ЛАДДЗЯ́,

старажытнае рачное і марское судна ўсх. славян. Шырока бытавала на тэр. Беларусі. Вядома з 7 ст., калі на іх перавозілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі». Аднадрэвы човен, найчасцей з дашчанымі набоямі па баках для павелічэння памераў. З 12 ст. мела палубу. Кіравалася рулявымі вёсламі на карме і носе, рухалася з дапамогай грабных вёслаў і ветразя. Вял. Л. змяшчала 40—60 і нават 100 чал. Тэрмін «Л.» выйшаў з ужытку ў 14 ст. ў сувязі са з’яўленнем тэрміна «судна».

Н.​І.​Буракоўская.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДКА,

1) малое судна (вёславае, ветразевае або маторнае). Вядомая з неаліту. На Беларусі здаўна бытавалі Л., выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 2-й пал. 19 ст. дашчаныя з прамымі і разагнутымі бартамі. Спараныя Л. з дашчаным насцілам служылі паромам. Многія народы вырабляюць Л. з кары дрэў («веткі», «амарочкі» народаў Сібіры, «пірогі» лясных індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), са скур марскіх жывёл («байдаркі» алеутаў, «каякі» эскімосаў). У наш час Л. пашыраны ў вяслярным спорце і турызме. Іх вырабляюць з лёгкіх метал. сплаваў, пластмас, гумы.

2) Судны спец. прызначэння (падводная Л., кананерская Л.).

І.​М.​Браім.

Дашчаныя лодкі.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУПЕ́НЬКА (Яўген Міхайлавіч) (20.8.1936, в. Саськаўка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1990),

бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1970). Працаваў у прэсе, у 1970—90 у газ. «Чырвоная змена». Друкаваўся з 1953. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Салаўі» (1969), «Нядзеля» (1972), «Бусліны човен» (1975), «Стрэчанне» (1981) і інш., сатыр. і гумарыстычных твораў («Слон пад мікраскопам», 1978; «Юбілейныя бліны», 1984), кніжак для дзяцей («Малінавы год», 1971; «Колеры», 1973; «Хто нам дом пабудаваў», 1978, і інш.). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», творы рус., укр. паэтаў.

Тв.:

Карэнні. Мн., 1986;

Гекзаметр баразны. Мн., 1988.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Адкрыты ў 1968 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 326 м², больш за 10 тыс. экспанатаў (1997). Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Дзятлаўшчыны са стараж. часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў археал. знаходкі эпох мезаліту і неаліту, човен 16 ст., выяўлены каля в. Пархуты, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў кастр. падзей 1917, грамадз. вайны, пра становішча працоўных у 1920—30-я г., дзейнасць КПЗБ. Экспануюцца вырабы мясц. майстроў, прадметы нар. побыту, адзенне, узоры маст. ткацтва, дакументы, асабістыя рэчы С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка. Асобныя стэнды прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны (дзейнасць падполля, партызан. злачынствы ням.-фаш. акупантаў, вызваленне раёна), Героям Сав. Саюза Б.А.Булату, Ф.М.Сінічкіну. Макет помніка скульпт. А.​Салятыцкага і карціна мастака П.​Свентахоўскага прысвечаны І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.​Сусаніна.

Т.​В.​Палховіч.

т. 6, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),

від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:

Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.​Купала. «Роднае слова»)

Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:

Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.​Панчанка. «Слова пра Палессе»)

Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.

Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.​Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)

Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:

Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.​Панчанка. «У космас»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́ЦКІЯ ЛО́ДКІ,

малыя вёславыя судны, прызначаныя для лоўлі рыбы. Вядомы з неаліту многім народам свету. На Беларусі самы стараж. тып Р.л. — выдзеўбаны са ствала дубу, асіны або ліпы човен. Каб паменшыць хісткасць чаўноў, да бартоў некат. з іх прыбівалі драўляныя брусы; такія чаўны наз. камягамі. У 19 ст. рыбакі выкарыстоўвалі дашчаныя лодкі. Дошкі днішча і бартоў змацоўваліся паміж сабой какорамі зробленымі з натуральна выгнутых тонкіх ствалоў дрэў. На Гомельшчыне былі пашыраны вузкія лодкі, у якіх нос прыўзнімаўся над вадой. Шырэйшыя і карацейшыя Р.л. выраблялі на Магілёўшчыне. На З Беларусі дашчаныя лодкі мелі 2 насы («чайкі»), на Нёмане насы загіналі ўверх. На Палессі вял. невадныя лодкі, як і звычайныя, былі доўгія і вузкія, у Паазер’і — карацейшыя, з шырокім развалам. Для падцягвання невада ў некат. лодках рабілі спец. прыстасаванні — калаўроцікі. На Магілёўшчыне і ўсх. Гомельшчыне рыбакі-сетачнікі ўкладвалі свае снасці на сцябло (драўляны жолаб), канцы якога апіраліся на барты. Дняпроўскія рыбакі выкарыстоўвалі лодкі з пакорай — паўкруглай лубяной страхой у насавой частцы. Пад ім захоўвалі прадукты, сухое адзенне; тут рыбак хаваўся ад дажджу і адпачываў. На Шчары і Нёмане такія накрыўкі рабілі з дошак. Каб зберагчы рыбу жывой, у адным з адсекаў чоўна або лодкі пракручвалі ў бартах дзіркі для цыркуляцыі вады. Для перавозу жывой рыбы прызначаліся спец. лодкі — шкудкі. Сучасныя рыбакі-аматары побач з традыц. дашчанымі выкарыстоўваюць лодкі, зробленыя з метал. сплаваў і гумы.

І.​М.​Браім.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)