Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВЫ́ ГУК,
асаблівага роду ваганні, якія могуць распаўсюджвацца ў квантавых фермі-вадкасцях (напр., у вадкім геліі-3) пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Абумоўлены адхіленнем ад раўнаважнага значэння функцыі размеркавання элементарных узбурэнняў (квазічасціц), якія існуюць у фермі-вадкасці. Скорасць распаўсюджвання Н.г. адрозніваецца ад скорасці звычайнага гуку. Прадказаны Л.Д.Ландау (1957), эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі (1966). Н.г. можа існаваць таксама ў металах, электроны якіх утвараюць зараджаную фермі-вадкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
раздзел статыстычнай фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці сістэм тоесных мікрачасціц. Дала магчымасць тлумачыць многія фіз. з’явы, якія з пункту гледжання класічнай фізікі нельга было тлумачыць, напр., Планка закон выпрамянення абсалютна чорнага цела, электраправоднасць, цеплаёмістасць цвёрдых цел, звышцякучасць, звышправоднасць.
З квантавай механікі вынікае, што энергія такой сістэмы мае дыскрэтныя значэнні, а хвалевыя функцыі, якія апісваюць розныя станы сістэмы мікрачасціц сіметрычныя (гл.Бозе—Эйнштэйна статыстыка) або антысіметрычныя (гл.Фермі—Дзірака статыстыка) адносна перастановак часціц. В.Паўлі даказаў, што тып К.с. вызначаецца спінам часціц: часціцы з паўцэлым спінам (напр., электроны, нейтрына, пратоны) падпарадкоўваюцца К.с. Фермі—Дзірака (ферміёны), з цэлым спінам (напр., фатоны, альфа-часціцы) — Бозе—Эйнштэйна (базоны). Пры высокіх т-рах квантавыя эфекты неістотныя і формулы размеркавання часціц (пры адсутнасці знешніх палёў) пераходзяць у класічнае Максвела размеркаванне. Пры дастаткова нізкіх т-рах амаль усе ніжнія станы ферміёнаў будуць запоўненымі (выраджаны фермі-газ); базоны пры гэтых умовах імкнуцца перайсці ў стан з нулявым імпульсам (Бозе—Эйнштэйна кандэнсацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
вадкасць, уласцівасці якой вызначаюцца квантавымі эфектамі (захоўваннем вадкага стану да абс. нуля т-ры, звышцякучасцю і інш.). З рэальных вадкасцей толькі ізатопы гелію (3He і 4He) маюць уласцівасці К.в., якія адкрыты і даследаваны Л.Капіцай у 1938 для вадкага 4He.
Пры нізкіх т-рах К.в. можна разглядаць як сукупнасць неўзаемадзейных элементарных узбуджэнняў (квазічасціц) з пэўнай залежнасцю энергіі ад імпульсу. У адпаведнасці з цэлым ці паўцэлым значэннем спіна адрозніваюць бозе-вадкасці (напр., вадкі 4He, атамы якога маюць спін, роўны 0) і фермі-вадкасці (вадкі 3He, спін 1/2). Уласцівасці фермі-вадкасці маюць электроны праводнасці ў нармальных (незвышправодных) металах і ядз. матэрыя ў нейтронных зорках (пульсарах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІРА́К ((Dirac) Поль Адрыен Марыс) (8.8.1902, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 20.10.1984),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і квантавай тэорыі поля. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930), замежны чл.АНСССР (1931). Скончыў Брыстольскі (1921) і Кембрыджскі (1926) ун-ты. У 1932—69 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1971 праф. ун-та штата Фларыда (ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі электрычных часціц і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў матэм. апарат квантавай механікі — тэорыю пераўтварэнняў, прапанаваў метад другаснага квантавання (1926—27). Незалежна ад Э.Фермі ў 1926 распрацаваў статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл.Фермі—Дзірака статыстыка), разам з В.Гайзенбергам адкрыў абменнае ўзаемадзеянне (1928). Развіў рэлятывісцкую тэорыю руху электрона (гл.Дзірака ўраўненне) і прадказаў існаванне пазітрона (1928). Выказаў гіпотэзы аб існаванні элементарнага магн. зараду (1931) і антырэчыва (1933). Нобелеўская прэмія 1933 (разам з Э.Шродынгерам).
Тв.:
Рус.пер. — Лекции по квантовой теории поля. М., 1971;
Общая теория относительности. М., 1978;
Принципы квантовой механики. М., 1979.
Літ.:
Поль Дирак и физика XX века: Сб. науч. тр.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁПЕРТ-МА́ЕР ((Goeppert-Mayer) Марыя) (28.6.1906, г. Катавіцы, Польшча — 20.2.1972),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Амер.АН і мастацтваў (1956). Скончыла Гётынгенскі ун-т (1930). З 1931 у розных ун-тах ЗША, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў імя Э.Фермі, з 1960 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай і статыстычнай механіцы, тэорыі крышталічнай рашоткі і фіз. хіміі. Прадказала двухфатоннае паглынанне святла (1931) і падвойны бэта-распад (1935). Незалежна ад Г.Енсена прапанавала абалонкавую мадэль атамнага ядра. Нобелеўская прэмія 1963.