст. школу Віцебска створаны фільмы «Калі Віцебск быў Парыжам» (1992, рэж. У.Бокун), «Дом Шагала» (1994, рэж. М.Дзінаў), «Засталася душа яго тут» (1997, рэж. Ю.Гарулёў), «Мой пачатак» (1998), «Зорнае неба Віцебска» (2000, рэж. абодвух Н.Гаркунова), «Малако без бутэлькі» (1999, рэж. М.Князеў).
Пастаўлены фільмы пра сучасных мастакоў: «Апаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Доўг памяці» (1982, рэж. Б.Гарошка), «Міхаіл Савіцкі» (1992, рэж. С.Жыткевіч), «Крыж надзеі» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра М.Савіцкага, «Аляксандр Кішчанка. Гульні генія» (1995, рэж. Я.Росцікаў), «Мастак Леанід Шчамялёў» (1998, рэж. Ю.Марухін), «Іван Ахрэмчык у часе» (1998, рэж. С.Агеенка), «Маё Палессе» (1981, рэж. Ю.Марухін), «Адлучэнне. Смутак» (1993, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Мастак Гаўрыіл Вашчанка» (2002, рэж. А.Суханава) пра Г.Вашчанку, «Пад знакам любові» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра А.Кузьміча, «Мара» (1992, рэж. У.Арлоў) пра А.Марачкіна, «На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў» (2000, рэж. С.Агеенка), «Дагараючы вечар чалавечага жыцця» (2001, рэж. У.Траццякоў) пра Я.Чамадурава, «Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў» (1999, рэж. М.Якжэн), «Фауст Арлена» (1996, рэж. Г.Адамовіч) пра А.Кашкурэвіча і яго сына І.Кашкурэвіча, «Запрашэнне ў Мадрас» (1978, рэж. В.Шаталаў), «Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць» (1979, рэж. А.Чакмянёў), «Наталля і Георгій» (2001, рэж. В.Скварцова) пра Г. і Н. Паплаўскіх. Бел. скульптарам прысвечаны фільмы «З надзеяй і любоўю» пра З.Азгура (1995, рэж. Ф.Кучар), «Партрэт у рост» пра С.Гарбунову (1999, рэж. Л.Гедравічус), «Анатоль Аляксандравіч Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч), «Дотык да вечнасці» пра В.Занковіча (2000, рэж. А.Кашэўнікаў).
Шматколернае прафес. і нар. мастацтва адлюстравана ў карцінах «Жывая дрэва душа» (1985, рэж. Л.Гедравічус), «Агонь мігатлівы ў сасудзе» (рэж. Дз.Міхлееў), «Іосіф і яго брат Пётр» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Каб квітнела любоў» (рэж. М.Князеў), «Неглюбскі лістапад» (рэж. С.Гайдук, усе 1994), «Мастацтва зямлі і агню» (1995), «Падвор’е» (1996, рэж. абодвух А.Суханава), «Сямейны блюз пад гукі акарыны» (1996, рэж. Р.Грыцкова), «Штукар Ямеля з Хальча» (1996), «Ці застанецца спадчына?» (1999, рэж. абодвух В.Каралёў), «Нёманская вясёлка» (1998, рэж. С.Пятроўскі). Зняты дакумент. фільмы пра музеі Беларусі: «Імгненні музейнай цішыні» (1986, рэж. У.Бокун), «Дырэктар музея» (1998, рэж. І.Волах), «Ронда» (1998, рэж. С.Галавецкі), «Дом на былой Сялянскай» (1981, рэж. У.Бокун), «Дабрахожыя» (1991, рэж. В.Урагаў), «Веткаўская Атлантыда» (1994, рэж. С.Галавецкі), «Свой голас» (2000, рэж. С.Смірноў). Створаны дакумент. фільмы пра бел. акцёраў тэатра і кіно: «У юбілей — выхадны дзень» (1990, рэж. Б.Берзнер), «Прызнанне ў каханні» (1994, рэж. В.Моракава) пра акцёраў Нац.акад.драм.т-ра імя М.Горкага; «Маналог з адступленнямі» (1987, рэж. Л.Гедравічус) пра Р.Янкоўскага; «Гасцюхін» (1995, рэж. М.Князеў); «Брава, Браварская» (1997, рэж. С.Гайдук); «Фёдар Шмакаў. Фрагменты» (1998, рэж. В.Аслюк); «Маналогі за кадрам» (1991, рэж. У.Цяслюк) пра Г.Гарбука; «Артыст Генадзь Аўсяннікаў» (1990, рэж. Б.Берзнер); «У палоне сваіх роляў» (2002, рэж. А.Бугор) пра Г.Давыдзьку; «Такі вось лёс» (1994, рэж. А.Канеўскі) пра Т.Мархель; «Святлана» (1997, рэж. А.Трафіменка) пра С.Акружную; «Нясумны сад Фамы Варанецкага» (2001, рэж. С.Кацьер); «Нерастрачаны час» (1996, рэж. М.Князеў) і «Мікалай Яроменка-старэйшы. Пасляслоўе» (2001, рэж. В.Дудзін).
Значныя набыткі бел. дакументалістыкі звязаны з т. зв. візуальнай антрапалогіяй. Створаны унікальны цыкл этнамузыкалагічных фільмаў паводле сцэнарыяў музыказнаўцы З.Мажэйкі: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы вякоў» (1979), «Памяць стагоддзяў» (1982, рэж. усіх Н.Сава), «Палескія вяселлі» (1986), «Крывыя вечары» (1993, рэж. абодвух Ю.Лысятаў), «Пранясі, Божа, хмару» (1990, рэж. А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. С.Гайдук). У фільмах цыкла ў вобразнай форме зафіксаваны гукаідэал народа, яго інтанацыйны эталон як праява нац. менталітэту. Значэнне нар.муз. культуры вобразна раскрыта ў 1970—90-я г. ў фільмах дакументалістаў Р.Грыцковай («Хутка летца мінецца», «Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава»), І.Волах («Калядныя цары», «Хрэсьбіны»), С.Гайдука («Мужчынскі рой»), А.Шклярэўскага («Карагод»), У.Міхарскага («Іграюць вяселле гармонікі»), У.Арлова («Суботы з дзядзькам Монічам», «Тры тысячы песень», «Як пайду я дарогай»), Л.Гедравічуса («Сцісні ў жмені», «Песня на ўсё жыццё»), В.Скварцовай («Мая 80-я восень»), М.Жданоўскага («У хвіліны музыкі»). Муз. спадчына беларусаў адлюстравана ў фільме «Полацкі сшытак» (1988, рэж. Л.Гедравічус) — экраннай рэканструкцыі вобразаў свецкай музыкі бел. барока 17 ст. У 1970—90-я г. зняты фільмы-канцэрты з удзелам вядучых муз. калектываў рэспублікі, фільмы-спектаклі. Створаны фільмы-партрэты кампазітараў: «І песня ўзлятае сама» (1972, рэж. У.Арлоў) пра У.Алоўнікава, навела «Эцюд» у фільме «Тварам да вас» (1976, рэж. В.Шавялевіч) пра Л.Шлег, «Ты мне вясною прыснілася» (1980, рэж. Ю.Сцяпанаў) пра Ю.Семяняку, «Фантазіі на тэму» (1981), «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў» (1999, рэж. абодвух У.Арлоў), «Яўген Глебаў. Васемнаццаць гадоў пазней» (1995, рэж. С.Лук’янчыкаў) і «Майстар» (2000, рэж. М.Жданоўскі) пра Я.Глебава, «Картэс» (1997, рэж. Я.Росцікаў) пра С.Картэса. З 1999 г. на «Белвідэацэнтры» ствараецца цыкл экалагічных фільмаў: «Жывыя сведкі ледавікоў», «Лясныя хованкі», «Жывая вада», «Жабы на дарогах», «У царстве бакланаў і чапляў», «Чаму ў бабра падрапаны нос», «Апошнія арлы» (рэж. усіх І.Бышнёў). У кіно 1990-х г. увасабляецца тэма Чарнобыля і яго наступстваў: маст. фільмы — «Чорны бусел» (1993, рэж. В.Тураў), «Душа мая, Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Эпілог» (1994, рэж. І.Дабралюбаў); дакумент. — «Жылі-былі людзі» (1991, рэж. В.Жыгалка), «Бяда» (1992, рэж. У.Цяслюк), «Імгненні радасці» (1993, рэж. В.Басаў), «Зона адчужэння» (1994, рэж. С.Бондараў), «Чарнобыль. Попел» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Чарнобыльская восень» (рэж. А.Франскевіч, абодва 1996), «Жыццё пасля Чарнобыля» (1999, рэж. У.Цяслюк), «Жылі-былі...» (рэж. Г.Адамовіч), «Хойніцкія хронікі» (рэж. М.Князеў, абодва 2001). Створаны маст. фільмы для дзяцей у жанры кінафантастыкі («Вогненны стралок», 1994, рэж. М.Князеў; «Падзенне ўверх», 1998, рэж. А.Трафіменка), жорсткай сац. драмы («Шэльма», 1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў; «Маленькі баец», 1998, «Зорка Венера», 2000, рэж. абодвух М.Касымава), камедыі («Аб тым, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію», 1998, рэж. Р.Грыцкова), лірычнай аповесці з элементамі кінаказкі («Бальная сукенка», 2003, рэж. М.Касымава, І.Волах).
З 1970-х г. развіваецца анімацыя (маляваная, лялечная, перакладная і ў галіне змешанай тэхнікі). Пастаўлены фільмы-казкі рэжысёрамі Л.Шукалюковым («Аленчына кураня», 1974; «Касар-волат», 1976), Ю.Бутырыным («Мілавіца», 1977; «Светлячок і Расінка», 1978), К.Красніцкім («Лістападнічак», 1977; «Ціхае балота», 1979; «Пінчэр Боб і сем званочкаў», 1984; «Як дзед за дажджом хадзіў», 1986; «Хлопчык і праменьчык», 1987; «Мая маці — чараўніца», 1989), М.Лубянікавай («Цімка і Дзімка», 1975), Н.Лось («Гліняная Аўдотка», 1984), В.Доўнарам («Як Васіль гаспадарыў», 1983), Т.Жыткоўскай («Кацяня Філя і...», 1981; «Дыназаўрык», 1982; «Фантазіі Сідарава», 1991; «Гора горкае», 1997; «Фантазёрка», 1999), Я.Ларчанкам («Дудка-весялушка», 1978; «Дзед і Жораў», 1983; «Кацігарошак», 1990; «Шэры конік», 1992), І.Волчакам («Як ліса ваўка судзіла», 1989), У.Пяткевічам («Ёрш і Верабей», 1999), А.Туравай («Пра рыцара, які нічога не баяўся», 1991; «Балада пра тры апельсіны», 1995; «Казка пра Сінюю Світку», 1996; «Музыкант-чарадзей», 2000; А.Ленкіным («Зімоўе звяроў», 1999; «Яма, танцы, чатыры струны», 2000). Дарослым адрасаваны фільмы-прытчы, элегіі, экранныя медытацыі, якія насычаны паэт. метафарамі, сімваламі, прасякнуты аўтарскім роздумам пра чалавека ў сусвеце: «Лафертаўская макаўніца» (1986), «Жыло-было дрэва...» (1996), «Казкі лесу» (1996), «Сава» (1998, аўтары ўсіх У. і А. Пяткевічы), «Капрычыо» (1986), «Канчэрта гроса» (1988), «Скерца» (1994), «Пастараль» (1998; рэж. усіх І.Волчак), «Песня пра зубра» (1982, рэж. А.Белавусаў), «Меч» (1998, рэж. В.Доўнар). А.Ленкін звярнуўся да анімацыйных камед. серыялаў («Рэактыўны парсючок-1», 1994—2004). Распрацоўка жанравай палітры анімацыі, пошукі сінтэзу розных навейшых тэхнік адчуваюцца ў кінаальманахах, што аб’ядноўваюць асобныя навелы: «Крокі» (1998, рэж. В.Альковіч, В.Бакуновіч, М.Тумеля), «Лабірынт-1» (1990, рэж. М.Берэнштэйн, Н.Касцючэнка, Л.Крэсікаў, А.Ленкін), «Лабірынт-2» (1992, рэж. І.Волчак, В.Доўнар, А.Суслава). У жанры філас. прытчы на тэмы хрысц. каштоўнасцей вырашаны фільмы І.Кадзюковай («Прытча пра Гасана», 1987; «Калядныя апавяданні», 1994; «Дзяўчынка з запалкамі», 1996; «Дзіўная вячэра на Куццю», 1999; «Прытча пра Каляды», 2000; «Сястра і брат», 2002; «Легенда пра лэдзі Гадзіву», 2004). Бел. анімацыйныя фільмы адзначаны прызамі на міжнар. кінафестывалях у Расіі, Германіі, Францыі, Партугаліі, Канадзе, Японіі і інш. краінах. У бел.маст. кіно выразныя, яскравыя вобразы ў розныя гады стварылі акцёры: В.Арланава, Г.Аўсяннікаў, У. і З.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, У.Гасцюхін, Г.Глебаў, С.Зелянкоўская, М.Кірычэнка, А.Клімава, А.Кот, У.Крыловіч, Г.Макарава, В.Манаеў, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, С.Станюта, С.Сухавей, В.Тарасаў, Р.Янкоўскі, М.Яроменка. Плеяду майстроў экраннай пластыкі склалі аператары бел. кіно: Б.Аліфер, А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ф.Кучар, Т.Логінава, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, У.Спарышкоў, А.Суханава, Ю.Ялхоў. Візуальны вобраз фільмаў бел. кіно ўзбагацілі мастакі: Я.Ганкін, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў, В.Назараў, А.Чартовіч. Плённа працавалі ў кіно як драматургі бел. пісьменнікі: В.Быкаў, А.Адамовіч, А.Дудараў, У.Караткевіч, А.Макаёнак, Г.Марчук. Гуказрокавы вобраз карцін узбагацілі сваёй музыкай кампазітары Я.Глебаў, В.Капыцько, І.Лучанок, А.Янчанка. Кадры для бел. кіно рыхтуюцца ў Бел.АМ. Сярод іх: Г.Адамовіч, В.Аслюк, І.Волах, Р.Грыцкова, А.Кудзіненка, А.Трафіменка, І.Чацверыкоў. Кінадраматургаў рыхтуе Бел. універсітэт культуры. Пытанні бел. кіно і тэлебачання асвятляюцца ў часопісах «Мастацтва», «На экранах» і «Роднае слова». Навукова-даследчая работа праводзіцца ў аддзеле кіна- і тэлемастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Літ.:
История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—1970;
Кино Советской Белоруссии. М., 1975;
Современное белорусское кино. Мн., 1985;
Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;
Гісторыя кінамастацгва Беларусі: У 4 т. Т. 1—3. Мн., 2001—04;
Белорусское кино: Молодые режиссёры. Мн., 1999;
Экран и культура (Белорусское документальное кино и культура Беларуси): К 75-летию бел. кино: Сб. материалов научно-практ. конф. Бел. союза кинематографистов, Мин-ва культуры Респ. Беларусь, НАН Беларуси, Минск, 27—30 сент. 1999. Мн., 1999;
Белорусское игровое кино на пороге XXI века: Реальность и перспектива. Мн., 2000;
Концепция развития белорусского кино. Мн., 2001;
Все белорусские фильмы: Кат.-справ. Т. 1—2. Мн., 1996—2000;
Белорусская культура и кино: Тематич. кат.бел. документ. фильмов. Мн., 2002.
А.В.Красінскі, В.Ф.Нячай.
Кадр з фільма «Лясная быль». 1926.Кадр з фільма «Рыжы, сумленны, закаханы...». 1984.Экранізацыя «Палескай хронікі» І.Мележа. 1981—82.Кадр з тэлефільма «Бацькі і дзеці». 1984.Кадр з фільма «Павадыр». 2001.Кадр з фільма «Паміж жыццём і смерцю». 2002.Кадр з тэлефільма «Хам». 1990.Кадр з фільма «Анастасія Слуцкая». 2003.Кадр з фільма «Знак бяды». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНЛЯ́НДЫЯ (фінскае Suomi, швед. Finland), Фінляндская Рэспубліка (фінскае Suomen Tasavalta, швед. Republiken Finland),
дзяржава ў Паўн. Еўропе. Мяжуе на ПнЗ са Швецыяй, на Пн з Нарвегіяй, на У з Расіяй; абмываецца Батнічным і Фінскім залівамі Балтыйскага мора. У складзе Ф. Аландскія астравы. Пл. 338 тыс.км². Нас. 5183 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — фінская і шведская. Сталіца — г.Хельсінкі. Падзяляецца на 6 губерняў (ляні). Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 снеж.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1919 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Прэзідэнт разам з парламентам ажыццяўляе заканадаўчую, а разам з урадам (Дзярж. саветам) выканаўчую ўладу. Кіраўніцтва знешняй палітыкай ажыццяўляе прэзідэнт. Аднапалатны парламент складаецца з 200 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Урад фарміруецца з прадстаўнікоў адной або некалькіх партый з улікам вынікаў апошніх парламенцкіх выбараў і суадносін сіл у парламенце.
Прырода. Берагі скалістыя, шхернага тыпу. Паверхня — узгорыстая раўніна (сярэдняя выш. над узр. м. 152 м). Характэрны марэнныя грады, друмліны, озы. На Пн і У узвышаныя грады Манселькя, Оўнаселькя, Суаменселькя, на Пд Салпаўселькя. У цэнтр. і паўд.ч. азёрныя плато. На крайнім ПнЗ адгор’і Скандынаўскіх гор (найвыш. пункт г. Халтыятунтуры, 1328 м). Карысныя выкапні: медныя, жал., малібдэнавыя, цынкавыя, ванадыевыя, кобальтавыя руды, азбест, графіт, апатыты, буд. матэрыялы. Клімат умераны, на ПдЗ пераходны ад марскога да кантынентальнага, на ПнУ кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -14, -15 °C на Пн да -6, -7 °C на Пд, ліп. ад 12—14 °C на Пн да 17—18 °C на Пд. Каля 74 тэр. за Паўн. палярным кругам. Ападкаў ад 400—450 мм на Пн да 650 мм на Пд. Рэкі кароткія, парожыстыя. Каля 188 тыс. азёр (10% тэр.). Большая ч. азёр злучана рэкамі-пратокамі і ўтварае буйныя водныя сістэмы — Сайма, Пяяне, Інары і інш. Каля 1/3тэр. балоты і забалочаныя землі. Пашыраны падзолістыя і балотныя глебы. Пад лесам каля 70% тэр. (хвоя, елка, бяроза). На Пн лесатундра і горная тундра. У складзе жывёльнага свету паўн. алень, лось, барсук, заяц-бяляк, выдра, куніца, гарнастай, вавёрка, трапляюцца мядзведзь, рысь, воўк. Шмат птушак. Унутр. воды багатыя рыбай. Каля 12% тэр. ахоўваецца: 19 запаведнікаў і 32 нац. паркі (Леменьёкі, Палас-Оўнастунтуры, Оўланкаёкі, Пюхятунтуры і інш.).
Насельніцтва. 93% насельніцтва фіны. На ПдЗ жывуць шведы (6%), на Пн — саамы (0,1%). Большасць вернікаў (89%) — лютэране, каля 1% — правасл. хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 15,3 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны. Гар. насельніцтва 67%. У сталічным рэгіёне, т.зв. Вял. Хельсінкі (уключае гарады-спадарожнікі Эспа, Ванта, Каўніайнен), 950 тыс.ж.Гал. гарады (тыс.ж., 2000): Хельсінкі (551,1), Эспа (209,7), Тамперэ (193,2), Ванта (176,4), Турку (172,1), Оўлу (117,7), Лахты (96,7), Куапіо (86,6), Ювяскюля (77,9), Поры (76,2). У прам-сці і буд-ве занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы 8%, у абслуговых галінах 64%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Ф. з’явіўся 8 тыс. гадоў таму. Стараж.-фін. плямёны, якія ў пач.н.э. прыйшлі з У, рассяліліся ў паўд. раёнах сучаснай Ф. і змяшаліся з мясц. насельніцтвам. Саамскія плямёны, нашчадкі ранейшых фіна-угорскіх мігрантаў, былі адцеснены на Пн. Продкі фінаў былі язычнікамі, паляўнічымі і рыбаловамі. На ПдЗ жыло племя суомі (ад яго назва ўсёй краіны), у цэнтры — плямёны хаме (ем, ям), на У — кар’яла (карэла). Геагр. блізкасць Ф. да гандл. шляху «з варагаў у грэкі» спрыяла гасп. развіццю краіны. У 9 ст. на месцы сучаснага г. Турку ўзнік пункт менавога гандлю. Стараж. фіны ўчынялі паходы на саамаў і збіралі з іх даніну, сапернічалі з нарвежцамі і карэламі за валоданне незанятымі землямі на Пн краіны, кантактавалі са шведамі на УСканд. п-ва і рабілі туды набегі.
У 12 ст. пачалося заваяванне Ф. шведамі. Іх панаванне зацвярджалася з дапамогай каталіцкай царквы (прымусовая хрысціянізацыя) і ўвядзення ў Ф. пастаяннай сістэмы падаткаў. У выніку 3 крыжовых паходаў (1157, 1249—50, 1293—1300) шведы заваявалі адпаведна паўд.-зах., паўд. і ўсх. раёны Ф., дзе будавалі свае крэпасці. Пры пранікненні ва Усх. Прыбалтыку шведы сапернічалі з наўгародцамі. якія таксама прэтэндавалі на гэты рэгіён. Арэхаўскі мір (заключаны 12.8.1323) упершыню вызначыў мяжу паміж Швецыяй і Ноўгарадам. Паводле Кальмарскай уніі Швецыя разам з Ф. у 1397—1523 падпарадкавана Даніі З 1527 у Ф. адбывалася царк. Рэфармацыя (увядзенне лютэранства), што спрыяла асветніцкай дзейнасці, станаўленню фін.літ. мовы (з 1548 на ёй вяліся набажэнствы). Абвяшчэнне ўсіх незаселеных зямель Ф. ўласнасцю швед. кароны (1542) спрыяла гасп. асваенню паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў краіны. Каб засяродзіць гандаль у партах свайго каралеўства, Густаў I Ваза ў 1550 заснаваў г. Гельсінгфорс (цяпер Хельсінкі). З 1581 Ф. наз.Вял. княствам. У 1596—97 у Ф. адбылося найбуйнейшае паўстанне сялян, т.зв. Дубінная вайна. На тэр. Ф. адбываліся падзеі руска-шведскіх войнаў 16—19 ст., у т. л.Паўночнай вайны 1700—21. што завяршылася Ніштацкім мірным дагаворам 1721. У 1623 у Ф. ўведзены прыдворны суд вышэйшай інстанцыі і пасада швед.ген. губернатара. У 1-й пал. 16 — сярэдзіне 17 ст. тут створана паштовая служба. засн. каля 10 гарадоў, шэраг гімназій і школ, ун-т у г. Аба (цяпер Турку; 1640). Але з сярэдзіны 17 ст. ўзмацнілася палітыка шведызацыі Ф., якая пры каралю Карле XI [1660—97] фактычна стала правінцыяй Швецыі. Пасля 1676 спыніў дзейнасць мясц. саслоўны сход (вядомы з 14 ст., вырашаў падатковыя пытанні і рэкруцкі набор), фін. мову забаронена ўжываць у адм. установах і школах. За дамінаванне ў рэгіёне швед. ўлады сапернічалі з Расіяй. Пасля рус.-швед. вайны 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743. частка тэр. Ф. да р. Кюміёкі далучана да Рас. імперыі. У час рус.-швед. вайны 1788—90 у Паўд. Ф. адбылося антываен. выступленне афіцэраў швед. арміі (гл.Аньяльскі саюз).
Пасля рус.-швед. вайны 1808—09 уся Ф. паводле Фрыдрыхсгамскага мірнага дагавора 1809 далучана да Рас. імперыі як аўт. княства з саслоўным сеймам. Фактычна ўлада ў Ф. належала прызначанаму рас. царом ген.-губернатару, які ўзначальваў урад (з 1816 Імператарскі фінл. сенат). У Пецярбургу справамі Ф. кіраваў статс-сакратар, падпарадкаваны рас. манарху. У 1812 сталіца Ф. перанесена з г. Аба (Турку) у Гельсінгфорс. У складзе Расіі Вял. княства Фінляндскае захоўвала свае паштовую службу і суд. органы, лютэранская царква набыла статус дзяржаўнай, фіны вызваляліся ад абавязковай ваен. службы ў рас. арміі. З 1815 да 1870 насельніцтва Ф. павялічылася з 1 да 1,75 млн. чалавек. Перавод у 1828 ун-та з г. Аба ў сталічны Гельсінгфорс, дзейнасць фалькларыста Э.Лёнрата (сабраў і запісаў нар. эпас «Калевала»), асветніка Ю.В.Снельмана і інш. спрыялі ажыўленню культ. жыцця краіны. У час Крымскай вайны 1853—56 порты Ф. (Гельсінгфорс, Свеаборг і інш.) і гандлёвыя караблі падвергліся абстрэлам англа-франц. флота. У 1863 фін. мова стала другой афіц. мовай Ф. (побач са шведскай). Але аўт. правы Ф. парушаліся рас. ўладамі, напр., з 1809 да 1863 фінл. сейм не склікаўся, а краінай кіраваў сенат пры ген.-губернатару. У 1869 прыняты рэгламент працы сейма, куды да 1906 уваходзілі прадстаўнікі 4 саслоўяў. У Ф. мелася ўласнае кадэцкае вучылішча; да 3 тыс.фін. вайскоўцаў служылі ў рас. арміі, у т. л. К.Г.Э.Манергейм. Да канца 19 ст. ўзніклі партыі старафінаў, младафінаў, С.-д. партыя Ф. (СДПФ), пабудавана сетка чыгунак. У 1878 у Ф. створана ўласная армія, якая камплектавалася на аснове ўсеагульнай воінскай павіннасці. У 1860—78 уведзена ў абарачэнне ўласная нац. грашовая адзінка — марка. У цараванне Мікалая II узмацнілася палітыка русіфікацыі Ф., асабліва ў час кіравання ген.-губернатара М.І.Бобрыкава (1898—1904, забіты). У рэвалюцыю 1905—07 у Ф. адбылося Свеаборгскае паўстанне 1906, у 1906 чатырохсаслоўны сейм заменены аднапалатным парламентам і ўведзена ўсеагульнае выбарчае права (жанчыны Ф. першыя ў Еўропе атрымалі права голасу). Але пасля рэвалюцыі 1905—07 у Ф. ўведзена ваен. праўленне (у 1907—11 мясц. сейм распускаўся 4 разы, сенат фарміраваўся з рас. вайскоўцаў, на дзярж. пасады сталі прызначаць рас. чыноўнікаў). У пач. 20 ст. ў Ф. пачалося развіццё дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай вытв-сцей, арыентаваных на экспарт у зах. краіны. Гандаль з Расіяй скарачаўся. У 1-ю сусв. вайну многія фіны добраахвотна ўступалі і ў рас., і ў герм. арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рас. Часовы ўрад 7(20).3.1917 аднавіў аўтаномію Ф., страчаную пасля рэвалюцыі 1905—07, быў скліканы сейм. Але Часовы ўрад прыпыніў дзеянне прынятага фінл. сеймам 18(31).7.1917 «Закона аб уладзе» і распусціў парламент краіны. У гэтых умовах у фінл. грамадстве запанавала ідэя поўнага аддзялення ад Расіі. 6.12.1917 фінл. парламент прыняў дэкларацыю аб абвяшчэнні Ф. незалежнай дзяржавай. Яе часовым кіраўніком стаў П.Э.Свінхувуд. Па просьбе фінл. сената незалежнасць краіны прызнаў сав. ўрад (31.12.1917). У хуткім часе дзярж. суверэнітэт Ф. прызналі Францыя, Швецыя, Германія, Аўстра-Венгрыя, Грэцыя, Нарвегія, Данія, пазней Вялікабрытанія і ЗША. Рас. войскі і базы флоту выведзены з Ф. паводле Брэсцкага міру 1918. Унутрыпаліт. барацьба ў краіне вылілася ў Фінляндскую рэвалюцыю 1918, у час якой Ф. 7.3.1918 заключыла ваен. і эканам. саюз з Германіяй, а прынц Фрыдрых Карл Гесенскі быў абвешчаны каралём Ф. (не паспеў заняць прастол у сувязі з рэвалюцыяй у ліст. 1918 у Германіі). У маі 1918 парламент Ф. разарваў адносіны з Сав. Расіяй. Войскі Ф. ўдзельнічалі ў антысав. інтэрвенцыі ў Карэліі. З канца 1918, калі рэгентам краіны стаў Манергейм, пад яго кіраўніцтвам Ф. адмовілася ад прагерм. арыентацыі. 17.7.1919 Манергейм у выніку кампрамісу паміж прыхільнікамі рэспублікі і манархіі зацвердзіў сучасную форму праўлення краіны. Першым прэзідэнтам Фінл. Рэспублікі быў К.Ю.Стольберг. У першыя гады незалежнасці прыняты законы аб увядзенні абавязковай адукацыі, забароне алкагольных напіткаў («сухі закон» скасаваны ў 1932), свабодзе веравызнання, свабодзе слова і арг-цый, законы па ўрэгуляванні становішча абедзвюх моўных груп (фін. і швед.) і аўтаноміі Аландскіх а-воў (паводле рашэння Лігі Нацый яны ў 1921 адышлі да Ф.). У 1920 Ф. стала чл. Лігі Нацый і заключыла Тартускі мір з РСФСР (гл.Савецка-фінляндскія дагаворы і пагадненні). У 1920-я г. ў Ф. праведзена агр. рэформа (зямлёй надзелены беззямельныя сяляне). У 1926 СДПФ сфарміравала аднапарт. ўрад. Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Ф. актывізаваліся праварадыкальныя сілы (Лапуаскі рух, Патрыят.нар. рух). У 2-ю сусв. вайну пасля савецка-фінляндскай вайны 1939—40, у ходзе якой сав. войскі прарвалі «Манергейма лінію», Ф. ў 1941—44 была ў стане вайны з СССР (т.зв. Вайна працягу). У выніку ваен. дзеянняў і мірных дагавораў 1940 і 1947 устаноўлена дзярж. граніца паміж Ф. і СССР (з 1991 паміж Ф. і Расіяй). Да 1952 Ф. выплачвала ваен. рэпарацыі, у 1955—56 Сав. Саюз ліквідаваў сваю ваен. базу ў Поркала-Уд. Пры прэзідэнтах Ю.К.Паасіківі (1946—56) і У.К.Кеканене (1956—81) Ф. ўзяла курс на ўстанаўленне дружалюбных адносін з СССР. Урад Ф. спрыяў арганізацыі ў Хельсінкі (1972—73) Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая да 1995 трансфармавалася ў Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Пры прэзідэнтах М.Г.Койвіста (1982—94) і М.Ахтысаары (1994—2000) Ф. зрабіла канчатковы выбар на карысць інтэграцыі ў зах.-еўрап.эканам. структуры. У 2000 прэзідэнтам Ф. выбрана Т.Халанен.
Ф. — чл.ААН (з 1955), Паўн. Савета (з 1955), Савета Еўропы (з 1989), Еўрап. Саюза (з 1995) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дзейнічаюць С.-д. партыя Ф., Левы саюз, Агр. саюз, Хрысц. саюз, Швед.нар. партыя, Цэнтр.арг-цыяфін. прафсаюзаў і інш.
Гаспадарка. Ф. — эканамічна развітая краіна з сучаснай прам-сцю і інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 135,5 млрд.дол. (25,8 тыс.дол. на 1 чал.). Доля прам-сці ў ВУП 28%, сельскай гаспадаркі 3%, сферы паслуг 69% (2000).
Аснова эканомікі — шматгаліновая прамысловасць, у якой дамінуюць буйныя канцэрны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (36% кошту прамысл. прадукцыі), лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (19,3%), хім. (10%), электраэнергетыка (8,7%), харч. (8%), паліграф. (6%), чорная і каляровая металургія (4,7%) і інш. У машынабудаванні найб. хутка развіваюцца галіны з высокімі тэхналогіямі — электронная і электратэхнічная. Вытв-сць мабільных тэлефонаў («Нокія»), ліфтаў і эскалатараў («Коне», 3-е месца ў свеце), халадзільнікаў, водаправодных кранаў. Развіта вытв-сць машын для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці («Метса»), пагрузачных сродкаў, трактароў, цяжкіх грузавікоў, гарнаруднага абсталявання. Ф. — самы буйны вытворца ледаколаў (каля палавіны ледаколаў свету); развіваецца вытв-сць круізных і спец. суднаў. Асн.маш.-буд. цэнтры: Хельсінкі, Эспа, Оўлу, Турку, Лахты, Раўма, Васа. Традыцыйна развіта вытв-сць лясной прадукцыі (каля 1/4 агульнага аб’ёму экспарту). Штогадовая камерцыйная высечка лесу каля 50 млн.м³. Буйныя цэнтры лесаперапрацоўкі ў вусцях рэк (Котка, Оўлу, Поры, Кемі). Вытв-сць фанеры ў Ювяскюлі, Куапіо, Лахты, мэблі ў Лахты, паперы і кардону (каля 9 млн.т) у Тамперэ, Оўлу, Кемі (канцэрны «Стура-Энса», «УПМ-Кюмене», «Метсалійта»). Хім.прам-сць вырабляе хімікаты для цэлюлозна-папяровай прам-сці, мінер. ўгнаенні, фарбы, пластмасы (Оўлу, Турку, Хельсінкі, Тамперэ, Хар’явалта). Фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 75,4 млрд.кВт∙гадз (2000) на ЦЭС (41%), ГЭС (19%), АЭС (28%) і інш. (12%). ЦЭС працуюць пераважна на імпартуемым паліве. Здабыча жал., медна-нікелевай, цынкавай, хромавай, малібдэнавай руд, азбесту, мармуру, граніту. Цэнтры абагачэння і выплаўкі каляровых металаў — Поры, Хар’явалта (медзь, нікель), Віханты (медзь, свінец, цынк), Кокала (цынк). Металургічны камбінат (чыгун, сталь, пракат) каля г. Рахе; інш. прадпрыемствы працуюць на металаломе. Развіты харч., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная), паліграф.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае малочнамясная жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 1,54, буйн. раг. жывёлы — 1,15, курэй — 5,51, авечак — 0,1. У Лапландыі гадуюць паўн. аленяў (каля 200 тыс. галоў). Вытв-сць (тыс.т) ялавічыны 93, бараніны 17, мяса птушкі 186; малака 2,5 млн.т. Зверагадоўля. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 7% тэрыторыі. Раслінаводства сканцэнтравана на Пд. Характэрна завалуненасць палёў. Асн. пасяўныя плошчы пад сеянымі травамі (75%) і збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (тыс.т, 2001) ячмень (1747), авёс (1227), пшаніцу (514), жыта (101), бульбу, буракі. Рыбалоўства (196,5 тыс.т, 1999). Значныя даходы сял. гаспадарак ад лесаўладання (54% агульнай пл. лясоў). Даўж. (тыс.км, 2000) чыгункі 5,9, аўтадарог 77,8, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 50, водных шляхоў 6,7, газаправодаў 0,6. 1,94 млн. легкавых і 291,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Знешнегандл. перавозкі пераважна марскім транспартам (зімой пры дапамозе ледаколаў). 98 суднаў (1 тыс. рэг. бр.-т і больш) агульным танажом 1172 тыс. рэг. бр.-т. Аўтапаромы звязваюць Ф. з Талінам (Эстонія), Стакгольмам (Швецыя), Любекам (Германія). Гал. марскія парты: Хельсінкі, Котка, Поры, Турку. 160 аэрапортаў. Экспарт (40,1 млрд.дол., 2001): машыны і абсталяванне, папера і кардон, папяровая маса, піламатэрыялы, судны, хім. прадукцыя. Імпарт (31,2 млрд.дол., 2001): харч. прадукты, нафта і нафтапрадукты, трансп. сродкі, чорныя металы, тэкстыль, збожжа, электраэнергія. Асн.гандл. партнёры: Германія, Швецыя, ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя. У 2000 Беларусь экспартавала ў Ф. тавараў на 18,4 млн.дол., імпартавала тавараў на 38,1 млн. долараў. Грашовая адзінка — еўра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (32 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (3,4 тыс.чал., 2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 24,5 тыс.чал., 230 танкаў, 266 баявых машын пяхоты, 840 бронетранспарцёраў, 180 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, больш за 940 буксірных гармат, 2,3 тыс. мінамётаў, больш за 400 гармат зенітнай артылерыі, 11 верталётаў. У ВПС 2,7 тыс.чал., больш за 60 баявых самалётаў і інш. У ВМС 5 тыс.чал., 11 мінных загараджальнікаў, 13 мінных тральшчыкаў, 9 ракетных катэраў і інш.
Ахова здароўя. Пашырана сістэма мед. страхавання, існуюць бальнічныя камуны. У акругах Хельсінкі, Тамперэ, Турку, Куапіо ёсць універсітэцкія бальніцы, якія аказваюць складанае спецыялізаванае лячэнне (напр., адносна рэдкія аперацыі). Дзейнічаюць кампаніі па страхаванні адказнасці мед. работнікаў перад пацыентам. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 74, жанчын 81 год (2001). Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 110 чал., урачамі — 1 на 338 чал. Натуральны прырост — 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 4 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета. Сістэма адукацыі ў Ф. прадугледжвае абавязковую бясплатную адукацыю для дзяцей ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, што забяспечвае практычна поўную пісьменнасць насельніцтва. Усе дзеці павінны закончыць 9-гадовую (асноўную) агульнаадук. школу. Пасля гэтага яны маюць магчымасць працягваць адукацыю ў прафес. вучылішчах, вышэйшых ступенях сярэдняй школы з наступным навучаннем у каледжах або ун-тах. Усе ступені навучання, у т. л. ва ун-тах, бясплатныя, а студэнты карыстаюцца матэрыяльнай падтрымкай дзяржавы. У 1997 каля 400 тыс. дзяцей навучаліся ў школах, 470 тыс.чал. у сярэдніх прафес.-тэхн. вучылішчах, 62,3 тыс. — у розных каледжах. У Ф. 20 ун-таў, у самых вялікіх з іх (Хельсінкскім) 37 тыс. студэнтаў, у Тамперэ і Турку па 15 тыс. у кожным. Наладжана таксама навучанне дарослых (ахоплівае больш за 25% працаздольнага насельніцтва). Дзярж. сістэму адукацыі дапаўняе шырокая сетка грамадскіх і прыватных навуч. устаноў.
У 1990-х г. Ф. ўстанавіла сусв. рэкорд па карыстанні б-камі — палавіна насельніцтва краіны зарэгістравана як карыстальнікі бібліятэчнымі абанементамі. Найб. б-кі: Хельсінкскага ун-та (засн. ў 1640, больш за 2 млн. тамоў), Гар. Хельсінкская (з 1860), парламента. Музеі: у Хельсінкі — Нац., Гар., Бат. сад; у Турку — Гіст., выяўл. мастацтва, Я.Сібеліуса; у Марыянхаміне — суднаходства. Навук. даследаванні праводзяцца ў Акадэміі Фінляндыі, НДІ, на кафедрах ун-таў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2001 у Ф. выдавалася 114 агульнанац. і губ. газет і часопісаў, больш за 500 мясц.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя фінскамоўныя газеты: «Helsingin Sanomat» («Хельсінкскія ведамасці», з 1889), «Iltalehti» («Вячэрняя газета», з 1980), «Iltasanomat» («Вячэрнія ведамасці», з 1932), «Aamulehti» («Ранішняя газета», з 1881), «Turun Sanomat» («Ведамасці Турку», з 1904), «Kaleva» («Калева», з 1899); шведскамоўныя — «Hufvudstadsbladet» («Сталічная газета», з 1864), «Åland» («Аландскія выспы», з 1891), «Vasabladet» («Газета Васы», з 1856). Інфарм. агенцтва — Фінскае агенцтва навін (з 1915). Радыёвяшчанне з 1923. Перадачы вядуцца па 3 каналах на фін., швед., саамскай, рус., англ. мовах. Тэлебачанне з 1955. Працуюць 4 агульнадзярж. каналы і некалькі дзесяткаў кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання; 9 буйных тэлерадыёкампаній, найбуйнейшая з іх «Ілейсрадыё» (з 1926).
Літаратура. Развіваецца на фінскай мове і шведскай мове. Карані фінскамоўнай л-ры ў карэла-фін. фальклоры, эпічных рунах і лірычных песнях, сабраных і выдадзеных у 1830—40-я г. Э.Лёнратам (эпас «Калевала», лірычныя песні «Кантэлетар»). Пісьменнасць і л-ра на фінскай мове ўзніклі ў 16 ст. ў эпоху Рэфармацыі. М.Агрыкала пераклаў на фін. мову Новы запавет (1548) і каля 30 псалмоў і гімнаў, да якіх напісаў прадмовы і тлумачэнні, у т. л. вершаваныя. Другі помнік фін. арыгінальнай і перакладной (з ням. і лац. моў) паэзіі 16 ст. — «Кніга віршаў» (1563) Я.Суамалайнена. У пач. 17 ст. традыцыі гэтай паэзіі прадоўжыў Х.Хенрыкі; зборнік арыгінальных казанняў стварыў Э.Соралайнен. Вял. значэнне для развіцця л-ры меў поўны калект. пераклад Бібліі. На мяжы 17—18 ст. узнікла літ.-філас. плынь фенафілаў, якая проціпастаўляла сябе ідэалогіі швед. вялікадзяржаўнікаў (асветнікі-публіцысты Т.Юсленіус, Х.Г.Портан). У 2-й пал. 18 ст. паявіліся зборнік вершаў і баек Х.Акрэніуса, вершаваныя пасланні, эпітафіі, даследаванне «Фінская міфалогія» К.Ганандэра. У 19 ст. на пазіцыях сял. асветніцтва, творчасці дыдактычнага зместу стаялі Я.Ютэйні, К.А.Готлунд, П.Ханікайнен. Пачаткі рамантызму выявіліся ў паэзіі А.Попіуса, К.Р.Крамсу, у разнастайнай творчасці А.Ківі. У 1880—90-я г. дасягнула росквіту рэаліст. школа: раманы, аповесці, апавяданні Ю.Аха, М.Кант, А.Ярнефельта, Ю.Х.Эрка, Т.Пакалы (уваходзілі ў групу «Маладая Фінляндыя»), аўтабіягр. вясковая проза П.Пяйвярынты, паэзія і публіцыстыка К.Лейна, лірыка і драматургія Эрка. У канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася неарамант. плынь (паэты Э.Лейна, Л.Онерва, Ларын-Кюёсты, празаікі В.А.Кілпі, І.Кіянта, Ё.Лехтанен, празаік і паэтэса А.Калас, драматург і празаік Ё.Лінанкаскі). У 1-й пал. 20 ст.рэаліст. тэндэнцыі развіваліся ў творчасці празаікаў М.Ласілы, П.Хаанпя, М.Ётуні, В.Ё.Койо, Ё.Корпелы, О.А.Палахейма, І.Уурта, паэтаў О.Манінена, К.Т.Саркія, аўтара п’ес у стылі «эпічнага тэатра» Х.Вуаліёкі. Шматстылёвая і разнастайная творчасць Ф.Э.Сіланпя, экспрэсіянісцкі характар мелі драмы Л.Хаарлы. У 1920-я г. ў творчасці прадстаўнікоў літ. групы «Туленкантаят» («Агняносцы»; паэты К.Вала, У.Кайлас, П.Мустапя, Ю.О.Юльхя, празаікі М.Т.Валтары, Т.Р.Пеканен, У.К.Сепянен, крытык О.Павалайнен і інш.) адлюстраваліся неарамант., сімвалісцкія, экспрэсіянісцкія, футурысцкія і рэаліст. ўплывы. У 1936 узнікла група пісьменнікаў левага кірунку «Кійла» («Клін»; паэты А.Туртыяйнен, Я.Э.Пенанен, В.Л.Каява, празаік і драматург Э.А.Сінерва). У 1930-я г. развівалася творчасць т.зв. рабочых паэтаў (К.Каатра, К.Танту, Х.Лійнама). У 2-й пал. 20 ст.рэаліст. л-ру прадстаўлялі паэты Э.Ківікаха, Э.Л.Манер, А.М.Тыні, празаікі В.Ліна, С.Т.Аапелі, Э.Ёэнпелта, А.Кайпайнен, Л.Калерва, Э.Сяйся, М.А.Хялі, паэт і празаік Л.Сінканен, драматург і празаік А.Юнкала. Вылучыліся гіст. раманы Валтары, «вясковая» проза Х.Хямяляйнен, «рабочая» — Л.Війты, С.Паранена, П.Рынталы, О.О.Сійпайнена, імпрэсіянісцкія навелы і раманы Э.Кілпі. Развіваліся мадэрнісцкія плыні (паэзія Мустапя, Х.Юванен). Эксперым., наватарскім характарам вызначаліся антываен. раманы, навелы і п’есы В.Меры, паэзія В.Кірстыня, Ю.Малінена, П.Хаавіка, А.Хелаакаскі, проза Х.Саламы, лірыка і драматургія Л.М.Хейкіля, паэзія і проза М.Л.Вартыо. Да традыцыі паэтыкі «новага рамана» блізкая проза Л.Нумі, П.Холапы, А.Хюру, элементы сюррэалізму ў паэзіі П.Саарыкаскі, п’есах Ю.Манеркарпі. У 1990-я г. вядомасць набыла проза А.Руута, А.Снелман, К.К.Суасалмі, Х.Турунена, А.Тууры, А.Л.Хяркенен, К.Утрыо, О.Яланена, развіваліся публіцыстыка (В.А.Коскеніемі, Пенанен, Р.В.Сільванта, Хаарла, Хелаакаскі, Холапа, Т.Анхава і інш.) і дзіцячая л-ра (Э.Х.Койвістайнен, А.М.Мерылуата, Х.Мякеля, М.Яла).
Л-ра на шведскай мове развівалася ва ўзаемасувязі з фінскамоўнай. У эпоху Рэфармацыі пераважалі казанні, рытуальныя песні. Найб. значны прадстаўнік перадрамант. плыні эпохі Асветніцтва Ф.М.Франзен. У 1915 у г. Турку ўзнік гурток літаратараў-рамантыкаў (А.І.Арвідсан, Ф.Бергбум, Ю.Г.Лінсен, Ю.А.Тэнгстрэм, А.Г.Шострэм). Буйнейшы прадстаўнік патрыят. рамантызму Ю.Л.Рунеберг, рамант. ідэі развівалі Ф.Сігнеус і Ю.В.Снельман. Матывы нац. гісторыі ў прозе З.Тапеліуса, лірыцы Ю.Векселя, рэаліст. тэндэнцыі ў паэзіі і прозе К.А.Тавастшэрны. У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся розныя плыні паэзіі — ад кансерватыўна-неарамант. (Б.Грыпенберг) да пазітывісцка-рэаліст. (Э.Цыліякус), радыкальна-сацыяліст. (А.Мёрне) і мадэрнісцкай (Э.Сёдэргран). У 20 ст. вылучылася псіхал. проза М.Алапеус, О.П.Парланда, Р.Э.Шыльта, К.Чыльмана, А.З.Клева. Рысы традыц. рэалізму ўласцівы паэзіі Т.Варбуртана, Э.А.Віхман, драматургіі В.Карэла. У ліку прадстаўнікоў мадэрнісцкіх плыняў: паэты Г.Б’ёрлінг, Э.Дыктуніус, Б.Карпелан, Р.А.Энкель, празаік С.М.Шульц, драматург Х.Олсан. У 1990-я г. плённа працавалі паэты і празаікі Ч.Весцё, У.Л.Лундберг, Т.Форстрэм, дзіцячая пісьменніца Т.Янсан, публіцысты Варбуртан, Олсан, Ё.Ю.Донер, Чыльман. На бел. мову перакладзены паасобныя творы Аха, Валы, Вуаліёкі, М.Ларні, Ласілы, Э.Лейна, Малінена, Манер, Рунеберга, Сінерва, Сінканена, Туртыяйнена, Хаанпя, Яла і інш. Сярод перакладчыкаў: М.Багдановіч, У.Арлоў, Я.Лапатка, У.Някляеў, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, А.Шарахоўская.
Архітэктура. Ад часоў мезаліту захаваліся рэшткі жылых пабудоў, блізкіх да жытлаў фіна-уграў. У 12—13 ст.мясц. традыцыі мураванай архітэктуры складваліся пад уплывам раманскага дойлідства Швецыі (замак і сабор у г. Турку). З 14 ст. тарцовыя сцены цэркваў завяршаліся ўзорыстай муроўкай шчытоў (царква ў Хатуле), з канца 15 ст. ў арнамент і форму шчытоў, канструкцыю скляпенняў праніклі элементы готыкі (царква ў Холале). Драўлянае сял. дойлідства развівалася незалежна ад стылістыкі мураванай архітэктуры; яно ўплывала на буд-ва драўляных цэркваў (у Торніо, 17 ст.; Кеўру, 18 ст.) і гар. жылых дамоў. У 2-й пал. 18 ст. шведы заснавалі горад-крэпасць Свеаборг. Упач. 19 ст. пачалося фарміраванне нац.арх. школы. Хельсінкі набыў рэгулярны план у духу класіцызму. Сярод класіцыстычных помнікаў вылучаюцца арх. ансамбль цэнтра Хельсінкі (арх. К.Л.Энгель), Трапскі палац у г. Турку (цяпер Шведскі ун-т). Да канца 19 ст. панавала эклектыка (будынак маст. музея Атэнеум, арх. К.Хёер). Творчасць прадстаўнікоў нац. рамантызму [Г.Гезеліус, А.Ліндгрэн, Эліэль Саарынен (гл.Саарынены), Л.Сонк] грунтавалася на фін. фальклоры, сканд. міфалогіі, традыцыях сярэдневяковага дойлідства; адметная імкненнем да стварэння спецыфічнай нац. архітэктуры, звернутай да вытокаў фін. мастацтва (Цэнтр. вакзал, будынкі Нац. музея, Фін.нац.т-ра ў Хельсінкі). На мяжы 19—20 ст. развіўся стыль мадэрн (пабудовы Г.Нюстрэма, С.Ліндквіста). Буйная з’ява фін. горадабудаўніцтва 20 ст. — план Вял. Хельсінкі (1915—18, арх. Саарынен). У стылі неакласіцызму працавалі А.Аалта, Э.Бругман, І.Сірэн. У 1920-я г. пад уплывам ідэй «Баўгаўза» і арх.Ле Карбюзье зарадзіўся фін. функцыяналізм (павільёны выстаўкі «700-годдзе Турку», арх. Аалта, Бругман; санаторый у Пайміо, арх. Аалта; атэль у Рованіемі, арх. П.Блумстэт; Алімп. стадыён, арх. І.Ліндэгрэн і Т.Янты). У аснове жылога і грамадскага буд-ва 2-й пал. 20 ст. ідэі Саарынена: дэцэнтралізацыя гар. структуры, узаемадзеянне архітэктуры з навакольным ландшафтам («горад-лес» Отаніемі, арх. Аалта; прыгарадны раён Тапіяла, абодва генплан 1952, арх. Х. фон Херцэн, О.Мейрман, А.Эрві, В.Рэвель і інш.). Творчасць прадстаўнікоў т.зв. архітэктуры сістэм засн. на функцыян. арганізацыі будынкаў, строгіх прыёмах забудовы, пераадольванні адвольнай жывапіснасці арх. кампазіцыі (Б.Лундстэн, А.Русувуары); некат. з іх выкарыстоўвалі формы, выпрацаваныя Л.Міс ван дэр Роэ (К.Мікала, К.Гуліхсен). У сучаснай архітэктуры Ф. суіснуюць розныя тэндэнцыі. Пабудовы адметныя выразнасцю форм, функцыянальнасцю, выкарыстаннем фактуры і канстр. магчымасцей новых і традыц.буд. матэрыялаў, сувяззю з прыродным асяроддзем (арх. Аалта, Рэвель, Эрві, К. і Х. Сірэн, Р.Піетыль, Т.Суамалайнен). У 1892 засн. Саюз архітэктараў Ф.
