сход вышэйшых духоўных асоб у хрысц. царкве. У 1721—1917 Свяцейшы Усерас. С. — вышэйшы орган кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ). Усталяваны вярх. самадзярж. уладай замест скасаванага патрыяршаства, падпарадкоўваўся імператару. Паводле рэгламенту, у склад С. ўваходзіла 12 іерархаў царквы. Дзярж. нагляд над С. ажыццяўляў свецкі чыноўнік, прызначаны імператарам, — обер-пракурор. Праз яго падтрымліваліся ўсе сувязі С. з дзярж. органамі. Пасля аднаўлення патрыяршаства (1917) С. у РПЦ дзейнічае як царк. дарадчы орган пры патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі. У наш час у склад С. ўваходзяць пастаянныя члены: мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Украіны, мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт санкт-пецярбургскі і ладажскі, мітрапаліт круціцкі і каломенскі, старшыня аддзела знешніх царк. зносін, кіраўнік спраў Маскоўскай патрыярхіі; і часовыя члены — епархіяльныя архірэі, якія па чарзе ўдзельнічаюць у рабоце С. На Беларусі з усталяваннем у 1989 Бел. экзархата дзейнічае Сінод Беларускай праваслаўнай царквы. У інш.правасл. цэрквах таксама існуюць С. з рознымі функцыямі. У каталіцкай царкве з 1960-х г. дзейнічае С. біскупаў як орган пры папе рымскім. С. на чале з патрыярхамі ёсць і ў некат. усх. цэрквах ва уніі з Ватыканам — копцкага, халдзейскага і інш. абрадаў. У пратэстантызме С. — сход духоўных і свецкіх асоб, які перыядычна склікаецца для прыняцця рашэнняў па рэліг. справах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),
выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар.рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар. пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн.суд. ўстановамі. Пасля суд. рэформы 1864 паступова скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Я́МА»,
мемарыяльны комплекс у Мінску на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму — масавых пагромаў яўрэяў у 1941—43 у мінскім гета (гл.Гета). У даваенныя часы каля перакрыжавання вуліц Ратамская (зараз Мельнікайтэ) і Заслаўская знаходзілася яма (кар’ер), дзе жыхары бралі пясок для буд. работ. У гады акупацыі Мінска ням. фашысты выкарыстоўвалі яму для пахавання шматлікіх ахвяр мінскага гета. У час пагрому ў гета 2.3.1942 на Юбілейнай плошчы і вакол яе было забіта шмат яўрэяў, якіх пад прымусам юдэнрата жыхары гета скідвалі ў гэтую яму. Калі ў 1942 у Мінск з інспекцыяй прыехаў чыноўнік імперскага ўпраўлення бяспекі А.Эйхман, мясц.фаш. ўлады арганізавалі паказальную акцыю. Паводле іх загаду дырэктар дзіцячага дома Флейшэр і ўрач Чэрнік прывялі ў юдэнрат больш як 40 дзяцей. Усе яны і работнікі дзіцячага дома пад наглядам гаўляйтэра В.Кубэ, Эйхмана і нач. паліцыі Э.Штраўха былі расстраляны. Частку дзяцей закапалі ў яме жывымі. У магіле пахавана прыблізна 500—600 чал. У 1947 на магіле ўстаноўлены абеліск з тэкстам на мове ідыш «Яўрэям — ахвярам нацызму». 10.7.2000 адкрыты мемарыял «Помнік ахвярам Халакоста. Мінскае гета» [арх. І.Дзятлаў, А.Капылоў, Л.Левін (аўтар ідэі), М.Самасюк, скульптары Э.Полак, А.Фінскі, інж. У.Сусько]. Канцэпцыя мемарыяла — стварэнне сімвалічных зон, якія арх.-маст., ландшафтнымі і дакумент. сродкамі ўвасабляюць тэму трагедыі. Кампазіцыйная і эмацыянальная дамінанта ансамбля — бронзавая скульпт. група «Апошні шлях» уздоўж спуску ў яму: 27 пераплеценых паміж сабой фігур-ценяў, якія ідуць на расстрэл (вышыня 2 м). У кампазіцыі адсутнічаюць скульпт. партрэты, толькі абагульненыя твары, што адпавядае яўр. традыцыі. Трапяткая, вібрыруючая скульпт. пластыка, камерны маштаб кампазіцыі садзейнічаюць эмацыянальнасці ўздзеяння тэмы мемарыяла, перадаюць настрой адчаю і жаху ахвяр трагедыі. Перад спускам у «Я.» разбіты парк «Праведнікаў свету», дзе высаджваюць дрэвы ў гонар жыхароў Беларусі, якія ратавалі яўрэяў у гады Вял.Айч. вайны. На ўваходзе знак у выглядзе міноры — традыц.яўр. сямісвечніка з імёнамі тых, хто дапамагаў ва ўстаноўцы помніка-мемарыяла.
