ДАМІНА́Т (ад лац. dominatus панаванне),

неабмежаваная манархія, устаноўленая ў Стараж. Рыме замест прынцыпату ў часы імператара Дыяклетыяна [284—305]. Д. характарызаваўся ўзмацненнем абсалютнай улады імператара, якому надаваліся рысы бажаства. Сенат страціў самаст. паліт. значэнне. Пры двары быў уведзены цырыманіял на ўсх. ўзор (напр., знакі пашаны імператару аказваліся стоячы на каленях).

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРАНГЗЕ́Б (1618—1707),

апошні сапраўдны правіцель Мангольскай імперыі [1658—1707]. Сын Вял. Магола Шах-Джахана. У 1636—44 і 1652—57 быў намеснікам Дэкана. У барацьбе за трон 1658—59 забіў сваіх братоў-сапернікаў, арыштаваў бацьку. Завяршыў заваяванне Дэкана і Паўд. Індыі. Адзнака палітыкі Аўрангзеба — мусульм. нецярпімасць. Прыгнятаў індусаў. У часы яго праўлення ў Індыі ўмацаваліся еўрап. гандл. кампаніі.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМІНДА́РЫ (ад перс. — землеўладальнік),

зямельна-падатковая сістэма ў Паўн., Усх. і Цэнтр. Індыі ў часы англ. калан. панавання. Уведзеная англ. каланіяльнымі ўладамі на мяжы 18 і 19 ст. Зацвярджала ў правах спадчынных землеўладальнікаў феадалаў — заміндараў і ўстанаўлівала зямельны падатак з іх (пастаянны і часовы) на карысць вярхоўнага ўласніка зямлі — калан. улад. Сістэма З. адменена ў 1950-я г.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ,

у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.

Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСКІЯ ШЫРО́ТЫ,

вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35° паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр. ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЗЛО́ТНЫ РЭЛЬЕ́Ф, крыягенны рэльеф, крыягенная морфаскульптура,

сукупнасць форм рэльефу, паходжанне і развіццё якіх звязана з працэсамі прамярзання і адтайвання грунтоў. Характэрны пераважна для палярных абласцей, дзе пашыраны шматгадовамёрзлыя грунты, трапляецца таксама ў высакагор’ях. Уключае бугры пучэння, курумы, саліфлюкцыйныя тэрасы, паліганальныя ўтварэнні і інш. На тэр. Беларусі М.р. развіваўся ў часы зледзяненняў (захаваліся яго сляды, напр., тэрмакарставыя азёры і сподкі, бугры пучэння).

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІ́НЫ (Antonini),

дынастыя рымскіх імператараў, якая правіла ў 96—192. Назва ад імя імператара Антаніна Пія. Заснавальнік дынастыі — Нерва [96—98].

Да Антанінаў належалі: Траян [98—117], Адрыян [117—138], Антанін Пій [138—161], Марк Аўрэлій [161—180] і яго суправіцель Луцый Вер [161—169], Камод [180—192]. Часы праўлення Антанінаў лічацца «залатым векам» імперыі. Для іх характэрны спалучэнне манархіі і свабоды, эканам. і культ. развіццё правінцый, буд-ва новых гарадоў, пераможныя войны, раздача рым. грамадзянства і інш.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЦІН, Джукетаў,

горад Балгарыі Волжска-Камскай (цяпер гарадзішча каля г. Чыстапаль у Татарстане).

Узнік у дамангольскі перыяд. У залатаардынскія часы (канец 13—14 ст.) багацейшы горад Волжскай Балгарыі. Разбураны ў 1-й пал. 15 ст. На гарадзішчы знойдзена шмат манет, у т. л. скарбы. У 1923 знойдзены т.зв. Джукетаўскі скарб залатых і сярэбраных упрыгожанняў канца 14 ст., які сведчыць пра высокае майстэрства балг. рамеснікаў-ювеліраў.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЮГА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 1,3 км на Пд ад в. Ладыга Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Капцюганскі Лес. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,7 м, шыр. 3,4 м, выш. 2,2 м, у абводзе 12,4 м, аб’ём 18,6 м³, маса каля 49 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЖА́ПАЦІ,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог — творца ўсяго існага. Лічылася, што ён ўзнік як залаты зародак і зрабіўся адзіным валадаром існага. П. падтрымаў зямлю і неба, умацаваў сонца, вымераў прастору, даў жыццё і сілу. Ён валадарыць над двухногімі і чатырохногімі, яго рукі — бакі свету. Часам П. атаясамліваюць з Брахмай, вобраз якога разам з вобразамі інш. багоў-творцаў у пазнейшыя часы выцесніў вобраз П. ва ўсіх яго функцыях.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)