жывапісная або скульптурная выява нябожчыка. Функцыя П.п. — дакладная перадача фізічнага аблічча памерлага для ўшанавання яго памяці або (паводле шэрагу рэліг. дактрын) забеспячэння вечнага жыцця яго душы. П.п. магла быць прыжыццёвая выява памерлага, адлюстраванне, выкананае з пасмяротнай маскі, часта з геральдычнымі знакамі і надпісамі. Нярэдка быў часткай скульпт.надмагілля.
Вядомы са старажытнасці ў многіх народаў свету (напр., фаюмскі партрэт у Егіпце). Вылучаюць трунны, эпітафійны партрэты і жалобную харугву (канклюзію). Трунны партрэт часцей малявалі алейнымі фарбамі на метал. блясе 6—8-граннай або акруглай формы. Прызначаўся ён для размяшчэння на тарцовай частцы труны ў час пахавальнай цырымоніі, пазней яго звычайна змяшчалі на сцяне крыпты або храма; уваходзіў ў склад сінт.маст. вырашэння яго інтэр’ера. Эпітафійны партрэт не мацаваўся на труну і таму часцей меў авальную форму, уваходзіў у склад прысценнага скульпт. надмагілля ў храме разам са скульпт. алегарычнымі постацямі і надмагільным надпісам у рамцы. Для адной цырымоніі маглі быць выкарыстаны і трунны і эпітафійны партрэты. Своеасаблівы від П.п. — канклюзія — жалобная харугва з маляваным або шытым партрэтам, упрыгожаная метал. ніткамі, галунамі, карункамі, звычайна з надпісам біягр. або панегірычнага характару і выявай герба.
На Беларусі былі пашыраны ў 15—18 ст., найб. раннія формы трапляюцца ў тканых пахавальных пакрывалах і харугвах. Сярод найб. значных П.п. партрэты А.Завішы (1676), А.Пацея (18 ст.), эпітафія Б.Біспінгу работы І.Прукнера ў Троіцкім касцёле ў Ружанах (1789), надмагілле М.Радзівіла ў касцёле ў Дзятлаве (18 ст.) і інш.
Літ.:
Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т САРМА́ЦКІ,
від партрэта, характэрны для мастацтва Рэчы Паспалітай, пераважна часоў барока (16—18 ст). Узнікненне звязана з комплексам светапогляду і культуры сарматызму (у бел.-літ. магнатэрыі пераважала паданне пра іх паходжанне ад патрыцыяў Стараж. Рыма). Спалучаў рысы параднага, рыцарскага і труннага (гл.Партрэт пахавальны) партрэтаў і прадстаўлены шырокім спектрам твораў — ад падобных да рэпрэзентатыўных зах.-еўрап. партрэтаў позняга рэнесансу і барока да народна-прымітыўнага мастацтва. У мастацтве Беларусі і Украіны шмат пераймаў ад фармальна-эстэт. асноў іканапісу, што абумовіла плоскаснасць трактоўкі аб’ёмаў, лінеарнасць малюнка, вял. плоскасці яркіх колеравых паверхняў, акцэнтаванне дэкар. элементаў і фактуры каштоўных тканін, адсутнасць святлоценявых эфектаў. Адметныя рысы П.с. — павышаная ўвага да пратакольнай дакладнасці партрэтнай характарыстыкі, адлюстраванне персанажа ў парадным адзенні, пышныя драпіроўкі, спалучэнне паэтычна-ўрачыстай рэтраспектыўнасці вобраза з інфарматыўнымі элементамі (выявы гербаў, атрыбутаў улады ці духоўнага сану, надпісы пра партрэтаванага і інш.). Стваральнікамі П.с. былі пераважна ананімныя цэхавыя мастакі (партрэты Міхаіла Барысавіча, мяжа 16—17 ст.; роду Весялоўскіх, 1630—40-я г.; А.Астроўскага, 1-я пал. 17 ст.; І.Завішы, 1732; Я.Вішнявецкага, 3-я чвэрць 17 ст., і інш.), але захаваліся і імёны некат. жывапісцаў: І.Шрэтэр (працаваў у 1641—85, аўтар партрэта К. і М. Радзівілаў, 1646), Д.Шульц [1615—83; аўтар партрэтаў Радзівілаў (у т. л. Я.Радзівіла, 1612—55) і Пацаў].
