ГУ́БАРАЎ (Валянцін Аляксеевіч) (н. 14.4.1948, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1968), Маскоўскі паліграф. ін-т (1980). З 1974 жыве ў Мінску. З 1980 працуе ў выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (з 1989 гал. мастак), «Белфакс». Валодае яркай самабытнай творчай манерай, якая не ўпісваецца ў рамкі афіц. рэалізму. У творах арганічнае спалучэнне гумару і трагізму, гратэску і сакавітай іроніі: «Францыск Скарына. Вяртанне», «Гульні ў галоснасць», «Прывітанне з Крыма», «Птушыныя трэлі», «Русалка прэснаводная, звычайная» (усе 1990-я г.). Іл. гл. таксама ў арт. Гратэск.

Літ.:

Валентин Губарев: Живопись: [Каталог]. Мн., 1992.

Г.​А.​Фатыхава.

В.Губараў. Русалка прэснаводная, звычайная. 1996.

т. 5, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДО́ВІЧ (Ісак Аронавіч) (4.12.1911, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 5.12.1993),

бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Рэалізмам ва ўвасабленні гіст. тэмы вызначаюцца жывапісныя творы «Курлоўскі расстрэл» (1939), «Партызаны на прывале» (1948), «Паміж баямі» (1965), «Нарачанская быль» (1967), «Першадрукар Францыск Скарына» (1968), псіхалагізмам і жыццёвасцю вобразаў — творы быт. жанру «Карагод» (1937), «Маці» (1954), «Хакеісты» (1975) і інш. Сярод твораў манум.-дэкар. жывапісу размалёўка плафона «Дружба народаў» для Рэсп. т-ра юнага гледача (1955, з І.​Ахрэмчыкам), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з зарубежнымі краінамі (1956, з Ахрэмчыкам).

П.​В.​Масленікаў.

І.Давідовіч. Хакеісты. 1975.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШКЕ́ВІЧ (Віктар Іванавіч) (н. 9.6.1949, в. Сасновы Бор Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літ.-знавец, крытык, тэкстолаг, перакладчык. Канд. філал. н. (1977). Скончыў БДУ (1971). У 1974—78, 1982—90 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1978—82 вучоны сакратар Савета па каардынацыі навук. дзейнасці пры прэзідыуме АН Беларусі. Даследуе гісторыю стараж.-бел. л-ры, лацінамоўную л-ру Беларусі і Літвы 15—18 ст. (манаграфія «Новалацінская паэзія Беларусі і Літвы: Першая палавіна XVI ст.», 1979). Падрыхтаваў да друку паэму М.​Гусоўскага «Песня пра зубра» (1980). Укладальнік зб-ка дакументаў і матэрыялаў «Францыск Скарына» (1988) і аўтар навук. каментарыя да яго.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТВІ́ННІК (Марат Барысавіч) (н. 22.12.1928, Мінск),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1970). Скончыў БДУ (1951). Працаваў ва ўстановах нар. асветы, у 1977—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыю культуры і асветы Беларусі, ролю спадчыны Ф.​Скарыны ў дзейнасці бел. друкароў і выдаўцоў 16—17 ст., гісторыю бел. л-ры, славістыку. Аўтар кніг і артыкулаў пра жыццё і дзейнасць бел. вучоных (М.​М.​Нікольскага, У.​М.​Перцава, Г.​М.​Ліўшыца), адзін з аўтараў кн. «Беларускі асветнік Францыск Скарына і пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве» (1979), «Іван Фёдараў і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне» (1984), аўтар кн. «Адкуль ёсць пайшоў буквар» (1983) і інш.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.​Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.​Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.​Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАНО́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (13.3.1853, в. Вял. Лес Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1901),

філолаг-славіст. Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Магістр філалогіі (1882). У 1886—88 прыват-дацэнт Казанскага ун-та, у 1889—1901 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та. Аўтар прац па літ.-знаўстве, лінгвістыцы, палеагеаграфіі, гісторыі слав. моў: «Меркаванне праасвяшчэннага Парфірыя пра кірыліцу і глаголіцу» (1877), «Нататкі пра славенскую мову XV—XVI ст.» (1878), «Харвацкія летапісы ХV—XVI стст.» (1881), «Помнікі балгарскай народнай творчасці» (1882), «Разгляд дысертацыі П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і інш. Даследаваў сербскія, харвацкія, візант. і інш. помнікі як гіст. крыніцы.