Выяўленчае мастацтва. Да найб.стараж. помнікаў мастацтва адносяцца неалітычныя ямачна-грабеньчатая кераміка, наскальныя размалёўкі і пятрогліфы, зааморфныя навершы каменных нажоў, гліняныя антрапаморфныя ідалы і інш. У эпоху бронзы і ранняга жалеза пашыраны творы звярынага стылю. Развіваліся традыц. віды нар. творчасці — разьба па дрэве, дыванаткацтва (насценныя дываны «руй») і інш. У 12—13 ст. з прыняццем хрысціянства засвойваліся ўзоры сярэдневяковага мастацтва, звязаныя з творчасцю ням. і франц. майстроў (алтар св. Варвары з царквы ва Усікірка). Манум. жывапіс 14—16 ст. адметны нар. арнаментамі, стракатымі лакальнымі колерамі (размалёўкі цэркваў у Перніё, Хатуле). Напружанай экспрэсіяй вобразаў, стрыманасцю пластычнай трактоўкі вылучалася драўляная скульптура 15—17 ст. У манум. жывапісе 17—18 ст. выявіліся тэндэнцыі барока (размалёўкі царквы ў Палтама). Вядучы майстар манум. жывапісу 18 — пач. 19 ст. — М.Тапеліус (размалёўкі цэркваў у Саўва, Палтама). З пач. 19 ст. пачала фарміравацца фін.маст. школа (А.Лаўрэус, Г.Фінберг), развіваліся жанры свецкага станковага жывапісу (І.Ваклін, Н.Шыльмарк). У батальным жанры працаваў Р.Экман, у бытавым — А. фон Бекер, К.Янсан, у пейзажы — В.Холмберг. Уздым выяўл. мастацтва ў 1880—1900-я г. звязаны з ідэямі нац. адраджэння, гісторыяй, фальклорам, міфалогіяй і інш. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў — А.Гален-Калела. Рэаліст. творы на тэмы нар. жыцця стваралі П.Халален, А.Эдэльфельт, Э.Ярнефельт. У скульптуры працавалі Э.Кайнберг, К.Шостранд, В.Рунеберг (класіцызм), Э.Вікстрэм і Э.Халанен (мадэрн, сімвалізм). Стылізацыі пад нар. скульптуру ў т.зв. наіўным стылі стваралі В.Мякінен, М.Хартман, Х.Віралайнен і інш. Ініцыятар і арганізатар Саюза скульптараў Ф. (1910) — Ф.Нюлунд. Багацце пластычных вырашэнняў уласціва работам В.Аалтанена. Мастацтва 20 ст. развіваецца ў працэсе ўзаемадзеяння нац. традыцый і асн. кірункаў еўрап. мастацтва (жывапіс В.Віянаі, М.Коліна, А.Канервы, Н.Хютынена, графіка В.Аскалы, Т.Тапіявары, скульптура Э.Хілтунен і інш.). У 1930—90-я г. ў Ф. жыў і працаваў бел. графік А.Ахола-Вало, ён удзельнічаў і ў наватарскіх пошуках фін. мастацтва. Адно з вядучых месцаў у Еўропе займае фін. дызайн (сярод пачынальнікаў Гален-Калела, Эліэль Саарынен і інш.). Сярод сучасных дызайнераў Т.Віркала, Э.Арна, Тапіявара, арх. А.Аалта). На аснове нар. традыцый мадэрнізуецца выраб прадметаў са скуры, керамікі, развіваецца мастацтва сучаснага тэкстылю.
Музыка. Стараж. формы фін.муз. фальклору — песенныя імправізацыі йойку, замовы, заклінанні, плачы едлі, пастухоўскія і паляўнічыя найгрышы на жалейках і ражках. Сярод старадаўніх муз. інструментаў: кантэле (шчыпковы), ёўхіка (стр. смыкавы), туахіторві (берасцяная труба). Прафес. музыка 12—16 ст. звязана з каталіцкім культам (касцельныя спевы, ігра на аргане), з сярэдзіны 16 ст. пашырыўся пратэстанцкі харал, створаны першы прыдворны аркестр. У 17 ст. пашырыліся шведска-ням.нар. песні, балады, піірылейкі (тыпу частушак), танцы менуэт, мазурка, паланэз, вальс; у Турку працавалі прафес.гар. музыканты. З канца 18 ст. развіваецца свецкая музыка. Сярод першых прафес. кампазітараў Ф.Пасіус (аўтар нац. гімна), Э.Туліндберг. Станаўленню нац. музыкі спрыялі карэла-фін. руны (зб. «Калевала», 1835), творчасць аўтараў першых фін. оперы Пасіуса і сімфоніі А.Інгеліуса, збіральніка фальклору Э.Лёнрата. Заснавальнікі фін.прафес.муз. школы — Р.Каянус (пачынальнік нац. кірунку ў музыцы, стваральнік першага сімф. аркестра, 1882), М.Вегеліус (узначальваў кірунак, арыентаваны на ням.муз. рамантызм, заснавальнік першай кансерваторыі, 1882). На нац. глебе развілася творчасць класіка фін. музыкі Я.Сібеліуса. З сярэдзіны 20 ст. на музыку Ф. паўплывалі плыні зах.-еўрап. авангардызму. Муз. мастацтва Ф. 20 ст. развівалі кампазітары А.Алміла, К.Аха, Э.Бергман, Ё.Коканен, О.Кортэкангас, Т.Куула, Ё.Куусіста, М.Ліндберг, Л.Мадэтая, Э.Меларціна, У.Мерылайнен, С.Палмгрэна, Ё.Панула, Э.Раўтаваара, К.Саарыяха, А.Салінен, П.Хейнінен, Э.Энглунд, А.Ярнефельта і інш.; дырыжоры П.Берглунд, О.Вянскя, О.Каму, Панула, Л.Сегерстам; піяністы О.Мустанен, М.Раекаліо; спевакі М.Груп, К.Матыла, Я.Рухянен, П.Саламаа, М.Салмінен, Ё.Хюнінен; музыказнаўцы А.О.Вяйсянен, І.Крон, А.Лаўніс, Я.Серміля, Э.Тавастшэрна, В.Хеласвуа. У Хельсінкі, муз. цэнтры краіны, працуюць Фін. опера (з 1911), аркестр радыё (з 1927), хор радыё (з 1940), Квартэт імя Сібеліуса (з 1927), Камерны аркестр Хельсінкі (з 1953) і інш. Існуе разгалінаваная сетка муз. устаноў: Муз. акадэмія імя Сібеліуса (з 1939), 11 кансерваторый, муз. ін-ты (у Лахты, Тамперэ, Ювяскюля і інш.), школы. Развіты аматарскае хар. мастацтва, пеўчыя святы (з 1881). Праводзяцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя Сібеліуса (з 1965), муз. фестывалі, у т. л. «Тыдзень Сібеліуса» ў Хельсінкі (з 1951) і інш. З 1945 існуе Асацыяцыя фін. кампазітараў.
Тэатр. У аснове прафес.т-ра Ф. традыцыі нар.тэатр. мастацтва. Нац. драматургія развіваецца з 2-й пал. 19 ст. У 1827 у Хельсінкі пабудаваны першы тэатр. будынак (Тэатр. дом), дзе выступалі рус., ням., швед. гастрольныя трупы. У 1860 там жа створаны першы прафес.т-р (на швед. мове), пачаў развівацца аматарскі т-р. У 1872 адкрыўся фін.т-р у Хельсінкі (да 1878 меў оперную і драм. трупы, з 1902 драм. трупа наз. Фінскі нац.т-р). Арганізацыя пастаяннага т-ра стала асновай для развіцця нац.тэатр. мастацтва і драматургіі, прадстаўленай п’есамі М.Кант, М.Ласіла, Х.Вуаліёкі, Э.Сінерва, А.Ківі, К.А.Ківіма, М.Валтары, В.Корэля і інш. Сучаснае фін.тэатр. мастацтва вызначаецца пошукамі новых сродкаў сцэн. выразнасці, эксперыментальнасцю. У рэпертуары пераважаюць творы нац. драматургіі, ставяцца класічныя і сучасныя замежныя п’есы. Праводзяцца міжнар.тэатр. фестывалі, у т. л. «Тамперскае тэатр. лета» і інш. Уклад у развіццё фін.т-ра зрабілі рэжысёры В.Бандлер, Д.Вітыка, В.Ільмары, Э.Каліма, Р.Лонгбака, Ё.Турка, К.Хольмберг, А. оф Хялстрэм; акцёры Э.К.Воланен, А.Корханен, А.Лепанен, Э.Літманен, А.Ліндфарс, А.М.Млангус, Т.Пала, Т.Ё.Рыне, Э.Салмінен, Р.Снельман, У.Сомерсалмі, Э.Эранен, Э.Юрка і інш. У Ф. каля 60 прафес. т-раў: Нац., Фінскі, Шведскі, Інтымны, Т-р Эспа, Гарадскі Лапеенранты, лялечны «Зялёны яблык» у Хельсінкі; т-ры Працоўных Тамперы, маладзёжна-дзіцячы 2000, лялечны «Нібыта Тэатр» у Тамперы; Гарадскі, Новы, Шведскі Аба ў Турку; т-ры ў Лахты, Куапіо і інш.
Кіно. У 1904 зняты першыя хранікальныя фільмы. У 1906 засн.вытв. фірма «Апала», якая пачала выпуск дакумент. стужак. У 1907 паст. першы гульнявы кароткаметражны фільм «Самагоншчыкі» (рэж. Л.Спарэ і Т.Пура), у 1913 — першы маст. «Сюльві» (рэж. Пура), У 1919 Пура і Э.Кару засн. фірму «Суамі-фільм», якая адыграла значную ролю ў развіцці кіно Ф. У 1920-я г. экранізаваны творы нац. л-ры: «Стары барон з Раўтакюла» (паводле Ц.Тапеліуса, рэж. К.Фагер), «Шаўцы з Нумі» (паводле А.Ківі, рэж. Кару; абодва 1923). У 1930-я г. створаны новыя фільмы, пачаўся выпуск гукавых стужак. Уклад у развіццё фін. кіно 1930-х г. зрабілі рэжысёры Н.Тапіявара («Юха», 1937; «Шлях чалавека», 1940), Р.Орка («Улюл з фермы Сілтала», 1934), В.Вала («Жанчына Ніскавуары» паводле Вуаліёкі, 1938). У 1940-я г. пашыраны муз. фільмы, камедыі, біягр. жанр («Кароль паэтаў і пералётная птушка», 1940, рэж. Т.Сяркя; «Я кахаю», 1946, рэж. І.Унха). Сярод лепшых фільмаў 1950-х г.: «Белы паўночны алень» (1953, рэж. Э.Бломберг), «Невядомы салдат» (паводле В.Ліне, 1955, рэж. Э.Лайне), «Чырвоная лінія» (1959, рэж. М.Касіла). Актуальныя праблемы адлюстраваны ў фільмах рэж. Р.Ярвы: «Дзённік рабочага» (1967), «Вайна аднаго чалавека» (1973), «Год зайца» (1977). Шэраг экранізацый створаны рэж. Лайне: «Тут, пад Палярнай зоркай» (1968), «Акселі і Эліна» (1970, абодва паводле твораў В.Ліны) і інш. Сярод рэжысёраў 1970-х г.: Я.Пакасвірт («Летні бунт», 1970, «Дом да Каляду», 1975, «Пячатка звера»), М.Нісканен («Восем смяротных куль», 1972, «Восенню ўсё па-іншаму», 1978, «Уцёкі», 1981), Э.Ківікаскі («Ноч на беразе мора», 1980). У пач. 1980-х г. прыйшло новае пакаленне кінарэжысёраў: браты М. і А. Каўрысмякі, П.Хартцэль, М.Іяс, М.Лехмускаліо, К.Улсан, О.Сойніо, Л.Цёрхёнен. Паэт. стужкі пра супрацьстаянне чалавека і прыроды стварыў рэж. Лехмускаліо («Танец ворана», 1980; «Лыжнік», 1982; «Інуксул», 1988). У эпічным плане зняты фільмы П.Парыка («Раўніна», 1988, «Зімовая вайна», 1989), Цёрхёнена («Тропік ільду», 1987, «Пасвячоныя», 1989). Новы кірунак у кіно Ф. стварылі браты Каўрысмякі, творчасці якіх уласціва гульня з асацыяцыямі, цытатамі, скрытымі жартамі (сумесныя фільмы «Ілгун», 1981; «Нікчэмныя», 1982). «Чорны» гумар, іронія, крытыка агульнапрынятых каштоўнасцей з маральным пафасам — асн. рысы стужак А.Каўрысмякі «Цені ў раі» (1986), «Арыэль» (1988), «Дзяўчына з запалкавай фабрыкі» (1990), «Жыццё багемы» (1992), «Паберажы сваю хусцінку, Таццяна» (1994), «Удалячынь плывуць аблокі» (1996). Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы М.Каўрысмякі «Клан» (1984), «Роса» (1985), «Хельсінкі—Неапаль: усю ноч напралёт» (1987), «Амазонка» (1990) і інш. Кінамастацтва Ф. 1990-х г. вызначаецца прафесіяналізмам, арыгінальнасцю ў выбары тэм і стыляў. У карцінах рэж. В.Аалтанена «Блудны сын» (1992), «Ойча наш» (1993), «З любоўю, Майрэ» (1999) тэма гвалту і жорсткасці ў сучасным грамадстве. Тэма сельскага жыцця ў фільмах рэж. М.Пёлёнена: «Зямля шчасця» (1993), «Апошняе вянчанне» (1995), «Кароль плытагонаў» (1998). Сярод інш. значных стужак: «Засада» (рэж. О.Саарэл), «Крутыя» (рэж. А.Мякель), «Лебедзь і вандроўнік» (рэж. Т.Койвусала; усе 1999). Уклад у кіно Ф. зрабілі жанчыны-рэжысёры К.Растыма («Салёнае і салодкае», 1995; «Рэспектабельныя трагедыі», 1998), П.Хонсакала («Вогнеглытальніца», 1998), А.Мантыла («Калекцыянер», 1997; «Геаграфія страху», 2000). Сярод рэжысёраў-дакументалістаў А.Куйвалайнен, К.Луастарынен, В.Суутары, С.Хелке. У 1952 створаны Саюз кінаработнікаў Ф.
Беларусы ў Фінляндыі. Бел. прысутнасць у Ф. вядома з часоў знаходжання яе ў складзе Рас. імперыі (1809—1917). Выхадцы з Беларусі працавалі ў Ф. на адыходніцтве, служылі ў раскватараваных там гарнізонах рас. арміі, на караблях і ў базах рас.Балт. флоту; удзельнічалі ў Свеаборгскім паўстанні 1906. У 1-ю сусв. вайну гарнізон Свеаборгскай крэпасці ўзначальваў з 1915 беларус ген.-м. К.А.Аляксееўскі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Гельсінгфорсе (Хельсінкі) і інш. гарадах і мястэчках Ф. ствараліся бел.нац. арг-цыі. У склад Абласнога к-та арміі, флоту і рабочых Ф. (існаваў да 1918) уваходзіў матрос В.Муха (ураджэнец в. Андрэеўка Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.), які ў чэрв. 1917 заснаваў арг-цыю «Маракоў-беларусаў Балт. флоту» (больш за 800 матросаў бел. паходжання). На 3-м з’ездзе Беларускай сацыяліст. грамады (кастр. 1917, Мінск) яе гельсінгфорскую арг-цыю (200 чл.) прадстаўляў Муха, які быў выбраны ў склад ЦК гэтай партыі. Прадстаўнікі Гельсінгфорскага флоцкага гарнізона прысутнічалі на 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый у Мінску ў кастр. 1917. Матросы-беларусы, што служылі ў Ф., збіралі грашовыя сродкі на дапамогу бел. бежанцам 1-й сусв. вайны і на аб’яднанне бел. грамадскіх сіл (дасылаліся праз матросаў Муху і А.Шалыгу). У 1918 у сувязі з аднаўленнем незалежнасці Ф. і вывадам адтуль рас. войск і флоту многія беларусы вярнуліся на радзіму. Выхадцы з Беларусі ўдзельнічалі ў савецка-фінляндскай вайне 1939—40, у час 2-й сусв. вайны — у Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944.
Літ.:
Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;
Клинге М. Очерк истории Финляндии: Пер. с фин. 2 изд. Хельсинки, 1996;
Барышников В.Н. От прохладного мира к зимней войне: Вост. политика Финляндии в 1930-е гг. СПб., 1997;
Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998;
Финляндия: Краткий обзор: Пер. с фин. Хельсинки, 2000;
Евсеев В.Я. Исторические основы карело-финского эпоса. Кн. 1—2. М.; Л., 1957—60;
Карху Э.Г. История литературы Финляндии: От истоков до конца XIX в. Л., 1979;
Иконников А.В. Новая архитектура Финляндии. М., 1972;
Герб і сцяг Фінляндыі.Ландшафт на ўсходзе Фінляндыі.Да арт.Фінляндыя. Краявід у раёне р. Іматра.Да арт.Фінляндыя. Хельсінкі.Да арт.Фінляндыя. Фрагмент інтэр’ера царквы Святога Крыжа ў Хатуле.Да арт.Фінляндыя. Фрагмент тыповай забудовы.Да арт.Фінляндыя. Палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі.Да арт.Фінляндыя. Замак Олавінліна ў Саванліне.Да арт.Фінляндыя. Драўляная скульптура «П’ета». 2-я пал. 15 ст.Да арт.Фінляндыя. В.Холмберг. Паштовая дарога ў Хяме. 1860.Да арт.Фінляндыя. І.Ваклін. Аўтапартрэт. 1756.Да арт.Фінляндыя. А.Гален-Калела. Абарона Сампа. 1896.Да арт.Фінляндыя. В.Аскала. Заліў Тормуа. 1965.Да арт.Фінляндыя. Х.Віралайнен. Мар’ята. 1965—66.Да арт.Фінляндыя. Помнік Яну Сібеліусу (левая частка). 1962—67.Да арт.Фінляндыя. Сцэна з оперы «Вінсент» Э.Раўтаваара.Да арт.Фінляндыя. Кадр з фільма «Белы паўночны алень». Рэж. Э.Бломберг. 1953.Да арт.Фінляндыя. Кадр з фільма «Удалячынь плывуць аблокі». Рэж. А.Каўрысмякі. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Храналогія найважнейшых падзей гісторыі Беларусі
100—40 тыс. гадоў назад Паяўленне чалавека на тэр. Беларусі. 26 тыс. гадоў назад Верхнепалеалітычная стаянка каля в. Юравічы Калінкавіцкага р-на. 24—23 тыс. гадоў назад Верхнепалеалітычная стаянка каля в. Бердыж Чачэрскага р-на. 11—7 тыс. гадоў назад Эпоха мезаліту на тэр. Беларусі. Канец 5-га—3-е тысячагоддзі да н.э. Эпоха неаліту на тэр. Беларусі. Канец 3-га—2-е тысячагоддзі да н.э. — 8—7 ст. да н.э. Бронзавы век на тэр. Беларусі. 8—7 ст. да н.э. — 8 ст.н.э. Жалезны век на тэр. Беларусі. 8—3 ст. да н.э. Мілаградская культура на тэр. Беларусі 7 ст. да н.э. — 4 ст.н.э. Днепра-дзвінская культура на тэр. Беларусі. 7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э. Культура штрыхаванай керамікі на тэр. Беларусі. 6—5 ст. да н.э. У басейне Прыпяці, вярхоўяў Днястра і Буга жылі плямёны неўраў (наўраў). 4—2 ст. да н.э. Паморская (усходнепаморская) культура на тэр. Беларусі. 3 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. Зарубінецкая культура на тэр. Беларусі. 6—8 ст. Банцараўская культура на цэнтр. і паўн.тэр. Беларусі. 862 Першыя летапісныя звесткі пра Полацк. 885 Паход кіеўскага кн. Алега на радзімічаў. 9 ст. 2-я пал. Утварэнне старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. 907 Удзел крывічоў і радзімічаў у паходзе Алега на Царград. 960—980-я гады Княжанне ў Полацку Рагвалода, заснавальніка дынастыі Рагвалодавічаў. 974 Першыя звесткі пра Віцебск. 980 Першыя летапісныя звесткі пра Тураў. 981—984 Паходы кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча на яцвягаў, вяцічаў, радзімічаў. 988—989 Прыняцце хрысціянства ў Кіеўскай Русі. каля 988 Першыя летапісныя звесткі пра Заслаўе (Ізяслаўль). 988—1001 Княжанне Ізяслава Уладзіміравіча ў Полацку. 991—992 Утварэнне ў Полацку першай хрысціянскай епархіі (епіскапіі). 10 ст. Заснаваны Навагрудскі замак. 1001 У Друцку пабудаваны адзін з першых хрысціянскіх храмаў (сабор). 1003—1044 Княжанне Брачыслава Ізяславіча ў Полацку. 1005 У Тураве заснавана хрысціянская епархія. 1017, 1019 Першыя летапісныя звесткі пра Брэст. 1044—1066 Будаўніцтва Сафійскага сабора ў Полацку. 1044—1101 Княжанне Усяслава Брачыславіча ў Полацку. 1059 Першыя летапісныя звесткі пра Копысь. 1065, 1068 Першыя летапісныя звесткі пра Браслаў (Брачыслаўль). 1067 Бітва на р. Няміга паміж войскамі полацкага кн. Усяслава Брачыславіча і Яраславічаў. Першыя летапісныя звесткі пра Мінск (Менск) і Оршу (Рша). 1068—1069 Народнае паўстанне ў Кіеве. Княжанне полацкага кн. Усяслава Брачыславіча ў Кіеве. Паміж 1069 і 1073 У Мінску вялося будаўніцтва каменнай царквы (не скончана). 1097 Першыя летапісныя звесткі пра Пінск. З’езд князёў у Любечы. Пачатак феадальнай раздробленасці Русі. 11 ст. Заснаваны парубежныя крэпасці Полацкага княства Дзісна, Мядзел (на востраве возера Мядзел), Вільня (Крывіч-горад). Пабудаваны Мінскі замак. Створаны Тураўскае евангелле, Суражскі рукапіс і інш. Канец 11 — пач. 12 ст. Вылучэнне Друцкага, Ізяслаўскага, Лагожскага (Лагойскага), Лукомскага, Мінскага, Віцебскага і інш. удзельных княстваў з Полацкага княства; Клецкага, Дубровіцкага, Пінскага — з Тураўскага княства. Утварэнне Гродзенскага княства. На тэр. Беларусі вядома больш за 30 гарадоў. 1101—1119 Княжанне ў Мінску Глеба Усяславіча. Каля 1101—29.5.1167 Жыццё і дзейнасць Ефрасінні Полацкай — бел. асветніцы, ігуменні Полацкага манастыра св. Спаса. 1102 Заснаванне Барысава. Каля 1113 — каля 1182 Жыццё і дзейнасць Кірылы Тураўскага — бел. пісьменніка і прапаведніка. 1116 Першыя летапісныя звесткі пра Слуцк. 1127 Першыя летапісныя звесткі пра Гродна, Клецк. 1127—1141 Княжанне ў Гродне Усяслава Давыдавіча (Усеваладка). Канец 1120-х гадоў Узнікненне манументальных помнікаў эпіграфікі Беларусі — Барысавых камянёў. 1136 Першыя пісьмовыя звесткі пра Мсціслаў, Крычаў, Прапойск, Лучын і інш. 1130-я гады У Віцебску пабудавана Дабравешчанская царква. 1142 Першыя летапісныя звесткі пра Гомель, Рагачоў, Брагін. Сярэдзіна 12 ст. У рэзідэнцыі полацкіх князёў Бельчыцы заснаваны Барысаглебскі манастыр (архітэктар Іаан). У Навагрудку пабудаваны храм (цяпер Барысаглебская царква). У Гродне пабудаваны храм, т.зв. Ніжняя царква. 1152—1162 У Полацку пабудаваны Спаса-Ефрасіннеўскі саборны храм (архітэктар Іаан). 1155 Першыя летапісныя звесткі пра Мазыр. 1159 Першыя летапісныя звесткі пра Чачэрск. 1161 Полацкі майстар ювелір Богша (у хрышчэнні Лазар) стварыў т. зв. Ефрасіннеўскі крыж — святыню Полацкай зямлі 1171 Створаны манументальны помнік эпіграфікі — Рагвалодаў камень. 1180-я гады У Гродне ўзведзены храм Барыса і Глеба(цяпер Каложская царква). 1203, 1206, 1216, 1222 Паходы полацкіх дружын на чале з кн. Уладзімірам (Вальдамарам) на крыжакоў, якія захапілі землі ў ніжнім Падзвінні, што належалі Полацкаму княству. 1210 Дагавор полацкага кн. Уладзіміра з рыжскім біскупам Альбертам пра выплату лівамі даніны Полацку. 1213 ці 1214 Першыя летапісныя звесткі пра Рэчыцу. 1229 Заключаны мірны дагавор Смаленска і Полацка з Рыгаю. Заключаны гандлёвы дагавор Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з Рыгаю і Готландам. 1236—1242 Нашэсце мангола-татарскіх полчышчаў Батыя на Русь. Сярэдзіна 1230-х гадоў Утварэнне Вялікага княства Літоўскага. Сярэдзіна 1230-х гадоў — 1263 Княжанне Міндоўга ў Вял.кн. Літоўскім (сталіца г. Навагрудак). 15 ліпеня 1240 Перамога войск наўгародскага кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) над шведскім войскам на Няве. Удзел у гэтай бітве полацкіх дружын. 1246, 1249, 1257, 1258, 1259, 1275, 1287, 1315, 1338 Набегі татараў на землі Беларусі і Літвы. 1250—1263 Княжанне ў Полацку Таўцівіла. 6 ліпеня 1253 Вялікі князь ВКЛ Міндоўг прыняў тытул караля; каранаваны ў Навагрудку. 13 ліпеня 1260 Перамога літоўскіх і заходнярускіх войск над крыжакамі каля воз. Дурбе. 1262 Заключаны дагавор паміж Міндоўгам і Аляксандрам Неўскім аб сумеснай барацьбе супраць Лівонскага ордэна. 1262—1264 Княжанне ў Віцебску Канстанціна (сын Таўцівіла). 22 снежня 1264 Падпісаны гандлёвы дагавор Полацка (князь Гердзень) з Рыгаю і Лівонскім ордэнам. 1264—1267 У ВКЛ княжыў Войшалк (сын Міндоўга), які аб’яднаў Навагрудскую, Пінскую, Полацкую, Віцебскую і інш. землі. 1267 Першыя летапісныя звесткі пра Магілёў. 1271—1288 Пабудавана Камянецкая вежа (г. Камянец). 1270-я гады Знак «Пагоня» зафіксаваны як герб кн. Нарымонта і г. Навагрудка; з 1293 — герб ВКЛ. 1284 Войскі кн. Рынгольда разграмілі татара-мангольскія войскі каля в. Магільна (Уздзенскі раён). 1293—1316 Княжанне ў ВКЛ Віценя. 1298, 1300, 1330, 1338 Падпісаны гандлёвыя дагаворы ВКЛ з Рыгай і Лівонскім ордэнам. 13 — пач. 14 ст. На тэр. Беларусі вядомы евангеллі: Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Мсціслаўскае. 1307 У адпаведнасці з дагаворам («рядом») Полацкае княства ўвайшло ў склад ВКЛ на правах аўтаноміі. 1314 Перамога войск ВКЛ пад камандаваннем гродзенскага старосты Давыда над крыжакамі пад Новагародкам (Новагрудкам). 1316 Навагрудак стаў цэнтрам Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі. 1316—1341 Княжанне Гедзіміна ў Вял.кн. Літоўскім. 1322, 1323 Разгром дружынамі гродзенскага старосты Давыда нямецкіх і дацкіх рыцараў пад Псковам. 1330-я гады Завершана будаўніцтва Крэўскага і Лідскага замкаў, якія ўвайшлі ў лінію крапасных умацаванняў Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі—Вільня. 1345—1377 Княжанне Альгерда ў Вял.кн. Літоўскім. 2 лютага 1348 Перамога войск ВКЛ над крыжакамі на р. Стрэва (прыток Нёмана). 1362 Войскі ВКЛ на чале з Альгердам разграмілі аб’яднаныя сілы Залатой Арды на р. Сінія Воды. 1368, 1370, 1372 Паходы войск ВКЛ на чале з Альгердам на Маскву. 1377—1392 Княжанне Ягайлы ў Вял.кн. Літоўскім. 8 верасня 1380 Кулікоўская бітва. 1384, 1392, 1394 Асады крыжакамі Лідскага і Ашмянскага замкаў. 14 жніўня 1385 Заключана Крэўская унія паміж Вял.кн. Літоўскім і Польскім каралеўствам. 1386 Выступленне полацкага кн. Андрэя Альгердавіча супраць Крэўскай уніі. 20 лютага 1387 Выданне граматы караля Ягайлы аб прывілеях феадалам, якія прынялі каталіцкую веру. 1390 Гораду Брэст дадзена права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. 1391 Гораду Гродна дадзена права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. 5 жніўня 1392 Востраўскае пагадненне паміж польскім каралём і вял. літоўскім князем Вітаўтам. 1392—1430 Княжанне Вітаўта ў Вял.кн. Літоўскім. 12 жніўня 1399 Паражэнне войск Вітаўта ў бітве з татарамі на р. Ворскла. 14 ст. Упершыню ўжыты тэрмін «Белая Русь» у дачыненні да тэр. Беларусі. 18 студзеня, 11 сакавіка 1401 Падпісана Віленска-Радамская унія, у выніку якой ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. 1405, 1406, 1407 Заключаны гандлёвыя дагаворы паміж Полацкам і Рыгай. 15 ліпеня 1410 Грунвальдская бітва. Разгром Тэўтонскага ордэна аб’яднанымі арміямі Польскага каралеўства і Вял.кн. Літоўскага. 2 кастрычніка 1413 Гарадзельская унія паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам. 1420-я гады Напісаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» — выдатны помнік бел. летапісання. 1432 і 1435 Князь ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч выдаў прывілеі пра ўраўнаванне персанальных і маёмасных правоў католікаў і праваслаўных. 1431, 1440, 1447 Заключаны гандлёвыя дагаворы паміж Вял.кн. Літоўскім і Ноўгарадам. 1446 Гораду Слуцк дадзена права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. 2 мая 1447 Грамата караля Казіміра IV феадалам Вял.кн. Літоўскага, якая ўраўнавала іх у правах і прывілеях з феадаламі Польскага каралеўства. 29 лютага 1468 Выдадзены Судзебнік караля Казіміра IV — першы збор законаў Вял.кн. Літоўскага. 1470(?)—1533 Жыццё і дзейнасць Міколы Гусоўскага — паэта-гуманіста, аўтара паэмы «Песня пра зубра». 1480 Канчатковае вызваленне рус. зямель ад мангола-татарскага панавання. 1481 Змова праваслаўных князёў Вял.кн. Літоўскага з мэтай скінуць караля Казіміра IV, узвесці замест яго Міхала Алелькавіча і далучыць частку беларускіх зямель да Рускай дзяржавы. Каля 1490 — каля 1551 Жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны — бел. асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання. 1492 Прыняты Аляксандраў прывілей, які абмежаваў уладу вялікага князя і павялічыў ролю паноў-рады. 1492—1494 Вайна Маскоўскага княства з ВКЛ за вярхоўскія княствы. 1494 Горад Высокае атрымаў магдэбургскае права. 1497 Крымскія татары захапілі і спалілі г. Мазыр. 1498 Горад Полацк атрымаў магдэбургскае права. 14 сакавіка 1499 Горад Мінск атрымаў магдэбургскае права. 1500 Горад Браслаў атрымаў магдэбургскае права. 1500—1503 Вайна Маскоўскага княства з ВКЛ за смаленскія і інш. землі. 22 кастрычніка 1501 Вялікі князь Аляксандр падпісаў т.зв. Мельніцкі прывілей, якім пашыраны правы шляхты ВКЛ. 1502 Крымскія татары захапілі гарады Тураў, Койданава, асадзілі Брэст, Бабруйск, Слуцк. 1503 Горад Ваўкавыск атрымаў магдэбургскае права. 1504 Утворана Полацкае ваяводства. 5 жніўня 1506 Войскі ВКЛ на чале з М.Глінскім разбілі войскі крымскіх татараў. 1506 Утворана Віцебскае ваяводства. 1506—1510 Пабудаваны Мірскі замак. 1507 Утворана Навагрудскае ваяводства. 1505—1507 Вайна Маскоўскага княства з ВКЛ. 1508 Выступленне бел. феадалаў на чале з М.Глінскім супраць велікакняжацкай улады. 1511 Горад Навагрудак атрымаў магдэбургскае права. 1512—1522 Вайна Маскоўскага княства з ВКЛ. 8 верасня 1514 Аршанская бітва. 1517 Пачатак выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны ў Празе. 1522 Ф.Скарына арганізаваў друкарню ў Вільні. 1529 Сойм ВКЛ прыняў першы Статут Вял.кн. Літоўскага. 1530—13 студзеня 1593 Жыццё і дзейнасць С.Буднага — дзеяча Рэфармацыі на Беларусі. 1541 Заснаваны першы на Беларусі паляўнічы заказнік Белавежская пушча. У г. Гродна заснаваны першы аркестравы калектыў «Літоўская капэла». 1553 У г. Брэст заснавана друкарня — першая на тэр. сучаснай Беларусі 1 красавіка 1557 Кароль Жыгімонт II Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі», паводле якой пачалося правядзенне зямельнай рэформы ў Вял.кн. Літоўскім. 1558—1583 Лівонская вайна. 7 ліпеня 1563 Кароль Жыгімонт II Аўгуст падпісаў новы прывілей, які ўраўнаваў правы праваслаўных феадалаў і феадалаў-католікаў. 11 сакавіка 1566 Сойм ВКЛ прыняў другі Статут Вял.кн. Літоўскага. 1566 Утварэнне павятовых сеймікаў у Вял.кн. Літоўскім. 1 ліпеня 1569 Люблінская унія. Аб’яднанне польскага каралеўства і Вял.кн. Літоўскага ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. 1569 Пачатак выдавецкай дзейнасці І.Фёдарава і П.Мсціслаўца на Беларусі. 1572—1630 Жыццё і дзейнасць Мялеція Сматрыцкага. 1573 Выдадзены закон, паводле якога феадалам Рэчы Паспалітай дазвалялася судзіць і караць сялян у сваіх маёнтках. 1577 Гарады Магілёў і Мазыр атрымалі магдэбургскае права. 1 сакавіка 1581 Утвораны вышэйшы судовы апеляцыйны орган Вял.кн. Літоўскага — Галоўны літоўскі трыбунал. 28 студзеня 1588 Сойм ВКЛ прыняў трэці Статут Вял.кн. Літоўскага. Юрыдычнае афармленне запрыгоньвання сялян. 1590—1592 Праваслаўныя брацтвы і брацкія школы заснаваны ў Магілёве, Брэсце, Гродне і інш. 1594—1596 Антыфеадальнае паўстанне ўкраінскіх казакоў і бел. сялян пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. 6—9 кастрычніка 1596 Брэсцкая царкоўная унія. 1597 Горад Віцебск атрымаў магдэбургскае права. Каля 1597—1648 Жыццё і дзейнасць Афанасія Філіповіча — змагара супраць каталіцызму і царкоўнай уніі. 1609—1618 Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй. Верасень 1610 Войскі Рэчы Паспалітай занялі Маскву. 1610—1612 Барацьба рус. народа супраць інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай. 1617 У Слуцку заснавана гімназія. 1 снежня 1618 Дэулінскае перамір’е паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. 1620 Горад Орша атрымаў магдэбургскае права. 12 лістапада 1623 Паўстанне гараджан Віцебска супраць Брэсцкай царкоўнай уніі. 1629—25 жніўня 1680 Жыццё і дзейнасць Сімяона Полацкага, беларускага і рускага грамадскага дзеяча, педагога, пісьменніка і публіцыста. 1630—1654 Дзейнасць Куцеінскай друкарні (каля Оршы). 1632—1634 Вайна паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, скончылася Палянаўскім мірам. 4 сакавіка 1634—30 сакавіка 1689 Жыццё і дзейнасць Казіміра Лышчынскага — бел. асветніка-атэіста і матэрыяліста. 1648 Барацьба казацкіх атрадаў А.Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Мікуліцкага і інш. на тэр. Беларусі. 1648—1654 Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў; антыфеадальныя паўстанні ў Тураве, Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы і інш. 1-я палавіна 17 ст. Створаны помнік беларускай літаратуры «Прамова Мялешкі». 1654—1667 Вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай за Беларусь і Украіну. 1655 Цыпрыян Камуняка напісаў «Ліст да Абуховіча» — помнік бел. літаратуры. 1656 Віленскае перамір’е паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 28 чэрвеня 1660 Войскі ВКЛ і Польшчы разбілі армію І.Хаванскага (каля в. Палонка на Слонімшчыне). 1664 У Брэсце заснаваны манетны двор. 30 студзеня 1667 Андросаўскае перамір’е паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 16 мая 1686 Заключаны мірны дагавор («Вечны мір») паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 1693 Створана Магілёўская хроніка — апошні бел. летапісны звод. 26 жніўня 1696 Канфедэратыўны сойм Рэчы Паспалітай забараніў пісаць дзяржаўныя дакументы на беларускай мове. 1700—1721 Паўночная вайна. Вясна 1703 У ВКЛ утворана Генеральная канфедэрацыя, якая патрабавала абвясціць саюз з Расіяй. 1704 Утворана Сандамірская канфедэрацыя, якая заключыла саюз з Расіяй у барацьбе супраць шведаў. 1706 Асада Гродна, узяцце Нясвіжа, Полацка і Слуцка шведскімі войскамі. 3 ліпеня 1708 Бой паміж шведскімі і рускімі войскамі каля мяст. Галоўчын Мсціслаўскага ваяводства. 28 верасня 1708 Разгром рускімі войскамі шведскага корпуса ген. Левенгаўпта каля в. Лясная Мсціслаўскага ваяводства. 1708 Шведскія войскі занялі г. Магілёў. 8 ліпеня 1709 Палтаўская бітва, разгром шведскіх інтэрвентаў. 1720-я гады Заснавана Налібоцкая гута. 1743—1744 Антыфеадальнае выступленне сялян Крычаўскага староства пад кіраўніцтвам В.Вашчылы, І.Карпача і інш. Сярэдзіна 18 ст. Заснаваны каралеўскія вотчынныя мануфактуры ў Гродне (21 мануфактура) і ва ўладаннях магнатаў — Слуцку, Урэччы, Ільі, Нясвіжы, Вішневе, Быхаве, Маларыце і інш. 1762—1785 Дзейнасць балетнага вучылішча ў Гродне. 1765—1775 Будаўніцтва Агінскага канала, які злучыў басейны Нёмана і Дняпра. 1766 Пастанова сойма аб увядзенні ў Вял.кн. Літоўскім адзінай сістэмы мер і вагі. 20 сакавіка 1767 Створана канфедэрацыя праваслаўнай шляхты ў Слуцку. 1768 Пастанова сойма Рэчы Паспалітай аб ураўнаванні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі. Каля 1770—1790-я гады Дзейнасць прыгоннага тэатра ў Слоніме, створанага Міхалам Казімірам Агінскім. 1772 Першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй. Уключэнне ўсходняй часткі Беларусі ў склад Рас. імперыі. На тэр. Беларусі, што ўвайшла ў склад Рас. імперыі, створаны Пскоўская і Магілёўская губерні; створана Беларускае генерал-губернатарства. 1773 У Рэчы Паспалітай створана Адукацыйная камісія; яе намаганнямі ў зах. і цэнтр. Беларусі адкрыта 20 акруговых школ. 1775—1781 Дзейнасць у Гродне Вышэйшай медыцынскай акадэміі; у Гродне заснаваны батанічны сад. 1776 У Гродне пачала выдавацца газета «Газэта Гродзеньска». Утворана Полацкая губерня. Адкрыта суднабудаўнічая верф у Крычаве. 7 кастрычніка 1788—6 жніўня 1877 Жыццё і дзейнасць І.І.Насовіча — бел. філолага, этнографа і фалькларыста, стваральніка «Слоўніка беларускай мовы». 3 мая 1791 Сойм Рэчы Паспалітай прыняў канстытуцыю. Верасень 1792 Адмена канстытуцыі 3 мая 1791. 3 красавіка 1793 Утворана Мінская губерня. 1793 Другі падзел Рэчы Паспалітай. Уключэнне цэнтр. часткі Беларусі ў склад Рас. імперыі. 1794 Паўстанне ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве пад кіраўніцтвам А.Т.Касцюшкі. Кастрычнік 1795 Трэці падзел Рэчы Паспалітай. Уключэнне зах. часткі Беларусі ў склад Рас. імперыі. 1797—1805 Будаўніцтва Бярэзінскага канала, які злучыў басейны Дняпра і Заходняй Дзвіны. 1802 Утвораны Гродзенская і Віцебская губерні. 1803 Створана Віленская навучальная акруга, у якую ўвайшлі і беларускія губерні. 1807—1884 Жыццё і дзейнасць В.І.Дуніна-Марцінкевіча. 1808 Пачата будаўніцтва Бабруйскай крэпасці. 12 студзеня 1812 Заснавана Полацкая езуіцкая акадэмія з правамі універсітэта; са студзеня 1818 там выдаваўся часопіс «Полацкі штогоднік». 12 чэрвеня 1812 Пачатак Айчыннай вайны народаў Расіі супраць арміі Напалеона I. 26 жніўня 1812 Барадзінская бітва. 14—16 лістапада 1812 Разгром французскіх войск на р. Бярэзіна ў час іх пераправы каля в. Студзёнка (на Пн ад Барысава). Пасля 1812 Напісана паэма «Энеіда навыварат». Першыя датаваныя спісы — 1837, першая публікацыя — 1845. 1813 Антыфеадальныя хваляванні сялян у Віцебскай, Віленскай і Мінскай губ. 1819—1872 Жыццё і дзейнасць польскага і бел. кампазітара Станіслава Манюшкі. 1822 У Гродне заснавана тытунёвая фабрыка. 1824 Пачата будаўніцтва Аўгустоўскага канала, які злучыў басейны Нёмана і Віслы. 1825 Дзейнасць таварыства «Ваенныя сябры» ў Літоўскім асобным корпусе на тэр. Беларусі. 1826—1841 Дзейнасць Беларускага вольнага эканамічнага таварыства ў Віцебску. 1829—1850 Дзейнасць Беларускай навучальнай акругі. 1830—1831 Паўстанне ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве. 1831 Забаронена выкарыстанне Статута Вял.кн. Літоўскага 1588 у Віцебскай і Магілёўскай губ. Закрыты Віленскі універсітэт. 1833 Пачата будаўніцтва Брэсцкай крэпасці. 1838—1864 Жыццё і дзейнасць К.С.Каліноўскага. 12 лютага 1839 Полацкі царкоўны сабор. Ліквідацыя уніяцкай царквы на Беларусі. 1830-я гады На тэр. Беларусі дзейнічала 35 мануфактур. 15 жніўня 1840 Адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы; закладзены батанічны сад. 1840 Забаронена выкарыстанне Статута Вял.кн. Літоўскага 1588 у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. 1840—1900 Жыццё і дзейнасць Ф.К.Багушэвіча. 1846—1849 Дзейнасць на Беларусі падпольнай арганізацыі «Саюз свабодных братоў». 1848 Адкрыццё Горы-Горацкага земляробчага інстытута. 9 лютага 1852 Пастаноўка ў Мінску трупай В.І.Дуніна-Марцінкевіча першай беларускай оперы «Сельская ідылія». 1859 Пачала дзейнічаць тэлеграфная лінія Мінск—Бабруйск. 19 лютага 1861 Адмена прыгоннага права ў Расіі. Чэрвень 1862 — ліпень 1863 Выданне К.С.Каліноўскім газ. «Мужыцкая праўда». 1862 Па тэр. Беларусі прайшла чыг. лінія Пецярбург—Варшава. У Мінску заснавана таварыства урачоў — адно з першых у Рас. імперыі. 22 мая 1863 Бітва паміж паўстанцамі і царскімі войскамі каля в. Мілавіды Слонімскага пав. 1863—1864 Паўстанне ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве. 1871 Завершана будаўніцтва чыгункі Смаленск—Мінск—Брэст. 1872 Увядзенне на Беларусі міравых судоў. 1873 Заснаванне камерцыйнага банка ў Мінску. Пачатак 1876 У Мінску створаны першы народніцкі гурток. 1876—1916 Жыццё і дзейнасць Цёткі (А.С.Пашкевіч). 1882—1942 Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы. 1882—1956 Жыццё і дзейнасць Якуба Коласа. 1883 Заснавана ф-ка хрусталю «Нёман» у Лідскім пав. 1884 Выданне ў Пецярбургу нелегальнага беларускага народніцкага час. «Гомон». 1886—1902 Выданне газ. «Минский листок». 1886—1941 Жыццё і дзейнасць Змітрака Бядулі. 1887—1920 Жыццё і дзейнасць Алеся Гаруна. 1887—1937 Жыццё і дзейнасць Цішкі Гартнага. 1889 Першая публікацыя беларускай паэмы «Тарас на Парнасе». 1880—90-я гады Марксісцкія гурткі ўзніклі ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Навагрудку, Смаргоні, Лідзе і інш. 1891—1917 Жыццё і дзейнасць Максіма Багдановіча. 1892 Пуск трамвая-конкі ў Мінску. 1893—1938 Жыццё і дзейнасць Максіма Гарэцкага. 18 красавіка 1895 Першае святкаванне 1-га Мая рабочымі Мінска. 1—3 сакавіка 1898 I з’езд РСДРП у Мінску. 1898 Пуск трамвая ў Віцебску. У Мінску створана Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. 1899—1901 Першыя дэманстрацыі рабочых у гарадах Беларусі. Студзень 1900 У Мінску адбыўся I з’езд СДКПіЛ. 1900 У Мінску адкрыта публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. Заснаванне льнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна» ў Віцебску. 1900—1944 Жыццё і дзейнасць Кузьмы Чорнага. 1902 Стварэнне Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). 1902—1905 Выданне газ. «Северо-Западный край». 1903—1904 Стварэнне арг-цый РСДРП у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гродне, Мазыры, Полацку, Лідзе, Смаргоні, Слуцку, Шклове, Лоеве, Рэчыцы, Оршы, Бабруйску, Копысі, Ашмянах, Барысаве, Чачэрску. Студзень 1904 Створаны Палескі камітэт РСДРП. Сакавік 1904 Створаны Паўночна-Заходні камітэт РСДРП. 9 студзеня 1905 «Крывавая нядзеля» ў Пецярбургу; пачатак рэвалюцыі ў Расіі. Студзень 1905 Палітычныя стачкі і дэманстрацыі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш. 18 красавіка (1 мая) 1905 Першамайскія забастоўкі, дэманстрацыі і маніфестацыі ў гарадах Беларусі. Красавік 1905 Сялянскія хваляванні ў 32 паветах Беларусі. 15 мая 1905 Першае выступленне ў друку Я.Купалы (верш «Мужык») у газ. «Северо-Западный край». 17 чэрвеня 1905 Расстрэл сялян царскімі войскамі ў в. Кішчыцы Чавускага павета Магілёўскай губ. Чэрвень—ліпень 1905 Палітычныя стачкі і дэманстрацыі рабочых у Мінску, Віцебску, Гомелі, Копысі, Мазыры, Магілёве, Рэчыцы, Смаргоні і інш. Кастрычнік 1905 Усерасійская палітычная стачка. У Мінску набыла ўсеагульны характар 12 кастрычніка. 18 кастрычніка 1905 Курлоўскі расстрэл у Мінску. Разгон царскімі войскамі дэманстрацый і мітынгаў у Віцебску, Полацку і Смаргоні. 22—25 лістапада 1905 Паўстанне салдат у Бабруйску. 8—16 снежня 1905 Рэвалюцыйнае выступленне рабочых і салдат на ст. Баранавічы, гарнізона Брэсцкай крэпасці. Снежань 1905 Узброеныя выступленні сялян у Кобрынскім павеце. 1905 Стварэнне прафсаюзных арганізацый — першых прафсаюзаў на Беларусі. 1905—1969 Жыццё і дзейнасць П.Ф.Глебкі. 1905—1980 Жыццё і дзейнасць П.У.Броўкі. Студзень 1906 II з’езд Беларускай сацыялістычнай грамады. 18 мая 1906 Заснавана легальнае бел. выдавецкае таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца». 28 мая—пач. чэрвеня 1906 Утварэнне Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі. Кастрычнік 1906 I канферэнцыя Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі ў Віцебску. 1906 Выданне беларускай газ. «Наша доля». 1906—1915 Выданне беларускай газ. «Наша ніва». Люты—сакавік 1907 II канферэнцыя Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі. 1907 На з’ездзе народных настаўнікаў Беларусі (у Вільні) утвораны Беларускі настаўніцкі саюз. Створана Першая беларуская трупа І.Буйніцкага. 1908 Выйшаў 1-ы зборнік вершаў Я.Купалы «Жалейка». Адбыўся 1-ы з’езд урачоў Мінскай губерні. 1910 Выйшаў 1-ы зборнік вершаў Я.Коласа «Песні-жальбы». У Віцебску заснаваны настаўніцкі інстытут. 14 сакавіка 1911 Увядзенне земстваў у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. 9 лістапада 1911 У Віцебску адкрыта аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Красавік—май 1912 Стачкі пратэсту на Беларусі супраць Ленскага расстрэлу рабочых. Май 1912 У Мінску адкрыты гарадскі музей. 13 студзеня 1913 Выйшаў 1-ы нумар бел. газеты «Беларус». 27 студзеня 1913 Першая пастаноўка камедыі Я.Купалы «Паўлінка» ў Вільні. 1913 У Магілёве адкрыты настаўніцкі інстытут. У Ваўкавыску пабудаваны цэментны завод. Выйшаў зборнік вершаў М.Багдановіча «Вянок». 1914—1918 Першая сусветная вайна. Жнівень—кастрычнік 1915 Акупацыя войскамі Германіі тэр. Беларусі да лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. 22—26 кастрычніка 1916 Паўстанне салдат у Гомелі. 27 лютага (12 сакавіка) 1917 Лютаўская рэвалюцыя ў Расіі. 4(17) сакавіка 1917 Утварэнне Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Стварэнне ў Мінску міліцыі на чале з М.В.Фрунзе. 17—23 сакавіка 1917 Створаны беларускія арганізацыі: у Гомелі — Саюз беларускай дэмакратыі; у Віцебску — Беларускі народны саюз; у Магілёве — Беларускі народны камітэт. Сакавік 1917 Утварэнне саветаў рабочых дэпутатаў у Гомелі, Віцебску, Оршы, Магілёве, Бабруйску, Мазыры, Рагачове, Барысаве, Полацку, Рэчыцы, Слуцку і інш. 7 і 9 красавіка 1917 З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый (у Мінску). 7(20)—17(30) красавіка 1917 I з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту ў Мінску. 20—23 красавіка (3—6 мая) 1917 I з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. 24 красавіка (7 мая) 1917 Адкрыццё ў Мінску Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. 17—19 чэрвеня 1917 II канферэнцыя Беларускай сацыялістычнай грамады. 27 ліпеня (9 жніўня) 1917 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Звезда» — органа Мінскага к-таРСДРП(б). 25—30 жніўня 1917 Карнілаўскі мяцеж. 28 жніўня 1917 Утвораны Часовы рэвалюцыйны к-т Заходняга фронту для барацьбы з карнілаўшчынай. 15—18 верасня (28 верасня—1 кастрычніка) 1917 I Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РСДРП(б) у Мінску. 24—25 кастрычніка (6—7 лістапада) 1917 Перамога ўзброенага паўстання рабочых і салдат у Петраградзе. Абвяшчэнне савецкай улады і ўтварэнне сав. ўрада — Савета Народных Камісараў. 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 Загад №1 выканкома Мінскага Савета аб пераходзе ўлады да Саветаў. 28 кастрычніка—6 лістапада 1917 Цэнтральная беларуская рада пераўтворана ў Вялікую беларускую раду. 26 лістапада (9 снежня) 1917 Утвораны Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобл. і фронту і СНК Заходняй вобл. і фронту (Аблвыкамзах). Лістапад 1917 Саветы пад кіраўніцтвам бальшавікоў устанавілі сваю ўладу на ўсёй неакупіраванай тэр. Беларусі. 18 снежня 1917 Пачаў работу I Усебеларускі з’езд (у Мінску), які прыняў рэзалюцыю аб праве бел. народа на самавызначэнне і ўстанаўленне дэмакратычных форм праўлення. 31 студзеня (13 лютага) 1918 Дэкрэт СНК РСФСР аб стварэнні пры Наркамнацы Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома). 20 лютага 1918 У Мінск уступілі войскі корпуса Доўбар-Мусніцкага. 21 лютага 1918 У Мінск уступілі германскія войскі; да 5 сакавіка яны акупіравалі тэр. Беларусі па лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. 1 сакавіка 1918 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Дзянніца» — веснік Белнацкома. 3 сакавіка 1918 У Брэст-Літоўску падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і дзяржавамі германскага блоку (Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Турцыяй, Балгарыяй). 9 сакавіка 1918 Выканком Рады Усебеларускага з’езда прыняў 2-ю Устаўную грамату, у якой абвясціў утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 25 сакавіка 1918 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла 3-ю Устаўную грамату, у якой абвясціла стварэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі і аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі. 22 красавіка 1918 У Мінску адкрыта Вышэйшая музычная школа (1 чэрвеня 1918 ператворана ў кансерваторыю). Сярэдзіна 1918 Створаны краявы камітэт камуністычных арганізацый Беларусі і Літвы, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, аб’яднанні бел. інтэлігенцыі «Бацькаўшчына» і «Прасвета». 17—21 ліпеня 1918 Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі ў Маскве. 8—11 жніўня 1918 I канферэнцыя камуністычных арг-цый акупіраваных абласцей Беларусі і Літвы ў Смаленску. 1—3 кастрычніка 1918 I (устаноўчы) з’езд Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі (нелегальны) у Вільні. Кастрычнік 1918 Адноўлена дзейнасць Віцебскага і Мінскага педагагічнага інстытутаў; заснаваны Магілёўскі пед. інстытут. 13 лістапада 1918 Дэкрэт ВЦВК аб ануляванні Брэсцкага мірнага дагавора. 10 снежня Германскія войскі пакінулі Мінск. 21—23 снежня 1918 На канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б) у Маскве прынята пастанова аб утварэнні Беларускага сав. ўрада. 30—31 снежня 1918 VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б) у Смаленску абвясціла сябе I з’ездам КП(б) Беларусі. Прынята пастанова пра ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (30 снежня). 1 студзеня 1919 Абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Створаны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад: 16 камісараў, старшыня Дз.Ф.Жылуновіч. 14 студзеня 1919 Германскія войскі пакінулі Гомель. 31 студзеня 1919 Пастанова Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». 2—3 лютага 1919 I Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Прыняцце першай Канстытуцыі БССР. 25 лютага 1919 Пастанова Прэзідыума ЦВКБССР аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага універсітэта. 27 лютага 1919 Сумеснае пасяджэнне ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК Беларускай ССР. Выбранне ЦВК і СНК Літоўска-Беларускай ССР. Люты 1919 Польскія войскі занялі Ваўкавыск, Бярозу, Брэст. Створаны Заходні фронт для барацьбы з польскімі войскамі. 4—6 сакавіка 1919 Аб’яднаўчы з’езд Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі і Кампартыі Беларусі ў Вільні. Утварэнне КП(б) Літвы і Беларусі. 24—26 сакавіка 1919 Антысавецкі мяцеж у Гомелі на чале з эсэрам М.Стракапытавым. 7 красавіка 1919 Адноўлена дзейнасць Горы-Горацкага земляробчага інстытута. 19 красавіка 1919 Створаны Савет абароны Літоўска-Беларускай ССР. 1 чэрвеня 1919 Дэкрэт ВЦВК «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». 17 ліпеня 1919 Спыніў дзейнасць урад Літоўска-Беларускай ССР. Улада на неакупіраванай тэр. Беларусі перададзена Мінскаму губ.ВРК. 8 жніўня 1919 Войскі Польшчы захапілі Мінск. Жнівень 1919 Войскі Польшчы акупіравалі тэр. Беларусі да рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна. 2 студзеня 1920 Створана Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.Ігнатоўскім. 25 красавіка 1920 Пачалася савецка-польская вайна. 11 ліпеня 1920 Ад польскіх войск вызвалены Мінск. 19 ліпеня 1920 Ад польскіх войск вызвалена Гродна. 31 ліпеня 1920 Прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі». 1 жніўня 1920 Ад польскіх войск вызвалены Брэст. 15 жніўня 1920 Адкрыты Беларускі вандроўны тэатр (трупа У.Галубка). 5 верасня 1920 Пастанова ЦК КП(б) Літвы і Беларусі аб падзеле Кампартыі на КП(б) Літвы і КП(б) Беларусі. 14 верасня 1920 Адкрыты Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр у Мінску (з 1926 БДТ-1, з 1944 імя Я.Купалы). 24—27 верасня 1920 I з’езд камсамола Беларусі. Верасень 1920 Польскія войскі паўторна акупіравалі тэр.зах. Беларусі. 15—18 кастрычніка 1920 Польскія войскі паўторна захапілі Мінск. Кастрычнік—лістапад 1920Арміяген. С.Булак-Балаховіча ў выніку наступлення ўздоўж р. Прыпяць захапіла Пінск, Мазыр, Петрыкаў і інш. 14 лістапада 1920 Пачаліся антысавецкія выступленні ў Слуцкім павеце (доўжыліся да 28 снежня 1920). Снежань 1920 Створаны Беларускі політэхнічны інстытут. 14 студзеня 1921 Заснавана Беларускае бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва, з 1931 тэлеграфнае агенцтва БССР (БЕЛТА). 16 студзеня 1921 Падпісаны дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. 18 сакавіка 1921 Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж РСФСР (і па ўпаўнаважанні ўрада БССР) і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якога Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. 18 красавіка 1921 Пастанова Прэзідыума ЦВКБССР аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага універсітэта (адкрыты 30 кастрычніка 1921). 7—13 мая 1921 I Усебеларускі з’езд прафсаюзаў Чэрвень 1921 Заснавана Фундаментальная бібліятэка БДУ. Лістапад 1921 У Маскве арганізавана Беларуская драматычная студыя. 3 снежня 1921 У Мінску створана Беларуская рэспубліканская кантора Дзяржбанка РСФСР. 11 студзеня 1922 Прыняты дэкрэт СНКБССР аб аддзяленні царквы ад дзяржавы. 