МО́МАНТ у тэорыі імавернасцей, адна з лікавых характарыстык размеркавання імавернасцей выпадковай велічыні. Па вядомых М. размеркавання робяцца высновы аб імавернасцях адхілення выпадковай велічыні ад яе матэматычнага чакання. Для дыскрэтнай выпадковай велічыні X, якая прымае значэнні x1, x2 ... з імавернасцямі p1, p2, ..., М. парадку k вызначаецца па формуле E Xk = ∑ i=1 ∞ x i k p i (для неперарыўнай выпадковай велічыні сума замяняецца адпаведным інтэгралам). М. 1-га парадку наз. матэм. чаканнем. Велічыня E ( X − a ) k — М. парадку k адносна a, E ( X − EX ) k — цэнтральным М. парадку k. Цэнтр. М. 2-га парадку E ( X − EX ) 2 — дысперсіяй (па падобнай формуле вылічваецца таксама момант інерцыі ў механіцы). Задача вызначэння размеркавання імавернасцей паслядоўнасцю яго М. наз. праблемай момантаў. Такая задача разглядалася П.Л.Чабышовым у даследаваннях па лімітавых тэарэмах тэорыі імавернасцей.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮС І ПАЛА́РА,

спалучаныя пункт і прамая, якія характарызуюць уласцівасці ліній 2-га парадку.

Калі пункт P і прамая Q1Q2 размешчаны адносна крывой 2-га парадку L так, што для адвольнага пункта Q выконваецца роўнасць M2Q/QM1 = M2P/PM1 (гарманічнае размяшчэнне пунктаў M1, M2, P, Q), то пункт P наз. полюсам, а прамая Q1Q2 — яго палярай. Паляра пункта, што знаходзіцца на лініі L, супадае з датычнай у гэтым пункце. Аналагічна вызначаюцца полюсы і палярныя плоскасці для паверхняў 2-га парадку. П. і п. выкарыстоўваюцца ў праектыўнай геаметрыі.

Да арт. Полюс і паляра.

т. 12, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНА́Я СІСТЭ́МА,

сукупнасць усіх рэк у межах пэўнага рачнога басейна, што зліваюцца разам і выносяць свае воды з гэтай тэрыторыі ў выглядзе агульнага патоку (галоўнай ракі) у мора або возера; частка гідраграфічнай сеткі. У гал. раку ўпадаюць прытокі 1-га парадку, у іх — прытокі 2-га парадку і г.д. Адзін з важных паказчыкаў Р.с. — гушчыня рачной сеткі.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. instructio настаўленне),

1) юрыдычны падзаконны акт, які выдаецца з мэтай растлумачэння і вызначэння парадку ўжывання закону або інш. нарматыўнага акта. У Рэспубліцы Беларусь выдаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі, ведамствамі. Найважнейшыя з іх зацвярджаюцца ўрадам, некаторыя — мін-вамі і ведамствамі разам з кіраўніцтвам прафсаюзаў.

2) Указанні тэхн. парадку (правілы карыстання якім-н. механізмам, спосабы выканання тэхнал. аперацый і інш.).

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНДА́НЦКІ ЧАС,

надзвычайная мера, якая забараняе жыхарам дадзенага населенага пункта з’яўляцца на вуліцах у пэўны час сутак (як правіла, вечарам і ноччу) без асобага дазволу. Звычайна ўводзіцца ва ўмовах ваен. становішча з мэтай аховы парадку, папярэджання магчымай дыверсійнай, разведвальнай або інш. варожай дзейнасці супраць войск ці аб’ектаў, якія маюць ваен. або прамысл. значэнне. Для падтрымання парадку ў перыяд К.ч. вылучаюцца спец. ваен. падраздзяленні.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ ў геаметрыі,

траекторыя руху пункта; адно з асн. геаметрычных паняццяў. Задаецца каардынатамі рухомага пункта, якія залежаць ад часу ці ад інш. параметра. Функцыі, якія апісваюць рух пункта, павінны задавальняць некат. патрабаванні: неперарыўнасці, дыферэнцавальнасці і інш.

