ВАРША́ЎСКІ НАРАДАВО́ЛЬСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ,

нелегальная суполка прыхільнікаў рэв. арг-цыі «Народная воля» з ліку ўраджэнцаў Беларусі — студэнтаў Варшаўскага ун-та — у 1882—83. Утвораны ў 1882 намаганнямі студэнтаў-нарадавольцаў В.​Руткевіча, Г.​Яцкевіча і В.М.Вайніловіча. Акрамя выхадцаў з Беларусі ў гурток уваходзілі і варшавяне на чале з С.​Калішскім. На базе гуртка была створана падп. друкарня на чале з М.​К.​Янчэўскім. Гурток падтрымліваў цесныя кантакты з кіраўнікамі польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У рэв. дзейнасці не прызнаваў тактыкі тэрору. Пасля арышту ў Вільні 22.8.1883 кіраўніка Янчэўскага дзейнасць гуртка аслабела і да канца года спынілася. Некат. гурткоўцы ўступілі ў «Пралетарыят».

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛАВУ́Х ((Wysłouch) Ігнацій Баляслаў Людвігавіч) (22.11.1855, маёнтак Сохі, цяпер у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. — 13.9.1937),

польскі грамадскі дзеяч, публіцыст. У 1874—79 вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це. У 1879 арыштаваны за рэв. прапаганду сярод бел. і польскага студэнцтва. У 1880 адзін з кіраўнікоў Варшаўскай сацыял.-рэв. арг-цыі. Распрацаваў яе тэарэт. аснову, склаў новую праграму, у т. л. па нац. пытанні. У лют. 1880 арыштаваны, на 3 гады зняволены ў турму. У 1884 выехаў у Галіцыю. У 1886—87 рэдактар львоўскага час. «Przegląd Społeczny» («Грамадскі агляд»), у 1889 заснаваў газ. «Przyjaciel Ludu» («Сябар народа»). У 1922—28 чл. польскага сената.

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЎСКІ (Восіп Фаміч) (1859, в. Райск Беластоцкага ваяв., Польшча — 1935),

бел. рэвалюцыянер-народнік, дзеяч польскага сацыяліст. руху. З 1878 чл. народніцкай арг-цыі «Зямля і воля». У 1879 перайшоў на пазіцыі «Народнай волі». Разам з чл. нарадавольскага гуртка ў Гродне планаваў серыю тэрарыст. актаў. Быў арыштаваны, прыцягваўся да дазнання па справах аб сацыяліст. прапагандзе ў Пецярбургу, Гродне, «працэсе 137-і» ў Варшаве. У 1880 высланы ў Кастраму, у 1881 — у Цюменскую вобл., дзе ў 1884 удзельнічаў у хваляваннях ссыльнапасяленцаў. У 1886 вярнуўся ў Беласток. За сувязі з «Народнай воляй» і польскай рэв. арг-цыяй «Пралетарыят» у 1887 арыштаваны, у 1888 высланы ў Іркуцкую вобл.

В.​М.​Чарапіца.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНІЛО́ВІЧ (Восіп Мікалаевіч) (1860, Віцебск — 24.5.1890),

рэвалюцыянер-народнік. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. У час вучобы ў Віцебскай гімназіі быў чл. Віцебскага рэв. гуртка. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (з 1882) адзін са стваральнікаў Варшаўскага нарадавольскага гуртка беларускіх студэнтаў, які цесна супрацоўнічаў з польскай рабочай партыяй «Пралетарыят». Кватэра Вайніловіча выкарыстоўвалася для канспіратыўных сувязей з «Пралетарыятам», сюды паступалі пісьмы, нелегальнае друкарскае абсталяванне. За ўдзел у выступленнях варшаўскіх студэнтаў (крас. 1883) выключаны з ун-та. Жыў у Віцебску пад тайным наглядам паліцыі, 8.3.1884 арыштаваны. Пасля выхаду з турмы (снеж. 1884) быў пад наглядам паліцыі; даваў прыватныя ўрокі, займаўся літ. творчасцю.

В.​М.​Чарапіца.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),

удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед. ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.​Урублеўскім, В.​Свянціцкім, І.​Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.

В.​М.​Чарапіца.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХ (ням. Dach праз польск. dach),

канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.

С.​А.​Сергачоў.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Давыд Львовіч) (1857, г. Гродна — пасля 1916),

ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл. Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.​Я.​Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус. сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.

Тв.:

Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;

Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСКО́ (Іван Антонавіч) (літ. псеўд. Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),

дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас. рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙНІЧ (Міхаіл Леанардавіч) (падп. псеўд. Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),

дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.​В.​Пляханавым, В.​І.​Засуліч, П.​Л.​Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСКО́ (Восіп Восіпавіч) (Хлашко Юзаф; 1856, маёнтак Пераселянцы Полацкага пав. — 14.7.1934),

дзеяч народніцкага і польск. грамадска-паліт. руху, журналіст. Стрыечны брат І.А.Гласко. З 1876 вучыўся ў мед.-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. У 1878 і 1879 за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і паездкі да рэвалюцыянераў быў арыштаваны. Удзельнічаў у стварэнні польск. сацыяліст. гміны ў Пецярбургу, прадстаўнік яе ў «Народнай волі». Паступова адышоў ад народніцтва ў бок нац. сацыялізму. У 1881 арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Енісейск. У 1888—93 у Варшаве, супрацоўнік штотыднёвіка «Glós» («Голас»), Далучыўся да нац. дэмакратаў (эндэкаў). У 1894 асуджаны па справе «Лігі Нарадовай» (арг-цыі эндэкаў), высланы на 5 гадоў у Валагодскую губ. З 1897 у Смаленску, Пераселянцах, Львове. З 1906 у Вільні рэдагаваў час. «Дзённік Віленьскі». З 1915 у Пецярбургу разам з лідэрамі эндэцыі выдаваў штотыднёвік «Sprawa polska» («Польская справа»), пазней у Маскве заснаваў штотыднёвік «Gazeta polska» («Польская газета»). З 1918 у Варшаве.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)