30 студзеня 1922 Адкрыты Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) у Мінску. 16—20 красавіка 1922 II Усебеларускі з’езд прафсаюзаў. Май 1922 Выйшаў 1-ы нумар час. «Вперед» (з сак. 1927 «Бальшавік Беларусі», з ліст. 1952 «Камуніст Беларусі»). 4 жніўня 1922 Створаны Цэнтральны архіў Беларусі. 15 верасня 1922 Заснавана Дзярж. бібліятэка БССР. 14—18 снежня 1922 IV Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Прыняцце Дэкларацыі аб неабходнасці ўтварэння Саюза ССР. 30 снежня 1922 I з’езд Саветаў СССР. Утварэнне Саюза ССР. Снежань 1922 Выйшаў 1-ы нумар час «Полымя». Сакавік 1923 Адкрыццё ў Мінску Дома-музея 1 з’езда РСДРП. Май 1923 Стварэнне Дзяржаўнай планавай камісіі БССР (Дзяржплан БССР) пры СНКБССР. 26 чэрвеня — 1 ліпеня 1923 III Усебеларускі з’езд прафсаюзаў. Жнівень 1923 У Віцебску заснаваны мастацкі тэхнікум. Кастрычнік 1923 У Зах. Беларусі створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). 28 лістапада 1923 Створана бел. літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Снежань 1923 У Мінску адкрыта Генеральнае консульства Польшчы. 1923—32 Выданне часопіса «Маладняк». 30 студзеня 1924 Заснаваны Бярэзінскі дзяржаўны запаведнік. 4 лютага 1924 Пастанова Палітбюро ЦК РКП(б) аб стварэнні Часовага Беларускага Бюро ЦК РКП(б). 7 сакавіка 1924 Пастанова Прэзідыума ЦВКСССР «Аб аб’яднанні ў складзе БССР усіх тэрыторый Савецкага Саюза з большасцю беларускага насельніцтва». 8 красавіка 1924 Створана Беларуская ваенная акруга (БВА). 25 чэрвеня 1924 Я.Купалу прысвоена званне народнага паэта Беларусі. 17 ліпеня 1924 У БССР уведзены новы адм.-тэрытарыяльны падзел на акругі, раёны і сельсаветы. 10 кастрычніка 1924 Устаноўлена вышэйшая ўзнагарода рэспублікі — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Беларускай ССР. Лістапад 1924 Заснаваны Віцебскі ветэрынарны інстытут. 17 снежня 1924 Пастанова СНКБССР аб стварэнні Дзярж. ўпраўлення па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно). Снежань 1924 Выйшлі першыя нумары часопісаў «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Бальшавік». 4—10 студзеня 1925 I Усебеларускі з’езд настаўнікаў. 16 лютага 1925 Заснавана Фундаментальная бібліятэка АН Беларусі. 5 ліпеня 1926СНКБССР зацвердзіў спіс помнікаў культуры, што ўзяты пад ахову дзяржавы. Жнівень 1925 У Горках адноўлена дзейнасць Беларускай с.-г. акадэміі. 14 кастрычніка 1925 Адкрыццё Камуністычнага універсітэта Беларусі імя У.І.Леніна ў Мінску. 15 лістапада 1925 Пачатак перадач беларускай шырокавяшчальнай радыёстанцыі імя Саўнаркома БССР. 25—27 лістапада 1925 I Усебеларускі з’езд паэтаў і пісьменнікаў аб’яднання «Маладняк». 6 снежня Адкрыццё 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі. 7 красавіка 1926 Пастанова ЦВК і СНКБССР аб увядзенні на Беларусі абавязковай пачатковай адукацыі. 11 красавіка 1926 Створана Таварыства культурнай сувязі БССР з заграніцай. 26 мая 1926 Створана літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». 18 кастрычніка 1926 Я.Коласу прысвоена званне народнага паэта Беларусі. 21 лістапада 1926 У Віцебску адкрыты Беларускі дзяржаўны драм. тэатр. 6 снежня 1926 Пастанова Прэзідыума ВЦВК аб перадачы Рэчыцкага і Гомельскага паветаў у склад БССР. 17 снежня 1926 Усесаюзны перапіс насельніцтва: у Беларускай ССР 4983 тыс. чалавек. 26 снежня 1926 На экраны выйшаў першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль», рэжысёр Ю.Тарыч. Студзень 1927 Адкрыццё Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Сакавік 1927 У Мінску выйшаў 1-ы нумар час. «Узвышша». 11 красавіка 1927 Прыняцце другой Канстытуцыі БССР. Чэрвень 1927 I Усебеларускі з’езд калгасаў. Чэрвень 1927 Пачата будаўніцтва Асінаўскай электрастанцыі пад Оршай (БелДРЭС). 29 ліпеня 1927 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Рабочий» (з 30.9.1937 газ. «Советская Белоруссия»). 7 лістапада 1927 Уведзены ў дзеянне гарбарны завод «Бальшавік». У Мінску пачата будаўніцтва Універсітэцкага гарадка. Снежань 1927 Створана літаратурнае аб’яднанне «Полымя». 1927 Створана Усебеларускае аб’яднанне пісьменнікаў, мастакоў і скульптараў. Створаны адзін з першых самадзейных калектываў — ансамбль танца пры Мінскім клубе камсамола пад кіраўніцтвам К.А.Алексютовіча. Ліпень 1928 Створана кінастудыя «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе. 13 кастрычніка 1928 ПастановаЦВК і СНКБССР аб рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі. Лістапад 1928 Рэарганізацыя «Маладняка» ў Бел. асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў і паэтаў. 1 студзеня 1929 Адкрыццё Акадэміі навук Беларусі. 8—15 мая 1929 IX Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў 1-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР. Ліпень 1929 У дзеянне ўведзена швейная фабрыка «Кастрычнік» у Мінску. 1929 Пачаў выпуск прадукцыі Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Адкрыты Бел.дзярж. цэнтральны тэатр рабочай моладзі ў Мінску. У БССР пачалася масавая калектывізацыя сялян. 21 мая 1930 Медыцынскі факультэт БДУ рэарганізаваны ў Мінскі медыцынскі інстытут. 10 жніўня 1930 У Мінску адкрыта 1-я Усебеларуская с.-г. і прамысловая выстаўка. 1 кастрычніка 1930 У Мінску створана Бел. студыя оперы і балета. Кастрычнік 1930 Адкрыты Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 педагагічны інстытут). Лістапад 1930 Уведзены ў дзеянне фабрыка штучнага шоўку ў Магілёве, фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, 1-я чарга Асінаўскай электрастанцыі (БелДРЭС). 1930 Створана Койданаўская МТС — першая ў БССР. Адкрыты Бел. лесатэхнічны інстытут у Гомелі (з 1945 у Мінску; у 1961 пераўтвораны ў Бел. тэхналагічны інстытут). Уведзены ў дзеянне «Гомсельмаш». 3—9 студзеня 1931 «Тыдзень Савецкай Беларусі» ў Маскве. Красавік 1931 У Мінску заснаваны тэатр юнага гледача, у Віцебску і Гомелі — тэатры рабочай моладзі. 2 мая 1931 Пачала дзейнічаць кандытарская фабрыка «Камунарка» ў Мінску 25—29 лістапада 1931 1 з’езд жанчын-калгасніц БССР. 1931 Заснаваны Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут (з 1935 Мінскі педагагічны інстытут). 26 лютага 1932 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Літаратура і мастацтва». 15 сакавіка 1932 У Гомелі адкрыты Беларускі трэці дзярж. драматычны тэатр пад кіраўніцтвам У.Галубка. 27 мая 1932 Пастанова ЦККП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР». Верасень 1932 Адкрыты Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. Кастрычнік 1932 Адкрыта Вышэйшая камуністычная с.-г. школа Беларусі імя У.І.Леніна. 15 лістапада 1932 Адкрыта Беларуская дзяржаўная кансерваторыя. Люты 1933 Дэкада беларускай навукі ў Маскве. 21—23 сакавіка 1933 I Усебеларускі з’езд калгаснікаў-ударнікаў. 20 мая 1933 Пастанова СНКБССР аб арганізацыі ў Мінску інстытута народнай гаспадаркі. 25 мая 1933 Адкрыты Бел.дзярж. тэатр оперы і балета. 7 лістапада 1933 Адкрыты Дом урада ў Мінску, Мінскі аэрапорт. 10 лістапада У дзеянне ўведзены Гомельскі шклозавод. 8—14 чэрвеня 1934 1 з’езд савецкіх пісьменнікаў БССР. Ліпень 1934 У Віцебску адкрыта бальніца-медінстытут (з 1938 Віцебскі медыцынскі інстытут). 22 снежня 1934 Створаны Саюз архітэктараў БССР. 15 сакавіка 1935 Пастанова ЦВКСССР аб узнагароджанні БССР ордэнам Леніна. 1935 У Барысаве заснавана фабрыка піяніна. 1936 У БССР адменена картачная сістэма забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. 15—19 лютага 1937 II Усебеларускі з’езд Саветаў (надзвычайны) прыняў новую Канстытуцыю БССР. Люты 1937 Створаны Рэспубліканскі дом народнай творчасці ў Мінску. 25 красавіка 1937 Адкрыта Беларуская дзяржаўная філармонія. 22 ліпеня 1937 У Мінску заснаваны Бел. інстытут фізічнай культуры. 1937 Пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната. Масавыя рэпрэсіі ў БССР. 15 студзеня 1938 У БССР утвораны першыя вобласці: Віцебская, Гомельская, Мінская, Магілёўская, Палеская. 26 чэрвеня 1938 Выбары ў Вярхоўны Савет БССР 1-га склікання 15 ліпеня 1938 Адкрыты Дзяржаўны тэатр лялек БССР у Гомелі (з 1950 у Мінску). 25—28 ліпеня 1938 На 1-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання ўтвораны СНКБССР. 6—9 снежня 1938 На I з’ездзе савецкіх мастакоў БССР створаны Саюз мастакоў Беларусі. 1938 Створаны Саюз савецкіх кампазітараў Беларусі. Створаны Ансамбль песні і танца БВА. 10 сакавіка 1939 Урачыстае адкрыццё Вялікага дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Прэм’ера першай сав.бел. оперы «Міхась Падгорны» Я.К.Цікоцкага. Чэрвень 1939 Пастанова пленума ЦККП(б)Б аб ссяленні хутароў у вёскі і калгасныя пасёлкі. 1 верасня 1939 Налад фаш. Германіі на Польшчу — пачатак 2-й сусветнай вайны. 17 верасня 1939 Паход Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь з мэтай аховы жыцця і маёмасці насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі. 10 кастрычніка 1939 Літве перададзены г. Вільня, большая частка Віленскага ваяводства. 22 кастрычніка 1939 Выбары ў Народны сход Зах. Беларусі. 28—30 кастрычніка 1939 Народны сход Зах. Беларусі ў Беластоку. 2 лістапада 1939 Нечарговая 5-я сесія Вярх. Савета СССР прыняла Закон аб уключэнні Зах. Беларусі ў склад СССР і аб уз’яднанні яе з БССР. 8 лістапада 1939 Адкрыццё Дзярж. карціннай галерэі БССР у Мінску. 12 лістапада 1939 3-я нечарговая сесія Вярх. Савета БССР 1-га склікання прыняла пастанову аб уз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. Лістапад 1939 У Беластоку заснаваны Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. 4 снежня 1939 На тэр.Зах. Беларусі ўтвораны вобласці: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская, падзеленыя на 101 раён. 24 снежня 1939 Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных БССР паводле новай Канстытуцыі БССР. 13 сакавіка 1940 У Гродне заснаваны Дзяржаўны польскі тэатр Беларускай ССР. 24 сакавіка 1940 Выбары дэпутатаў у Вярх. Саветы СССР і БССР у Зах. Беларусі. 5—15 чэрвеня 1940 Дэкада бел. мастацтва ў Маскве. 20 ліпеня 1940 Народнай артыстцы Беларусі Л.П.Александроўскай першай на Беларусі прысвоена званне народнай артысткі СССР. Жнівень 1940 Увод у эксплуатацыю рэканструяванага Дняпроўска-Бугскага канала. Верасень 1940 Арганізацыя Беластоцкага педагагічнага, Баранавіцкага, Гродзенскага і Пінскага настаўніцкіх інстытутаў. 6 лістапада 1940 У Мінску заснаваны радыёзавод. 15 снежня 1940 Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных у Зах. Беларусі. 1940 На тэр.Зах. Беларусі створана 1115 калгасаў, 28 саўгасаў, 11 МТС. 22 чэрвеня 1941 Напад фаш. Германіі на СССР — пачатак Вялікай Айчыннай вайны. 22 чэрвеня — ліпень 1941 Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. 24 чэрвеня 1941 Пачалося фарміраванне аднаго з першых на Беларусі Пінскага партызанскага атрада пад камандаваннем В.З.Каржа. 25 чэрвеня 1941 Подзвіг экіпажа М.Ф.Гастэлы, які накіраваў свой падбіты самалёт на скопішча тэхнікі на дарозе Маладзечна—Радашковічы. Урад Беларусі пераехаў з Мінска ў Магілёў. 28 чэрвеня 1941 Захоп ням.-фаш. войскамі Мінска. 29 чэрвеня 1941 Дырэктыва СНКСССР і ЦКВКП(б)парт. і сав. арганізацыям прыфрантавых абласцей аб мабілізацыі ўсіх сіл на барацьбу з германскім фашызмам. 30 чэрвеня 1941 Дырэктыва ЦККП(б)Б № 1 «Аб пераходзе на падпольную работу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам». Канец чэрвеня 1941 У Мінску пачало фарміравацца патрыятычнае падполле (дзейнічала на працягу ўсёй акупацыі горада, аб’ядноўвала каля 90 падпольных груп і арганізацый, больш за 6 тыс. падпольшчыкаў). 1 ліпеня 1941 Дырэктыва ЦККП(б)Б №2 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага». 2 ліпеня 1941 На рубяжы Зах. Дзвіна—Дняпро ўтвораны 2-і эшалон сав. войск у складзе трох армій. 3—26 ліпеня 1941 Абарона Магілёва. 5—11 ліпеня 1941 Абарона Віцебска. 6 ліпеня 1941 Дырэктыва СНКБССР і ЦККП(б)Б аб арганізацыі атрадаў народнага апалчэння. 10 ліпеня — 10 верасня 1941 Смаленская бітва. 14 ліпеня 1941 Першы залп ракетных (рэактыўных) установак «Кацюша» па скопішчы варожых войск на станцыі Орша. Ліпень 1941 Створаны Мінскі і Пінскі падпольныя абкомы КП(б)Б. 12—19 жніўня 1941 Абарона Гомеля. Жнівень 1941 Створаны Гомельскі падпольны абком КП(б)Б. 30 верасня 1941—8 студзеня 1942 Маскоўская бітва. Лістапад—снежань 1941 Створаны Мінскі падпольны гарком КП(б)Б. Люты — 28 верасня 1942 Час дзеяння Суражскіх (Віцебскіх) «варот» на сав.-германскім фронце. 20 сакавіка — верасень 1942 Дзейнасць Паўн.-Зах. аператыўнай групы ЦККП(б)Б і СНКБССР. Сакавік 1942 Створаны Віцебскі падпольны абком КП(б)Б. 12 мая 1942ЦККП(б)Б і Прэзідыум Вярх. Савета БССР зацвердзілі тэкст прысягі бел. партызана. 18 мая 1942 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Звязда» — органа Мінскага падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б. 30 мая 1942 Створаны Цэнтр. штаб партызанскага руху. 17 ліпеня 1942—2 лютага 1943 Сталінградская бітва. 9 верасня 1942 Створаны Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР). 2 лютага 1943 Заснаваны медаль «Партызану Айчыннай вайны» 1-й і 2-й ступеней. Люты 1943 Створаны Палескі падпольны абком КП(б)Б. Сакавік 1943 Створаны Баранавіцкі падпольны абком КП(б)Б. Красавік 1943 Створаны Брэсцкі і Магілёўскі падпольныя абкомы КП(б)Б. 28 мая 1943 Створаны Вілейскі падпольны абком КП(б)Б. Ліпень 1943 Створаны Беластоцкі падпольны абком КП(б)Б. Створаны Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт. 5 ліпеня — 23 жніўня 1943 Курская бітва 3 жніўня — верасень 1943 «Рэйкавая вайна» партызан Беларусі на чыг. камунікацыях ворага (першы этап). 19 верасня 1943 Пачата аперацыя «Канцэрт» на Беларусі (другі этап «рэйкавай вайны»). 23 верасня 1943 Войскі 13-й арміі Цэнтральнага фронту вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі — гар. пасёлак Камарын. Да 2 кастрычніка 1943 Войскі Бранскага і Цэнтральнага франтоў вызвалілі 6 раёнаў Беларусі: Клімавіцкі, Красналольскі, Крычаўскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі, Камарынскі. 20 кастрычніка 1943 Цэнтральны фронт пераўтвораны ў Беларускі фронт (камандуючы К.К.Ракасоўскі). 10—30 лістапада Гомельска-Рэчыцкая аперацыя. 26 лістапада 1943 Войскі Беларускага фронту вызвалілі першы абласны цэнтр Беларусі — Гомель. 13—31 снежня 1943 Гарадоцкая аперацыя. Вызвалены Гарадок Віцебскай вобл. 8—20 студзеня 1944 Мазырска-Калінкавіцкая аперацыя; вызвалены Мазыр і Калінкавічы. 1 лютага 1944 Беларускі штаб партызанскага руху перабазіраваны з Масквы ў пас. Чонкі Гомельскай вобл. 21—24 лютага 1944 Рагачоўская аперацыя; вызвалены Рагачоў. Люты 1944 У выніку асенне-зімовага наступлення савецкіх войск вызвалены 36 раёнаў Беларусі. 21—24 сакавіка 1944 VI сесія Вярх. Савета БССР 1-га склікання ў Гомелі. Стварэнне Наркамата замежных спраў БССР. 19 чэрвеня 1944 Беларускія партызаны пачалі 3-і этап «рэйкавай вайны» на камунікацыях ворага. 23 чэрвеня — жнівень 1944 Беларуская аперацыя. 23—27 чэрвеня 1944 Віцебска-Аршанская аперацыя; вызвалены Віцебск і Орша; акружэнне і разгром віцебскай групоўкі ворага. 23—24 чэрвеня 1944 Магілёўская аперацыя; вызвалены Магілёў. 24—29 чэрвеня 1944 Бабруйская аперацыя; вызвалены Бабруйск; акружэнне і разгром бабруйскай групоўкі ворага. 29 чэрвеня — 4 ліпеня 1944 Мінская і Полацкая аперацыі. 3 ліпеня 1944 Вызвалена сталіца Беларусі — г. Мінск. 3—11 ліпеня 1944 Акружэнне і разгром на ўсход ад Мінска групоўкі ням.-фаш. войск. 5—16 ліпеня 1944 Баранавіцка-Слонімская аперацыя; вызвалены Баранавічы і Слонім. 5—27 ліпеня 1944 Беластоцкая аперацыя. 16 ліпеня 1944 Мітынг працоўных Мінска і партызан з прадстаўнікамі Чырв. Арміі, парад партызан, прысвечаныя вызваленню ад ням.-фаш. захопнікаў. 17 ліпеня 1944 Войскі 3-га Беларускага фронту фарсіравалі р. Нёман. 18 ліпеня 1944 Люблінска-Брэсцкая аперацыя; вызвалены Брэст. Поўнае вызваленне тэр. Беларусі. 9 жніўня 1944 У Мінску арганізаваны аўтазборачны завод (заснаванне Мінскага аўтамабільнага завода). Жнівень 1944 Пачалі выпуск прадукцыі: Мінскі станкабудаўнічы завод, Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат, шклозавод «Нёман». Да канца года на тэр. Беларусі адноўлены і пачалі даваць прадукцыю 3400 прамысловых прадпрыемстваў. 20 верасня 1944 На Беларусі ўтвораны новыя вобласці Бабруйская і Полацкая; Беластоцкая вобл. пераўтворана ў Гродзенскую, Вілейская — у Маладзечанскую. 7 лістапада Адкрыты Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Лістапад—снежань 1944 Аднавілі выпуск прадукцыі: завод «Гомсельмаш», ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску. 1944 Адкрыты Гродзенскі педінстытут, Мазырскі настаўніцкі інстытут. 25 красавіка — 25 чэрвеня 1945 Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый (у Сан-Францыска), у якой удзельнічалі СССР, УССР і БССР. 2 мая 1945Сав. войскі ўзялі сталіцу Германіі — г. Берлін. 8 мая 1945 Падпісанне Акта аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл. 9 мая 1945 Дзень Перамогі над фаш. Германіяй. 3 чэрвеня Парад Перамогі 9 жніўня — 2 верасня 1945 Савецка-японская вайна. Разгром Квантунскай арміі Японіі ў Маньчжурыі і капітуляцыя Японіі. 16 жніўня 1945 Паводле савецка-польскага дагавора, 17 раёнаў Беластоцкай вобл. і 3 раёны Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. 22 верасня 1945 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні ЛКСМБ ордэнам Чырвонага Сцяга. 6 лістапада 1945 Пачата будаўніцтва Мінскага велазавода. Лістапад 1945 Аднавілі выпуск прадукцыі станкабудаўнічы завод імя Кірава ў Гомелі, цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» ў Добрушы. 22 снежня 1945 Заснаваны Бел. тэатральны інстытут у Мінску (з 1953 — тэатральна-мастацкі інстытут). 7 чэрвеня 1946 Пастанова СМБССР аб арганізацыі Бел. тэатральнага аб’яднання. Верасень 1946 VIII сесія Вярх. Савета Беларусі 1-га склікання прыняла Закон аб 5-гадовым плане аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі Беларусі на 1946—1950. 1946 Пачата будаўніцтва Мінскага трактарнага завода. Ліпень 1947 Уведзена ў дзеянне 1-я чарга Мінскага тонкасуконнага камбіната. Кастрычнік 1947 На Мінскім аўтазаводзе выпушчаны першы беларускі аўтамабіль-самазвал МАЗ-205. Лістапад 1947 У эксплуатацыю здадзена 1-я чарга дыванова-плюшавага камбіната ў Віцебску, тонкасуконнага камбіната ў Гродне. 14 снежня 1947 Пастанова СМСССР і ЦКВКП(б) аб правядзенні грашовай рэформы і адмене картачнай сістэмы. Красавік 1948 У дзеянне ўведзены Мінскі гіпсавы завод. Май 1948 Пуск адноўленых фабрык штучнага шоўку ў Магілёве, панчошна-трыкатажнай у Віцебску. 5 чэрвеня 1948 Прысваенне ганаровага звання народнага артыста СССР Г.П.Глебаву. 1 кастрычніка 1948 Адкрыццё Мінскага педагагічнага інстытута замежных моў. 1—2 лістапада 1948 1-я Беларуская рэспубліканская канферэнцыя прафсаюзаў; выбранне Беларускага рэспубліканскага савета прафесійных саюзаў (Белсаўпрофа). 30 снежня 1948 Прысваенне ганаровага звання народных артыстаў СССР Б.В.Платонаву, П.С.Малчанаву. 25 студзеня — 3 лютага 1949 Дэкада бел. літаратуры ў Маскве. 20—24 чэрвеня 1949 II з’езд пісьменнікаў Беларусі. 17 верасня 1950 Адкрыта рэспубліканская прамысловая выстаўка ў Мінску. 14 кастрычніка 1950 Заснаваны Брэсцкі педагагічны інстытут. 1950 Выпуск першага беларускага трактара (гусенічнага КД-35) на Мінскім трактарным заводзе. Канец 1950 Гаспадарка Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню. 1 сакавіка 1951 У дзеянне ўведзены першы на Беларусі цукровы завод у Скідзелі. Кастрычнік 1951 Адкрыты Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Жнівень 1951 Выпуск першай прадукцыі Мінскім падшыпнікавым заводам. 19 верасня 1952 Пуск першай тралейбуснай лініі ў Мінску. Верасень 1952 Адкрыццё Мазырскага і Полацкага педагагічных інстытутаў. 1952 Беларускі дзяржаўны народны хор Беларусі пераведзены ў Мінск. 9 мая 1953 Выйшаў 1-ы нумар часопіса «Маладосць». 19 ліпеня 1953 У дзеянне ўведзена гідраэлектрастанцыя «Дружба народаў» на воз. Дрысвяты. Верасень 1953 Адкрыццё Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту ў Гомелі, Мінскага сувораўскага вучылішча. 15 кастрычніка 1953 Выпуск першага колавага трактара «Беларусь» Мінскім трактарным заводам. 21 снежня 1953 Прысваенне ганаровага звання народнага артыста СССР А.К.Ільінскаму. Сакавік 1954 Першая група моладзі з Беларусі накіравана ў Казахстан на асваенне цалінных зямель. 4 ліпеня 1954 У Мінску адкрыты манумент Перамогі 6 верасня 1954 Адкрыты Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. 11—21 лютага 1955 Дэкада беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. 25 лютага 1955 Прысваенне ганаровага звання народных артыстаў СССР Л.І.Ржэцкай, У.І.Уладамірскаму, Я.К.Цікоцкаму, Р.Р.Шырме. 24 верасня 1955 Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР зацверджаны Дзярж. гімн БССР. 30 верасня — 10 кастрычніка 1955 Дэкада беларускай культуры ў Польшчы. Верасень 1955 У дзеянне ўведзена 1-я чарга Мінскага камвольнага камбіната. 16 лістапада 1955 У дзеянне ўведзена 1-я чарга Мінскага гадзіннікавага завода. 1 студзеня 1956 Першая перадача тэлевізійнага цэнтра ў Мінску. 17 студзеня 1956 Прысваенне ганаровага звання народнага артыста СССР М.Дз.Ворвулеву. 27 сакавіка 1956 Прысваенне ганаровага звання народнага пісьменніка БССР К.К.Крапіве. 9 красавіка 1956 У Мінску адкрыты Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. 28 ліпеня 1956 Першым сакратаром ЦККПБ выбраны К.Т.Мазураў (на гэтай пасадзе да 1965). Жнівень 1956 У дзеянне ўведзена 1-я чарга паліграфічнага камбіната ў Мінску. 8 лістапада 1956 Адкрыццё ў Брэсце Музея абароны Брэсцкай крэпасці. 30 чэрвеня — 2 ліпеня 1957 1-ы Усебеларускі фестываль моладзі. Верасень 1957 Выпуск першага беларускага пракату на Магілёўскім металургічным заводзе. 4 кастрычніка 1957 Запуск у СССР першага ў свеце штучнага спадарожніка Зямлі. 5 лістапада 1957 Адкрыццё ў Мінску Дзярж. мастацкага музея БССР. 8 лістапада 1957 У дзеянне ўведзены Мінскі завод аўтаматычных ліній. 9 жніўня 1958 Заснаваны Гродзенскі медыцынскі інстытут. 5 лістапада Выпуск першых аўтасамазвалаў на Беларускім аўтазаводзе ў Жодзіне. 22 снежня Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні БССР ордэнам Леніна. Снежань 1958 — студзень 1959 Дэкада беларускага мастацтва, прысвечаная 40-годдзю БССР і КПБ. 1958 У дзеянне ўведзена Васілевіцкая ДРЭС. Створана Гомельская абласная студыя тэлебачання. 15 студзеня 1959 Усесаюзны перапіс насельніцтва: на Беларусі 8 054 648 чалавек. 5—6 сакавіка I з’езд журналістаў Беларусі. 1959 У Мінску заснаваны заводы: халадзільнікаў, эндакрынных прэпаратаў, матэматычных машын і інш. 30 кастрычніка 1960 Завершана будаўніцтва газаправода Дашава—Мінск. 1960 Выпуск першых ЭВМ «Мінск-1» на Мінскім заводзе электронных вылічальных машын. Створана Віцебская абласная студыя тэлебачання. 11 студзеня 1961 На Салігорскім калійным камбінаце пачата здабыча калійнай солі. 12 красавіка 1961 Першы ў свеце арбітальны касмічны палёт вакол Зямлі лётчыка-касманаўта СССР Ю.А.Гагарына. 1 верасня 1961 Адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. 20—21 снежня 1961 Прыняцце Вярх. Саветам БССР закона «Аб ахове прыроды ў Беларускай ССР». 1961 Пуск першага энергаблока Бярозаўскай ДРЭС. Створана Брэсцкая абласная студыя тэлебачання. 20 красавіка 1962 Прысваенне ганаровых званняў народнага паэта Беларусі П.У.Броўку, народнага пісьменніка Беларусі М.Ц.Лынькову. 22 мая 1962 Пуск Беларускага атамнага рэактара. 6 чэрвеня 1962 Заснавана Беларускае таварыства аховы прыроды. 18 жніўня 1962 Святкаванне 1100-годдзя Полацка. 15 лістапада 1962 I з’езд работнікаў кіно БССР — стварэнне Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Май 1963 У дзеянне ўведзены Мінскі маторны завод. 25 чэрвеня 1963 Пуск першай тэхналагічнай лініі Полацкага нафтаперапрацоўчага завода. Снежань 1963 Уведзены ў дзеянне: 1-я чарга 1-га Салігорскага камбіната (з 1971 Беларускі калійны камбінат «Беларуськалій»), Баранавіцкі баваўняны камбінат, Гродзенскі азотна-тукавы завод. 27 лютага 1964 У Мінску адкрыты радыётэхнічны інстытут. Жнівень 1964 Атрыманы першы прамысловы прыток нафты на Рэчыцкім радовішчы. 9—18 студзеня 1965 Дэкада рускага мастацтва на Беларусі. 13 студзеня 1965 У Барысаве пачала выпуск прадукцыі фармацэўтычная фабрыка. Сакавік 1965 Першым сакратаром ЦККПБ выбраны П.М.Машэраў. 8 мая 1965 Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Брэсцкай крэпасці звання «Крэпасць-герой». 24 чэрвеня 1965 У Віцебску адкрыты тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці. 1965 Выпуск першай прадукцыі на Светлагорскім заводзе штучнага валакна. 14 студзеня 1966 Пуск 1-й чаргі Гомельскага суперфасфатнага завода 25 сакавіка 1966 Пастанова СМБССР аб адкрыцці ў г. Брэст інжынерна-будаўнічага інстытута. 17—26 красавіка 1966 Дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Узбекістане. 3 снежня 1966 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Мінска ордэнам Леніна. 7 снежня 1966 На 1-м (устаноўчым) з’ездзе Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заснавана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. 1966 Выпуск першай прадукцыі на Брэсцкім электралямпавым заводзе Пачаўся рух электрапаяздоў на ўчастку Бел. чыгункі Мінск — Маладзечна. 1 лютага 1967 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Мінскай вобл. ордэнам Леніна. 8 лютага 196 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Віцебскай і Гомельскай абл. ордэнам Леніна. 25—26 мая 1967 Святкаванне 900-годдзя горада Мінска. Чэрвень 1967 У дзеянне ўведзена Гродзенская бавоўнапрадзільная фабрыка. 1 ліпеня 1967 Святкаванне 900-годдзя горада Орша. 8 ліпеня 1967 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Магілёўскай вобл. ордэнам Леніна. 16 жніўня 1967 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Гродзенскай вобл. ордэнам Леніна. 19 верасня 1968 Прысваенне ганаровага звання народных артыстаў СССР І.І.Жыновічу, З.Ф.Стоме, Г.І Цітовічу. 31 кастрычніка 1968 Прысваенне ганаровых званняў народнага паэта Беларусі А.А.Куляшову і М.Танку. 18—24 снежня 1968 Дні бел. літаратуры і мастацтва ў Маскве. Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Беларускай ССР ордэнам Кастр. Рэвалюцыі. Адкрыта Выстаўка дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі. 1968 Атрыманы першы поліэтылен на Полацкім хім. камбінаце і першы лаўсан на Магілёўскім камбінаце сінтэтычнага валакна. 1968 У дзеянне ўведзена трыкатажная фабрыка на Пінскім камбінаце верхняга трыкатажу. Створана Гродзенская абл. студыя тэлебачання. 14 сакавіка 1969 Адкрыццё Гомельскага дзяржаўнага універсітэта. 5 ліпеня 1969 Адкрыццё мемарыяльнага комплексу Хатынь. Адкрыццё Кургана Славы пад Мінскам. Снежань 1969 Пуск 1-га энергаблока Лукомскай ДРЭС. 23 верасня 1970 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні ЛКСМБ ордэнам Леніна. 4 снежня 1970 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Гомеля ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. 15 студзеня 1970 Усесаюзны перапіс насельніцтва на Беларусі: 9 002 300 чалавек. 23 снежня 1970 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Мінскай вобл. ордэнам Леніна. 1970 Пачата шматтомнае выданне бел. фальклору (да 2000 выдадзена 50 тамоў; адзначана Дзярж. прэміяй Беларусі). 17 студзеня 1971 У Мінску адкрыты Дзярж. тэатр муз. камедыі Беларусі. 3 сакавіка 1971 Прысваенне ганаровага звання народнага артыста СССР У.І.Дзядзюшку. 25 студзеня 1972 Мінск — 11-ы горад СССР з насельніцтвам больш за 1 млн. чал. 7 ліпеня 1972 Адкрыццё помніка Я.Купалу ў Мінску. 19 ліпеня 1972 Прысваенне ганаровых званняў народнага пісьменніка Беларусі І.П.Шамякіну і І.П.Мележу. Ліпень 1972 Міжнародная сустрэча прыхільнікаў міру ў Мінску пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі». Пачата серыйная вытворчасць электронных вылічальных машын «ЕС-1020» на Брэсцкім электрамеханічным заводзе. 3 лістапада 1972 Адкрыццё помніка Я.Коласу ў Мінску. 5 лістапада 1972 Выпушчаны мільённы трактар на Мінскім трактарным заводзе. 29 снежня 1972 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні БССР ордэнам Дружбы Народаў. 1 студзеня 1973 Адкрыты Магілёўскі тэхналагічны інстытут Студзень 1973 Уведзена ў дзеянне 1-я чарга Беларускага шыннага камбіната. Сакавік 1973 1-я рэспубліканская дэкада тэатральнага мастацтва Беларусі. 14 мая 1973 Прысваенне ганаровага звання народнага паэта Беларусі П.Е.Панчанку. 1 студзеня 1974 Адкрыты Наваполацкі політэхнічны інстытут (з 1993 Полацкі універсітэт). 26 чэрвеня 1974 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб прысваенні Мінску ганаровага звання «Горад-герой». 30 чэрвеня 1974 Адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Прарыў» непадалёку ад г.п. Ушачы Віцебскай вобл. 11 жніўня 1974 Адкрыццё помніка Ф.Скарыну ў Полацку. 28 жніўня 1974 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні г. Віцебска ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. 29—31 жніўня 1974 Святкаванне 1000-годдзя горада Віцебск. Верасень 1974 Завершана будаўніцтва Лукомскай ДРЭС і газаправода Таржок — Мінск. 27 снежня 1974 Здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. 1974 Адкрыты рэспубліканскі спартыўны комплекс «Раўбічы». Заснаваны Беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Студзень 1975 Увод у дзеянне першых вытворчых магутнасцей на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. 8 мая 1975 На Мінскім аўтазаводзе выпушчаны 500-тысячны аўтамабіль. 5 мая 1975 Заснаваны Мінскі інстытут культуры (адкрыты 1.9.1975, з 1993 Беларускі універсітэт культуры). 24 мая 1975 Лётчыку-касманаўту Герою Сав. Саюза П.І.Клімуку прысвоена званне двойчы Героя Савецкага Саюза. 26 чэрвеня 1975 Завершана выданне 12-томнай Беларускай савецкай энцыклапедыі (10 яе актыўным стваральнікам у 1976 прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі). Лістапад 1975 Адбылося музычнае свята-фестываль «Беларуская музычная восень» (з гэтага часу праводзіцца штогод). 30 снежня 1975 Завершана электрыфікацыя ўчастка Бел. чыгункі Мінск—Стоўбцы. Снежань 1975 Мінскі завод халадзільнікаў выпусціў 3-мільённы халадзільнік. У в. Жупраны (Ашмянскі раён) адкрыты Дом-музей і помнік Францішку Багушэвічу. 21 студзеня 1976 Уведзены ў дзеянне Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. 23 лютага 1976 Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) выпусціў 75-тонны самазвал. 3 мая 1976 Уведзены ў дзеянне Лунінецкі завод электрарухавікоў. 26 мая 1976 У Мінску ўстаноўлены мемарыяльны знак у гонар Т.Шаўчэнкі. 3 мая 1977 У Мінску пачата будаўніцтва метрапалітэна. Кастрычнік 1977 У в. Ляўкі (Аршанскі р-н) адкрыты філіял музея Я.Купалы (з 1978 Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»). 1 лістапада 1977 Драматургу А.Макаёнку прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі. 22 лістапада 1977 Пры БДУ заснаваны НДІ фізіка-хімічных праблем. 30 снежня 1977 Мінскае вытворчае аб’яднанне «Гарызонт» выпусціла 10-мільённы каляровы тэлевізар. Студзень 1978 Уведзена ў дзеянне Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка. 24 лютага 1978 Народнаму мастаку Беларусі М.А.Савіцкаму прысвоена званне народнага мастака СССР; народнаму артысту Беларусі Р.І.Янкоўскаму — народнага артыста СССР. 14 красавіка 1978 Прынята новая Канстытуцыя Беларускай ССР (дзейнічала да 1994). Красавік 1978 Уведзены ў дзеянне Мінскі завод шампанскіх він. 1 мая 1978 На базе Гродзенскага педінстытута створаны Гродзенскі універсітэт імя Я.Купалы. 14 ліпеня 1978 Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў закон аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры. 12 снежня 1978 У дзеянне ўведзены Добрушскі фарфоравы завод. 30 снежня 1978 Уведзена ў дзеянне 1-я чарга Жлобінскага завода штучнага футра. 1978 У г. Наваполацк заснаваны завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў. Віцебскі тэлевізійны завод асвоіў вытворчасць каляровых тэлевізараў «Віцязь». 17 студзеня 1979 Усесаюзны перапіс насельніцтва: на Беларусі 9 560 000 чалавек. 21 красавіка 1979 У Мінску закладзены дэндралагічны парк (з 1992 парк «Дружбы»). 28 чэрвеня 1979 Заснавана Чырвоная кніга Беларусі — спіс рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (кніга выдадзена ў 1981 выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя», перавыдадзена ў 1993). 12 снежня 1979 У пас. Раўбічы адкрыты Музей беларускага нар. мастацтва. 27 снежня 1979 Завершана электрыфікацыя чыгуначнага ўчастка Орша — Вязьма. 28 студзеня 1980 У АН Беларусі створаны Інстытут прыкладной фізікі. Студзень 1980 У Гомелі адкрыты кааператыўны інстытут. 2 ліпеня 1980 Завершана будаўніцтва адгалінавання газаправода Орша — Віцебск. 10 ліпеня 1980 У Мінску заснаваны літаратурны музей Петруся Броўкі. 19 ліпеня — 3 жніўня 1980 На XXII Алімпійскіх гульнях у Маскве бел. спартсмены заваявалі 34 медалі, у т. л. 15 залатых. 20—27 ліпеня 1980 У Мінску адбыўся групавы адборачны футбольны турнір XXII Алімпійскіх гульняў. 19 верасня 1980 Васілю Быкаву прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі, Кастрычнік 1980 У сувязі з трагічнай смерцю П.М.Машэрава 1-м сакратаром ЦККПБ выбраны Ц.Я.Кісялёў (на гэтай пасадзе да 11.1.1983). 26 мая 1981 Герою Сав. Саюза У.В.Кавалёнку прысвоена званне двойчы Героя Савецкага Саюза. 13 красавіка 1981 Янку Брылю прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі. 18 красавіка 1981 У Брэсце пушчана 1-я тралейбусная лінія. Жнівень 1981 Брэсцкі завод газавай апаратуры выпусціў мільённую газавую пліту. 11 верасня 1981 У Гомелі адкрыты політэхнічны інстытут (з 1995 імя П.В.Сухога). 9 снежня 1981 У Мінску адкрыты помнік М.Багдановічу. 7 студзеня 1982 Завершана будаўніцтва газаправода Орша—Магілёў. 13 студзеня 1982 Мінскі падшыпнікавы завод выпусціў мільярдны падшыпнік. 2 сакавіка 1982 У Брэсце адкрыты археалагічны музей «Бярэсце». 11 сакавіка 1982 Завершана будаўніцтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. 2—4 ліпеня 1982 Святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. 2 снежня 1982 У Мазыры пачаў дзейнічаць завод кухоннай солі. 1983 У Магілёве пачаў выдаваць прадукцыю завод сельскагаспадарчага машынабудавання. 27 сакавіка 1984 Мінскі трактарны завод выпусціў 2-мільённы трактар. 30 чэрвеня 1984 Здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга Мінскага метрапалітэна (ад станцыі «Інстытут культуры» да станцыі «Маскоўская»), 1 ліпеня 1984 За прапаганду ідэй аховы прыроды выдавецтву «Беларуская энцыклапедыя» ўручаны Вялікі сярэбраны медаль Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП). 1984 Уведзены ў дзеянне Беларускі металургічны завод (г. Жлобін), Маладзечанскі завод парашковай металургіі. 24 жніўня 1985 У гар. пасёлку Радашковічы ўведзена ў дзеянне 1-я чарга керамічнага завода. Кастрычнік 1985 У Мінску заснаваны заапарк. 26 красавіка 1986 Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у выніку якой многія раёны Гомельскай, Магілёўскай, часткова Брэсцкай і Мінскай абласцей забруджаны радыенуклідамі. 1986 У г. Баранавічы ўведзены ў дзеянне станкабудаўнічы завод. 3 красавіка 1987 Музычны фестываль «Мінская вясна» (з таго часу праводзіцца штогод). 27 мая 1987 Народнаму артысту Беларусі кампазітару І.М.Лучанку прысвоена званне народнага артыста СССР. Ліпень 1987 Заснаваны Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі (кіраўнік М.Фінберг). 1987 У дзеянне ўведзены: Мінскі і Барысаўскі заводы буйнапанэльнага домабудавання, Полацкі і Браслаўскі малочныя заводы. Студзень 1988 Выйшлі першыя нумары часопісаў «Роднае слова», «Крыніца», «Беларуская мова і літаратура ў школе». Ліпень 1988 У Віцебску пабудаваны летні амфітэатр з самай вялікай у краіне сцэнай і залай на 5400 месцаў. Жнівень 1988 У Мазыры пачаўся рэгулярны трамвайны рух. 1988 Завершана выданне Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў 8 тамах (адзначана Дзярж. прэміяй Беларусі 1990). 12 студзеня 1989 Усесаюзны перапіс насельніцтва: на Беларусі 10 200 200 чалавек. 28 сакавіка 1989 Міжнародны аэрапорт «Мінск-2» прыняў першых пасажыраў. 17 красавіка 1989 Мінскі аўтазавод выпусціў мільённы аўтамабіль. 1—2 ліпеня 1989 1-ы з’езд Беларускага экалагічнага саюза (Мінск). Люты 1990 1-ы з’езд сялянскага саюза Беларусі (са студзеня 1993 Беларускі саюз фермераў). 5 красавіка 1990 Вярхоўны Савет БССР абвясціў дзень 26 красавіка Днём Чарнобыльскай трагедыі. 24—27 мая 1990 У Мінску адбылося Усесаюзнае свята славянскага пісьменства і славянскіх культур. 27 ліпеня 1990 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР (25 жніўня 1991 гэтай дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закона). Жнівень 1990 У Гомелі адкрыты медыцынскі інстытут. 1—9 верасня 1990 Урачыстасці, прысвечаныя 500-годдзю з дня нараджэння Францыска Скарыны. 19 лістапада 1990 У Магілёве адкрыты мастацкі музей (з 1996 імя П.В.Масленікава). 30 снежня 1990 Здадзена ў эксплуатацыю 2-я лінія Мінскага метрапалітэна (ад станцыі «Трактарны завод» да станцыі «Пушкінская»). Студзень 1991 Падпісаны дагаворы аб узаемаадносінах паміж Беларуссю, Украінай і Казахстанам. 25—27 мая 1991 1-ы Міжнародны кангрэс беларусістаў (Мінск). 25 жніўня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пакет рашэнняў: аб палітычнай незалежнасці і эканамічнай самастойнасці Беларусі, аб Дэпартызацыі органаў дзярж. улады і кіраўніцтва Беларусі, аб уласнасці КПБ; дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі прыпынена, памяшканні ЦККПБ, абкомаў, райкомаў і інш. партыйных устаноў апячатаны, іх уласнасць нацыяналізавана. 19 верасня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў рашэнне аб змене назвы Беларускай ССР на Рэспубліку Беларусь. 20 верасня 1991 Органы ваеннага кіраўніцтва ў Беларусі падпарадкаваны СМ Рэспублікі Беларусь. Кастрычнік 1991 Падпісаны дэкларацыі аб добрасуседскіх адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча (у Варшаве), паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай (у Мінску). Лістапад—снежань 1991 Падпісаны пагадненні аб прынцыпах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Малдова, Рэспублікай Кыргызстан, Азербайджанскай Рэспублікай (усе ў Мінску), Расійскай Федэрацыяй (у Маскве), Латвійскай Рэспублікай (у Рызе). 3 снежня 1991 Кіраўнікі дзяржаў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Украіны падпісалі пагадненне аб дэнансацыі дагавора пра стварэнне Саюза ССР ад 1922 і аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; падпісана ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы). Цэнтрам СНД выбраны г. Мінск. (Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў гэтае пагадненне 10.12.1991). 21 снежня 1991 Незалежныя дзяржавы Азербайджан, Арменія, Рэспубліка Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расійская Федэрацыя, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна падпісалі Дэкларацыю аб утварэнні на роўных правах Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), якая не з’яўляецца ні дзяржавай, ні наддзяржаўнай структурай. 1991 Рэспубліку Беларусь прызналі 59 дзяржаў (у 1992 — яшчэ 48 дзяржаў). 30 студзеня 1992 Рэспубліка Беларусь прынята ў члены Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве. 27 лютага 1992 Рэспубліка Беларусь падпісала Хельсінкскі заключны акт. 10 красавіка 1992 Рэспубліка Беларусь падпісала Парыжскую хартыю новай Еўропы. Верасень 1992 У Мінску адкрыта прадстаўніцтва ААН. 19 студзеня 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў закон «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці». 4 лютага 1993 Рэспубліка Беларусь далучылася да Міжнароднага дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. 28 красавіка 1993 На нарадзе кіраўнікоў СНД (у Мінску) створаны каардынацыйна-кансультатыўны камітэт як пастаянны орган СНД. 8—10 ліпеня 1993 1-ы з’езд беларусаў свету (у Мінску). 26 ліпеня 1993 На тэр. Беларусі зняты з абароту савецкія грашовыя знакі і ўведзены новыя. 13 лістапада 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў закон «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны» (на ўліку і пад ахову ўзята 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры). 2 сакавіка 1994 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прагаласаваў за прэзідэнцкую форму праўлення на Беларусі. 15 сакавіка 1994 Прынята Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь. Сакавік 1994 3 тэр. Рэспублікі Беларусь пачалі выводзіць стратэгічныя ядзерныя сілы; вывад завершаны ў лістападзе 1996. 26 красавіка 1994 Выбраны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь. 20 мая 1994 У гар. пасёлку Тураў устаноўлены помнік Кірылу Тураўскаму. 25 мая 1994 Устаноўлена святкаванне Дня беларускага пісьменства і друку (з гэтага часу штогод праводзіцца ў першую нядзелю верасня). Чэрвень 1994 Рэспубліку Беларусь прызналі 123 дзяржавы, з 97 з іх устаноўлены дыпламатычныя адносіны. 23 ліпеня 1994 Выбары першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 10 ліпеня 1994 На 2-м туры галасавання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбраны А.Р.Лукашэнка (20.7.1994 Прэзідэнт прыняў прысягу). 4—5 кастрычніка 1994 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб палітычных партыях» і «Аб грамадскіх арганізацыях». Лістапад 1994 Рэспубліка Беларусь далучылася да праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру». 21 лютага 1995 Паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй падпісаны пагадненні: аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі і навукі; у галіне турызму; аб адзінстве кіравання мытнымі службамі; аб сумесных намаганнях у галіне аховы дзярж. граніцы (у Мінску). 12 красавіка 1995 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», у т. л. аб устанаўленні вышэйшага звання Герой Беларусі. 14 мая 1995 Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь і рэферэндум па пытаннях мовы, новай сімволікі, эканамічнага збліжэння з Рас. Федэрацыяй і права Прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет (усе вынесеныя на рэферэндум пытанні ўхвалены большасцю галасоў). 10 жніўня 1995 Рашэннем Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь створаны нацыянальны парк Браслаўскія азёры. 20 лістапада 1995 У Оршы ўстаноўлены помнік У.Караткевічу. 1 студзеня 1996 ААН абвясціла 1996 годам Чарнобыльскай трагедыі. 29 сакавіка 1996 Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, Казахстана, Кыргызстана і Расійскай Федэрацыі падпісалі пагадненне аб больш цесным эканамічным супрацоўніцтве. 28 красавіка 1996 Выйшаў 1-ы том 18-томнай Беларускай энцыклапедыі. 24 лістапада 1996 Завершаны рэферэндум па пытаннях, унесеных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (аб новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 са зменамі і дапаўненнямі, аб пераносе Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь на 3 ліпеня, аб куплі і продажы зямлі, аб смяротным пакаранні) і прапанаваных Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь (аб Канстытуцыі 1994, аб фінансаванні ўсіх органаў улады з дзярж. бюджэту і галосна, аб прамых выбарах кіраўніцтва мясцовых выканаўчых органаў). Большасць насельніцтва падтрымала прапановы Прэзідэнта. 29 лістапада 1986 Спынены паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь; створаны Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь: Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. 2 красавіка 1997 Падпісаны дагавор аб саюзе Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй (у Маскве). Чэрвень 1997 У Пружанах устаноўлены помнік Р.Р.Шырме. 4—5 ліпеня 1987 Урачыстасці, прысвечаныя 930-годдзю Мінска. 26—27 ліпеня 1997 2-і з’езд беларусаў свету (у Мінску). 31 жніўня 1997 У г. Іванава ўстаноўлены помнік мастаку Н.Орду, у г. Рэчыца — гісторыку М.В.Доўнар-Запольскаму. Снежань 1997 У Віцебску ўстаноўлены помнік мастаку М.Шагалу. 7 верасня 1998 Падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (у Мінску). 10 снежня 1998 У двары-скверы Белдзяржуніверсітэта ўстаноўлены помнікі Францыску Скарыне і Міколу Гусоўскаму; пазней — Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму. 25 снежня 1998 Прэзідэнты Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь падпісалі дагавор аб роўных правах грамадзян, аб роўных падыходах да суб’ектаў гаспадарання. 16—23 лютага 1999 Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь: на Беларусі 10,2 мільёна чалавек. 10 ліпеня 1999 У Мінску ўстаноўлены помнік А.С.Пушкіну. 21 верасня 1999 Завершана пракладка 1-й чаргі газаправода Ямал—Зах. Еўропа; на тэр. Беларусі пракладзена траса ў 506 км 13 лістапада 1999 У Віцебску адкрыты лядовы палац. 8 снежня 1999 Прэзідэнты Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь падпісалі дагавор аб стварэнні саюзнай дзяржавы. Чэрвень 2000 Мінскі аўтамабільны завод выпусціў 1000-ы гарадскі аўтобус. 10 ліпеня 2000 Помнік-мемарыял ахвярам халакоста ўстаноўлены ў Мінску — на т.зв. мемарыяле «Яма», дзе ням. фашысты знішчалі вязняў Мінскага гета. Верасень 2000 На XXII Алімпійскіх гульнях (Аўстралія) спартсмены Беларусі заваявалі 17 медалёў, у т. л. 3 залатыя. Кастрычнік 2000 У Полацку ўстаноўлены помнік Ефрасінні Полацкай. Снежань 2000ЮНЕСКА у спіс помнікаў сусветнай спадчыны ўключыла Мірскі замак. У Слуцку ўстаноўлены помнік княгіні Соф’і Слуцкай. 31 мая — 1 ліпеня 2001 Кіраўнікі пяці дзяржаў (Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан) на саміце ў Мінску прынялі ўстаноўчыя дакументы па стварэнні міжнароднай Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Чэрвень 2001 Беларускі аўтамабільны завод (г. Жодзіна) пачаў выпускаць 200-тонныя самазвалы. 30—31 жніўня 2001 Святкаванне 1000-годдзя з часу заснавання старажытнага горада Друцка (Талачынскі р-н) і першага хрысціянскага храма на беларускай зямлі. 1 верасня 2001 У Маладзечне ўстаноўлены помнік кампазітару М.К.Агінскаму. 9 верасня 2001 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбраны А.Р.Лукашэнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́Я, Расійская Федэрацыя,
дзяржава ва Усх. Еўропе і Паўн. Азіі. На ПнЗ мяжуе з Нарвегіяй і Фінляндыяй, на З з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Беларуссю, на ПдЗ з Украінай, на Пд з Грузіяй, Азербайджанам, Казахстанам, на ПдУ з Кітаем, Манголіяй і КНДР. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. (Баранцава, Белае, Карскае, Лапцевых, Усх.-Сібірскае і Чукоцкае моры), на У — Ціхага ак. (Берынгава, Ахоцкае і Японскае моры), на З і ПдЗ — Атлантычнага ак. (Балтыйскае, Чорнае і Азоўскае моры). Працягласць сухапутных граніц 20,3 тыс.км, марскіх — каля 38 тыс.км. Пл. 17 075,4 тыс.км² (найбуйнейшая краіна свету). Нас. 145 561 тыс.чал. (2000; 6-е месца ў свеце). Дзярж. мова — руская. Сталіца — г.Масква. Падзяляецца на 89 суб’ектаў федэрацыі, у т. л. 21 рэспубліку, 10 аўт. акруг, 1 аўт. вобласць, 6 краёў, 49 абласцей, гарады федэральнага значэння Масква і С.-Пецярбург (гл.табл., а таксама асобны арт. пра кожны суб’ект). Усе 89 суб’ектаў згрупаваны ў 7 федэральных акруг (Далёкаўсходнюю, Паўднёвую, Прыволжскую, Паўн.-Заходнюю, Сібірскую, Уральскую, Цэнтральную). Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.). На тэр. Р. 11 гадзінных паясоў.
