пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін з фазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).
Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПСАТЭРМО́МЕТР (ад грэч. hypsos вышыня + тэрмометр),
гіпсаметр, тэрмабарометр, прылада для вымярэння атмасфернага ціску па т-ры кіпення вадкасці. Закіпанне вадкасці пачынаецца, калі пругкасць пары, якая ўтвараецца ў ёй, дасягае велічыні знешняга ціску. Кожнаму паказчыку атм.ціску адпавядае канкрэтная т-ра кіпення вадкасці. Гэта дазваляе па спец. табліцах па т-ры закіпання вады вызначаць атм. ціск. Гіпсатэрмометр складаецца са спец. тэрмометра, які дазваляе адлічваць т-ру з дакладнасцю да 0,01 °C, і метал. кіпяцільніка з дыстыляванай вадой. Існуюць таксама гіпсатэрмометры, у якіх дзяленні на шкале тэрмометра нанесены ў адзінках ціску (мм ртутнага слупка або мілібары). Выкарыстоўваецца ў экспедыцыйных умовах у гарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУММЕ́ТРЫЯ,
сукупнасць метадаў вымярэння ціску разрэджаных газаў. Вымярэнні грунтуюцца на фіз. заканамернасцях, абумоўленых залежнасцю пэўнай фіз. велічыні (напр., цеплаправоднасці) ад ціску або шчыльнасці газаў. Поўны ціск газаў вымяраюць вакуумметрамі, парцыяльны ціск кампанентаў газавых сумесяў — мас-спектрометрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕРО́ІД (ад а... + грэч. nēros вільготны + eidos від),
прылада для вымярэння атм.ціску. Асн. дэталь — метал. скрыначка, унутры якой вакуум. Пры павышэнні ціску яна сціскаецца, што праз злучаную з ёю спружыну выклікае зрушэнне стрэлкі на шкале. Адчувальнасць да 10 Па. Для атрымання сапраўднага значэння ціску ў паказанні анероіда ўводзяць папраўкі, якія вызначаюцца пры параўнанні з данымі ртутнага барометра. Выкарыстоўваецца таксама як вышынямер (напр., у авіяцыі; шкалу анероіда градуіруюць у метрах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТАТЫ́ЧНЫ ПАРАДО́КС,
несупадзенне вагі вадкасці, налітай у пасудзіну, з сілай ціску на дно гэтай пасудзіны. Выяўлены Б.Паскалем (1654). У пасудзіне, пашыранай зверху, вага вадкасці меншая за сілу ціску; у звужанай зверху — большая; у цыліндрычнай — аднолькавая. Калі адну і тую ж вадкасць наліць да аднаго і таго ж узроўню ў пасудзіны рознай формы, але з аднолькавай плошчай дна, сіла ціску на дно будзе аднолькавая для ўсіх пасудзін і роўная вазе вадкасці ў цыліндрычнай пасудзіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РНЫ ЦІСК,
ціск паветра на паверхню Зямлі і на ўсе прадметы ў атмасферы. Вымяраецца барометрам, фіксуецца барографам. Сярэдняя велічыня на ўзроўні мора 1013,25 мілібар (мб), што адпавядае 760 мм ртутнага слупа, ці 1013,25 гектапаскалям (гПа). З вышынёй атмасферны ціск змяншаецца (у прыземным слоі паветра прыблізна на 1 гПа на кожныя 8 м). Ваганні атмасфернага ціску бываюць перыядычныя — сутачныя, гадавыя (выклікаюцца нераўнамернасцю награвання і ахаладжэння зямной паверхні), неперыядычныя (найчасцей звязаны з цыклонамі і антыцыклонамі). Розніца ў атмасферным ціску з’яўляецца прычынай ветру. Рэзкія змены ціску неспрыяльныя для здароўя людзей. На Беларусі за апошнія 100 гадоў самы высокі паказчык ціску ў 1037,1 гПа адзначаны ў Гомелі (люты 1972), самы нізкі — 942,9 гПа — у Мінску (снеж. 1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВІТА́ЦЫЯ (ад лац. cavitas пустата),
з’ява ўтварэння ў кропельнай вадкасці поласцей, запоўненых газам, парай ці іх сумессю; парушэнне суцэльнасці ўнутры вадкасці. Ўзнікае пры мясцовым паніжэнні ціску ніжэй за крытычнае значэнне (для рэальных вадкасцей яно прыбл. роўнае ціску яе насычанай пары пры дадзенай т-ры). Калі паніжэнне ціску адбываецца з-за павелічэння скорасці ў патоку вадкасці, К. наз. гідрадынамічнай; калі пры праходжанні акустычных хваль — акустычнай. Знікненне поласцей суправаджаецца мех. імпульсам, падобным да гідраўлічнага ўдару, што неспрыяльна адбіваецца на рабоце гідратурбін, грабных вінтоў, помпаў і інш. (вібрацыя, змяншэнне ккдз, разбурэнне рабочых органаў). Акустычная К. ляжыць у аснове большасці выпадкаў практычнага выкарыстання ультрагуку. У біял. аб’ектах імпульсы ціску ў кавернах абумоўліваюць імгненныя разрывы мікраарганізмаў і прасцейшых. Гэтай з’явай карыстаюцца для выдзялення з жывёльных і раслінных клетак гармонаў, ферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛЕ́НАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
апарат для атрымання ацэтылену пры раскладанні карбіду кальцыю вадой. Нізкага (да 10 кПа) і сярэдняга (да 150 кПа) лішкавага ціску, звычайна перасоўны; выкарыстоўваецца ў асноўным пры газавай зварцы. Ацэтыленавы генератар высокага ціску (больш за 150 кПа) стацыянарны, выкарыстоўваецца для атрымання вял. аб’ёму ацэтылену ў хім., фармацэўтычнай, харч. прам-сці.