СКЛЕРАФІ́ТЫ (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + ...фіт),

засухаўстойлівыя (ксерафільныя) расліны з шорсткімі парасткамі. Шорсткасць сцёблаў і лісця абумоўлена моцным развіццём мех. тканак, таму пры водным дэфіцыце ў раслін адсутнічаюць прыкметы завядання. З траў да С. адносяць дурнічнік калючы, сінегаловік палявы, кавылі; з кустовых раслін — ігліцу пантыйскую, саксаул і інш.

т. 14, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ГАЛЬ у мастацтве,

матэрыял для малявання з абпаленых тонкіх галінак або абструганых палачак ліпы, бярозы, вярбы і інш. дрэў. У 19 ст. стаў выкарыстоўвацца цвёрды вугаль са спрасаванага вугальнага парашку, змацаванага раслінным клеем. Выкарыстоўваецца для стварэння самаст. малюнкаў і падрыхтоўчых накідаў; вызначаецца аксамітнасцю штрыха, магчымасцю спалучаць лінію і танальныя эфекты.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́СТАЯ КУЛЬТУ́РА БАКТЭ́РЫЙ,

папуляцыя бактэрый, якая складаецца з асобін аднаго віду. У прыродзе не сустракаецца. Штучна атрымліваюць пасевам даследуемага матэрыялу (вада, глеба і інш.) на цвёрды субстрат пажыўны. Кожная калонія, што вырасла на субстраце, уяўляе сабой папуляцыю бактэрый, якая размножылася з адной клеткі. Выкарыстоўваюць пры відавой ідэнтыфікацыі, у мікрабіял. прам-сці.

т. 17, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІАКСА́ЛЬ, шчаўевы альдэгід,

найпрасцейшы дыальдэгід, CHO—CHO. Жоўтыя крышталі з пахам фармаліну tпл 15 °C, tкіп 51 °C, шчыльн. 1140 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Вадкі гліаксаль у прысутнасці вільгаці ператвараецца ў цвёрды палімер. Выкарыстоўваюць як тэкстыльна-дапаможнае рэчыва (надае незмінальнасць баваўняным і віскозным тканінам), для атрымання кубавых фарбавальнікаў. Гліаксаль раздражняе скуру.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́КСА ЗАКО́Н у гідрадынаміцы,

закон, які вызначае сілу супраціўлення, што дзейнічае на цвёрды шар пры яго павольным паступальным руху ў неабмежаванай вязкай вадкасці. Паводле С.з. сіла супраціўлення F = 6πμrv, дзе μ — каэфіцыент дынамічнай вязкасці, r — радыус шара, v — яго скорасць. Устаноўлены Дж.​Г.​Стоксам (1852). Выконваецца пры малых Рэйнальдса ліках і выкарыстоўваецца ў калоіднай хіміі, малекулярнай фізіцы і метэаралогіі.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОКС (ням. Koks ад англ. coke),

цвёрды вугляродзісты астатак, які ўтвараецца пры каксаванні прыродных паліваў (каменнага вугалю, торфу і інш.), а таксама некаторых нафтапрадуктаў (напр., гудронаў). Мае ў сабе 91—99,5% вугляроду. Каменнавугальны К. выкарыстоўваюць як паліва і аднаўляльнік жал. руды ў вытв-сці чыгуну, нафтавы — як матэрыял для вырабу электродаў і каразійнаўстойлівай апаратуры, аднаўляльнік пры атрыманні ферасплаваў і інш.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РДТОП (англ. hardtop ад hard цвёрды, жорсткі + top верх),

закрыты кузаў легкавога аўтамабіля без бакавых стоек з жорсткім верхам. Верх спераду абапіраецца на стойкі ветравога шкла, ззаду плаўна апускаецца і злучаецца з задняй панэллю кузава. Адсутнасць бакавых стоек павялічвае агляднасць, спрашчае пагрузку і выгрузку буйнагабарытнага багажу, аднак патрабуе павелічэння жорсткасці верху і нясучай часткі кузава. Выкарыстоўваецца пераважна на буйналітражных аўтамабілях.

т. 16, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДРО́Н (франц. goudron),

астатак пасля адгонкі з нафты бензінавых, газавых і асн. масы масляных францый. Вязкая вадкасць ці цвёрды асфальтападобны прадукт чорнага колеру, шчыльн. 950—1030 кг/м³. Мае парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя вуглевадароды (45—95%), асфальтэны (найб. высокамалекулярныя кампаненты нафты, 3—17%), нафтавыя смолы (2—38%). Выхад гудрону складае 10—45% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць для вытв-сці дарожнага, дахавага і буд. бітумаў, як сыравіну крэкінгу.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДА́РНЫЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

група музычных інструментаў, якія аб’ядноўваюць паводле спосабу гуказдабывання: удараў ці блізкіх да яго рухаў. Крыніцай гуку служыць цвёрды корпус (ідыяфоны), мембрана (мембранафоны), струна (хардафоны). Адрозніваюць інструменты з пэўнай вышынёй гуку (літаўры, званочкі, ксілафон) і няпэўнай (барабаны, бубны, трохвугольнікі, кастаньеты і інш.). У.м.і. ўпрыгожваюць гучнасць аркестра, надаюць ёй каларыстычны бляск, яркасць, выконваюць розныя гукапераймальныя задачы, надаюць музыцы рытмічную дынамічнасць.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭНСІ́Т (ад імя ням. металазнаўца А.​Мартэнса),

мікраструктура ігольчастага выгляду ў загартаваных метал. сплавах і чыстых металах, якім уласцівы полімарфізм.

М. — асн. структурная складальная загартаванай сталі, гэта перанасычаны цвёрды раствор вугляроду ў α-жалезе такой канцэнтрацыі, як у зыходнага аўстэніту (гл. Жалезавугляродзістыя сплавы). З ператварэннем М. пры награванні і ахаладжэнні звязаны «эфект памяці» металаў і сплаваў. Мартэнсітнай структуры адпавядае найб. высокая цвёрдасць сталі. На М. загартоўваюцца стальныя рэзальныя інструменты і інш. вырабы.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)