Дзяржаўны лад. Р. — дэмакр. федэратыўная прававая дзяржава з рэсп. формай праўлення. Дзейнічае Канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад. Старшыню ўрада назначае прэзідэнт са згоды Дзярж. думы. Прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны Федэральны Сход (Савет Федэрацыі і Дзярж. дума). У Савет Федэрацыі ўваходзяць па 2 прадстаўнікі ад кожнага суб’екта федэрацыі: па аднаму ад прадстаўнічага і выканаўчага органаў дзярж. улады. Дзярж. дума складаецца з 450 дэпутатаў, палавіна якіх выбіраецца па аднамандатных акругах, другая палавіна — па парт. спісах на аснове прапарцыянальнай сістэмы прадстаўніцтва. Рэспублікі, якія ўваходзяць у склад Рас. Федэрацыі, маюць уласныя канстытуцыі і органы заканад. і выканаўчай улады.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ЗУсх.-Еўрапейская раўніна, у межах якой чаргуюцца невысокія (да 250—500 м) узвышшы (Валдайскае, Сярэднярускае, Прыволжскае, Ціманскі краж) і нізіны (Окска-Данская, Прыкаспійская, ч. якой на 28 м ніжэй узр. м.). На Пн і ПнЗ раўніны знаходзяцца горы Хібіны і ўзвышшы Карэліі, на Пд Каўказскія горы (найвышэйшы пункт Р. г. Эльбрус, 5642 м), на У Уральскія горы (выш. да 1895 м, г. Нарадная). На У ад Урала Зах.-Сібірская раўніна. Паміж рэкамі Енісей і Лена — Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн акаймоўвае плато Путарана (выш. да 1701 м). На п-ве Таймыр горы Быранга і Паўн.-Сібірская нізіна. На Пд і У ад Сярэднесібірскага пласкагор’я пераважаюць горныя вобласці паўд. і паўн.-ўсх. Сібіры і Д. Усходу: Алтай (выш. да 4506 м, г. Бялуха), Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саян, хрыбты Перадбайкалля і Забайкалля, горы Тывы, хрыбты Станавы, Верхаянскі, Чэрскага, Бурэінскі і Джугджур, Каракскае нагор’е, горы Сіхатэ-Алінь, Камчаткі (выш. да 4750 м, вулкан Ключаўская Сопка). Большую ч. Р. займаюць Усх.-Еўрап. і Сібірская платформы, Зах.-Сібірская пліта. У іх будове вылучаюць ніжнюю ч., прадстаўленую ў асн.крышт. і метамарфічнымі дакембрыйскімі пародамі, і верхнюю, складзеную з палеазойскіх і мезазойскіх асадкавых парод. У межах Балтыйскага і Алданскага шчытоў і Анабарскага падняцця пароды дакембрыю выходзяць на паверхню. Шырока распаўсюджаны горныя складкавыя сістэмы — каледонскай (Саяны, Кузнецкі Алатау, горы Тывы), герцынскай (Урал, Алтай), кімерыйскай (Сіхатэ-Алінь, горы ПнУ Сібіры), альпійскай (Каўказ, горы Камчаткі, Сахаліна, ПнУ Сібіры) складкавасцей. Значная ч.тэр. Р. сейсмічная. Землетрасенні сілай да 8 балаў бываюць на Камчатцы, Сахаліне, Курыльскіх а-вах, у Перадбайкаллі і Забайкаллі, на Пд Алтая, у перадгор’ях Каўказа. На Камчатцы актыўная вулканічная дзейнасць. Р. поўнасцю забяспечана амаль усімі відамі мінер. сыравіны. На яе тэр. сканцэнтравана больш за палавіну сусв. запасаў вугалю і торфу, 1/3 нафты і прыроднага газу, 2/5жал. руд і калійных солей, 1/4 фасфарытаў і апатытаў. 90% паліўна-энергет. рэсурсаў Р. знаходзяцца ў яе паўн. і ўсх. частках. 2/3 запасаў нафты і газу прыпадае на Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Радовішчы нафты і газу ёсць таксама ў Паволжы, на Урале (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), Паўн. Каўказе, Сахаліне. Асн. запасы каменнага вугалю ў Кузнецкім вугальным басейне, усх.ч.Данецкага вугальнага басейна, Пячорскім вугальным басейне, Ленскім вугальным басейне, Тунгускім вугальным басейне і інш. Буры вугаль у Падмаскоўным вугальным басейне, Канска-Ачынскім вугальным басейне, Алданскім. Кізелаўскім і інш. басейнах. Каля 75% запасаў торфу прыпадае на Зах. Сібір і Урал. Запасы гаручых сланцаў у Паўн.-Зах. раёне і Паволжы. Агульныя балансавыя запасы жал. руды 65 млрд.т, у т. л. больш за 30 млрд.т — багатыя руды, якія маюць у сабе да 50% і больш жалеза. Асн. запасы прымеркаваны да Курскай магнітнай анамаліі. Жал. руды залягаюць таксама на Кольскім п-ве, Урале, у Карэліі, Горнай Шорыі, ніжнім цячэнні Ангары, Забайкаллі, на Д. Усходзе і інш. Р. багатая запасамі руд каляровых металаў. Руды, як правіла, комплексныя, маюць у сабе золата, серабро, цынк. кобальт і інш. элементы. Медныя руды — на Урале, у Чыцінскай вобл. і Краснаярскім краі, свінцова-цынкавыя — у Кузбасе, Забайкаллі, на Д. Усходзе. Для вытв-сці алюмінію ёсць буйныя паклады баксітаў на Урале, у Ленінградскай і Архангельскай абласцях, нефелінаў — у Кемераўскай вобл. і Краснаярскім краі. Асн. запасы золата — у Саха (Якуція), Магаданскай вобл., на Д. Усходзе, Урале, Алтаі і Іркуцкай вобл. Ёсць вял. паклады апатытаў (Хібіны), фасфарытаў (Кіраўская вобл.), каменнай солі (Усх. Сібір, Арэнбургская вобл., азёры Эльтон і Баскунчак), слюды [Іркуцкая вобл., Карэлія, Саха (Якуція)], азбесту (Урал), алмазаў Саха (Якуція), Урал], разнастайная сыравіна для вытв-сці буд. матэрыялаў і інш. Р. размешчана ў арктычным, субарктычным, умераным і субтрапічным паясах. У арктычным поясе, які ахоплівае большую ч. астравоў Паўн. Ледавітага ак., пануе халоднае арктычнае паветра. Т-раліп. каля 0 °C (пры адмоўнай сярэднегадавой т-ры). Субарктычны пояс распасціраецца да Паўн. палярнага круга ў еўрап. частцы і да 60°паўн. ш. ў азіяцкай частцы краіны. Сярэднія т-ры ліп. ад 5 да 12 °C, ападкаў 200—400 мм за год. Большая ч. Р. размешчана ва ўмераным поясе, дзе клімат зменьваецца ад умерана кантынентальнага на З да рэзка кантынентальнага на У, на Пд Д. Усходу — умераны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 °C у Перадкаўказзі да -50 °C на У Сібіры, дзе ў раёне Верхаянска—Аймякона зафіксавана самая нізкая т-ра ў Еўразіі -72,2 °C. Т-раліп. ад 12 °C на Пн зоны да 25 °C на Пд і ў перадгор’ях Каўказа. Ападкаў выпадае ад 600—650 мм за год на З да 400—450 мм на У. Мінім. колькасць ападкаў прыпадае на паўпустынныя раёны Прыкаспійскай нізіны (каля 170 мм), макс. — на горныя раёны Каўказа (да 3200 мм) і Пд Д. Усходу (да 2000 мм). Суровы клімат і маласнежныя зімы — прычына фарміравання ў раёнах Сібіры і Д. Усходу вечнай мерзлаты. Невял. паласа на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа (ад Туапсэ да Адлера) мае субтрапічны клімат. На тэр. Р. густая рачная сетка — каля 120 тыс. рэк з даўж. больш за 10 км і агульнай працягласцю 2,3 млн.км. Большасць рэк належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак. — Паўн. Дзвіна, Пячора, Об з Іртышом, Енісей, Хатанга, Алянёк, Лена, Індыгірка, Калыма і інш. (пл. вадазбору 12,8 млн.км², 75% тэр. Р.); да бас. Ціхага ак. — Амур, Анадыр, Пенжына і інш.; Атлантычнага ак. — Нява, Дон, Кубань; да бяссцёкавага Каспійскага м. — Волга, Урал, Церак. Жыўленне рэк пераважна снегавое і дажджавое. Ледастаў ад 1—2 месяцаў на Пд да 8 месяцаў у Сібіры. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (гідраэнергет. патэнцыял 340 млн.кВт), выкарыстоўваюцца для суднаходства і арашэння. Азёр каля 2 млн., пераважна на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны і ў Зах. Сібіры. Найб. азёры: Каспійскае, Байкал (самае глыбокае на Зямлі — 1640 м), Ладажскае, Анежскае, Таймыр, Ханка і інш. Буйныя вадасховішчы: Куйбышаўскае, Брацкае, Рыбінскае, Валгаградскае, Цымлянскае, Зейскае, Краснаярскае, Усць-Ілімскае і інш. Глебы і расліннасць на раўнінах падпарадкаваны шыротнай занальнасці, у гарах — вышыннай пояснасці. У зоне арктычных пустынь (астравы Паўн. Ледавітага ак. і паўн.ч. ўзбярэжжа Таймыра) прымітыўныя арктычныя глебы заняты перарывістым покрывам з лішайнікаў і імхоў. У зоне тундры з глеевымі глебамі акрамя імхоў і лішайнікаў трапляюцца нізкарослыя хмызнячкі (карлікавая бяроза, вярба). Для лесатундравай зоны характэрна чаргаванне мохавых, лішайнікавых і хмызнячковых тундраў з рэдкалессем з бярозы, елкі, а ў Сібіры — лістоўніцы. Тут пераважаюць тундравыя глеевыя, слабападзолістыя глебы. Каля 65% тэр. Р. прыпадае на лясную зону, якая падзяляецца на падзоны цемнахвойнай тайгі на З і лістоўнічнай на У на падзолістых глебах, мяшаных хвойна-шыракалістых лясоў на дзярнова-падзолістых глебах у сярэдняй паласе Усх.-Еўрап. раўніны і на Пд Д. Усходу і далей на Пд шыракалістых лясоў. На Пд Д. Усходу мяшаныя лясы ўключаюць элементы маньчжурскай флоры (ільм, амурскі аксаміт, карэйскі кедр, ліяны і інш.). Агульныя запасы драўніны Р. 80,7 млрд.м³ — палавіна запасаў драўніны на Зямлі. На Пд лясная зона пераходзіць у лесастэпавую і стэпавую зоны з шэрымі ляснымі і чарназёмнымі глебамі, з разнатраўна-злакавай і злакавай расліннасцю, у лесастэпе з астраўкамі дуброў у еўрап.ч. і бярозава-асінавых колкаў на ПдЗах. Сібіры. На ПдУУсх.-Еўрап. раўніны — паўпустынная зона з разрэджаным расл. покрывам з палыну, салянак, стэпавых злакаў на светла-каштанавых і бурых глебах. У горных абласцях вышынная пояснасць розных тыпаў, якая найб. выразная ў гарах Каўказа і Алтая. Жывёльны свет вельмі разнастайны. На палярных астравах і ў морах Паўн. Ледавітага ак. жывуць белы мядзведзь, цюлень, морж, з птушак — чысцікі, люрыкі, гагі і інш. У тундры водзяцца пясец, паўн. алень, лемінг, палярная сава, белая курапатка і інш. Для лясной зоны характэрны лось, буры мядзведзь, рысь, расамаха, вавёрка, бурундук, лісіца; у лясах Сібіры — собаль, марал, кабарга; на Д. Усходзе — усурыйскія тыгр і мядзведзь, янотападобны сабака; на астравах Ціхага ак. — лежбішчы марскіх коцікаў; з птушак — цецярук, глушэц, рабчык, крыжадзюб, сініца і інш. У лесастэпавай і стэпавай зонах пераважаюць грызуны — суслікі, тушканчыкі, хамякі, суркі, з птушак — драфа, арол, стрэпет і інш. Моры, што акружаюць Р., багатыя рыбай (траска, селядзец, камбала, палтус, скумбрыя, асятровыя, ласасёвыя і інш.). У Р. ахоўваемыя тэр. займаюць каля 2,5% плошчы. У краіне 99 запаведнікаў агульнай пл. 35,8 млн.га. Найб. вядомыя: Алтайскі, Астраханскі запаведнік, Баргузінскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Каўказскі запаведнік, Прыокска-тэрасны запаведнік, Пячора-Ілыцкі запаведнік і інш. Створаны 34 нац. паркі агульнай пл. 6,6 млн.га (1999).
Насельніцтва. Р. — шматнацыянальная краіна, дзе пражывае больш за 100 нацыянальнасцей і народнасцей, у т. л. рускія складаюць 83%, татары — 3,8, украінцы — 2,4, чувашы — 1,2, башкіры — 0,9, беларусы — 0,7, мардва — 0,6, немцы — 0,5, удмурты — 0,5, армяне — 0,5, аварцы — 0,4, марыйцы — 0,4% і інш. (паводле мікраперапісу і бягучага ўліку насельніцтва, 1999). Асн.нац. меншасці ўтвараюць рэспублікі, аўт. акругі і аўт. вобласць. Рэлігія большасці насельніцтва — праваслаўнае хрысціянства. Ёсць прадстаўнікі ісламу, будызму, каталіцызму, іудаізму і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,5 чал. на 1 км², найб. ў Падмаскоўі (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — у паўн. і паўн.-ўсх. раёнах Сібіры (0,1 чал. на 1 км²). Больш за 75 усяго насельніцтва пражывае ў еўрап.ч. (укл. Урал). Для Р. характэрна зніжэнне колькасці насельніцтва. Натуральны прырост адзначаецца толькі ў рэспубліках Паўн. Каўказа і некат. раёнах Паволжа, Сальда міграцыі дадатнае, у 1999 у Р. прыбыло 367 тыс.чал., выбыла 215 тыс.чал.Гар. насельніцтва 73%. У Р. 1092 гарады і 1875 пасёлкаў гар. тыпу (2000). Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Масква —8537, С.-Пецярбург — 4694, Новасібірск — 1399, Ніжні Ноўгарад — 1357, Екацярынбург — 1266, Самара — 1156, Омск — 1149, Казань — 1100 і інш. Эканамічна актыўнае насельніцтва ў 1999 складала 69,7 млн.чал., занятае — 60,6 млн.чал. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы — 13,8, у буд-ве — 7,7, на транспарце — 6,3, у сувязі — 1,3, гандлі і грамадскім харчаванні — 14,9%.
Гісторыя. Першабытны чалавек пранік на еўрап.тэр. Р. з Закаўказзя ў раннім палеаліце; у сярэднім палеаліце (100—35 тыс.г. назад) паселішчы неандэртальцаў пашыраліся да нізоўяў Дона і Сярэдняга Паволжа. У познім палеаліце (35—10 тыс.г. назад), калі пачаў раставаць ледавік і ўсталёўваўся блізкі да сучаснага клімат, на тэр. Р. сталі пашырацца паселішчы людзей сучаснага тыпу (краманьёнцы). Удасканальвалася тэхніка вырабу каменных і касцяных прылад, пачалі фарміравацца мастацтва і рэлігія. Вынайдзеныя ў мезаліце (12—10—7—5 тыс.г. да н.э.) лук і стрэлы дазволілі людзям весці індывід. паляванне і ствараць запасы харчавання. У неаліце (7—6—2 тыс. да н.э.) пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўлі. Адбываўся працэс аб’яднання родаў у плямёны, з 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне плем. саюзаў. Вынікам пашырэння ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. апрацоўкі жалеза (акрамя паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў) стала рэзкае павышэнне прадукцыйнасці працы, узнікненне прыватнай уласнасці, паскарэнне распаду першабытнаабшчыннага ладу. Першыя дзярж. ўтварэнні на тэр. Р. ўзніклі ў 6—5 ст. да н.э. ў Паўн. Прычарнамор’і (грэч. калоніі Фанагорыя, Германаса на Таманскім п-ве, Баспорская дзяржава). Разлажэнне родаплем. ладу суправаджалася складваннем этн. супольнасцей, з якіх утварыліся некаторыя народнасці сучаснай Р. З 3—6 ст.н.э. пачалося рассяленне славян па Усх.-Еўрап. раўніне. Гэты працэс працягваўся і ў наступныя стагоддзі. Славяне паступова занялі пануючае становішча сярод мясц. этнасаў (балтаў, фіна-угорскіх, цюркскіх і інш.), некат. з іх цалкам асіміляваны. У 8—9 ст. на тэр.бас. рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Сож, Дзясна, каля вытокаў Волгі і на воз. Ільмень жыло да 15 усх.-слав.плем. саюзаў (у кожным да 10—12 плямён). Славяне спалучалі розныя віды гасп. дзейнасці пры дамінуючай ролі земляробства. У 9—10 ст. упершыню ўпамінаюцца ў летапісах усх.-слав. гарады Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Ладага, Растоў, Смаленск і інш.Усх. славяне былі язычнікамі, пакланяліся божаствам, што ўвасаблялі сілы прыроды. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у 862 наўгародскія славене і крывічы пры ўдзеле варагаў стварылі вакол Ноўгарада буйны цэнтр стараж.-слав. дзяржаўнасці. У 882—885 наўгародскі кн.Алег падпарадкаваў сабе ўсх.-слав.плем. саюзы палян (цэнтр у Кіеве), драўлян, севяран, полацкіх крывічоў, да 907 — вяцічаў, дулебаў, ціверцаў. У выніку ўтварылася буйная раннефеад. манархічная дзяржава на чале з велікакняжацкай дынастыяй Рурыкавічаў і з цэнтрам у Кіеве — Кіеўская Русь (гл. таксама Русь). У 988 пры вял.кн.Уладзіміру Святаславічу [980—1015] афіц. рэлігіяй стала хрысціянства ўсх. абраду, пачалося выкараненне язычніцтва. Асаблівасць феадалізму на. Русі — адсутнасць класічнай формы васальна-сеньярыяльных адносін. У ролі гал. землеўладальніка выступала дзяржава. Кіеўская Русь была нетрывалым ваен.-паліт. аб’яднаннем. Пад уплывам моцных цэнтрабежных тэндэнцый у сярэдзіне 11 ст. пачаўся яе распад на асобныя княствы і землі, які канчаткова адбыўся пасля смерці вял.кн.Мсціслава Уладзіміравіча [1125—32]. Настаў перыяд т.зв. феад. раздробленасці (пач. 12 — пач. 16 ст.), калі цэнтр гаспадарчага, паліт. і культ. жыцця перамясціўся ў вотчыны. З княстваў і зямель, што ўтварыліся на месцы Кіеўскай дзяржавы, на тэр. Р. знаходзіліся Уладзіміра-Суздальскае княства, Разанскае княства, Смаленскае княства (акрамя зах.ч.), б.ч.Чарнігаўскага княства (без Чарнігава), Наўгародская феадальная рэспубліка, Пскоўская феадальная рэспубліка, асобныя часткі інш. княстваў і зямель. Працэс драбнення княстваў працягваўся і ў 13—14 ст. Буйныя княствы (наз. «вялікімі») падзяляліся на ўдзельныя, залежнасць якіх ад вял. князя рабілася ўсё больш намінальнай. Некат. ўдзельныя княствы (Маскоўскае, Цвярское) з цягам часу сталі «вялікімі». Паліт. раздробленасць Русі спрыяла эканам. і культ. развіццю асобных зямель, але аслабіла яе абараназдольнасць. Паміж княствамі і землямі вяліся амаль няспынныя войны. У выніку мангола-тат. нашэсця 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні) о.ч. Русі трапіла пад уладу Залатой Арды (гл.Мангола-татарская няволя на Русі), што надоўга затрымала яе эканам., сац., культ. і паліт. развіццё. Неабходнасць выплаты Ардзе вял. даніны (гл.Ясак) абумовіла ўзмацненне ролі княжацкай улады. Перамогі наўгародцаў на чале з кн.Аляксандрам Неўскім над шведамі ў Неўскай бітве 1240 і над ням. крыжакамі ў Лядовым пабоішчы 1242 надоўга спынілі іх агрэсію на У і захавалі за Руссю выхад да Балт. мора. У 14 ст. акрэсліліся тэндэнцыі да пераадолення раздробленасці і паліт. аб’яднання ўсх. славян. На ПнУ Р. гэты працэс узначаліла Маскоўскае вялікае княства, на З — Вял. княства Літоўскае (ВКЛ), якое часам называлі «другой Руссю». У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. пры вял.кн.літ.Альгердзе і Вітаўце мірным і ваен. шляхамі да ВКЛ далучаны Смаленшчына, Браншчына, Севершчына, Курска-Белгародскі рэгіён, вярхоўі рэк Ака, Зах. Дзвіна, Волга, якія раней належалі Вял. княству Уладзімірскаму. За Уладзімірскі велікакняжацкі прастол вялі ўпартую барацьбу з цвярскімі і ніжагародска-суздальскімі князямі маскоўскія вял. князі, якія дамагаліся «вяртання» б. уладзімірскіх зямель, што адышлі да ВКЛ. Да канца 15 ст.асн. задачамі маскоўскіх князёў былі: дасягненне паліт. гегемоніі ў Паўн.-Усх. Русі і вызваленне ад мангола-тат. няволі (пачатак пакладзены разгромам вял.кн.Дзмітрыем Іванавічам Данскім правіцеля Залатой Арды Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380). Гэтыя задачы ў значным аб’ёме выкананы пры вял.кн.Іване III [1462—1505], які далучыў да маскоўскіх уладанняў Наўгародскую зямлю (1478) і Цвярское княства (1485), канчаткова скінуў мангола-тат. няволю ў выніку «стаяння на Угры» 1480. Аб’яднанне Паўн.-Усх. Русі вакол Масквы завяршыў вял.кн.Васіль III [1505—33], які далучыў да Маскоўскай дзяржавы Пскоўскую зямлю (1510) і Разанскае княства (1521). Пасля падзення Візантыйскай імперыі была сфармулявана тэорыя «Масква — трэці Рым», якая сцвярджала значэнне Масквы як сусв.паліт. і царк. цэнтра. Першым агульнарас. зводам законаў стаў Судзебнік 1497. На базе Маскоўскага вял. княства ў канцы 15 — пач. 16 ст. ўтварылася Руская цэнтралізаваная дзяржава. У адрозненне ад Зах. Еўропы дзярж. цэнтралізацыя тут базіравалася не на развіцці капіталіст. адносін, а на ўмацаванні феадалізму, у прыватнасці, інстытута прыгоннага права, якое афіцыйна аформлена Саборным улажэннем 1649. Імкненне маскоўскіх вял. князёў «вярнуць» б. ўладзімірскія і кіеўскія «вотчыны» вылілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў шматлікія войны Маскоўскай дзяржавы (з канца 15 ст.наз. таксама Расія) з ВКЛ — 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37 (пра кожную гл. асобны арт.). У выніку да Маскоўскай дзяржавы адышлі Смаленшчына, Севершчына, Чарнігаўшчына, вярхоўі Акі і Волгі. У час праўлення Івана IV [1533—84], які ў 1547 прыняў царскі тытул, пачалося стварэнне структур цэнтралізаванай дзяржавы: адменена «кармленне», стваралася сістэма прыказаў, праведзены губная рэформа і земская рэформа Івана IV, пачалі збірацца земскія саборы, прыняты Судзебнік 1550, ліквідаваны амаль усе ўдзельныя княствы. Сац. апорай самадзярж. ўлады станавілася дваранства Дваранскае апалчэнне і стральцы складалі аснову ўзбр. сіл адзінай дзяржавы. Апрычніна (1565—72) і інш. надзвычайныя захады Івана IV, накіраваныя на ўмацаванне яго самаўладдзя, былі спробай фарсіраванай цэнтралізацыі дзяржавы, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, у т. л. пакараннямі смерцю, зямельнымі канфіскацыямі. Пры Іване IV тэр. Р. значна пашырылася: заваяваны і далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы, пачалося далучэнне Сібіры. Аднак войскі Крымскага ханства працягвалі спусташэнне паўд. зямель; няўдалай была Лівонская вайна 1558—83, што разам з апрычнінай падарвала эканоміку краіны. Гал. падзеяй царавання Фёдара Іванавіча [1584—98] было заснаванне Маскоўскага патрыярхату правасл. царквы (1589); у Швецыі адваявана частка прыбалт зямель (1595). Са смерцю Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Пачалася шматгадовая «Смута», у час якой Р. апынулася на мяжы нац. катастрофы. Цяжкую сітуацыю грамадз. вайны (гл.Балотнікава паўстанне 1606—07) узмацніла ваен. інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18) і Швецыі. Рас. прастол займалі выбарныя цары — Барыс Гадуноў [1598—1605], Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10), сын Гадунова Фёдар Барысавіч [крас.-чэрв. 1605], самазванец Ілжэдзмітрый I [1605—06], а з 1610 (намінальна) сын караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта 111 Уладзіслаў (гл.Уладзіслаў IV). Значная ч. краіны, у т. л. Масква, была акупіравана інтэрвентамі. Патрыят. ўздым насельніцтва (гл.Першае апалчэнне 1611, Народнае апалчэнне 1612) дазволіў аднавіць адзінства і суверэнітэт дзяржавы, хоць былі страчаны значныя тэрыторыі: да Швецыі адышлі землі на балт. узбярэжжы, да Рэчы Паспалітай (Дэулінскае перамір’е 1618) — Смаленская, Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская землі. Дынастычны крызіс быў пераадолены выбраннем Земскім саборам 1613 на рас. прастол Міхаіла Фёдаравіча [1613—45] — прадстаўніка новай дынастыі Раманавых. У наступныя дзесяцігоддзі царскі абсалютызм узмацняўся. З сярэдзіны 17 ст. амаль не склікаліся земскія саборы, згортвалася дзейнасць Баярскай думы. Адмена месніцтва ў 1682 аслабіла пазіцыі вышэйшай арыстакратыі на карысць дваранства. У супрацьстаянні з патрыярхам Ніканам цар Аляксей Міхайлавіч [1645—76] зацвердзіў перавагу свецкай улады над царкоўнай. Сац. канфлікты 17 ст. выліліся ў шматлікія нар. «бунты», сярод якіх найб. вядомыя маскоўскія «саляны» (1648) і «медны» (1662), сялянская вайна 1670—71 пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна, Паступова адраджалася эканоміка, складваўся адзіны ўсерас. рынак. З 1630-х г. знешняя палітыка Р. набыла наступальны, імперскі характар: пастаўлена задача далучэння да Р. ўсіх усх.-слав. («рускіх») зямель і заваяванне выхаду да мораў. Гал. вынікам вайны з Рэччу Паспалітай 1632—34 была адмова караля Уладзіслава IV ад правоў на рас. прастол. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. вярнула сабе Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Севершчыну, далучыла Левабярэжную Украіну і Кіеў. Войны са Швецыяй (1656—58) за выхад да Балт. мора і з Турцыяй (1676—81) былі малапаспяховымі, як і паходы на Крым 1687 і 1689. У 17 — пач. 18 ст. да Р. далучаны Усх. Сібір і многія раёны Д. Усходу. Пётр I [1682—1725, з 1721 імператар] пачаў сістэмную мадэрнізацыю Р. на аснове вопыту зах. краін. Яго рэформы, нягледзячы на вял. выдаткі, спрыялі інтэнсіўнаму эканам. і культ. развіццю краіны. Створаны вышэйшы дзярж. орган Сенат (1711), калегіі (1718—21, замянілі прыказы), краіна падзелена на губерні і правінцыі; створаны рэгулярная армія і ваен. флот; табель аб рангах (1722) рэгуляваў сістэму грамадз. і ваен. службы. У выніку скасавання патрыяршаства створаны Сінод (1721). У 1721 Р. абвешчана імперыяй. Сталіца ў 1712 перанесена ў г.Санкт-Пецярбург (засн. ў 1703). Вызначальная роля дзяржавы ў рас. эканоміцы выяўлялася ў буд-ве казённых мануфактур і строгай рэгламентацыі эканам. дзейнасці. Шырокае выкарыстанне ў прам-сці паднявольнай працы (злачынцы, прыпісныя сяляне, пасэсійныя сяляне) прадвызначыла ў далейшым эканам. адставанне Р. Дваранства кансалідавалася як клас уласнікаў зямлі і сялян (указ 1714 зліў памесці з вотчынамі), але было прымушана да абавязковай службы. Пётр I імкнуўся еўрапеізаваць культуру і быт.Асн. вынік яго знешняй палітыкі — далучэнне да Р. балт. ўзбярэжжа ад Выбарга да Рыгі ў выніку Паўночнай вайны 1700—21. Агульны вынік войнаў з Турцыяй 1686—1700 і 1710—13 быў няўдалым: паражэнне ў Пруцкім паходзе 1711 прымусіла Пятра I вярнуць туркам г.Азоў. Цяжар праводзімых рэформ выклікалі нар. хваляванні, у т. л.Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 У пераваротаў дварцовых эпоху (1725—62), якая настала пасля смерці Пятра I, дваранства ўмацавала сваё пануючае становішча. У 1725—27 прастол займала ўдава Пятра І Кацярына I, пры якой фактычна правіў кн. А.Д.Меншыкаў У час царавання Пятра II [ 1727—30] старая маскоўская знаць паспрабавала скасаваць рэформы Пятра 1, але яны ўжо сталі неабарачальныя. Драпежніцкім праўленнем прыбалт. немцаў і іншаземцаў характарызаваўся рэжым Э.І.Бірона, фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны [1730—40] (гл.Бірокаўшчына). Дачка Пятра I Лізавета Пятроўна [1741—62] адрадзіла нац.-дзярж. курс бацькі. Кароткае цараванне Пятра III у 1762 адзначана выданнем Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, які вызваліў дваран ад абавязковай ваен. (у мірны час) і грамадз. службы. Праўленне Кацярыны II [1762—96] — перыяд адноснай паліт. стабілізацыі. Рэарганізаваны Сенат (1762), секулярызаваны ўладанні манастыроў (1763—64), скасавана гетманства на Украіне (1764), рэфармаваны губерні (1775). Даравальная грамата дваранству (1785) замацавала за ім шырокае кола прывілеяў. Важнае значэнне набыло фарміраванне дзярж.ідэалаг. дактрыны асветнага абсалютызму, зараджэнне вальнадумства (А.М.Радзішчаў, М.І.Навікоў). Рост сац. напружанасці ў сувязі з узмацненнем прыгонніцтва выліўся ў сялянскую вайну 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова Р. ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63, у выніку рус.-тур. войнаў 1768—74 і 1787—91 замацавалася на Чорным м., далучыла Паўн. Прычарнамор’е і Крым. Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), праведзеныя з удзелам Р., прывялі да ўваходжання ў яе склад Правабярэжнай Украіны, бел., літ., зах.ч.лат. зямель. Канчаткова тэр.Рас. імперыі сфарміравалася ў 19 ст.: у яе склад увайшлі Фінляндыя, б.ч. Польшчы, Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія, але ў 1867 прададзены ЗША рас. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. У часы царавання Аляксандра І [1801—25) уведзены мін-вы (1802—11), створаны Дзяржаўны савет (1810), Сенат стаў вышэйшай адм.-суд. установай, зроблены частковыя захады па вырашэнні сял. пытання (указ 1803 аб вольных хлебаробах, скасаванне прыгоннага права ў 1816—19 у Эстляндыі, Ліфляндыі і Курляндыі). Да пач. 1820-х г. ліберальны курс урада Аляксандра I змяніўся антыліберальным рэжымам аракчэеўшчыны. У пач. 19 ст. вырасла грамадская актыўнасць. Дваранскія рэвалюцыянеры — дзекабрысты — імкнуліся мадэрнізаваць Р. на ўзор зах.-еўрап. дэмакратый. Спробы дзекабрыстаў у канцы 1825 — пач. 1826 узняць паўстанні ў Пецярбургу і на Украіне скончыліся іх поўным разгромам. Цараванне Мікалая І [1825—55], — «апагей самадзяржаўя». Асн. намаганні ўлад былі накіраваны на кансервацыю існуючага рэжыму, назіраўся працэс бюракратызацыі і цэнтралізацыі дзярж. апарата Паліт. вышук ажыццяўляла «Трэцяе аддзяленне» імператарскай канцылярыі (1826—80). Праследаваліся дэмакр. аб’яднанні, рухі, выданні Падаўлена паўстанне 1830—31 на польскіх, бел., укр. і літ. землях, абмежавана (1832) аўтаномія Каралеўства Польскага. Станоўчыя вынікі эпохі — пачатак выдання «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі» (1830), рэформа дзяржаўных сялян 1837-41. У цэнтры грамадскай думкі 1830—50-х г. была вострая палеміка пра далейшыя шляхі развіцця краіны паміж прыхільнікамі формулы «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць», заходнікамі, славянафіламі і рэв. дэмакратамі (А.І.Герцэн) Міжнар. аўтарытэт Р. ўзрос пасля яе перамогі ў вайне 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, якія адыгралі вял. ролю ў крушэнні імперыі Напалеона І і вызваленні народаў Еўропы ад франц. панавання Аляксандр I у 1815 ініцыіраваў стварэнне Свяшчэннага саюза Аўстрыі, Прусіі і Р. для барацьбы з рэв. рухам. З 1820-х г. асаблівае месца ў знешняй палітыцы Р. займала «ўсходняе пытанне» Каб умацаваць свае паз шыі на Чорным м., Балканскім п-ве і Б. Усходзе, яна правяла паспяховыя войны з Турцыяй (1828—29) і Персіяй (1826—28), Каўказскую вайну 1817—64. Але ў Крымскай вайне 1853—56 супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў і Турцыі яна пацярпела паражэнне, што выявіла неабходнасць рэфармавання яе адсталай прыгонніцкай сістэмы У часы царавання Аляксандра II [1855—81) праведзены бурж. рэформы: Сялянская рэформа 1861 (адмена прыгоннага права), судовая 1864, гарадская 1870—75, ваен. 1862—74 (гл. адпаведныя арт.) і інш. Краіна стала на шлях ператварэння феад. манархіі ў буржуазную Імператар Аляксандр III (1881—94) праводзіў палітыку зацвярджэння «непахіснасці самадзяржаўя», ажыццявіў шэраг «контррэформ». Тым не менш да канца 19 — пач. 20 ст. захоўваліся створаныя рэформамі спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі. У пач. царавання Мікалая II [1894—1917], у многім, дзякуючы дзейнасці С.Ю.Вітэ (вінная манаполія 1894, грашовая рэформа 1897, дзярж. падтрымка цяжкай прам-сці і чыг.буд-ва), Р. па шэрагу паказчыкаў эканам. развіцця наблізілася да вядучых індустр. дзяржаў свету. У парэформенны перыяд актывізавалася грамадскае жыццё краіны, хоць пераважная большасць насельніцтва прытрымлівалася кансерватыўных традыцый. Пашыралася кола прыхільнікаў ліберальных ідэй (земскі рух), на аснове рэв.-дэмакр. ідэалогіі Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага сфарміравалася народніцтва. Прадстаўнікі яго найб. радыкальнай арг-цыі «Народная воля» ў сак. 1881 забілі імператара Аляксандра II у 1880—90-х г. пашыраўся рабочы рух. Пранікненне ў Р. ідэалогіі марксізму прывяло да заснавання ў 1898 у Мінску Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), якая ў 1903 раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў Паслядоўнікі народніцтва ў 1901—02 аб’ядналіся ў партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Гал. дасягненнем рас. знешняй палітыкі 2-й пал. 19 ст. была ліквідацыя наступстваў паражэння ў Крымскай вайне на Лонданскай канферэнцыі 1871 і ў выніку перамогі ў рус.-тур. вайне 1877—78. Ва ўмовах абвастрэння міжнар. абставін на рубяжы 19—20 ст. Р. з Вялікабрытаніяй і Францыяй стварылі у 1907 антыгерм. ваен.-паліт. блок Антанта. Сусв.эканам. крызіс пач. 20 ст. (спад вытв-сці, беспрацоўе, нізкія заробкі), нявырашанасць зямельнага пытання, паражэнне ў руска-японскай вайне 1904—05 сталі прычынамі рэвалюцыі 1905—07 у Расіі, у час якой царызм быў вымушаны даць насельніцтву пэўныя грамадз. і паліт. правы і свабоды (гл.Маніфест 17 кастрычніка 1905). Узніклі паліт. партыі акцябрыстаў, кадэтаў (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя) і інш., легалізаваліся прафсаюзы. Хоць рэвалюцыя была задушана царызмам, стварэнне выбарнага заканад. органа Дзяржаўнай думы (1906), нават з абмежаванымі правамі, азначала змену паліт. ладу Рас. імперыі. Ажывіўся і нац.-вызв. рух на ўскраінах. П.А.Сталыпін (старшыня Савета Міністраў у 1906—11) зрабіў спробу ліквідаваць архаічныя і неадпаведныя ўмовам капіталіст. развіцця абшчынныя формы землекарыстання (гл.Сталыпінская аграрная рэформа).
У выніку бурнага росту прамысл. і с.-г. вытв-сці ў 1912—14 Р. выйшла на самыя высокія ў яе гісторыі сац.-эканам. паказчыкі. У сувязі з гэтым асабліва востра адчуваўся цяжар першай сусветнай вайны 1914—18, у якой Р. пасля першых перамог пачала цярпець паражэнні (у 1915 герм. і аўстра-венг. войскі акупіравалі Каралеўства Польскае, Літву, Зах. Беларусь, зах. Латвію, ч. Правабярэжнай Украіны). У 1915—16 узнікла апазіцыя самадзяржаўю ў Дзярж. думе і Дзярж. савеце (гл.Прагрэсіўны блок), нарастала незадаволенасць у народзе Чарговы агульнарас. крызіс канца 1916 — пач. 1917 (харч. цяжкасці ў Петраградзе, кампраметацыя царскай сям’і Р.Я.Распуціным, «міністэрская чахарда» і інш.) выліўся ў Лютаўскую рэвалюцыю 1917, у выніку якой у Р. ліквідавана манархія. 2(15) 3.1917 Мікалай II адрокся ад прастола. У той жа дзень Часовы камітэт Дзяржаўнай думы сфарміраваў Часовы ўрад (да склікання Устаноўчага сходу) з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў Паколькі Часовы ўрад не мог дзейнічаць без падтрымкі Саветаў, узнікла двоеўладдзе. У краіне дзейнічалі больш за 50 паліт. партый, праходзіла вострая паліт. барацьба, адбыліся красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы. Пасля красавіцкага крызісу 1917 у склад Часовага ўрада ўвайшлі лідэры меншавікоў і эсэраў, у выніку ліпеньскага крызісу 1917 паўната ўлады перайшла да Часовага ўрада (з ліп. 1917 старшыня А.Ф.Керанскі), скончылася двоеўладдзе. У жн. (вер.) задушаны Карнілава мяцеж 1917. 1(14) 9.1917 Р. абвешчана рэспублікай. Няздольнасць Часовага ўрада стабілізаваць. сітуацыю ў краіне і неадкладна вырашыць набалелыя пытанні (спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, барацьба з ваен. разрухай і інш.) выклікала масавую незадаволенасць. На гэтай хвалі значную папулярнасць набылі бальшавікі. Яны (разам з левымі эсэрамі) заваявалі большасць у Саветах, у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада перайшла да бальшавікоў. Другі Усерасійскі з’езд Саветаў [7—9.11(25—27.10).1917] абвясціў пераход усёй улады ў краіне да Саветаў, утварыў ВЦВК і часовы ўрад — Савет народных камісараў (СНК) на чале з лідэрам бальшавікоў У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры (прапанова ўсім урадам пачаць перагаворы аб спыненні 1-й сусв. вайны) і зямлі (скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і памешчыцкага землеўладання). Прынцыпы новай нац. палітыкі (роўнасць, суверэнітэт і самавызначэнне народаў Р.) былі сфармуляваны ў зацверджанай СНК 2(15)11.1917 Дэкларацыі правоў народаў Расіі. Устаноўчы сход, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, 5(18).1.1918 адмовіўся санкцыяніраваць устанаўленне ўлады Саветаў і быў распушчаны бальшавікамі. III Усерас. з’езд Саветаў (10—18(23—31).1.1918] аб’яднаў Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветамі сял. дэпутатаў, выключыў слова «часовы» з назвы сав. ўрада, абвясціў Р. Рас.Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікай (РСФСР), прыняў Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Пасля працяглых спрэчак у бальшавіцкім кіраўніцтве, за час якіх герм. і аўстра-венг. войскі ў парушэнне перамір’я акупіравалі Латвію, Эстонію, большую ч.тэр. Беларусі і Украіны, падпісаны Брэсцкі мір 1918 (3.3.1918) на вельмі цяжкіх для Р. ўмовах (ануляваны 13.11.1918 у сувязі з рэвалюцыяй у Германіі). Вясной 1918 пачаўся працэс афармлення нац. дзяржаўнасці народаў РСФСР 10.7.1918 V Усерас. з’езд Саветаў прыняў 1-ю сав. канстытуцыю. Летам 1918 як вынік нязгоды ч.рас. грамадства з Кастр. рэвалюцыяй, Брэсцкім мірам і сац.-эканам. курсам бальшавікоў (нацыяналізацыя зямлі, прам-сці, буйных нерухомасцей і інш.) разгарнулася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, якая ў асн. завяршылася ў 1920 перамогай бальшавікоў. Вайна суправаджалася тэрорам з абодвух бакоў супраць паліт. і класавых праціўнікаў. Комплекс надзвычайных захадаў сав. ўрада па мабілізацыі ўсіх сіл на вядзенне вайны (паскораная нацыяналізацыя, канфіскацыя лішкаў харчавання ў сялян шляхам харчразвёрсткі і інш.) атрымаў назву «ваеннага камунізму». Незадаволенасць гэтай палітыкай выклікала шматлікія хваляванні, сярод якіх найб. небяспечнымі для бальшавікоў былі Кранштацкае паўстанне 1921, Антонава паўстанне 1921 (на Тамбоўшчыне), Заходнесібірскае паўстанне 1921 Вынікі 1-й сусв., грамадз. войнаў і інтэрвенцыі былі для Р. спусташальнымі. У 1920 прамысл.вытв-сць складала 1/7 ад узроўню 1913, с.-г.вытв-сць — 62%. У баях грамадз. вайны і інтэрвенцыі, ад тэрору, голаду і хвароб загінулі 8 млн.чал., 2 млн.чал. эмігрыравалі 3 пач. 1920-х г. партыя бальшавікоў (з 1925 ВКП(б), з 1952 КПСС) была адзінай паліт. арг-цыяй, якая кіравала краінай да 1991. Аднаўленне нар. гаспадаркі ажыццяўлялася на базе новай эканамічнай палітыкі, якая азначала адыход ад «ваен. камунізму» і частковае вяртанне да рыначных метадаў гаспадарання. Імкненне бальшавікоў (перш за ўсё рас.) захаваць фактычнае паліт. і эканам. адзінства тэр.б.Рас. імперыі прывяло да аб’яднання (30.12.1922) юрыдычна незалежных сав. рэспублік (РСФСР, Украіна, БССР і Закаўказская Федэрацыя) у новую дзяржаву — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), з існаваннем якога (1922—91) непарыўна звязаны наступны перыяд рас. гісторыі.
