БІЯПА́ЛІВА, біялагічнае паліва,
1) біямаса, здольная пры згаранні даваць энергію (драўніна, торф, водарасці і інш.).
2) Арганічныя адкіды (гной, смецце, памёт, драўнянае пілавінне і інш.), якія выдзяляюць у працэсе распаду цяпло. Біяпаліва шырока выкарыстоўваюць для абагравання цяпліц, парнікоў і ахаванага грунту. Пры распаданні біяпаліва вылучаюцца вуглякіслы газ, аміяк і вада, якія спрыяюць росту і развіццю раслін.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.
т. 12, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭРМІ́Я (ад гіпа... + грэч. thermē цяпло),
ахаладжэнне, паніжэнне т-ры цела цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку цеплааддачы, якая перавышае цеплапрадукцыю. Памяншае спажыванне кіслароду органамі і тканкамі арганізма, павышае ўстойлівасць яго да гіпаксіі. Штучная гіпатэрмія выкарыстоўваецца ў хірургіі пры аперацыях на сэрцы, вял. сасудах і нейрахірургічных (траўмы ц. н. с., ацёкі, інтаксікацыі). Пры зніжэнні т-ры цела чалавека да 20—23 °C спыняюцца дыханне, дзейнасць сэрца.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРЫ́ФЕР (ад лац. calor цяпло + fero нясу),
цеплаабменны апарат (прылада) для награвання паветра ў сістэмах паветр. ацяплення, вентыляцыі і сушкі. Бываюць паравыя, вадзяныя, эл. і агнёва-паветраныя. К., у якіх паветра награецца парай або гарачай вадой, бываюць пласціністыя (радыятары), са спіральна-стужачнымі і накатнымі рэбрамі. У К. паветра награецца, абцякаючы каналы, дзе цыркулююць гарачыя газы, вада або пара. Рух паветра можа стварацца вентылятарам. Гл. таксама Паветрападагравальнік.
т. 7, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФІНАЛЯЧЭ́ННЕ, парафінатэрапія,
выкарыстанне парафіну ў лек. мэтах; від фізіятэрапіі.
У П. выкарыстоўваюць абязводжаны белы мед. парафін (нагрэты ці расплаўлены), які аддае цяпло арганізму чалавека, што спрыяе паляпшэнню кровазвароту, рассысанню хранічных ачагоў запалення, узмацняе абмен рэчываў і інш. Робяць П. метадамі наслойвання, мясц. парафінавых ваннаў, сурвэткава-аплікацыйным. Спалучаецца з медыкаментозным лячэннем, ЛФК і інш. Эфектыўна таксама пры траўматычных пашкоджаннях суставаў, у гінекалогіі, отарыналарынгалогіі, хірургіі, уралогіі, касметалогіі і інш.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЯТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. homoios падобны, аднолькавы + thermē цяпло), цеплакроўныя жывёлы,
жывёлы з адносна пастаяннай, устойлівай т-рай цела. Да гамаятэрмных жывёл належаць птушкі і большасць млекакормячых. Характэрная рыса гамаятэрмных жывёл — наяўнасць у іх механізмаў тэрмарэгуляцыі — марфал., хім. (рэгуляцыя выпрацоўкі цяпла ў арганізме) і фіз. (рэгуляцыя цеплааддачы вонкаваму асяроддзю). У большасці гамаятэрмных жывёл т-ра цела ў розных відаў 35—45 °C. Гл. таксама Гетэратэрмныя жывёлы, Пайкілатэрмныя жывёлы.
т. 5, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДХО́ДЫ,
рэшткі сыравіны, не прыдатныя для вытв-сці пэўнай прадукцыі, таксама рэчывы (цвёрдыя, вадкія і газападобныя), што ўзнікаюць у ходзе тэхнал. працэсаў, і энергія, якія не падлягаюць утылізацыі ў пэўнай вытв-сці. Адрозніваюць адходы прамысл. (у т. л. радыеактыўныя), с.-г., быт. (камунальныя), энергет. (адыходзячае цяпло), харчовыя і інш. Адходы адной вытв-сці могуць быць сыравінай для інш. яе галін. Каб паменшыць тэхнагенны ўплыў адходаў на прыроду, ствараюцца малаадходныя і безадходныя тэхналогіі.
т. 1, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТЭРМІ́Я (ад гіпер... + грэч. thermē цяпло), пераграванне,
намнажэнне цяпла ў арганізме цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку перавышэння цеплапрадукцыі над цеплааддачай. Пры выяўленым напружанні фізіял. механізмаў тэрмарэгуляцыі (потавыдзяленне, расшырэнне скурных сасудаў і інш.) гіпертэрмія суправаджаецца ўзмацненнем і якаснымі парушэннямі абмену рэчываў, стратай вільгаці і солей, парушэннем кровазвароту і забеспячэння мозга кіслародам, што выклікае ўзбуджэнне, зрэдку сутаргі і непрытомнасць. Пры тэмпературы цела 41—42 °C можа здарыцца цеплавы ўдар. Штучная гіпертэрмія выкарыстоўваецца пры лячэнні некаторых нервовых і хранічных хвароб.
т. 5, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЕ́М’ЕЎ Эдуард Мікалаевіч (н. 30.11.1937, г. Новасібірск),
рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). У творчасці шырока выкарыстоўвае серыйную тэхніку, алеаторыку, электронную музыку. Сярод твораў: араторыя «Я забіты пад Ржэвам» на сл. А.Твардоўскага (1963), кантата «Рытуал» (1980), сімфонія «Пілігрымы» (1985); электронная музыка — «Мазаіка Венецыі», «Варыяцыі на адзін тэмбр», «Сем варот у свет Саторый»; вак.-інстр. Цыкл «Цяпло зямлі»; музыка да кінафільмаў (больш за 80). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1988.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАРКІ́ЗМ першая цэласная канцэпцыя эвалюцыі ў жывой прыродзе, сфармуляваная ў 1809 Ж.Б. дэ Ламаркам. Паводле Л., існуючыя віды раслін і жывёл фарміраваліся паступова, у выніку працяглага прыстасавання арганізмаў да вонкавых умоў (клімат, святло, цяпло і інш.) і пэўнага ўнутр. імкнення ўсіх арганізмаў да ўдасканалення. Ідэя Л. пра ролю вонкавага асяроддзя і спадчыны ў эвалюцыі была выкарыстана Ч.Дарвінам у яго эвалюцыйнай тэорыі. Адраджэнне Л. ў форме неаламаркізму адбылося ў апошняй трэці 19 ст. як рэакцыя на пашырэнне дарвінізму.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)