Літ.:
Ботвинник М Памятники геноцида евреев Беларуси. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (РПЦ), Маскоўскі патрыярхат,
найбуйнейшая з праваслаўных аўтакефальных цэркваў у свеце. Традыцыйна часам заснавання лічыцца 988 — пачатак увядзення хрысціянства на Русі (гл.Хрышчэнне Русі). Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Кіеўскай Русі (адсюль назва РПЦ), узначальвалася мітрапалітам кіеўскім (гл.Кіеўская мітраполія). Знаходзілася спачатку, на думку царк. гісторыкаў, у юрысдыкцыі Охрыдскага (Балгарскага) патрыярхату, з 1037 — Канстанцінопальскага патрыярхату. У сувязі са спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 мітрапаліцкая кафедра ў 1299 перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у 1320-я г. — у Маскву. Пасля стварэння ва Усх. Еўропе 2 буйных самаст. дзяржаў — Вял. княства Маскоўскага і ВКЛ выявіліся тэндэнцыі да адасаблення іх правасл. цэркваў, кожная з якіх прэтэндавала на вяршэнства. У 1316 у Навагрудак быў прызначаны першы асобны літ. мітрапаліт Феафіл, аднак у наступныя паўтара стагоддзя мітрапаліты прызначаліся сюды нерэгулярна, што захоўвала адноснае адзінства РПЦ. У 1448 незалежна ад Канстанцінопальскага патрыярхату, які заключыў з папствам Фларэнційскую унію 1439, мітрапалітам маскоўскім абраны епіскап Іона, што лічыцца пачаткам аўтакефаліі (поўнай незалежнасці) РПЦ. Пасля падзення Візант. імперыі ў 1453 РПЦ з мітрапаліцкай кафедрай у Маскве стала найбуйнейшай правасл. царквой у свеце. У 1458 Літоўска-Навагрудская мітраполія (афіцыйна называлася Кіеўскай) пры мітрапаліце Грыгорыю Балгарыне канчаткова аддзялілася ад Маскоўскай, якая стала афіцыйна так называцца з 1459. У 1589 у РПЦ усталявана патрыяршаства (першы патрыярх — Іоў), што яшчэ больш павысіла яе статус сярод памесных правасл. цэркваў. Ў 1653—60 патрыярх Нікан правёў у РПЦ рэформы, каб прывесці абраднасць у адпаведнасць з першаўзорамі; аднак гэта прывяло да царк.расколу і вылучэння стараверства ў асобную арг-цыю. У 1700 пасля смерці патрыярха Адрыяна цар Пётр I прызначыў месцаахоўнікам патрыяршага прастола Стафана Яворскага, а ў 1721 увогуле скасаваў ін-т патрыяршаства, замяніўшы яго Духоўнай калегіяй, хутка перайменаванай у Свяцейшы Сінод. Сінод складаўся з вышэйшых іерархаў царквы, а ўзначальваў яго свецкі чыноўнік — обер-пракурор, які прызначаўся імператарам. 28.10(10.11).1917 патрыяршаства адноўлена пры адначасовым існаванні Сінода і Вышэйшага царк. савета, патрыярхам абраны епіскап Ціхан (В.І.