У 1920—30-я г.тэр. РСФСР значна зменшылася ў выніку вылучэння ў самаст. саюзныя рэспублікі Туркменіі, Узбекістана (1924), Таджыкістана (1929), Кіргізіі, Казахстана (1936) і Карэла-Фінскай Рэспублікі (1940, у 1956 вернута ў склад Р.) Калектывізацыя і індустрыялізацыя ў РСФСР праходзілі вельмі супярэчліва, аднак у выніку іх была створана новая машынна-тэхн. база краіны, якая істотна змяніла сац. структуру насельніцтва. Да пач. 1940-х г. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці на тэр. РСФСР у 8,7 разу перасягнуў адпаведны паказчык 1913. У адрозненне ад інш. саюзных рэспублік, РСФСР не мела асобнай рэсп.камуніст. партыі, асобнай АН і інш. Унутры РСФСР шмат этнасаў атрымалі свае нац.-дзярж. або нац.-адм. ўтварэнні ў выглядзе аўт. рэспублік, абласцей і нац. акруг (з 1977 аўт. акругі). Трагічнымі для лёсу народаў Р. былі рэпрэсіі палітычныя.
Народы Расіі зрабілі вял. ўклад у перамогу СССР у Вялікай Айчыннай вайне 1941—45. На яе тэр. выпускалася 80% усёй індустр. прадукцыі, адбыліся вырашальныя бітвы — Маскоўская (1941—42), Сталінградская (1942—43) і Курская (1943). 2 373 068 воінаў з Р. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Матэрыяльныя страты РСФСР ад акупацыі ням.-фаш. захопнікамі шэрагу яе абласцей склалі ў тагачасных цэнах 249 млрд.руб. з 679 млрд. па ўсім СССР. У час вайны да РСФСР далучана (1944) тэр. Тувінскай Нар. Рэспублікі (з 1961 АССР). Пасля перамогі ў вайне ў склад РСФСР уключаны: на Пн вобласць Пячэнга, на Д. Усходзе Паўд. Сахалін і Курыльскія а-вы, на З — г. Кёнігсберг (пераназваны ў Калінінград) з прылеглай ч.б.Усх. Прусіі (цяпер Калінінградская вобл.). Пасляваен. аднаўленне гаспадаркі ў асн. завершана да 1950. У 1954 у гонар 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Р. са складу РСФСР у склад Украіны перададзена Крымская вобл. У пасляваен. перыяд РСФСР заставалася найб. эканамічна магутнай рэспублікай СССР. У пач. 1980-х г. яна вырабляла 62% электраэнергіі, 100% збожжаўборачных камбайнаў, здабывала 91% нафты. Вялікія дасягненні зроблены ў развіцці навукі, атамнай энергетыкі, у асваенні космасу (першым касманаўтам свету стаў Ю.А.Гагарын). У перыяд перабудовы (з крас. 1985) у СССР пачалі складвацца новыя цэнтры рэальнай улады ў выглядзе рэсп. з’ездаў нар. дэпутатаў і Вярх. Саветаў, выбраных на дэмакр. умовах. 1-ы з’езд нар. дэпутатаў РСФСР (май—чэрв. 1990) выбраў старшынёй Вярх. Савета Б.М.Ельцына і абвясціў 12.6.1990 дзярж. суверэнітэт Р. Рас. кіраўніцтва падтрымлівала сепаратызм асобных саюзных рэспублік, каб выкарыстаць яго ў барацьбе з саюзным цэнтрам. Пачалася паскораная дэзінтэграцыя СССР. На агульнасаюзным рэферэндуме 17.3.1991 расіяне выказаліся за захаванне СССР як адзінай дзяржавы і за ўвядзенне пасады прэзідэнта РСФСР, 12.6.1991 прэзідэнтам выбраны Ельцын. Ельцын і Вярх. Савет Р. ўзначалілі барацьбу супраць Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы (19—21.8.1991), які імкнуўся сарваць падпісанне новага саюзнага дагавора і захаваць старыя парадкі. Пасля яго ліквідацыі ўказам ад 6.11.1991 Ельцын распусціў КПСС. 8.12.1991 лідэры Р., Украіны і Беларусі ў выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 заявілі аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 і спыненні існавання СССР, замест якога стварылася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). 10—12.12.1991 Пагадненне пра ўтварэнне СНД ратыфікавана Вярх. Саветамі Беларусі, Р. і Украіны. Са студз. 1992 у Р. пачалася радыкальная рыначная рэформа эканомікі. Урад вызваліў цэны на большасць тавараў ад дзярж. кантролю, з восені 1992 пачаў прыватызацыю дзярж. маёмасці. Распад СССР стварыў пагрозу распаду Р. Аўт. рэспублікі і аўт. вобласці (акрамя Яўрэйскай) адмовіліся ад аўт. статуса і абвясцілі сябе суверэннымі суб’ектамі федэрацыі. У сак. 1992 паміж федэральным цэнтрам і суб’ектамі падпісаны Федэратыўны-дагавор, які згладзіў вастрыню гэтага пытання, але не зняў яго цалкам. Асобныя Рэспублікі спрабавалі ўзяць курс на паступовы выхад з Р. (Татарстан, Башкортастан, Якуція), а кіраўніцтва Чэчэнскай Рэспублікі парвала ўсе сувязі з федэральным цэнтрам. 11.12.1994 федэральныя войскі ўвайшлі ў Чэчню з мэтай узяць яе пад кантроль, што паклала пачатак узбр. канфлікту, які дагэтуль не затушаны. У час абмеркавання новай Канстытуцыі абвастрыліся супярэчнасці паміж заканад. і выканаўчай уладай. 21.9.1993 прэзідэнт Ельцын выдаў указ аб роспуску З’езда нар. дэпутатаў і Вярх. Савета, правядзенні 12.12.1993 рэферэндуму па новай Канстытуцыі. Вярх. Савет абвясціў гэты ўказ неканстытуцыйным, а прэзідэнта пазбаўленым пасады. Аднак Ельцына падтрымалі ўзбр. сілы, сілавыя структуры і асн. сродкі масавай інфармацыі. Дзеянні абаронцаў Вярх. Савета, блакіраваных у сваім будынку, 3—4 кастр. набылі характар узбр. выступлення, якое было ліквідавана з дапамогай ваен. сілы. У кастр. 1993 указамі прэзідэнта ліквідавана сістэма Саветаў. 12.12.1993 на рэферэндуме прынята новая Канстытуцыя Р., якая ўсю рэальную ўладу аддавала прэзідэнту; праведзены выбары ў 5-ю Дзярж. думу. На чарговых выбарах у Дзярж. думу ў снеж. 1999 большасць месцаў заваявалі паліт. сілы правай і цэнтрысцкай арыентацыі («Адзінства», «Саюз правых сіл», «Айчына — уся Расія» і інш.), самай вял. фракцыяй засталася фракцыя Камуніст. партыі Рас. Федэрацыі (КПРФ, засн. ў 1992 як правапераемніца КПСС). 31.12.1999 добраахвотна пайшоў у адстаўку прэзідэнт Ельцын. 26.3.2000 прэзідэнтам Р. выбраны У.У.Пуцін, які заявіў пра намер працягваць рыначныя рэформы, умацоўваць федэрацыю і ажыццяўляць незалежную знешнюю палітыку ў інтарэсах народаў Р. Р. — член ААН (з 1991) і, як правапераемніца СССР, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН; уваходзіць у многія інш.міжнар. арг-цыі, у т. л. ў Савет Еўропы (з 1997), а таксама ў СНД. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.6.1992. У 1995 заключаны рас.-бел. дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве і Мытны саюз, да якога ў 1996 далучыліся Казахстан і Кыргызстан, у 1999 — Таджыкістан. Р. і Беларусь падпісалі Дагавор аб супольніцтве Беларусі і Расіі 1996 і Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі 1997. 8.12.1999 Р. заключыла з Беларуссю дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Р. і Беларусі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Сістэма паліт. партый у Р. з канца 1980-х г. знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Адзінай масавай партыяй з’яўляецца КПРФ. Большым уплывам, чым партыі, у 1990-я г. карысталіся грамадска-паліт. рухі і аб’яднанні, некат. з якіх зараз знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў паліт. партыі. Акрамя КПРФ, найб. значныя паліт. арг-цыі: «Саюз правых сіл», Ліберальна-дэмакр. партыя, Агр. партыя, Сял. партыя, Партыя эканам. свабоды, Рас. аб’яднаная прамысл. партыя, партыя «Адзінства», аб’яднанні «Яблык», «Айчына — уся Расія», Народна-патрыят. саюз і інш. Найбуйнейшыя прафс. аб’яднанні: Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Р., Усеагульная канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. Р. — індустрыяльна-агр. краіна. Сучасны этап яе эканам. і сац. развіцця звязаны з карэннымі зменамі, якія выкліканы пераходам да рыначных адносін. Адаптацыя Р. да рыначнай эканомікі праходзіць дастаткова цяжка. У 1992—98 назіраўся спад вытв-сці, што было звязана з парушэннем гасп. сувязей, незабяспечанасцю матэрыяльнымі рэсурсамі, фін. цяжкасцямі, зносам асн. фондаў. З 1999 пачаўся рост вытв-сці. У выніку рыначных рэформ эканоміка стала шматукладнай. Доля акц. прадпрыемстваў пераважае над дзярж. (па колькасці, выпуску прадукцыі, колькасці занятых). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1999 склаў 593,4 млрд. долараў (14-е месца ў свеце), каля 4,2 тыс.дол. на душу насельніцтва. Недзярж. сектар дае каля 70%. Прамысловасць — важная састаўная ч.гасп. комплексу Р., на яе долю прыпадае 26,8% ВУП. У 1999 у Р. мелася каля 160 тыс.прамысл. прадпрыемстваў. Зах. раёнам краіны (укл. Урал) належыць 72% кошту прамысл. вытв-сці, усх. (Сібір і Д. Усход) — 28%. Адной з гал. галін прам-сці з’яўляецца паліўна-энергет. комплекс (32,5% паводле кошту прадукцыі, 1998). Гандаль энерганосьбітамі — адзін з гал. профіляў спецыялізацыі Р. ў міжнар. падзеле працы. Здабыча нафты разам з газавым кандэнсатам у 1999 склала 305 млн.т (3-е месца ў свеце). Нафту здабываюць пераважна ў Зах. Сібіры (каля 70%), Паволжы, на Урале. Нафтаперапрацоўчыя з-ды размешчаны і ў раёнах здабычы нафты (Самара, Сызрань, Уфа, Саратаў, Табольск), і ў месцах спажывання нафтапрадуктаў (Масква, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры і інш.). У нафтавай прам-сці дзейнічае шэраг нафтавых кампаній, найб. з іх: «Лукойл» (53 млн.т, 18% агульнай здабычы Р., 1999), «Сургутнафтагаз» (37 млн.т, 12%), «ЮКОС» (34 млн.т, 11%), «Татнафта» (24 млн.т, 9%), «Сіданко» (20 млн.т, 7%) і інш. Здабыча прыроднага газу ў 1999 склала 591 млрд.м³ (1-е месца ў свеце). 90% прыроднага газу здабываюць у Зах. Сібіры. Найб. карпарацыя краіны — Рас.акц.т-ва «Газпрам». У Р. здабываюць 249 млн.т (5-е месца ў свеце, 1999) каменнага і бурага вугалю, пераважна ў Кузнецкім (27%), Канска-Ачынскім (15%), Пячорскім, Іркуцкім, Данецкім басейнах. Здабыча торфу ў Цэнтр., Волга-Вяцкім і Уральскім р-нах, сланцаў — у Ленінградскай вобл.Вытв-сць электраэнергіі 848 млрд.кВт∙гадз (4-е месца ў свеце, 1999). Пераважае цеплавая электраэнергетыка (69,6% агульнай магутнасці і 68% вытв-сці электраэнергіі), на долю гідраэнергетыкі прыпадае адпаведна 20,5% і 19%, атамнай энергетыкі — 9,9% і 13%. Гал.ЦЭС (млн.кВт): Рафцінская (3,8), Кастрамская (3,6), Канакоўская (3,6), Сургуцкая (3,1), Троіцкая (2,4); ГЭС: Саяна-Шушанская (6,4) і Краснаярская (6) на р. Енісей, Брацкая (4,5) і Усць-Ілімская (4,3) на р. Ангара, Волжская (2,5, г. Валгаград), Волжская (2,3, г. Самара); АЭС: Ленінградская (4), Курская (4), Балакоўская (3), Смаленская (3), Калінінская (2), Новаваронежская (1,8), Кольская (1,7). Вытв-сць, размеркаванне і экспарт. электраэнергіі ажыццяўляе Рас.акц.т-ва «Адзіная электраэнергет. сістэма Расіі». Чорная металургія (7,7%) поўнасцю забяспечана жал. рудой і коксам, марганец і хром завозяць з Украіны і Казахстана. Асаблівасць галіны — высокая канцэнтрацыя вытв-сці. У Р. сфарміраваліся 3 металургічныя базы: Уральская (46% вытв-сці металу), дзе працуюць буйныя металургічныя камбінаты поўнага цыкла ў Магнітагорску, Ніжнім Тагіле, Наватроіцку, Чэлябінску і пераробныя ў Іжэўску, Златаусце, Сярове і інш.; Цэнтральная з камбінатамі поўнага цыкла ў Ліпецку, Старым Асколе і пераробнымі з-дамі ў Маскве, Электрасталі, Арле і інш.; Сібірская з камбінатамі поўнага цыкла ў Новакузнецку і пераробнымі ў Новасібірску, Краснаярску, Пятроўск-Забайкальску і інш. Буйны камбінат поўнага цыкла ў Чарапаўцы, пераробныя з-ды ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Колпіне і інш.Вытв-сць (млн.т, 1999) чыгуну 40,1 (4-е месца ў свеце), сталі 51,5 (5-е месца), пракату 40,9 (6-е месца). Каляровая металургія (7,6%) працуе пераважна на ўласнай сыравіне, у ёй выплаўляецца больш за 70 відаў разнастайных металаў. Вытв-сць медзі сканцэнтравана ў асн. на Урале (Краснаўральск, Кіраўград, Раўда, Карабаш, Меднагорск), з-ды па рафінаванні медзі ў Маскве, С.-Пецярбургу, Кальчугіне. Свінец і цынк выплаўляюць у Чэлябінску, Уладзікаўказе, Бялове, Дальнягорску; нікель — у Нарыльску, Орску, Уфалеі, Манчагорску. Алюмініевая прам-сць прымеркавана да буйных ГЭС, якія вырабляюць танную электраэнергію, — у Краснаярску, Брацку, Саянску, Валгаградзе, Кандалакшы, Волхаве і інш. Здабыча алавянага канцэнтрату ў паўн.-усх. раёнах Сібіры, выплаўка волава ў Новасібірску і Падольску. На Долю Р. прыпадае каля 10% сусв. экспарту каляровых металаў. Машынабудаванне (18%) вызначаецца шматгаліновым характарам (цяжкае, агульнае, сярэдняе, вытв-сць прылад, станкоў і інш.) і паўсюдным пашырэннем па тэр. краіны. Сярод галін машынабудавання вылучаецца вытв-сць абсталявання для металургіі (Орск, Екацярынбург, Краснаярск, Іркуцк, Сызрань), горна-шахтавага (Кемерава, Краснаярск, Чарамхова, Капейск), для нафтавай і газавай прам-сці (Валгаград, Самара, Цюмень, Екацярынбург і інш.), энергет. (С.-Пецярбург, Новасібірск, Екацярынбург, Валгадонск, Барнаул і інш.), кавальска-прэсавага і цяжкіх станкоў (Колпіна, Іванава, Варонеж, Ульянаўск і інш.), ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў (Масква, С.-Пецярбург, Екацярынбург, Тула, Іжэўск, Ніжні Ноўгарад і інш.). Вытв-сць лакаматываў у Мураме, Каломне, Бранску, Людзінаве; электравозаў у Новачаркаску, грузавых вагонаў у Ніжнім Тагіле, Абакане, Цверы, Алтайску, Калінінградзе; пасаж. вагонаў у С.-Пецярбургу, Цверы; вагонаў для метрапалітэна ў С.-Пецярбургу і Мыцішчах. Буйныя цэнтры марскога суднабудавання — С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Архангельск, Уладзівасток, Севераморск; рачнога — Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Цюмень, Краснаярск і інш.; вытв-сці самалётаў — Смаленск, Варонеж, Саратаў, Іркуцк, Камсамольск-на-Амуры; верталётаў — Казань, Растоўна-Доне. Вытв-сць грузавых аўтамабіляў (175 тыс.шт., 1999) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Набярэжных Чаўнах, Міясе; легкавых (954 тыс.шт.) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Іжэўску, Елабузе, Серпухаве; аўтобусаў (50 тыс.шт.) у Лікіно-Дулёве, Паўлаве, збожжаўборачных камбайнаў (2 тыс.шт.) у Растове-на-Доне, Таганрогу, Краснаярску; ільноўборачных у Бежацку; бульбаўборачных у Туле, Разані; сіласаўборачных у Люберцах; трактароў (15,4 тыс.шт., 1999) у Валгаградзе, Чэлябінску, Уладзіміры, Чэбаксарах, С.-Пецярбургу і інш. Выпуск металарэзных станкоў (7,7 тыс.шт.) у Маскве, Іванаве, Саратаве, Самары, Екацярынбургу, С.-Пецярбургу і інш.Вытв-сць радыёпрыёмнікаў (332 тыс.шт.) і тэлевізараў (281 тыс.шт.), халадзільнікаў і маразільнікаў (1173 тыс.шт.), электрапыласосаў (745 тыс.шт.), пральных машын (999 тыс.шт.). Электронная прам-сць у Маскве, Арле, Самары, Пензе і інш.Хім.прам-сць (7,3%) поўнасцю забяспечана мясц. сыравінай і вызначаецца шырокім асартыментам прадукцыі. Развіта прам-сцьмінер. угнаенняў (11,5 млн.т у пераліку на 100%-нае ўтрыманне дзейных рэчываў; 5-е месца ў свеце, 1999), хім. валокнаў (136 тыс.т), сінт. смол і пластмас (2,2 млн.т), шын (28 млн.шт.), сернай к-ты (7,1 млн.т), кальцыніраванай (1,9 млн.т) і каўстычнай (1 млн.т) соды. Вытв-сць угнаенняў: азотных у Новамаскоўску, Ніжнім Тагіле, Кемераве, Вял. Ноўгарадзе, Тальяці, Нявіннамыску і інш.; калійных у Беразніках, Салікамску; фосфарных у Васкрасенску, Бранску, Пермі, Краснаўральску і інш.; хім. валокнаў у Энгельсе, Балакове, Цверы, Кліне, Серпухаве, Разані і інш.; пластмас у Ніжнім Тагіле, Цюмені, Уфе, Казані, Мыцішчах; соды ў Беразніках, Салікамску, Стэрлітамаку, Каменск-Уральску і інш. Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (3,9%) мае трывалую сыравінную базу. Вытв-сць дзелавой драўніны (69,8 млн.м³, 4-е месца ў свеце), піламатэрыялаў (19,1 млн.м³, 6-е месца), паперы (3 млн.т), кардону (1,6 млн.т), фанеры (1,3 млн.м³) у Паўн.-Заходнім (Котлас, Сыктыўкар, Кондапага, Себеж), Уральскім (Краснакамск, Салікамск, Перм), Волга-Вяцкім (Балахна, Праўдзінск) і Зах.-Сібірскім раёнах. Развіта вытв-сць мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт. Вял. значэнне мае прам-сцьбуд. матэрыялаў, доля якой у структуры прам-сці, разам са шкляной, складае 4,2%. Ва ўсіх эканам. раёнах пашырана вытв-сць цэменту (28,5 млн.т), зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей (14,2 млрд.м³), буд. цэглы (10,5 млрд.шт., 2-е месца ў свеце). З цэнтраў шкляной прам-сці вылучаецца г. Гусь-Хрустальны (каля 50% вытв-сці шкла Р.). Эканам. крызіс, які ахапіў усе галіны прам-сці, у найб. ступені адбіўся на лёгкай прам-сці, асабліва на тэкст. галіне, якая страціла сыравінную базу ў Сярэдняй Азіі. Вытв-сць тканін усіх відаў у 1999 склала 1657 млн.м² (5-е месца ў свеце па вытв-сці баваўняных і 14-е месца па вытв-сці шарсцяных тканін), абутку — 29,9 млн. пар, шкарпэтачных вырабаў — 251 млн. пар, трыкат. вырабаў — 79,2 мн. шт.Асн. раёнам вытв-сці тканін з’яўляецца Цэнтральны (70%) — Іванава, Масква, Уладзімір, Яраслаўль, Кінешма, Нара-Фамінск. У харч. прам-сці (13,7%) вядучыя галіны — малочная, мясная, цукровая, алейная, рыбная і рыбакансервавая, мукамольная, масларобная, спіртавая, піваварная і інш.Вытв-сць малака 5,5 млн.т, цукру 6,8 млн.т (2-е месца ў свеце), алею 845 тыс.т (1999). Мясная прам-сць развіта ў Цэнтр. і Паўн.-Каўказскім р-нах, цукр. і алейная ў Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім і Паволжскім р-нах, рыбная і рыбакансервавая ў гарадах Мурманск, Архангельск, Калінінград, Астрахань, Уладзівасток і інш.
На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 5,5% ВУП. У структуры валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі доля раслінаводства складае 51,8%, жывёлагадоўлі — 48,2% (1999). Вядучая роля ў вытв-сці збожжа, цукр. буракоў, сланечніку (адпаведна 92%, 93,8%, 86,1%) належыць с.-г. прадпрыемствам; бульбы, агародніны, мяса і малака (адпаведна 93%, 79,1%, 61,3%, 50,9%) фермерскім і асабістым гаспадаркам насельніцтва. Узровень развіцця сельскай гаспадаркі Р. не забяспечвае патрэбы насельніцтва ў асн. прадуктах харчавання. Р. імпартуе мяса і малочныя прадукты пераважна з краін Зах. Еўропы. Агульная пл.с.-г. угоддзяў 222 млн.га, у т. л. 132 млн.га займаюць ворныя землі, 90 млн.га сенажаці і паша. Вял. масівы меліяраваных зямель. Пл. пасяўных зямель у 1999 склала 88,3 млн.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 52,7%, тэхн. 8,5%, кармавымі 34%, бульбай і агароднінай 4,8%. Аснова сельскай гаспадаркі Р. — вытв-сць збожжа, гал. культура — пшаніца (1/3пл.). Яе вырошчваюць у Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім, Паволжскім, Зах.-Сібірскім р-нах, жыта, ячмень, авёс, грэчку сеюць у лясной зоне, кукурузу, проса — у лесастэпавай і стэпавай, рыс — на Д. Усходзе і Паўн. Каўказе (нізоўі рэк Кубань і Церак), сою — на Д. Усходзе. Гал.тэхн. культуры — цукр. буракі, сланечнік — вырошчваюць пераважна ў Цэнтр.-Чарназёмным р-не, на Паўн.-Каўказе, у Паволжы, лён-даўгунец — у Цэнтр. і Паўн.-Заходнім р-нах, бульбу і агародніну — амаль усюды. Пладова-ягадныя і вінаградныя насаджэнні пераважна на Паўн. Каўказе. Збор (млн.т, 1999) збожжа 54,7 (ураджайнасць 11,7 ц/га), цукр. буракоў 15,2 (169 ц/га), сланечніку 4,1 (7,4 ц/га), лёну-даўгунцу 23,7 (2,3 ц/га), бульбы 31,3 (96 ц/га), агародніны 12,3 (142 ц/га). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку Пагалоўе (млн. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 27,5, у т. л. кароў 12,9, свіней 18,3, авечак і коз 14, птушак 350. Вял. пагалоўе буйн. раг. жывёлы ў Паволжы, Цэнтр. р-не, Зах. Сібіры, свіней у Цэнтр.-Чарназёмным р-не, Паволжы, на Паўн. Каўказе, авечак і коз у Паволжы, на Паўн. Каўказе, Усх. Сібіры. Аленегадоўля ў зоне тундры і лесатундры, пчалярства ў Татарстане, Башкортастане, на Алтаі, Д. Усходзе. Зверагадоўля і паляванне. Рыбалоўства ў навакольных морах, унутр. вадаёмах, сажалках. Улоў рыбы ў 2000 склаў 4,7 млн.т. Здабываюць таксама крэветак, крабаў, малюскаў, водарасці. Па эканам. і прыродных асаблівасцях у Р. вылучаецца 10 эканам. раёнаў: Паўн.-Заходні, Цэнтр., Волга-Вяцкі, Цэнтр.-Чарназёмны, Паволжскі, Паўн.-Каўказскі, Уральскі, Зах.-Сібірскі, Усх.-Сібірскі, Далёкаўсходні.
Транспарт. У Р. развіты ўсе віды транспарту. Доля яго ў ВУП складае 6,6% (1999). Асн. віды транспарту — чыгуначны, марскі, рачны, паветраны, трубаправодны — утвараюць адзіную трансп. сістэму, дзе кожны від мае сваю рацыянальную сферу выкарыстання. У грузаабароце краіны доля чыг. транспарту 36,3%, марскога 3,6%, рачнога 1,9%, аўтамаб. 0,7%, трубаправоднага 57,5%. У пасажыраабароце вядучае месца належыць аўтамаб. (36,5%), чыг. (30%) і паветранаму (і 1,3%) транспарту. Даўж. чыгунак 86,2 тыс.км (3-е месца ў свеце, пасля ЗША і Канады), у т. л. каля 30% электрыфікавана. Асн.чыг. магістралі маюць шыротны напрамак і лініі, што злучаюць Маскву з рэгіёнамі Расіі. Гал. пасажырапатокі на чыг. лініях паміж Масквой і С.-Пецярбургам, Масквой і курортнымі гарадамі Каўказа. Марскому транспарту належыць асн. роля ў знешніх эканам. сувязях. У Р. 695 суднаў, агульны танаж іх 3,9 млн. рэгістравых т (1999). 90% знешняга грузаабароту прыпадае на Балт. і Азова-Чарнаморскі марскія басейны. Гал. парты С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Новарасійск, Уладзівасток, Находка, Туапсэ і інш. Агульная даўж. рачных суднаходных шляхоў 89,1 тыс.км. Усе буйныя рэкі еўрап.ч. пры дапамозе каналаў утвараюць адзіную глыбакаводную сістэму. На долю р. Волга і яе прытокаў прыпадае больш за 60% грузаабароту рачнога транспарту. Вял. значэнне мае рачны транспарт для абслугоўвання паўн. раёнаў Сібіры. Даўж. аўтадарог 573,5 тыс.км, у т. л. 517,4 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Аўтамагістралі веерам разыходзяцца ад Масквы да буйных гарадоў і партоў. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца пераважна для перавозкі пасажыраў, хуткапсавальных грузаў і для дастаўкі грузаў у аддаленыя раёны Поўначы. У Р. 845 аэрапортаў, з іх 66 федэральнага і 45 міжнар. значэння. Гал. аэрапорты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Екацярынбургу, Адлеры, Мінеральных Водах, Краснаярску, Растове-на-Доне. У Р. створана адзіная сетка нафта- і газаправодаў, якая злучае асн. раёны здабычы нафты і прыроднага газу з прамысл. цэнтрамі Р. і краінамі Зах. Еўропы. Даўж. трубаправодаў 213,8 тыс.км, у 1999 перамешчана 802 млн.т грузаў. Агульны аб’ём знешняга гандлю Р. ў 1999 склаў 123,6 млрд.дол., у т. л. экспарт 75,4 млрд.дол., імпарт 48,2 млрд. долараў. Сярод экспартуемых тавараў пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, электраэнергія, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні, машыны і абсталяванне, узбраенне, хім. прадукцыя і інш. Сярод імпартуемых пераважаюць машыны і абсталяванне, харч. тавары і с.-г. прадукцыя, хім. прадукцыя, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні і вырабы з іх. Гал.гандл. партнёры: Германія (8,3% экспарту і 12,7% імпарту), Беларусь (6,4 і 10,4), Украіна (7,7 і 7,4), ЗША (7,4 і 9,5), Італія (4,5 і 4,2), Вялікабрытанія (4,1 і 2,8) і інш. Аб’ём знешняга гандлю Р. з Беларуссю ў 1999 склаў 7 млрд.дол., у т. л. экспарт 3,8 млрд.дол., імпарт 3,2 млрд. долараў. Р. экспартуе ў Беларусь нафту, прыродны газ, каменны вугаль, электраэнергію, цэлюлозу, паперу і кардон, чорныя металы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, станкі і інш.: імпартуе грузавыя аўтамабілі, трактары, тэлевізары, халадзільнікі і маразільнікі, радыёпрыёмнікі, пракат, тавары нар. спажывання і інш. Важнымі формамі эканам. супрацоўніцтва Р. з інш. краінамі з’яўляюцца сумесныя прадпрыемствы (больш за 25 тыс., 1999) і свабодныя эканам. зоны, якія створаны ў С.-Пецярбургу, Выбаргу, на Сахаліне, у Кузбасе, Калінінградскай вобл. і інш. У Р. дзейнічае каля 8 тыс. турыстычных фірм, 15,8 млн. турыстаў наведалі краіну ў 1998, прыбытак ад турызму склаў 7,1 млрд. долараў. Грашовая адзінка — рубель.
Узброеныя сілы. Падзяляюцца на віды: сухап. войскі, ВПС і ППА, ВМФ, а таксама роды войск, якія не ўваходзяць у віды ўзбр. сіл: ракетныя войскі стратэг. прызначэння, касмічныя войскі; у ваен.-адм. адносінах — на 6 ваен. акруг: Ленінградская (С.-Пецярбург), Маскоўская (Масква), Паўн.-Каўказская (Растоў-на-Доне), Прыволжска-Уральская (Екацярынбург), Сібірская (Чыта), Далёкаўсходняя (Хабараўск). Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 1 млн. 265 тыс.чал. (2001). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Кіраванне ўзбр. сіламі ажыццяўляюць міністр абароны цераз мін-ва абароны і Ген. штаб. Камплектаванне на аснове прызыву на ваен. службу — па экстэрытарыяльным прынцыпе, а таксама па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 2 гады, для некат. катэгорый — 1 год. У сухап. войсках каля 370 тыс.чал., каля 7 тыс. танкаў, 7,2 тыс. баявых машын пяхоты, каля 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, больш за 7 тыс.артыл. сістэм калібру 100 мм і больш (артыл. гарматы, мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню), зенітныя ракетныя комплексы, армейская авіяцыя (каля 1 тыс. верталётаў розных класаў). У ВПС і ППА 161,3 тыс.чал., 5,5 тыс. самалётаў, у т. л. 3,6 тыс. баявых, зенітныя ракетныя комплексы С-300 і інш. У ВМФ 135,2 тыс.чал., 168 баявых надводных караблёў, 62 баявыя падводныя лодкі, 300 самалётаў, каля 43 верталётаў, а таксама танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і артылерыя. У паветр.-дэсантных войсках 30,3 тыс.чал., 1100 баявых машын пяхоты, больш за 500 бронетранспарцёраў, больш за 300 артыл. сістэм калібру 100 мм і больш, 23 верталёты. Кантынгенты войск Р. знаходзяцца і па-за яе межамі: на тэр. Закаўказзя, Украіны, Таджыкістана, Прыднястроўскага рэгіёна Рэспублікі Малдова, а таксама Югаславіі і інш.Ваен. дактрына Р. мае абарончы характар, але прадугледжвае выкарыстанне ядз. зброі ў адказ на ядз. нападзенне ці прымяненне інш. відаў зброі масавага знішчэння, буйнамаштабную агрэсію з выкарыстаннем звычайных узбраенняў. Паводле Дагавора аб калектыўнай бяспецы (1992) і інш. Р. праводзіць сумесную з Рэспублікай Беларусь абарончую палітыку.
Ахова здароўя. Існуе адзіная федэратыўная сістэма аховы здароўя. З агульных расходаў насельніцтва на мед. дапамогу 45% аплачваецца з бюджэту, 15% — за кошт абавязковага мед. страхавання (дзейнічае 90 тэр. фондаў), 7% — за кошт добраахвотнага мед. страхавання і платных паслуг; 33% складае аплата пацыентамі прыватных мед. паслуг. Асн. ўвага аддаецца развіццю першаснай медыка-сан. дапамогі на базе муніцыпальнай сістэмы аховы здароўя, ін-ту ўрачоў агульнай (сямейнай) практыкі, рэалізацыі мер па зніжэнні захворванняў на сацыяльна-значныя хваробы і інш.; спецыялізаванай службай распрацоўваюцца мерапрыемствы па рэабілітацыі дзяцей і інвалідаў. Першасную мед. дапамогу аказваюць 6250 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 1708 паліклінік, у т. л. 591 дзіцячая; дзейнічаюць 54 гаспадарча-разліковыя паліклінікі, 48 кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў, 3135 станцый хуткай мед. дапамогі, 9264 фельчарскіх пунктаў, 942 стаматалагічныя паліклінікі (1999). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59 жанчын 71,8 года. Вял. праблема — высокі ўзровень смяротнасці працаздольнага насельніцтва. Смяротнасць у 2000 склала 13,8 на 1 тыс.чал. (у 1970-я — 8,7). Натуральны прырост адмоўны: -0,478%. У 1970-я нараджальнасць на 1 тыс.чал. склала 15,1 чал., у 2000—9 чал. Высокая ўдз. в. дзяцей у насельніцтва рэгіёнаў з традыц. пашыранай мнагадзетнасцю (Дагестан, Інгушэція, Калмыкія, Саха, Алтай). За апошнія 10 гадоў агульная колькасць бальнічных устаноў скарацілася на 14,5%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 85 чал., урачамі — 1 на 215 чал. Дзіцячая смяротнасць у 2000—16,5 на 1 тыс. народжаных. У адпаведнасці з Канцэпцыяй (1997) прадугледжваюцца распрацоўка і рэалізацыя мер па зніжэнні захворванняў насельніцтва, гарантаваная мед. дапамога і інш.
Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Р. арганізавана як непарыўная паслядоўнасць узроўняў, або ступеняў, адукацыі. Яна ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Дашкольная адукацыя неабавязковая, ахоплівае дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту. Агульная сярэдняя ўключае базавую сярэднюю школу, якая дае пач. і базавую сярэднюю адукацыю, і поўную сярэднюю школу, якая дае пач., базавую і закончаную сярэднюю адукацыю. Пач. адукацыя (1-я ступень агульнай сярэдняй адукацыі) — 3—4 гады навучання. Большасць дзяцей паступае ў пач. школу з 7-гадовага ўзросту (каля 20% — з 6 гадоў, калі яны вучацца па 11-гадовай праграме сярэдняй школы). Базавая сярэдняя адукацыя (ніжэйшая сярэдняя; асн. школа) — абавязковая, тэрмін навучання 5 гадоў пасля пач. школы. Поўная сярэдняя — 2-гадовы курс пасля базавай адукацыі. Вышэйшую ступень сярэдняй адукацыі даюць гімназіі. Больш за 20 млн. школьнікаў Р. атрымліваюць адукацыю на рус. мове. Для больш чым 1,1 млн. вучняў выкладанне вядзецца на іх роднай мове. Пач.прафес. адукацыю можна набыць у школах прафес. адукацыі, у т. л. ліцэях на базе асн. школы без атрымання сярэдняй адукацыі (тэрмін навучання 1—2 гады), на базе асн. школы з атрыманнем сярэдняй адукацыі (3—4 гады навучання) і на базе сярэдняй школы (1—2 гады навучання). Сярэдняя прафес. адукацыя забяспечваецца праз сетку тэхн. прафесійных і сярэдніх спец.навуч. устаноў тэхн., гуманітарнага, мед., мастацкага і інш. профіляў (тэхнікумы, каледжы і інш.прафес. школы). Навучэнцы з базавай адукацыяй у сярэдніх прафес. установах адначасова атрымліваюць спец. і агульнаадук. падрыхтоўку. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. Акрамя дзярж. устаноў адкрываюцца і недзярж. (прыватныя, сацыяльныя, рэліг. канфесій). Вышэйшая адукацыя мае 3 узроўні: 1-ы — няпоўная вышэйшая прафес. адукацыя (2-гадовы курс навучання, пасля якога можна атрымаць дыплом аб няпоўнай вышэйшай адукацыі або прадоўжыць вучобу); 2-і ўзровень — вышэйшая прафес. адукацыя (4-гадовы курс навучання дае ступень бакалаўра або сертыфікат «спецыяліста»); 3-і — вышэйшы ўзровень прафес. падрыхтоўкі (6 гадоў навучання — ступень магістра, пасля 5 — спецыяліст шырокага профілю). У 1996/97 навуч.г. ў Р. 68,6 тыс. дашкольных устаноў (5,6 млн. дзяцей); больш за 70,2 тыс.дзярж.агульнаадук. школ (больш за 21 млн. вучняў), больш за 500 недзярж.; сярод дзённых школ пач. — 17,1 тыс., асн. — 13,7 тыс., поўных сярэдніх — 35,6 тыс. З агульнай колькасці вучняў у поўных сярэдніх школах вучылася больш за 19 млн.; адкрыты гімназіі (больш за 900, у іх 730 тыс. навучэнцаў), ліцэі (больш за 560 з 390 тыс. навучэнцаў). У сістэме прафес. адукацыі больш за 4,2 тыс.пач. і больш за 2,6 тыс. сярэдніх навуч. устаноў (у іх 3,7 млн. навучэнцаў). У больш як 560 дзярж.ВНУ, у т. л. 75 ун-таў (разам з прафіляванымі), больш за 2,6 млн. студэнтаў, у 200 недзярж. — 25 тыс. студэнтаў. Найбуйнейшыя ВНУ: Маскоўскі універсітэт, Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя, Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі, Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва — усе ў Маскве; Растоўскі дзяржаўны універсітэт, Санкт-Пецярбургскі універсітэт, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры, тэхн., шляхоў зносін (з 1809), аграрны, Горны, электратэхн., эканомікі і фінансаў, архітэктурна-буд., тэхнал., марскі, Рас.пед.ун-т і інш. ун-ты ў С.-Пецярбургу; Казанскі (з 1804), Томскі (з 1888), Саратаўскі (з 1904), Пермскі (з 1916), Іркуцкі (з 1918), Уральскі (з 1920; у Екацярынбургу), Новасібірскі (з 1959) ун-ты. У Маскве: Рас.ун-т дружбы народаў, ун-тміжнар. адносін, тэхн.ун-т імя Баўмана; радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі, авіяцыйны, энергетычны, аўтадарожны, інжынерна-фізічны, электронікі і матэматыкі і інш. — ін-ты са статусам тэхн. ун-та; тэхн.ун-т грамадзянскай авіяцыі, Рас. хіміка-тэхнал.ун-т, ін-т сталі і сплаваў (тэхнал.ун-т), тэхнал.ун-т «СТАНКІН», буд., пед., лінгвістычны, Горны, Рас.мед.ун-т, нафты і газу і інш. ун-ты; ін-ты: мед. стаматалагічны, эканоміка-фін., літ. імя М.Горкага і інш.; акадэміі: Маскоўская духоўная (г. Сергіеў Пасад), Санкт-Пецярбургская духоўная, тэатр. мастацтва, лесатэхн. і інш. ў С.-Пецярбургу, Рас. музыкі, Рас.мед., с.-г. імя Ціміразева, Рас.эканам., Рас.фіз. культуры, тонкай хім. тэхналогіі, вет. медыцыны і біятэхналогіі, фінансава-юрыд., лёгкай прам-сці, прыборабудавання і інфарматыкі (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Расійская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве, Расійская нацыянальная бібліятэка, Расійскай Акадэміі навук бібліятэка ў С.-Пецярбургу; Усерас. замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та, гіст., Рас. дзіцячая, Рас. па мастацтве, навукова-тэхн., навукова-мед., грамадска-паліт., с.-г., Рас. для сляпых, Рас. юнацкая (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя музеі: музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», Музей выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, музеі Маскоўскага Крамля (у т. л.Аружэйная палата), Музей Усходу, Гістарычны музей, Музей народнага мастацтва, Політэхнічны, Дарвінаўскі, Палеанталагічны, сучаснай гісторыі Расіі, Музей архітэктуры імя А.Шчусева і інш. ў Маскве; Эрмітаж, Рускі музей, Расійскі этнаграфічны музей, Аляксандра-Неўская лаўра, комплекс Петрапаўлаўскай крэпасці, н.-д. музей Рас. акадэміі мастацтваў (С.-Пецярбургскага ін-та жывапісу, скульптуры і архітэктуры), ваенна-марскі і інш. ў С.-Пецярбургу; палацы-музеі 18—19 ст. з паркавымі ансамблямі Гатчына, Паўлаўск, Петрадварэц, у г.Пушкін і інш. прыгарадах С.-Пецярбурга; гіст.-архітэктурны музей-запаведнік Каломенскае, музеі-сядзібы Астанкіна, Кускова ў Маскве, Абрамцава (каля г. Сергіеў Пасад), Л.М.Талстога ў Яснай Паляне (Тульская вобл.); музей-запаведнік А.С.Пушкіна (Пушкінскія Горы, Пскоўская вобл.), нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі на в-ве Кіжы; музейнае аб’яднанне «Мастацкая культура» рускай Поўначы (г. Архангельск); гіст.-архітэктурныя і мастацкія, выяўл. мастацтваў, драўлянага дойлідства, музеі-запаведнікі і інш. «Залатога кальца Расіі» ў гарадах Сергіеў Пасад, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Яраслаўль, Кастрама, Суздаль, Уладзімір; музей зброі ў г. Тула і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Рас.АН (з 1724) і яе аддзяленнях: Далёкаўсходнім з навук. цэнтрамі (Прыморскі, Амурскі, Камчацкі, Сахалінскі, Паўночна-Усходні, Хабараўскі); Сібірскім з навук. цэнтрамі (Новасібірскі, Бурацкі, Іркуцкі, Кемераўскі, Краснаярскі, Омскі, Томскі, Цюменскі, Якуцкі); Уральскім з навук. цэнтрамі (Пермскі, Комі, Удмурцкі, Чэлябінскі), а таксама ў інш.навук. цэнтрах Рас.АН, у т. л. С.-Пецярбургскім, Дагестанскім, Кабардзіна-Балкарскім, Казанскім, Карэльскім, Кольскім, Самарскім, Саратаўскім, Уфімскім і інш.Навук. даследаванні праводзяць ун-ты, Рас. акадэмія с.-г. навук, Рас. акадэмія адукацыі, Рас. акадэмія мед. навук, Рас.навук. цэнтр «Курчатаўскі ін-т» і інш.Рас. вучоныя эфектыўна выкарыстоўваюць навук.-тэхн. патэнцыял, створаны за гады сав. улады ў СССР. Сусв. ўзроўню дасягнулі іх даследаванні ў галіне прыродазнаўчых (матэматыка, фізіка, у т. л. ядзерная, хімія, геалогія і акіяналогія, біялогія, медыцына), тэхнічных (авіяцыя, ракетабудаванне і касманаўтыка, электратэхніка і электроніка, кібернетыка і выліч. тэхніка), грамадскіх (гісторыя, археалогія, педагогіка, мастацтва- і літаратуразнаўства) і інш.навук.Асн. з гэтых напрамкаў працягваюць паспяхова развівацца. За адкрыцці ў галіне квантавай фізікі паўправаднікоў рас. вучонаму бел. паходжання Ж.Алфёраву ў 2000 прысуджана Нобелеўская прэмія.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у Р. каля 10 тыс.перыяд. выданняў, у т. л. каля 5 тыс. газет. Буйнейшыя агульнарас. газеты: «Российская газета» (з 1990), «Комсомольская правда», «Труд», «Известия», «Красная звезда» (з 1924), «Независимая газета» (з 1990), «Российские вести» (з 1992), «Правда», «Общая газета» (з 1991), «Сегодня» (з 1993), «Рабочая трибуна» (з 1990), «Коммерсант-daily» (з 1992), «Советский спорт» (з 1924), «Советская Россия» (з 1956); штотыднёвікі — «Аргументы и факты», «Московские новости» (з 1930 для замежных чытачоў, з 1980 на рус. мове), «Литературная газета», «Литературная Россия» (з 1958, да 1963 «Литература и жизнь»), «Экономика и жизнь» (з 1918, назва мянялася, сучасная з 1990), «Культура» (з 1929, да 1991 «Советская культура»). Выдаюцца таксама газеты рэсп., краявыя, абл. і інш. на рус. і нац. мовах. Інфарм. агенцтвы: ІТАР—ТАСС, Расійскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны», Інтэрфакс, Пастфактум (з 1989).
Радыёвяшчанне з 1919 (рэгулярнае з 1924). Дзейнасць радыё каардынуе Рас.дзярж. радыёвяшчальная карпарацыя (створана ў 1995 на базе Рас.дзярж. тэлерадыёкампаніі «Астанкіна», з 1991), у складзе якой федэральныя станцыі «Радыё Расіі», «Маяк», «Радыё-1», «Юнацтва», «Арфей», «Голас Расіі» (вядзе перадачы на рус. і 32 замежных мовах на ўсе рэгіёны свету), «Славянка», рэгіянальныя кампаніі «Масква» і «Масковія» (для Маскоўскай вобл.). Працуе Агульнарас. дзярж. радыёвяшчальная кампанія «Маяк» (створана ў 1997 на базе станцый «Маяк» і «Юнацтва—Маладзёжны канал»). Дзейнічаюць камерцыйныя і прыватныя («Еўропа плюс», «Рускае радыё», Радыё Расіі «Настальжы», «Рэха Масквы», «Наша радыё» і інш.), грамадскія («Радыё АРТ», «Радыё РОКС», «Аўтарадыё») і інш. станцыі.
Тэлебачанне з 1932 (рэгулярнае з 1939, каляровае з 1967). Найбуйнейшыя тэлекампаніі Р. — Адкрытае акц.т-ва «Грамадскае расійскае тэлебачанне» (ААТ «ГРТ», з 1994), Усерас.дзярж. тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія (РТР, з 1990), Агульнарас. дзярж. тэлевізійны канал «Культура» (з 1997), Незалежная тэлевізійная кампанія (НТВ, з 1993), Маскоўская незалежная вяшчальная карпарацыя «ТВ-6. Масква» (з 1993), тэлевізійная кампанія «ТВ-Цэнтр» (з 1997). Працуюць 90 рэгіянальных, больш за 600 камерцыйных і прыватных кампаній і мясцовыя (муніцыпальныя) у гарадах і раённых цэнтрах. Дзейнічаюць 75 тэлецэнтраў, развіваюцца кабельнае вяшчанне, тэлерадыёвяшчанне ў камп’ютэрнай сетцы Інтэрнет, тэлевізійныя сеткі, якія спалучаюць спадарожнікавае тэлебачанне і розныя інш. формы, зарыентаваныя пераважна на краіны далёкага замежжа («РТР-тэлесетка», «НТВ плюс», «Сусветнае рускае ТВ»). У 1995 створана Нац. асацыяцыя тэлевяшчальнікаў.
Літаратура. Рус.л-ра — адна з найважнейшых галін духоўнай культуры рус. народа. Глебай для яе развіцця паслужыў фальклор, які бытаваў у розных жанравых формах (казкі, быліны, гераічныя песні, абрадавая паэзія), жывіў пісьмовую л-ру ідэямі, вобразамі і прыёмамі маст. творчасці. Пад яго ўздзеяннем складваліся найважнейшыя асаблівасці рус. л-ры, што ў далейшым сталі яе традыцыямі, — сувязь з жыццём, уменне ацэньваць падзеі з пункту гледжання народа, гарманічнае адзінства зместу і формы. Рус.л-ра спрыяла станаўленню і развіццю інш.нац. л-р, у т. л. суседніх — бел. і ўкр., адначасова ўзбагачаючыся і за іх кошт.