Літ.:
Тананаева Л.И. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;
Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.
Б.А.Лазука, А.Ю.Хадыка.
Партрэт сармацкі. Партрэт Я.Вішнявецкага. 3-я чвэрць 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПРАЛЕТА́РСКА-КАЛГА́СНЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПКП). Існавала з 25.4.1931 да мая 1932. Створана ў складзе Усесаюзнага аб’яднання пралетарска-калгасных пісьменнікаў. Арганізац. бюро: Р.Шукевіч-Траццякоў, І.Барашка, П.Галавач, С.Баранавых. Чл.: М.Багун, П.Броўка, Ц.Гартны, С.Грахоўскі, С.Дарожны, А.Дудар, А.Жаўрук, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, А.Куляшоў, Я.Купала, М.Лынькоў, В.Маракоў, Я.Скрыган, У.Хадыка, М.Чарот і інш. Існавалі Мінскае аддз. БелАПКП, філіі ў Клімавічах, Чэрвені, Полацку, літ. гурткі ў Клімавіцкім, Талачынскім, Чэрвеньскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім, Заслаўскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім р-нах. Ставіла задачу падтрымліваць маладых пісьменнікаў з сял. асяроддзя. Выдавала час. «Беларусь калгасная» (1932). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦККП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНА́МІКА (ад аэра... + дынаміка),
раздзел аэрамеханікі, у якім вывучаюцца законы руху газападобнага асяроддзя і яго ўзаемадзеяння з цвёрдымі целамі; тэарэт. аснова авіяцыі, ракетнай тэхнікі, метэаралогіі, турбабудавання і інш. Разглядае рух целаў з дагукавымі скорасцямі (да 1200 км/гадз); рух целаў са скорасцю, большай за скорасць гуку, вывучае газавая дынаміка. Аэрадынаміка ўзнікла ў 20 ст. ў сувязі з развіццём авіяцыі. Тэарэтычнае рашэнне задач аэрадынамікі заснавана на ўраўненнях гідрааэрамеханікі. Пры вырашэнні найбольш простых пытанняў (размеркаванне ціску і скорасцяў вакол абцякальнага цела і інш.) выкарыстоўваецца набліжэнне ідэальнай вадкасці, несціскальнай пры малых і сціскальнай пры вял. скорасцях. Наяўнасць вязкасці ў рэальных вадкасцях прыводзіць да ўзнікнення супраціўлення і ўлічваецца пры вывучэнні цеплаабмену целаў з патокам газу.
Спец. прыкладныя часткі аэрадынамікі: аэрадынаміка самалёта (вывучае рух самалётаў цалкам), знешняя балістыка (даследуе палёт снарадаў), аэрадынаміка турбамашын і рэактыўных рухавікоў, прамысловая аэрадынаміка (разлік паветранадзімальных установак, ветравых рухавікоў, струменных апаратаў, вентыляцыйнай тэхнікі, аэрадынамічных сіл, якія ўзнікаюць пры руху аўтамабіляў, цягнікоў і інш.). Эксперыментальная аэрадынаміка з дапамогай аэрадынамічных трубаў вызначае лікавыя каэфіцыенты сіл і момантаў, што дзейнічаюць на цела з боку газавага патоку. У аэрадынаміцы шырока выкарыстоўваецца матэм. мадэляванне з дапамогай ЭВМ.