Бялавін). Разам з тым аддзяленне царквы ад дзяржавы пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 карэнным чынам падарвала пазіцыі РПЦ. У пач. 1920-х г. у царк. іерархіі адбыўся раскол: частка епіскапаў выступіла супраць ін-та манаства, стварыла без дазволу патрыярха свой орган царк. кіравання — Вышэйшае царк. ўпраўленне — і стала звацца «абнаўленцамі» (гл. ў арт.Духавенства). Абнаўленцаў фактычна падтрымала дзяржава, прыхільнікі ж патрыярха Ціхана цярпелі вял. ганенні, большасць епархій у 1920—30-я г. спынілі сваю дзейнасць. У 1921 на саборы рас. эмігранцкага духавенства ў г. Срэмскі-Карлаўцы (Югаславія) была створана асобная Замежная рус.правасл. царква (існуе і цяпер сярод часткі рус. эміграцыі). У 1922 з-за цяжкасці нармальнага функцыянавання РПЦ у такіх складаных умовах патрыярх дазволіў на тэр. саюзных рэспублік самастойнае кіраванне ў межах асобнай епархіі ці іх групы; на падставе гэтага ў 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У Вял.Айч. вайну РПЦ заняла патрыятычную пазіцыю, месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Сергій (І.М.Страгародскі) 22.6.1941 выступіў з заклікам узняцца на абарону Радзімы. Адносіны дзяржавы да РПЦ палепшыліся, сталі адкрывацца храмы, пачалі выдавацца «Журнал Московской патриархии», рэліг.л-ра і інш. У 1943 на памесным саборы мітрапаліт Сергій быў абраны патрыярхам. Аднак у 1950—60-я г. дзейнасць РПЦ зноў стала абмяжоўвацца. З 1988 (год святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі) пачалася значная актывізацыя царк. жыцця. У 1989 у юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату створаны Бел. экзархат (гл.Беларуская праваслаўная царква). У пач. 1990-х г. у сувязі з распадам СССР у шэрагу б.сав. рэспублік вызначыліся тэндэнцыі да выхаду з-пад юрысдыкцыі РПЦ нац.правасл. цэркваў: у 1990 на Украіне адроджана Украінская аўтакефальная правасл. царква, у 1992 абвешчана стварэнне Украінскай правасл. царквы — Кіеўскага патрыярхату (не атрымалі кананічнага прызнання, пры гэтым большасць прыходаў Украіны засталіся ва Укр.правасл. царкве Маскоўскага патрыярхату); у 1995 частка эст.правасл. прыходаў перайшла ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскай правасл. царквы. На 1.1.2000 у складзе РПЦ 130 епархій, 545 манастыроў, 19 417 прыходаў, каля 20 тыс.чал. духавенства. У юрысдыкцыю РПЦ уваходзяць Японская і Кітайская аўтаномныя правасл. цэрквы, 6 епархій у Еўропе і 1 у Паўд. Амерыцы, прыходы ў ЗША і Канадзе. Сістэма духоўнай адукацыі РПЦ уключае 5 духоўных акадэмій, 2 правасл. ун-ты, 23 семінарыі, 28 духоўных вучылішчаў і 13 пастарскіх курсаў. Друкаваны орган — «Журнал Московской патриархии». З 2000 пад патранажам РПЦ выдаецца шматтомная «Праваслаўная энцыклапедыя».