Вытокі рус. л-ры, як і бел., і ўкр., у л-ры Кіеўскай Русі — агульнай спадчыне ўсх.-слав. народаў. Помнікі л-ры 11—12 ст. неслі на сабе адбітак царкоўнасці, кніжнасці, былі вытрыманыя ў традыцыях хрысціянскай культуры (Астрамірава евангелле), але часам выходзілі за межы рэлігійнасці і адлюстроўвалі грамадскія інтарэсы (Павучанне Уладзіміра Манамаха, «Аповесць мінулых часоў», «словы» Кірылы Тураўскага, «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна). У гэтых і інш. творах, асабліва ў «Слове аб палку Ігаравым», выдатным помніку ўсх.-слав. л-ры, і сёння гучаць усхваляваныя галасы людзей, занепакоеных лёсам роднага краю, змагароў за захаванне высокіх маральных законаў грамадскага жыцця, лепшых традыцый чалавечых паводзін і духоўных каштоўнасцей. Л-ра 13—14 ст. натхнялася ідэямі патрыятызму («Жыціе Аляксандра Неўскага», «Задоншчына» і інш.). Гэтыя творы пакінулі прыкметны след у літ. працэсе, паўплывалі на далейшы лёс л-ры. У перыяд утварэння рус. народнасці, складвання і ўмацавання Рус. дзяржавы (14—16 ст.) развіваліся жанры легендарна-гіст. аповесці, дасягнула росквіту рус. летапісанне. Пачалося кнігадрукаванне. Першая дакладна датаваная рус. друкаваная кніга «Апостал» надрукавана ў 1564 у Маскве І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам. Вядомыя жанры (хаджэнні, словы, падарожжы, летапісы, прытчы) папоўніліся творамі грамадз. характару: «Дамастрой», «Ступенная кніга». З’явілася свецкая публіцыстыка (М.Грэк, І.Перасветаў). У 17 ст. пашырыліся сатыр. і бытавая аповесць («Пра Шамякаў суд»), паэзія і драматургія, узнік жанр аўтабіяграфіі («Жыціе пратапопа Авакума»). У гэты час л-ра імкнулася перагледзець ранейшыя пастулаты, актыўна засвойвала традыцыі фальклору, выкарыстоўвала магчымасці перакладу на рус. мову твораў зах.-еўрап. л-р. Уклад у станаўленне рус. л-ры гэтага перыяду зрабілі пісьменнікі — выхадцы з Беларусі (Сімяон Полацкі) Паглыбіліся сувязі л-ры з рэчаіснасцю, з бытавой сферай жыцця чалавека, сюжэты некат. твораў наблізіліся да рэальнасці; на жывую размоўную стыхію пачала арыентавацца мова. Л-ра 18 ст. развівалася пад уплывам канонаў класіцызму, іх паступовага пераадолення, з’яўлення высокапатрыят. прафес. пісьменніцкай дзейнасці. Рус.л-ра адчула на сабе ўплыў замежнага мастацтва, далучылася да выяўленых у ім новых тэндэнцый. Пашыралася яе тэматыка, з’явіліся новыя жанры (ода, балада, трагедыя, сатыра), мастацтва слова ўсё больш індывідуалізавалася, узніклі розныя літ. кірункі і школы. У 1730—70-я г. дасягнуў росквіту класіцызм (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў). Ён спрыяў развіццю патрыят. тэматыкі, выхаванню грамадз. сумлення, ухваленню подзвігаў у імя Радзімы. Пісьменнікі спрабавалі тыпізаваць пэўныя з’явы, выкрывалі адмоўнае ў жыцці. Дысцыплінаваўся працэс творчасці, культывавалася ўзбагачэнне нац. л-ры здабыткамі інш. л-р, найперш антычнай як узору сапраўднага мастацтва. У 1780-я г. выявіўся крызіс класіцызму («мяшанне» стыляў і жанраў у паэзіі Г.Дзяржавіна, пераадоленне статычнасці вобразаў, тэм, канфліктаў у камедыях Дз.Фанвізіна, публіцыстыцы М.Навікова, сатыр. творах і артыкулах І.Крылова). Дзяржавін стаў выразнікам суб’ектыўнага пачатку ў новай рус. паэзіі, надаў ёй яскравы нац. характар. Камедыяй «Недаростак» Фанвізін даў плённы кірунак далейшаму літ. працэсу, даказаў, што ўсё звязанае з жыццём чалавека можа быць крыніцай прыгожага, пашырыў магчымасці сатыры. Паступова нараджаўся рус.сентыменталізм («Бедная Ліза» М.Карамзіна, жанры падарожжа, элегіі і інш.). «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава — яркі ўзор патрыят., антыпрыгоннага твора, сведчанне пераадолення тэматычнай і жанравай «вузкасці» новага літ. кірунку. У 19 ст.рус.л-ра пераадольвала абстрактнасць і кананічнасць, высокую пафаснасць класіцызму, ідэйна-вобразную «камернасць» сентыменталізму і лёгкай паэзіі, павучальнасць Асветніцтва. Яна развівалася ў рэчышчы сінтэзу «высокасці» і «бунтоўнасці» рамантызму (В.Жукоўскі, К.Бацюшкаў, Я.Баратынскі, А.Адоеўскі і У.Адоеўскі, ранні А.Пушкін, М.Лермантаў) і праўдападобнасці і гіст. канкрэтнасці рэалізму. Рус. рамантызм даў сапраўдныя ўрокі грамадзянскасці і вальналюбства, суб’ектывізаваў і індывідуалізаваў мастацтва слова, паглыбіў яго спавядальны, маналагічны характар. Ён адкрыў новага героя — змагара за свабоду, вызваліў л-ру ад класіцысцкай нарматыўнасці. Пісьменнікі-рамантыкі ўважліва ставіліся да выкарыстання фальклору, да стварэння ў л-ры нац. каларыту, аднаўлення гераічных старонак нар. гісторыі. У іх творах выразна акрэслівалася асоба мастака як творчай індывідуальнасці, самаахвярнага змагара за ідэалы свабоды і братэрства.
Творчасць Крылова і А.Грыбаедава спрыяла развіццю выпрацаваных раней рэаліст. тэндэнцый, складванню іх у сістэму ідэйна-эстэт. асваення рэчаіснасці, якая і прадвызначыла рэалізм як маст. кірунак. Байкі Крылова — узор беражлівых адносін да нар. поглядаў, маралі, этыкі. У іх — непаўторнасць характару народа, яго мудрасць і годнасць. Камедыя Грыбаедава «Гора ад розуму» — адзін з самых надзённых і вольналюбівых твораў драматургіі 19 ст. Пачынальнік новай рус. л-ры Пушкін упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», «Медны коннік»), лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці Белкіна»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. Лермантаў сінтэзаваў прынцыпы рамант. і рэаліст. мастацтва ў паэмах «Мцыры» і «Дэман», стварыў першы ў рус. л-ры псіхал. раман «Герой нашага часу». М.Гогаль замацаваў традыцыі рэаліст. метаду, яго новай мадыфікацыі — крытычнага рэалізму, стаў прадвеснікам мадэрнісцкіх пошукаў у слоўнай творчасці. Крытык В.Бялінскі падтрымаў і тэарэтычна абгрунтаваў наяўнасць у тагачасным мастацтве рэв.-грамадзянскага і маральна-пошукавага кірункаў. Першы кірунак быў прадстаўлены рэв. дэмакратамі М.Чарнышэўскім (раман «Што рабіць?»), М.Дабралюбавым (крытыка), творамі М.Някрасава (грамадз. лірыка, паэмы «Чыгунка», «Каму на Русі жыць добра»), М.Салтыкова-Шчадрына (нарысы, казкі, раманы «Гісторыя аднаго горада», «Паны Галаўлёвы»), часткова У.Гаршына, М.Ляскова, Дз.Маміна-Сібірака, М.Памялоўскага, Ф.Рашэтнікава, В.Сляпцова, а ў канцы 19 ст. — пралетарскімі пісьменнікамі, у першую чаргу М.Горкім. Другі кірунак прадстаўлялі сваімі раманамі І.Ганчароў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, апавяданнямі і п’есамі А.Чэхаў, п’есамі А.Астроўскі. Тургенеў, Ганчароў, Дастаеўскі змагаліся супраць зла, сцвярджалі ідэі дабра і справядлівасці, даследавалі складаны духоўны свет чалавека. Дзякуючы ім на перадавыя пазіцыі ў літ. працэсе выйшаў раман, неад’емнай рысай мастацтва стаў глыбокі псіхалагізм. Рэв. ідэям Талстой проціпаставіў ідэю маральнага ўдасканалення чалавека і чалавецтва ў цэлым, устаноўку на пошук гармоніі нерэв. шляхам (раманы «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Уваскрэсенне», аповесць «Хаджы-Мурат» і інш.). Блізкім да яго быў шлях у л-ры Чэхава, які маральнае зло ставіў вышэй за сацыяльнае і выводзіў адно з аднаго. У п’есах Астроўскага выкрывалася змрочнае царства цемры. Ф.Цютчаў замацаваў і развіў традыцыі філас. лірыкі Яскравую старонку рус. л-ры склала творчасць А.Фета, Г.Успенскага, У.Караленкі, І.Аксакава, С.Аксакава, К.Лявонцьева. У канцы 19 ст. ў л-ру прыйшлі «малодшыя рэалісты» І.Бунін, А.Купрын, В.Верасаеў, Л.Андрэеў, І.Шмялёў, Б.Зайцаў і інш.; пісьменнікі сацыяліст. арыентацыі М.Горкі, А.Серафімовіч, пралетарскія паэты, а таксама дэкадэнты (раннія сімвалісты). У 1910-я г. пачалася творчасць «неарэалістаў» А.М.Талстога, М.Прышвіна, К.Транёва, В.Шышкова, «новасялянскіх» паэтаў М.Клюева, С.Ясеніна і інш. На аснове рэаліст. традыцыі развівалася сатыра (А.Аверчанка, Н.Тэфі, С.Чорны). Зарадзіўся футурызм. Рэакцыяй на пазітывізм і эмпірызм стаў сімвалізм, які грунтаваўся на метафіз., інтуітыўным спасціжэнні тайнаў светабудовы праз суб’ектыўнае ўспрыманне творцы. Старэйшыя сімвалісты (Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, В.Брусаў, К.Бальмонт, У.Салаўёў) спадзяваліся на рэліг. ператварэнне свету, «младасімвалісты» (А.Блок, А.Белы, В.Іванаў і інш.) — на яго эстэт. пераўтварэнне па законах прыгажосці На змену сімвалізму прыйшоў акмеізм (М.Гумілёў, Г.Ахматава, В.Мандэльштам, С.Гарадзецкі), які вярнуў паэзію ад абагульненай сімволікі да прадметна-канкрэтнай вобразнасці. Сімвалізм і акмеізм узбагацілі л-ру эстэт. адкрыццямі, паэт. культурай, засвоенай спадчынай айч. і сусв. л-ры. Футурызм вылучаўся агрэсіўна-прагматычным характарам, гуманіст. пафасам і антыбурж. скіраванасцю, разрывам з класічнай традыцыяй, «разбурэннем эстэтыкі», але футурысты (асабліва В.Хлебнікаў і У.Маякоўскі) адкрылі нявыкарыстаныя рэсурсы паэт. мовы, рэфармавалі вершаваную сістэму. Для л-ры да 1917 характэрны барацьба і ўзаемадзеянне рэаліст. і нерэаліст. тэндэнцый, узнікненне прамежкавых маст. з’яў: сінтэз рэалізму і рамантызму ў ранніх творах М.Горкага, рэалізму і экспрэсіянізму ў творчасці Андрэева, рэалізму і імпрэсіянізму ў ранніх Буніна і Зайцава, неакласічныя тэндэнцыі ў творчасці М.Валошына, У.Хадасевіча. Гэта сведчанне разнастайнасці і унікальнасці рус. л-ры таго перыяду.
Пасля 1917 у Расіі пачаўся працэс фарміравання новай л-ры. У перыяд грамадз. вайны л-ра выконвала пераважна агітацыйна-прапагандысцкую функцыю, але яе змест не абмяжоўваўся рэв. тэматыкай. Рэвалюцыя і грамадз. вайна паказваліся ў гіпербалічных, алегарычных, сімвалічных вобразах («Дванаццаць» Блока, рэв. паэмы Ясеніна, «150 000 000» і «Містэрыя-буф» Маякоўскага), у масавых тэатр. «дзействах», у абстрактных вобразах паэзіі Пралеткульта. У 1-й пал. 1920-х г.рус.л-ра развівалася ва ўмовах адноснай свабоды творчасці, суіснавання літ. груп («Серапіёнавы браты», «ЛЕФ», «Перавал», Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, канструктывісты), розных кірункаў (рэалізм, рамантызм, сімвалізм), эксперыментавання ў галіне мовы. Неадназначна вырашаліся асн. праблемы часу: рэвалюцыя і гуманізм, стыхійнасць і свядомасць, герой і народ, асоба і грамадства. Грамадз. вайна паказвалася з класавых пазіцый («Жалезны паток» Серафімовіча, «Разгром» А.Фадзеева, «Чапаеў» Дз.Фурманава, «Данскія апавяданні» М.Шолахава) і з пазіцый надкласавых, агульначалавечых («Белая гвардыя» М.Булгакава, «Лебядзіны стан» М.Цвятаевай, вершы пра грамадз. вайну Валошына). З творчымі пошукамі звязаны тэмы рэвалюцыі і інтэлігенцыі («Гарады і гады» К.Федзіна, «Зайздрасць» Ю.Алешы, «Вар’яцкі карабель» В.Форш, «Севастопаль» А.Малышкіна і інш.), рэвалюцыі ў вёсцы (Л.Лявонаў, У.Іванаў, А.Нявераў, Л.Сейфуліна і інш.). У гады нэпа ў вострай палеміцы вырашаліся праблемы маралі, кахання, сям’і. У пэўных межах дапускалася сатыра на бюракратызм і мяшчанства (Булгакаў, М.Зошчанка, Ільф і Пятроў, Маякоўскі). Але з сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся класавы падыход да рэчаіснасці, сцвярджалася перамога рэв. абавязку над пачуццём («Любоў Яравая» Транёва, «Сорак першы» Б.Лаўранёва). Гіст. мінулае ацэньвалася з пункту гледжання класавай барацьбы, гіст. проза 1920-х г. грунтавалася на антыцарскай канцэпцыі («Апрануты каменем» Форш, «Кюхля» Ю.Тынянава, «Разін Сцяпан» А.Чапыгіна). Раманам «Цэмент» Ф.Гладкова пачалася распрацоўка наватарскай тэмы працы. Дасягненне прозы 1920-х г. — зараджэнне жанру рамана-эпапеі («Жыццё Кліма Самгіна» М.Горкага, 2 кнігі трылогіі «Блуканне па пакутах» А.М.Талстога, 2 кнігі «Ціхага Дона» Шолахава). Рамантычна-абагульнены стыль прозы першых паслярэв. гадоў змяніўся рэаліст. паказам характараў і падзей. Адкрыццём у паэзіі з’явіліся наватарскія лірыка і «лірычны эпас» Маякоўскага. Значны ўклад у паэзію Ясеніна, М.Асеева, Э.Багрыцкага, М.Забалоцкага, У.Лугаўскога; Б.Пастарнака, І.Сяльвінскага, М.Ціханава і інш. Ранняя сав. драматургія, пераадолеўшы абстрактнасць і побытавасць, раскрывала гіст. падзеі праз лёс асобы і ўзаемадзеянне характараў («Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Разлом» Лаўранёва і інш.). 1930-я г. — перыяд складанага і супярэчлівага развіцця рус. л-ры. Негатыўны ўплыў зрабіў нарматыўны метад сацыялістычнага рэалізму. Аднак насуперак яго канонам былі створаны значныя творы, лепшыя з якіх адлюстравалі самаадданую працу, масавы энтузіязм народа, раскрылі філас., маральную і эстэт. значнасць працы («Соць» Лявонава, «Людзі з глухамані» А.Малышкіна, апавяданні А.Платонава, «Узнятая цаліна» Шолахава, творы пра гармонію чалавека з прыродай Прышвіна, К.Паустоўскага) і інш. У л-ры сцвердзілася канцэпцыя гераічнай асобы, якая фактычна ігнаравала яе самакаштоўнасць. Небяспеку стандартызацыі чалавека ў таталітарнай дзяржаве прадказваў Я.Замяцін у антыутопіі «Мы». Супраць міфа пра сацыяліст. рай, супраць пабудовы сацыялізму любой цаной скіраваны антыутопіі «Катлаван», «Чавянгур», «Ювенільнае мора» Платонава. На агульным фоне шматлікіх твораў пра грамадз. вайну, пра правадыроў і герояў асабліва вылучыўся «Ціхі Дон», у якім Шолахаў паказаў, што жыццё больш універсальнае і багатае, чым ідэі класавай барацьбы, што вольналюбівы чалавек здольны супраціўляцца гвалту над сабой. А.М.Талстой у эпапеі «Блуканне па пакутах» пайшоў на кампраміс з уладай і сфальсіфікаваў некат. моманты грамадз. вайны; у рамане «Пётр Першы» ён пераадолеў антыцарскую канцэпцыю, паказаў і адмоўны, і прагрэсіўны бакі рас. дзяржаўнасці. Шырокім ахопам падзей вылучаліся рэв.-гіст. і ваен.-гіст. раманы «Угрум-рака» Шышкова, «Емяльян Пугачоў» і «Цусіма» А.Новікава-Прыбоя, «Гарачая пара ў Севастопалі» С.Сяргеева-Цэнскага. У паэзіі ўзмацніліся рысы эпічнасці (паэмы А.Твардоўскага, П.Васільева, Л.Мартынава). У драматургіі распрацоўвалася героіка-рэв. тэматыка («Першая Конная» і «Аптымістычная трагедыя У.Вішнеўскага, «Чалавек з ружжом» і «Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), псіхал. драма («Таня» А.Арбузава, «Машачка» А.Афінагенава). Развівалася дзіцячая л-ра (К.Чукоўскі, С.Маршак, А.Гайдар і інш.). Л-ра канца 1930-х г. усё глыбей напаўнялася антываен. і антыфаш. пафасам (творы Афінагенава, Ціханава, І.Эрэнбурга). Яна паказвала трыумф, але прыхоўвала трагедыю часу — масавыя рэпрэсіі. У гэтыя гады цяжка складваўся лёс многіх таленавітых пісьменнікаў.
Вызначальная рыса рус. л-ры часоў Вял.Айч. вайны — аптымізм, вера ў перамогу над ворагам, гуманізм. Масаваму гераізму народа, подзвігам воінаў і партызан прысвечаны публіцыст. артыкулы і нарысы А.М.Талстога, Шолахава, Лявонава, Эрэнбурга, Фадзеева, К.Сіманава і інш., аповесці «Няскораныя» Б.Гарбатава, «Дні і ночы» Сіманава, «Валакаламская шаша» А.Бека, раман «Маладая гвардыя» Фадзеева, паэмы «Пулкаўскі мерыдыян» В.Інбер, «Сын» П.Антакольскага, «Зоя» М.Алігер, вершы Дз.Беднага, В.Лебедзева-Кумача, М.Ісакоўскага, С.Шчыпачова, А.Суркова, Сяльвінскага і інш.Л-раваен. гадоў прадаўжала гераічныя традыцыі рус. класічнай л-ры і фальклору («Рускі характар» А.М.Талстога, «Навука нянавісці», «Яны змагаліся за Радзіму» Шолахава). Вышэйшым увасабленнем самасвядомасці народа з’явіліся паэма-эпапея «Васіль Цёркін» Твардоўскага. Традыцыям рус. воінскай славы прысвечаны «Порт-Артур» А.Сцяпанава, часткі «Брусілаўскі прарыў» і «Пушкі выстаўляюць» эпапеі «Ператварэнне Расіі» Сяргеева-Цэнскага.
Л-ра пасляваен. 10-годдзя прадаўжала маст. асэнсаванне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну: «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б.Палявога, «Зорка» Э.Казакевіча, «У акопах Сталінграда» В.Някрасава, «Бура» Эрэнбурга, паэзія К.Ваншэнкіна, Ю.Друнінай, М.Луконіна, С.Нараўчатава, Р.Пажаняна, М.Старшынава і інш. Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, працоўныя будні горада і вёскі паказаны ў раманах «Далёка ад Масквы» В.Ажаева, «Кружыліха» В.Пановай, «Вадзіцелі» А.Рыбакова, «Вышыня» Я.Вараб’ёва, «Журбіны» У.Кочатава, «Жніво» Г.Нікалаевай і інш., у нарысах «Раённыя будні» В.Авечкіна. Дасягненнем пасляваен. прозы стаў раман Лявонава «Рускі лес», які адыграў вял. ролю ў выхаванні патрыятызму, разумных адносін да прыроды. Найб. актуальныя тэмы тагачаснай паэзіі — пераход ад вайны да мірнай працы («Дом ля дарогі» Твардоўскага, «Рабочы дзень» Луконіна), барацьба за мір (цыклы вершаў Сіманава, Ціханава, Суркова і інш.). На развіццё л-ры, асабліва драматургіі, тады адмоўна паўплывалі тэорыі станоўчага героя і бесканфліктнасці.
Літ. жыццё актывізавалася на мяжы 1950—60-х г. на хвалі дэмакр. ўздыму пасля развянчання культу асобы Сталіна. Актам маральнага прасвятлення грамадства стала публікацыя аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» А.Салжаніцына. Апавяданне Салжаніцына «Матронін двор» паклала пачатак т.зв. вясковай прозе (Ф.Абрамаў, В.Бялоў, Б.Мажаеў, В.Распуцін) з яе суровай праўдай пра жыццё вёскі і становішча сялянства. Раманы «Рускі лес» Лявонава, «Асударава дарога» Прышвіна, «Майстар і Маргарыта» Булгакава садзейнічалі развіццю філас. рамана. У раманах «Цар-рыба» В.Астаф’ева, «Камісія» С.Залыгіна, аповесцях У.Цендракова і інш. ставіліся пытанні ўзаемаадносін чалавека з прыродай і людзьмі, праблемы творчасці. Змяніўся характар прозы пра Вял.Айч. вайну. Пачынаючы з «Жывых і мёртвых» Сіманава, вайна стала паказвацца ў яе гераічнай і трагічнай цэльнасці, на ўзроўні філас. абагульненняў і маральнага падыходу, паглыбленага псіхалагізму. Пашырыўся лірычны кірунак (В.Бергольц, Паустоўскі, У.Салаухін, С.Круцілін, Ю.Казакоў). Настрой «шасцідзесятнікаў» энергічна выявіла маладая паэзія (Б.Акуджава, А.Вазнясенскі, У.Высоцкі, Я.Еўтушэнка, Р.Раждзественскі). Творчым развіццём фалькл. тэм і вобразаў, песеннасцю пазначана паэзія У.Сакалова, А.Дзяменцьева, М.Дарызо, Л.Ашаніна, С.Вікулава, М.Трапкіна і інш.Філас.; лірыку ўзбагацілі Антакольскі, Асееў, Твардоўскі, Мартынаў, Маршак, Я.Вінакураў, М.Святлоў, А.Таркоўскі, Д.Самойлаў і інш. Спалучэнне глыбока асабістага з роздумам пра Радзіму і час характэрна для паэзіі С.Арлова, А.Жыгуліна, А.Межырава, Нараўчатава, Салаухіна, Б.Слуцкага, Я.Смелякова, В.Тушновай, В.Фёдарава, А.Яшына і інш. Імкненне асэнсаваць супярэчнасці стагоддзя і пошукі новай гармоніі ўласцівы паэзіі Л.Васільевай, Ю.Кузняцова, М.Рубцова, А.Чухонцава і інш. У 1960—70-я г. дасягнула апагея ваен. проза, пашырыла сферу паказу і дамаглася жанрава-стылявой разнастайнасці («Гарачы снег» і «Бераг», Ю.Бондарава, аповесці і апавяданні Р.Бакланава, Б.Васільева, В.Кандрацьева і інш.). «Гарадская проза» (Р.Кірэеў, У.Маканін, Ю.Трыфанаў і інш.) выявіла сімптом бездухоўнасці, мяшчанскай псіхалогіі ў жыцці інтэлігенцыі. Гэта была рэакцыя на грамадскі застой, які пачаўся з 2-й пал. 1960-х г.Л-ра дыягнаставала сац. хваробы грамадства («Сумны дэтэктыў» Астаф’ева, «Пажар» Распуціна). Пашырылі межы і навукова-сац. фантастыка (К.Булычоў, А. і Б. Стругацкія, І.Яфрэмаў і інш.), прыгодніцкая і дэтэктыўная л-ра (А. і Г. Вайнеры, Ю.Сямёнаў і інш.). Дзіцячая л-ра прадстаўлена прозай В.Драгунскага, А.Ліханава, С.Міхалкова, В.Мядзведзева, М.Носава, Рыбакова, паэзіяй С.Баруздзіна, В.Берастава, Б.Захадэра, Міхалкова, І.Такмаковай, Э.Успенскага і інш. Сфарміраваліся л-ра трэцяй хвалі пісьменніцкай эміграцыі (В.Аксёнаў, Г.Уладзімаў, С.Даўлатаў, У.Максімаў і інш.), авангардызм (І.Жданаў, Дз.Прыгаў, Л.Рубінштэйн і інш.) і постмадэрнізм.
Асабліва дынамічны і драм. перыяд развіцця рус. л-ры з канца 1980-х г. выкліканы зменамі паліт. і эканам. ладу ў Расіі. Вызваленне ад цэнзуры, легалізацыя забароненай і эмігранцкай л-ры надалі л-ры шырокае дыханне. Пасля публікацыі «Архіпелага ГУЛАГа» Салжаніцына актывізавалася «лагерная тэма» (В.Шаламаў, Рыбакоў, Ю.Дамброўскі). У канцы 1980-х г. упершыню апублікаваны «Рэквіем» Ахматавай, «Па праву памяці» Твардоўскага, «Доктар Жывага» Пастарнака, «Жыццё і лёс» В.Гросмана, «Факультэт непатрэбных рэчаў» Дамброўскага, антыутопіі Платонава, сатыр. аповесці Булгакава. Даступнымі сталі творы да таго часу невядомых ці забытых пісьменнікаў (М.Алданаў, Валошын, Гумілёў, Г.Іванаў, У.Набокаў, В.Розанаў, А.Рэмізаў, Хадасевіч і інш.). Вярнуліся з эміграцыі І.Адоеўцава, У.Вайновіч, А.Зіноўеў, Салжаніцын і інш. Крытыка пераглядала традыц. тэмы сав. л-ры, найперш тэму калектывізацыі. Радыкальная пераацэнка творчасці М.Горкага, Маякоўскага, А.М.Талстога, Шолахава паступова змянілася аб’ектыўным падыходам. Побач з шырока разгалінаванай маст. сістэмай рэалізму сфарміравалася маст. сістэма постмадэрнізму з яго варыянтамі («мета-метафарызм», канцэптуалізм, сац-арт і інш.). Жывы струмень постмадэрнізму ўзбагаціў л-ру таленавітымі творамі («Школа для дурняў» С.Сакалова, «Масква—Петушкі» Венядзікта Ерафеева, «Амон Ра», «Жыццё насякомых» В.Пялевіна), але і дыскрэдытаваў чалавека, проціпаставіў розуму культ цела, фізіялогію, паталогію (Віктар Ерафееў, Ю.Мамлееў, У.Сарокін).
Проза канца 20 — пач. 21 ст. выяўляе сац. супярэчнасці, адкрывае новыя псіхал. тыпы (нуварыш, аўтсайдэр, бомж), герояў «безгеройнага» часу, засяроджваецца гал. чынам на цяжкім лёсе «маленькага» і «сярэдняга» чалавека, паступова пераадольвае ранейшую бязвыхаднасць, песімізм, бытапісанне і падыходзіць да задачы «аднаўлення» чалавека. У асобных выпадках проза ўздымаецца да «вечных тэм» быцця, грунтуецца на дыхатаміі Дабра і Зла, Хрыста і Антыхрыста (раман Лявонава «Піраміда», апубл. ў 1994, які паставіў пытанне пра чалавечую цывілізацыю, што апынулася на ракавой мяжы самазнішчэння). Значны ўклад у сучасную прозу А.Бітава, В.Ганічава, М.Кураева, Ю.Палякова, Л.Петрушэўскай, А.Праханава, Т.Талстой, В.Токаравай і інш. Развіваецца гіст. проза (Дз.Балашоў, Л.Барадзін, А.Сегень, Ю.Фёдараў і інш.). Драматургія спрабуе асэнсаваць канфлікты часу перабудовы (У.Аро, А.Галін, А.Казанцаў, М.Каляда, М.Арбатава, В.Рысееў і інш.). У сучаснай паэзіі працуюць Б.Ахмадуліна, Ваншэнкін, Р.Казакова, Кузняцоў, П.Кошаль, С.Куняеў, В.Ліпневіч, І.Ляпін, Ю.Морыц, В.Сарокін, У.Фірсаў, І.Шклярэўскі і інш.
Руска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Бел. і рус.стараж. л-ры развіваліся ў межах адных і тых жа літ. жанраў, на агульнай жыццёвай аснове. Значную ролю ў станаўленні л-р абодвух народаў у стараж. часы адыгралі агульныя літ. помнікі: «Слова аб палку Ігаравым», «словы» Кірылы Тураўскага, рэгіянальныя летапісы, перакладная л-ра. Вял. значэнне для ўмацавання сувязей мела дзейнасць заснавальніка ўсх.-слав. і бел. кнігадрукавання Ф.Скарыны. Традыцыі «Слова аб палку Ігаравым» адчувальныя ў помніку стараж.бел. л-ры — паэме Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Агульная для бел. і рус. л-р 2-й пал. 17—18 ст. была творчасць Сімяона Полацкага і Андрэя (Яна) Белабоцкага. Фанвізін у лістах з дарогі ў Парыж апісаў гарады Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе ён працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». На Беларусі пасля яе далучэння да Расіі (канец 18 ст.) распаўсюджваліся творы рус. пісьменнікаў. Літ. сувязі паміж народамі-суседзямі ніколі не перапыняліся, асабліва ўмацаваліся яны ў 19 ст., калі Вільня і Пецярбург сталі асяродкамі шматнац. культуры і л-ры. У гэты час многія рус. і бел.маст. творы з’явіліся на агульнай аснове («Энеіда навыварат» В.Равінскага і падобны рускамоўны твор М.Осіпава). Паэма «Тарас на Парнасе» арыентуе чытача на ўспрыманне і высокую ацэнку творчасці класікаў рус. л-ры Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Гогаля. Асветніцкія, гуманістычныя ідэалы польскамоўнай л-ры Беларусі (А.Міцкевіч, У.Сыракомля, Я.Чачот і інш.) жывіліся творчасцю рус. класікі. З жыццём беларусаў былі знаёмыя Дзяржавін, Вяземскі, Рылееў, А.Бястужаў-Марлінскі, Глінка. Бел. зямля — радзіма Дастаеўскага і Ф.Булгарына. Першыя выступленні ў друку Грыбаедава звязаны са службай у Кобрыне і Брэсце, дзе ён знаёміўся з побытам і вуснай нар. творчасцю беларусаў, назіраў за будучымі прататыпамі сваіх твораў. Жыццём бел. народа цікавіліся Пушкін (сюжэт і лёс гал. героя рамана «Дуброўскі» ўзяты з бел. жыцця), Лермантаў (паводле бел. гісторыі напісаны паэмы «Ліцвінка» і «Баярын Орша»), Рылееў (дума «Рагнеда»), Гогаль. Някрасаў адзін з першых у рус. паэзіі стварыў вобраз беларуса (паэма «Чыгунка»). З глыбокай павагай пісаў пра беларусаў Дабралюбаў. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» ён выкрываў выдумкі пра «забітасць» і адсталасць бел. сялянства. На рус. мову перакладалі бел. фальклорныя творы А.Майкаў, М.Гербель. Ляскоў падарожнічаў з В.Каратынскім па Беларусі, на бел. матэрыяле напісаў антынігілістычныя раманы «Няма куды» (пра паўстанцаў 1863—64) і «На нажах». На бел. матэрыяле створаны і некат. творы Рашэтнікава, І.Лажэчнікава, К.Масальскага, У.Крастоўскага. Ад падарожных нататкаў, успамінаў, артыкулаў, паліт. трактатаў, вершаў і гісторыка-этнагр. нарысаў л-ра пераходзіла да стварэння абагульненага вобраза бел. народа, да маст. ўвасаблення яго духоўнага свету. Традыцыі рус. рэалістычнай вольналюбівай л-ры шанавалі і выкарыстоўвалі Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вывучэнне бел. краю на навук. аснове вялі М.Без-Карніловіч, П.Шпілеўскі, І.Насовіч, Е.Раманаў, Я.Карскі, П.Шэйн, М.Нікіфароўскі, якія знаёмілі рас. чытача з маст. л-рай, звычаямі, фальклорам беларусаў. На працы Без-Карніловіча і Шпілеўскага адгукнуўся ў друку Чарнышэўскі. Для прапаганды бел. л-ры ў рас. друку шмат зрабіў А.Пагодзін, у полі зроку якога апынулася творчасць Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. У Пецярбургу Я.Купала пад уплывам сімвалістаў напісаў драму «Раскіданае гняздо», пазней — паэмы «На Куццю», «Адвечная песня» (уплыў Андрэева). Свой зб. «Шляхам жыцця» ён падпісаў Брусаву і Бальмонту. У многіх творах Цёткі паказана жыццё пецярбургскіх студэнтаў і рабочых. У Пецярбургу была створана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выдадзены першыя кнігі Я.Купалы («Жалейка») і Я.Коласа («Песні-жальбы»), у 1912—14 дзейнічаў Беларускі навукова-літаратурны гурток. Важнае значэнне мелі прызнанне і высокая ацэнка творчасці Я.Купалы і Я.Коласа М.Горкім, які адзначыў прастату, народнасць, меладычнасць іх твораў, пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе?», прыраўняўшы яго да гімна беларусаў. Я.Купала, Цётка, Ц.Гартны прызнавалі ўплыў на сваю творчасць Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Гогаля, Л.Талстога. Багдановіч частку твораў напісаў на рус. мове, пераклаў на яе зб. вершаў «Вянок», апублікаваў артыкулы на рус. мове пра творчасць Ламаносава, Баратынскага, С.Дрожжына і інш.рус. пісьменнікаў. Творчасцю бел. паэтаў цікавіўся Брусаў. Ён стаў адным з першых перакладчыкаў вершаў Я.Купалы на рус. мову. Творы Я.Купалы ў дакастр. час. перакладаў і А.Карынфскі. Служба на тэр. Беларусі ў гады 1-й сусв. вайны адбілася на творчасці Блока. У канцы 19 ст. зроблены першыя пераклады на бел. мову асобных твораў рус. паэзіі (вершы Пушкіна, Някрасава, А.К.Талстога, байкі Крылова ў перакладах Гурыновіча, Багушэвіча, А.Абуховіча; апавяданне «Сігнал...» У.Гаршына). У 1903 М.Косіч выдала ў Чарнігаве зборнік вольных наследаванняў «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову». Бел. тэматыкай цікавіўся Бунін. Газ. «Наша ніва» друкавала ў перакладзе на бел. мову творы Л.Талстога, Тургенева, Чэхава, М.Горкага, Караленкі, Брусава, урыўкі з артыкулаў Бялінскага, адзначала юбілеі Л.Талстога, Гогаля і інш. Артыкулы пра творчасць рус. пісьменнікаў, іх творы змяшчалі газеты, што выходзілі на Беларусі («Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.).
Пасля 1917 літ. сувязі паміж Беларуссю і Расіяй паглыбіліся. Больш частымі сталі творчыя кантакты (прыезды на Беларусь Маякоўскага, Пастарнака, Сіманава і інш. пісьменнікаў). Плённымі формамі сувязей сталі ўзаемныя пераклады твораў, святкаванні юбілеяў, з’езды пісьменнікаў, дэкады л-ры і мастацтва і інш. Я.Купала зрабіў пераклады на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым» — празаічны (1919) і вершаваны (1921). Бел. газеты і часопісы («Звязда», «Беларуская вёска», «Маладняк», «Полымя» і інш.) друкавалі творы Маякоўскага, Дз.Беднага, «камсамольскіх паэтаў» А.Жарава, А.Безыменскага, Святлова. У 1920—30-я г. творы рус. пісьменнікаў перакладалі З.Астапенка («Маці» М.Горкага), П.Броўка («Уладзімір Ільіч Ленін» Маякоўскага), М.Гарэцкі (апавяданні М.Горкага, «Разгром» Фадзеева), М.Грамыка (творы Л.Талстога), І.Дварчанін і А.Дудар («Дванаццаць» Блока), М.Зарэцкі («Цэмент» Гладкова), Я.Колас («Палтава» Пушкіна), К.Крапіва (творы Фанвізіна, Крылова, Пушкіна, Гогаля, Астроўскага, Маякоўскага), Я.Купала («Медны коннік» Пушкіна), А.Куляшоў («Цыганы» Пушкіна), Р.Лынькоў і В.Вітка («Добра!» Маякоўскага), М.Багун, С.Баранавых, Р.Бахта, М.Клімковіч, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, К.Чорны, А.Якімовіч і інш. Засваенне традыцый рус. класікі стала важным фактарам развіцця бел. л-ры. Пушкін паўплываў на станаўленне бел. паэзіі (Я.Купала, Я.Колас, Багдановіч), рус. класічны раман садзейнічаў нараджэнню гэтага жанру ў бел. л-ры (Ц.Гартны, К.Чорны, П.Галавач і інш.). Філас. пошукі К.Чорнага абумовілі яго цікавасць да творчасці Дастаеўскага, М.Горкага. Горкаўскія традыцыі шмат у чым паўплывалі на творчасць М.Чарота, Ц.Гартнага, Зарэцкага. Моцнае ўздзеянне на паэзію М.Чарота, Броўкі, Куляшова зрабіў Маякоўскі; творчасць яго і Дз.Беднага садзейнічала развіццю бел. сатыры. Уплыў Ясеніна адчуваецца ў паэзіі П.Труса, Я.Пушчы і інш. маладнякоўцаў. Плённай традыцыяй рус. л-ры стала імкненне знаёміць сваіх чытачоў са здабыткамі бел. л-ры. У 1919 у Маскве выйшла кніга Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (складальнік і рэдактар І.Белавусаў). У 1920—30-я г. на рус. мове выдадзены творы Я.Коласа «У палескай глушы», М.Чарота «Апавяданні», Ц.Гартнага «Трэскі на хвалях» і «Аповесці і апавяданні», Галавача «Праз гады», А.Александровіча «Шчаслівая дарога»; «Анталогія беларускай літаратуры» і зб. «Паэзія Савецкай Беларусі». У 1931 М.Горкі рэкамендаваў выдаць у серыі «Бібліятэка паэта» творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Коласа, Багдановіча. Серафімовіч у прывітанні 1-му з’езду БелАПП прадказаў росквіт бел. л-ры, раіў перакладаць яе на інш. мовы. Умацаванню рус.-бел. сувязей садзейнічалі 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў (1934), усенар. святкаванне юбілею Пушкіна (1937), 750-годдзя «Слова аб палку Ігаравым» (1938). У 1936 у Мінску адбыўся 3-і пленум праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башкірскай л-рам, у перакладзе на бел. мову выйшла «Анталогія рускай савецкай паэзіі». Наладжваліся творчыя кантакты бел. пісьменнікаў з пісьменнікамі Масквы, Смаленска і інш. гарадоў. Вял. Айч. вайна вызначыла агульнасць тэм, ідэй, вобразаў у творах рус. і бел. пісьменнікаў. На рус. мове выдадзены кніга Я.Купалы «Народ-мсцівец», зб-кі твораў бел. пісьменнікаў «За Савецкую Беларусь» і «Беларусь змагаецца», кнігі вершаў Я.Коласа, Броўкі, П.Панчанкі, паэма Куляшова «Сцяг брыгады», зб-кі «Апавяданні» і «Васількі» М.Лынькова.
У пасляваенны час узаемадзеянне рус. і бел. л-р узмацняецца, пашыраюцца кантакты паміж пісьменнікамі і перакладчыцкая дзейнасць. На рус. мове выдаюцца найб. значныя творы бел. празаікаў, паэтаў, драматургаў (зб. «Паэты Беларусі», 1947; «Анталогія беларускай паэзіі», 1952; зб. «Беларускія апавяданні», 1955, і інш.). Адначасова на бел. мове выдадзены зб-кі «Паэты Ленінграда» (1948), «Рускія асілкі. Быліны» (1950), «Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў» (1951), анталогія «Руская савецкая паэзія» (1953) і інш. Актывізавалася вывучэнне ўзаемадзеяння рус. і бел. л-р (кн. М.Клімковіча «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру», 1955; В.Івашына «М.Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.», 1956). Шмат увагі бел. л-ры аддаваў Фадзееў. У 1943 ён пісаў пра «Выбраныя творы» Я.Купалы, што «даўно не чытаў больш чыстай кнігі»; у 1950-я г. ў лістах да І.Мележа, П.Пестрака, М.Паслядовіча, А.Вольскага выказваў свае думкі і заўвагі пра раманы «Мінскі напрамак», «Сустрэнемся на барыкадах», «Святло над Ліпскам» і п’есу «Несцерка». Вял. роля ў папулярызацыі бел. л-ры належыць Твардоўскаму. Ён прысвяціў Беларусі вершы «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша», «Зяць і цешча» і інш., нарысы «У Віцебску», «Першы дзень у Мінску», «Сэрца народа», «Пра ластаўку», «Паездка ў Гродна», «Лявоніха», «Слаўны дзед», перакладаў на рус. мову бел.нар. песні, творы Я.Купалы, Я.Коласа, Куляшова, М.Засіма, М.Сурначова і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Броўка, А.Бялевіч, М.Калачынскі, К.Крапіва, Куляшоў, Р.Няхай, А.Русак, М.Танк і інш. Твардоўскі прызнаваў уплыў на яго творчасць Я.Купалы, сведчыў, што паэма Куляшова «Сцяг брыгады» паўплывала на яго паэму «Дом ля дарогі». Творчасці Куляшова ён прысвяціў арт. «Паэма «Сцяг брыгады» і «Сталасць таленту». Памяці Твардоўскага прысвечана паэма «Варшаўскі шлях» Куляшова. Побач з перакладчыцкай дзейнасцю інтэнсіўна развіваліся інш. формы літ. узаемасувязей, рэгулярна праводзіліся дэкады, тыдні, дні л-ры і мастацтва. У 1965 пачаў дзейнічаць Савет па бел. л-ры пры Саюзе пісьменнікаў СССР, які каардынаваў работу па літ. узаемасувязях. У перакладзе на рус. мову выдадзены зборы тв. Я.Купалы (т. 1—3, 1982), Я.Коласа (т. 1—4, 1951—52; т. 1—4, 1982—83), Броўкі (т. 1—4, 1981—82), В.Быкава (т. 1—4, 1985—86) і інш. Творы рус. пісьменнікаў выдаваліся на Беларусі і ў арыгінале. Над перакладамі твораў бел. л-ры актыўна працавалі і працуюць рус. паэты Ісакоўскі, Пракоф’еў, М.Рыленкаў, С.Гарадзецкі, М.Галодны, Дз.Кавалёў, М.Камісарава, К.Шавялёва, І.Шклярэўскі, перакладчыкі — А.Астроўскі, М.Гарбачоў, П.Кабзарэўскі, Я.Мазалькоў, Я.Хелемскі, В.Шчадрына і інш. Сведчанне сталасці бел. перакладчыцкай школы — зварот да тонкай лірыка-псіхал. прозы Паустоўскага, Казакова, метафарычнай паэзіі Ясеніна.
Многія рус. пісьменнікі звярталіся і звяртаюцца да бел. тэматыкі. Пра жыццё бел. народа, яго ўдзел у Вял.Айч. вайне, працоўныя будні пісалі Л.Абухава (аповесці «Глыбінь-Гарадок» і «Віцьбічы»), В.Кажэўнікаў (нарыс «Па дарогах Беларусі»), І.Шток (п’еса «Гастэла»), Л.Ракоўскі (аповесць «Канстанцін Заслонаў»), Б.Касцюкоўскі (аповесць «Нітка Арыядны»), Вараб’ёў (раман «Зямля, да запатрабавання») і інш.Ваен. дарогі і памяць пра вайну навек зраднілі з бел. зямлёю Сіманава. Ён не раз прыязджаў на Беларусь, прысвяціў ёй многія старонкі свайго дзённіка «Розныя дні вайны» і раман «Апошняе лета», пераклаў на рус. мову паэму Таўлая «Таварыш». Бел. матэрыял выкарыстаны ў раманах «Касцёр» К.Федзіна, «Вёрсты любві» А.Ананьева, «Момант ісціны» У.Багамолава, «Вайна» Стаднюка. Шырокі водгук у рус. л-ры атрымала гераічная абарона Брэсцкай крэпасці («Крэпасць над Бугам», «Брэсцкая крэпасць» і «Героі Брэсцкай крэпасці» С.Смірнова, «Бессмяротны гарнізон» Сіманава, «Дзяўчына з Брэста» Ю.Якаўлева, «Пеця Клыпа» М.Лісянскага, «У спісах не значыўся» Васільева, зб-кі вершаў «Рэха ў граніце» і «Табе, Беларусь»). Беларусі прысвечаны вершы Дз.Беднага, Вазнясенскага, Ю.Воранава, Гарадзецкага, Я.Далматоўскага, Ісакоўскага, Камісаравай, Кошаля, Куняева, Ляпіна, Пракоф’ева, Смелякова, Шавялёвай, паэма В.Саянава «Белавежская аповесць» і інш. Вобраз Расіі паўстае ў вершах Я.Купалы, Я.Коласа, А.Вялюгіна, Я.Каршукова, Куляшова, Е.Лось, Панчанкі, Г.Пашкова, А.Пысіна, Ю.Свіркі, У.Скарынкіна, Э.Скобелева, Б.Спрынчана, В.Спрынчана, М.Танка, Я.Янішчыц і інш.
У 1999 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» выйшла кніга «Роднасць: Анталогія братэрства», у якой змешчаны вершы, літ., публіцыст. эсэ бел. паэтаў пра Р., рус. паэтаў — пра Беларусь. На Беларусі жылі і працавалі рускамоўныя пісьменнікі Ю.Багушэвіч, М.Гарулёў, М.Герасімаў, М.Кругавых, У.Машкоў, І.Мяла, Г.Папоў, П.Харкоў, К.Цітоў, І.Шапавалаў, М.Аляксееў, працуюць А.Дракахруст, А.Скарынкін, Скобелеў, Б.Спрынчан, В.Спрынчан, М.Чаргінец, Э.Ялугін, С.Яўсеева і інш.
Шматгранныя сувязі рус. і бел. л-р удасканальваюцца, набываюць новыя формы, напр., творчае супрацоўніцтва пісьменнікаў («Блакадная кніга» Адамовіча і Граніна, ч. 1—2, 1977—81), літ.-знаўчыя даследаванні. У вывучэнне бел. л-ры зрабілі ўклад рус. даследчыкі Мазалькоў («Янка Купала», 1949, 5-е выд. 1961; «Якуб Колас», 1960; «Зямля, якая спявае», 1965), А.Аўчарэнка («Сучасны беларускі раман», 1971, 2-е выд. 1978), І.Вішнеўская («Камедыя на арбіце», 1979), Л.Лазараў («Васіль Быкаў», 1979), І.Дзядкоў («Васіль Быкаў», 1980). У сучасным літ.-знаўстве літ. ўзаемасувязі — прадмет і сродак вывучэння заканамернасцей літ. працэсу. Кожная праблема вывучаецца з улікам узаемасувязі і ўзаемадзеяння братніх л-р, найб. дэталёва даследуюцца традыцыі і наватарства, творчая індывідуальнасць пісьменнікаў, тыпалагічная агульнасць і адрозненні. Вывучэнню рус.-бел. сувязей прысвечаны працы Н.Перкіна «У сям’і братніх літаратур» (1967), М.Ларчанкі «Яднанне братніх літаратур» (1974), Р.Бярозкіна «Звенні», А.Ленсу «Дакастрычніцкая творчасць Я.Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (абедзве 1976), В.Гапавай «Беларуска-рускае паэтычнае ўзаемадзеянне» (1979). Глыбока вывучаюцца традыцыі Л.Талстога і Дастаеўскага ў бел. прозе (Адамовіч «Кузьма Чорны: Урокі творчасці», 1977; «Леў Талстой і беларуская літаратура: (Вайна і чалавек)», 1978), выявілася цікавасць даследчыкаў да шолахаўскай традыцыі ў творчасці Мележа і інш. празаікаў, да традыцыі Фадзеева, у творчасці якога спалучаліся трагедыйнасць і рамант. пафас. Рус. л-ру даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы А.Жакаў, В.Івашын, Л.Кароткая, Ф.Куляшоў, А.Лемешаў, Г.Няфагіна, І.Скарапанава, А.Станюта, С.Чубакоў, А.Шалемава і інш. Вывучэнне традыцый памагае глыбей зразумець наватарства і нац. спецыфіку бел. л-ры. Засвоіўшы вопыт. рус. л-ры, бел.л-ра ў сваю чаргу ўзбагаціла яе самабытнай паэзіяй, арганічна звязанай з фальклорам, наватарскімі адкрыццямі ў ваен. прозе (шырокі паказ партыз. вайны, захаванне памяці пра нар. вайну — «Я з вогненнай вёскі...» Адамовіча, Брыля, У.Калесніка, 1975; аповесці Быкава і інш.). Да 200-годдзя з дня нараджэння Пушкіна выдадзены кнігі «Аляксандр Пушкін і Якуб Колас» М.Тычыны, «А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь» (абедзве 1999) і інш. Выдатным дасягненнем бел.літ.-знаўцаў пад эгідай Ін-та л-ры імя Я.Купалы з’яўляецца даследаванне «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).
Архітэктура. З эпохі палеаліту даследчыкамі выяўлены паселішчы з прымітыўнымі жытламі зямляначнага ці паўзямляначнага тыпу. У неаліце пашырыліся наземныя пабудовы, паселішчы на палях. У эпоху энеаліту і бронз. веку рабілі пабудовы з бярвення. У 8—7 ст. да н.э. пашырыўся тып паселішча, абкружанага валам і частаколам. З 10 ст. ў рамках мастацтва Кіеўскай Русі развіваліся мясц.арх. школы (гл.Наўгародская школа дойлідства, Пскоўская школа дойлідства, Уладзіміра-Суздальская школа дойлідства). Перапыненае мангола-татарскім нашэсцем развіццё стараж.-рус. архітэктуры з канца 13 ст. аднавілася як працэс фарміравання ўласна рус.маст. культуры. Асаблівага росквіту дасягнула наўгародская школа, у пабудовах якой быў выпрацаваны новы тып храма з 3-лопасцевым або шчыпцовым завяршэннем. Будаваліся велічныя манастырскія ансамблі: Аляксандра-Неўская лаўра, Андронікаў манастыр, Валаамскі манастыр, Данскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Ноўгарад-Северскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, Пскова-Пячорскі манастыр, Салавецкі манастыр, Ферапонтаў манастыр і інш. Вызначальная роля ў развіцці архітэктуры з 14 ст. належыць Маскве, якая сінтэзавала дасягненні мясц. школ (гл.Маскоўская школа дойлідства). У канцы 14 — пач. 15 ст. склаўся маскоўскі тып храма з павышанымі падпружнымі аркамі і ярусамі какошнікаў (Успенскі сабор «на Гарадку» ў г. Звянігарад). Да пач. 16 ст. склаўся велічны ансамбль Крамля Маскоўскага, у 16—17 ст. — Пскоўскага крамля, Растоўскага крамля, пабудаваны крамлі ў Волагдзе, Зарайску, Каломне, Ніжнім Ноўгарадзе, Серпухаве, Смаленску, Туле і інш. У 16 ст. ў маскоўскім дойлідстве ўзнік своеасаблівы тып каменнага храма — вежа, крытая шатром (царква Ушэсця ў Каломенскім, Васіля Блажэннага храм у Маскве), будаваліся 4-стоўпныя мураваныя храмы з 5 купаламі (сабор Новадзявочага манастыра ў Маскве). Дамінавала драўлянае дойлідства: у свецкай архітэктуры найб. пашырыўся тып ізбы-зруба пад двухсхільным дахам, у культавай — кубічнага храма, унутр. прастора якога члянілася на паралельныя нефы слупамі, што падтрымлівалі скляпенні і 1—5 купалаў. У мураванай царк. архітэктуры пераважалі невял. цагляныя ці каменныя храмы без слупоў, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.
