ЛІТАФІ́ТЫ [ад літа... + ...фіт(ы)], петрафіты,

расліны, якія растуць на камянях, скалах ці ў іх расколінах. Першасныя агенты разбурэння скал. Напачатку на камянях пасяляюцца бактэрыі і водарасці, потым лішайнікі і імхі, на якіх вырастаюць вышэйшыя расліны — аўсяніца, званочкі, папараці, з дрэвавых парод — хвоя, ядловец і інш. Каранёвая сістэма Л. паглыбляецца і пашырае расколіны горных парод.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ННА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай аховы ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 439 га. Размешчаны на вярховым балоце Лонніца; у цэнтр. ч. — воз. Лонна. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін. На мінер. участках хвоя, бяроза, вольха, елка.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТЫС,

у грэчаскай міфалогіі бог фрыгійскага паходжання, любімец Вялікай маці багоў Кібелы. Сімвалам Атыса была хвоя. Паводле адной з легендаў, ён вылегчаў сябе ў рэліг. экстазе і стаў вярх. жрацом культу Кібелы. У гонар Атыса ў Рыме з 15 да 27 сак. праходзілі святкаванні, якія суправаджаліся нястрымнымі оргіямі. Жахі самакатаванняў Атыса апісаў рым. лірык Катул у паэме «Атыс».

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎРЫТО́ПНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад грэч. eurys шырокі + topos месца),

расліны і жывёлы, здольныя існаваць у самых розных умовах асяроддзя. Арэалы іх пашырэння вельмі вялікія. На Беларусі да Э.а. з раслін адносяцца бяроза павіслая, верас, хвоя, ядловец звычайны, з жывёл — ліс звычайны, воўк, палёўкі вадзяная і звычайная, рапуха зялёная, яшчарка жывародная і інш. Маюць шырокую экалагічную валентнасць. Іх проціпастаўляюць стэнатопным арганізмам.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ-ЧАРБАМЫ́СЛА,

гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Размешчаны на ПнУ Полацкай нізіны. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік рэсп. значэння для аховы Глыбокага возера, воз. Чарбамысла і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 516 га (1996). Вадазборная плошча на 95% пад лесам. Пераважае хвоя, трапляюцца невял. ельнікі з дамешкам бярозы, па берагах воз. Глыбокае — вольха. У азёрах растуць рэдкія ахоўныя віды — палушнік азёрны, лабелія Дортмана.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУ́ДАЎСКАЕ БАЛО́ТА,

у Лідскім р-не Гродзенскай вобл., у вадазборы р. Лідзея (прыток Дзітвы) і р. Нарва (прыток Нёмана). Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,3 тыс. га. Глыб. торфу 6,7 м, сярэдняя 3 м. Ёсць сапрапель. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца для торфаздабычы і для вырошчвання пераважна сеяных траў. На неасушанай ч. растуць карлікавая бяроза, хвоя, вярба, асокі, журавіны.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎЛЁЎСКАЕ БАЛО́ТА,

у Докшыцкім і Глыбоцкім р-нах Віцебскай вобл., пераважна ў вадазборы вярхоўяў р. Бярэзіна. Нізіннага (85%), вярховага (13%), мяшанага тыпаў. Пл. 18,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 14,2 тыс. га. Глыб. торфу да 6 м, сярэдняя 2 м. Ёсць сапрапель магутнасцю да 2,1 м, мергель — да 1,6 м. Балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. Большая ч. балота пад лесам (хвоя, бяроза, вольха).

т. 6, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САВІЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Крупскага р-на Мінскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1,3 тыс. га (1997). Уключае 4 кварталы Дзянісавіцкага і 7 кварталаў Сакаловіцкага лясніцтваў Крупскага лясгаса, а таксама ч. тарфяных балот Падбалонне і Бабнік, Рожкі, Калінаўка. Растуць хвоя, бяроза, елка, асіна. вольха, трапляюцца дуб і клён, з кусцікавых раслін — багун, верас, журавіны, брусніцы, чарніцы, з травяністых — асокі, падвей, хвошч; шмат сфагнавых імхоў.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСУ́ЕЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва канца 19 ст. ў в. Псуя Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Закладзены на беразе воз. Псуя. Парк эканам. тыпу. Вял. пладовы сад у выглядзе алей з дэкар. групамі ўнутры з трох бакоў абмежаваны ахоўнымі прысадамі. З чацвёртага боку прымыкае пейзажны ўчастак парку, тут стаяў сядзібны дом (не захаваўся). Растуць рэдкія пароды дрэў: піхты сібірская і бальзамічная, елкі канадская і калючая (форма блакітная), хвоя чорная, лістоўніцы еўрап. і сібірская.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́БАР,

ялова-хваёвы або шыракаліста-хваёвы лес, дзе пераважае хвоя, а елка і дуб складаюць пастаянны дамешак у 1-м ярусе дрэвастою або ўтвараюць 2-і ярус ці добра развіты падрост. Параўнальна з борам фарміруецца на больш багатых і ўвільготненых супясчаных і пясчаных глебах з праслойкамі суглінку або падасланых марэнай. На Беларусі пашыраны С. з дамешкам елкі ў паўн. і цэнтр. ч. (Бел. Паазер’е, Бел. града), С. з дубам і ляшчынай на Пд (Палессе і Перадпалессе).

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)