Літ.:
Струминский В.В. Аэродинамика и молекулярная газовая динамика. М., 1985;
ЭВМ в аэродинамике: Пер. с англ.М., 1985;
Киреев В.И., Войновский А.С. Численное моделирование газодинамических течений. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т ДАНА́ТАРСКІ,
выява данатара — заказчыка твора выяўл. мастацтва або заснавальніка храма. Трапляецца ў розных відах мастацтва, часцей у жывапісе. Заснавальніка храма часта малявалі з мадэллю будынка ў руках на абразе ці манум. размалёўцы (перад Ісусам Хрыстом, Маці Божай, святым заступнікам) або асобна, але ў кантэксце агульнай сістэмы размалёвак і дэкору храма або кнігі ў спалучэнні з інш. выявамі. Адметныя рысы П.д.: адлюстраванне данатара звычайна ўкленчаным у малітоўнай позе са складзенымі рукамі, арыентаванасць кампазіцыйнага цэнтра на святога-заступніка, самапаглыбленасць і сузіральнасць стану партрэтаванага, адсутнасць знешніх калізій і падкрэсленых сувязей са знешнім светам.
Вядомы з эпохі ранняга сярэднявечча ў мастацтве многіх еўрап. краін, росквіту дасягнуў у 14—15 ст. (размалёўка «Энрыка Скравеньі прыносіць у дар капэлу» работы Джота ды Бандоне ў Капэле дэль Арэна ў г. Падуя, Італія, 1305; алтарныя карціны «Мадонна з канцлерам Раленам» Я. ван Эйка, 1435; «Св. Кацярына і св. Магдаліна з данатарамі» Х. ван дэр Гуса, 1476—78).
На Беларусі першыя П.д. вядомы з 11 ст. (выявы тураўскага кн. Яраполка Ізяславіча, яго маці Гертруды і яго жонкі Ірыны ў «Кодэксе Гертруды», паміж 1078 і 1087). Найб. пашыраны ў 16—18 ст. у іканапісе: абразы «Пакланенне вешчуноў» (каля 1514) з выявай данатара Я.Сегеня (выява данатара — 2-я пал. 17 ст.), «Маці Божая са святымі Ігнаціем Лаёлам і Францыскам Ксаверыем» (1-я пал. 17 ст.), дзе святым нададзены партрэтныя рысы кн. М.К. і Ю. Радзівілаў, і інш. Вядомы і познія ўзоры П.д. (фрэска «Спас з данатарамі» М.Кошалева ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, 1902—11).
Б.А.Лазука, А.Ю.Хадыка.
Партрэт данатарскі. Фрагмент абраза «Пакланенне вешчуноў» з партрэтам данатара Я.Сегеня. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліст. 1923 — ліст. 1928. Узнік як гурток маладых паэтаў пры час.«Маладняк». Заснавальнікі: М.Чарот, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, А.Бабарэка, Я.Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нац. секцыі рус., літ., польск. і яўр. пісьменнікаў.
Членамі «М.» ў розны час былі М.Аляхновіч, З.Бандарына, І.Барашка, П.Броўка, З.Бядуля, У.Галубок, В.Гарбацэвіч, Ю.Гаўрук, П.Глебка, К.Губарэвіч, А.Гурло, У.Дубоўка, Я.Журба, У.Жылка, М.Зарэцкі, А.Звонак, В.Каваль, Т.Кляшторны, К.Крапіва, М.Лынькоў, В.Маракоў, Р.Мурашка, М.Нікановіч, Л.Родзевіч, В.Сташэўскі, П.Трус, У.Хадыка, Н.Чарнушэвіч, К.Чорны, С.Шушкевіч, А.Якімовіч і інш. Кіруючы орган — прэзідыум, з лют. 1925 Цэнтр. бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М.Чарот, А.Вольны, Дубоўка, П.Галавач. Друк. орган — час. «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 «М.» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) — невял. зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).
Творчая праграма «М.» сфармулявана ў дэкларацыі (снеж. 1924): «...ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культ.-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш. Праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літ. арг-цыямі інш. рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыяліст. ладу, вызначалася пошукамі новых маст. форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літ. спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармаліст. штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «М.» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 у выніку расколу многія члены (К.Чорны, К.Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, М.Лужанін і інш.), а на мяжы 1927—28 і асн. кіруючае ядро (М.Чарот, А.Вольны, А.Дудар, Сташэўскі і інш.) выйшлі з «М.». Рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.