З 17 ст. склаўся тып палаца-харомаў, які складаўся са зрубаў-церамоў, аб’яднаных пераходамі (царскі палац у Каломенскім, 1667—81). Зменшылася адрозненне паміж культавым і свецкім дойлідствам: унутр. прастора вырашалася як вял. светлая зала, узмацнілася роля лесвіц і аздобленых шатрамі ганкаў. У 2-й пал. 17 ст. архітэктура цэркваў набывала ўсё больш маляўнічы, «узорысты» характар (рэльефная муроўка, кафляныя ўстаўкі і інш.), асабліва ў пабудовах нарышкінскага барока. Узнік новы ярусны тып храма (царква Пакрова ў Філях пад Масквой, 1693—94, і інш.). Новыя гарады і крэпасці будаваліся на Пд і ў Сібіры. Высокім маст. узроўнем вызначаліся пабудовы ў Архангельску (Гасціны двор), Калузе (дом Корабавых), Пераслаўлі-Залескім, Пскове (палаты Паганкіных і дом Лапіна), Яраслаўлі (царква Іаана Прадцечы ў Талчкове) і інш. У 17—18 ст. вельмі цікавае своеасаблівае драўлянае дойлідства (арх. ансамбль на в-ве Кіжы, цэрквы ў Кондапазе). Пераўтварэнні Пятра I прывялі да карэнных змен у архітэктуры: з’явілася рэгулярная планіроўка ў духу еўрап. горадабудаўніцтва, выкарыстоўвалася ордэрная сістэма і інш. Пачалося буд-ва Пецярбурга, для чаго былі запрошаны еўрап. архітэктары Ж.Б.Леблон, Д.Трэзіні, А.Шлютэр і інш. У 1-й пал. 18 ст. дамінавала барока, на 2-ю пал. 18—1-ю чвэрць 19 ст. прыпадае станаўленне і росквіт рус. класіцызму і ампіру. Выдатныя ансамблі стварылі В.Бавэ, В.Бажэнаў, М.Бенуа, А.Вараніхін, Д.Жылярдзі, А.Захараў, Ч.Камерон, М.Казакоў, А.Какорынаў, Дж.Кварэнгі, І.Корабаў, М.Львоў, В.Растрэлі, К.Росі, І.Староў, В.Стасаў, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі і інш. (гл. таксама Адміралцейства, Зімні палац, Ісакіеўскі сабор, Казанскі сабор, Летні сад, Петрадварэц, Петрапаўлаўская крэпасць, Смольны). У буйных загарадных сядзібах ясная і строгая класіцыстычная архітэктура палацаў спалучалася з характэрнымі для таго часу рэгулярнымі і пейзажнымі паркамі (гл.Абрамцава, Астанкіна, Кускова). У архітэктуры 2-й пал. 19 ст. пераважалі эклектыка і стылізацыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. узніклі новыя горадабудаўнічыя ідэі: пасёлкі тыпу горада-сада (арх. У.Сямёнаў), праекты новых раёнаў (І.Фамін) і частковай рэканструкцыі (Л.Бенуа) Пецярбурга. Пэўныя змены ў аблічча гарадоў унеслі мадэрн (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль) і кірункі, якія выкарыстоўвалі традыцыі стараж.-рус. дойлідства (У.Пакроўскі, А.Шчусеў у класіцызму (Фамін), рэнесансу (І.Жалтоўскі). У 1920-я г. ствараліся новыя тыпы жылых і грамадскіх пабудоў — дамы-камуны, рабочыя клубы і інш. Пашырыліся плыні, якія распрацоўвалі функцыянальна-канструктыўныя ідэі, пабудовы вызначаліся геаметрычнасцю і строгасцю аб’ёмаў, рацыянальнасцю планіровачных і канструктыўных вырашэнняў. Узніклі новыя прамысл. цэнтры — Магнітагорск, Новакузнецк і інш. Архітэктура 2-й пал. 1930-х г. вызначалася паваротам да манументалізаваных вобразаў, засн. на класічнай традыцыі. Вяліся рэканструкцыя гарадоў, комплексная забудова жылых раёнаў, пачаў будавацца маскоўскі метрапалітэн. Аднак нятворчае стаўленне да спадчыны часта прыводзіла да эклектызму і халоднай параднасці. Сярод вядучых архітэктараў Р.Бархін, А., В. і Л. Весніны, А.Гегела, У.Гельфрэйх, М.Гінзбург, І. і П. Голасавы, Б.Іафан, І.Леанідаў, К.Мельнікаў, І.Нікалаеў, Л.Руднеў, У.Шчуко і інш. У канцы 1940-х — 1950-я г. значнымі сталі аднаўленне і рэканструкцыя гарадоў (К.Алабян, Г.Арлоў, М.Баранаў, Бархін, Г.Гольц, В.Каменскі, А.Навумаў, В.Сімбірцаў і інш.), стварэнне вышынных будынкаў у Маскве (Гельфрэйх, М.Мінкус, А.Мндаянц, М.Пасохін), адмаўленне ад пераймання гіст. стыляў, пашырэнне індустр. канструкцый, перанос гал. акцэнту на жыллёвае буд-ва. Асаблівая ўвага звярталася на ўзаемасувязі прамысл. і жылых раёнаў, развіццё трансп. артэрый і комплексаў абслугоўвання; у буд-ве асобных будынкаў — на выкарыстанне функцыянальна апраўданых форм, адпаведных спецыфіцы матэрыялаў, актыўнае ўвядзенне ў фарміраванне арх. аблічча твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1960—80-я г. тыпалогія буйнапанэльнага домабудаўніцтва набыла большую разнастайнасць, змешаная забудова раёнаў будынкамі розных паверхаў дазволіла пераадолець аднастайнасць масавай жылой архітэктуры і ўзмацніць выразнасць арх. комплексаў, у т. л. і грамадскіх (напр., Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве). Сярод вядучых архітэктараў Л.Баталаў, Я.Белапольскі, С.Галаджава, С.Еўдакімаў, А.Жук, Б.Злобін, С.Ісмаілаў, Ю.Лапаткін, І.Пакроўскі, А.Палянскі, Б.Рубаненка, Р.Семярджыеў, С.Спяранскі, Я.Стома, Б.Тхор, М.Улас, Ю.Шавярдзяеў і інш. У 1990-я г. ўзрасла эстэт. выразнасць забудовы, лаканічнасць і яснасць форм, пашырылася буд-ва жылых дамоў палепшанай планіроўкі, дзярж., грамадскіх, прыватных банкаўскіх, офісных і інш. будынкаў у рэчышчы сучасных кірункаў зах. архітэктуры, культавых пабудоў у традыц. канфесіянальных формах. У 1983 створаны Саюз архітэктараў Р.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Р. выяўлены помнікі культуры палеаліту (размалёўкі Капавай пячоры на Урале, каменныя і касцяныя статуэткі з Касцёнак у Варонежскай вобл. і Мальты каля Іркуцка і інш.) і неаліту (наскальныя выявы ў Карэліі і Сібіры, арнаментаваная кераміка, разьбянае драўлянае начынне і інш.). З энеаліту і бронз. веку вядомы манум. каменная скульптура, арнаментаваныя вырабы з бронзы (зброя, статуэткі і інш.). У 8—7 ст. да н.э. быў пашыраны звярыны стыль. З 9—10 ст. развівалася культура ўсходнеслав. плямён у межах культуры Кіеўскай Русі. Уласна рус. мастацтва пачало складвацца з канца 13 ст. Развіваўся жывапіс, пачалі складвацца маст. школы: Наўгародская школа жывапісу, Пскоўская школа жывапісу, Уладзіміра-Суздальская школа жывапісу. У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. высокім маст. узроўнем вызначаліся творы Феафана Грэка, Данііла Чорнага, А.Рублёва, у канцы 15 — пач. 16 ст. — Дыянісія, скульптуры В.Ярмоліна. З 2-й пал. 15 ст. цэнтрам рус.маст. культуры стала Масква, у якой для аздаблення храмаў і палацаў былі сканцэнтраваны буйныя творчыя сілы, у т. л. з Беларусі (старцы Арсеній і Іпаліт, К.Міхайлаў, С.Палубес і інш.; гл. таксама Беларуская рэзь). У 16 ст. гарманічная стройнасць і святочная ўрачыстасць жывапісу змянілася імкненнем да алегарычнасці і павучальнасці, рабіліся спробы звязаць іканапіс з рэальнай гісторыяй (абраз «Царква ваяўнічая», напісаны ў гонар узяцця Казані). Пачала развівацца гравюра (дрэварыты да кн. «Апостал», 1564). На мяжы 16—17 ст. склалася Строганаўская школа жывапісу з яе вытанчана-мініяцюрным пісьмом. У іканапісе 17 ст. павялічылася цікавасць да больш рэаліст. перадачы прасторы, аб’ёму і святлаценю (С.Ушакоў). Манум. жывапісу ўласцівы апавядальнасць сюжэтаў і яркая дэкаратыўнасць (размалёўкі храмаў Кастрамы, Масквы, Яраслаўля і інш.). Пачало складвацца свецкае мастацтва, узнік партрэтны жанр — парсуна Інтэнсіўна развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: ювелірная справа, разьба па дрэве і камені, кераміка, вышыўка, маст. апрацоўка металу. У 18 ст. пачало дамінаваць свецкае мастацтва: развіваўся партрэтны жанр у жывапісе (А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, І.Вішнякоў, Л.Каравак, Дз.Лявіцкі, А.Мацвееў, І.Нікіцін, Ф.Рокатаў) і скульптуры (Б.К.Растрэлі, Ф.Шубін) узніклі гіст. (А.Дасенка, Р.Угрумаў), быт. (І.Фірсаў, М.Шыбанаў, І.Ермянёў) і пейзажны (Ф.Аляксееў, С.Шчадрын) жанры. Пашыраліся відавая і батальная гравюра, дэкар. размалёўка. 2-я пал. 18—1-я чвэрць 19 ст. — перыяд станаўлення рус. класіцызму, прынцыпы якога вызначала Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Грамадз. пафас класіцызму найб. ярка выявіўся ў станковай (М.Казлоўскі, І.Пракоф’еў), мемарыяльнай (Ф.Гардзееў, І.Мартас), манум.-дэкар. (В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў, Э.Фальканэ, Ф.Шчадрын) скульптуры.
У 1-й пал. 19 ст. побач з класіцыстычным жывапісам (А.А.Іванаў, А.І.Іванаў, В.Шабуеў) узнікла мастацтва, прасякнутае павевамі рамантызму (партрэты К.Брулова, А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, жывапіс і графіка А.Арлоўскага, пейзажы М.Вараб’ёва, М.Лебедзева, Шчадрына, пазней — І.Айвазоўскага). Увагай да нар. жыцця адзначаны творы А.Венецыянава і яго школы. У жывапісе П.Фядотава, графіцы А.Агіна і Я.Бярнардскага зараджалася мастацтва крытычнага рэалізму, якое ў 1860-я г. развілося ў жывапісе жанрыстаў І.Пранішнікава, В.Пярова і інш., а пазней у творчасці перасоўнікаў. Іх лепшыя дасягненні — партрэты І.Крамскога, жанравыя творы А.Карзухіна, У.Макоўскага, Р.Мясаедава, К.Савіцкага, М.Ярашэнкі, карціны В.Васняцова, М.Ге, М.Неўрава, В.Паленава, В.Пукірава, І.Рэпіна, В.Сурыкава, В.Якобі — адметныя асаблівай сілай маст. абагульнення, глыбокім дэмакратызмам. З дзейнасцю перасоўнікаў звязаны і новы этап у развіцці рус. пейзажа (Ф.Васільеў, М.Клот, А.Куінджы, І.Левітан, А.Саўрасаў, І.Шышкін). У батальным жанры блізкі да перасоўнікаў В.Верашчагін. У скульптуры 2-й пал. 19 ст. развіваліся малыя формы, склаўся тып станковай скульптуры, прызначанай для музея ці выстаўкі (М.Антакольскі). На манум. пластыку паўплывала станковая скульптура (А.Апякушын). У дэкар.-прыкладным мастацтве ў 18—19 ст. пачаўся выраб рус. фарфору, новы ўздым адбыўся ў маст. шкле. На аснове стараж.-рус. традыцый развівалася нар. мастацтва (гл.Багародская разьба, Валагодскія карункі, Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка, Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Таржоцкае залатое шыццё, Хахламская размалёўка). На мяжы 19—20 ст. традыцыі перасоўнікаў прадаўжалі жывапісцы А.Архіпаў, С.Іванаў, М.Касаткін, С.Каровін, П.Малявін, М.Несцераў, А.Рабушкін, у пач. 20 ст. паявіўся стыль мадэрн, у жывапісе да яго блізкія вытанчана-паэт. палотны В.Барысава-Мусатава, В.Сярова, М.Урубеля, а таксама творчасць групы «Свет мастацтва» (Л.Бакст, А.Бенуа, М.Дабужынскі, Б.Кустодзіеў, Я.Лансерэ, З.Серабракова, К.Сомаў), адзначаныя рысамі стылізацыі і рэтраспектыўнасці. Рысы імпрэсіянізму выявіліся ў творчасці жывапісцаў І.Грабара, К.Каровіна, скульпт. П.Трубяцкога, рамантычна-сімвалічны кірунак — жывапісцаў К.Багаеўскага, А.Рылова, М.Рэрыха. Уплывам сімвалізму вызначаны творы мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа» (П.Кузняцоў, М.Сар’ян і інш.) і К.Пятрова-Водкіна. Развівалася творчасць майстроў, што зазналі ўплыў кубізму (мастакі аб’яднання «Бубновы валет»: П.Канчалоўскі, А.Лянтулаў, І.Машкоў), стваральнікаў лучызму (Н.Ганчарова, М.Ларыёнаў), прадстаўнікоў абстракцыянізму (В.Кандзінскі, К.Малевіч). Росквіту дасягнулі тэатр.-дэкар. мастацтва (Бакст, А.Галавін, К.Каровін) і кніжная графіка (Бенуа, І.Білібін). Паспяхова развівалася і скульптура (М.Андрэеў, Г.Галубкіна, А.Мацвееў, С.Канёнкаў). Пасля 1917 асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (В.Дэні, Дз.Маор, У.Маякоўскі, М.Чарамных).
Выяўл. мастацтва 1920-х г. развівалася ў вострай барацьбе розных творчых груповак; у маст. жыцці аформіліся прынцыпы сацыялістычнага рэалізму як вызначальнага метаду сав. мастацтва. Гісторыка-рэв. і быт. тэматыку распрацоўвалі чл.Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (І.Бродскі, М.Грэкаў і інш.), новыя індустр. рытмы спрабавалі адлюстраваць у мастацтве майстры «Т-ва мастакоў-станкавістаў» (А.Дайнека, Ю.Піменаў і інш.). Развіваўся партрэт (С.Малюцін, у скульптуры — Андрэеў, Галубкіна, С.Лебедзева), пейзаж (В.Бакшэеў, Грабар, М.Крымаў, А.Купрын, Рылоў, К.Юон і інш.), нацюрморт (Канчалоўскі, Машкоў і інш.). У графіцы плённа працавалі Г.Астравумава-Лебедзева, У.Канашэвіч, А.Краўчанка, М.Купрыянаў, І.Нівінскі, І.Паўлаў, У.Фаворскі, у манум. і станковай скульптуры — М.Манізер, В.Мухіна, С.Мяркураў, М.Тырса, І.Шадр, Л.Шэрвуд і інш. Шэраг мастакоў, імкнучыся да арганізацыі новых форм побыту, перайшлі да маст. канструявання (Л.Лісіцкі, Л.Папова, А.Родчанка, У.Татлін). У жывапісе вылучаліся гісторыка-рэв. і жанравыя палотны Бродскага, С.Герасімава, Дайнекі, Б.Іагансона, К.Істоміна, А.Маравава, Пятрова-Водкіна, А.Самахвалава, У.Сярова, Д.Штэрэнберга, Дз.Шмарынава; партрэты А.Герасімава і М.Несцерава; пейзажы Грабара, Г.Ніскага; нацюрморты А.Асмёркіна, Канчалоўскага, Лянтулава, Машкова і інш., у графіцы — ілюстрацыі Я.Кібрыка, Я.Чарушына; карыкатуры Кукрыніксаў, Б.Яфімава. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве традыц. формы (Галавін, В.Сімаў) спалучаліся з тэндэнцыямі канструктывізму (Н.Альтман, У. і Г.Стэнбергі). Да лепшых узораў рас. мастацтва перыяду Вял.Айч. вайны належаць творы жывапісцаў і графікаў М.Авілава, А.Вярэйскага, Г.Вярэйскага, П.Корына, А.Пахомава, А.Пластава, М.Рамадзіна, Л.Сайферціса, І.Сярэбранага, скульптараў К.Белашовай, Я.Вучэціча; асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (А.Какарэкін, В.Карэцкі, Кукрыніксы).
Дасягненне выяўл. мастацтва пасляваен. перыяду — жанравыя і гіст. палотны А.Бубнава, А.Лакціёнава, Ю.Няпрынцава, Пластава, Р.Шагаля і інш., партрэты (у жывапісе Корына, у скульптуры — Канёнкава), пейзажы Герасімава, манум. пластыка М.Анікушына, Вучэціча, Л.Кербеля, А.Кібальнікава, М.Томскага, У.Цыгаля, графіка Вярэйскіх, А.Ганчарова, Б.Прарокава. Разам з творамі, якія апявалі подзвіг народа ў Вял.Айч. вайне, пашыралася тэматыка працы і мірнага жыцця.
Разнастайнасцю творчых пошукаў вызначаецца мастацтва 2-й пал. 1950—60-х г., для якога характэрны пластычна абагульненыя эмацыянальна насычаныя вобразы: у станковым жывапісе — М.Андронаў, П.Асоўскі, А.Грыцай, Дз.Жылінскі, Г.Коржаў, А.Мыльнікаў, Ніскі, Ф.Рашэтнікаў, А. і П.Смоліны, А. і С.Ткачовы, Ю.Тулін, у скульптуры — Ю.Аляксандраў, А.Комаў, А.Полагава, у графіцы — І.Галіцын, Г.Захараў і інш. У асобную плынь у жывапісе вылучыўся т.зв. суровы стыль (В.Папкоў і інш.), кніжная ілюстрацыя развівала пераважна традыцыі 1930-х г. (А.Вярэйскі, Ганчароў, Герасімаў, Кукрыніксы, Фаворскі і інш.). Побач з афіц. мастацтвам развівалася неафіцыйнае (андэграўнд), у якім найб. вылучалася творчасць маст. груп «Ліянозаўская» (М.Вячтомаў, Л.Крапіўніцкі, Я.Крапіўніцкі, Л.Масцяркова, О.Рабін і інш.), «Срэценскі бульвар» (А.Брусілоўскі, І.Кабакоў, Э.Неізвесны, Ю.Собалеў і інш.), мастакоў А.Зверава, Э.Булатава, У.Галіцкага, У.Грыгаровіча. Я.Есауленкі, В.Сідура, І.Чуйкова, У.Якаўлева і інш. Творчасць мастакоў 1970—90-х г. вызначаецца паглыблена-прадметнай трактоўкай з’яў, вастрынёй успрыняцця асаблівасцей прыроднага і прадметнага асяроддзя, імкненнем да метафарычнасці і эмац. стрыманасці, стварэння значнага, канкрэтна-індывідуальнага вобраза: у жывапісе — І.Арлоў, І.Глазуноў, Б.Дамашнікаў, М.Малюцін, Мыльнікаў, Т.Назарэнка, А.Нікіч, А.Шылаў; у скульптуры — Ю.Аляксандраў, Л.Галаўніцкі, В.Клыкаў, А.Комаў, Л.Крамнёва, Л.Ланкінен, Неізвесны, Б.Плёнкін, Полагава, А.Рукавішнікаў, С.Санакоеў, Ю.Чарноў, М.Шамякін; у графіцы — І.Абросаў, Ю.Васняцоў, Галіцын, Захараў; у манум. жывапісе — Андронаў, А.Васняцоў, Ю.Каралёў, Б.Тальберг; у манум. скульптуры — А.Анікушын, Ю.Арэхаў, П.Бандарэнка, А.Кібальнікаў, А.Лягін, С.Малькоў, А.Файдыш, Цыгаль, З.Цэрэтэлі; у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве — А.Васільеў, Б.Волкаў і інш. У 1960 створаны Саюз мастакоў Р.
Музыка. Вытокі рус.муз. культуры ў рытуальна-абрадавай культуры ўсх.-слав. фальклору (працоўныя, каляндарна- і сямейна-абрадавыя, працяжныя, пахавальныя песні). Устойлівасць абрадавых муз. традыцый абумоўлена гіст. ўмовамі; для стылістыкі характэрны паўторнасць і варыянтнасць вузкааб’ёмных формул-папевак. У Стараж. Русі існавалі мужчынскія і жаночыя плачы-галашэнні, гераічны песенны эпас, быліны (старыны). З часам развіўся самабытны стыль лірычнай песні з уласцівай ёй меладычнай шырынёй, падгалосачнай поліфаніяй, вольным вар’іраваннем напеву. Муз. своеасаблівасцю вызначалася творчасць скамарохаў. Сярод рус.нар. інструментаў: струнныя — балалайка, гуслі, домра, ліра, гудок; духавыя — дуда, дудка, кугіклы (жалейка), рог, труба, ражкі, сапель; язычковыя — варган, гармонік і інш. У княжацкім побыце выкарыстоўвалася мастацтва іншаземных «іграцоў» на арфе, лютні, флейце. Афіц. святы і паходы суправаджаліся ратнай музыкай (трубы, бубны). Пачаткам прафес. мастацтва з канца 10 ст. стала музыка хрысц. культу. Яе муз. аснова — песнапенні і літургічныя кампазіцыі Візантыі, якія з 11—12 ст. ператварыліся ў самабытную культуру правасл. малітоўнага спеву. Аднагалосыя напевы запісвалі з дапамогай арыгінальнай неўменнай натацыі (крукі, ці знамёны, адсюль знаменны спеў). Культавая правасл. музыка ўключала стыхіры, ірмасы, трапары, кандакі (адрозніваліся значнай распеўнасцю), каноны, псалмы. З сярэдзіны 16 ст. знаменны спеў дасягае найвыш. росквіту, яго сістэматызацыя замацавана ў «Азбуцы» А.Мезянца. З сярэдзіны 17 ст. ва ўлонні царквы пачало развівацца шматгалоссе, арыентаванае на еўрап. акордава-гарманічны склад.Тэарэт. асновы партэсных спеваў абгрунтаваў М.Дылецкі ў трактаце «Граматыка мусікійская» (1675). Асн. жанр — партэсны канцэрт (майстры маскоўскай школы духоўнага канцэрта 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Н.Бавыкін, С.Бяляеў, І.Ігнацьеў, М.Калашнікаў, П.Нарыцын, С.Пекаліцкі, І.Пратапопаў, В.Цітоў і інш.). Шырокае распаўсюджанне атрымалі быт. шматгалосыя канты і псальмы на рэліг., пазней на лірычныя, патрыят. тэксты (сярод аўтараў тэкстаў Сімяон Полацкі, Дз.Растоўскі,
В.Традзьякоўскі). Рэформы Пятра I спрыялі паяўленню ў Расіі італьян., франц., ням. опер, таксама гастрольных оперных труп. У 2-й пал. 18 ст. ствараліся публічныя т-ры, з’явіліся рус. оперныя спевакі (Л.Белаградская, Л.Сандунова, П.Жамчугова), развівалася канцэртнае мастацтва (І.Хандошкін, В.Трутоўскі). Узрасла цікавасць да фальклору. Пачалося фарміраванне рус. кампазітарскай школы, з’явіліся першыя рус. оперы (М.Сакалоўскі, В.Пашкевіч, Е.Фамін); найвыш. росквіту дасягнуў рус. духоўны канцэрт (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі). Пад уздзеяннем сентыментальнай паэзіі, салонных танцаў і лірычнага канта ўзнік рус.раманс («расійская песня»; Ф.Дубянскі, В.Казлоўскі, Р.Цяплоў). Росквіт рус. класічнай музыкі пачаўся з 19 ст. Новага маст. ўзроўню дасягнуў раманс: на глебе апасродкаванага ўплыву цыганскай культуры ўзнік жанр «жорсткага раманса», выкананне якога вызначаецца большай экспрэсіўнасцю. З’явіліся новыя жанры: сімфонія, уверцюра, канцэрт, саната. На глебе быт.гар. песеннасці праявіліся рысы рамантызму ў творчасці А.Аляб’ева, А.Варламава, А.Вярстоўскага, А.Гурылёва. Заснавальнік рус.муз. класікі М.Глінка, абапіраючыся на нац.муз. традыцыі, увасобіў у оперных творах героіка-патрыят. тэму, вобразы айч. міфалогіі; высокім еўрап. узроўнем вызначаюцца яго сімф. творы. На рэаліст., сац. і лірыка-псіхал. вобразнасці грунтавалася творчасць А.Даргамыжскага, што набліжала яго да натуральнай школы ў л-ры і жывапісе. Вывучэнню і папулярызацыі нац. мастацтва спрыяла муз.-крытычная дзейнасць У.Адоеўскага, Г.Лароша, У.Стасава, А.Сярова і інш.Вял. ролю адыграла адкрыццё А. і М.Рубінштэйнамі кансерваторый у Пецярбургу (1861) і Маскве (1866), што стала пачаткам падрыхтоўкі музыкантаў-прафесіяналаў. Муз.-асв. работу ў Пецярбургу вяла Бясплатная муз. школа (1862), якую ўзначальвалі М.Балакіраў і Г.Ламакін. У пач. 1860-х г. вакол Балакірава згуртавалася садружнасць кампазітараў «Магутная кучка», якая адлюстравала абнаўляльныя маст. тэндэнцыі часу. Рус. оперы 2-й пал. 19 ст. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, рэалізм і ахоп тэм з нац. гісторыі, эпасу, нар. побыту, жыццёвая і псіхал. змястоўнасць, наватарства форм: нар. драмы М.Мусаргскага: оперы-казкі, быліны, паданні М.Рымскага-Корсакава і А.Барадзіна, лірыка-псіхал. драмы П.Чайкоўскага. Сімфонія была прадстаўлена эпічнай (Барадзін) і драм. (Чайкоўскі) лініямі; шырокае развіццё набыла праграмная музыка. Чайкоўскі рэфармаваў балет шляхам яго сімфанізацыі. Своеасаблівая галіна быт. культуры 2-й пал. 19 ст. — эстр. раманс і выканальніцтва (Н.Вяльцава, А.Давыдаў, В.Паніна, Н.Плявіцкая).
На мяжы 19—20 ст. класічныя муз. традыцыі развівалі А.Арэнскі, А.Глазуноў, В.Каліннікаў, А.Лядаў, С.Ляпуноў, С.Танееў і інш. Значнай з’явай сталі новыя кірункі харавой музыкі рус. царквы. Літургічная музыка набыла канцэртныя рысы (харавыя творы А.Архангельскага, А.Грачанінава, М.Іпалітава-Іванава, Каліннікава, А.Кастальскага, А.Нікольскага, С.Рахманінава, У.Рэбікава, М.Чарапніна, А. і П.Часнаковых). Неарамант. рысамі вылучалася творчасць М.Метнера, наватарствам стылю — музыка А.Скрабіна. Новыя шляхі інтэрпрэтацыі фальклору і муз.-тэатр. жанраў адкрыў І.Стравінскі. Сярод прадстаўнікоў выканальніцкай культуры 19 — пач. 20 ст. спевакі А.Няжданава, В. і Г.Пятровы, Л.Собінаў, Ф.Стравінскі, Ф.Шаляпін, піяністы Рахманінаў, А.Рубінштэйн, М.Рубінштэйн, В.Сафонаў, Скрабін, Метнер, скрыпачы і віяланчэлісты школ Л.Аўэра і К.Давыдава. Рус. мастацтва прапагандаваў за мяжой С.Дзягілеў. У 1-й трэці 20 ст. праявіліся рысы маст. авангардызму (творы І.Вышняградскага, А.Лур’е, М.Рослаўца, М.Мацюшына, Н.Обухава). Уклад у развіццё рус.муз. школы ў 20 ст. зрабілі Дз.Кабалеўскі, М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў, Рахманінаў, І.Стравінскі, Г.Свірыдаў, Ю.Шапорын, Дз.Шастаковіч, якія абнавілі ўсе важнейшыя муз. жанры. Даніну рэв. настроям эпохі ў харавых творах аддалі А.Аляксандраў, В.Белы, Дз.Васільеў-Буглай, А.Давідзенка. Тыповай з’явай рус.сав. мастацтва стала папулярная масавая песня (М.Блантэр, І.Дунаеўскі, У.Захараў, Б.Макравусаў, А.Новікаў, Дз.Пакрас, А.Пахмутава, В.Салаўёў-Сядой, Д.Тухманаў) і песенная па стылі опера на рэв.-дэмакр. тэматыку (І.Дзяржынскі, Ц.Хрэннікаў). У 2-й пал. 20 ст. жанры оперы і балета развівалі А.Пятроў, С.Сланімскі, Б.Цішчанка, Р.Шчадрын. Значныя дасягненні сімфаністаў М.Вайнберга, Г.Галыніна, М.Пяйко, А.Салманава, Г.Уствольскай, Б.Чайкоўскага. Самабытныя рысы рус. лірыкі і эпасу ўвасоблены ў кантатах, араторыях, харах, рамансах К.Волкава, В.Гаўрыліна, Пятрова, Салманава, Свірыдава, Шчадрына. Эксперыментальныя памкненні поставангарду апошняй трэці 20 ст. спрыялі зліццю фундаментальных якасцей рус. школы і новых сродкаў выразнасці, якія праявіліся ў творчасці С.Губайдулінай, Э.Дзянісава, А.Шнітке. Значнае дасягненне рус. культуры 1980—90-х г. — актыўнае развіццё традыцый духоўнай музыкі новага кірунку пач. 20 ст. ў рэчышчы шматвяковых пеўчых архетыпаў і літургічных жанраў кампазітарамі розных пакаленняў і стыляў. У хар., тэатр., інстр. творах Э.Арцем’ева, Ю.Буцко, Губайдулінай, Дзянісава, М.Карэтнікава, Свірыдава, М.Сідзельнікава і інш.стараж. напевы выкарыстоўваюцца ў розных жанрах, узаемадзейнічаюць з традыцыямі оперы, сімфоніі, кантаты, араторыі. Сярод таленавітых выканаўцаў 20 ст.: піяністы Л.Аборын, У.Ашкеназі, Дз.Башкіраў, А.Гальдэнвейзер, Э.Гілельс, У.Горавіц, М.Грынберг, Я.Зак, К.Ігумнаў, Г.Нейгаўз, Л.Нікалаеў, С.Рыхтэр, У.Сафраніцкі, П.Серабракоў, Я.Фліер, М.Юдзіна; скрыпачы Л.Аўэр, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.Палякін, В.Траццякоў, Я.Цымбаліст; віяланчэлісты А.Брандукоў, А.Вержбіловіч, Р.Гарбузава, Н.Гутман, С.Казалупаў, С.Кнушавіцкі, Г.Пяцігорскі, М.Растраповіч, Д.Шафран; спевакі А.Абразцова, Н.Абухава, І.Архіпава, В.Барсава, Г.Вішнеўская, К.Дзяржынская, І.Казлоўскі, С.Лемешаў, Я.Несцярэнка, А.Няжданава, Р. і А.Піраговы, І.Пятроў, М.Рэйзен, Л.Собінаў, Б.Штокалаў, І.Яршоў; дырыжоры М.Галаванаў, А.Гаўк, В.Гергіеў, У.Дранішнікаў, І.Кандрашын, С.Кусявіцкі, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, А.Пазоўскі, Г.Раждзественскі, С.Самасуд, Я.Святланаў, У.Співакоў, В.Сук, Ю.Фаер, Ю.Цемірканаў; харавыя дырыжоры Аляксандраў, М.Данілін, М.Клімаў, А.Свешнікаў, У.Чарнушэнка, А.Юрлоў. Прадстаўнікі шматлікіх кірункаў эстр. трактоўкі быт. раманса і песні: А.Вярцінскі, В.Козін, Л.Русланава, К.Шульжэнка, І.Юр’ева і інш.Найб. вядомыя рас.муз. т-ры: у Маскве — Вялікі тэатр Расіі, Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі, Маскоўскі акадэмічны дзіцячы музычны тэатр, Маскоўскі музычны камерны тэатр, у С.-Пецярбургу — Марыінскі тэатр оперы і балета, Малы т-р імя Мусаргскага, а таксама т-ры ў Новасібірску, Екацярынбургу, Пермі, Ніжнім Ноўгарадзе. Сярод найб. вядомых выканальніцкіх калектываў — Дзяржаўны сімфанічны аркестр Расіі, Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.І.Чайкоўскага, Дзярж.акад.сімф. аркестр С.-Пецярбургскай філармоніі, Сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі, С.-Пецярбургская акад. капэла імя Глінкі, Рэсп.рус. харавая капэла імя Юрлова, Ансамбль песні і танца Расійскай арміі імя Аляксандрава, Рускі народны хор імя Пятніцкага, Дзяржаўны акадэмічны рускі хор, Дзярж.рус.нар. аркестр імя Андрэева, Дзярж.рус.нар. аркестр імя Осіпава.
На 2001 у Р.: 10 кансерваторый, Рас. і Кемераўская акадэміі музыкі, муз.-пед. ін-ты, шэраг ін-таў культуры з муз. аддзяленнямі, шырокая сетка муз. вучылішчаў, ліцэяў і інш. Праводзяцца муз. конкурсы, найбуйнейшы — Міжнар. конкурс музыкантаў-выканаўцаў імя Чайкоўскага. У 1960 створаны Саюз кампазітараў Р.
Тэатр. Узнікненне элементаў рус.тэатр. мастацтва звязана з працоўнай дзейнасцю, нар. культавымі абрадавымі дзеяннямі і святочнымі гульнямі. Першыя прафес. носьбіты рус.тэатр. культуры — скамарохі. Мелі пашырэнне лялечныя прадстаўленні. У 16 ст. ўзнік рус.царк.т-р, але вял. развіцця не атрымаў. У 1672—76 пры двары цара Аляксея Міхайлавіча створаны першы прыдворны т-р, у рэпертуары якога былі п’есы на біблейскія і міфалагічныя тэмы. Па ўказанні Пятра I у Маскве ў 1702—06 працаваў першы дзярж.т-р пад кіраўніцтвам І.Х.Кунста, для якога на Краснай плошчы быў пабудаваны «Камедыйны хорам» на некалькі соцень гледачоў. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. набыў папулярнасць школьны тэатр. аматарскія трупы якога ствараліся ў буйных свецкіх навуч. установах (Славяна-грэка-лацінская акадэмія, Хірургічная школа ў Маскве, Дваранскі кадэцкі корпус у С.-Пецярбургу). Стварэнне і развіццё рус. школьнага т-ра цесна звязана з імем Сімяона Полацкага. Набыла папулярнасць і такая форма нар.т-ра, як вусная нар. драма («Цар Максімілян», «Лодка»). У 1-й пал. 18 ст. развіваецца аматарскі т-р «ахвочых камедыянтаў». Найб. вядомай у сярэдзіне 18 ст. стала яраслаўская трупа пад кіраўніцтвам Ф.Волкава, якая ў 1752 была запрошана ў С.-Пецярбург. У 1730—40 пры двары гастраліравалі замежныя трупы (італьян., ням.т-р К.Нейбер, франц.драм.т-р). У 1756 паводле загаду імператрыцы Лізаветы засн. «Рускі для прадстаўлення трагедый і камедый тэатр». Яго аснову склалі выпускнікі Дваранскага кадэцкага корпуса з ліку яраслаўскай аматарскай трупы Волкава (І.Дзмітрэўскі, Я.Шумскі і інш.), першым дырэктарам прызначаны А.Сумарокаў. Для развіцця рус. сцэны апошняй чвэрці 18 ст.вял. значэнне мела творчасць драматургаў-паслядоўнікаў Сумарокава — Ф.Казельскага, Я.Княжніна, В.Майкава, А.Ржэўскага, М.Хераскава, а таксама сатырычныя камедыі Дз.Фанвізіна і В.Капніста. У 1757 пры Маскоўскім ун-це засн. Універсітэцкі т-р, у 1780 на яго базе — Пятроўскі т-р. У 1770—80-я г. ўзніклі т-ры ў Калузе, Пензе, Тамбове, Туле і інш. губернскіх гарадах. З 1779 у Пецярбургу ў т-ры на Царыцыным лузе пачала выступаць рус. трупа антрэпрэнёра К.Кніпера. У канцы 18 — пач. 19 ст. сталі пашырацца прыватныя прыгонныя тэатры, якія заклалі асновы рус. правінцыяльнай сцэны. Высокім майстэрствам вызначалася творчасць прыгонных акцёраў П.Жамчуговай, Т.Шлыкавай-Гранатавай і інш. У 1-й чвэрці 19 ст.вял. поспехам карысталіся трагедыі У.Озерава, камедыі М.Загоскіна, І.Крылова, П.Плавільшчыкава, А.Шахаўскога, пачалі перакладацца і ставіцца п’есы У.Шэкспіра, Ф.Шылера. Ігра трагедыйных акцёраў пач. 19 ст. А.Якаўлева, К.Сямёнавай узрушала гледачоў высокай культурай выканання. У 1826—82 Дырэкцыя імператарскіх т-раў (існавала з 1766) увяла дзярж. манаполію на т-ры. Ставіліся перакладныя вадэвілі і меладрамы, п’есы П.Абадоўскага, Н.Кукальніка і інш.
У 1824 у Маскве засн.Малы тэатр. У 1832 у Пецярбургу ўзведзены будынак Александрынскага тэатра. За новы рэпертуар рус.т-ра актыўна выступалі В.Бялінскі і М.Гогаль, якія сцвярджалі неабходнасць адлюстравання ў т-ры праўды жыцця, звароту да важнейшых тагачасных праблем. Лепшыя творы рус. драматургіі з цяжкасцямі траплялі на сцэну, часта са значнымі цэнзурнымі праўкамі і скажэннямі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1831; «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна, 1866). Доўгі час пад забаронай былі рамант. драмы В.Гюго, шэраг п’ес Шэкспіра, Шылера. Вял. грамадскай і тэатр. падзеяй стала пастаноўка ў 1836 «Рэвізора» Гогаля. Станаўленне 2 асн. кірункаў рус.т-ра — рамантызму і рэалізму — звязана з дзейнасцю акцёраў Малога т-ра П.Мачалава і М.Шчэпкіна. Творчы метад Шчэпкіна стаў вызначальным для развіцця рус. акцёрскага мастацтва, ён развіты і паглыблены акцёрам Александрынскага т-ра А.Мартынавым і інш. Класіцыстычны кірунак у рус. т-ры 1-й пал. 19 ст. несла ў сабе прасякнутая манументальнай параднасцю творчасць В.Каратыгіна. Сярод лепшых акцёраў 1-й пал. 19 ст. В.Асенкава, М.Дзюр, В.Жывакіні, Якаўлеў і інш.Вял. ўплыў на т-р зрабілі вызв. рух 1850-х г., бурны эканам. рост краіны, філас.-публіцыст. думка. Узрасла цікавасць да рус. драматургіі, якая адлюстроўвала тагачасную рэчаіснасць. Меладрама і вадэвіль саступілі месца драме і камедыі. Новы этап развіцця рус.т-ра звязаны з творчасцю А.Астроўскага, п’есы якога найлепш увасабляліся на сцэне Малога т-ра. На аснове пастановак яго п’ес вырасла плеяда акцёраў (С. і П. Васільевы, Л.Нікуліна-Касіцкая, П., М. і В.Садоўскія), фарміравалася школа сцэн. майстэрства. Сярод вядучых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.Варламаў, У.Давыдаў, М.Савіна, І.Самарын, Р.Фядотава, С.Шумскі, А.Южын, М.Ярмолава. Пашыралася дзейнасць правінцыяльных т-раў, у якіх выступалі акцёры В.Андрэеў-Бурлак, М.Іваноў-Казельскі, М.Лісараў, М.Рыбакоў, П.Стрэпетава і інш. З 1882 пачынаюць актыўна стварацца прыватныя т-ры, у т. л.Маскоўскі тэатр Корша. Прагрэсіўнасцю вызначалася дзейнасць акцёра і рэжысёра Малога т-ра А.Ленскага, які імкнуўся да абнаўлення тэатр. мастацтва, выхавання акцёраў высокай культуры. У 1898 К.Станіслаўскі і У.Неміровіч-Данчанка стварылі Маскоўскі Мастацкі тэатр (МХТ), творчасць якога фарміравалася пераважна на драматургіі А.Чэхава і М.Горкага. Стваральнікі МХТ ажыццявілі эстэт. рэформу рэпертуару, рэжысуры і акцёрскага мастацтва (гл.Станіслаўскага сістэма). Грамадскую значнасць меў створаны ў 1904 В.Камісаржэўскай Драм.т-р у Пецярбургу, на сцэне якога ставіліся п’есы М.Горкага і драматургаў, што групаваліся вакол выд-ва «Веды» (С.Найдзёнаў, Л.Андрэеў і інш.). У 1910-я г. ў рус.тэатр. мастацтве развіваліся разнастайныя плыні і кірункі: рэжысёрскае мастацтва У.Меерхольда звязана з паэтыкай сімвалізму, А.Таірава — з мадэрнісцкімі тэндэнцыямі і інш. Узнік шэраг эксперыментальных тэатр. студый: Ф.Камісаржэўскага (1910), 1-я студыя МХТ (1912), Я.Вахтангава (1913) у Маскве, Меерхольда ў Петраградзе (1914) і інш. У 1917 паводле дэкрэта Саўнаркома т-ры перададзены Нар. камісарыяту асветы, у 1919 нацыяналізаваны. У першыя паслярэв. гады класічны рэпертуар часта трактаваўся ў плане «сугучнасці рэвалюцыі», у драматургіі пераважалі паліт., прасякнутыя духам рэв. рамантыкі п’есы («Містэрыя-буф» У.Маякоўскага і інш.). Пашырыліся агітац. т-ры, своеасаблівай разнавіднасцю якіх былі масавыя прадстаўленні на вуліцах і плошчах. Створаны новыя т-ры: 3-я студыя МХТ (1921, цяпер Тэатр імя Я.Вахтангава), т-р РСФСР 1-ы (1920, у 1923—28 Маскоўскі тэатр імя У.Меерхольда), Т-р Рэвалюцыі (1922, цяпер Маскоўскі тэатр імя У.Маякоўскага), Т-р імя МГСПС (1923, цяпер Тэатр імя Массавета) у Маскве, Вялікі драм.т-р (1919, пазней імя М.Горкага, цяпер імя Г.Таўстаногава) у Петраградзе, т-р «Чырвоны факел» у Адэсе (1920, з 1932 у Новасібірску) і інш. У 1918—20 створаны першыя т-ры для дзяцей, у 2-й пал. 1920-х г. — тэатры рабочай моладзі (ТРАМ), у 1930-я г. — калгасна-саўгасныя тэатры. Асн. кірункам развіцця рус.тэатр. мастацтва ў 1930—80-я г. стаў метад сацыялістычнага рэалізму. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы тагачаснай тэматыкі паводле твораў А.Афінагенава, У Біль-Белацаркоўскага, У.Вішнеўскага, В.Катаева, Маякоўскага, М.Пагодзіна, Л.Сейфулінай, К.Транёва і інш. Сярод рэжысёраў М.Акімаў, М.Ахлопкаў, Вахтангаў, А.Дзікі, Ю.Завадскі, Н.Літоўцава, Я.Любімаў-Ланской, Меерхольд, А.Папоў, І.Платон, М.Пятроў, Л.Празароўскі, Р.Сіманаў, І.Судакоў, Таіраў і інш.; акцёры — Дз.М Арлоў, А.Астужаў, М.Бабанава, Б.Бабачкін, А.Ф.Барысаў, С.Бірман, І.Бярсенеў, С.Гіяцынтава, Ю.Глізер, А.Гогалева, А.Грыбаў, Б.Дабранраваў, М.Жараў, І.Ільінскі, К.Карчагіна-Александроўская, В.Качалаў, М.Клімаў, В.Кніпер-Чэхава, А.Коанен, А.Ктораў, Л.Леанідаў, Б.Ліванаў, М.Мардвінаў, С.Марцінсон, В.Марэцкая, В.Масаліцінава, І.Масквін, В.Мічурына-Самойлава, В.Мяркур’еў, В.Пашэнная, Р.Плят, В.Лыжова, І.Пяўцоў, Ф.Ранеўская, В.Рыжова, М.Сіманаў, А.Сцяпанава, А.Тарасава, М.Тарханаў, Е.Турчанінава, М.Хмялёў, М.Цароў, М.Чаркасаў, М.Штраўх, Б.Шчукін, Ю.Юр’еў, А.Яблачкіна, К.Яланская, М.Яншын і інш. У 1941—45 дзейнасць т-раў была скіравана на духоўную мабілізацыю народа супраць фаш. агрэсіі, у рэпертуарах пераважалі героіка-патрыятычныя пастаноўкі паводле твораў А.Карнейчука, Л.Лявонава, К.Сіманава і інш. З 2-й пал. 1940-х г. ставіліся пераважна спектаклі, прысвечаныя падзеям Вял.Айч. вайны (паводле твораў Б.Лаўранёва, А.Фадзеева і інш.), п’есы тагачаснай тэматыкі, сусв. класіка. 1950-я г. адзначаны «другім нараджэннем» пастановак Маякоўскага. У 2-й пал. 20 ст.вял. ўклад у развіццё рус.тэатр. мастацтва зрабілі рэжысёры А.Васільеў, Г.Волчак, А.Ганчароў, К.Гінкас, М.Захараў, Л.Додзін, Ю.Любімаў, Б.Львоў-Анохін, В.Плучак, Б.Равенскіх, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас, А.Яфрэмаў, і інш.; акцёры Ю.Барысава, А.І.Барысаў, А.Басілашвілі, У.Высоцкі, М.Губенка, Н.Гундарава, Т.Дароніна, А.Джыгарханян, А.Дзямідава, Я.Еўсцігнееў, А.Калягін, Я.Капелян, М.Карачанцаў, К.Лаўроў, Я.Лебедзеў, Я.Лявонаў, А.Меньшыкаў, А.Міронаў, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Папанаў, К.Райкін, Ю. і В.Саломіны, І.Смактуноўскі, А.Табакоў, М.Церахава, І.Чурыкава, М.Улынаў, А.Фрэйндліх, С.Юрскі, Ю.Якаўлеў, А.Янкоўскі і інш. У 1990-я г. творчае аблічча рус.т-ра вызначала дзейнасць рэжысёраў і акцёраў Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра, Маскоўскага тэатра «Ленком», Маскоўскага тэатра на Таганцы, Маскоўскага тэатра Сатыры, Маскоўскага тэатра «Сучаснік», Маскоўскага тэатра «Школа сучаснай п’есы», Маскоўскага тэатра «Сатырыкон», Санкт-Пецярбургскага Вялікага драматычнага тэатра імя Таўстаногава, т-раў Казані, Самары, Новасібірска, Ніжняга Ноўгарада, Саратава, Яраслаўля і інш. Пастаноўкам 1990-х г. уласцівы спалучэнне пераемнасці творчых традыцый і пошукаў сучаснага стылю выканання, канцэптуальны падыход, эксперыменты ў галіне формы і зместу драматургічнага матэрыялу, метафарычнасць, глыбокая распрацоўка псіхал. малюнка роляў. Тэатр. кадры рыхтуюць Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва, Санкт-Пецярбургская акадэмія тэатр. мастацтва, Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі (пры Маскоўскім маст.акад. т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (пры Малым т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (пры Т-ры імя Вахтангава).
У т-рах Расіі пастаўлены п’есы бел. драматургаў В.Вольскага, А.Дударава, Я.Коласа, К.Крапівы, А.Кудраўцава, Дз.Курдзіна, А.Кучара, А.Макаёнка, А.Маўзона, А.Петрашкевіча, А.Паповай, І.Шамякіна і інш.
Кіно. Першыя дакумент. кіназдымкі зроблены ў 1896 В.Сашыным-Фёдаравым і А.Фядзецкім. З 1907 прыдворныя кінааператары К. фон Ган і А.Ягельскі здымалі «царскую хроніку». У 1906 з’явіліся рус. кінафірмы: А.Ханжонкава, І.Ярмольева ў Маскве, у 1907 — кінаатэлье А.Дранкова ў Пецярбургу. Відавыя, асветніцкія фільмы, свецкую хроніку, быт. сцэны, юбілеі і інш. здымалі Дранкоў («Дзень 80-годдзя графа Л.М.Талстога», 1908), М.Казлоўскі, П.Кабцоў, Дз.Сахненка. Першы рас.маст. фільм-кіналубок — «Панізовая вольніца» («Сценька Разін і княжна», 1909, рэж. Б.Рамашкоў). Першы паўнаметражны маст. фільм, які спалучаў ігравыя і дакумент. сцэны, — «Абарона Севастопаля» (1911, рэж. В.Ганчароў і Ханжонкаў). У 1910-я г. з’явіліся стацыянарныя кінатэатры. У тэхніцы аб’ёмнай мультыплікацыі ствараў фільмы У.Старэвіч («Вясёлыя сцэнкі з жыцця насякомых», «Помста кінематаграфічнага аператара», абодва 1912).
Экранізаваліся творы рус. і сусв. л-ры, тэатр. пастаноўкі. Вытанчанасцю пластыкі, жывапіснасцю вызначаліся фільмы «Злачынная жорсткасць» (1914), «Песня пераможнага кахання» (1915), «Ямшчык, не гані коней» (1916) Я.Баўэра, «Партрэт Дарыяна Грэя» (1915, паводле О.Уайльда) У.Меерхольда, «Мікалай Стаўрогін» (1915, паводле рамана Ф.Дастаеўскага «Д’яблы»), «Пікавая дама» (1916, паводле А.Пушкіна), «Айцец Сергій» (1918, паводле Л.Талстога) Я.Пратазанава, «Паненка і хуліган» (1918) Я.Славінскага, «Палікушка» (1919) А.Саніна. Сярод лепшых акцёраў Н.Лісенка, І.Мазжухін, У.Максімаў, В.Палонскі, І.Перэстыяні, В.Праабражэнская, В.Халодная і інш. У 1919 кінематограф перададзены пад кіраўніцтва Наркамасветы РСФСР, створана Дзяржкінашкола (з 1922 назва мянялася, з 1992 Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі) на чале з рэж. У.Гардзіным. Пастаўленыя перад кінематографам задачы агітац. і ідэалаг. ўздзеяння прывялі да ўзнікнення масавай прадукцыі — т.зв. фільмаў-плакатаў і агітпрапфільмаў, у т. л. ігравы фільм «Серп і молат» (1921, рэж. Гардзін). Склалася плеяда рэжысёраў-наватараў, якія ў розных жанрах развівалі выразныя магчымасці кінамовы. С.Эйзенштэйн ствараў буйныя эпічныя творы з манум. героямі-тыпажамі, дынамічнымі масавымі сцэнамі («Стачка», «Браняносец «Пацёмкін», абодва 1925; «Кастрычнік», 1927); Л.Куляшоў эксперыментаваў у галіне выяўл. сродкаў кінамовы і мантажу («Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», 1924; «Паводле закону», 1926); Дз.Вертаў ствараў новыя мантажныя канструкцыі, апрабоўваў магчымасці змены рытмаў, ракурсаў, спалучаў знятыя ў розныя часы кінакадры для стварэння экспрэсіўнага відовішча («Кіна-Праўда», 1922—25; «Кіна-Вока», 1925; «Кроч, Савет!», «Шостая частка свету», абодва 1926; «Адзінаццаты», 1928); У.Пудоўкін раскрываў гіст. тэматыку праз драм. і псіхал. апавяданне («Маці», 1926; «Канец Санкт-Пецярбурга», 1927; «Нашчадак Чынгісхана», 1928). Творчае пераасэнсаванне дакумент. архіўнай кінахронікі і наданне ёй новай ідэалагічнай трактоўкі выявіла рэж. Э Шуб у гісторыка-дакумент. мантажных фільмах «Падзенне дынастыі Раманавых» (1927), «Расія Мікалая II і Леў Талстой» (1928). Традыцыі цырка, мюзік-хола, бурлеска развівалі кінематаграфісты ленінградскага аб’яднання «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» Р.Козінцаў і Л.Траўберг: «Прыгоды Акцябрыны» (1924), «Мішкі супраць Юдзеніча» (1925), «Чортава кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929).
