участак берага ракі і прылеглай воднай плошчы (акваторыі), ахаваны ад хваль і абсталяваны для стаянкі і абслугоўвання суднаў. Будуюцца на рэках з ваганнем узроўню вады больш за 15 м. Гл. таксама Порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЦАВЫ БЕ́РАГ, Малагета,
участак узбярэжжа Атлантычнага ак. ў Афрыцы, у Ліберыі, паміж мысамі Мезурада і Пальмас. Нізінны, плоскі, лагуннага тыпу. Пераважаюць вільготныя экватарыяльныя лясы і мангравыя зараснікі. Назва ад гвінейскага перцу (малагеты), які вывозіўся адсюль у мінулым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫС,
участак сушы, які ўдаецца ў мора, возера або раку. Устойлівыя М. звычайна складзены з карэнных парод. М. нізкіх участкаў сушы з’яўляюцца канцавой часткай акумулятыўных берагавых форм. Англ. аналаг М. — кейп часам служыць састаўной часткай геагр. назваў (напр., г. Кейптаўн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАТО́РЫЯ [ад аква... + (тэры)торыя],
участак прасторы мора, возера, ракі ў натуральных, штучных або ўмоўных межах; звычайна водная частка марскога порта — гавань. Акваторыя порта ўключае водныя падыходы, рэйд, унутр. гавань або басейны з прычальнымі збудаваннямі, дзе адбываецца разгрузка і пагрузка суднаў. Бываюць акваторыі гідрааэрадромаў, марскіх палігонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎВО́СТРАЎ,
участак сушы, які рэзка і далёка выдаецца ад краю мацерыка або вострава ў мора. Большасць П. — прамы працяг мацерыка (Апенінскі, Малая Азія, Лабрадор). Некаторыя П. раней былі астравамі, а затым далучыліся да мацерыкоў (Індастан, Камчатка, Крымскі, Фларыда). Самы вялікі П. Зямлі — Аравійскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫ АДВО́Д,
участак зямлі, які аддаецца ў карыстанне фізічным і юрыдычным асобам з пэўным мэтавым прызначэннем — ва ўласнасць, уладанне ці карыстанне, у т. л. ў арэнду. У Рэспубліцы Беларусь адвод зямлі праводзіцца дзяржавай. Землекарыстальнікі абавязаны забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне зямлі, якое адпавядае патрабаванням аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНАЯ АНАМА́ЛІЯ,
участак зямной кары або паверхні Зямлі, які значна адрозніваецца ад сумежных канцэнтрацыяй некат. хім. элементаў або іх злучэнняў. Заканамерна звязаны з пакладамі карысных выкапняў і геал. будовай тэрыторыі. Вылучаюцца анамаліі канцэнтрацыі гелію, газападобных вуглевадародаў, медзі, нікелю, цынку і інш. Геахімічныя анамаліі служаць пошукавай прыкметай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),
участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.Жакобам і Ж.Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.
Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.
Да арт.Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл.Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.
П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл.Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.
Літ.:
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;
Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;
Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.
І.І.Леановіч.
Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЕ́Н (Belem),
горад на Пн Бразіліі. Адм. ц. штата Пара. Засн. ў 1616. 1246,4 тыс.ж. (1991). Марскі порт у вусці р. Пара (дэльта Амазонкі). Міжнар. аэрапорт. Дрэваапр., харч.прам-сць. Суднаверф. Ун-т. Музей. Муніцыпальны парк (участак сапраўднага трапічнага лесу ўнутры горада). Арх. помнікі 17—18 ст.