Літ.:
Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў, 1923—1928. Мн., 1928;
Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;
Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.Мн., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДНЯ́К»,
штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.Кудзелька (М.Чарот), А.Ажгірэй (А.Вольны), М.Арэхва, У.Ігнатоўскі, М.Зарэцкі, М.Адзінец, А.Дудар, І.Барашка, П.Галавач, А.Звонак, В.Каваль, А.Моркаўка, А.Сянкевіч і інш.
На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст.буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.Гартны, З.Бядуля, А.Гурло), маладнякоўцаў (М.Чарот, К.Чорны, А.Дудар, А.Вольны, А.Александровіч, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Пушча, П.Трус, А.Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.Чарвякова, М.Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.Вальфсона, М.Гарэцкага, Ю.Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.Каспяровіча, У.Пічэты, С.Скандракова, А.Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.
Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.Бандарына, Барашка, Я.Бобрык, П.Броўка, А.Вечар, Галавач, К.Губарэвіч, І.Гурскі, У.Жылка, А.Звонак, В.Каваль, А.Куляшоў, М.Лынькоў, Ю.Лявонны, Б.Мікуліч, Моркаўка, М.Нікановіч, А.Салагуб, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, Я.Туміловіч, У.Хадыка, М.Хведаровіч, С.Хурсік, Н.Чарнушэвіч, С.Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.Чарот, А.Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.Глыбоцкага (А.Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.Гародні, Галавача, Р.Мурашкі, Барашкі, У.Бухаркіна, С.Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.Барычэўскага, П.Бузука, Гарэцкага, А.Некрашэвіча, М.Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.Астапенкі, Галавача, Ц.Гартнага, Мікуліча, Э.Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.Бэцдэ, А.Кучар і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ «АДРАДЖЭ́ННЕ», БНФ «Адраджэньне»,
грамадска-палітычны рух. Засн. ў 1988 на базе нефармальных аб’яднанняў, што дзейнічалі на Беларусі ў 2-й пал. 1980-х г. Ініцыятар стварэння БНФ — гісторыка-асв. т-ва«Мартыралог Беларусі». 19.10.1988 створаны Арганізац.к-тБНФ (старшыня З.Пазняк). Ядро фронту склалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, актывісты нац.-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі (А.Адамовіч, В.Быкаў, М.Дубянецкі, Пазняк, М.Ткачоў, Ю.Хадыка, М.Чарняўскі і інш.). Устаноўчы з’езд БНФ (24—25.6.1989, Вільнюс) выбраў кіруючы орган фронту — сойм, прыняў статут, праграму, рэзалюцыі, якія вызначалі асн. кірункі і формы яго дзейнасці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб міжнацыянальных адносінах у Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Аб дзяржаўнасці беларускай мовы», «Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы», «Аб праекце Канстытуцыі БССР». Многія пытанні, пастаўленыя фронтам на парадак дня, аказаліся сугучнымі з настроямі і сац. надзеямі пэўных пластоў насельніцтва. Пацвярджэнне гэтаму — поспех БНФ на выбарах у Вярх. Савет (1990), калі было выбрана 60 дэпутатаў, якіх падтрымліваў фронт. У складзе Вярх. Савета сфарміравалася фракцыя БНФ (больш за 30 дэпутатаў), якая актыўна праводзіла палітыку фронту. Першыя крокі на паліт. арэне БНФ рабіў пад лозунгамі перабудовы, абвешчанымі вышэйшым кіраўніцтвам КПСС. Заяўлялася пра неабходнасць пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Пазней гэтыя лозунгі былі адкінуты. У праграмнай заяве «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне», прынятай на II з’ездзе БНФ (23—24.3.1991, Мінск), выкладзены задачы фронту: дэкамунізацыя, канстытуцыйны працэс, рэформа сістэмы ўлады, стварэнне грамадз. супольнасці, пераход да рыначных адносін, сац. палітыка, адраджэнне культуры і нац. свядомасці. Праграма БНФ, прынятая на III з’ездзе (29—30.5.1993, Мінск), вызначыла канцэпцыю фарміравання і механізм дзеяння рыначнай гаспадаркі, канстытуцыйныя прынцыпы, структуру ўлады, прынцыпы знешняй палітыкі, геапаліт. прыярытэты Рэспублікі Беларусь і інш. На з’ездзе створана Партыя Беларускага народнага фронту. Паліт. сітуацыю ў краіне, актуальныя пытанні ўнутрыпарт. жыцця разгледзеў IV з’езд БНФ (8.7.1995, Мінск). На з’ездзе абмяркоўвалася прапанова пра падзел функцый паміж фронтам як нар. рухам, скіраваным на асв.