У жанры сатыр. камедыі працаваў Я.Пратазанаў («Закройшчык з Таржка», 1925; «Працэс аб трох мільёнах», 1926; «Свята святога Іоргена», 1930), псіхал. драмы з маральна-этычнай праблематыкай здымалі А.Роам («Трэцяя Мяшчанская», 1927) і Ф.Эрмлер («Кацька—Папяровы Ранет», 1926; «Парыжскі шавец», 1928; «Абломак імперыі», 1929). У лірычных камедыях Б.Барнета «Дзяўчына з каробкай» (1927), «Дом на Трубнай» (1928) і А.Папова «Два сябры, мадэль і сяброўка» (1928) адчуваліся інтанацыі радасці простых адносін, шчасця ўзаемнага кахання. У 1928 з’явіўся маніфест Эйзенштэйна, Пудоўкіна і Р.Аляксандрава «Будучыня гукавой фільмы. Заяўка», у якім падкрэслівалася значэнне гукава-зрокавага кантрапункта (асінхроннага спалучэння гуку і экраннага відовішча) як асн. выразніка аўтарскай ідэі ў фільме. У 1931 зняты першы гукавы фільм «Пуцёўка ў жыццё» (рэж. М.Эк). У 1930-я г. кінематограф развіваўся пад уздзеяннем эстэт. (з’яўленне гукавога кіно і адпаведнае абнаўленне кінамовы) і ідэалагічнага фактараў (пашырэнне штампаў у гіст.-рэв. фільмах, з’яўленне вобразаў т.зв. «ворагаў народа», фармалізацыя сюжэтных пабудоў). Гал. акцэнт пераносіўся рэжысуры на акцёрскае майстэрства. Зоркамі экрана сталі акцёры П.Алейнікаў, Б.Андрэеў, Л.Арлова, Б.Бабачкін, У.Гардзін, Э.Гарын, М.Жараў, В.Жызнева, І.Ільінскі, М.Кручкоў, М.Ладыніна, Макарава, В.Марэцкая, Ф.Ранеўская, Л.Цалікоўская, М.Чаркасаў, Б.Чыркоў і інш. Здымаліся героіка-патрыятычныя. фільмы («Чапаеў», 1934, рэж. Г. і С. Васільевы; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.Герасімаў) і лірычныя муз. камедыі, якія ідэалізавалі сав. лад. жыцця («Вясёлыя хлопцы», 1934, «Цырк», 1936, «Волга-Волга», 1938, усе рэж. Аляксандраў; «Багатая нявеста», 1938, «Трактарысты», 1939, «Свінарка і пастух», 1941, усе рэж. І.Пыр’еў), фільмы для дзяцей («Дзеці капітана Гранта», 1936, паводле Ж.Верна, рэж. У.Вайншток; «Бялее ветразь адзінокі», 1937, паводле В.Катаева, рэж. У.Лягошын; «Па шчупаковаму загаду», 1938, рэж. А.Роу), мультфільмы (І.Іваноў-Вано, А.Птушко). Пагроза вайны выклікала з’яўленне гіст.-манум. фільмаў, якія ўзнаўлялі гераічнае мінулае рус. народа: «Пётр I» (1937—39, рэж. У.Пятроў), «Аляксандр Неўскі» (1938, рэж. Эйзенштэйн), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941, рэж. Пудоўкін).
У 1940-я г. дамінавала тэма Вял.Айч. вайны, гераізм і патрыятызм сав. народа, чалавек у экстрэмальных умовах паміж жыццём і смерцю: «Сакратар райкома» (1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, абодва рэж. Пыр’еў), «Машачка» (1942, рэж. Ю.Райзман), «Яна абараняе Радзіму» (1943, рэж. Эрмлер), «Нашэсце» (1945, рэж. Роам), «Маладая гвардыя» (1948, рэж. Герасімаў). Здымалася ваен. кінахроніка. З канца 1940-х г. фільмы ваен. тэматыкі набылі рысы манументальнасці і «прыгладжанасці» рэальнай жорсткасці вайны: «Сталінградская бітва» (1949, рэж. Пятроў), «Падзенне Берліна» (1950, рэж. М.Чыяўрэлі) і інш. У той жа час забаронена 2-я серыя фільма Эйзенштэйна «Іван Грозны» (1948), у якой рабілася спроба крытыкі ўлады, заснаванай на насіллі і рэпрэсіях. Новы этап у рас. кіно пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г., калі павысілася ўвага да жыцця, надзей і здзяйсненняў пакалення, што перамагло ў вайне і прагнула шчасця ў мірным жыцці: «Вялікая сям’я» (1954, рэж. Х.Хейфіц), «Ляцяць жураўлі» (1957, рэж. М.Калатозаў), «Вышыня» (1957, рэж. А.Зархі), «Дом, у якім я жыву» (1957, рэж. Я.Сегель і Л.Куліджанаў), «Балада пра салдата» (рэж. Р.Чухрай), «Лёс чалавека» (паводле М.Шолахава, рэж. С.Бандарчук, абодва 1959), «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962, рэж. Куліджанаў), «Мне 20 год» (1965, рэж. М.Хуцыеў), «Каля возера» (1970), «Любіць чалавека» (1973), «Дочкі-маці» (1975, усе рэж. Герасімаў), «Беларускі вакзал» (1971, рэж. А.Смірноў), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, рэж. Бандарчук), «Падранкі» (1977, рэж. М.Губенка) і інш. Вайна як трагедыя чалавека, як маральная перасцярога наступным пакаленням асэнсавана ў фільмах «Узыходжанне» (1977, рэж. Л.Шапіцька) паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў», «Ідзі і глядзі» (1986, рэж. Э.Клімаў, сумесна з кінастудыяй «Беларусьфільм») паводле «Хатынскай аповесці» А.Адамовіча, у дакумент.-маст. эпапеі «Звычайны фашызм» (1966, рэж. М.Ром). Экранізаваліся літ. творы рус. і сусв. класікі: «Ідыёт» (1958), «Браты Карамазавы» (1969, абодва рэж. Пыр’еў), «Злачынства і пакаранне» (1970, рэж. Куліджанаў) паводле Дастаеўскага, «Дама з сабачкам» (1960, рэж. Хейфіц), «Дзядзька Ваня» (1971, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977, рэж. М.Міхалкоў) паводле Чэхава, «Вайна і мір» (1966—67, рэж.
Бандарчук), «Ганна Карэніна» (1968, рэж. Зархі) паводле Л.Талстога, «Дваранскае гняздо» (1969, рэж. Міхалкоў-Канчалоўскі) паводле І.Тургенева, «Ціхі Дон» (1957—58, рэж. Герасімаў) паводле Шолахава, «Бег» (1971, рэж. А.Алаў і У.Навумаў) паводле А.Булгакава, «Некалькі дзён з жыцця І.І.Абломава» (1980, рэж. Міхалкоў) паводле рамана І.Ганчарова «Абломаў», «Дон Кіхот» (1957) паводле М.Сервантэса, «Гамлет» (1964), «Кароль Лір» (1971, усе рэж. Козінцаў) паводле У.Шэкспіра і інш.Рас. песенную інтанацыю, мелодыку пакутлівай і ўзвышанай душы простага чалавека ў пошуках праўды і справядлівасці, панараму рус.нар. характараў выявіў В.Шукшын у фільмах «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Дзіўныя людзі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Каліна чырвоная» (1974). Вобразы незвычайных па волі і вытрымцы герояў ва ўмовах экстрэмальных сітуацый стварыў Г.Панфілаў («У агні броду няма», 1968; «Пачатак», 1970; «Васа» паводле п’есы М.Горкага «Васа Жалязнова», 1983). Атмасферу гіст. эпохі, у якой дзейнічаюць псіхалагічна неадназначныя героі стварылі А.Герман у фільмах «Праверка на дарогах» (1970), «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Мой сябра Іван Лапшын» (1984). Паглыблена псіхал. стыль К.Муратавай выявіўся ў фільмах «Кароткія сустрэчы» (1968) і «Доўгія провады» (1972). С.Салаўёў распрацоўваў паэтыку «маладзёжнага фільма» з новай кінамовай — калажам, асацыятыўнымі кінацытатамі з класікі: «Сто дзён пасля дзяцінства» (1976), «Мелодыі белай ночы» (1977), «Выратавальнік» (1980), «Наследніца па прамой» (1982), «Чужая Белая і Рабы», «Аса» (абодва 1986), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема кахання» (1989). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фільмы А.Таркоўскага, насычаныя вобразамі рус. і сусв. мастацтва, асацыяцыямі з біблейскімі і міфалагічнымі архетыпамі, героямі літ. класікі: «Іванава дзяцінства» (1962), «Андрэй Рублёў» (1971), «Салярыс» (1972, паводле С.Лема), «Люстэрка» (1975), «Сталкер» (1980), «Настальгія» (1983), «Ахвярапрынашэнне» (1986). В.Абдрашытаў стварыў жанр сучаснай кінааповесці, у якой спалучаны рэаліст. сюжэт з архетыпічным падтэкстам: «Паляванне на лісаў» (1980), «Спыніўся цягнік» (1982), «Парад планет» (1984), «Плюмбум, або Небяспечная гульня» (1986), «Слуга» (1989). Адметныя фільмы У.Матыля «Белае сонца пустыні» (1970), У.Мяньшова «Масква слязам не верыць» (1980), Р.Балаяна «Палёты ў сне і наяве» (1983), П.Тадароўскага «Любімая жанчына механіка Гаўрылава» (1982), «Ваенна-палявы раман» (1984), К.Шахназарава «Мы з джаза» (1983), «Зімовы вечар у Гаграх» (1985), «Кур’ер» (1987) і інш.
У жанры кінакамедыі плённа працавалі Л.Гайдай, Г.Данелія, Матыль, Э.Разанаў. Сярод акцёраў Ю.Багатыроў, А.Барысаў, А.Басілашвілі, А.Баталаў, М.Булгакава, Р.Быкаў, Г.Віцын, Н.Вярцінская, П.Глебаў, М.Глуэскі, М.Грыцэнкл, Н.Гундарава, Л.Гурчанка, Т.Дароніна, У.Дваржэцкі, А.Джыгарханян, Л.Дураў, Я.Еўсцігнееў, Г.Жжонаў, У.Заманскі, П.Кадачнікаў, А.Калягін, З.Кірыенка, Л.Кураўлёў, К.Лаўроў, К.Лучко, С.Любшын, Я.Лявонаў, Я.Маргуноў, Н.Мардзюкова, Я.Мацвееў, А.Меньшыкаў, А.Міронаў, В.Мяркур’еў, Ю.Нікулін, А.Папанаў, І.Пераверзеў, Р.Плят, Г.Польскіх, А.Пятрэнка, М.Рыбнікаў, І.Савіна, А.Саланіцын, В. і Ю.Саломіны, Я.Самойлаў, У.Санаеў, І.Смактуноўскі, Т.Сёміна, А.Табакоў, М.Ульянаў, Я.Урбанскі, Л.Федасеева-Шукшына, Л.Філатаў, А.Фрэйндліх, М.Церахава, В.Ціханаў, Л.Чурсіна, І.Чурыкава, С.Шакураў, А.Янкоўскі, М.Яроменка-малодшы, А.Яфрэмаў і інш.Вял. ўклад у развіццё рас. кіно зрабілі мультыплікатары Р.Качанаў, В.Кацёначкін, В.Курчэўскі, Ю.Нарштэйн, А.Пятроў, М.Серабракоў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі, кінааператары М.Ашуркоў, Б.Волчак, А.Галаўня, А.Забалоцкі, Л.Касматаў, П.Лебешаў, А.Лявіцкі, У.Манахаў, А.Масквін, Г.Рэрберг; С.Урусеўскі, Э.Цісэ, В.Юсаў; кінадраматургі Я.Габрыловіч, Н.Зархі, А.Каплер, Ю.Клепікаў, А.Міндадзе, В.Мярэжка, Г.Шпалікаў, В.Чарных, В.Яжоў; мастакі М.Багданаў, М.Гаўхман-Свердлаў, Л.Кусакова, Г.Мяснікоў, М.Серабракоў, У.Ягораў, Я.Яней; кампазітары Э.Арцем’еў, М.Багаслоўскі, Г.Гладкоў, Б.Грабеншчыкоў, С.Губайдуліна, У.Дашкевіч, І.Дунаеўскі, М.Дунаеўскі, Дз.Кабалеўскі, С.Пракоф’еў, А.Пятроў, А.Рыбнікаў, М.Тарывердыеў, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў, Дз.Шастаковіч, І.Шварц, А.Шнітке, А.Эшпай і інш. У 1990-я г. адбылося скарачэнне кінавытворчасці і пракату рас. фільмаў, здымаліся тэле- і відэафільмы. У кінавытворчасці пераважала стратэгія эканам. выжывання, пашырыўся выпуск фільмаў для масавай аўдыторыі: баевікі, трылеры, забаўляльныя камедыі, тэлесерыялы на ўзор «мыльных опер» і інш. З мэтай адраджэння рас. кіно прыняты «Закон аб дзярж. падтрымцы кінематографа Расіі» (1996), указы прэзідэнта Расіі «Аб акцыяніраванні кінастудый» і «Аб акцыяніраванні кінапракату» (абодва 2001).
Сярод адметных фільмаў 1990-х г.: «Урга», «Стомленыя сонцам», «Сібірскі цырульнік» Міхалкова, «Малох», «Цялец» А.Сакурава, «Сады Скарпіёна», «Цёмная ноч» А.Кавалава, «Раманавы — венцаносная сям’я» Панфілава, «Паненка-сялянка» А.Сахарава, «Каўказскі палоннік» С.Бадрова, «Час танцора» Абдрашытава, «Анкор, яшчэ анкор» Тадароўскага, «Дзённік яго жонкі» А.Учыцеля. Вядучыя кінастудыі: «Ленфільм» (з 1917, сучасная назва з 1934) у Пецярбургу, «Масфільм», Цэнтр. студыя дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага (абедзве з 1924), Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў (з 1927), «Цэнтранавукфільм» (з 1933), «Саюзмультфільм» (з 1936) у Маскве, Свярдлоўская кінастудыя (з 1943) у Екацярынбургу і інш. Кадры кінематаграфістаў рыхтуюць Усерас.дзярж.ін-т кінематаграфіі, Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў (з 1964). Навук. дзейнасць па праблемах кінематографа вядуць НДІ кінамастацтва, Ін-т мастацтвазнаўства, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследавання кінакультуры (на базе кінамузея), Усерас.дзярж.ін-т кінематаграфіі, Дзяржфільмфонд Рас. Федэрацыі, Ін-т гісторыі мастацтваў у С.-Пецярбургу і інш. Праводзяцца Маскоўскі міжнар. кінафестываль, Міжнар. кінафорум. слав. і правасл. народаў «Залаты віцязь», фестываль архіўнага кіно «Белыя слупы», кінафестываль «Ніка» ў Маскве, Міжнар. кінафестываль рас. (з 2001 — еўрап.) кіно «Кінатаўр» у Сочы, Рас. адкрыты кінафестываль краін СНД і Балтыі «Кінашок», кінафестываль дакумент. і кароткаметражных фільмаў у С.-Пецярбургу і інш. У 1991 створаны Саюз кінематаграфістаў Р.
Беларусы ў Расіі. Перасяленні з бел. зямель на Пн і ПнУ Русі прасочваюцца з сярэдніх вякоў. Ранняй міграцыі спрыялі дынастычныя шлюбы, у т. л. сына Юрыя Далгарукага Усевалада з дачкой віцебскага кн. Усяслава ў 1176, князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1238. У Неўскай бітве 1240 вызначыўся Якаў Палачанін. Жыхары бел. зямель ВКЛ перасяляліся ў рус. гарады і княствы па паліт., эканам., рэліг. і інш. прычынах. Найчасцей сюды выязджалі пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў ВКЛ прадстаўнікі пануючага саслоўя (часам са сваімі войскамі і сялянамі), а таксама тыя, хто пацярпеў паражэнне ў дынастычнай барацьбе за ўладу. У 1265 у Пскоў уцёк удзельнік змовы супраць Міндоўгакн.Даўмонт. Князь Нарымонт у 1333 атрымаў «у кармленне» гарады Ладагу, Арэшак, Карэлу. Князі-браты Андрэй Альгердавіч і Дзмітрый Альгердавіч удзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. Пад кіраўніцтвам мсціслаўскага кн. Сямёна Лугвена (у 1389—1407 намеснік у Ноўгарадзе) у 1392 разбіты швед. войскі на Няве. У Маскоўскае вял. княства ў 1408 перасяліўся северскі кн.Свідрыгайла, У 14—15 ст. дынастычныя шлюбы ўплывалі на прамаскоўскую паліт. арыентацыю часткі правасл. знаці ВКЛ. Пашырэнню міграцыі на У спрыяла атрыманае паводле прывілея 1447 права князёў, рыцараў, шляхты і баяр пакідаць ВКЛ. Права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу (акрамя «непрыяцельскіх краін») прадугледжвалі Статуты ВКЛ 1566 і 1588. Маск. дзяржава, якая з канца 15 ст. пачала змаганне за «яднанне» пад сваёй уладай усх.-слав. зямель, заахвочвала сепаратысцкія памкненні правасл. знаці ВКЛ. У 1480—90-я г. пераходы правасл. феадалаў на бок Масквы пачасціліся Пасля выкрыцця ў 1481 змовы супраць Казіміра IV, на чале якой стаялі слуцкі кн. Міхал Алелькавіч (гл.Алелькавічы), Ф.Бельскі (гл.Бельскія) і адзін з князёў Гальшанскіх, змоўшчыкі перасяліліся ў Маск. дзяржаву (Адоеўскія, Навасельскія і інш.). З канца 15 ст. перамяшчэнні на У, найчасцей прымусовыя, выклікаліся пераходам ад памежных канфліктаў да адкрытай барацьбы за сферу ўплыву паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ (войны 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37). У час першай з гэтых войнаў з памежных раёнаў ВКЛ перайшлі «на службу» ў Маскву князі С.Варатынскі, М.Мязецкі, А. і В.Бялеўскія, А.Вяземскі (гл.Вяземскія) са сваімі ўдзеламі. Паводле мірнага дагавора 1494 ВКЛ страціла Вяземскае княства і землі ў бас. Верхняй Акі. Пераходы памежных князёў разам з «дварамі», баярамі, слугамі пад уладу Масквы справакавалі ваен. канфлікт 1500—03, калі на службу да Івана III перабеглі князі С.Бельскі, В.Шамяціч, С. і І.Мажайскія і інш. вярхоўскія і чарнігава-северскія князі; да Маск. дзяржавы адышлі 29 гарадоў і 70 валасцей, у т. л. Бранск, Чарнігаў, Гомель.
Пасля паражэння Глінскіх мяцяжу 1508 у Маскву выехалі князі Міхаіл, Іван і Васіль Глінскія і іх блізкія паплечнікі. Многія са збеглай знаці ВКЛ набылі ў Маскоўскім вял. княстве значны ўплыў, былі ў блізкім сваяцтве з велікакняжацкімі, а потым і царскімі родамі (Галіцыны, Патрыкеевічы, Бельскія, Глінскія і інш.). А.Глінская была жонкай Васіля III, а пасля яго смерці — рэгентам пры сваім малалетнім сыне вял.кн. Іване IV. Сын В.Глінскага Юрый быў адным з ініцыятараў абвяшчэння Івана IV першым рас. царом. Акрамя правасл. знаці з ВКЛ на У уцякалі сяляне і гараджане, выводзіліся захопленыя ў час ваен. дзеянняў палонныя, многія з якіх потым удзельнічалі ў заваяванні і асваенні новадалучаных рас. зямель. Так, у паходзе Ермака ў Сібір (1582) удзельнічалі каля 300 выхадцаў з ВКЛ. Сярод першых пасяленцаў Цюмені, Табольска, Тары ў канцы 16 ст. было нямала жыхароў з бел. зямель ВКЛ. Праз выхадцаў з Беларусі ў Р. пашыраліся здабыткі еўрап. асветы і культуры. Бел. шляхціц І.Перасветаў, які з 1539 жыў у Маскве, быў адным з ідэйных натхняльнікаў рэформ Івана IV. Далучэнню Маскоўскай дзяржавы да друкавання кніг спрыялі І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец: на прывезеным з ВКЛ друкарскім абсталяванні яны выпусцілі першыя дакладна датаваныя рус. кнігі «Апостал» (1564) і два выданні «Часоўніка», па якіх навучалі пісьменнасці. Значны рост бел. перасяленцаў у Р. ў 16—17 ст. быў выкліканы ўзмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. уціскам бел. насельніцтва ў Рэчы Паспалітай. Маск. дзяржава заахвочвала іміграцыю беларусаў для асваення новых заваяваных на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым (многім прыгонным і волю), прымала іх на службу (як і палонных, што прысягнулі на вернасць), аказвала і пэўную матэрыяльную падтрымку. З улікам значнай колькасці перасяленцаў царк. сабор 1620 прыняў спец. пастанову аб перахрышчванні беларусаў, «вяртанні іх ва ўлонне сапр. веры». Шляхта, рамеснікі, гандляры, сяляне масава выводзіліся з бел. зямель у глыбінныя раёны Р. ў ходзе яе войнаў з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67. Так, летам 1633 у Томску з’явілася вял. група «літоўскіх людзей», у т. л. выхадцаў з Мсціслаўскага, Крычаўскага, Аршанскага, Магілёўскага і інш. паветаў. У час вайны 1654—67 жыхары бел. зямель прымусова перасяляліся пад Маскву, а найбольш — у Паволжа, Урал і Сібір. Баярын М Чаркаскі з Арзамаскага пав. ў 1670-я г. меў больш за 800 сялян з Беларусі. У Р. з’явіліся і асобныя бел. паселішчы. Паводле царскага ўказа 1672 у Маскве з беларусаў засн. Мяшчанская (Новамяшчанская) слабада, якая падпарадкоўвалася Пасольскаму прыказу. Па звестках гісторыка Р.Лешчанкі, у 1670-я г. ўтварыліся бел. слабоды ў Верхатур’і. У 18 ст. ў Сібіры працягвалася фарміраванне воінскіх падраздзяленняў з беларусаў-ваеннапалонных. Выхадцы з ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. заснавалі каля 20 вёсак з 200 вядомых тады ў Томскім пав. Прыкметная прысутнасць бел. насельніцтва ў Р. абумовіла яго значны ўплыў на развіццё некат. галін яе матэрыяльнай і духоўнай культуры. Перасяленцы садзейнічалі с.-г. асваенню Паволжа і Сібіры, а «службовая літва» — замацаванню Р. на новазаваяваных землях.
Некат. перасяленцы займалі высокія дзярж. пасады, сталі военачальнікамі, заснавальнікамі купецкіх родаў. Нац.-рэліг. ўціск (наступ каталіцызму) абумовіў арыентацыю на Маскву ў 1-й пал. 17 ст. вядомых бел. пісьменнікаў, адукаваных правасл. святароў, манахаў-кніжнікаў. Значна паўплывалі на развіццё рус. культуры, асветніцтва, друкавання кніг Сімяон Полацкі, паэты А.Белабоцкі і Ф.Газвінскі, вучоны і літаратар Е.Славінецкі, Куцеінская літ. школа на чале з ігуменам І.Труцэвічам. Клопатамі Сімяона Полацкага ў Маскве створаны свецкая Верхняя друкарня, прыватны кнігазбор і Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Важным асяродкам асветы стала вывезеная восенню 1654 паводле загаду патрыярха Нікана ў Іверскі манастыр (пад Ноўгарадам) Куцеінская друкарня (разам з майстрамі і мноствам кніг). Ураджэнец Мсціслаўшчыны Х.Капіевіч (Капіеўскі) выдаў новым рус. алфавітам у Амстэрдаме, Гданьску і Маскве каля 20 кніг (слоўнікі, падручнікі па граматыцы, арыфметыцы, астраноміі, навігацыі). Выхадцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод землепраходцаў, пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Р Каменскі, І.Казырэўскі, Л.Сяніцкі, І.Яўрэінаў і інш.). Калектыў першага ў Р. прыдворнага т-ра (1672—76) амаль цалкам складаўся з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 17 ст. ў Р. плённа працавалі многія бел.муз. дзеячы (А.Беражанскі, І.Дзякоўскі, І.Календа, І.Канюхоўскі, Д.Рагачэўскі, З.Гламазінскі). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш.бел. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля Маскоўскага, палац у Каломенскім, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр. Бел. майстры прыносілі ў Р. новыя рамёствы, адметныя стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве (гл.Беларуская рэзь), вытв-сць паліхромнай паліванай керамікі. Сучасныя даследчыкі лічаць Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага пачынальнікамі асветніцтва на рус. і ўсх.-слав. землях і што Р. праз творы Сімяона Полацкага, В.Пазнанскага, С.Палубеса, В.Кораня пераймала маст. прынцыпы барока. Пасля далучэння ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. зямель да Р. сюды высылаліся ўдзельнікі тайных т-ваў «заранаў», філаматаў, філарэтаў і паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. З адменай прыгоннага права сял. міграцыя (адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход) набыла сталы, а на мяжы 19—20 ст. і масавы характар. Гэтаму спрыяла развіццё чыг. сеткі, у т. л. адкрыццё ў канцы 19 ст. Транссіб. магістралі. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі 5 бел. губерняў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) жыло 540 тыс. іх ураджэнцаў. Перасяленне беларусаў, якія афіцыйна лічыліся адгалінаваннем рус. этнасу, заахвочвалася рас. ўладамі і было выклікана расслаеннем і абеззямельваннем сялянства, адсутнасцю развітой прам-сці, здольнай паглынуць лішак рабочай сілы. У 1861—1913 каля 1,5 млн.чал. з бел. губерняў з-за цяжкага эканам. становішча выехала пераважна ў еўрап. частку Р., Сібір, на Д. Усход, пры гэтым у 1895—1900 14% іх вярнуліся на радзіму. Незавершанасць працэсу станаўлення бел. нацыі вяла да паскоранай асіміляцыі бел. мігрантаў. Але наяўнасць сярод перасяленцаў бел. інтэлігенцыі (яе прыток павялічыўся з канца 19 ст.) абумовіла з’яўленне на тэр. Р. нацыянальна арганізаванага культ. і паліт. жыцця беларусаў. Адным з яго важных цэнтраў стаў Пецярбург.
У 1840-я г. тут узнік бел.літ.-грамадскі рух (бел.-польскі грамадскі гурток Р.Падбярэскага — Я.Баршчэўскага), а пазней створаны і першыя нац. арг-цыі: асветная «Крывіцкі вязок» (1868) і палітычная «Гоман» (1884). Апошняя належала да бел. фракцыі партыі «Народная воля», адным з заснавальнікаў якой быў І.Грынявіцкі. Значную ролю ў рас.рэв.-дэмакр. руху адыгралі беларусы М.Судзілоўскі, Р.Ісаеў, С.Кавалік. Сацыяліст. ідэі прапагандаваў нелегальны Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай (1889—93; А.Гурыновіч і інш.). Некат. з беларусаў, высланых у розныя мясціны Р., даследавалі прыроду, побыт, традыцыі, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу (І.Чэрскі, Б.Дыбоўскі, В.Кавалеўскі, Э.Пякарскі, А.Чаканоўскі, А.Янушкевіч, М.Віткоўскі, Э.Гадлеўскі). Значна паўплывалі на развіццё рас. навукі і культуры фізікі І.Яркоўскі, З.Урублеўскі, А.Садоўскі, хімік Э.Урублеўскі, географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі М.Пржавальскі (Перавальскі), праф. С.Кутарга, рэктар Казанскага ун-та астраном Дз.Дубяга, дыпламат, даследчык Японіі і Кітая І.Гашкевіч, кампазітар В.Казлоўскі, спявачка і муз. педагог Г.Жарабцова-Андрэева, літ. крытык С.Дудышкін і інш. У 1800 артысты балета Шклоўскага т-ра Зорыча пераведзены ў балетную трупу Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, а аркестр — у Маскву. У Маскве і Пецярбургу працяглы час жылі і працавалі мастакі І.Аляшкевіч, С.Заранка, К.Хруцкі, а В.Бялыніцкі-Біруля і С.Жукоўскі былі членамі Т-ва перасоўных выставак. Масавая прац. міграцыя з Беларусі, найвыш. ўздым якой прыпаў на перыяд пасля рэвалюцыі 1905—07, павялічыла бел. дыяспару ў Р. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі накіраваліся больш за 700 тыс.чал. (пераважна сяляне). У ходзе абвешчанай з 1906 сталыпінскай аграрнай рэформы, якая суправаджалася дзярж. падтрымкай для каланізацыі Сібіры і ўскраін Рас. імперыі «рус. элементам» (да яго адносілі і правасл. беларусаў), у 1907—14 з Беларусі сюды перасялілася 335,4 тыс.чал. (але 36,5 тыс.чал. вярнуліся з-за цяжкіх умоў жыцця на новых месцах, гл.Перасяленства). Упач. 20 ст. цэнтрам бел.нац. грамадска-культ. жыцця ў Р. заставаўся Пецярбург, дзе ў 1902—04 дзейнічаў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Пасля адмены ў 1905 забароны друкаваць па-беларуску тут працавалі першае легальнае бел.выд-ва«Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14). У Пецярбургу пэўны час жылі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Гурло, Б.Тарашкевіч, Цётка (А.Пашкевіч); пецярбургскімі бел. арг-цыямі кіраваў Б.Эпімах-Шыпіла. У 1911 тут выступіла з канцэртам трупа І.Буйніцкага, 9.2.1913 пастаўлена п’еса Купалы «Паўлінка», праходзілі бел.літ. вечарынкі. Бел. інтэлектуальнае асяроддзе існавала ў Ніжнім Ноўгарадзе (з 1896) і Яраслаўлі (з 1908) вакол этнографа А.Я.Багдановіча і яго сына паэта М.Багдановіча. У 1915—16 у гар.нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве вучыўся Купала. 1-я сусв. вайна выклікала значны прыток бел. насельніцтва (бежанцы і прымусова эвакуіраваныя) у цэнтр. і ўсх. губерні Р. (з 1915). Паводле афіц. звестак, у маі 1918 у рэгіёнах Р. было амаль 2,3 млн. бежанцаў з Беларусі (найб. у Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губ., Петраградзе і Маскве). У іх падтрымку дзейнічалі Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18), Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле (1918—20), культ.-асв. арг-цыі «Беларуская хатка» ў Арле (1917—18), Бел.нац. гурток у Багародзіцку (1917—18), Арэнбургскі гурток беларусаў (1918) і інш. Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паліт. і культ.-асв. працу сярод беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў і інш. праводзілі Беларуская народная грамада, Беларуская сацыялістычная грамада, праэсэраўскі Беларускі абласны камітэт пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў у Петраградзе (старшыня Я.Канчар), секцыя беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. Прыхільнікі стварэння бел. дзяржаўнасці на сав. аснове (А.Чарвякоў, А.Усціловіч, З.Жылуновіч, У.Фальскі, Я.Дыла, Дз.Чарнушэвіч, Ф.Шантыр і інш.) гуртаваліся вакол Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускага нацыянальнага камісарыята (выдаваў газ.«Дзянніца»), беларускіх секцый РКП(б), садзейнічалі абвяшчэнню БССР.
У 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. Дзейнічалі Беларускі народны універсітэт (1918), Беларуская чыгуначная грамада (1918), Беларускае навукова-культурнае таварыства. (1918—19; усе ў Маскве), Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1918—20) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства (1918) у Петраградзе, Беларуская вучнёўская грамада (1918) і гурток бел.сацыяліст. моладзі (1918) у Калузе, клубы «Беларуская хатка» ў Петраградзе (1918—19) і «Беларус» у Маскве (1919). У студз. 1919 паводле рашэння ЦК РКП(б) усх.бел. землі далучаны да РСФСР (Віцебская, Магілёўская, Смаленская губ.). Беларусы рассяляліся ў РСФСР у выніку планавых набораў рабочай сілы ў аддаленыя паўн. раёны, на новабудоўлі Урала і Сібіры. У 1924 улады СССР вярнулі БССР 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у 1926 — Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Паводле перапісу 1926 у Сібіры і на Д. Усходзе налічвалася 320 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Заходняй (з 1937 Смаленскай) вобл. жыло 83 тыс., у Ленінградскай вобл. — 55 тыс., у Маскве і Маскоўскай вобл. — 42 тыс. беларусаў. У 1926—39 з БССР (каля 5 млн. жыхароў) выехалі, у т. л. прымусова, 617 тыс.чал. (у асн. сельскія жыхары), пераважна ў Р. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сюды высланы многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, абвінавачаныя ў «нацыянал-дэмакратызме». Масавыя дэпартацыі з Беларусі ў Р. ажыццяўляліся ў ходзе суцэльнай калектывізацыі, паліт. рэпрэсій 1930-х г. (гл.Дэпартацыя). У 1920-я г. ў сувязі з палітыкай беларусізацыі дзейнічалі Беларускае цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, бел. секцыі пры Віцебскім (1921—24), Смаленскім (1922—23, 1925—27) і Гомельскім (1921 — пач. 1927) губернскіх аддзелах нар. асветы (гл. пра кожную адпаведны арт.), дзесяткі бел. школ, клубаў, хат-чытальняў на Смаленшчыне (тут беларусізацыя школ 1-й ступені дасягала 36%), у Зах. Сібіры, на Д. Усходзе, а з 1930 — Руднянскі бел.пед. тэхнікум і бел. рабфак у Смаленску. Існавалі Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве, смаленскае і гомельскае бел. зямляцтвы, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі ў Маскве, бел. асацыяцыі ў Ленінградзе, Смаленску, Горы-Горках. У 1921—26 у Маскве знаходзілася Беларуская драматычная студыя. 250 бел.нар. песень апрацавала Беларуская песенная камісія пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. У 1920-я г. пры фін. і матэрыяльнай падтрымцы ўлад існавалі Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва ў Маскве, бел. зямляцтвы ў Варонежы, Волагдзе, Казані, Ленінградзе, Растове-на-Доне, Саратаве, Томску, якія стваралі бел. б-кі, гурткі бел. мовы і гісторыі. У 1924—30 у Маскве дзейнічала Т-вапаліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі (аддзяленні ў Смаленску і Уладзіміры). Але бел. пралетарскі зямляцкі рух паступова страчваў нац. аснову, моцна ідэалагізаваўся. Пасля змены паліт. курсу ў СССР на мяжы 1920—30-х г. нац.-культ. аўтаномія беларусаў і іх арг-цыі ў Р. ліквідаваны, апошнімі — Беларускі клуб у Маскве (1936) і Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1937).
У Вял.Айч. вайну з Беларусі ва ўсх. тылавыя раёны СССР эвакуіравана больш за 1,5 млн.чал., больш за 120 буйных прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, навукі і культуры, вядучых творчых калектываў. Эвакуіраваныя жыхары працавалі ў прам-сці, на чыгунцы, у сельскай гаспадарцы, навук. установах РСФСР. У 1943 пад Масквой аднавіў дзейнасць Бел.дзярж.ун-т, у Яраслаўлі — Мінскі мед.ін-т. Пасля вайны шмат эвакуіраваных засталося на Урале, у Паволжы, Сібіры і інш.рас. рэгіёнах. У 1946—63 у Р. асела большасць з 530 тыс.чал., што выехалі з Беларусі праз сістэму аргнабораў. Так, у Карэліі яны склалі 11% усяго і 15% сельскага насельніцтва (1959). У аддаленыя раёны Р. былі дэпартаваны б. ваеннапалонныя, вайскоўцы польскай арміі Андэрса, вывезеныя на прымусовую працу ў Германію (остарбайтэры), заможныя сяляне з зах. абласцей БССР і інш. З 1959 да 1989 колькасць беларусаў у РСФСР павялічылася, у т. л. за кошт вярбоўкі на новабудоўлі, планавага размеркавання выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў, з 844 тыс. да 1206 тыс.чал. (з 0,7 да 0,8% усіх жыхароў Р.). Каля 80% іх жыло ў гарадах. Да канца 1980-х г.найб. кампактна і масава беларусы жылі ў Маскве і Маскоўскай вобл. (каля 130 тыс.), Ленінградзе і Ленінградскай вобл. (больш за 127 тыс.), Калінінградскай і Іркуцкай абл. (у кожнай каля 74 тыс.чал.), Карэліі (55,5 тыс.), Цюменскай вобл. (49 тыс.), Краснадарскім (37 тыс.) і Краснаярскім (каля 34 тыс.чал.) краях. Нямала ўраджэнцаў Беларусі і іх нашчадкаў займалі ў РСФСР значныя дзярж. пасады, сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў, грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі (напр., дыпламат А.Грамыка, даследчык Арктыкі акад. О.Шміт, заснавальнік геліябіялогіі А.Чыжэўскі, гісторык М.Улашчык, псіхолаг Л.Выгоцкі, матэматык І.Брайцаў, адзін з заснавальнікаў кібернетыкі А.Маліноўскі, авіяканструктар П.Сухі). Ігнараванне нац.-культ. патрэб уладамі і значная асіміляцыя абумовілі тое, што, паводле перапісу 1989, бел. мову лічылі роднай толькі 28—37% беларусаў Р. Ва ўмовах палітыкі перабудовы ўзніклі суполка студэнцкай моладзі «Пагоня» (1987) і Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (1988) у Маскве, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу (1989). На час распаду СССР (1991) у Р. было 1155 тыс. беларусаў. У 1992—99 на Беларусь вярнуліся 113,4 тыс.рас. беларусаў — 49% ад агульнай колькасці тых, хто прыехаў з гэтай дзяржавы. Цяпер у Р. склалася найбольшая бел. дыяспара ў свеце, якая ў апошнія гады папоўнілася (пераважна па эканам. прычынах) вучонымі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, спартсменамі, прадпрымальнікамі, часовымі прац. мігрантамі. Працаўладкаванню беларусаў у Р. садзейнічаюць бел.-рас. пагадненне 1993 аб прац. дзейнасці і сац. абароне грамадзян на тэр. абедзвюх дзяржаў, адмена ў 1996 Федэральнай міграцыйнай службай Р. дазвольнага прынцыпу працаўладкавання грамадзян Беларусі на тэр.Рас. Федэрацыі (уведзены рэгістрацыйны парадак). Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, працэсы нац. адраджэння пач. 1990-х г. актывізавалі нац.культ.-асв. дзейнасць рас. беларусаў. Захаванню і папулярызацыі традыцый, мовы, гісторыі, культуры бел. этнасу спрыяюць суполкі беларусаў у Маскве, С.-Пецярбургу (гл. раздзелы пра беларусаў у арт.Масква і Санкт-Пецярбург), Петразаводску, Саснагорску, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску (гл. раздзел пра беларусаў у арт.Новасібірская вобласць), Цюмені, Арэнбургу, Омску, Краснаярску, Іркуцку (гл.Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д.Чэрскага), Цверы, Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Петрапаўлаўску-Камчацкім.
У 1991 сябры маскоўскага Т-вабел. культуры заснавалі уніяцкую і каталіцкую суполкі. Беларусы-вернікі С.-Пецярбурга арганізавалі правасл. абшчыну (дзейнічала да 1998). Працуе бел. суполка мастакоў у С.-Пецярбургу (І.Чарнякевіч, В.Сівуха, Ю.Казак, М.Ткачэнка). Бел. культуры належыць творчая спадчына літаратара І.Ласкова (Якуцк), пісьменнікаў А.Кірвеля, А.Кавалюк, І.Сібілы (С.-Пецярбург), драматурга М.Каляды (Екацярынбург). Развіццю беларусістыкі ў Р. спрыяюць публікацыі А.Каўкі, Я.Шыраева, Л.Шчавінскай (Масква), В.Грыцкевіча, І.Маціеўскага, М.Нікалаева (С.-Пецярбург), А.Катлярчука (Бранск), М.Ількевіча (Смаленск). У рас.навук. цэнтрах праявілі сябе вучоныя-беларусы і выхадцы з Беларусі: хімік В.Капцюг, геолаг А.Трафімук, касманаўты П.Клімук і У.Кавалёнак, фізікі Ж.Алфёраў (Нобелеўская прэмія па фізіцы 2000), Б.Галёркін, В.Гальданскі, Я.Зяльдовіч, У.Міткевіч, Ф.Шапіра. У развіцці сучаснай бел. супольнасці ў Р. выявіліся 2 процілеглыя тэндэнцыі — абуджэнне да нац. жыцця, самаўсведамлення рас. беларусаў і іх паскораная асіміляцыя ва ўмовах існавання Саюза Беларусі і Р. Сведчанне гэтага — адсутнасць бел. школ, нац. друку (выдаюцца толькі бюлетэні «Шляхам Скарыны» ў Маскве і «Маланка» ў Іркуцку), амаль поўная асіміляцыя беларусаў на бел.-рас. памежжы. Пры гэтым ёсць 2 каардынацыйныя цэнтры: Міжрэгіянальнае аб’яднанне беларусаў Р. (з сак. 1999) і Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Р.» (з крас. 1999). Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці змяніліся адносіны яе ўлад да бел. дыяспары, у т. л. ў Р. У адпаведнасці з дзярж. праграмай «Беларусы ў свеце» аказваецца падтрымка рас. беларусам. Прадстаўнікі бел. суполак Р. былі ўдзельнікамі Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першага (ліп. 1993), Другога (ліп. 1997), Трэцяга (ліп. 2001) з’ездаў беларусаў свету. Бел.-рас. дагавор 1995 прадугледжвае магчымасць свабоднага выяўлення, захавання і развіцця для суайчыннікаў этн., культ., моўнай, рэліг. самабытнасці. У студз. 1999 Беларусь ратыфікавала дагавор з Р. аб роўных правах грамадзян. 1.3.1999 падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзярж. к-там па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і Мін-вам нац. палітыкі Рас. Федэрацыі. Кіраўнікі Беларусі, урадавыя дэлегацыі пры наведванні Р. сустракаюцца з землякамі.
Літ.:
Соловьев С.М. История России с древнейших времен // Соч.М., 1988—92. Кн. 1—15;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 1—12. М., 1989—93;
Ключевский В.О. Русская история: Полный курс лекций. Кн. 1—3. М., 1993;
История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России IX — начала XX в. М., 1991;
Отечественная история: Энцикл.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1994—2000;
у т. л.: Таймырская (Даўгана-Ненецкая аўтаномная акруга)
862,1
44
Дудзінка
Эвенкійская аўтаномная акруга
767,6
19
Тура
Курганская вобл.
71,0
1096
Курган
Курская вобл.
29,8
1311
Курск
Ліпецкая вобл.
24,1
1240
Ліпецк
Магаданская вобл.
461,4
239
Магадан
Мардовія (Рэспубліка Мардовія)
26,2
929
Саранск
Марый Эл (Рэспубліка Марый Эл)
23,2
759
Йашкар-Ала
г. Масква
47,0
8537
Масква
Маскоўская вобл.
6464
Мурманская вобл.
144,9
1001
Мурманск
Наўгародская вобл.
55,3
727
Вялікі Ноўгарад
Ніжагародская вобл.
76,9
3663
Ніжні Ноўгарад
Новасібірская вобл.
178,2
2740
Новасібірск
Омская вобл.
139,7
2164
Омск
Паўночная Асеція—Аланія (Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія)
8,0
670
Уладзікаўказ
Пензенская вобл.
43,2
1530
Пенза
Пермская вобл.
160,6
2956
Перм
у т. л.: Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга
32,9
150
Кудымкар
Прыморскі край
165,9
2173
Уладзівасток
Пскоўская вобл.
55,3
801
Пскоў
Разанская вобл.
39,9
1286
Разань
Растоўская вобл.
100,8
4341
Растоў-на-Доне
Самарская вобл.
53,6
3295
Самара
г. Санкт-Пецярбург
85,9
4694
Санкт-Пецярбург
Ленінградская вобл.
1666
Саратаўская вобл.
100,2
2709
Саратаў
Саха (Якуція) [Рэспубліка Саха (Якуція)]
3103,2
989
Якуцк
Сахалінская вобл.
87,1
599
Южна-Сахалінск
Свярдлоўская вобл.
194,8
4603
Екацярынбург
Смаленская вобл.
49,8
1128
Смаленск
Стаўрапольскі край
66,5
2660
Стаўрапаль
Тамбоўская вобл.
34,3
1270
Тамбоў
Татарстан (Рэспубліка Татарстан)
68,0
3783
Казань
Томская вобл.
316,9
1068
Томск
Тульская вобл.
25,7
1740
Тула
Тыва (Рэспубліка Тыва)
170,5
311
Кызыл
Удмурція (Удмурцкая Рэспубліка)
42,1
1629
Іжэўск
Уладзімірская вобл.
29,0
1604
Уладзімір
Ульянаўская вобл.
37,3
1463
Ульянаўск
Хабараўскі край
788,6
1506
Хабараўск
Хакасія (Рэспубліка Хакасія)
61,9
580
Абакан
Цвярская вобл.
84,1
1595
Цвер
Цюменская вобл.
1435,2
3237
Цюмень
у т. л.: Ханты-Мансійская аўтаномная акруга
523,1
1382
Ханты-Мансійск
Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга
750,3
504
Салехард
Чувашыя (Чувашская Рэспубліка)
18,3
1359
Чэбаксары
Чукоцкая аўтаномная акруга
737,7
79
Анадыр
Чыцінская вобл.
431,5
1256
Чыта
у т. л.: Агінская Бурацкая аўтаномная акруга
19,0
79
Агінскае
Чэлябінская вобл.
87,9
3667
Чэлябінск
Чэчня (Чэчэнская Рэспубліка)
15,7
768
Грозны
Яраслаўская вобл.
36,4
1412
Яраслаўль
Яўрэйская аўтаномная вобл.
36,0
197
Бірабіджан
Герб і сцяг Расіі.Да арт.Расія. У зоне тундры.Да арт.Расія. Газаперапрацоўчы завод у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.Да арт.Расія. Краявід на Паўднёвым Урале.Да арт.Расія. Рака Сораць у Пскоўскай вобласці.Да арт.Расія. Возера Байкал. Бухта Пясчаная.Да арт.Расія. Абагачальная фабрыка Лебядзінскага горна-абагачальнага камбіната ў Белгародскай вобласці.Да арт.Расія. Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. Каля 1197.Да арт.Расія. Валагодскі крэмль. Сафійскі сабор. 1568—70.Да арт.Расія. Пераслаўль-Залескі. Від часткі горада.Да арт.Расія. Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве. 1960—67.Да арт.Расія. Расійскі культурны цэнтр на Краснахолмскай Стрэлцы. Арх. Ю.Гнядоўскі, В.Красільнікаў, Дз.Салопаў, М.Гаўрылава, С.Гнядоўскі. 1995.Да арт.Расія. Будынак банка ў Ніжнім Ноўгарадзе. Арх. Е.Пестаў, А.Харытонаў, І.Гольцаў, С.Палеў. 1993—95.Да арт.Расія. Абраз Маці Божай Уладзімірскай. 1-я пал. 12 ст.Да арт.Расія. І.Аргуноў. Партрэт невядомай сялянкі ў рускім касцюме. 1784.Да арт.Расія. В.Пяроў. Праводзіны нябожчыка. 1865.Да арт.Расія. І.Крамской. Невядомая. 1883.Да арт.Расія. І.Левітан. Асенні дзень. Сакольнікі. 1879.Да арт.Расія. І.Рэпін. Іван Грозны і сын яго Іван 16 лістапада 1581 года. 1885.Да арт.Расія. В.Барысаў-Мусатаў. Ізумрудныя каралі. 1903—04.Да арт.Расія. В.Кандзінскі. З чорнай дугой. 1912.Да арт.Расія. В.Сяроў. Партрэт актрысы М.Ярмолавай. 1905.Да арт.Расія. А.Дайнека. Дзяўчынка каля акна. 1931.Да арт.Расія. Я.Вучэціч. Партрэт І.Д.Чарняхоўскага. 1945.Да арт.Расія. А.Мыльнікаў. Нацюрморт. Кветкі ў сіняй вазе. 1986.Да арт.Расія. Э.Неізвесны. Жаночы торс. 1963.Да арт.Расія. А.Полагава. Белыя аблокі бясконцыя і вечныя. 1997—98.Да арт.Расія. І.Глазуноў. Беражы Бог Расію. 1999.Да арт.Расія. М.Шамякін. Фантанка. 1960.Да арт.Расія. А.Шылаў. Лётчык-касманаўт СССР П.І.Клімук. 1976.Да арт.Расія. А.Лягін, С.Малькоў. Вестка. 1996.Да арт.Расія. Вялікая зала Маскоўскай кансерваторыі.Да арт.Расія. Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі. Вялікі тэатр Расіі.Да арт.Расія. Сцэна з балета «Спартак» А.Хачатурана. Вялікі тэатр Расіі.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля А.К.Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч». У ролі цара Фёдара І.Масквін, Ірыны — В.Кніпер. Маскоўскі маст.тэатр. 1898.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.Шэкспіра. Маскоўскі. тэатр імя У.Маякоўскага. 1955.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля «Тры сястры» А.Чэхава. Маскоўскі Маст.акад.тэатр. 1980-я г.Да арт.Расія. Кадр з дакументальнага фільма «Дзень 80-годдзя графа Л.М.Талстога». 1908.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Браняносец Пацёмкін». 1925.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Вясёлыя хлопцы». 1934.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Аляксандр Неўскі». 1938.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Маладая гвардыя». 1948.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Яны змагаліся за Радзіму». 1975.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Вайна і мір». 1966—67.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Некалькі дзён з жыцця Абломава» 1980.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Белае сонца пустыні». 1970.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Сібірскі цырульнік». 1999.Да арт.Расія. Экспазіцыя адзення беларусаў-перасяленцаў канца 19 — пачатку 20 ст. ў абласным краязнаўчым музеі ў Новасібірску. 1999.Да арт.Расія. Беларускі фальклорны ансамбль «Зязюля» вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна Новасібірскай вобласці. 1999.