Літ.:
Русская Православная церковь, 988—1988. Вып. 1. Очерки истории I—XIX вв. М., 1980;
История Русской церкви. Т. 1—9. М., 1994—97;
Православная энциклопедия: Рус. православная церковь. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад лац. expressio выражэнне),
кірунак у еўрапейскім мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік як пратэст супраць жахаў 1-й сусв. вайны, сац. несправядлівасці, трагізму чалавечага быцця. Абапіраючыся на пошукі інтуітывізму А.Бергсана і фенаменалогію Э.Гусерля, прадстаўнікі Э. лічылі найб. адэкватным спосабам пазнання інтэлектуальную інтуіцыю. Тэрмін «Э.» увёў у навук. ўжытак Г.Вальдэн у 1911. Прынцыпы Э. найб. яскрава выявіліся ў мастацтве Германіі і Аўстрыі. Пасля 1-й сусв. вайны Э. пашырыўся ў л-ры, выяўл. мастацтве, тэатры, кінематографе, музыцы, архітэктуры ў краінах Еўропы і Амерыкі. Асн. яго рысы: «антыкласічнасць», цяга да абстрактнага абагульнення, адмаўленне ад гарманічнай яснасці форм, экспрэсія, паглыбленне ў свет суб’ектыўных перажыванняў. У палеміцы з натуралізмам і імпрэсіянізмам, зыходзячы з падкрэслена суб’ектыўнага адлюстравання жыцця, Э. абвясціў мэтай мастацтва не адлюстраванне рэчаіснасці, а выяўленне яе сутнасці. Упершыню Э. аформіўся ў жывапісе і графіцы на аснове традыцый постімпрэсіянізму В.Ван Гога, П.Гагена, Э.Мунка і інш.
У выяўленчым мастацтве Э. імкнуўся да ўсяго невыразнага, няўстойлівага як у духоўным выяўленні вобраза, так і ў форме. У жывапісе Э. не парываў з выяўленчасцю, але яна балансавала на мяжы ідэальнага («Ноч», «Арганаўты» М.Бекмана); малюнак характарызуецца ламанасцю ліній, кантрастнасцю колераў, дэфармаванасцю прасторы, калі выява ў нейкім новым аспекце прымушае гледача востра рэагаваць на карціну, уцягваючы яго ў кола перажыванняў мастака (О.Какошка, Э.Л.Кірхнер, Э.Нольдэ і інш.). Члены аб’яднання «Сіні коннік» (Мюнхен, 1911) В.В.Кандзінскі, П.Клее, Ф.Марк і інш. імкнуліся знайсці такія законы колеру і формы, якія б дазволілі выказаць, на іх думку, «нябачныя сутнасці», не выяўляючы аб’ект знешняга свету, а прыходзячы да адной з гал. задач абстрактнага мастацтва. У пач. 1980-х г. паявіўся новы экспрэсіянісцкі рух у выяўл. мастацтве — неаэкспрэсіянізм. Ён народжаны жаданнем новага пакалення мастакоў вызваліцца ад некаторых характэрных рыс поп-арта і інш. стыляў («мінімалізму», «колеравага» жывапісу). Яго прадстаўнікі М.Морлі, Д.Шнабел (ЗША), Д.Базілец (Германія), Ф.Клементэ, Э.Кучы (Італія), К.Кіф (Вялікабрытанія) абвясцілі вяртанне ў жывапіс фантазіі, містыкі, эротыкі, галюцынацый, няўстрыманасці.
У тэатры Э. зацвердзіў формулу т.зв. «Stationen-drama», дзе дзеянне развівалася не паступова, а штуршкамі, адмаўлялася праўдападабенства ў сюжэце і вобразах, дзе найперш ажыццяўлялася драма пэўных ідэй. Большасці такіх п’ес уласцівы аголены схематызм калізій (К.Штэрнгайм), сюжэты часам робяцца фантастычнымі, умоўнымі, алегарычнымі («Чалавек — маса» Э.Толера, 1921). Напр., у п’есах Г.Кайзера «З ранку да паўночы» і «Карал» персанажы пазбаўлены індывід. рыс, іх мова напружаная і патэтычная. У пастаноўках п’ес І.Бехера, Ф.Верфеля, Г.Кайзера, Штэрнхейма рэжысёры Р.Вейхерт, К.Х.Марцін, Г.Гартунг распрацоўвалі асаблівыя экспрэсіўныя прыёмы, вобразы будавалі на аснове якой-небудзь адной характэрнай рысы, ператвараючы іх у маскі. Вял. ўвага аддавалася афармленню сцэны: незвычайнае асвятленне, абстрактныя дэкарацыі з касымі і нахіленымі плоскасцямі, сімвалічныя аксесуары. Экспрэсіянісцкія прыёмы выкарыстоўваліся і ў пастаноўках класічных твораў У.Шэкспіра, Ф.Шылера і інш. У СССР гэты ўплыў выявіўся ў некаторых пастаноўках Я.Б.Вахтангава, У.Э.Меерхольда, А.Я.Таірава і інш.
