ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.

На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.​Потэс, А.​Мінянок, Дз.​Яскевіч, М.​Амяльянчык, Ю.​Грамыка, А.​Паўлава, А.​Надзін і інш. Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТАЦЫКЛЕ́ТНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы ў яздзе на дарожных і спартыўных матацыклах; адзін з тэхн. відаў спорту. Праводзяцца для кожнага класа матацыклаў асобна. Уключае: шашэйныя лінейныя гонкі; шашэйна-кальцавыя гонкі па кальцавой трасе даўж. 3—4 км; мотакрос — гонкі па перасечанай мясцовасці па замкнёнай кальцавой трасе даўж. 1,5—2,5 км; матацыклетнае мнагабор’е — шматдзённыя спаборніцтвы па дарогах і бездарожжы; трэкавыя гонкі (спідвей) па гаравай або ледзяной дарожках стадыёна; іпадромныя гонкі па земляной дарожцы; фігурнае ваджэнне на пляцоўцы, абсталяванай штучнымі перашкодамі; заезды на ўстанаўленне рэкордаў; мотаралі. Да М.с. адносяць таксама мотабол, мотаарыентаванне. М.с. найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Чэхіі, Швецыі і інш. Міжнар. федэрацыя мотаспорту (ФІМ) заснавана ў 1904.

Першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі матацыклы (разам з аўтамабілямі), адбыліся ў 1895 (Францыя). Упершыню шашэйная гонка праведзена ў 1907 у Вялікабрытаніі. там жа ў 1913 — спаборніцтвы па мотамнагабор’і; у 1907 у Паўд. Афрыцы — трэкавыя гонкі па гаравай дарожцы. З пач. 1920-х г. арганізаваны іпадромныя і з 1930-х г. — трэкавыя гонкі на лёдзе. Першыя афіц. мотагонкі ў Расіі адбыліся ў 1898, у СССР — у 1924. Чэмпіянаты свету праводзяцца: па мнагабор’і (з 1913), шашэйна-кальцавых гонках (1948), мотакросу (1957), па трэкавых гонках (1949 — гаравая і 1966 — ледзяная дарожкі).

На Беларусі М.с. пашыраны з 1930. Федэрацыя мотаспорту, мотакросу і велакросу Беларусі існуе з 1992, Федэрацыя матацыклістаў Беларусі — з 1997. Спартсмены Беларусі — чэмпіёны СССР — Э.​Лявонаў (1960), А.​Лук’янчык (1963), Л.​Варановіч (1964), Г.​Гладкі (1970). Праводзяцца чэмпіянаты Беларусі, мотакросы на прызы імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.​І.​Грыцаўца, Герояў Савецкага Саюза Дз.​І.​Гарбунова, М.​Ф.​Гастэлы, К.​С.​Заслонава, Дз.​М.​Карбышава, М.​П.​Шмырова і інш.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)