АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,

водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).

Выкарыстанне архімедавага вінта для перамяшчэння вады: 1 — труба; 2 — архімедаў вінт; 3 — ветравы рухавік.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЛЕ́Я ПРЫ́НЦЫП АДНО́СНАСЦІ,

прынцып класічнай механікі, які сцвярджае, што пры аднолькавых пач. умовах усе мех. працэсы адбываюцца аднолькава ва ўсіх інерцыяльных сістэмах адліку (ІСА). Гэты прынцып, устаноўлены Г.Галілеем у 1636, адлюстроўвае адноснасць мех. руху і эквівалентнасць усіх ІСА. Матэматычна Галілея прынцып адноснасці выражае інварыянтнасць (нязменнасць) ураўненняў механікі адносна Галілея пераўтварэнняў. Пры скорасцях руху, блізкіх да скорасці святла ў вакууме, Галілея прынцып адноснасці замяняецца адноснасці прынцыпам Эйнштэйна.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РЭЖЫ́М,

прынцып, што ўжываецца ў міжнар. дагаворах, паводле якога юрыд. і фіз. асобам адной дагаворнай дзяржавы даюцца на тэрыторыі другой дагаворнай дзяржавы такія ж правы, ільготы і перавагі, што і яго ўласным юрыд. і фіз. асобам. Можа быць устаноўлены ў заканадаўстве асобных дзяржаў. Напр., ветэраны Вял. Айч. вайны карыстаюцца сваімі правамі на тэрыторыі краін СНД, незалежна ад таго, грамадзянамі якой з гэтых краін яны з’яўляюцца.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,

закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I​2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл. Пойнтынга вектар).

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЕВАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

разнастайнасць цывільнай адказнасці пры наяўнасці ў абавязацельстве некалькіх даўжнікоў. Паводле агульнага правіла, замацаванага цывільным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, такое абавязацельства лічыцца долевым, прычым кожны з даўжнікоў абавязаны выканаць яго ў роўнай долі. У законе або ў дагаворы могуць быць устаноўлены інш. суадносіны памераў Д.а. Калі з закону або з дагавора іх не вынікае, дзейнічае прэзумпцыя роўнасці долей пры адказнасці кожнага з садаўжнікоў перад крэдыторам. Гл. таксама Салідарная адказнасць, Субсідыярная адказнасць.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Пабудаваны ў 1824 у г. Браслаў (Віцебскай вобл.) каля стараж. замчышча. Пры перабудове ў 1897 выкарыстаны ўчасткі сцен, якія захавалі ўзорыстую каменную муроўку — т.зв. «разынкавую». Змураваны з бутавага каменю і чырв. цэглы. Трохнефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм, накрыты 2-схільным дахам, трох’ярусная вежа завершана шатром. Элементы дэкору: пінаклі, стральчаты партал увахода з вімпергам (над ім — трыфорыум), аркатура. Твор разьбярскага мастацтва — амбон. На хорах устаноўлены арган.

Браслаўскі касцёл.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎТГАЎЗЕН (Mauthausen),

нямецка-фашысцкі канцэнтрацыйны лагер каля г. Маўтгаўзен (Аўстрыя) у жн. 1938—45. Засн. як філіял канцлагера Дахау, з сак. 1939 самаст. лагер. Да мая 1945 тут зняволена каля 335 тыс. чал., забіта 120 тыс. чал. У лагеры дзейнічала падп. інтэрнац. арг-цыя супраціўлення, якая 5—7.5.1945 узняла антыфаш. паўстанне. Пасля 2-й сусв. вайны на месцы М. створаны мемарыяльны музей, у 1948 устаноўлены помнік закатаванаму тут у лют. 1945 Дз.М.Карбышаву.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ДЗЕНЬ СТУДЭ́НТАЎ,

дзень міжнар. салідарнасці студэнцтва. Устаноўлены ў 1941 у Лондане на міжнар. сустрэчы студэнтаў краін, якія змагаліся з фашызмам. Адзначаецца штогод 17 лістапада. Дата ўзята ў памяць студэнтаў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення: 17.11.1939 многія кіраўнікі Саюза студэнтаў Чэхаславакіі былі арыштаваны ням.-фаш. акупац. ўладамі і расстраляны, больш за тысячу студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ адпраўлены ў канцлагер, многія ВНУ закрыты. Упершыню адзначаны ў 1941. Правядзенню М.д.с. папярэднічае тыдзень барацьбы за мір і дружбу (10—17 лістапада).

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮРДЖА́Н (Акоп Маркаравіч) (17.12.1881, г. Шуша, Нагорны Карабах — 28.12.1948),

армянскі скульптар. Вучыўся ў маст. акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906—10), наведваў майстэрню А.Радэна. Працаваў у Маскве (з 1914), Парыжы (з 1921). Адметнае ў творчасці Гюрджана — своеасаблівае спалучэнне рыс стараж. мастацтва Усходу і тагачасных зах.-еўрап. плыней. Аўтар партрэтаў М.​Горкага (1914), С.​Рахманінава (1915), М.​Сар’яна (1927), статуі «Саламея» (1925), помніка Л.​Талстому ў Парыжы (устаноўлены ў 1955), надмагілляў.

Літ.:

Дрампян Р.Г. А. Гюрджян. Ереван, 1973.

А.Гюрджан. Саламея. Бронза. 1925.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’АЛАМБЕ́РА ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў дынамікі, паводле якога пры далучэнні сіл інерцыі да зададзеных (актыўных) сіл і рэакцый накладзеных сувязей атрымліваецца ўраўнаважаная сістэма сіл. Устаноўлены Ж.Д’аламберам. З Д.п. вынікае, што для кожнага пункта сістэмы Fi + Ni + Ji = 0 , дзе Fi — актыўная сіла, што ўздзейнічае на дадзены пункт, Ni — рэакцыя накладзенай сувязі (гл. Сувязі механічныя), Ji — сіла інерцыі. Д.п. дазваляе выкарыстаць метады статыкі для рашэння задач дынамікі, напр., для вызначэння рэакцыі сувязей, калі вядомы закон руху.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)