Літ.:

Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЧЫ́НСКІ (Вітольд Феліксавіч) (н. 30.4.1922, Масква),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Варонежскае тэатр. вучылішча (1942). Працаваў у т-рах Варонежа і Нальчыка. У 1950—54 у Брэсцкім абл. драм. т-ры імя ЛКСМБ, у 1955—56 і 1958—82 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выконваў характарныя і камед. ролі, у якіх дакладная псіхал. характарыстыка спалучалася з яркай тэатр. формай: Мошкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Альховік, Іахім («Трывога» і «Францыск Скарына» А.​Петрашкевіча), Тузенбах («Тры сястры» А.​Чэхава), Андрэй («У добры час!» В.​Розава), О’Крэдзі («Дыпламат» С.​Алёшына), Радзівон Мікалаевіч, Баляснікаў («Старамодная камедыя», «Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Платон Ангел («Дзікі Ангел» А.​Каламійца) і інш.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́НЧАНКА (Георгій Якаўлевіч) (н. 28.2.1937, г. Петразаводск, Карэлія),

бел. гісторык-медыявіст, кнігазнавец. Канд. гіст. н. (1965). Скончыў БДУ (1960). З 1965 ст. выкладчык БДУ, з 1968 ст. навук. супрацоўнік, з 1991 заг. аддзела спец. гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследуе пытанні крыніцазнаўства, гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыка-культурныя працэсы, гісторыю царк.-рэліг. і этнічных адносін, кнігадрукавання на Беларусі ў 16—18 ст., гістарыяграфію скарыназнаўства. Навук. кансультант факсімільнага 3-томнага выдання Бібліі Ф.​Скарыны. Дзярж. прэмія Беларусі (1994).

Тв.:

Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989;

Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;

«Календарь» Франциска Скорины // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976;

Новое о Франциске Скорине // Проблемы рукописной и печатной книги. М., 1976.

т. 4, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯЦКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (н. 25.9.1946, с. Каменскі Хутар Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1978 на Камбінаце мастацтваў у Гомелі. Працуе ў манум. і дэкар. прыкладным мастацтве, пераважна ў галіне керамікі. Аўтар манум. пано «Вясна» (1984) у цэнтр. паліклініцы, «Праца», «Свята» (абодва 1985) у Палацы культуры «Гомсельмаша», размалёвак у прафес.-тэхн. вучылішчы № 67 (1986; усе ў Гомелі) і інш. Станковыя работы вызначаюцца пластычнай выразнасцю форм, імкненнем да выяўлення натуральнай прыгажосці матэрыялу: дэкар. наборы «Беларусіка» (1977), «Сялянскі» (1978), «Вячэрні» (1981), вазы «Вясенняе абуджэнне» (1975), «Лета» (1982), дэкар. пластыка «Памяць народная» і «Свята на сяле» (1978), «Сельскія эцюды» (1980), «Успаміны пра дзяцінства» (1985), дэкар. скульптура «Маці Палесся» (1980), «Мая Беларусь» (1989), «Францыск Скарына» (1990) і інш.

Т.​В.​Пешына.

М.Кляцкоў. Палескія матывы. 1992.

т. 8, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БНАЎ (Генадзь Фёдаравіч) (н. 9.5.1945, в. Цяляткава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

рускі паэт, перакладчык, крытык, публіцыст. Скончыў Магілёўскі Маскоўскі ун-т (1972). Працаваў на Бел. радыё. З 1975 у час. «Неман» (з 1984 нам. гал. рэдактара). Друкуецца з 1965. Побыт вёскі, унутр. свет вяскоўца, яго думкі і імкненні, роздум над жыццём, узаемадачыненнямі чалавека і прыроды, грамадства, гісторыі — гал. тэмы паэт. зб-каў «Сувязная нітка» (1975), «Жытнёвы поўдзень» (1978), «Вяшчун-камень» (1987). Лірыка-філас. паэма-фантазія «Вяшчун-камень» перадае пачуцці любові аўтара да роднай зямлі, яднання з мінулым і сучаснасцю. Аўтар эсэ, крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Пераклаў на рус. мову раманы «Янка Купала» (1982) і «Францыск Скарына» (1989) А.​Лойкі, «Першую кнігу» (1984) І.​Мележа, паасобныя творы Я.​Купалы, Р.​Барадуліна, А.​Вялюгіна, В.​Зуёнка, К.​Камейшы, Ю.​Свіркі, І.​Шамякіна і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)