ГРЫ́НЧАНКА Вячаслаў Аляксандравіч
(н. 21.6.1938, г. Краснаград, Украіна),
спявак (бас). Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965). З 1966 саліст Узбекскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Маскоўскай філармоніі. Сярод партый: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава), Пётр І («Пётр І» А.Пятрова). Першы выканаўца многіх вак. твораў узб. кампазітараў, у рэпертуары таксама ўкр. нар. песні, рамансы ўкр. кампазітараў. Дзярж. прэмія Узбекістана 1981.
т. 5, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНАРАС (Daunoras) Вацлавас
(н. 1.2.1937, г. Жагарэ, Літва),
літоўскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Літ. кансерваторыю (1962), з 1968 выкладае ў ёй (праф. з 1983). Стажыраваўся ў т-ры «Ла Скала» (1966—68). З 1960 (з перапынкамі) саліст Літ. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Бжастоўскі («Горад сонца» А.Рачунаса), Маргірыс («Піленай» В.Кловы), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1962), Міжнар. конкурсу імя П.Чайкоўскага (Масква, 1966), Гран пры конкурсу вакалістаў у Тулузе (1971, Францыя).
т. 6, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БСБУРГІ
(Habsburger),
дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф І Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш. тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр. — Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф І [1848—1916].
Літ.:
Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.
т. 4, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯУ́РАЎ Нікалай
(н. 13.9.1929, г. Велінград, Балгарыя),
балгарскі спявак (бас); адзін з буйнейшых сучасных оперных спевакоў. Нар. арт. Балгарыі (1962). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Сафійскай, Ленінградскай і Маскоўскай (скончыў у 1955) кансерваторыях. Спяваў у Сафійскай нар. оперы (з 1956), у Вял. т-ры ў Маскве (1957—58), у Венскай, Парыжскай операх, Балонскім оперным т-ры. З 1961 саліст т-ра «Ла Скала». Асаблівае месца ў яго творчасці займае італьян. і рус. оперны рэпертуар. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно; «Мефістофель» А.Бойта), Даланд («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Гран пры Міжнар. конкурсу спевакоў у Парыжы (1955) і Франц. акадэміі грампласцінак імя Ш.Кро (1972). Дзімітроўская прэмія 1959, 1966.
Літ.:
Абаджиев А. Николай Гяуров. М., 1984;
Бикс Р. Н.Гяуров в големия театьр на идеите. София, 1985.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГУ́НДЫЯ
(Bourgogne),
гістарычная вобласць у Францыі, у бас. р. Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р. Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн. індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн. трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюр-Кур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.
У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст. б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх. ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры |1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).
т. 3, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)