-адраджэнскую дзейнасць, і Партыяй БНФ, скіраванай на барацьбу за паліт. ўплыў і паліт. ўладу. Але з’езд гэту пазіцыю не падтрымаў. БНФ вылучаў свайго лідэра Пазняка кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994), актыўна ўдзельнічаў у выбарах у Вярх. Савет і мясц. органы ўлады (1995), але беспаспяхова. На думку асобных лідэраў фронту, асн. прычынамі паражэння БНФ на выбарах з’явілася ізаляцыя фронту ў грамадскай свядомасці, а таксама адарванасць парламенцкай апазіцыі ад самога БНФ, што прывяло да звужэння ўспрыняцця БНФ як грамадскага руху. Асобныя праявы элементаў нац. і паліт. экстрэмізму прывялі да змяншэння ўплыву БНФ у грамадстве. БНФ арганізоўваў чарнобыльскія і экалаг. акцыі: Гадзіна смутку і маўчання 1989, Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях», мітынгі і шэсці, жалобныя набажэнствы ў Мінску і інш. гарадах, экспедыцыі ў Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і інш. раёны. БНФ арганізуе штогадовыя ўшанаванні Дня незалежнасці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды, угодкі перамогі пад Грунвальдам і інш. Праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі. Фронт падтрымлівае кантакты і каардынуе дзейнасць з асн. асяродкамі бел. эміграцыі на Захадзе і з бел. згуртаваннямі ў Польшчы, найперш з Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем. БНФ удзельнічаў у рабоце Грамадзянскага форуму Беларусі, у інш. сумесных акцыях і мерапрыемствах з бел.паліт. і грамадска-паліт. арг-цыямі дэмакр. кірунку; падтрымлівае кантакты з паліт. рухамі і партыямі інш. краін. Рады і суполкі БНФ дзейнічаюць і па-за межамі Беларусі (у Вільнюсе, Рызе, Маскве).
Л.Ф.Яўменаў, А.А.Дзмітрук.
Да арт.Беларускі народны фронт «Адраджэньне». Мітынг у Курапатах на Дзяды. 29.10.1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ (Максім) (сапр.Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),
рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АНБССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.
У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.І.Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.Г.Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.
Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.Я.Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Александровіч, у 1931 — К.Крапіва, П.Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.Гардзялкоўская, К.Чорны, М.Гарэцкі, Э.Самуйлёнак, П.Глебка, К.Крапіва, М.Лынькоў, А.Куляшоў, Я.Брыль, Э.Агняцвет, З.Астапенка, С.Баранавых, В.Вітка, Ю.Гаўрук, А.Зарыцкі, М.Лобан, М.Машара, Я.Скрыган, Т.Хадкевіч, У.Хадыка, А.Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—25. М., 1968 — 76;
Архив А.М.Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;
Бел.пер. — Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);
Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;
Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;
Справа Артамонавых. Мн., 1941;
Маці. Мн., 1941;
Дзяцінства. Мн., 1949;
У людзях. Мн., 1952;
Мае універсітэты. Мн., 1953;
Казкі. Мн., 1968.
Літ.:
Летопись жизни и творчества А.М.Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;
Десницкий М.В. А.М.Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;
Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.Горького. 3 изд. М., 1969;
Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;
Ивашин В.В. М.Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;
Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;
Максім Горкі і Беларусь: Зб.арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.