У кінамастацтва Э. прынёс містычныя сюжэты, прасякнутыя фатальнай наканаванасцю («Пражскі студэнт» С.Рыўе, 1913); матывы хаосу і жорсткасці («Кабінет васковых фігур», рэж. П.Лені, 1924); у галюцынацыях і кашмарах вар’ятаў свет атаясамліваецца з домам звар’яцелых («У кабінеце ўрача Калігары», рэж. Р.Віне, 1919). Экранізацыя рамана Б.Стокера «Дракула» дала пачатак шматлікім галівудскім «фільмам жахаў». Спосабам павышэння выразнасці былі рэзкія кантрасты святла і ценю, дэфармацыя прадметаў, натура замянялася дэкарацыямі, наплывы і шматлікія экспазіцыі стваралі вобраз фантастычнага свету. У сав. кінамастацтве ў экспрэсіянісцкай манеры пастаўлены фільм І.А.Пыр’ева «Дзяржаўны чыноўнік» (1931). Да 1925 Э. вычарпаў сябе як цэласны кірунак, але асобныя яго выяўл. сродкі да нашых дзён уплываюць на развіццё выяўл. сродкаў кінамастацтва.
У музыцы асаблівасць экспрэсіянісцкай школы выявілася ў страце ідэалаў: хваравітае ўспрыняцце незваротнай страты, туга па мінулым, пачуццё асуджанасці, песімізм, падсвядомы страх перад «цёмнымі сіламі» будучага. Шэраг такіх элементаў праявіўся ў творах Г.Малера («Песня пра зямлю», 1908), у операх Р.Штрауса («Саламея», 1905, «Электра», 1908). Найб. яскрава Э. праявіўся ў творчасці кампазітараў т.зв. Новай венскай школы — А.Шонберга, А.Берга, А.Веберна, якія выпрацавалі атанальнасць — адмаўленне ад напеўнай мелодыі, ясных танальных устояў. Напр., у «Месяцавым П’еро» Шонберга (1912) танальнасць поўнасцю раствараецца. У 1920-я г. Шонберг стварыў сістэму кампазіцыі, заснаванай на рознага роду паўторах (серыйная музыка), якая атрымала назву дадэкафонія. Дадэкафоннае пісьмо шырока выкарыстоўваў і Берг (опера «Воцэк», 1918—20).
У архітэктуры Э. характарызаваўся разрывам з традыцыйнымі нац., гіст. стылямі, прапагандай выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (Р.Штэрнер, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, Б.Таўт і інш.).
У літаратуры асаблівасці Э. — гратэскавая фантастычнасць сюжэтаў і вобразаў, алагічнасць, імітацыя кашмарных сноў, ускладненая метафарычнасць мовы (мова Э.Толера, Р.Зорге, некаторыя творы Л.М.Андрэева).
У пач. 20 ст. ў мастацкай культуры Беларусі Э. як самаст. кірунак не праявіўся. У 1920 — пач. 30-х г.выяўл. сродкі і стылістыка Э. выкарыстоўваліся ў бел. л-ры, музыцы, тэатры. Творчае засваенне дасягненняў Э. працягваецца і ў сучасным мастацтве.