У аналітычнай геаметрыі Л. на плоскасці — сукупнасць пунктаў, каардынаты якіх задавальняюць ураўн. x=φ(t), y=ψ(t), дзе φ(t), ψ(t) — неперарыўныя функцыі. Алг. ўраўненне F(x, y) = O, дзе F(x, y) — мнагачлен n-й ступені адносна x, y, таксама вызначае Л. на плоскасці. Гэта т.зв. алг. Л. n-га парадку; яны класіфікуюцца паводле ступені ўраўнення F(x, y) = O, напр., Л. 1-га парадку — прамая Л., 2-га парадку — канічныя сячэнні, 4-га парадку — кардыёіда, лемніската, канхоіда. Прыклады неалг. Л. — графікі трыганаметрычных функцый, лагарыфмічнай функцыі, паказальнай функцыі і інш. Л. ў прасторы часта вызначаецца перасячэннем 2 паверхняў, кожная з якіх задаецца адным ураўненнем адносна трох пераменных. Найб. агульнае вызначэнне Л. (крывой) прапанаваў рас. матэматык П.​С.​Урысон.

Літ.:

Савелов А.А. Плоские кривые. М., 1960;

Гусак А.А., Гусак Г.М. Линии и поверхности. Мн., 1985.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА ГРАМАДЗЯ́НСКІХ ПРАВО́Ў,

у цывільным праве сукупнасць дзеянняў па ахове законных маёмасных і асабістых немаёмасных правоў грамадзян. Ажыццяўляецца ва ўстаноўленым судом парадку праз: прызнанне гэтых правоў; аднаўленне становішча, якое існавала да парушэння права і спынення дзеянняў, што парушаюць права; прысуджэнне да выканання абавязацельства ў натуры; спыненне або змену праваадносін; спагнанне з асобы, якая парушыла права, нанесеных страт, няўстойкі, а таксама інш. законныя спосабы. У выпадках, асобна прадугледжаных законам, можа ажыццяўляцца ў адм. парадку.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСТКО́ВАЯ ВЫТВО́РНАЯ,

паняцце дыферэнцыяльнага злічэння, якое характарызуе скорасць змены функцыі некалькіх пераменных пры зменах толькі аднаго аргумента.

Для функцыі u = 𝑓(x1, x2, ..., xn) Ч.в. 1-га парадку (першая Ч.в.) па адным з аргументаў вызначаецца як звычайная вытворная пры ўмове, што астатнія аргументы захоўваюць пастаянныя значэнні. Вызначаныя такім чынам першыя Ч.в. як функцыі тых жа аргументаў могуць у сваю чаргу мець Ч.в., якія ў дачыненні да зыходнай функцыі наз. Ч.в. 2-ra і г.д. парадку.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭ́СТ (ад лац. protestari публічна даказваць),

1) рашучае пярэчанне супраць чаго-н., заява пра нязгоду з чым-н.

2) У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых інш. краін адна з форм ажыццяўлення пракурорскага нагляду. Заключаецца ў матываваным пярэчанні пракурора супраць суд. або кіраўніцкага акта. Адрозніваюць П.: у парадку агульнага нагляду (на акт органа кіравання, які супярэчыць заканадаўству); касацыйны (на прыгавор або рашэнне суда, які яшчэ не набыў законнай сілы); прыватны (на вызначэнне суда, што не набыло законнай сілы). Прадугледжваецца таксама П. у парадку нагляду на рашэнне ці прыгавор суда, якія набылі законную сілу. Звычайна падаецца ў пісьмовай форме.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСТАНО́ЎКА, з n элементаў,

размяшчэнне гэтых элементаў у якім-н. парадку. Усяго існуе n! = 1∙2∙3∙ ... ∙n розных П. Гл. таксама Камбінаторны аналіз.

т. 12, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)