ІААХІМСТА́ЛЕР (ням. Ioachimstaler),

першы талер, эмісія якога адкрыта ў 1518 баронамі Шлік у г. Іаахімсталь (Багемія) з мясц. пакладаў серабра. Маса 29,5 г. На аверсе выява т. зв. чэшскага (багемскага) льва, на рэверсе — фігура св. Іаахіма ў анфас.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕКЕ́Н (франц. mannequin ад галанд. mannekijn чалавек),

1) фігура ў выглядзе тулава чалавека, якая служыць для прымеркі і паказу адзення, напр., у атэлье.

2) Лялька з рухомымі рукамі і нагамі, якая выкарыстоўваецца мастакамі для зарысоўкі розных поз чалавека, адзення і інш.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІМА́ЦЫЯ,

стылістычная фігура ў паэтыцы, спалучэнне слоў з аднолькавым коранем, але неаднолькавых паводле граматычнай катэгорыі. Прыклад выкарыстання аманімацыі, падпарадкаванай маст. задуме, у вершы Я.​Купалы «У купальскую ноч»: «Цемра з нетрай скача скокі...», «Так шукае, лазіць лазам...», «Кветкі пільна я пільную» // На замкоў замкнёна сорак...».

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕНГЕ́РКА»,

гарадскі бытавы танец. Створаны ў канцы 19 ст. ў Расіі на аснове венг. нар. танца чардаш, у хуткім часе атрымаў вял. пашырэнне. На Беларусі напачатку ўваходзіў у гарадскі, потым у сял. побыт. Выконваецца парамі, характэрная фігура — «венгерскі ключ». Муз. Памер 24, 44. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКАЛУ́Ф (ад грэч. anakoluthos непаслядоўны, няправільны),

стылістычная фігура ў паэтыцы, лагічная ці сінтаксічная няўзгодненасць асобных частак выказвання. Напр.: «Празрыстае — можна каменне злічыць, // Блакітнае — неба ў ім палавіна, // Багатае — рыба лускою блішчыць, // Магутнае — слова ад бацькі і сына» (М.​Лужанін. «Запрашэнне на возера Нарач»). У маст. творы дапамагае індывідуалізаваць мову персанажа, надаць ёй асаблівы каларыт.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГМЕ́НТ (лац. segmentum адрэзак, паласа ад seco рэжу, рассякаю),

1) С. на плоскасці — плоская фігура, якая знаходзіцца паміж крывой і яе хордай. Напр., С. круга — частка круга, абмежаваная дугой ABC і хордай AC.

2) С. у прасторы — частка цела, абмежаваная плоскасцю і кавалкам паверхні, які адсякаецца гэтай плоскасцю.

3) С. — тое, што адрэзак.

Сегмент круга.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ, кут,

фігура ў прасторы, утвораная дзвюма паўплоскасцямі, якія выходзяць з адной прамой, а таксама частка прасторы, абмежаваная гэтымі паўплоскасцямі. Паўплоскасці наз. гранямі Д.в., агульная прамая — рабром. Д.в. вымяраецца лінейным вуглом, г.зн. вуглом α, паміж двума перпендыкулярамі да рабра, што выходзяць з аднаго пункта і ляжаць у розных гранях, ці, інакш, вуглом, утвораным перасячэннем Д.в. плоскасцю, перпендыкулярнай да рабра.

Двухгранны вугал.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУР ((Moore) Генры) (30.7.1898, г. Каслфард, Вялікабрытанія — 31.8.1986),

англійскі скульптар. Вучыўся ў маст. каледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі каледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у маст. школах Чэлсі і Слейда. Чл.-заснавальнік маст. групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933). Зазнаў уплыў стараж. мекс. пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маш і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутр. структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манум.-дэкар. скульптуры: скульпт. групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваен. будням Лондана (1-я пал. 1940-х г.).

Літ.:

Валериус С. Прогрессивная скульптура XX в. М., 1973.

С.​І.​Пракоп’ева.

Г.Мур. Дзве вялікія формы. Бон. Сад Бундэсканцылярыі. 1979.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. amplificatio пашырэнне),

стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.​Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТЭ́ЗА (ад грэч. antithesis процістаўленне) у літаратуры, стылістычная фігура, супастаўленне кантрастных або процілеглых з’яў і паняццяў, якое ўтварае адзінае структурна-лагічнае цэлае. Семантычны кантраст звычайна перадаецца пры дапамозе антонімаў з выкарыстаннем рытмічнага і сінтаксічнага паралелізму (напр., «лепей з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці»). На аснове антытэзы будуюцца і вял. эпічныя творы, што выяўляецца ў іх назвах — «Вайна і мір» Л.​Талстога, «Агонь і снег» І.​Шамякіна.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)